25-га Сакавіка

БНР ці БССР

У "Голасе Радзімы" No.13 за сакавік 1968 г. быў надрукаваны артыкул А.Пятровіча пад загалоўкам "Праўда аб Акце 25 Сакавіка". Артыкул гэты накіраваны на тое, каб зьбіць з нацыянальна-дзяржаўнай сьведамасьці Беларусаў у вольным сьвеце й зьнеахвоціць іх да сьвяткаваньня 50-гадовага юбілею абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

У імя аб'ектыўнай праўды, абапіраючыся на гістарычныя факты, узятыя з розных крыніцаў улучна з бальшавіцкімі, пастараемся бесстаронна разгледзіць падзеі, закранутыя А.Пятровічам.

1. Бальшавікі й дзяржаўнасьць нерасейськіх народаў СССР

У сваім артыкуле А.Пятровіч кажа: "Дзякуючы рэвалюцыі й савецкай уладзе Беларусы, як ўсе народы вольнай Расеі, упяршыню за шматгадовую гісторыю атрымалі права й мягчымасьць стварыць сваю нацыянальную дзяржаву..." Тут ёсьць поўнае запярэчаньне гістарычнай праўды. Беларусы, Палякі, Украінцы, Армяне, Грузіны, Татары й Туркестанцы мелі сваю дзяржаўнасьць раней за Расею (Расея пачала называцца так ад Пятра Вялікага, раней-жа была Маскоўскім княствам). У 10-12 стг. Беларусь мела пачатковую дзяржаўнасьць у сваіх княствах Полацкім, Турава-Пінскім і Смаленскім, а ад 13 стг. у Вялікім Княстве Літоўскім. Пад Расею трапіла толькі ў канцы 18 стг., а раней ані з Маскоўшчынай, ані з Расеяй, апрача войнаў, нічога супольнага ня мела. Маскоўшчына, а пазьнейшая Расея зьнішчала дзяржаўнасьць усіх пералічаных вышэй народаў і, забраўшы іхныя землі, стварыла сваю імпэрыю. Бальшавікі нікому не стварылі сувэрэннай дзяржаўнасьці, наадварот, яны зьнішчылі адроджаную ў 1917-18 гадох дзяржаўнасьць забраных Расеяй нерасейскіх народаў і стварылі ім не незалежныя дзяржавы, а фікцыйныя савецкія рэспублікі, падпарадкаваныя Маскве. Яны адрадзілі расейскі імпэрыялізм, узмоцнілі яго й удасканалілі.

Цьверджаньне А.Пятровіча, што пасьля бальшавіцкага перавароту ў кастрычніку 1917 году "...поўным ходам ішла падрыхтоўка да стварэньня Беларускай Савецкай Рэспублікі" - абсалютна нязгоднае з праўдай. Вось што каже актыўны ў тых часох у Беларусі вызначны бальшавік В.Кнорын у сваёй кнізе "1917 г. в Белоруссии и на Западном фронте" (Менск, 1925, бб.74-75): "...Беларускае пытаньне, дзеля таго, што бальшавікі не ўдзялялі яму належнай увагі, спрычынілася да некаторых нашых прыкрасьцяў. Папершае, перад Саўнаркомам Заходняй Вобласьці паўстала пытаньне аб выдзяленьні беларускіх вайсковых аддзелаў... Падругое перад Саўнаркомам Вобласьці паўстала пытаньне аб 1-ым Усебеларускім зьездзе (Кангрэсе, - В.Ж.), скліканым у Менску з дазволам Наркамнаца (Народнага Камісарыяту Нацыянальнасьцяў у Петраградзе, - В.Ж.)... Пасьля доўгага змаганьня за рэвалюцыйную бальшыню левай часьціны зьезду, прынятая зьездам рэзалюцыя аб уладзе, усё-ж такі, аказалася нацыянальна-дэмакратычнай, у сапраўднасьці ськіраванай да замены ўлады Саветаў на нацыянальна-дэмакратычную ўладу, створаную зьездам. Дзеля гэтага Саўнарком Вобласьці пастанавіў распусьціць зьезд... На бліжэйшы час роспуск Усебеларускага зьезду спрычыніўся да пераходу беларускай нацыяналістычнай дэмакратыі яўна на бок выразных праціўнікаў савецкай ўлады і да падтрыманьня ёю рыхтаваных плянаў, завершаных арганізацыяй ураду Беларускай Народнай Рэспублікі пасьля адступленьня савецкай улады".

