25-га Сакавіка

У савецкай турме

Дзьверы камэры раптам адчыніліся, вартаўнікі ўкінулі, як калоду, чалавечае цела й зьніклі за зьвяканьнем замка й ключоў. Напалоханая цішыня зноў разьляглася на воддых, хоць праз прамугі закратаваных і заслоненых вакон пачала ўжо пырскаць сакавіковая раніца, кідаючы шэры водблеск на затхлую ад людзкога згушчэньня камэру і вырысоўваючы па куткох панурыя кантуры вязьняў, што тарчэлі з покату целаў. І яны былі спавітыя начной цішынёй і змогай лёсу, хоць фактычна й ня спалі, бо чакалі калі прыйдзе іх чарга на роскаш ляжаньня на тым малым лапіку турэмнай падлогі, які на дзьве гадзіны займалі іх сябры.

Кінутае цела глуха шлёпнула па сьпячых на падлозе і лягло на іх нярухома, як-бы прыклеілася. Здавалася, што ўсе яны ўжо трупы: і тыя, што моцна спалі, трымаючы на сабе няпрашанае цела, і нават тыя, што стоячы ці седзячы чакалі на сваю чаргу ляжаньня. Так было ўсё зможанае, застылае, нярухомае ў гэтай несамавітай цішыні зьбітай людзкой масы.

Але вось, як глухі водгалас, як гукавы цень пачуўся стогн - "вады"... І хоць ён быў так ціхі, так мала чутны й прыкметны - заварушыў кантурамі стоячых і ляжачых, яны пачалі прыбліжацца да ўкінутага цела, абступілі яго, знайшлі для яго месца, палажылі на звольненым куску падлогі і нават пад галаву палажыць нешта знайшлі.

"Пі-іць..." - праскрыпелі зноў сасьмягшыя і выкрыўленыя ад болю вусны. Гэты стогн-скрып падзеіў мацней ад усякага загаду. Адразу знайшлася конаўка, прайшла праз ланцуг рук і ўвачавідкі апынулася пры вуснах стогнучага. Ён пацягнуў некалькі глыткоў і пачаў ачуньваць. Яго падбітыя вочы абвілі поглядам стоячых кругом сяброў, як-бы шукаючы на кім спыніцца, а твар, хоць зьбіты і акрываўлены, пачаў набіраць азнак жыцьця. Гэта быў беларускі вучыцель Кастусь В. Палякі выкінулі яго ў сваім часе са школы і ён праз доўгія гады нідзе ня мог знайсьці сабе месца. А як прыйшлі бальшавікі, дык арыштавалі яго аднаго з першых і вось цяпер мучылі на допытах.

Што ён быў зьбіты да паўсьмерці - нікога ня дзівіла. Прайшло ўжо трое сутак, як яго былі забраўшы з камэры. Яго катавалі і ў карцары, і ў часе допытаў. Так паступалі "сьледавацелі" з кожнм вязьнем, якого бралі на допыт. Такія ўжо парадкі былі ў Вялейскай турме, якая тады месьціла ў сваіх мурох больш 1000 людзей.

Там, дзе за польскіх часоў саджалі 20 вязьняў, цяпер іх было 60, або й 80. Гэта быў сакавік 1940 году, калі НКВД у "асвабоджанай" Заходняй Беларусі распрасьцерла сваё панаваньне над усімі людзьмі і стрыгла іх безапэляцыйна пад сваю машынку, падцягваючы розныя катэгорыі пад адпаведны нумар. Адных забралі ўжо зараз пасьля прыходу й даўно згладзілі са сьвету, як найбольш небясьпечных. Другіх з гэтай катэгорыі трымалі жывымі ў сваіх мучэльнях толькі дзеля таго, што спадзяваліся, павялічыць далейшы лік ахвяр. Трэціх, хоць нічым непавінных, трэба было ізаляваць, бо гэта былі людзі думаючыя - інтэлігэнцыя з асьветай, або мясцовы вясковы ці гарадзкі актыў.

