Беларусы ў Польскім войску ў СССР, Польскай арміі на Ўсходзе, Другім польскім корпусе (1941—1947)

У беларускай савецкай гістарыяграфіі цьвёрда панавала перакананьне, што беларусы падчас Другой сусьветнай вайны змагаліся супраць нямецкай агрэсіі вылучна ў шэрагах савецкіх партызанаў і Чырвонай Арміі. У савецкі час не дапускалася нават думка, што нашы землякі могуць ваяваць на баку войскаў заходніх хаўрусьнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі. Тым часам вядома, што ў складзе Польскіх узброеных сілаў пад брытанскай камандаю на заходніх франтах Другой сусьветнай вайны змагаліся тысячы беларусаў. Перашкодаю тут для айчынных дасьледчыкаў былі, перадусім, палітычныя матывы. У савецкай гістарычнай навуцы за вышэйзгаданымі вайсковымі фармаваньнямі замацавалася ўмоўная назва Армія Андэрса (ад імя польскага генэрала), якая трактавалася адмоўна і атаясамлівалася з варожым лягерам. Акрамя таго, беларускім гісторыкам бракавала крыніцаў, паколькі асноўная архівалія знаходзілася ў лёнданскіх зборах у Польскім інстытуце імя генэрала Ўладзіслава Сікорскага. Іначай справа выглядала ў Беларускай эміграцыі. Нашы землякі на чужыне заўсёды шанавалі чынны ўдзел беларусаў у змаганьні на заходніх франтах Другой сусьветнай вайны, а перадусім - удзел у бітве за Монтэ-Касіна. Рэч у тым, што гісторыя гэтак званай Арміі Андэрса была шчыльна зьвязаная з гісторыяй паваеннага беларускага нацыянальнага руху на чужыне. Шматлікія выбітныя беларускія дзеячы на эміграцыі ў гады вайны служылі ў Арміі Андэрса, у складзе якой бралі ўдзел у баях супраць немцаў у Італіі. Бясспрэчным сымбалем змаганьня ды імкненьня да перамогі жаўнераў генэрала Андэрса стала бітва за Монтэ-Касіна (11-18 траўня 1944г.).

Гісторыя баявога шляху нашых суайчыньнікаў у складзе Польскіх узброеных сілаў пад брытанскай камандай бярэ свой пачатак зь лета 1941 г. Так, 30 ліпеня 1941 г. пад ціскам брытанскага боку была падпісаная дамова паміж савецкім урадам і польскім эміграцыйным урадам ген. Уладзіслава Сікорскага ў Лёндане. У адпаведнасьці з гэтай дамовай былыя ворагі ператварыліся ў хаўрусьнікаў і ўзнавілі дыпляматычныя адносіны. У СССР была адчынена польская амбасада на чале са Станіславам Котам. Неўзабаве, 14 жніўня 1941 г., была падпісаная савецка-польская вайсковая дамова, згодна з якой на тэрыторыі Савецкага Саюзу пачалося стварэньне Польскай арміі пад камандаваньнем генэрала Ўладзіслава Андэрса. Першапачат кова штаб гэтай арміі кватараваўся ў Маскве, аднак 12 верасьня 1941 г. ён быў перамешчаны ў мястэчка Бузулук Аранбургскай вобласьці. Месцамі дысьлякацыі першых двух злучэньняў былі абраныя мястэчка Тоцкае Чкалаўскай вобласьці (5-я пяхотная дывізія) і мястэчка Тацішчава Саратаўскай вобласьці (6-я пяхотная дывізія)1.

Галоўнай крыніцай рэкрутацыі для фармаваньня польскіх вайсковых частак сталі грамадзяне даваеннай польскай дзяржавы, якія на той момант знаходзіліся на тэрыторыі СССР у якасьці ваеннапалонных і спэцпасяленцаў. Згодна з польскімі дадзенымі іх агульная колькасьць складала каля 400 тыс. чалавек. У залежнасьці ад сацыяльнага статусу й характару знаходжаньня іх магчыма падзяліць на дзьве асноўныя катэгорыі: 1)польскія ваеннапалонныя, якія знаходзіліся ў савецкіх працоўных лягерах зь верасьня 1939 г.; 2) цывільныя жыхары Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны, дэпартаваныя органамі НКУС зь лютага 1940 г. па чэрвень 1941 г. на "спэцпасяленьні" ў глыбіню СССР. Ваеннапалонныя на момант падпісаньня савецка-польскай вайсковай дамовы разьмяшчаліся ў Гразавецкім, Суздальскім, Старабельскім і Южскім лягерах ваеннапалонных. Беларусы сярод іх складалі на ліпень 1941 г. 2848 чалавек, сярод якіх толькі 111 адмовіліся ўступаць у Польскую армію2. Тым часам, сярод дэпартаваных дакладную лічбу нашых землякоў вызначыць складана. Вядома, што сярод 120 тыс. дэпартаваных (лесьнікі, асаднікі, урадаўцы, паліцыянты, заможныя сяляне, дзеячы некамуніст ычных партыяў) з Заходняй Беларусі ў глыбіню СССР беларусы складалі ня менш 20 тыс. чалавек. Менавіта сярод гэтай катэгорыі былых польскіх грамадзянаў знаходзіліся Пятро Сыч і Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Згодна з савецка-польскімі дамоўленасьцямі яшчэ 12 жніўня 1941 г. Прэзыдыум Вярхоўнага Савету СССР абвесьціў амністыю гэтым людзям. Дзеля мабілізацыі ў Польскую армію ў месцах пастою польскіх частак былі створаны зьмешаныя прызыўныя камісіі, у склад якіх уваходзілі польскія афіцэры й прадстаўнікі савецкага боку - супрацоўнікі НКУС і афіцэры Чырвонай Арміі. Варта адзначыць, што абедзьве вышэйзгаданыя катэгорыі былых польскіх грамадзянаў знаходзіліся ў цяжкіх нявольніцкіх і матэрыяльных умовах, таму ўступленьне ў Армію Андэрса стала для іх адзіным шляхам да вызваленьня і магчымасьцю пазбавіцца ад перасьледаваньняў НКУС. Ад самага пачатку фармаваньня Польскай арміі недахопу ў добраахвотніках уступіць у яе не было. У сувязі з гэтым савецкі бок быў вымушаны штораз пагаджацца на павелічэньне колькаснага складу. Так, напрыклад, на 25 кастрычніка 1941 г. Польская армія налічвала 41500 жаўнераў, а на 1 сакавіка 1942 г. - ужо 73145 жаўнераў. Сярод дзясяткаў тысячаў добраахвотнікаў былі тысячы беларусаў, якія праз уступленьне ў Армію Андэрса намагаліся вырвацца з "савецкага раю", дзе яны зьведалі шмат нядолі і крыўдаў ад сталінскага рэжыму - прымусовую калектывізацыю, арышты й дэпартацыі ў Сібір, сьмерць блізкіх і родных ад голаду й холаду падчас знаходжаньня ў палоне і ў месцах спэцпасяленьняў. Як адзначаў у сваіх нататках польскі амбасадар С. Кот, "сяляне-беларусы з імпэтам ідуць у польскую армію й дасюль не заўважаныя сярод іх выпадкі нежаданьня… сярод іх 100% такіх, якія выступаюць, каб у будучыні паміж палякамі і беларусамі не было аніякай розьніцы…" 3. Як адзначаў С. Кот у іншай нататцы, "назіраючы ў Расеі за беларусамі і ўкраінцамі я заўважыў вялічэзную розніцу паміж імі ў справе стаўленьня да польскай дзяржаўнасьці. У адрозьненьні ад украінцаў, беларусы не праяўлялі празьмернага нацыянальнага пачуцьця і заўсёды памяталі, што яны ёсьць польскімі грамадзянамі…" 4. Імкненьне як мага хутчэй вызваліцца са сталінскіх лягераў і месцаў спэцпасяленьня прымушала нашых землякоў зьвяртацца непасрэдна да польскага ўраду з просьбай не адмаўляць ім ува ўступленьні ў Польскую армію. Былыя вязьні й спэцпасяленцы, зьведаўшы ўвесь цяжар савецкіх рэпрэсіяў, добра ўсьведамлялі, што адзіным шляхам да вызваленьня ёсьць польскі мундур. Заслугоўвае на ўвагу ліст ў польскую амбасаду групы беларусаў з Благавешчанскага раёну Казахстана, якім савецкія ўлады адмовілі ўва ўступленьні ў польскія фармаваньні. У гэным лісьце чытаем, між іншым: "Мы, ніжэй падпісаныя польскія грамадзяне, просім прыняць нас у Польскую армію. Мы ёсьць беларусамі, й з гэтае прычыны нас не бяруць у Польскую армію, паколькі ў ваенкамаце нам паведамілі, каб мы чакалі, пакуль нас мабілізуюць у беларускую армію. Мы ж жадаем служыць толькі ў шэрагах Польскай арміі. У сувязі з гэтым, сардэчна просім Пана прадстаўніка ўзяць пад увагу наш ліст і зацікавіцца намі і дапамагчы нам. Просім Вас, дзе толькі магчыма, альбо перад савецкай уладай, альбо ў іншым месцы, мець нас на ўвазе, бо мы ёсьць польскімі грамадзянамі і прагнем назаўсёды заставацца такімі. Калі галоўны камандзер генэрал Сікорскі дапаможа нам вызваліцца з няволі, то мы будзем яму аддана служыць. Калі ласка, не глядзіце, што мы беларускай нацыянальнасьці. Зьвярніце ўвагу на тое, што нас вывезьлі ў Сібір, а вывозілі туды толькі тых, што быў на баку Польшчы. У ваекамаце нас паінфармавалі, што хутка будзе стварацца беларуская армія. Але нам не цікава, якая там будзе стварацца армія, бо мы жадаем служыць толькі ў Польскай арміі. Калі ласка, як мага хутчэй падайце нам адказ, што маем рабіць, ці самастойна накіроўвацца ў месцы фармаваньня польскіх дывізіяў, ці польскі ўрад сам закліча нас…"5.