Дык не бальшавікі дбалі пра беларускую дзяржаўнасьць, а беларускія народныя масы, дэмакратыя, што выявіла сваю волю на Ўсебеларускім Кангрэсе пастановай стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была абвешчана незалежнай пасьля таго, як бальшавікі на мірнай канфэрэнцыі зь Немцамі ў Берасьці раздавалі беларускія землі нашым суседзям, ігнаруючы волю беларускага народу. Пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі бальшавікі ня мелі ўжо іншага выхаду, як стварыць сваю Савецкую Беларускую Рэспубліку, што яны й зрабілі на цэлы год пазьней.

2. Усебеларускі Кангрэс

Скліканы ў сьнежні 1917 г. ўсебеларускі Кангрэс А.Пятровіч называе контрарэвалюцыйным зборышчам, падабраным "Беларускай Радай", якое, быццам, складалася "...з буржуазных інтэлігэнтаў, памешчыкаў, фабрыкантаў (падкрэсьленьне маё, - В.Ж.), кулакоў, буйных чыноўнікаў".

У сапраўднасьці-ж Усебеларускі Кангрэс меў такое вялікае прадстаўніцтва ад усіх пластоў беларускага народу, якога ня меў ніводзін народ з усяе Расейскае імпэрыі, навет ня мела яго й Усерасейскае Ўчредзіцельнае Сабраньне. Вось што кажа пра склад Кангрэсу сучасны гісторык БССР Вадзім Круталевіч у артыкуле "Без народнае апоры" (у часапісе "Полымя" No.2, 1967 г, б.186, 187, 188): "Згодна зь літаратурнымі дадзенымі, у зьезьдзе (Кангрэсе, - В.Ж.) удзельнічала 1915 чалавек, зь іх 1175 з рашаючым голасам і 740 з дарадчым... Гэта былі, найбольш, прадстаўнікі валасных, павятовых і губэранскіх земстваў, гарадзкіх самакіраўніцваў, павятовых і губэранскіх зямельных камітэтаў, настаўніцкіх арганізацыяў, саюзаў земскіх і паштова-тэлеграфных служачых, розных нацыяналістычных арганізацыяў. Не пакінуты былі бяз увагі навет дарожныя й бежанскія камітэты... Валасныя й павятовыя земствы, гарадзкія думы, настаўніцкія бежанскія арганізацыі й павятовыя Саветы сялянскіх дэпутатаў пасылаюць па адным дэлегату. Губэранскія харчовыя камітэты і губэранскія сялянскія Саветы - па тры дэлегаты. Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў прапаноўвалася накіраваць на зьезд па адным дэлегату... На зьезд у Менск прыбыло больш за 700 прадстаўнікоў арміі й флёту, г.зн. больш за трэць усіх дэлегатаў з рашаючым голасам. Прадстаўнікі арміі займалі на зьездзе найбольш правыя пазыцыі, патрабуючы неадкладнага абвяшчэньня "незалежнай Беларусі"... На зьезьдзе прысутнічалі, праўда, іх была нязначная колькасьць, прадстаўнікі Саветаў, і сярод іх дэлегаты Віцебскага губэранскага зьезду Саветаў..." Былі на Кангрэсе й беларускія бальшавікі з Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі, якая ўтварылася зь левага крыла Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Петраградзе. "Цэнтральны Камітэт партыі ўхваліў паездку ў Менск 10 сяброў гэтай арганізацыі і матар'яльна падтрымаў яе. Накіраваныя зь Петраграду Беларусы павінны былі дзейнічаць у кантакце з камуністымі Заходняй вобласьці..." - кажа Круталевіч. Ён-жа прыводзіць словы А.Чарвякова (пазьнейшага прэзыдэнта БССР, - В.Ж.), паводля якіх "на Кангрэсе была пэўная частка дэлегатаў работнікаў і сялян, настроеная зусім пасавецку, і таму кіраўніком Кангрэсу трэба было прыстасоўвацца й маскаваць савецкай фразэалёгіяй антысавецкія справы".

