Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Асобны Дабравольны Народны Аддзел БНР

Камандаваў Асобным Дабравольным Народным Аддзелам, у якім было каля сотні шабляў і пяці соцень штыкоў, Станіслаў Булак-Балаховіч. У той час ён называў сябе, у залежнасьці ад акружэньня, зь якім меў дачыненьні, - генэрал-маёрам, бацькам і атаманам, аднак сутнасьць не ў найменьні. Булак-Балаховіч, разам з Барысам Савінкавым, аказаў значны (хоць некалькі й перабольшаны погаласкай) уплыў на антыбальшавіцкія выступленьні і партызанскую барацьбу на Беларусі. Ва ўсякім разе, сьцьверджаньне савецкага гісторыка М. Баравога, што "ўсе бандыцкія арганізацыі ў БССР і за мяжой былі аб'яднаны савінкаўскім Союзом Защиты Родины и Свободы, зь якім у цесным кантакце супрацоўнічалі Булак-Балаховіч і Беларускі Палітычны Камітэт", не адпавядае цалкам сапраўднасьці. Аднак нават тая нязначная ступень верагоднасьці, што зь вялікай цяжкасьцю падаецца дакладнаму акрэсьленьню, усё-ж павінна быць прынята пад увагу, хаця ацэнка такой адыёзнай асобы, як Булак-Балаховіч, вымагае ад дасьледчыка-гісторыка пераадоленьня шматлікіх складанасьцяў.

Па-рознаму запомніўся сваім сучасьнікам Станіслаў Булак-Балаховіч.

"Нявысокі, малады, чарнявенькі, хударлявы й вельмі нэрвовы. Увесь час гаворыць, гадзіны чатыры, калі ня больш. Падхопліваецца, зноў садзіцца.

- Я ня белы генэрал. Я зялёны генэрал. Кажуць - авантурыст? Аднак-жа барацьба з бальшавікамі - па сваёй сутнасьці авантура. У мяне свае спосабы...

I ягоныя спосабы, чым даўжэй ён гаварыў, здаваліся мне някепскімі, бадай, і дзейснымі, бо таксама - бальшавіцкія.

- Толькі адзін мой атрад Эстонія выпусьціла ўзброеным. Мае людзі адмовіліся здаць зброю. У красавіку я зноў зь імі іду на бальшавікоў. Мне ўсё роўна, хоць адзін, - аднак на іх. Палякі возьмуць мяне. Атрад ужо ў Брэсьце-Літоўскім, я пабачуся зь Шлсудскім і адразу паеду ў атрад. Потым зноў вярнуся. Я беларус, каталік, аднак я змагаўся за Расею і я буду рабіць расейскую справу.

Так, ён можа быць патрэбным, хоць і можа аказацца страшным, калі яму даверыцца й дазволіць яму распараджацца. Ён - сродак, ён, можа, добра прыстасаваны да бальшавізму й бальшавіцкіх галоў, аднак якая моцная рука зможа ўтрымаць гэты молат, дзе яна?

Балаховіч - інтуіт, дзікун і свавольнік. Нянавісьць да бальшавікоў - гэта ягонае ўсеахопнае пачуцьцё. Аднак пры тым ён яшчэ і хітры, самаўпэўнены і сябелюбны. Зусім не "разумны", аднак у ім ёсьць іскрынкі нейкай інтуіцыі. Ён, бязумоўна, разбойнік і забойца, аднак цяпер, па часе, пасьля гэтых гадоў страшэннай крыві, ці ня больш страшны, ці ня больш грэшны Сярожа Папоў, пакорліва-пяшчотны талстовец? Ва ўсякім разе, Балаховіч - генэрал "з сакрэтам".

Доўга і блытана расказваў, як ён арыштоўваў Юдзеніча. Зразумець у гэтым гістэрычным аповядзе -я нічога не зразумела, або мала, аднак прызнаюся, што была на баку Балаховіча, а не Юдзеніча...".

"Камандзір палка Булак-Балаховіч быў прыгожы мужчына гадоў сарака трох, сярэднага росту, шыракаплечы, з чорнымі, як смоль, вусікамі, якія ён, седзячы на кані, любіў падкручваць праваю рукою, а леваю браўся ў бокі, як і належала хвацкаму кавалерысту.

Паяўляўся ён у нас на галоўнай вуліцы Лугі ў акружэньні сьвіты зь пяці-шасьці афіцэраў, сярод якіх асабліва вылучаўся цыбаты і худы брат Балаховіча - Юзік і ад'ютант камандзіра - ротмістр Аксакаў з дагледжанай чорнай бародкай і бліскучымі белымі зубамі <...>

Усе балахоўцы звалі свайго камандзіра Бацька. Як я потым даведаўся, так звалі салдаты Булака-Балаховіча, па-першае, таму, што яны любілі яго, як бацьку роднага, а па-другое, таму, што камандзір цярпець ня мог, калі да яго зьвярталіся "таварыш камандзір", як гэтага патрабавала новае вайсковае камандаваньне. А зрэшты, цяжка было разабраць, хто быў непасрэдным начальнікам Бацькі -Балаховіча".

Вострую ацэнку Булаку-Балаховічу даў былы старшыня Дзяржаўнай Думы М. Радзянка, які напісаў яму ў прыватным лісьце: "3 фальшываманетчыкамі і м... нічога агульнага ня маю...".