У сваю чаргу, характарызуючы стаўленьне польскага камандаваньня да добраахвотнікаў-беларусаў, варта прывесьці меркаваньне камандзера 5-й пяхотнай дывізіі генэрала М. Барута-Спеховіча, які 12 кастрычніка 1941 г. адзначаў: "Калі ў нашую армію прыходзіць жыд, украінец альбо беларус і жадае ахвяраваць сваё жыцьцё за тыя ж мэты, за якія б’емся й мы, то гэта паўнавартасны грамадзянін Польшчы, якому мы ня маем права адмовіць…" 6. У часе сустрэчы генэралаў У. Сікорскага і У. Андэрса са Сталіным 2 сьнежня 1941 г. на пытаньне апошняга: "навошта Вам беларусы і ўкраінцы ў Польскай арміі", генэрал У. Андэрс адказаў, што ён добра памятае іх як выдатных жаўнераў, якія змагаліся побач з палякамі ў 1939 г.7

Складана, аднак, вызначыць дакладную колькасьць беларусаў, якія ўступілі ў Польскую армію ў СССР, паколькі большасьць нашых землякоў з розных прычынаў падчас уступленьня ў Армію Андэрса падавала сябе за палякаў. Гэта было зьвязана з шэрагам прычынаў. Па-першае, пэўная частка беларусаў (асабліва каталіцкага веравызнаньня) пад уплывам палітыкі палянізацыі сьвядома залічвала сябе да палякаў. Рэпрэсіі савецкай улады, якія праводзіліся ад імя "Беларускай ССР і беларускага народу", яшчэ больш падштурхнулі частку беларусаў да польскасьці. Як вынікае са справаздачы польскай амбасады, "беларусы зьяўляюцца надта прыхільнымі да польскай справы. Вызваленьне зь месцаў зьняволеньня выклікала ў іх пачуцьцё ўдзячнасьці ўраду генэрала Сікорскага за апеку над імі й магчымасьць пакінуць месца спэцпасяленьня…" 8. Па-другое, запісваньне сябе палякамі адбывалася пад уплывам складаных палітычных умоваў, у якіх праходзіла мабілізацыя ў Польскую армію.

У сьнежні 1941 г. савецкі ўрад з’арыентаваўся ў тым, што заклік у Армію Андэрса непалякаў можа нашкодзіць інтарэсам СССР у спрэчках з Польшчай у пытаньнях пасьляваеннай дзяржаўнай прыналежнасьці Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны. Савецкі бок асьцерагаўся, што прысутнасьць сярод польскіх вайскоўцаў беларусаў і ўкраінцаў дазволіць ураду Сікорскага аргумэнтаваць знаходжаньне заходнебеларускіх і заходнеўк раінскіх тэрыторыяў у складзе Польшчы. У сувязі з гэтым 1 сьнежня 1941 г. Народны камісарыят замежных справаў (НКЗС) скіраваў у Амбасаду Польшчы ў СССР ноту, у якой адзначала ся, што жыхары Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія на 1-2 лістапада 1939 г. знаходзіліся на вышэйзгаданых абшарах, у адпаведнасьці з Законам аб грамадзянстве СССР ад 19 жніўня 1938 г., набылі савецкае грамадзянства. З гэтага вынікала, што беларусы і ўкраінцы як савецкія падданыя не павінны заклікацца ў Польскую армію. У адказе ад 9 сьнежня 1941 г. польская амбасада заявіла, што "польскае заканадаўства пабудаванае на прынцыпе роўнасьці ўсіх грамадзянаў незалежна ад нацыяналь насьці", таму польскі бок надалей уважае ўсіх жыхароў Польшчы ў межах да 1 верасьня 1939 г. за сваіх грамадзянаў і будзе працягваць заклікаць іх у Войска Польскае. Разам з тым, палякі зазначалі ў вышэйзгаданай ноце, што забарона ўступаць нацыянальным меншасьцям у польскія адзьдзелы супярэчыць савецка-польскай вайсковай дамове ад 12 жніўня 1941 г. і парушае міжнародныя нормы права. У якасьці асноўнага аргумэнту высоўваўлася тэза, што польскімі грамадзянамі ёсьць усе, незалежна ад нацыянальнага паходжаньня, жыхары Польшчы ў межах 1939 г., у тым ліку нараджэнцы Заходняй Беларусі, якая была акупаваная савецкімі войскамі ў 1939 г. Аднак у чарговай ноце НКЗС ад 5 студзеня 1942 г. савецкі ўрад адзначыў, што ня бачыць падставаў зьмяняць сваю пазыцыю адносна закліку непалякаў у Польскую армію, паколькі далучэньне Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны да СССР адбылося ў выніку незалежна е волі тых народаў" 9.

