25-га Сакавіка

У Вільні

У 1919 г. палякі акупуюць Заходнюю Беларусь. Ня гледзячы на шматабяцаючую адозву Пілсудзкага да жыхароў быўшага Вялікага Княства Літоўскага, у якой беларусам запэўняліся ўсе нацыянальныя свабоды й вольнасьці, палякі паступова прыступаюць да ліквідацыі беларускіх школ, як пачаткавых, так і сярэдніх. Першай ахвярай пала Беларуская Гімназія ў Будславе, а затым - Беларуская Гімназія ў Горадні й беларускія вучыцельскія сэмінарыі ў Барунах і Сьвіслачы. Даўжэйшы час толькі ўтрымоўваюцца беларускія гімназіі ў Вільні, Клецку, Радашкавічах і Наваградку.

Ня ўсе вучні з масы моладзі з зачыненай беларускай гімназіі ў Будславе пагаджаюцца з прымусовым перарваньнем навукі. Многія з іх шукаюць прадаўжэньня навукі ў іншых сярэдніх школах. Некаторыя трапляюць у Віленскую Беларускую Гімназію ў 1920 г., а сярод іх і пішучы гэтыя радкі. Гімназія гэта тады была аднэй з вялікшых школаў у Вільні. Пад кіраўніцтвам дырэктара Кахановіча і такіх слаўных беларускіх людзей, як А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, а. Адам Станкевіч, І.Краскоўскі й іншых, вучыцца ня толькі беларуская моладзь, але й вялікі працэнт жыдоўскай, якая глядзела на польскую акупацыю, як на нешта часовае, пераходнае. Беларусы-ж былі пэўны, што польская акупацыя будзе зьнесена ўжо хутка й што Вільня станецца другой сталіцай Беларусі. Пад кіраўніцтвам Ураду БНР, які быў тады ў саюзе з Летувой і знаходзіўся ў Коўне, яны рыхтаваліся да паўстаньня супраць палякаў, праводзячы па ўсім краі падпольную арганізацыю "Саюзу Вызваленьня Беларусі".

Сьцяг збройных сілаў БНР
Сьцяг 1-га Слуцкага палка стральцоў збройных сілаў БНР. Ля штандару (зьлева направа): Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая асоба, штабс-капітан Антон Борык. Вільня, 1921 г.

Уся акупаваная тэрыторыя была падзелена на раёны, на чале якіх стаялі камісары БНР і на мясцох арганізавалі сетку сяброў успомненага саюзу. У Вільні ў гэту работу былі ўцягнуты й старэйшыя грамадзяне, і вучні старэйшых клясаў з Беларускай Гімназіі, і слухачы беларускіх вучыцельскіх курсаў. Вялікую дапамогу ў працы нясьлі ўдзельнікі Слуцкага Паўстаньня, якія, пасьля ўпадку яго ў канцы 1920 г., невялічкімі групкамі траплялі ў Вільню й знаходзілі прыпынак і беларускую работу ў Базыльянскіх мурох.

У скляпох апошніх месьцілася тайная друкарня, якая выдавала нелегальныя адозвы й брашуры, а спрытная моладзь пашырала іх па ўсей Заходняй Беларусі й у Вільні, асабліва-ж сярод беларусаў, што трапілі ў польскае войска.

Кальпартаж сярод жаўнераў асабліва быў дагодным, калі яны цэлымі адзьдзеламі прыходзілі ў Сьвятадухаўскую царкву на багаслужбу. Тады вучнёўская моладзь увівалася паміж іх, як пчолы сярод вульлёў, а нехта з вышыні званіцы ветрам рассыпаў зьнянацку афішкі на галовы жаўнерскай масы, лучаючы на мамэнт, калі яна выходзіла з царквы. Роля гэтая найчасьцей прыпадала маладому случчаку Д-не.

Быў тады ў Вільні й асобны беларускі батальён, створаны на падставе паразуменьня беларускіх вайсковых кругоў з Пілсудзкім аб утварэньні асобнага беларускага войска, да арганізацыі якога прыступіла адмыслова створаная Беларуская Вайсковая Камісія. Палякі вельмі хутка прыпынілі рост беларускіх адзьдзелаў, аднак ня сьмелі яшчэ расфармоўваць тых, што існавалі. Батальён гэны браў удзел ува ўсіх беларускіх імпрэзах і жыў тымі-ж настроямі зьнясеньня польскай акупацыі. Пры такіх абставінах прышлося мне ў 1921 г. прыняць удзел у сьвяткаваньні 25-га Сакавіка ў Вільні.

Дзень 25-га Сакавіка быў вольны ад заняткаў як у гімназіі, так і ў існуючых тады васьмёх беларускіх пачатковых школах у Вільні і ўва ўсіх беларускіх установах. Уся гімназія й школы, а таксама грамадзтва й беларускі батальён - праваслаўныя й каталікі, бяз розьніцы - каля дзесятай гадзіны раніцы накіроўваліся на ўрачыстую багаслужбу ў Сьвятадухаўскую праваслаўную царкву, якая была тады катэдральнай, выпаўняючы яе аж па берагі. Ужо сама царква гэта гаварыла аб славе Беларусі, бо пабудавана была ў чэсьць пераможнай бітвы з маскалямі пад Воршай у 1514 г. Урачыстую багаслужбу за Беларусь адпраўляў сам япіскап у асысьце сьватароў, з якіх адзін сказаў узьнёслае патрыятычнае казаньне. На заканчэньне архірэйскі хор сьпяваў "Многая лета".