Характэрна, што, як кажа В.Круталевіч, зьезд не прызнаваў мясцовай бальшавіцкай улады, бо, паводля слоў Канчара, аднаго з арганізатараў Кангрэсу, "Саўнарком Заходняй Вобласьці, утвораны на франтавым зьезьдзе ў Менску (г.зн. на зьезьдзе расейскага войска ў Беларусі, - В.Ж.), ...і Саветы рабочых і сялянскіх дэпутатаў, ня ўдзельнічалі ў выбарах "гэтых камісараў"". Довады В.Круталевіча супраць гэтага цьверджаньня слабыя й непераконлівыя. Зразумела тады, чаму разгон Кангрэсу вайсковай сілай на загад гэтага бяспраўнага органу - Саўнаркому Заходняе Вобласці - выклікаў паўсюднае абурэньне.

Паводля словаў А.Чарвякова ("За Савецкую Беларусь", Менск, 1927, бб.41-50), удзельнік Кангрэсу, ведамы беларускі сацыялістычны дзеяч А.Бурбіс, так прадстаўляў склад яго: "... На зьезьдзе былі, апрача прадстаўнікоў салдат і матросаў усіх фронтаў і флёту, прадстаўнікі рабочых арганізацыяў, валасных земстваў, гарадоў, чыгуначнікаў, паштова-тэлеграфных служачых, сацыялістычных партыяў ад бальціавікоў да меншавікоў і ад максымалістых да правых с.-р. (эсэраў, - В.Ж.), Усерасейскага Савету Сялянскіх дэпутатаў, Савету Рабочых і Сялянскіх дэпутатаў, уцекачоў, каапэратываў, беларускіх сацыялістычных і нацыяналістычных партыяў і арганізацыяў. З прадстаўнікоў кадэцкай партыі й абшарнікаў ня было аніводнага дэпутата, хаця аб прысутнасьці, асабліва абшарнікаў, вельмі часта гавораць. Былі арганізаваныя на зьезьдзе сялянскія зямляцтвы - Менскае, Магілеўскае, Віцебскае, Віленскае, Горадзенскае й Смаленскае..."

З паданых тут цытатаў бачым, якое шырокае й усестароньняе прадстаўніцтва меў Усебеларускі Кангрэс ад усіх пластоў беларускага народу. Не дарма-ж вышэй успомнены В.Кнорын называе Ўсебеларускі Кангрэс "Учредзіцельным Сабраньнем" (Устаноўчым соймам). Адно, на што наракаюць бальшавіцкія аўтары, дык гэта на тое, што Кангрэс не прызнаваў савецкай улады ў Беларусі й заміж яе, пастанавіў стварыць Беларускую Дэмакратычную Рэспубліку.

Дадамо да гэтага, што, як відаць з успомненага артыкулу В.Круталевіча, Народны Камісарыят Нацыянальнасьцяў у Петраградзе даў згоду на Ўсебеларускі Кангрэс і навет асыгнаваў на гэту мэту 50.000 рублёў згодна з пастановай Саветаў Народных Камісараў пад старшынствам самога Леніна ("Без нар. апоры", Полымя, No.2, 1967, б.184-185). Дык Кангрэс быў легальным навет з бальшавіцкага гледзішча.

Чаму-ж тады ўсебеларускі Кангрэс быў абвешчаны контрарэвалюцыйным і разагнаны быў бальшавіцкай вайсковай сілай? Адказ на гэта пытаньне дае сам А.Пятровіч: "Нацыяналістыя вырашылі стварыць асобную ад рэвалюцыйнай Расеі "незалежную беларускую дзяржаву..."" і - дадае дэмагагічныя словы - "...а ў сапраўднасьці вотчыну беларускіх памешчыкаў і капіталістаў..." (Былі тады памешчыкі, фабрыканты й капіталістыя, што прызнаваліся да беларускасьці? - В.Ж.). І далей: "...Выконваючы волю беларускага народу, мясцовыя ворганы Савецкай улады распусьцілі "кангрэс"..." - кажа А.Пятровіч.