У гэткіх складаных умовах савецка-польскіх узаемадачы неньняў адбывалася фармаваньне Польскай арміі ў СССР. 25 сьнежня 1941 г. Дзяржаўны камітэт абароны СССР выдаў распараджэньне, якім забаранялася мабілізацыя ў Армію Андэрса прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў. На пачатку 1941 г. справа мабілізацыі ў Польскую армію была цалкам ускладзена толькі на савецкія ваенкаматы, якія сачылі за тым, каб у польскія часткі не прымаліся беларусы ды ўкраінцы. Пад ціскам савецкага боку шэф штабу Польскай арміі падпалкоўнік Кліменс Рудніцкі выдаў загад аб забароне прыйма непалякаў у аддзелы10 . Здараліся выпадкі, калі добраахвотнікі атрымлівалі адмову на падставе "няпольскага" прозьвішча альбо веравызнань ня. У дадзенай сытуацыі многія беларусы былі вымушаныя хаваць сваё сапраўднае нацыянальнае паходжаньне й падаваць сябе за палякаў. Так, каб патрапіць у Армію Андэрса, палякамі назваліся нават такія вядомыя беларусы, як Пятро Конюх, Пётра Сыч, Хведар Кажаневіч ды інш. Хведар Кажаневіч прыгадвае: "Я ўбачыў вельмі шмат беларусаў і ўкраінцаў, якіх палякі не прымалі ў армію, даведаўшыся, што яны не палякі. Даведаўшыся аб гэтым, я быў вымушаны схаваць той факт, што я зьяўляюся беларусам… Было мне тады толькі 17 гадоў…"11 . Як прыгадвае ў сваіх успамінах афіцэр польскай нацыяналь насьці з 3-й дывізіі карпацкіх стральцоў Уладзіслаў Гурскі, "савецкія ўлады падчас прыйма ў польскае войска былі пільнымі й не дапушчалі туды жыхароў усходніх тэрыторыяў Польшчы- беларусаў і ўкраінцаў. У сувязі з гэтым тыя асобы мусілі мець шмат гарту й волі духу, каб дамагчыся ўступленьня ў польскія аддзелы. Яны падавалі сябе за палякаў, часам нават зьмянялі прозьвішчы ды імёны, а нярэдка, каб не заставалася аніякага сумніву, праваслаўныя запісваліся каталікамі. З аднаго боку яны хацелі засьведчыць сваю прыхільнасьць да Рэчы Паспалітай, а зь іншага - як мага хутчэй пакінуць "нялюдзкую зямлю". Усе гэтыя добраахвотнікі заслугоўвалі павагі й шанаваньня, усе яны былі прыкладнымі жаўнерамі" 12. Амбасадар С. Кот быў вельмі занепакоены зьўленьнем вышэйзгаданага загаду Рудніцкага. Ён даводзіў камандаваньню Польскай арміі, што сярод беларусаў і ўкраінцаў складваецца ўражаньне, быццам іх не прымаюць у польскія часткі менавіта з ініцыятывы польскага боку. У сувязі з гэтым ён раіў тлумачыць добраахвотнікам - прадстаўнікам нацыянальных меншасьцяў - усю сутнасьць справы.

Тым часам, на працягу сьнежня 1941 г. Польская армія была перакінутая на тэрыторыю Сярэдняй Азіі, дзе адбывалася далейшая мабілізацыя. Да сярэдзіны 1942 г. былі цалкам сфармаваныя: штаб арміі, 5-я, 6-я, 7-я пяхотныя дывізіі, запасны асяродак арміі, у стане камплектацыі знаходзіліся 8-я, 9-я й 10-я дывізіі. Згодна з савецка-польскай вайсковай дамовай ад 14 жніўня 1941 г. Польская армія павінна была змагацца на нямецка-савецкім фронце. Аднак былыя зьняволеныя й вязьні савецкіх лягераў, ня мелі жаданьня абараняць дзяржаву, што прынесла ім столькі пакутаў і нядолі. У выніку генэрал Андэрс дамогся ад Сталіна згоды на эвакуацыю польскіх частак на тэрыторыю Ірана. Напярэдадні эвакуацыі камандаваньне Чырвонай Арміі запатрабавала адкліканьня непалякаў з польскіх частак. Аднак яшчэ 22 красавіка 1942 г. генэрал Андэрс выдаў загад да камандзераў польскіх дывізіяў аб раўнапраўным трактаваньні нацыянальных меншасьцяў у арміі. Асьцерагаючыся, што выданьне гэтага загаду выкліча абурэньне савецкага боку, польскае камандаваньне прадпісвала пасьля азнаямленьня адразу спаліць гэты дакумэнт. Згодна з гэтым таемным загадам звальняць непалякаў з войска загадвалася толькі па стане здароўя13 . У выніку згодна з дадзенымі камандаваньня Польскай арміі ў пэрыяд з 1 ліпеня па 1 жніўня 1942 г. па стане здароўя з войска было звольнена 350 жаўнераў, у тым ліку 24 праваслаў ныя14. Маюцца аднак іншыя лічбы. У прыватнасьці, галоўны праваслаўны капэлян Польскай арміі а. Курылас адзначаў, што толькі з адной 6-й пяхотнай дывізіі было звольнена 475 вайскоўцаў праваслаўнага веравызнаньня 15. Такім чынам, на працягу двух этапаў эвакуацыі (24 сакавіка - 4 красавіка й 5-25 жніўня 1942 г.) у Іран было выведзена 75488 вайскоўцаў і 37765 цывільных асобаў. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі польскага камандаваньня беларусы сярод эвакуаваных вайскоўцаў складалі 1397 чалавек16 . Аднак, насамрэч іх колькасьць была значна большая й складала ня менш 6-8 тыс. эвакуаваных.