Беларускі нацыянал-фашыст Фабіян Акінчыц у сваёй брашуры з характэрнай назвай "Спэкулянты беларускай душою" так адзываецца пра Булака-Балаховіча: "Быў час, калі паявіўся на Беларусі самазваны беларускі генэрал Булак-Балаховіч, набраў сабе ў хаўрус падобных да сябе прайдзісьветаў і бандытаў і давай зазываць беларускіх сялянаў пад беларускі сьцяг. Ня зналі тады сяляне, хто такі гэты Балаховіч, аднак чулі заклік: "За Незалежную Беларусь!" і адважна ішлі на сьмерць".

Больш асьцярожна характарызуе Булака-Балаховіча ў сваёй капітальнай працы генэрал М. Галавін: "У сярэдзіне кастрычніка 1918 г. да яшчэ не сфармаванай поўнасьцю Паўночнай Арміі перайшоў ад бальшавікоў партызанскі аддзел Булака-Балаховіча. Апошні, па сваім маральным абліччы, больш падыходзіў да тыпу "сялянскага атамана", або, як ён сам сябе называў, "бацькі", чым да тыпу афіцэра рэгулярнага войска".

Рабіць вывад з усіх гэтых характарыстык дачасна, бо ўсе яны ў большай ці меншай ступені суб'ектыўныя. Калі-ж дапусьціць, што Булак-Балаховіч быў фальшываманетчыкам, то справядлівасьць патрабуе напомніць: у той час амаль кожны вялікі горад ці вялікая вайсковая частка выпускала боны, г. зн. эрзац грашовых асігнацыяў, якія замянілі грашовыя білеты бязьдзейнага на той час Дзяржаўнага Манетнага Двара. Паўсюдна гэтыя боны каціраваліся на мясцовых рынках вышэй, чым "думскія" асігнацыі - грашовыя білеты Дзяржаўнай Думы з малюнкам Таўрычнага палацу, і непараўнальна вышэй, чым "керанкі" - асігнацыі Часовага Ураду.

Можна таксама сумнявацца ў праўдзівасьці выказваньняў Барыса Савінкава як перад Юзафам Шлсудскім, так і перад старшынёй Рэвалюцыйнага трыбуналу Ульрыхам. Савінкаў быў дастаткова разумны і асьцярожны, каб нават перад пагрозай сьмерці вылажыць усе свае эсэраўскія сакрэты на бальшавіцкі стол.

Пра думку бальшавікоў адносна Булака-Балаховіча гаварыць няма сэнсу - для іх ён сторазовы бандыт, хаця бандытамі яны назавуць адначасна і Радзянку, і Савінкава, і Пілсудскага, і Галавіна, і Акінчыца, і ўсіх тых, хто наагул іх ненавідзеў і змагаўся зь імі. Усё-ж ня лішне прыгадаць, што нават і па сёньняшні дзень бальшавікі, забываючыся часам на Радзянку, Савінкава, Шлсудскага і іншых, ніяк ня могуць забыцца пра Булака-Балаховіча.

Успомнім сэсію Агульнага Зьезду Задзіночаных Нацыяў у Парыжы, якая адбылася ў сьнежані 1951 году.

"Вышынскі, пырскаючы ад злосьці сьлінай, калоцячы па стале кулаком, абрынуў на галовы сваіх заходніх калег із Задзіночаных Нацыяў цэлы паток дзікіх выдумак, зьмешаных з грубай лаянкай у адрас усіх эмігрантаў. Вышынскі тады крычаў (гл. "Праўду" ад 21 і 22 сьнежня 1951 г.):

"Нам ужо ведамыя спробы "вызваліць" наш народ. Гэтыя спробы былі зроблены ўпяршыню на наступны-ж дзень пасьля таго, як перамагла Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. Вы бачылі тады сваю задачу ў тым, каб таксама "вызваляць" рускіх рабочых і сялян ад савецкай улады, і з гэтаю мэтаю пачалі сваю ўзброеную інтэрвэнцыю ў Савецкую Расію і лілі залатою ракою свае долары ў кішэні балагвардзейскіх генэралаў для таго, каб памагчы... Каму? Булаку-Балаховічу, Юдзенічу, Дзянікіну, Калчаку, Краснову, Чайкоўскаму, меншавікам, бела-эсэрам, дывэрсантам, тэрарыстам!"".7

Пераказаўшы думку адных адносна Булака-Балаховіча, неабходна падаць таксама меркаваньні і другіх, каторыя ўвесь час або эпізадычна ішлі разам з Булаком-Балаховічам і ўскладалі на яго пэўныя надзеі. Аднак раней трэба, хоць-бы й коратка, пазнаёміцца зь біяграфіяй Булака-Балаховіча за пэрыяд, што папярэднічаў узьнікненьню Асобнага Дабравольнага Аддзелу.

Калі рэвалюцыя 1905 году ахапіла Беларусь, самы чынны ўдзел у ёй прыняла беларуская сялянская галота. Інакш і не магло стацца. Досыць успомніць тут ведамую ў Наддзьвіньні народную песьню:

Мы, братка, - плытагоны.
Плывуць нашы загоны...
Адна шапка на трох,
Адны порткі на двох,

альбо іншую, ня менш характэрную:

Ад начы да начы Мы ідзем- асначы,
А ўначы, як прывалім, -Усе маёнткі падпалім.

Пакутуючы ад малазямельля, беларускія сяляне пачалі зь віламі й косамі ў руках захопліваць вялікія і шматлікія маёнткі абшарнікаў, якія належалі пераважна палякам і расейцам.

