Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Руская (Беларуская) Дабравольная Армія

У чэрвені 1920 г. М. М. Тухачэўскі выдаў загад, у якім зазначыў, што на Захадзе рашаецца лёс ўсясьветнае рэвалюцыі. Дарога ўсясьветнага пажару ляжыць праз труп Польшчы. Улетку пачаўся пад ягонай камандаю ўпорысты наступ Чырвонай арміі на захад, які ішоў пад клічам: "Даёшь Варшаву!".

15 жнівеня, у дзень сьвята Усьпенія Божай Маці, блізка перад Варшавай, каля мястэчка Радзімін, пасьля даволі кароткага, аднак крывавага бою, Чырвоная армія пацярпела поўную паразу.

Значную ролю ў гэтай перамозе адыгралі зброя і правіянт Антанты, аднак нават найлепшая зброя сама па сабе яшчэ не забясьпечвае перамогі. Пя меншую ролю адыграла польскае духавенства, якое сваімі патрыятычнымі дзеямі дало прыклад гераічнага змаганьня за Бацькаўшчыну, сваімі палымянымі прамовамі падняло народны дух і волю да супраціву. Калі пад Сяданам перамог настаўнік, то пад Радзімінам -ксёндз.

Пачалося імклівае адступленьне ўшчэнт разьбітай Чырвонай арміі. Яно было такое хуткае, што між адступаючымі і наступаючымі франтамі ўтварылася паласа "нічыйнай" зямлі шырынёю ад 50 да 200 км. Саветы ня думалі пра рэванш, тым больш, што на поўдні пачаў свой наступ, зьмяніўшы Дзянікіна, Врангель. Аднак і самім пераможцам гэтая перамога, якую яны зусім не выпадкова назвалі "Цудам на Вісьле", каштавала вельмі дорага, таму яны ня мелі сілы прадаўжаць змаганьне. Тым больш, што падчас свайго першага наступу ў 1919 г. ім давялося сутыкнуцца ня толькі з супрацівам Чырвонай арміі, аднак і з супрацівам беларускага сялянства, якое мела з польскімі панамі даўнюю варожасьць - нацыянальную, сацыяльную, рэлігійную, - што ўкаранілася ў душу народу.

20 кастрычніка 1920 г. між палякамі і бальшавікамі настала замірэньне, аднак яшчэ да таго пачаўся рэйд Булака-Балаховіча ў глыбокі савецкі тыл. У гэтых падзеях сьведама ці нясьведама блытае даты Алесь Чарвякоў: "Пасьля падпісаньня савецка-польскае ўмовы аб спыненьні ваенных дзеяў Польшча выпусьціла супраць Беларусі Булака-Балаховіча, які разам з Савінкавым і Аляксюком пайшлі "вызваляць" Беларусь ад бальшавікоў".

Калі пад Радзімінам галоўную ролю адыграла ня зброя, дык і ў паходзе Булака-Балаховіча яна таксама ня мела вырашальнага значэньня, і зусім невыпадкова Булак-Балаховіч стаў галавою паходу, узначаліў яго.

Неабходны для паходу аддзел Булака-Балаховіча пачаў арганізоўвацца яшчэ ў жнівені 1920 г. у Любліне. У пераважнай большасьці ён складаўся з былых жоўтааколышнікаў-балахоўцаў, якія ўваходзілі ў ранейшы Асобны Дабравольны Народны Аддзел БНР.

Аднак гэты наваствораны аддзел ня мае нічога супольнага з Радай БНР, што бачна з пастаноў Беларускай Нацыянальна-Палітычнай Нарады, якая адбылася 25-28 верасьня 1921 г. у Празе Чэшскай.3 Палітычны твар гэтага аддзелу вызначаўся, з аднаго боку, Рускім Нацыянальным Камітэтам і Саюзам Абароны Бацькаўшчыны і Свабоды на чале з Барысам Савінкавым, а з другога боку, Беларускім Палітычным Камітэтам, у склад якога ўваходзілі Аляксюк, Дзяркач-Адамовіч, Сянькевіч і іншыя.