Аб якой волі беларускага народу ён гаворыць? Воля беларускага народу была выказана 1915-ма дэлегатамі яго на легальным Кангрэсе ў прыняцьці пастановы аб утварэньні Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі. Якая-ж іншая яшчэ магла быць воля беларускага народу? Мясцовыя ворганы Савецкай улады, аб якіх гаворыць А.Пятровіч, не маглі мець ніякага дачыненьня да беларускага народу й ягонай волі. Гэта былі чужыя людзі, якія апіраліся на расейскае бальшавіцкае войска, што было тады ў Беларусі, і на малыя групкі рознанацыянальных бальшавікоў. Гэтыя ўлады зрабілі вялікае злачынства супраць беларускага народу, разганяючы сілай амаль двутысячны легальны Кангрэс ягоных дэлегатаў. Гэтым тыя бальшавіцкія ўлады сплямілі бальшавізм як рэвалюцыйны рух на ўсе вякі.

А што пазьней розныя бальшавіцкія зьезды сваіх аднадумцаў выносілі рэзалюцыі супраць Усебеларускага Кангресу - дык гэта, з пункту гледжаньня аб'ектыўна-праўнага, ня мае ніякага значэньня, бо: 1. рэзалюцыі гэтыя былі вынесены "постфактум", 2. з бальшавіцкай статыстыкі ведама, што бальшавікі-камуністыя прадстаўлялі нязначную мяншыню ў дачыненьні да насельніцтва Беларусі.

Найважнейшым мамэнтам тут ёсьць той факт, што бальшавікі разагналі ўсебеларускі Кангрэс, які быў скліканы зь іх згодай і зь іх удзелам, і разагналі яго толькі таму, што Кангрэс гэты, выяўляючы сувэрэнную волю беларускага народу, ня дзеяў па іхняй указцы й ня стаўся бальшавіцкай марыянэткай, а дзеяў самастойна й прыняў рэзалюцыю аб утварэньні Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі - згодна зь інтарэсамі беларускага народу.

Калі-б Кангрэс пайшоў па бальшавіцкай лініі й прыняў пастанову аб утварэньні бальшавіцкай беларускай дзяржавы - з дыктатурай бальшавіцкай партыі й цэнтральнага ўраду - тады-б напэўна ня быў-бы разагнаны, наадварот, тады-б гэты Кангрэс бальшавікі хвалілі-б і славілі. Вось дзе наглядны прыклад у гісторыі, як бальшавікі лічацца з воляй народу й дэмакратыяй! А з другога боку, разганяючы легальны ўсебеларускі Кангрэс, бальшавікі самі даказалі, што яны ня мелі падтрыманьня й апоры ў беларускім народзе й маглі захапіць уладу ў Беларусі толькі сілай... Гэтай праўды ніяк не схаваеш, не памогуць тут ніякія даўжэзныя артыкулы бальшавіцкіх гісторыкаў і публіцыстых.

3. Рада Кангрэсу - Рада БНР

Кангрэс усё-ж пасьпеў выбраць Раду Кангрэсу, якую ўпаўнаважыў усімі паўнамоцтвамі ў вырашэньні справы дзяржаўнасьці Беларусі. Рада гэтая, згодна з вымогамі абставін, ператварылася пазьней у Раду БНР. Выконваючы сумленна паўнамоцтвы Кангрэсу, яна законна абняла ўладу ў Менску ў лютым 1918 г. перад прыходам Немцаў, выкідаючы бальшавікоў. Вось што піша аб гэтым У.Ігнатоўскі ў артыкуле "Вялікі Кастрычнік на Беларусі" ў зборніку "Беларусь" (Менск, 1924, бб.198-200): "...Абліскамзап (Абласны Іспалніцельны Камітэт Западнай Обласьці, той, што разагнаў Кангрэс, - В.Ж.) уноч на 19 лютага 1918 году пакінуў Менск дзеля таго, што становішча яго стала небясьпечным, дзякуючы ня столькі Немцам, колькі мясцовай апазыцыі. На чале гэтай апазыцыі стаяла Рада Беларускага Зьезду (Кангрэсу, - В.Ж.). Ландэр, старшыня Савету Камісараў Заходняй Вобласьці ў сваіх успамінах ("Вперед" 1922, No.1) так малюе падзеі таго часу: "У горадзе пачаўся рух Беларусаў, гатовіўшых выступ проціў нас. На вуліцах пачаліся дробныя сутычкі, чуліся стрэлы. Калі т. Пятроў, камандант Саветаў, вечарам выводзіў мяне з Савету чорным ходам, з параднага ўжо ўварваліся ўзброеныя банды, шукаючы мяне й таварышоў. На станцыі нас усялякімі спосабамі стараліся затрымаць, нацкоўваючы на нас рабочых чыгуначнікаў і ўрэшце ўтварылі крушэньне нашага цягніка - два вагоны перавярнуліся, мой зыйшоў з рэек. Гэта рабілася з мэтаю выйграць час да прыходу Немцаў ці Палякаў".