Булак-Балаховіч Станіслаў Нікадзімавіч нарадзіўся каля 1875 г. на Ковеншчыне ў сям'і фальварковага арандатара. Зьвестак пра яго дзяцінства і юнацтва няма.* Аднак ведама, што зусім маладога ў той час агранома Булака-Балаховіча сяляне Дзісьненшчыны абралі сваім рэвалюцыйным судзьдзём. I Булак-Балаховіч гэтак добра палагоджваў іхнія шматвяковыя спрэчкі з абшарнікамі, гэтак добра браў іх заўсёды і ўсюды пад сваю абарону, што сівабародыя дзядзькі далі яму, амаль што юнаку, мянушку Бацька, якая замацавалася за ім на ўсё жыцьцё.

*Падрабязны жыцьцяпіс С. Н. Булака-Балаховіча гл. у кнізе: Marek Cabanowski. General Bulak-Balachovicz.Warszawa. 1993,203 s.

Бацькам называлі яго коньнікі створанага ім у часе Першае сусьветнае вайны коннага дывэрсійнага аддзелу. Булак-Балаховіч ня быў вайскоўцам па сваім фаху, аднак пазіцыйная вайна была яму не да спадобы, і ён, з дазволу начальства, арганізаваў гэты дабравольны конны дывэрсійны аддзел, які складаўся вылучна зь беларусаў і дзейнічаў па той бок лініі фронту ў раёне Дзьвінску - найбліжэйшым тыле немцаў. Пра дзейнасьць гэтага аддзелу сьведчаць перахопленыя разьведкай расейскай арміі рапарты, у якіх немцы называюць камандзіра дывэрсійнага аддзелу ня інакш, як ferfluchte Vater - - "пракляты бацька".

Бацькам называлі яго драгуны коннага палка, якім ён пазьней камандаваў у арміі Юдзеніча і які таксама моцна даўся ў знакі бальшавіцкім захопнікам. Адзінае, што лучыла Булака-Балаховіча і Юдзеніча, - гэта сумесная барацьба з агульным ворагам - і толькі. Беларус па сваім паходжаньні, Юдзеніч быў зацятым расейскім манархістам па сваіх перакананьнях. Булаку-Балаховічу было зь ім не па дарозе. Булак-Балаховіч быў "Бацькам", а не "Отцом".

На самым пачатку грамадзянскай вайны аддзел Булака-Балаховіча знаходзіўся ў горадзе Луга й наклікаў на сябе гнеў савецкай улады. Перш за ўсё, трэба адзначыць, што балахоўцы нават сваім зьнешнім выглядам істотна адрозьніваліся ад чырвонаармейцаў разьмешчаных у Лужскім павеце двух палкоў: артылерыйскага і Ізборскага пяхотнага.

"Кавалерысты-салдаты, - успамінае пра балахоўцаў Неа-Сільвестар, - зьвярталі на сябе ўвагу ня толькі заўсёды дагледжанай формай і казацкімі шапкамі з жоўтым верхам, аднак й дысцыплінаванасьцю, што ў тыя часы было ўжо рэдка. Амаль усе яны - маладыя людзі, і шмат хто зь іх быў падобны да юнкера".

Яшчэ больш адрозьніваліся балахоўцы ад чырвонаармейцаў сваімі дзеяньнямі. Варта было толькі зьявіцца балахоўцам у вёсках павету, каб згодна з бальшавіцкім загадам пакараць насельніцтва за супраціў харчовым загараджальным атрадам, як у гэтых вёсках успыхвалі бунты супраць савецкай улады, "прычым найчасьцей атрымлівалася так, што забітымі аказваліся камуністы або члены камбедаў".

У самім горадзе балахоўцы прытрымліваліся той-жа тактыкі. Калі Булаку-Балаховічу сказалі, што ўрэшце рэшт старшыня Лужскага савету Сандзон пачне арыштоўваць асобных балахоўцаў, той адказаў: "Няхай толькі паспрабуе - разьнясем усю міліцыю па цаглінцы, а самога старшыню павесім на ліхтары!".

Начальнік Петраградскай ЧК Урыцкі загадаў арыштаваць, а ў крайнім выпадку забіць Булака-Балаховіча й расфармаваць ягоны аддзел. Але чырвонаармейцы Ізборскага палку адмовіліся арыштоўваць Булака-Балаховіча і абяззбройваць ягоных байцоў. Пасьля мітынгу, на якім выступаў Булак-Балаховіч, артылерысты аб'явілі сябе нэўтральнымі. Чэкісты, пасланыя зьнішчыць Булака-Балаховіча, спазьніліся. Каля вёскі Тарошына балахоўцы з музыкай перайшлі савецка-нямецкую дэмаркацыйную лінію. А на разьвітаньне Булак-Балаховіч урачыста паабяцаў хутка вярнуцца й разьлічыцца з бальшавікамі.

Яшчэ пры немцах на тэрыторыі Эстоніі пачала фармавацца Паўночная армія Юдзеніча. Булак-Балаховіч спачатку ўвайшоў у ейны склад, аднак даволі хутка, пасьля непаразуменьняў з камандуючым, выйшаў зь яе, заняўшы самастойны ўчастак эстонска-бальшавіцкага фронту каля Гдоўскага возера.