Асновай супольнай палітычнай дзейнасьці была ўмова, падпісаная Савінкавым, Аляксюком, Булаком-Балаховічам і Дзяркачом-Адамовічам, якая пачыналася запэўненьнем:

"§1. Беларускі Палітычны Камітэт і Руская Дабравольная Народная Армія, зыходзячы з прызнаньня права на самавызначэньне народаў, прызнаюць факт незалежнасьці беларускай дзяржавы. Канчатковая форма ўзаемаадносін паміж Расеяй і Беларусьсю будзе ўстанаўлівацца згодай паміж Устаноўчымі соймамі, расейскім і беларускім, ці Урадамі, гэтымі Устаноўчымі соймамі прызначанымі".

Савінкаў у жнівені 1924 г. у Рэвалюцыйным трыбунале гаварыў, што спачатку, яшчэ перад фармаваньнем Дабравольнай Арміі, ягоны выбар спыняўся на старых царскіх генэралах - Перамыкіне, Махрове і іншых. Аднак, улічваючы непашану царскіх генэралаў на Беларусі, убачыўшы развал царскага фронту, перажыўшы сьмерць Духоніна, ён быў прымушаны ад іх адмовіцца. Магчыма, апошняе слова тут належала ня Савінкаву, бо далей ён тлумачыць:

"Ня было ніякага выбару: або залатапагонныя генэралы, або проста бандыты. Некалькі слоў пра бандытаў. Я зьвярнуўся тады да Пілсудскага, і Пілсудскі задаў мне такое пытаньне: "Чаму Вы ня маеце справы з Балаховічам?" Я сказаў яму тое, што думаў пра Балаховіча. Я яму сказаў, што Балаховіч -бандыт. Помню, ён расьсьмяяўся і адказаў: "Так, бандыт, аднак ня толькі бандыт, а чалавек, які сёньня - рускі, заўтра паляк, пасьлязаўтра беларус, а яшчэ празь дзень - нэгр". Потым Пілсудскі дадаў: "Няхай ён - бандыт, аднак, раз няма ніякага іншага выбару (а выбару зусім ня было), то лепш, мабыць, мець справу з Балаховічам, чым з залатапагоннымі генэраламі. Таму што гэтых матываў, матываў залатапагонных, у Балаховіча няма".

<...> Я пазнаёміўся з Балаховічам і пачаў фармаваць балаховіцкія часткі. Яго аддзел яшчэ біўся на фронце, а ў тылу, у Любліне, фармаваліся запасныя часткі. Яны былі розныя. Ня трэба думаць - гэта будзе несправядліва, - што ўсе гэтыя запасныя часткі былі залатапагонныя. Розныя элемэнты туды ўвайшлі, аднак былі часткі, што да пэўнай ступені адпавядалі майму жаданьню стварыць народную армію, аднак не залатапагонную і, бязумоўна, не бандыцкую".

Магчыма, Шлсудскі не дагаварыў да канца: калі Пятлюра быў патрэбны палякам, каб стварыць украінскі буфер, залежны ад Польшчы, то можна думаць, што нехта павінен быў стварыць беларускі буфер. Ім і павінен быў стаць Булак-Балаховіч.

Наваствораны аддзел Булака-Балахавіча - Дабра- вольная Армія, - нягледзячы на жаданьне Шлсудскага, ня быў непасрэдна падпарадкаваны Польшчы і спачатку называўся Руская Дабравольная Армія. Пра гэта сьведчыць Зінаіда Гіппіус:

"Тут раптам тэлефон Балаховіча - да мяне: ён хоча далучыць свой атрад да рускай арміі. Як гэта зрабіць? Я, памятаючы няпрыхільнае стаўленьне Дзімы [Дз. Ф. Філасофава] да гэтага "зялёнага" генэрала падчас нашае першае сустрэчы, адказваю няпэўна, хаця прычыны адкінуць яго ня бачу. Празь дзень, здаецца, або два, убачыўшы Дзіму, гавару яму пра званок Балаховіча і ягонае жаданьне, заўважаю, што гэта, бязумоўна, іхняя справа, аднак, што я ня бачу, уласна кажучы, падстаў, каб не далучыць ягоны атрад... Не пасьпела я дагаварыць, як Дз. Ф. перабіў мяне з раздражненьнем (ён інакш цяпер не гаварыў), сказаўшы, што справа ўжо зроблена, што Балаховіч прыняты імі разам зь ягоным атрадам".