І далей: "І сапраўды Рада Зьезду выйграла час. 19 лютага Абліскомзапу ў Менску ўжо ня было, а Немцы занялі сталіцу Беларусі толькі 25 лютага. Рада Зьезду скарыстала гэты тыдзень, каб захапіць уладу ў свае рукі. Яна папаўняе свой склад прадстаўнікамі земства, нацыянальных меншасьцяў (Жыдоў, Вялікарусаў, Палякаў і Ўкраінцаў) і абвяшчае сябе часовым урадам Беларусі. 21 лютага Выканаўчы Камітэт Рады Зьезду выдае "1-ую Ўстаўную Грамату да народаў Беларусі". Зьмест яе такі: "Быўшая ў Беларусі ўлада выйшла. Каб ажыцьцявіць права нацыі на самавызначэньне, трэба склікаць на дэмакратычных асновах Устаноўчы Сойм. Выканаўчы Камітэт Зьезду да гэтага часу абвяшчае сябе часоваю ўладаю Беларусі і выканаўчую частку сваёй улады аддае ўтворанаму Камітэтам Народнаму Сакратарыяту Беларусі". З гэтага часу Народны Сакратарыят прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў. Дык няпраўда, што Рада Кангрэсу (Рада БНР) атрымала ўладу ў Беларусі з ласкі Немцаў, як цьвердзяць бальшавікі.

Народны Сакратарыят Беларусі ня меў такой вялікай вайсковай сілы, каб паўстрымаць нямецкае войска, што акупавала Беларусь. Акупацыя наступіла паміма яго волі. Бальшавікі-ж усімі спосабамі стараліся не дапусьціць да арганізацыі беларускага войска й самі ня мелі сілаў, каб проціставіцца Немцам.

А.Пятровіч, апісваючы нямецкую акупацыю, робіць вінаватымі за ўсе дзеяньні Немцаў Раду й Урад БНР. Тымчасам ведама добра, што пад нямецкай акупацыяй Рада й Урад БНР былі толькі талераванымі, але ня мелі ніякай улады. Немцы ўсімі спосабамі стараліся не дапусьціць да арганізацыі беларускага войска. Яны тасавалі самыя крутыя мерапрыемствы, каб абяззброіць усіх і змусіць насельніцтва здаць ім усякую зброю.

Ня маючы вайсковай сілы, каб пазбыцца нямецкай акупацыі, Рада й Урад БНР мусілі зь ёй лічыцца й мець дыпляматычныя зносіны зь нямецкім урадам. Тэлеграма нямецкаму кайзэру, якую так часта вытыкаюць Беларусам бальшавікі дэмагагічным спосабам, была нармальнай зьявай пры дыпляматычных зносінах кажнай дзяржаўнай улады. Бальшавікі рабілі й робяць каркаломныя дыпляматычныя акты, але яны ня любяць аб іх гаварыць. Ведама, што ў паразуменьні зь нямецкім кайзэраўскім урадам Ленін прыхаў у заплямбаваным вагоне ў 1917 годзе ў Расею. Ведама, якім каркаломным трыкам быў трактат Рыбэнтроп-Молатаў у 1939 годзе. Шмат было падобных актаў у бальшавікоў. Але яны лічаць, што ім усё можна, а на звычайных рэчах у іншых будуюць сваю дэмагогію. Ня будзем спыняцца на далейшай драбязьлівай дэмагогіі А.Пятровіча, шкада на яе гэтых шпальтаў. Затрымаемся на важнейшым.