На тэрыторыі Ірана Польская армія была перападпарадка ваная брытанскаму камандаваньню й пераапранутая ў новую вайсковую ўніформу. У выніку арганізацыйных зьменаў 25 верасьня 1942 г. была створаная Польская армія на Ўсходзе (ПАУ), часткі якой кватараваліся ў Іраку, Палестыне й Эгіпце, дзе праходзілі падрыхтоўку паводле стандартаў брытанскага войска. У ліпені 1943 г. з ПАУ вылучыўся 2-гі Польскі корпус пад камандаваньнем генэрала Андэрса. У склад гэтага корпусу ўваходзілі наступныя злучэньні: 5-я крэсавая дывізія пяхоты, 3-я дывізія карпацкіх стральцоў, 2-я панцырная брыгада (з 1945 г.- 2-я варшаўская панцырная дывізія), адзінкі корпуснага падпарадкаваньня ды інш. У гэты час асабовы склад 2-га корпусу налічваў 52688 чалавек17 . З прычыны ўдаваньня большасьці беларусаў за палякаў складана вызначыць колькасьць беларусаў сярод жаўнераў корпусу генэрала Андэрса. Напрыклад, паводле афіцыйнай статыстыкі ў 5-й крэсавай дывізіі пяхоты ўвесну 1944 г. знаходзілася ўсяго 460 беларусаў. Аднак ускосным сьведчаньнем шматлікай прысутнасьці нашых суайчыньнікаў зьяўляецца наяўнасьць у 2-м Польскім корпусе вайскоўцаў праваслаўнага веравызнаньня, большасьць з якіх (70%) складалі менавіта беларусы. Так, на 1 кастрычніка 1945 г. у корпусе генэрала Андэрса служылі 2385 жаўнераў праваслаўнага веравызнаньня. На студзень 1946 г. гэта лічба павялічылася да 2576 вайскоўцаў, у тым ліку - 33 афіцэраў. Такім чынам, магчыма меркаваць, што беларусы сярод польскіх вайскоўцаў гэтай канфэсіі складалі ня менш 1700-1800 чалавек. Аднак гэта лічба ёсьць мінімальнай, паколькі большасьць вайскоўцаў-бе ларусаў з 2-га корпусу складалі рыма-каталікі. Аналіз архіўных дадзеных дазваляе цьвердзіць, што лік беларусаў у 2-м Польскім корпусе за ўвесь пэрыяд яго існаваньня складаў каля 6 тыс. чалавек18 .

Нягледзячы на тое, што значная частка вайскоўцаў-белару саў адрозьнівалася ад польскіх жаўнераў сваім веравызнань нем, гэта не спрыяла павышэньню іх нацыянальнай самасьвядомасьці. Так, Польская аўтакефальная праваслаўная царква прытрымлівалася палітыкі палянізацыі нацыянальных меншасьцяў. Усе без вынятку праваслаўныя капэляны адпраўлялі набажэнствы па-польску. У 1942 г. у Польскай арміі на Ўсходзе паўстала пытаньне выданьня малітоўніка для жаўнераў праваслаўнага веравызнаньня, дзе беларуская мова была праігнара ваная з прычыны таго, што "беларусы дастаткова спалянізава ныя"19. Праўдападобна, што пэўная частка беларусаў хавала сваё нацыянальнае паходжаньне з прычыны дыскрымінацыі іх правоў з боку некаторых прадстаўнікоў польскага афіцэрскага складу. Аб учынках дыскрымінацыі на нацыянальнай глебе сьведчыць ліст міністра ўнутраных справаў да віцэ-міністра вайсковых справаў ад 14 верасьня 1942 г., дзе, між іншым, адзначалася: "З мэтай раўнапраўнага стаўленьня вайсковых уладаў да беларусаў і ўкраінцаў прашу Пана выдаць інструкцыю, якая б тлумачыла нашым афіцэрам усю шкоднасьць і агіднасьць нашай палітыцы адрознага стаўленьня іх да праваслаўных і грэка-каталіцкіх жаўнераў беларускай і ўкраінскай нацыяналь насьці. Уважаю надалей за мэтазгоднае правядзеньне сталай выхавальнай акцыі сярод жаўнераў беларускай і ўкраінскай нацыянальнасьцяў, каб утрымаць гэты элемэнт у жалезных рукавіцах адданасьці Рэчы Паспалітай" 20.

Пасьля праходжаньня адпаведнай падрыхтоўкі брытанскае камандаваньне вырашыла накіраваць Корпус генэрала Андэрса ў Італію, дзе акурат распачыналіся буйныя баявыя дзеяньні. З15 сьнежня 1943 г. па 5 красавіка 1944 г. 2-гі Польскі корпус быў перакінуты на Апэнінскую паўвыспу і ўлучаны ў склад 8-й брытанскай арміі. Войскі хаўрусьнікаў рыхтаваліся да пралому нямецкіх добра ўмацаваных абарончых лініяў "Густава" й "Гітлер", якія на поўдзень ад Рыму перакрывалі тэрыторыю Італіі ад Адрыятычнага да Тырэнскага ўзьбярэжжаў і перашкаджалі далейшаму прасоўваньню альянтаў на поўнач краіны. 23 сакавіка 1944 г. са згоды генэрала Андэрса 2-гі корпус быў накіраваны на ключавы прамежак нямецкай абароны - каля ўзвышша Касіна (Монтэ-Касіна). Першыя спробы авалодаць гэтым узвышшам былі зробленыя войскамі хаўрусьнікаў яшчэ ў студзені 1944 г. У выніку трох атакаў на варожыя пазыцыі страты хаўрусьнікаў склалі звыш 52 тыс. чалавек, у тым ліку- 8340 палеглымі. Перад злучэньнямі 2-га Польскага корпусу былі пастаўленыя складаныя задачы: 5-я крэсавая дывізія мусіла авалодаць ключавымі кропкамі нямецкай абароны на ўзвышшы Відма (польск. - прывід) і Сан-Анжэла. Тым часам 3-я дывізія карпацкіх стральцоў павінна была захапіць узвышшы 593 і 569, а затым авалодаць узвышшам Монтэ-Касіна, на вяршыні якога знаходзіўся сярэднявечны кляштар сьвятога Бенэдыкта, які абараняўся жаўнерамі нямецкай элітнай 1-й парашутнай дывізіі21 .

Штурм пачаўся 11 траўня. Аднак ужо праз суткі наступ хаўрусьнікаў быў спынены, й польскія адзінкі былі вымушаныя адысьці назад. Наступная атака адбылася толькі 18 траўня, калі вайскоўцы 2-га корпусу ўзьнялі на руінах кляштару брытанскі й польскі сцягі. Беларусы падчас бітвы вызначыліся гераізмам і адвагай. Пётра Сыч у сваіх успамінах пісаў: "Беларусы шчодра амылі сваёй крывёй шурпатыя, дзікія горы каля манастыра Монтэ-Касіна". Пра гэта ж сьведчаць успаміны як польскіх вайскоўцаў, так і цывільных асобаў. Вядомы польскі журналіст і пісьменьнік, аўтар аповесьці "Бітва за Монтэ-Касіна" Мельхіёр Ваньковіч наступным чынам апісвае геройскі ўчынак стральца 13-га батальёна "Рысі" 5-й крэсавай дывізіі Рыгора Булака падчас атакі на ўзвышша Відма 12 траўня: "Не засталося ніводнага сапёра, таму пяхотнікі мусілі самі прабіваць сабе дарогу наперад… Першым ідзе просты праваслаўны хлапец зь Віленшчыны Рыгор Булак - міна адрывае яму нагу. Аднак ён падымаецца на адной назе й стаіць… Я пазіраю на яго знэрвавана. Паварочваецца ён плячыма да непрыяцеля і ўздымае руку, нібыта хоча заглушыць гук снарадаў, нібыта гаворыць: "Сябры, раблю вам дарогу!" - і кідаецца ўсім целам наперад. Выбух міны. Жаўнеры пайшлі на прарыў…" 22. Нейкі час Булак уважаўся загінулым, паколькі цела так і не знайшлі. Аднак пасьля вайны высьветлілася, што падчас той атакі ён страціў руку, нагу й вока, аднак не загінуў, а быў падабраны немцамі й знаходзіўся ў палоне.