Ня ведама дакладна калі, аднак падчас паходу армія зьмяніла свой назоў. М. Баравы сьцьвярджае: "А тымчасам балахоўцы і тады, калі яны называліся Рускай Народнай Арміяй, і тады, калі яны перафарбаваліся ў Беларускую Народную Армію, заставаліся ў беспасрэднай сувязі з Польшчаю, і тое, што яны натварылі на абшарах Беларусі, павінна быць далучана да іншых "неаплочаных рахункаў" ад работніцка-сялянскае Беларусі да панскае Польшчы".

7 кастрычніка 1920 г. Дабравольная Армія ў колькасьці дзьвюх-трох тысяч пяхоты і коньніцы ўступіла ў бой з бальшавікамі і прарвала савецкі фронт. 27 кастрычніка яна ўзяла Пінск, 2 лістапада -Тураў, 10 лістапада - Мазыр і Петрыкаў.

М. Баравы адзначае: "7 кастрычніка атрымалі загад аб выхадзе ў паход, і пасьля дванаццацідзённай затрымкі ў ваколіцах Пінску, 27 кастрычніка 1920 году "армія" ў ліку каля 16 тысяч чалавек рознага зброду рушыла зь Пінску, а 2 лістапада сканцэнтравалася ў мястэчку Тураў, дзе прастаяла каля тыдня".

Такія доўгія перапынкі ў руху арміі стратэгічна памылковыя, бо давалі бальшавіком час арганізаваць супраціў. Гэтых затрымак ня бачыць Савінкаў, ён гаворыць на судзе: "Што да Балаховіча, то вы ведаеце пра ягоны паход, ведаеце, што ён узяў Мазыр і нават прасунуўся аднойчы за Мазыр <...> Я помню, мы ішлі, ішлі спачатку вельмі пасьпяхова. Баёў было шмат. Мы ўвесь час ішлі з баямі. Увесь час баі, баі, баі - і для нас спрыяльныя. Вашыя часткі здаваліся...".

Іншае бачаньне гэтых падзей у Баравога, які спыняе ўвагу на тым, што пад Пінскам Дабравольная Армія мела ўжо 16 тысяч чалавек, а як выходзіла з Польшчы, - усяго 2-3 тысячы. Магчыма, што затрымкі ў наступе былі патрэбныя для арганізацыі новых вайсковых аддзелаў.

3 усіх бакоў да Булака-Балаховіча зьбягаліся беларускія сяляне, называючы яго ня інакш, як Бацька Булак. Іх прымалі ў аддзел згодна са старадаўнімі звычаямі ўсякай "вольніцы":

"Пры сваім штабе Бацька арганізаваў вярбовачны пункт, дзе прымалі дабравольных навабранцаў на ўмовах, вельмі падобных да ўмоў Запарожскай Сечы. У кандыдата, праўда, ня пыталіся, як на Сечы: "У Хрыста верыш? I ў Троіцу Сьвятую верыш? I ў царкву ходзіш? А ну, перахрысьціся!".

У нашага Бацькі было прасьцей - без асаблівых рэлігійных пытаньняў, бо само сабой разумелася, што балаховец нехрысьцем быць ня можа. Бацька толькі пытаўся:

- Бальшавікоў ня любіш?

- Не, - адказваў коратка навабранец, - інакш ня прыйшоў-бы сюды.

- За нацыянальную Русь змагацца пры ўсякіх абставінах згодзен?

- Згодзен...

- Ну, тады запаўняй анкету і кіруйся ў казарму!

Вось і ўся цырымонія!".

Баравы называе балахоўцаў "розным збродам". Ягоная варожасьць зразумелая, бо сяляне, далучаючыся да Булака-Балаховіча, былі самыя заўзятыя ворагі бальшавікоў. Гэтых сялянаў, напэўна, задавальняла тое, што ў абозе Дабравольнай Арміі яны ня бачылі ні ранейшых паноў, ні прэтэндэнтаў на двары й маёнткі, як было заўсёды, калі наступала царская ці польская армія. Іх падбадзёрвалі адозвы на беларускай мове, якія распаўсюджваліся і ў Дабравольнай Арміі, і сярод насельніцтва, заклікаючы да змаганьня за адбудову Незалежнай Беларусі.