7 лістапада 1918 г., у дзень першых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Булак-Балаховіч зрабіў налёт на Талабайскія астравы Гдоўскага возера. Тут ён схапіў і павесіў бальшавіцкіх кіраўнікоў - Заліту, Бялова й Галахава. Праз тыдзень частка балахоўцаў прыняла ўдзел у Вяліжскім паўстаньні (зазначым: ад Гдоўскага возера да Вяліжу каля 300 кілямэтраў). 15 травеня 1919 г. аддзел Булака-Балаховіча, пераправіўшыся на лодках праз Гдоўскае возера, нечакана для бальшавікоў заняў горад Гдоў. Гэтая дывэрсія памагла эстонскім часткам пад камандаваньнем палкоўніка Лайдэнэра 25 травеня заняць Пскоў, а 29 травеня да іх далучыўся і аддзел Булака-Балаховіча.

Тэрор, распачаты Булаком-Балаховічам у Пскове супраць бальшавікоў і тых, хто спачуваў ім, нічым не адрозьніваўся ад тагачаснага бальшавіцкага тэрору. У сувязі з гэтым 19 ліпеня ў Пскоў спэцыяльна прыехаў прэм'ер-міністар Паўночна-Заходняга Ураду Ліянозаў, якому Булак-Балаховіч заявіў: "Камуністаў я вешаю неадкладна, за дзесяць месяцаў павесіў 180". 26 жнівеня Пскоў зноў быў заняты бальшавікамі, якія адразу абвалілі свой камуністычны тэрор на галовы людзей, што сустракалі Булака-Балаховіча хлебам-сольлю і словамі: "Ты, бацька-атаман, асядлаў бальшавікоў". Булак-Балаховіч адступіў да граніцы Эстоніі. Непаразуменьні між ім і Юдзенічам дасягнулі ў гэты час выключнага напружаньня. Нават былі выпадкі ўзброеных сутычак паміж іхнімі воінскімі часткамі. Наўрад ці гэтая контрфрантацыя была выкліканая выключна партызанскім характарам самога Булака-Балаховіча. Прычыны канфліктаў былі зусім іншыя.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі мела ў прыбалтыцкіх рэспубліках, як і ў іншых краінах, прызнаўшых яе ву афсещ або de jure свае ваенна-дыпляматычныя місіі. Шэфам такой місіі БНР у Латвіі і Эстоніі быў палкоўнік Кастусь Езавітаў, які атрымаў у лістападзе 1919 г. наступны дакумэнт на беларускай мове:

"Атаман
Дабравольнага Народнага Аддзелу
14 лістапада 1919 году
№ 734
Дзеючая Армія
Старшыні Рады Народных Міністраў
Беларускай Народнай Рэспублікі
праз Шэфа Ваенна-Дыпляматычнай
Місіі БНР у Латвіі і Эстоніі
палкоўніка Езавітава

Зьяўляючыся грамадзянінам Беларускай Народнай Рэспублікі, лічу неабходным, каб маё войска было выкарыстана для абароны цэласнасьці й непадзельнасьці маёй Айчыны, а таму прашу мой Урад залічыць мяне й мой аддзел на Беларускую Службу.

Генэрал-маёр Булак-Балаховіч"

Чым была выклікана такая заява? Перш за ўсё, трэба адзначыць, што Булак-Балаховіч быў беларусам па нацыянальнасьці. Нават больш - ён быў беларускім (хоць і трэцярадным) паэтам, засьведчаным у трохтомнай працы акадэміка Я. Ф. Карскага "Беларусы". I хаця "у час вайны маўчаць музы", аднак амаль адначасна з вышэйпададзеным дакумэнтам Булак-Балаховіч напісаў верш на беларускай мове:

Покліч Бацькі
Празь цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла-роднае сонцэ,
I гоман пачуў я з радной стараны:
Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За Бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!
Сынкі! А мы што-жа?
Нам будзе нягожа,
Каб мы не пайшлі на падмогу!
Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь,
I будзем гатовы ў дарогу!

25 лістапада 1919, Рэвель
Бацька

Камандны склад Дабравольнага Народнага Аддзелу на тры чвэрці, а шараговы амаль поўнасьцю складаўся зь беларусаў. Натуральна, што прапанова Булака-Балаховіча была сустрэта з энтузіязмам. Не дачакаўшыся адказу Рады БНР, балахоўцы замянілі на сваіх жаўтаверхіх папахах юдзеніцкія значкі беларускай "Пагоняй", а рускія бела-сіня-чырвоныя сьцягі - беларускімі бел-чырвона-белымі.

Гэты ўчынак Булака-Балаховіча і рэакцыя на яго балахоўцаў зразумелыя, калі ўлічыць, што Юдзеніч змагаўся за адзіную й непадзельную Расею, не хаваючы сваёй пагарды да ўсяго беларускага, хаця сам ён па сваім паходжаньні быў беларусам. Трэба таксама ўлічыць, што балахоўцы ненавідзелі ня толькі бальшавізм, аднак і царызм, а значыць, і Юдзеніча, які імкнуўся да рэстаўрацыі дарэвалюцыйнага ладу.

Ня варта забывацца й на такую істотную акалічнасьць. Сам Булак-Балаховіч быў ня толькі беларусам, аднак у значнай ступені і авантурыстам. Магчыма, што, акрамя патрыятычных матываў, яму яшчэ хацелася падвесьці пад свой ваенны авантурызм ідэалягічны фундамэнт.

Заява Булака-Балаховіча была перасланая Шэфам Ваенна-Дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі палкоўнікам Езавітавым Радзе БНР. Ад яго-ж Булак-Балаховіч атрымаў такі рэскрыпт:

"Ваенна - Дыпляматычная Місія
Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі
15 лістапада 1919 году
№ 62
Горад Юр'еў
Атаману Дабравольнага Народнага Аддзелу Генэрал-маёру Станіславу Нікадзімавічу Булаку-Балаховічу

Грамадзянін Генэрал!