4. Акт 25 Сакавіка

3-ю Ўстаўную Грамату (а не "Статутную Грамату", як кажа А.Пятровіч) - Акт 25 Сакавіка - А.Пятровіч галаслоўна называе "...найвялікшым зьдзекам над беларускім народам, вяршыняй здрады яго інтарэсаў". Тым часам, як мы бачылі зь гістарычных крыніц, Рада БНР (Рада Кангрэсу) была выбраная легальным Усебеларускім Кангрэсам, ад якога атрымала паўнамоцтвы сувэрэннасьці беларускага народу й упаўнаважаньні да вырашэньня справы дзяржаўнасьці Беларусі. Дык абвяшчаючы незалежнасьць БНР Актам 25 Сакавіка, Рада БНР ня толькі не зрабіла ніякай здрады беларускага народу, а наадварот - сумленна выканала перад ім свой абавязак.

Але мы добра разумеем А.Пятровіча. Праз ягоны артыкул і словы абурэньня прамаўляе заядлы расейскі імпэрыялізм. У сваім імпэрыялістычным засьляпленьні ён забываецца навет на Ленінскі прынцып самавызначэньня народаў улучна з аддзяленьнем, у правядзеньні якога бальшавікі так старанна дапамагаюць усім народам, за выняткам тых, што знаходзяцца пад іх уладай. А.Пятровіч абураецца, што абвяшчаючы Акт 25 Сакавіка "...нацыяналістыя хацелі, каб Беларусы адмовіліся ад сваіх брацкіх сувязяў з расейскім і іншымі народамі Расеі..." Дык вось у чым злачынства беларускіх нацыяналістых, яны пасьмелі аддзяліцца ад матушкі Расеі! Цяпер справа ясная, адсюль і загарэўся сыры бор. Тут нічым не паможа А.Пятровічу й спасылка на г.зв. Усебеларускі Зьезд Саветаў у лютым 1919 г., які абвесьціў Беларусь Савецкай Рэспублікай у фэдэрацыі з Расеяй і закляйміў "Беларускую Раду" (Раду БНР, - В.Ж.), бо зьезд гэты ня быў свабодным волявыяўленьнем беларускага народу, а прыладай тэй-жа імпэрыялістычнай Масквы, якая вайсковай сілай захапіла ўладу ў Беларусі й толькі з часткі яе ўтварыла БССР, забіраючы Ўсходнюю Беларусь із Смаленскам сабе, а Заходнюю аддаючы на 20 год Польшчы.

А.Пятровіча зусім ня цікавіць, што маскоўскі бальшавіцкі рэжым і далей шахруэ беларускімі землямі, ігнаруючы волю беларускага народу. У 1939 годзе часткі Віленшчыны разам зь Вільняй, якую бальшавікі называлі сталіцай Заходняй Беларусі, былі далучаны да Летувы, а Беласток з цэлай акругай, якія ў тым-жа 1939 годзе сход народных дэлегатаў па бальшавіцкаму манеру пастанавіў далучыць Заходнюю Беларусь разам з Беластокам да БССР - пасьля апошняй вайны быў адданы Польшчы.

Толькі Акт 25 Сакавіка, згодна з воляй беларускага народу, выяўленай на Ўсебеларускім Кангрэсе, гарантаваў незалежнасьць і непадзельнасьць Беларусі й нацыянальную ды сацыяльную справядлівасьць жыхаром яе. І хоць Акт гэты быў стаптаны расейскімі бальшавікамі, якія акупавалі тэрыторыю Беларусі, ён застаўся пуцяводнай зоркай беларускай незалежнай дзяржаўнасьці ў сэрцах і сьведамасьці Беларусаў. І таму тыя Беларусы, што не падлягаюць бальшавіцкаму тэрору, зусім слушна штогод сьвяткуюць урачыста ўгодкі гэтага вякілага Акту, не зьвяртаючы ўвагі на тое, ці гэта падабаецца каму, ці не.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.