Праўда, шляхі да незалежнасьці былі няпростыя. Пра некаторыя складанасьці гаворыць Савінкаў: "Прыехалі зь Віньніцы беларускія міністры ў Мазыр - чорт іх ведае, якія міністры! На падводах. Прыехалі й заявілі, што яны - міністры, што яны прадстаўляюць беларускі народ. Грошай, бязумоўна, папрасілі адразу. Ну, добра, якая мне справа да іх? Аднак аказалася, што была справа, і вось якая: Балаховіч на наступны дзень гаворыць мне: "Ведаеце, беларускі народ прапануе мне стаць кіраўніком беларускай дзяржавы". Гэта - у Мазыры, а беларускі народ - гэта шаноўныя спадары, што грошай прасілі ды яшчэ п'янымі ўшчэнт напіліся! Міністры! Павінен сказаць, што я прадбачыў: Балаховіч можа выкінуць такую штуку. I помню, што, ідучы ў паход, сказаў пра гэта Пілсудскаму. Пілсудскі на гэта: "Перадайце яму, што тады я яго вышпурну". I вось, калі Балаховіч сказаў мне, што беларускі народ у асобе гэтых міністраў выбірае яго, я заўважыў: "Добра, аднак заўтра вас выставіць Пілсудскі". I ён супакоіўся".

Зразумела, у гэтых словах Савінкава выявіліся ягоныя адносіны і да "гэтых беларускіх міністраў", і да беларускай нацыянальнай справы. I гэта ня дзіва, бо Савінкаў быў расейскім эсэрам па сваім сьветапаглядзе. Аднак ён многа аб чым прамаўчаў на судзе, між іншым, і аб дагаворы зь Беларускім Палітычным Камітэтам. I ў гэтым таксама няма нічога дзіўнага: Савінкаў быў ня толькі расейскім эсэрам, аднак і старым, дасьведчаным палітыкам. Ён ні ў якім разе не паўтарыў-бы памылку генэрала Дзянікіна, які на прапанову прадстаўніка Азэрбайджану прыслаць на дапамогу 35-тысячную армію сказаў, што ніякага Азэрбайджану ён ня ведае, а знае толькі Бакінскую, Эрыванскую і Елізаветпольскую расейскія губэрні...

Напалохаўшы Булака-Балаховіча Шлсудскім, Савінкаў пасьля шчыра і адкрыта сказаў: "Паслухайце. Вось яны, усе гэтыя Ллойд-Джорджы, Пілсудскія, выкарыстаюць вас, а пасьля выкінуць, як непатрэбную рэч. Мы ім не партнёры, ня ўдзельнікі ў агульнай справе, а толькі вінцікі ў іхняй машыне, кіраўніцтва якой поўнасьцю ў іхніх руках. Ня будзем ім патрэбныя, і... ".

Барыс Савінкаў добра разумеў, на чым грунтуецца зацікаўленасьць замежных палітыкаў у справах былой Расейскай імпэрыі: " <...> па ваенных пытаньнях са мною не гаварылі; са мною, як ваенным спэцам ня лічыліся. Чэрчыль паказаў мне карту поўдню Расеі, дзе сьцяжкамі былі адначаны дзянікінскія і чырвоныя войскі. Помню сваё ашаламленьне, калі я падышоў зь ім да гэтае карты, і ён, паказаўшы мне дзянікінскія сьцяжкі, раптам сказаў: "Вось гэта мая армія!". Я памятаю, у мяне ногі прырасьлі да зямлі...

Вельмі настойліва, вельмі многа гаварылі англічане са мною пра тое, што пажадана ўтварыць незалежны Паўднёва- Усходні Саюз з Паўночнага Каўказу і Закаўказьзя, а таксама з суседніх зь імі тэрыторыяў. Гаварылі пра тое, што гэты Саюз павінен быць толькі пачаткам, што потым зь ім павінны аб'яднацца Азэрбайджан і Грузія. Я ў гэтым адчуваў пах нафты".

"Беларускія-ж міністры", якіх прыгадвае Савінкаў, менавіта Аляксюк і Дзяркач-Адамовіч, міністрамі ня былі. Першы зь іх быў выкінуты з Рады БНР, а пасьля арганізаваў у Варшаве Беларускі Палітычны Камітэт. 3 гэтым Камітэтам Савінкаў быў у цеснай лучнасьці перад і падчас паходу Дабравольнай Арміі. Аляксюк і Дзяркач-Адамовіч пісалі й выдавалі патрыятычныя адозвы, у якіх зьвярталіся да байцоў Дабравольнай Арміі і беларускага сялянства. I тут, згодна дагавору, Савінкаў аказваў ім усялякую падтрымку.