Яны сваім здаровым розумам і разважаньнямі маглі ўплываць на акружэньне й ужо дзеля гэтага іх трэба было ізаляваць. Яны звычайна мусілі пасядзець з год у турме, прайсьці сэрыю допытаў, а пазьней "тройка НКВД" засуджвала іх на павольнае кананьне пры цяжкіх работах у савецкіх лягерох. Да гэтай катэгорыі далучалі таксама ўсіх тых, хто быў на службе цывільнай ці вайсковай пры паляках. Апрача таго трэба-ж было набраць на розныя лягерныя прадпрыемствы і "спецперасяленцаў". Усю тут пералічаную масу людзей мусіла прапусьціць машына савецкай чысткі, гэта была першая перадумова прылучэньня новай краіны да савецкага "раю". Дык нічога дзіўнага, што ўсе турмы былі перапоўненыя да адказу. У камэрах ня толькі ня было месца ўсім дзе легчы, але й сесьці на падлозе ня было дзе, а спаць прыходзілася па чарзе.

Прабываньне ў камэры ў такіх варунках, плюс вельмі благое аджыўляньне, страшэнна падрывалі сілы вязьняў і яны хадзілі як цені. Найгоршым няшчасьцем, аднак, былі допыты, бо яны адбываліся переважна начамі на працягу цэлых тыдняў з перадышкай ці без яе і то з усімі атрыбутамі савецкіх паліцыйных маральных і фізычных мукаў. Ахвяра забраная на ноч на допыт укідвалася ў камэру чуць жывая над раньнем, як гэта было і з нашым Кастусём.

Ён небарака вадзіў вачамі па ўсіх нас - беларусах, што абкладалі яго мокрымі ручнікамі, каб супакоіць ці палегчыць болі; здавалася, што ён хоча выбраць кагось і сказаць яму нешта вельмі важнае. Грамадка наша складалася з некалькіх чалавек: апрача мяне быў тут старшыная Гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры з К., Цімафей, два грамадаўцы з мясцовай акругі - Ш. і З., вучань Віленскай тэхнічнай школы С. і малады асьвечаны земляроб А. У нашай камэры было шмат беларусаў, асабліва сялян, але пералічаная тут група месьцілася разам і была найбольш зжытая. Мы чакалі ў напружаньні да каго Кастусь зьвернецца й што скажа. Ужо згаварыліся, каб адыйсьціся на хвіліну, пакінуўшы пры хворым таго, да каго ён мае давер. Але згаворы аказаліся лішнімі. Кастусь яшчэ раз правёў па ўсіх нас вачыма й тады вымавіў ціха, але выразна: "дваццаць пяць"... Мы задумаліся, бо ня ведалі як гэта зразумець, што знача гэтых "дваццаць пяць"? Урэшце пачалі пытаць яго што ён праз гэта хоча сказаць. Кастусь ляжаў нярухома з заплюснутымі вачыма, як самлелы, а мы стаялі, са зьдзіўленьнем уляпіўшыся ў яго вачыма. Урэшце, не адчыняючы вочы, ён прамовіў зноў:

- Я ня дзіўлюся, што вы ня ведаеце, аб што ходзіць, бо ў гэтым пекле можна забыцца аб усім, асабліва-ж калі ніхто ня сочыць за календаром. Як мяне цягнулі з допытаў, на нас наткнуўся зьнаянацку з-за вугла калідору студэнт Б. з Вільні з канвоем. Яго зараз-жа адвярнулі да сьцяны тварам, але ён усё-ж пасьпеў сказаць "дваццаць пяць" і я гэта выразна пачуў. Ня гледзячы на страшэнную слабасьць і боль, я дагадаўся, што хацеў сказаць студэнт Б. Я пэўны, што й вы дагадаецеся як падумаеце.

Фактычна ня трэба было й думаць. Некаторыя з нас і так добра ведалі, што на наступны дзень прыпадае 25 Сакавіка, а тыя, што забыліся, адразу прыпомнілі пры ўспамінах аб календары. Непаразуменьне-ж адразу вынікла з тэй прчыны, што нікому і ў галаву ня прышло, што гэты да няпрытомнасьці скатаваны беларус здольны думаць у такім стане аб 25-м Сакавіку. Таму цяпер, калі ўсім стала ясна аб што ходзіць, на гэтага маладога чалавека пачалі глядзець як на сьвятога, як на нейкі сымбаль. Ён быў амаль паміраючы, але ў ім сядзеў дух волата! Яго нацыянальнага ідэалу ня выбілі з галавы й сэрца ні турма, ні голад, ні катаваньне сталінскіх апрычнікаў. Трэба было дзівіцца, як мог вытрымаць гэты малы й хударлявы хлапец столькі часу галадаморства й катаваньня. Хіба таму толькі, што ў гэтым вымучаным целе сядзеў вешчы дух Вялікага Ўсяслава Чарадзея, Скарыны й Кастуся Каліноўскага, ягонага цёскі... І таму ў нашых вачох тады ён адразу вырас да велічы гэроя, мучаніка за Бацькаўшчыну. І нам стала й балюча, і сумна, і радасна адначасна, бо здалі сабе справу з таго, што такіх Кастусёў памірае цяпер шмат, шмат - сотні, тысячы... Як жа іх шкода, што паміраюць у муках, замест таго, каб жыць і працаваць для Бацькаўшчыны...