Сёньня я атрымаў ад Вас для перадачы Старшыні Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі заяву пра тое, што Вы, як грамадзянін Беларусі, лічыце неабходным стаць на абарону сваёй Айчыны, каб забясьпечыць ёй цэльнасьць і непадзельнасьць, і просіце залічыць Вас і падпарадкаванае Вам войска на службу ў Арміі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Глыбока крануты і ўсьцешаны Вашай заявай, я тэрмінова накіроўваю яе майму Ураду, які, я ў гэтым пэўны, будзе вельмі задаволены ёю і ў самым хуткім часе прышле да Вас паведамленьне пра задавальненьне Вашае просьбы й падзяку ў гатоўнасьці паслужыць Бацькаўшчыне.

Да таго-ж часу, кіруючыся дадзенымі мне Радай Міністраў паўнамоцтвамі, я выказваю Вам, Грамадзянін Генэрал, вялікую падзяку ад імя нашае шматпакутнае Бацькаўшчыны і паведамляю, што ад гэтага часу Вы з Вашым войскам лічыцеся на службе ў Арміі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Эстоніі.

Шэф Місіі
Палкоўнік Езавітаў"

Адначасна зь перамовамі з Булаком-Балаховічам Ваенна-Дыпляматычная місія БНР зьвярнулася да Ураду Эстоніі з прапановай даць Асобнаму Аддзелу БНР магчымасьць застацца часова на тэрыторыі Эстоніі пад камандай Булака-Балаховіча, каб закончыць тут фармаваньне, а потым перайсьці на Бацькаўшчыну. Урад Эстоніі даў згоду, і Асобны Аддзел БНР застаўся ў Эстоніі, заняўшы правую частку Эстонскага фронту супраць бальшавікоў.

Назва "аддзел" у дачыненьні да вайсковага фармаваньня генэрала Булака-Балаховіча насіла вельмі і вельмі ўмоўны характар. Гэты аддзел налічваў у той час каля сарака тысячаў жаўнераў, і цалкам адпавядае сапраўднасьці іншая ягоная назва - Беларускі Асобны Армейскі Корпус. Гэты корпус у значнай ступені дапамог вольналюбнаму, аднак колькасна невялікаму эстонскаму народу абараніць сваю нацыянальную незалежнасьць.

Генэрал Булак-Балаховіч зрабіў спробу прарвацца на Бацькаўшчыну, каб скінуць зь яе бальшавіцкае ярмо. Ягоны корпус, зламаўшы супраціў Чырвонае арміі, займае Пскоў і рушыцца далей на Віцебшчыну. На вуліцах Пскову залуналі беларускія сьцягі і загучалі беларускія песьні. Бел-чырвона-белыя істужкі аздоблівалі пікі і багнеты балахоўцаў. Аднак гераічны корпус, нікім не падтрыманы, вымушаны быў у поўным парадку адысьці на свае ранейшыя пазыцыі.

Заўважым: вышэйпададзены рэскрыпт быў пацьверджаны Радай БНР, пра што сьведчыць наступны дакумэнт:

"Беларуская Народная Рэспубліка
Ваенна-Дыпляматычная місія Рады БНР у Латвіі і Эстоніі
17 лютага 1920 году
№180
Горад Рыга
Камандзіру Асобнага Аддзелу
Беларускай Народнай Рэспублікі
Генэрал-маёру Булаку-Балаховічу

У дадатак да №62 ад 15 лістапада 1919г. гэтым маю гонар давесьці да Вашага ведама, што Старшыня Рады Міністраў БНР дакумэнтам ад 26 студзеня 1920 г. за №31 паведамляе: пратакольнай пастановай Рады Міністраў ад 22 студзеня 1920 году Ваш аддзел прыняты ў склад войска БНР.

Прыміце запэўненьне ў маёй поўнай павазе

Шэф Місіі палкоўнік Езавітаў
Сакратар Казячы"

Тая акалічнасьць, што зацьверджаньне адбылося, насуперак запэўненьню Езавітава, толькі праз два месяцы, дае падставу меркаваць пра адсутнасьць у Рады БНР асаблівага даверу да Булака-Балаховіча. На супрацьбальшавіцкім эстонскім фронце ў гэты час было больш-менш спакойна, за выключэньнем булак-балаховіцкай часткі.

Звычайна Булак-Балаховіч браў у рукі аловак ня толькі для таго, каб напісаць загад або верш, аднак і для таго, каб пазначыць на ваенных мапах свой чарговы рэйс па бальшавіцкіх тылох. Потым ён праносіўся па гэтай вырысаванай лініі, быццам мэтэор, пакідаючы адзаду ўзарваныя масты, скінутыя з насыпаў цягнікі, паваленыя тэлеграфныя слупы, пачарнелыя коміны спаленых савецкіх установаў і тысячы забітых ворагаў.

"Трэба прызнаць, - адзначае А. Сядых, - што біліся балахоўцы з бальшавікамі адчайна і ў палон не здаваліся, бо зналі, што іх чакае там толькі сьмерць. Аднак і Бацька не даваў літасьці трапіўшым у яго рукі камуністам".24 Зарывы на начным небе дакладна адбівалі акрэсьленую на картах крывую. Пазьней гэтыя рэйды Булака-Балаховіча на Беларусі, як і рэйды Цюцюніка на Украіне, увойдуць у гісторыю ваеннага мастацтва.