Фабіян Акінчыц ганіць Савінкава, які раней разам з "бандытам Балаховічам" быццам "вызваляў" Беларусь, а цяпер, пасьля падзелу Беларусі, радуецца гэтаму падзелу й выхваляе палякаў. А яшчэ ня так даўно гэты воўк - Савінкаў - пісаў, што прызнае Незалежную Беларусь, і плакаў воўчымі сьлязьмі, што трэба вызваліць беларускі народ ад бальшавікоў. А шараговыя байцы Дабравольнай Арміі, чытаючы беларускія адозвы, ня ведалі, хто і зь якой мэтай іх пісаў. Адозвы былі асобна, а іхнія аўтары асобна.

Тымчасам Дабравольная Армія ішла з баямі ад Мазыра да Рэчыцы. Яна мела ўжо 20 тысяч байцоў. Бальшавікі пакінулі Рэчыцу й пачалі выходзіць з Гомелю, аднак яны сабралі значныя сілы каля Рэчыцы, адцягнуўшы іх, галоўным чынам, са Слуцкага адрэзку савецка-польскага фронту. (I ўсё-ж Дабравольная Армія не адыграла ў адносінах да Слуцкага фронту БНР той ролі, ведамай у ваеннай стратэгіі як "адцягваючае сілы", што была такой дзейснай падчас Першай сусьветнай вайны. Перад тым, як пачаў дзейнічаць Слуцкі фронт БНР, Дабравольная Армія спыніла сваё існаваньне).

Цяжкія баі каля Рэчыцы былі чутныя ня толькі ў самой Рэчыцы, аднак і ў Гомелі. Часам здавалася, што шчасьце хіліцца на бок балахоўцаў, перамаглі ўсё-ж бальшавікі. Аднак і бяз гэтага бою лёс Дабравольнай Арміі быў вырашаны. Наступаючы, яна ўсё больш і больш выцягвалася ў той стратэгічна небясьпечны доўгі й вузкі клін, які нагадвала занятая Дабравольнай Арміяй тэрыторыя. Гэты клін у любы час мог быць перарэзаны з флангаў чырвонымі. Да таго-ж - прайшоў ужо тыдзень, як палякі падпісалі пагадненьне з бальшавікамі, і тыя атрымалі магчымасьць свабодна перакідаць свае сілы. Пачалося няспыннае адступленьне Дабравольнай Арміі.

Ёсьць цёмныя, ці лепш сказаць, брудныя плямы ў гісторыі Дабравольнай Арміі, гэта - гебрайскія пагромы. У той час усе бяз выключэньня збройныя сілы выяўлялі зьвярыную варожасьць да мірнага гебрайскага насельніцтва. Ведама, што чэкіст, матрос Балтыцкага флоту адбіў у Украінскай Рады горад Глухаў Чарнігаўскай губэрні і выразаў пагалоўна ня толькі ўсіх гебраяў, "багацеяў", святароў і афіцэраў, аднак загадаў таксама зьнішчыць усіх без перабору мясцовых гімназістаў, як "будучых багацеяў".*

*Пра ўдзел падразьдзяленьняў Першай коннай арміі ў гебрайскіх пагромах сьведчаць матар'ялы ленінскага архіву. Гл.: Павел Вощанов. Страна Заветов. Краткий курс КПСС в совершенно секретных документах. "Комсомольская правда", № 226(20 226), 2 октября 1991г.

Польская рэгулярная армія падчас свайго першага і другога наступу ўчыніла дзікія гебрайскія пагромы ў Вільні, Менску, Бабруйску, Барысаве, Пінску і ў іншых беларускіх гарадох і мястэчках. Асабліва страшны пагром быў у Лідзе - загінула 150 чалавек.

Гэтыя жудасныя зьявы ні ў якім выпадку не апраўдваюць дзеяньняў Дабравольнай Арміі. Пя вартыя ўвагі спробы зваліць віну за пагромы на "вольніцу", якая далучылася па дарозе да Булака-Балаховіча. Добра ведама, напрыклад, што калі балахоўцы занялі мястэчка Капаткевічы, дык пагром учыніў і ім кіраваў камандзір рэгулярнага батальёну Георгіеўскага палка капітан Пашкевіч.

Закідаючы Булаку-Балаховічу адказнасьць за гэтыя пагромы, нельга здымаць віну і з Савінкава, які на судзе выступіў у ролі Панційскага Пілата, даказваючы, што ён тут ні пры чым. Забойства мірных і далёкіх ад палітыкі гебраяў застаецца нязмыўнай плямай у гісторыі Дабравольнай Арміі.