Прыклады мужнасьці нашых суайчыньнікаў падчас бітвы за Монтэ-Касіна можна прыгадваць і далей. Так, напрыклад, стралец 4-й роты 1-га батальёна Ўладзімер Кішулка зь Віленшчыны ў часе адной з атакаў адарваўся ад свайго аддзелу. Увыніку быў аточаны немцамі й цягам некалькіх гадзінаў адстрэльваўся ад ворага. Урэшце трапіў у палон. Але ў той жа дзень яму ўдалось зьбегчы й вярнуцца ў свой аддзел. У адной зь першых атакаў на ўзвышша Касіна сьмерцю героя загінуў беларус падпаручнік Эдвард Лазічонак.

Ля падножжа Монтэ-Касіна знайшлі свой апошні прытулак людзі, жыцьцёвы шлях якіх быў розным. Так, напрыклад, беларус зь Лідчыны Канстанцін Астрэйка да ўступленьня ў Армію Андэрса служыў у Чырвонай Арміі. Аркадзь Барысевіч і Антон Хвайніцкі да таго, як апранулі польскія мундуры, прайшлі праз жахі савецкіх лягераў ваеннапалонных і працоўныя абозы. Юры Ясінскі паходзіў з сям’і лесьніка з Палесься й меў толькі 17 гадоў, калі загінуў. Пасьля вайны сябры й паплечнікі па службе Ясінскага напісалі ліст у кадэцкую школу ў Барбары, якую скончыў малады герой. У лісьце адзначалася: "Мы ўсе шчыра яго палюбілі _ вясёлага й бойкага. Ён нас пакінуў, як травеньская кветка, якая расьцьвіла, але раптам была скошаная швабскай куляй. Аддаем яму пашану й шануем аб ім памяць…" 23. Падчас бітвы быў цяжка паранены беларус Мікалай Мароз, які памёр у 1949 г. Камандзер роты 3-й карпацкай дывізіі капітан Тадэвуш Радваньскі ахарактарызаваў беларусаў са свайго падразьдзелу як "прыкладных жаўнераў" 24. Варта адзначыць, што ў бітве за Монтэ-Касіна бралі ўдзел такія вядомыя беларусы, як Пятро Конюх, Кастусь Шыбіцкі, Віктар Астроўскі, Хведар Кажаневіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Аркадзь Міклашэвіч (брат Ларысы Геніюш). Чарговым сьведчаньнем адвагі нашых землякоў у часе бітвы зьяўляюцца сотні прозьвішчаў беларусаў сярод кавалераў Памятнага крыжа Монтэ-Касіна - узнагароды для ўдзельнікаў бітвы. Акрамя таго, вядомыя прозьвішчы 80 беларусаў, якія атрымалі высокую польскую вайсковую ўзнагароду - Крыж Змагарных, 45 - Срэбны Крыж Заслугаў з Мячамі й 7 - Залаты Крыж Заслугаў з Мячамі25.

Пасля пралому лініі "Густава" беларусы з 2-га Польскага корпусу бралі ўдзел у далейшых баталіях на італьянскім фронце, у тым ліку ў авалоданьні Анконай (18 ліпеня 1944 г.) і Балёніяй (21 красавіка 1945 г.). Тут таксама вызначыліся нашы землякі. Варта прывесьці некалькі яскравых прыкладаў іх гераізму. Так, напрыклад, беларус з 16-га батальёну 5-й крэсавай дывізіі Ўладзімер Унучак 1 лістапада 1944 г. атрымаў падзяку камандаваньня за тое, што "як выбаровы стралец забіў аднаго й параніў другога жаўнера з непрыяцельскага кулямётнага разьліку "Шпандаў". А Зьміцер Прыбалавец атрымаў дзьве падзякі ад камандаваньня 3-й дывізіі карпацкіх стральцоў: 19 ліпеня 1944 г. - "за мужнасьць і адвагу падчас атакі на нямецкія пазыцыі ў раёне ўзвышша № 1431", а 10 жніўня 1944 г. _ "за ўзяцьце ў палон нямецкіх вайскоўцаў" 26. Сотні беларусаў аддалі свае жыцьці за вызваленьне Італіі падчас баявых дзеяньняў на поўначы краіны. Так, 27 ліпеня 1944 г. у баях пад Анконай (Адрыятычнае ўзьбярэжжа) загінуў родны брат Ларысы Геніюш - Аркадзь Міклашэвіч. 8 жніўня 1944 г. каля мястэчка Лярэта загінуў падпаручнік 4-га панцырнага палка "Скарпіёны" беларус з-пад Бельску Леанід Федарук. За мужнасьць і адвагу гэты афіцэр яшчэ пры жыцьці быў ганараваны Крыжам Змагарных, а таксама найвышэйшай польскай вайсковай узнагародай - Ордэнам Virtuti Militаri27. Варта адзначыць, што падчас баявых дзеяньняў у Італіі загінула 863 нараджэнцы Беларусі 28. Складана назваць сярод гэтай лічбы дакладную колькасьць беларусаў з паходжаньня. Няма сумніву толькі адносна палеглых герояў праваслаўнага веравызнаньня. У прыватнасьці, на могілках Монтэ-Касіна пахавана 47 праваслаўных беларусаў, тым часам як у Лярэта налічваецца 55 праваслаўных крыжоў, у Касамасіма - 10 і ў Балёніі - 56. Пераважную большасьць складаюць жыхары гарадоў і мястэчак Беларусі - Наваградка, Нясьвіжа, Дзісны, Глыбокага, Паставаў, Вілейкі, Браслава, Пінска, Лунінца й г.д. Аднак, як ужо зазначалася, і сярод вышэйзгаданых загінулых жаўнераў каталіцкага веравызнань ня бальшыню складалі нашы суайчыньнікі.