Аднак, акрамя патрыятычных заяў, непаўнацэннай паэзіі і ваеннай стратэгіі, былі рабункі і гвалты сярод мірнага насельніцтва, ня меўшага ніякага дачыненьня да бальшавікоў. Спасылкі некаторых сучасных гісторыкаў на тое, што чэкісцкія карныя атрады ня лепш абыходзіліся зь мірнымі жыхарамі, хаця й могуць быць прынятыя пад увагу, аднак не апраўдваюць дзеяньняў балахоўцаў. Пераважная бальшыня балахоўцаў, карыстаючыся адкрытым патураньнем свайго Бацькі, глядзела на вайну, як на лёгкі сродак нажывы. А пасьля рэйдаў у бліжніх тылох бальшавікоў пачыналіся беспрабуднае п'янства й дзікія скандалы ў асяродзьдзі спакойнага эстонскага насельніцтва. Паміж Асобным Дабравольным Аддзелам і Ўрадам Эстоніі ўзьніклі напружаныя адносіны, якія ўскладняліся здрадніцкай палітыкай балыпавікоў.*

*Дакумэнты партыйных архіваў пацьвярджаюць высновы Юркі Віцьбіча: "Перакананы, што, апусьціўшыся на самае дно цёмнай партыйнай гісторыі, мы даведаемся пра нешта такое, пасьля чаго ў масавай сьвядомасьці трывала замацуецца ідэя барацьбы зь ленінізмам як чалавеканенавісьніцкай дактрынай. <...> Немагчыма і далей пакланяцца, лічачы ідэйным правадыром, чалавеку, у галаве якога нараджаліся такія ідэі (цытую па сапраўдных крыніцах ленінскага архіву):

"...пастарацца пакараць Латвію і Эстонію ваенным чынам (напрыклад, "на плячох" Балаховіча перайсьці дзе-небудзь граніцу, хоць на 1 вярсту і павесіць 100-1000 іхніх чыноўнікаў і багацеяў)...".

"Пад выглядам "зялёных" (мы потым на іх усё і звалім) пройдзем на 10-20 вёрст і перавешаем кулакоў, папоў, памешчыкаў. Прэмія: 100000 руб. за павешанага..."". (Павел Вощанов. Страна Заветов. Краткий курс КПСС в совершенно секретных документах. "Комсомольская правда", № 226(20 226), 2 октября 1991 г.)

Такая-ж абвостраная сытуацыя, хоць і не адразу, склалася паміж Місіяй Рады БНР і Булаком-Балаховічам, што знайшло сваё адлюстраваньне ў наступным рэскрыпце, які падаецца тут скарочана:

"Беларуская Народная Рэспубліка
Ваенна-Дыпляматычная Місія ў Латвіі і Эстоніі
№122
6 студзеня 1920 году
Горад Рыга
Камандзіру Асобнага Аддзелу Беларускай
Народнай Рэспублікі ў Эстоніі
Генэрал - маёру Булаку - Балаховічу

<...> Вельмі быў незадаволены наш Пасол, калі яму нехта сказаў, што афіцэры Асобнага Аддзелу дужа п'янствуюць у Рэвелі, Дэрпце і Марыенбургу. Ці гэта праўда?

Калі праўда, дык трэба крута спыніць <...>

Генэрал-маёр Павел Вэнт
Вайсковы райца Вайскова-Дыпляматычнай Місіі
БНР у Эстоніі і Латвіі"

Значна пазьней палкоўнік Езавітаў у сваёй справаздачы Радзе БНР адзначыў: "Добра наладжаная ў лістападзе справа, якая прывяла да стварэньня Асобнага Аддзелу БНР генэрала Булака-Балаховіча, прыняўшага і беларускі патрыятызм і беларускую форму, працягвалася ўвесь сьнежань і пачатак студзеня 1920 г. Усё было падрыхтавана, каб ісьці на Полацак: выпусьцілі паштовую марку Асобнага Аддзелу БНР, падрыхтавалі праект грашовых асігнацыяў БНР, атрымалі ад амэрыканскай місіі мэдыкаменты і абсталявалі паходны лазарэт. Не хапіла толькі некалькіх сотняў нямецкіх марак. Булак-Балаховіч хацеў захаваць аддзел і ў пошуках грошай пачаў перамовы з польскім урадам, каб яго прынялі на польскую вайсковую службу, што і было зроблена".

Тут неабходная адна істотная папраўка. Мала верагодна, што антыбальшавізм або патрыятызм Булака-Балаховіча разьбіліся аб дэфіцыт "некалькіх сотняў нямецкіх марак". Неабходна ўлічваць заключаны Эстоніяй мірны дагавор з РСФСР, у адпаведнасьці зь якім яна бралася раззброіць усе чужаземныя воінскія часткі, што знаходзіліся на яе тэрыторыі. Не выклікае сумніву, што Булак-Балаховіч больш рэальна, чым Езавітаў, ацэньваў сытуацыю, каб пры наяўнасьці апошняй акалічнасьці ісьці на Полацак. У той час Польшча толькі пачынала барацьбу з Саветамі. Вельмі магчыма, што ў сувязі з гэтым Булак-Балаховіч вёў перамовы непасрэдна з польскім урадам, аднак захавалася і адносіна Ваенна-Дыпляматычнай Місіі Рады БНР у Латвіі і Эстоніі за ! 146 ад 8 лютага 1920 году, у якой яна просіць галоўнакамандуючага польскай арміяй замацаваць за Асобным Аддзелам БНР участак фронту на левым флангу польскай арміі.

