25-га Сакавіка

У Празе

Нялічная беларуская эміграцыя, што, пасьля падзелу Беларусі акупантамі Рыскім трактатам, змушана была пакінуць родныя межы, шукала натхненьня, узмацаваньня сіл у Акце 25-га Сакавіка. Таму тым больш старанна й шчыра арганізавала сьвяткаваньне гэтага нацыянальнага сьвята незалежна ад таго, дзе яна знайшлася: у Коўне, у Бэрліне ці чэскай Празе. Глыбока ўрэзалася ў маю памяць сьвяткаваньне 25-га Сакавіка ў 1923 г. ў Празе, дзе знайшоў сабе прыпынак урад БНР з прэзыдэнтам Крэчэўскім на чале, цэлы сьцяг выдатных беларускіх палітычных дзеячоў, якія ўтварылі Беларускую Нацыянальную Раду ў Празе. Да іх далучылася шматлікая беларуская студэнцкая грамада, бальшыня з якой прадстаўляла нешта нячуванае ў сьвеце: акадэмічную эміграцію, г.зн. студэнтаў з-пад польскай акупацыі, перад якімі былі зачынены дзьверы польскіх унівэрсытэтаў, не выключаючы й краёвага - Віленскага, дзеля таго толькі, што яны не хацелі зрачыся сваей беларускай нацыянальнасьці.

Беларускія эсэры ў Празе
Фракцыя партыі беларускіх эсэраў на Першай агульнанацыянальнай палітычнай канферэнцыі. Прага-Чэская, верасень 1921 г.

Прага нуртавала тады буйным палітычным і культурным міжнародным жыцьцём. Сыйшліся там тысячы эмігрантаў з Савецкага Саюзу - расейцаў, украінцаў, беларусаў, каўказцаў, беларусы й украінцы з Польшчы ды маса студэнтаў з новапаўсталых балтыцкіх і прыдунайскіх дзяржаваў, якіх прыцягваў слаўны праскі ўнівэрсытэт і вялізарная палітэхніка. Сярод паняволеных бальшавікамі нацыянальнасьцяў існавала салідарнасьць і поўнае ўзаемнае зразуменьне. І тут быў супольны праціўнік: расейская чарнасоценная эміграцыя, да якой у міжнародных імпрэзах далучаўся польскі голас. Таму, дзеля выяўленьня большай сілы, было створана аб'еднаньне студэнцкіх арганізацыяў Усходняй Эўропы, якое ў міжнародным студэнцкім жыцьці выступала адзіным фронтам і выдавала свой часапіс на французкай мове "L'Orient Libre" (Вольны Ўсход). Усякая-ж нацыянальная імпрэза народнасьці, што была сябрам успомненага аб'еднаньня, падтрымоўвалася іншымі сябрамі - нацыянальнымі студэнцкімі арганізацыямі, дзеля ўзаемнага пазнаньня й салідарнасьці. Таму, калі, для прыкладу, беларусы арганізавалі сваё сьвята, то на яго йшлі, апрача сваіх, і ўкраінцы, і грузіны, і армяне ці іншыя каўказцы, а таксама прадстаўнікі летувісаў ці іншых балтаў і ўсе яны, цягнулі сваіх знаёмых чэхаў, славакаў, харватаў, славэнцаў, баўгараў і мадзяраў, уважаючы, што такім чынам робяць супольную справу ў барацьбе з расейскім імпэрыялізмам. Адносілася ўражаньне, што кожны сукцэс, кожная здобыча аднэй нацыянальнасьці - выклікала задаваленьне, радасьць у рэшце яе саюзьнікаў, як новы ўдар па расейскім імпэрыялізьме. Яго стараліся распрапагаваць як можна шырэй у міжнародным жыцьці. Ня было тады такой эгаістычна-шавіністычнай палітыкі ў паняволеных народаў, якую, на вялікі жаль, мы бачым сярод шматнацыянальнай цяперашняй эміграцыі.