Кажучы пра змаганьне беларусаў у складзе Польскіх узброеных сілаў, неабходна закрануць і пытаньне дэзэрцыі сярод вайскоўцаў беларускага паходжаньня. З аналізу архіўных дадзеных вынікае, што колькасьць беларусаў сярод польскіх дэзэртыраў за ўвесь пэрыяд існаваньня Польскіх узброеных сілаў не пераўзыходзіла 2% ад агульнай лічбы. Маюцца зьвесткі адносна 92 беларусаў-дэзэртыраў з Польскай арміі ў СССР, Польскай арміі на Усходзе і 2-га Польскага корпусу. Магчыма вылучыць два асноўныя пэрыяды, калі назіраўся найбольш высокі адсотак дэзэрцыі. Першы пэрыяд - падчас знаходжаньня Польскай арміі на тэрыторыі Савецкага Саюзу (жнівень 1941 - жнівень 1942 г.), калі дэзэртавала ня менш 32 беларусаў праваслаўнага веравызнаньня. У якасьці асноўных прычынаў можна разглядаць савецкую агітацыю, накіраваную на апанаваньне польскіх аддзелаў, а таксама ўчынкі дыскрымінацыі ў дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў з боку польскіх афіцэраў і жаўнераў. Другі пэрыяд - з моманту заканчэньня баявых дзеяньняў у Італіі да перадысьлякацыі ў Вялікабрытанію (травень 1945- верасень 1946 г.)29. У гэты час асноўнай прычынай дэзэрцыі выступалі побытавыя падставы _ доўгае растаньне з роднымі й жаданьне як мага хутчэй вярнуцца на Бацькаўшчыну. Імкненьне вярнуцца распальвалі й савецкія эмісары, якія намагаліся выкарыстаць нацыянальна стракаты склад 2-га Польскага корпусу ў сваіх палітычных мэтах. Так, супрацоўнікі савецкай місіі ў Рыме ажыцьцяўлялі выезды ў месцы кватараваньня польскіх аддзелаў, дзе заклікалі беларусаў і ўкраінцаў да дэзэрцыі й пераезду ў СССР. У будынку савецкай місіі хаваліся дэзэртыры з 2-га корпусу, а адтуль іх накіроўвалі ў савецкі фільтрацыйна -праверачны лягер № 300 у г. Сан-Валянціна (Аўстрыя)30 . Між іншым, савецкія эмісары ў Італіі й на Сярэднім Усходзе мелі ўласную статыстыку што да нацыянальных меншасьцяў у польскіх фармаваньнях. Так, на іх думку, беларусы і ўкраінцы толькі ў 2-м Польскім корпусе на Сярэднім Усходзе складалі ня менш 6-7 тыс. чалавек31 . Аднак варта памятаць, што вайскоўцы-беларусы, якія дэзэртавалі пры дапамозе савецкіх эмісараў, не былі заўзятымі прыхільнікамі СССР. У большасьці свой учынак яны тлумачылі сумам па сваіх сем’ях, пакінутых яшчэ ў 1939-1940 гг. Сярод дэзэртыраў былі беларусы, якія вызначыліся падчас бітвы пад Монтэ-Касіна, - Уладзімер Косік і Вячаслаў Гузавяка з Валожына, Хведар Вазьняк з-пад Маладзечна ды інш. Вядомы выпадак, калі ў сярэдзіне красавіка 1944 г. пад уплывам прапаганды пранямецкае польскамоўнае радыёстанцыі "Ванда" на бок немцаў перайшлі 2 беларусы й 2 украінцы. Аднак быў гэта ці не адзіны выпадак падобнага кшталту32 .

У студзені 1945 г. 2-гі Польскі корпус папоўнілі каля 100 беларусаў зь ліку былых кадэтаў камандзерскай школы Беларускай краёвай абароны (БКА) ды іншых беларускіх нацыянальных фармаваньняў. Сярод новага папаўненьня былі Юры Весялкоўскі, Павал Навара, Янка Міхалюк, Кастусь Акула, Віктар Сянкевіч, Аляксандар Надсан і інш. Менавіта гэтая частка вайскоўцаў-беларусаў зьяўлялася найбольш нацыянальна сьведамай. Пра гэта сьведчыць ліст былога кадэта менскай афіцэрскай школы БКА Тодара Цімафейчыка, які, знаходзячыся ў шэрагах 2-га Польскага корпусу, у студзені 1945 г. пісаў да а. Часлава Сіповіча наступнае: "Нягледзячы на тое, што лёс закінуў нас у чужую і ад веку варожую армію, мы заўсёды будзем адданыя прысязе, прынятай перад абліччам беларускага народу й нашага прэзыдэнта" 33. Неўзабаве, на пачатку 1945 г. сярод вайскоўцаў 2-га Польскага корпусу паўстаў беларускі нацыянальны рух. Беларускія жаўнеры наладзілі сувязь з Радай БНР у Парыжы й атрымоўвалі адтуль газэту "Беларускія Навіны". Афіцыйны дазвол на распаўсюд гэтага выданьня сярод асабовага складу быў атрыманы 15 кастрычніка 1946 г. ад шэфа штабу 2-га корпусу генэрала Казімера Вісьнеўскага, за тэхнічны бок выкананьня гэтага загаду адказваў Яраслаў Жаба. Дзейнасьць беларусаў сярод польскіх вайскоўцаў падтрымлівалі грэка-каталіцкія сьвятары а. Часлаў Сіповіч і а. Леў Гарошка, у памяшканьні якіх адбываліся нарады вайскоўцаў. 25 сакавіка 1946 г. было наладжанае сьвяткаваньне ўгодкаў абвяшчэньня БНР 34.

Да верасьня 1946 г. 2-гі корпус працягваў знаходзіцца ў Італіі, дзе выконваў вартавую службу. Пасьля ён быў перакінуты ў Вялікую Брытанію, дзе адбываўся павольны працэс дэмабілізацыі й расфармаваньня польскіх частак. Пасьляваенны лёс вайскоўцаў-беларусаў склаўся па-рознаму. Так, большасьць нашых суайчыньнікаў вырашыла застацца на эміграцыі. Як вынікае са справаздачы праваслаўнага капэляна 5-й крэсавай дывізіі пяхоты а. Мікалая Макарэвіча, "жаўнеры не выказваюць жаданьня вяртацца на радзіму. Большасьць зь іх паходзіць з усходніх крэсаў, таму яны яшчэ ў 1939-1941 гадах зьведалі ўсе "раскошы" савецкага жыцьця"35 . Былыя жаўнеры корпусу генэрала Андэрса эмігравалі ў краіны Эўропы і Амэрыкі. Так, пасьля дэмабілізацыі вайскоўцы Польскіх узброеных сілаў пад брытанскай камандай абралі ў якасьці сталага месца жыхарства: Вялікабрытанію (90 тыс.), Францыю (22 тыс.), Канаду (7 тыс.), Бэльгію (7,5 тыс.), краіны Лацінскай Амэрыкі (8,5 тыс.) і інш. Сярод гэтых эмігрантаў было нямала й беларусаў.

З пераездам польскіх частак на Брытанскія выспы беларуская дзейнасьць сярод вайскоўцаў значна актывізавалася. 22 верасьня 1946 г. ініцыятыўная група вайскоўцаў-беларусаў прыняла рашэньне аб заснаваньні грамадзкай арганізацыі - Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ). У адной з дывізійных канцылярыяў таемна ад камандаваньня было наладжана друкаваньне бюлетэню "На шляху", на бачынах якога зьмяшчаліся інфармацыйныя камунікаты й адозвы да жаўнераў-бе ларусаў. Апрача таго, для дэмабілізаваных з польскіх аддзелаў, якія зьбіраліся эміграваць у іншыя краіны Заходняй Эўропы й Паўночнай Амэрыкі, друкаваліся кантактныя адрасы тамтэйшых беларускіх асяродкаў з заклікам падтрымліваць зь імі лучнасьць. У сувязі з тым, што большасьць беларусаў падчас службы ў 2-м Польскім корпусе была запісаная палякамі, дзеячы ЗБВБ заклікалі жаўнераў-беларусаў падчас дэмабілізацыі з польскіх частак патрабаваць ад камандаваньня зьмены ў асабовых дакумэнтах нацыянальнасьці. З гэтай мэтай быў распрацаваны польскамоўны просьбітны блянк на імя брытанскага камандаваньня, зьмест якога быў наступны: "Сьведчу, што ў маёй асабовай справе ў рубрыцы "нацыянальнасьць" я запісаны як "паляк", што не адпавядае сапраўднасьці. Ветліва прашу правесьці зьмену ў вышэйзгаданай рубрыцы з польскай нацыянальнасьці ў беларускую" 36. На жаль, гэта акцыя ня мела вялікага посьпеху. Адначасова ЗБВБ выказала гатовасьць да абароны правоў вайскоўцаў-беларусаў, якая выявілася ў камунікаце №1 Часовай управы ЗБВБ, дзе адзначалася: "Зьвяртаемся з заклікам да ўсіх жаўнераў-беларусаў Польскіх узброеных сіл ці ПКПР даваць нам знаць аб усіх перасьледаваньнях, перашкодах… вайсковага кіраўніцтва ў адносінах да іх, калі такія здараюцца… Нам вельмі добра вядома, што… высьмейваньне беларускай мовы ў гутарцы й падобнае - здараліся. ЗБВБ ад самага пачатку стала на абарону жаўнера-беларуса, нягледзячы на шынэль, які ён насіў - польскі ці ангельскі…" 37.