Аднак, калі Эстонія прызнавала Раду БНР, то Польшча - не. Эстонія і Латвія прапусьцілі Асобны Дабравольны Аддзел у Полыпчу. Там ён перш закончыў сваё самастойнае існаваньне, каб праз кароткі час адрадзіцца ў іншай форме, да якой Рада БНР ужо ня мела ніякіх адносінаў. Пакідаючы Эстонію, Булак-Балаховіч спрабаваў арыштаваць Юдзеніча, аднак беспасьпяхова. Гэтая пасьлядоўная нянавісьць "Бацькі" і ягоных "сынкоў" да Расеі дарэвалюцыйнай будзе зь цягам часу, пасьля эвакуацыі з Эстоніі, улічаная прадаўжальнікамі барацьбы з бальшавікамі.

Пра Бацьку Булака-Балаховіча ў нашым народзе захавалася шмат апавяданьняў. Мне даводзілася чуць іх раней ад плытагонаў Дзьвіны, ад настаўнікаў Магілёўшчыны, ад гомельскіх кавалёў, ад слуцкіх земляробаў. Іх расказвалі шэптам і з вока на вока, бо за такія ўспаміны аб Бацьку бальшавікі адразу ссылалі на Калыму. Сярод гэтых апавяданьняў асабліва запомнілася адно, пачутае ад барадатага дзядзькі-палешука.

- Мы, братка ты мой, - так пачаў сваё апавяданьне паляшук, - да таго самага здарэньня амаль нічога й ня чулі пра Булака-Балаховіча. За пяцьдзесят кілямэтраў ад нашае вёскі Малыя Курмялі, на Случы, непарушна трымаўся фронт. Часамі далятала адтуль глухая страляніна, і мы да яе зусім прызвычаіліся. Аж раптам бачым аднойчы раніцою пыл, што ўзьняўся вышэй ад лесу. Як тая навала, прыйшла ў нашыя вёскі тая коньніца і пакацілася далей на Мазыр.

У вёсцы для аховы засталіся некалькі коньнікаў, яны нікога ня крыўдзілі, аднак усё-ж адзін зь іх -хвацкі дзяцюк - прыйшоў да майго суседа Мірона Зайца, дый забраў у яго ліпаўку добрага пазалеташняга яшчэ мёду. У таго самага Мірона Зайца, у якога сяліба ламілася ад рознага дабра, аднак жабрак скарынкі не дапросіцца.

На другі дзень кажа мне Мірон, кабылу сваю запрагаючы ды на коньнікаў спадылба пазіраючы:

- Трасца ім у бок. Еду да іхняга найвышэйшага ўправу шукаць. Прыйшлі ваякі па мужыцкі мёд. Я гэтае справы не дарую. Ды толькі, гады, не гавораць, дзе іхні найгалоўны атайбаваўся ды як ягоная хвамілія. Аднак я па дарозе ў валаснога пісара дапытаюся і ўсё адно знайду. Каб іх паляруш!

Генэрал меў у сваім штабе нейкую нараду са сваймі малодшымі афіцэрамі. Як раптам адчыняюцца дзьверы і на парозе зьяўляецца наш Мірон. Перажагнаўся сьпярша Мірон на абразы, а потым досыць далікатна, аднак вельмі рашуча, запытваецца:

- Ці можна мне бачыць генэрала Балахона Балахонавіча?

А братка ты мой, што тут сталася! Адразу тыя малодшыя афіцэры ў кулакі сабе засьмяяліся. Як ускочыць-жа тут генэрал з крэсла, як крутанецца тройчы вакол самога сябе, як выхапіць з кабуры рэвальвэрт... Тут адразу малодшыя афіцэры адным духам - хто ў дзьверы, хто ў вокны - каму куды бліжэй. Хацеў Мірон за імі падацца, аднак ногі нібы чыгуном наліліся, зь месца не кранаюцца. А генэрал як стрэльне шэсьць разоў у столь - усю хату дымам зацягнула. А потым кінуў рэвальвэрт на падлогу, кракнуў гэтак ды да нашага Мірона. А тэй бачыць, што справа дрэнь, садухі прыйшлі, ды кучомкай аблічча сваё прыкрывае. Аж генэрал як засьмяецца ды запытваецца па-нашаму, па-беларуску:

- Як, дзядзька, маецца? Я вось, - кажа, - генэрал Булак-Балаховіч. А дзядзьку як зваць і скуль ён ёсьць?

Адсопся крыху Мірон, на шэсьць дзірак у столі коса зірнуў і адказвае, зь пераляку такога заікаючыся:

- Ва-ва-вашае Высокае Прэвасхадзіцельства... Я-я-я ёсьць Мірон За-а-а-яц з Малых Ку-ку-курмялёў...

- Бачу, што заяц, - адказвае генэрал і, усьміхаючыся, дадае ў прыказку: - Эх, ты, Мірон, душа зь цябе вон. Хіба ты нічога пра мяне раней ня чуў? Для гаспод я сапраўды Вашае Высокапрэвасхадзіцельства, для паноў - эксцэленцыя, а для вас, беларускіх мужыкоў, - Бацька. Ну, гавары, чаго прыйшоў.

Апавядае Мірон пра сваю крыўду з пазалеташнім мёдам, прыметы гэтага балахоўца ўсе перадае. Як зноў усхопіцца генэрал, як грохне кулаком па стальніцы ды як крыкне:

- Павешаю!