Студэнцкае жыцьцё па-за ўнівэрсытэтам канцэтравалася ў Празе ў студэнцкім доме. Там пераважна адбываліся ўсе зборышчы й імпрэзы. Там-жа адбылося й сьвяткаваньне 25-га сакавіка ў 1923 г. Ужо загадзя рыхтаваўся да яго беларускі студэнцкі хор, удзельнікам якога добрага чопаласу даваў дырыгэнт яго "вечны студэнт" кансэрваторыі Кізіма, якога амбіцыяй было, каб ягоны хор прынамся ня быў горшы за ўкраінскі, ці югаславянскі. Ужо ад самага раньня вялікая студэнцкая заля была прыбрана бел-чырвона-белымі сьцягамі, а над традыцыйным надпісам на франтовай сьцяне "Ut unum omnes sunt" красавалася беларуская пагоня. З правага боку вісела карта Беларусі, якая сталася галоўным цэнтрам увагі студэнцкага натаўпу. Каля яе і пра яе там вялі гарачыя дыскусіі з беларусамі ня толькі расейцы, але й украінцы. Дыскусіі гэтыя выносіліся і ў іншыя пакоі й залі студэнцкага дому й навонак яго, так што Беларусь і яе межы сталіся тэмай дня ўва ўсім гэтым асяродзьдзі. Ніхто не спадзяваўся, што гэта карта зробіць такую вялікую рэкляму беларускаму сьвяткаваньню, не гаворачы ўжо пра прапаганду наагул. Таму, калі надыйшла пятая гадзіна - пачатак акадэміі, вялічэзная заля была набіта бітком шматнацыянальнай студэнцкай грамадой, сярод якой знаходзілася крыху й старэйшых людзей. Прывітаньні нашых прыяцеляў - украінцаў, грузінаў, армян, летувісаў і іншых - спатыкаліся бурай воплескаў. Найбольшае ўражаньне зрабіла высокамастацкае, поўнае паэзіі, прывітаньне грузінскага прадстаўніка Некашыдзэ, якое зачапляла найчулейшыя струны маладой студэнцкай душы. Рэфэрат аб Акце 25-га Сакавіка, хоць і даўгі, быў праслуханы ў скупленай цішы з вялікай увагай. Канцэртны адзьдзел зрабіў фурор. Білі на біс хору, з песьняў якога найбольш спадабалася простая, але вельмі ўдала згарманізаваная беларуская народная песьня "Былі ў бацькі тры сыны", рэфрэн якой "ух, я" чуўся й пазьней яшчэ доўга па студэнцкім доме з вуснаў чужынцаў. Вельмі часта гэта "ух, я" ставалася нібы прывітаньнем калегі чужынца з беларусам пры штодзённым спатканьні. Але найбольшай атракцыяй былі салёвыя нумары спадарыні М., якая мела арыгінальны й прыгожы голас, удасканальваны ўсьцяж студыямі ў праскай кансэрваторыі; ёй проста не давалі сыйсьці з падмосткаў, выклікаючы некалькі разоў на біс. Сапраўдная навальніца, аднак, разьвярнулася пасьля акадэміі. Кожны беларус быў фармальна атакаваны пытаньнямі ды спрэчкамі на тэму Беларусі гэтай шматмоўнай студэнцкай масай. Публіка фактычна не разыйшлася, а разьбіўшыся на грамадкі каля таго ці іншага беларуса, разбрылася па ўсіх закутках студэнцкага дому й вельмі заўзята дыскутавала, пакуль пазваляў час. Справа ў тым, што а гадзіне восьмай меў адбыцца беларускі канцэрт для чэскай публікі ў найбольш рэпрэзэнтацыйным памешканьні ў Празе "Obecny'm Dum'ie".

Канцэрт гэты быў сарганізаваны прафэсарам чэскага ўнівэрсытэту Аўгенам Ляцкім у паразуменьні з чэскімі коламі й Беларускай Радай у Празе. Там звычайна зьбіралася самая праская сьмятанка. Такі публічны беларускі выступ быў фактычна тут першым і таму загадзя выклікаў нэрвовае напружаньне ў удзельнікаў. Канцэрт адчыніў уступным словам прафэсар Ляцкі. Беларускае грамадзтва аб ім мала што ведае, таму мы тут удзелім яму пару слоў. Ён быў прафэсарам расейскай літаратуры, высока цэненым у літаратурных колах, спэцыялістым па творчасьці Ганчарова, Л.Талстога й Дастаеўскага, аб якіх напісаў некалькі кніг. Прафэсар Ляцкі лічыў сябе беларусам і на праскім грунце ўзяўся за паважныя студыі творчасьці Купалы, Коласа й Багдановіча. Вынікам гэтага былі ягоныя артыкулы аб гэтых трох паэтах у паважных эўрапэйскіх літаратурных часапісах на французкай, а найбольш італьянскай мове. Такім чынам праф. Ляцкі быў бадай што першым літаратурным крытыкам, што пачаў знаёміць заходні літаратурны сьвет з беларускай літаратурай.

Праф. Ляцкі ў сваей уступнай прамове пазнаёміў паважную чэскую публіку з Беларусяй і яе нацыянальным адраджэньнем. Ён даслоўна назваў "папуасамі" ўсіх тых, што ня хочуць прызнаць беларусаў за самастойны, асобны народ. Пасьля яго прамаўляў старшыня Рады БНР сьв. пам. Пётра Крэчэўскі аб Акце 25-га Сакавіка і яго значэньні для беларусаў і славянства. Беларускія народныя песьні, выкананыя студэнцкім хорам і тут спаткаліся з вялікім сукцэсам, хоць апошні й не выяўляўся так спантанічна, як у студэнцкім доме. Салёвыя нумары спадарыні М. зачаравалі публіку мэлянхоліяй беларускай мэлёдыі, якую чула яна першы раз. З водклікаў чэскай прэсы аб беларускім канцэрце было відаць захапленьне асаблівасьцямі й арыгінальнасьцяй беларускай песьні, якімі яна адрозьнівалася ад песьняў іншых славянскіх народаў.

Сьвяткаваньне 25-га Сакавіка ў Празе нарабіла многа гоману й сярод эміграцыйных кругоў і сярод чэхаў. Найбольш ударыла яно па расейцах, якія нічога ня ведалі аб беларускім вызвольным руху. Яны пачалі кампанію супраць беларускіх сэпаратыстаў. Неўзабаве сярод іх паўстала "Общество белоруссов и малороссов", якое паставіла сабе за мэту змаганьне з беларускім і ўкраінскім сэпаратызмам.

Як бачым, сьвяткаваньнем нацыянальнага сьвята, калі яно адпаведна зарганізавана, мы можам дасягнуць ня толькі сваю прыемнасьць, але й робім вялікую прапагандную беларускую работу.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.