Аднак сэрца радуецца, што паміраюць яны з думкай аб Ёй, аб 25-м Сакавіку. Яны паміраюць, але тыя, што засталіся на волі жывыя, будуць рабіць удвая, як даведаюцца аб іх сьмерці, і за сябе і за іх.

На другі дзень уся наша групка сядзела амаль цэлы дзень каля Кастуся. Ён чуўся значна лепш, усьміхаўся й браў удзел у гутарках. Гутарылі мы паўголасам, дзелячыся ўражаньнем ды ўспамінамі як праводзілася сьвяткаваньне 25-га Сакавіка ў розных мясцовасьцях і асяродзьдзях. Разважалі над тым, чаму Акту 25-га Сакавіка не ўдалося правесьці ў жыцьцё. Ня гледзячы на панурыя абставіны, на душы неяк было весялей, бо ўрачысты дзень прыпамінаў нам, што мы не адны, што зьяўляемся часткай вялікага няўміручага арганізму - цэлага Беларускага Народу.

Наш пагодны настрой дзеіў нейкім флюідам і на цэлую камэру. Дзякуючы нам, усе нашы сяляне-вязьні ведалі аб беларускім нацыянальным сьвяце, хоць падыходзілі да нас толькі некаторыя з іх. Мала таго, паміма нашай волі ведалі аб гэтым і іншанацыянальныя групы: жыдоўская і польская. Неяк нечакана падыйшоў да нас былы рэдактар жыдоўскай газэты Р. і, не называючы ўсё іменьнямі, улучыў сказаць асьцярожненька, што ён ведае што мы, сягоньня перажываем, глыбака нам спачувае й ад душы жадае, каб жаданьні нашы зьдзейсьніліся. Пазьней падыйшоў да нас і паляк - былы віленскі судзьдзя Н., які ў гутарцы вельмі нядвузначна таксама склаў нам свае пажаданьні. Нават не абмінуў нас і заўсёды сымпатычны паручнік рэзэрвіста З. - садавод па фаху, які марыў увесь час аб тым, каб папасьці ў Канаду й спакойна гадаваць добрыя яблыкі. Ён заўсёды гаварыў з намі пабеларуску і, здаецца, больш чуўся беларусам чым паляком.

Не абыйшлося без надзвычайных праяў і вонках нашай камэры. Ужо ў часе ранішняй прагулкі мы заўважылі на сьценах у розных мясцох напісы алаўком лічбу "25" і літару "С". Пры набліжэньні груп з розных камэраў чуліся словы "дваццаць пяць" зьнячэўку, хоць гэтыя групы адна другую й ня бачылі. І нічога дзіўнага. Хіба ня было тады такой камэры ў вялікай турме, у якой-бы не сядзелі беларусы. Супраць нашай камэры сядзеў інжынер Б. з некалькімі людзьмі, побач з ім наш стары й заслужаны дзеяч А.Нэканда-Трэпка (ён ужо напэўна ня жыве), праз камэру за ім сядзелі сп. К., У. - і так па ўсей турме. Былі нават і такія, што хацелі праз вакно вывесіць напісаную на паперы вялікую лічбу 25, аднак ім адрадзілі гэта, баючыся якойсь правакацыі й непатрэбных ахвяр. Затое паўтараньне нявінных слоў "25" нікога ня разіла і ня ўзбуджала ніякага падозраньня й кожны беларус чуў яго ў гэты дзень ня раз.

"25" была для нас доўга магічнай лічбай. Яна нас падтрымоўвала на духу, лучыла ўсіх беларусаў у адну сям'ю, прыпамінала аб бязупынным змаганьні, а галоўнае - прыпамінала аб тым, што сядзім мы не прыпадкова.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.