Перад тым, як перайсьці дзяржаўную мяжу, ад Дабравольнай Арміі адпала значная яе частка. "Калі Балахоўская армія рассыпалася і рэшткі яе ўцякалі ў Польшчу, частка старых балахоўцаў не захацела пераходзіць мяжу, а пад камандаю палкоўніка Таляпт-Келмі схавалася ў Мазырскіх лясох",20 каб адтуль прадаўжаць партызанскую вайну. А тыя, што трапілі ў Польшчу, спачатку былі раззброеныя, а праз пэўны час зноў атрымалі ў рукі сваю зброю. Пад агульнаю камандаю Савінкава і Булака-Балаховіча і, зразумела, зь ціхага дазволу Шлсудскага яны паасобна - двойкамі або тройкамі - пачалі перакідацца праз савецкую мяжу назад у БССР для партызанскага змаганьня супраць бальшавікоў.

Як сьведчыць Баравы, "бандытызм на абшарах Савецкае Беларусі пачаў прымячацца яшчэ ў лістападзе 1920 г., аднак да сакавіка 1921 г. ён меў выпадковы характар. Усяго да сакавіка 1921 г. зарэгістравана 40 выпадкаў налётаў і пагромаў, у гэтай лічбе 29 выпадкаў прыходзіцца на долю балахоўцаў, што засталіся ў межах БССР, рэшта-ж - на розных дэзэртыраў і банды рабаўнікоў бязь яснае палітычнае афарбоўкі".

Гісторыя Асобнага Дабравольнага Пароднага Аддзелу БНР, як і Беларускай Дабравольнай Арміі, непасрэдна і цесна зьвязана з асобаю Станіслава Булака-Балаховіча. Разгледзеўшы ўсё станоўчае і жыцьцёвае, што да гэтага часу пасьля доўгіх пошукаў можна было знайсьці, нельга ня даць і яму самаму слова сказаць. Нашае пакаленьне зьяўляецца сьведкам, як у СССР урачыста ставяцца помнікі тыранам і адначасна выкідаюць на сьметнік усіх ворагаў бальшавізму. Тая-ж частка нашага пакаленьня, што апынулася за межамі СССР і мае шчасьце ня прысутнічаць на ўрачыстасьцях для тыранаў, можа ня слухаць абвінавачваньні блізкіх нам людзей, якія бачаць на руках Булака-Балаховіча кроў вінаватых, аднак яно, нашае пакаленьне, ня можа ня бачыць на ягоных руках крыві нявінных сваіх суродзічаў, сваякоў, сяброў і знаёмых. Вельмі мала часу аддзяляе нас ад паходаў Булака-Балаховіча, вельмі мала фактаў маем мы, каб судзіць яго. Гэта можа зрабіць толькі будучы гісторык, а не ягоны сучасьнік.

3 кім толькі не раўнялі Булака-Балаховіча. Адны - зь Севярынам Налівайкам, другія - з генэралам Жаліхоўскім, трэція - з генэралам Галлерам4 чацьвёртыя - зь Нестарам Махно або з Тарасам Бульбай: "Як мне пісаў адзін з паплечнікаў генэрала-партызана, Бацька, які ўважліва сачыў за палітычнымі падзеямі, часта гаварыў пра будучае непазьбежнае вырашальнае супрацьстаяньне хрысьціянскіх народаў зь бязбожнымі падпальшчыкамі сусьветнае рэвалюцыі: "Я знаю, некаторыя з вас пасьмейваліся з майго захапленьня Тарасам Бульбай, які быў сапраўдным тыпам сярэднявечча, - гаварыў Булак-Балаховіч, - аднак я любіў яго не за гэта, а за ўпартую варожасьць да непрыяцеля, за стойкасьць у хрысьціянскай веры, свабодалюбства і адданасьць сваім таварышам. Ён і загінуў страшнай сьмерцю за гэтыя ідэалы. Я перакананы, што хутка надыдзе жудасны час, які па сіле чалавеканенавісьніцтва, жорсткасьці, варожасьці да хрысьціян і наагул усіх, хто верыць у Бога, пераўзыдзе ня толькі сярэднявечча, аднак й жудасную эпоху асірыйскіх і эгіпецкіх цароў...