I зноў у дзядзькі Мірона ў сярэдзіне ныркі абарваліся, душа ў пяты ўскочыла. Сьпярша здалося, што гэта яго, Мірона, зараз на шыбеніцу павалакуць. Аж генэрал кажа:

- Добры дзяцюк. Ведаю яго. Мікіта Зух зь Вялейшчыны, з-пад Нарачы. Дзесяць гадоў мы разам за Беларусь ваюем з бальшавіцкімі катамі. Толькі гэтага не дарую. Павешаю!

Тут Мірон проста ў ногі генэралу паваліўся:

- Мёд тэй добры, пане генэрале, аднак халера зь ім. Прыйдзе вясна - пчолы зноў нацягаюць. Даруй яму, дурню. Ад душы прашу, зрабі ласку!

Калі празь нейкі час малодшыя афіцэры зазірнулі ў вокны, каб убачыць Мірона, у шасьцёх мясцох прабітага, дык не далі веры сваім вачам. Сядзіць "нябожчык" Мірон, усьміхаючыся, ды генэральскай папіросай папыхквае, а генэрал, капшук Міронаў сабе на калені паклаўшы, круціць зь ягонага самасаду самакрутку ды агранамічныя парады дае, як лепш пчолаў даглядаць, як лепш мёд падбіраць.

Едзе Мірон да сваіх Малых Курмялёў, час ад часу ў бараду сам сабе пасьмейваецца ды шэпча:

- Сур'ёзны генэрал! А таму гаду лысаму я дам чосу!

I тут, як даехаў акурат да былое воласьці, бачыць, ідзе яму насустрач былы валасны пісар гаспадзін Сугробаў і гэтак лісьліва пасьмейваецца:

- Хі-хі-хі. Ну, як - бачыў Балахона Балахонавіча?

Саскочыў наш Мірон з колаў ды як разьвернецца, ды як трахне пісару тройчы па сківіцах:

- Я табе, тамбоўскаму кныру, не дарую! - крычыць. - Трымай падарунак ад нашага Бацькі, генэрала Булака-Балаховіча!

На другі дзень Мірон прывёз да штаба Булака-Балаховіча воз збожжа ды яшчэ два кадаўбцы мёду ў прыдачу. Недакурак тае папяроскі, якой пачаставаў яго Бацька, ён захоўваў скрозь увесь час, пакуль я яго бачыў. А бачыў я Мірона Зайца да 1932 г., калі раскулачылі яго бальшавікі. Адабралі ўсю ягоную маёмасьць, а самога саслалі ў Сібір. I, разьвітваючыся з Малымі Курмялямі, успомніў небарака Мірон Заяц яшчэ раз пра ліпаўку зь мёдам, пра балахоўца Мікіту Зуха, пра генэрала Булака-Балаховіча й заплакаў.28

Булак-Балаховіч не прарваўся на Бацькаўшчыну, аднак увесь час меў зь ёю лучнасьць. Славутае Вяліжскае паўстаньне 1918 году мела народны стыхійны характар, аднак паасобныя найбольш буйныя аддзелы паўстанцаў кіраваліся булак-балахоўскімі афіцэрамі. Камандзіры партызанскіх атрадаў Наддзьвіньня, якія дагэтуль дзейнічалі у Вокаўскім Лесе, трымалі кантакт з Булак-Балаховічам. Вокамгненныя рэйды "Барона Кіша", Нілёнка, Фульгура, Грамабоя, Музыкантава, Воранава і іншых славутых вяліжскіх партызанаў уяўляюць па сваёй тактыцы просты адбітак рэйдаў Булака-Балаховіча. I цяпер у родным маляўнічым Наддзьвіньні, у часе рабінавых ночаў, калі амаль бязь пярэрвы бліскаюць маланкі, асьвятляючы тысячы азёраў і курганоў, а пяруны зьліваюцца ў адзін суцэльны рык, тады хрысьцяцца пабожна сялянкі й шэпчуць:

- Божа Міласьцівы! Ці ня Булак гэта ідзе, каб выратаваць нас, гаротных? Пашлі яго нам, Божа! Ой-жа, і сынкі былі ў Бацькі Булака! Ой-жа, і коні былі ў Бацькі Булака!

Там, дзе праляталі тыя птахі-коні, тры гады трава не расла. Іхнія падковы выбівалі з бруку полымя, а па палёх пачыналі біць з-пад зямлі, абуджаныя тупатам, сьцюдзёныя крыніцы. I пыл узьнімаўся хмарай, засланяючы ўдзень сонца, а ўначы месяц.

А сынкі, прапахлыя да касьцей конскім потам і порахам, пакрытыя з галавы да ног нязьлічонымі рубцамі ад ранейшых ранаў, імчаліся за сваім Бацькам празь дзень і ноч, праз агонь і ваду. У хвіліны кароткага адпачынку зухавата скакалі яны лявоніху і сьпявалі пра ціхі Сож і хуткую свавольную Дзьвіну. У часе-ж зацятае бойкі бліскалі іхнія шаблі, нібы тыя маланкі, ня ведалі пудла іхнія карабіны і ў кулямётах іхніх кіпела вада. А калі спатыкалі сынкі сьмяротную кулю, дык перш чым выпасьці зь сёдлаў, яшчэ праляталі колькі крокаў упярод і яшчэ пасьпявалі крыкнуць у вочы ворагу:

Жыве Беларусь!

Крыніца: Віцьбіч, Ю.
Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. -Вільня: Gudas, 2007. - 308с.