З мэтай легалізацыі беларускай дзейнасьці на найвышэйшым роўні быў выдадзены Камунікат ЗБВБ № 1, у якім гаварылася: "Зьвярнуцца да Галоўнага Штабу Польскіх Аружных Сіл з просьбай аб выдачы дазволу Беларусам-жаўнерам Польскай Арміі на ўступленьне ў ЗБВБ з паданьнем гэтага дазволу ў спэцыяльным загадзе й абвяшчэньнем ува ўсіх аддзелах Польскай Арміі"38. 16 лістапада шэф Галоўнага штабу Польскіх узброеных сілаў генэрал Станіслаў Капаньскі выдаў загад, які дазваляў "уступаць польскім вайскоўцам у Згуртаваньне беларускай самадапамогі ў Вялікай Брытаніі". Аднак гэта быў ужо цалкам фармальны бок пытаньня, паколькі на тэрыторыі Англіі на гэты час дзейнічала 18 аддзелаў ЗБВБ. 17-18 студзеня 1947 г. у Лёндане адбыўся Ўстаноўчы зьезд ЗБВБ, дзе прысутнічала ня менш 150 вайскоўцаў. Варта адзначыць, што дні працы зьезду былі абраныя не выпадкова. Паколькі пераважная большасьць вайскоўцаў-заснавальнікаў ЗБВБ былі праваслаўнага веравызнаньня, а яны маглі атрымаць адпачынак ад службы толькі на рэлігійныя сьвяты, то было вырашана прымеркаваць яго на Вадохрышча. Польскае камандаваньне не замінала беларускай дзейнасьці. Так, падчас сустрэчы з дэлегацыяй жаўнераў-беларусаў камандзер 5-й крэсавай пяхотнай дывізіі Нікадзім Сулік станоўча паставіўся да беларускай дзейнасьці, адзначыўшы, што да Першай сусьветнай вайны ён таксама быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу ў Пецярбурзе. На жнівень 1947 г. у ЗБВБ налічвалася ўжо ня менш 237 дэмабілізаваных польскіх вайскоўцаў, у тым ліку - Хведар Кажаневіч, Янка Міхалюк, Віктар Сянкевіч, Аляксандар Надсан, Кастусь Акула, Кастусь Нор, Бенэдыкт Кляйноў, Павал Асіповіч і інш39. Першым старшынём арганізацыі стаў былы афіцэр 5-й крэсавай дывізіі Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Былы афіцэр БКА й жаўнер 2-га Польскага корпусу Кастусь Нор быў абраны старшынёй Устаноўчага зьезду ЗБВБ. Пасьля дэмабілізацыі многія нашыя суайчыньнікі сталі актыўнымі грамадзка-палітычнымі ды культурніцкімі дзеячамі на эміграцыі. Так, акрамя ЗБВБ, у 1947 г. паўстала Згуртаваньне беларускіх камбатантаў у Вялікай Брытаніі, у статуце якога адзначалася: "Мусім аб’яднаць у шэрагах Згуртаваньня ўсіх беларусаў-жаўнераў арміяў саюзьнікаў". Акрамя таго, у 1947 г. былыя вайскоўцы Арміі Андэрса Юры Весялкоўскі ды Павал Навара заснавалі яшчэ адну арганізацыю ў Вялікабрытаніі - Хрысьціянскае аб’яднаньне беларускіх работнікаў (ХАБР), куды ўступілі 174 "андэрсаўцы" 40. Былы жаўнер 5-й крэсавай дывізіі Тодар Цімафейчык заснаваў Згуртаваньне беларускіх камбатантаў у Бэльгіі, а Кастусь Акула ў 1974г. ачоліў Камітэт сувязі былых беларускіх вэтэранаў і стаў галоўным рэдактарам друкаванага органа гэтай арганізацыі - часопіса "Зважай".

Беларускія вэтэраны на чужыне заўсёды шанавалі памяць пра палеглых пад Монтэ-Касіна суайчыньнікаў. Яшчэ ў траўні 1954 г. прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык наведаў могілкі Монтэ-Касіна, дзе ад імя беларускага народу ўсклаў памятны вянок. У прысутнасьці прэзыдэнта а. Татарыновіч па-беларус ку адправіў імшу па палеглых. 18 траўня 1979 г. у Італіі адбылося ўрачыстае сьвяткаваньне 35-х угодкаў бітвы за Монтэ-Касіна з удзелам Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, прэм’ер-міністра Італіі Дж. Андрыёці й польскіх эмігрантаў. У гэтых урачыстас цях узяла ўдзел і беларуская дэлегацыя ў складзе трох вэтэранаў вайны ў Італіі - Кастуся Маскаліка, Віктара Сянкевіча й Хведара Кажаневіча. На могілках Монтэ-Касіна быў ускладзены вянок зь бел-чырвона-белай стужкай і надпісам у беларускай і італьянскай мовах: "Сябрам, што загінулі, каб жыла Бацькаўшчына, - Беларускія Вэтэраны" 41.