Так, спадары, неўзабаве нам яшчэ прыйдзецца адказваць на пытаньне: "Верыш у Хрыста?", прычым сьцьвярджальны адказ запатрабуе тэрміновай абароны са зброяй у руках хрысьціянскай цывілізацыі! Паверце мне, пытаньне будзе пастаўлена менавіта так - або перамагчы, або гібець у нэндзы, як нявольнікі, і лізаць пяткі бальшавіцкаму хаму!"".

Пасьля Рыжскага дагавору між Польшчай і Саветамі Булак-Балаховіч, на першы пагляд, апынуўся па-за змаганьнем супраць бальшавізму.

"Бацька спрабаваў са сваім аддзелам зрабіць пераварот, або ваенны путч, як тады гаварылі: ён хацеў арыштаваць камандуючага арміяй генэрала Юдзеніча, аднак ягоны апошні "буйны набег" ня ўдаўся, і Бацька з астаткамі свайго палка пакінуў Эстонію і ў чыне генэрал-майора пераправіўся ў Польшчу. Там ён арганізаваў для сваіх "хлопцаў" вялікія лясныя работы. Як некалі ў старажытным Рыме Цынцыят пасьля выратаваньня Айчыны перамяніў меч на плуг, так і Бацька, хоць і ня выратаваў Бацькаўшчыну, аднак, павесіўшы зброю на сьцяну, узяўся за сякеру й пілу.

Празь некаторы час Бацька набыў пад Варшаваю невялікі маёнтак і, запісаны ў рэзэрве польскай арміі ў чыне генэрала, жыў мірна, як хутаранін, займаўся сельскай гаспадаркай".

У сапраўднасьці, за кулісамі, ён яшчэ доўгі час, спачатку разам з Савінкавым, а пазьней сам, арганізоўваў на тэрыторыі Польшчы партызанскія атрады, якія пасьля перакідаў празь мяжу ў Савецкі Саюз. Адначасна ён дамогся ад польскіх уладаў абяцаньня, згодна зь якім былыя балахоўцы атрымлівалі некаторыя прывілеі параўнальна зь іншымі эмігрантамі.

У 1937 г. Булак-Балаховіч выехаў у Гішпанію. Там ён прымаў актыўны ўдзел у грамадзянскай вайне на баку генэрала Франка. За гераізм у баёх пад Мадрыдам атрымаў гішпанскія ваенныя ўзнагароды.

"Пасьля разгрому Польшчы ў 1939 г. Бацька Булак жыў у падпольлі Варшавы, дзе, як гаварылі, ён адыгрываў пэўную ролю, магчыма, меў нелегальную арганізацыю. Той-жа самы паплечнік Бацькі пісаў мне, што ў 1940 г. бачыў Булака-Балаховіча ў прадмесьці Варшавы - Празе. Ён не адразу пазнаў генэрала-партызана, бо той быў "закансьпіраваны" - у нехлямяжай вопратцы і зь вялікімі рагавымі акулярамі на носе<...>

А празь некалькі месяцаў пасьля гэтае сустрэчы Бацька быў забіты там-жа, у Празе. Менавіта хто забіў яго - немцы ці бальшавікі - сказаць цяжка. Падрабязнасьці гэтага забойства вельмі нешматлікія. Некаторыя сьведкі расказваюць, што пад вечар, калі генэрал ішоў па ходніку, яго нагнаў амаль супраць Віленскага вакзалу нейкі чорны аўтамабіль, дзе сядзела чатырох або пяцёх мужчын у цывільным. Як па камандзе, усе выстралілі з рэвальвэраў (нехта сьцьвярджаў, што стралялі з наганаў) у сьпіну Булака-Балаховіча, які, як сноп, паваліўся на зямлю. Пачалася паніка, падчас яе забойцы зьніклі.

Так сумна закончылася жыцьцё генэрала-партызана, заклятага ворага бальшавікоў. Загінуў ён пры абставінах, далёкіх ад рамантыкі - ад подлых забойцаў з-за вугла.

Хутка пасьля гэтай крывавай падзеі немцы арыштавалі намесьніка Бацькі - есаула Якаўлева, яго адправілі ў канцэнтрацыйны лягер Аўшвіц, дзе ён і загінуў у красавіку 1941 г.".

Крыніца: Віцьбіч, Ю.
Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. -Вільня: Gudas, 2007. - 308с.