Пасьля багаслужбы ўсе ўдзельнікі выходзілі з царквы й затрымоўваліся на царкоўнай плошчы. Тут уфармоўваліся гімназія й пачатковыя школы, а таксама беларускі батальён, а за імі й маса грамадзтва й доўгім шнуром маршыравалі па вуліцах Вільні ў касьцёл сьв. Мікалая на беларускую каталіцкую багаслужбу. Абавязковы ўдзел у гэтай багаслужбе быў толькі для каталікоў, але нікому з праваслаўных ня прыходзіла ў галаву астацца ззаду ад уфармаванага маршу. Такім чынам па вуліцах Вільні адбывалася беларуская нацыянальная дэманстрацыя.

У касьцеле служыў ксёндз Адам Станкевіч з удзелам беларускага касьцельнага хору, які цудоўнай песьняй "Божа, што калісь народы" ўзварушваў да глыбіні душы кожнага беларуса. Казаньне айца Станкевіча, ведамага са свайго красамоўства, пакідала незабыўнае ўражаньне аб вялікім дні абвешчаньня незалежнасьці Беларусі.

Па каталіцкай багаслужбе ўсе ў камплеце й узорным парадку вярталіся ў Базыльянскія муры, дзе месьцілася беларуская гімназія, у залі якой адбывалася ўрачыстая акадэмія. Галоўную ролю тут гуляла вучнёўская моладзь. Акадэмію адчыніў дырэктар гімназіі. Гаварыліся прывітаньні для моладзі й дзяцей ад розных беларускіх арганізацыяў і інстытуцыяў, а вучні ім адказвалі. Гімназіяльны хор сьпяваў беларускія песьні, пераплятаныя дэклямацыямі сваіх сяброў. Урачысты й патрыятычны настрой дайшоў да свайго зэніту й закончыўся магутным гімнам "Не пагаснуць зоркі ў небе". Вучнёўскай моладзі абвяшчалася аб вечарыне на вечар і аб тым, што старэйшыя клясы могуць выслаць свае дэлегацыі на вялікі канцэрт у Беларускім Клюбе.

Беларускі Клюб месьціўся на Біскупскай вуліцы каля Катэдральнай плошчы. Займаў ён цэлы паверх вялікага дому й апрача некалькіх пакояў, меў вялікую канцэртную залю. Ужо тады ў Вільні назоў "Беларуская Хатка" выйшаў з моды. Лічылі, што назоў гэты здрабняў веліч беларускай інстытуцыі. Беларускі Клюб у Вільні быў рэпрэзэнтацыйнай арганізацыяй і для сваіх, і для чужынцаў. Там можна было спаткацца ў вольны вячэрні час з паважным беларускім грамадзтвам, прагледзіць рознамоўныя часопісы, знайсьці добрую кніжку, пачуць розныя навіны, паслухаць добры канцэрт ці пабачыць беларускую п'есу, пагуляць у більярд ці шахматы і ўрэшце выпіць і смачна зьесьці. Клюб гэты лічыўся добрым месцам ня толькі ў беларусаў, але і ў рознанацыянальнай віленскай інтэлігенцыі - польскай, летувіскай, расейскай ці нават жыдоўскай.

Зразумелая рэч, што ў дзень беларускага нацыяналнага сьвята ў Беларускім Клюбе адбывалася вялікая ўрачыстасьць з удзелам віленскай сьмятанкі.

Акадэмію адчыняў старшыня клюбу, прамаўлялі чаловыя беларускія дзеячы, за чым сыпаліся прывітаньні прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў: летувісаў, жыдоў, украінцаў і нават палякаў - звычайна прадстаўнікоў паступовых палітычных польскіх груп. Канцэртны адзьдзел быў багаты й высокамастацкі. Рэй вадзілі ў ім знаныя нашыя артысты - сьв. пам. Францішак Аляхновіч, Пракулевічыха й сьпявачка Ганна Д., чаргуючыся з хорам дзядзькі Грыневіча.

Вечар канчаўся гучным банкетам, на якім беларускае грамадзтва прыймала сваіх прыяцеляў, прадстаўнікоў іншых народаў. Лік удзельнікаў тут ужо быў абмежаны спэцыяльнымі запросінамі й складчынамі, аднак ён далёка перавышаў сотню. Зразумелая рэч, што вучням на банкет нельга было дастацца, таму аб прабегу яго я нічога не магу сказаць. Разам з іншымі школьнымі сябрамі, мы трапілі яшчэ на заканчэньне вучнёўскай вечарыны, дзе аж да поўначы моладзь выбівала свае такты, памятаючы, што да наступнага нацыянальнага сьвята трэба будзе чакаць цэлы год.

Сьвяткаваньне 25-га сакавіка ў Вільні пад польскай акупацыяй адбывалася з нязьменным уздымам штогод, ня гледячы на стала ўзрастаючы ўціск з боку польскай улады. Мяняліся арганізацыйныя формы й людзі ў сувязі з прымусовай ліквідацыяй беларускіх установаў, аднак лік удзельнікаў сьвяткаваньняў ня толькі не памяншаўся, але нават стала ўзрастаў. На месца пасаджаных у вастрог ці выгнаных з краю, прыходзіла новая хваля людзей з палеткаў, займала месца выбыўшых і цягнула далей даўно распачатую справу, вялікую справу 25-га Сакавіка.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.