Ня варта забывацца, што цягам 1946-1948 гг. каля тысячы былых жаўнераў Арміі Андэрса вярнуліся ў Беларусь, дзе яшчэ да вайны пакінулі свае сем’і. Спачатку савецкі ўрад заахвочваў "андэрсаўцаў" да вяртаньня". Але савецкая палітыка толькі вонкава нагадвала добразычлівую. З самага пачатку стаўленьне саветаў да жаўнераў заходніх хаўрусьнікаў было варожым. Так, у фільтрацыйных справах мелася рубрыка "Ці служыў у варожых фармаваньнях", дзе супрацоўнікі рэпатрыяцыйных органаў нярэдка занатоўвалі: "Служыў у арміі здрадніка генэрала Андэрса" 42. У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 г. органы МДБ правялі масавую акцыю па арышце й дэпартацыі разам зь сем’ямі былых жаўнераў корпусу генэрала Андэрса ў Іркуцкую вобласьць. У якасьці асноўнага матыву фігуравалі фармулёўкі: "ня браў удзелу ў Вялікай Айчыннай вайне… ня мае асаблівых заслугаў перад савецкай радзімай… знаходзіўся ў гады вайны за мяжой…служыў у арміі здрадніка Андэрса" 43. Вядомыя прозьвішчы 890 "андэрсаўцаў", якія былі дэпартава ныя ў Сібір. Сярод іх 285 жаўнераў, якія былі адзначаныя Памятным крыжам Монтэ-Касіна. Бадай што на працягу ўсяго свайго жыцьця яны былі вымушаныя трымаць у таямніцы свой удзел у гэтай бітве, паколькі ў савецкім грамадзтве словы "андэрсавец" ці "салдат арміі Андэрса" атаясамліваліся з выразамі "здраднік" і "вораг". Толькі ў 1993 г. згодна з новым Законам аб вэтэранах, былыя жаўнеры Арміі Андэрса атрымалі статус паўнапраўных удзельнікаў вайны, якія змагаліся супраць гітлераўскай навалы. Аднак на той час у Беларусі жылі толькі 12 былых удзельнікаў бітвы за Монтэ-Касіна 44. Падчас сьвяткаваньня 50-й гадавіны бітвы ў групе вэтэранаў 2-га Польскага корпусу могілкі Монтэ-Касіна наведалі й 6 беларусаў, якія ўшанавалі памяць палеглых землякоў. На жаль, на 60-я ўгодкі бітвы за Монтэ-Касіна, на ўрачыстасці ў Італію не прыехаў аніводзін беларус. На 2004 г. у Беларусі застаўся ў жывых толькі адзін удзельнік бітвы - Якуб Конан.

Крыніца: Юры Грыбоўскі. Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна: Артыкулы, дакументы, Мінскн., 2004

  1. Wojsko Polskie w II wojnie œwiatowej. Warszawa, 1994. S. 116.
  2. Glowacko Albin. Jeсcy polscy w ZSRR, wrzesieс 1939 _ lipiec 1941 // Wojskowy Przegl№d Historyczny. _ 1992, nr 3. _ S. 81.
  3. Kot Stanisіaw. Rozmowy z Kremlem. Londyn, 1959. S. 251.
  4. IPMS, Notatka S. Kota z posiedzenia poі№czonego Komitetu Politycznego i Komitetu ds. Krajowych z dnia 25 marca 1943 r., sygn.: A.10.3/12.
  5. IPMS, Podanie obywateli polskich Biaіorusinуw do Pana Przedstawiciela Ambasady RP w Pietropawіowsku Witolda Pіoskiego z dnia 14 maœa 1942 r., sygn.: A.11.49/sow./21.
  6. IPMS, Kronika 5 Dywizji w Rosji, sygn.: C.208/Ic.
  7. Anders Wladyslaw, Bez ostatniego rozdziala. Wspomnienia z lat 1939_1946, Londyn, 1959. S. 28.
  8. Instytut Polski i Muzeum im. gen. Sikorskiego (IPMS)/ Sygn.: A.XII.22/30L.
  9. IPMS, Zagadnienie obywatelstwa polskiego osуb narodowoœci niepolskiej, sygn.: A.11.49/sow./21.
  10. Siemaszko Zbigniew. Ukraiсcy i Bialorusini // Wiadomosci Polskie. Sydney z 19 kwietnia 1986.
  11. Грыбоўскі Ю., Козак К. Забытыя жаўнеры Польскага войска ў часы Другой сусьветнай вайны. Мн., 2003. С. 62.
  12. Gуrski Wіadysіaw. Žoіnierskim szlakiem przez Tobruk i Monte Cassino. Warszawa, 1989. S. 147.
  13. IPMS, Pobуr mniejszosci narodowych do Polskich siі Zbrojnych, sygn.: A.11.49/sow./21.
  14. IPMS, sygn.: A.XII.3/22.
  15. IPMS, Odpis ks. Grzegorza Kuryіasa do arcybiskupa grodzieсskiego i nowogrуdzkiego Sawy z dnia 9 czerwca 1944 r., sygn.: A.XII.28/17.
  16. IPMS. Sygn.: A.XII. 3/22.
  17. Partacz Czeslaw, Lada Krzysztof. Polska wobec ukraiсskich d№zeс niepodlegіoœciowych w czasie II wojny œwiatowej. Toruс, 2003. S. 188.
  18. IPMS. Sygn.: A.XI.17/12.
  19. IPMS. Sygn.: A.XIІ.28/17а.
  20. IPMS. Sygn.: A.XIІ.15/8.
  21. Partacz Czesіaw, Јada Krzysztof. Polska wobec ukraiсskich d№zeс niepodlegіoœciowych w czasie II wojny œwiatowej. Toruс, 2003. S. 188.
  22. Waсkowicz Melchior. Monte Cassino. Warszawa, 1992. S. 168.
  23. Waсkowicz Melchior. Monte Cassino. Warszawa, 1992. S. 181.
  24. Radwaсski Tadeusz. Karpatczykami nas zwali. Warszawa, 1978. S. 275-276.
  25. Падлік паводле Spod Monte Cassino na Sybir. Deportacja byіych žoіnierzy Polskich Siі Zbrojnych na Zachodzie z Biaіorusi, Litwy i Ukrainy w 1951 r. Warszawa, 1998.
  26. Spod Monte Cassino na Sybir. Deportacja byіych žoіnierzy Polskich Siі Zbrojnych na Zachodzie z Biaіorusi, Litwy i Ukrainy w 1951 r. Warszawa, 1998. S. 165.
  27. Walcz№ce "Skorpiony". Historia puіku 4-go pancernego w fotografii. Londyn, 1975. S. 225.
  28. Wykaz polegіych їoіnierzy Polskich Siі Zbrojnych na obczyŸnie. 1939_1946. Londyn, 1952. S .87.
  29. IPMS. Sygn.: A.XII. 59/11.
  30. Архіў інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Менскім аблвыканкаме. Спр. 2314. С. 7-9.
  31. Архіў Зьнешняй палітыкі Расейскай Фэдэрацыі. Ф.0122. Воп. 27. Спр. 46. Л. 38-39.
  32. Radiostacja "Wanda". Relacja W. Kaneckiego (w:) Dzieje Najnowsze. 1989. _ nr 1. S. 196-197.
  33. Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны. Фонд біскупа Ч. Сіповіча.
  34. Беларуская бібліятэка імя ф. Скарыны. Фонд біскупа Ч. Сіповіча.
  35. IPMS. Sygn.: A.XII.28/17c.
  36. Архіў Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі.
  37. Архіў Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі.
  38. Беларускія Навіны. 1946. - №1(6).
  39. Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 80-81.
  40. Архіў Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Картатэка сяброў арганізацыі.
  41. Сянкевіч Віктар. Беларусы пад Монтэ-Касіна // Зважай. 1988, №3. С. 2.
  42. Цэнтральны архіў КДБ Рэспублікі Беларусь. Спр. 49630. С. 3.
  43. Архіў інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Менскім аблвыканкаме. С. 2348.
  44. Дадзеныя атрыманыя з Дэпартамэнту па справах вэтэранаў і рэпрэсаваных у Варшаве.