Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Мсьціслаўская сялянская дэманстрацыя

Тэлефонная гутарка, якая адбылася напярэдадні сялянскае антыбальшавіцкае дэманстрацыі паміж сакратаром Мсьціслаўскага павяткаму РКП(б) і сакратаром Гомельскага губкаму РКП(б) перадаецца тут ніжэй, хоць і па памяці, аднак са стэнаграфічнай дакладнасьцю. Сьведкі гэтае гутаркі з абодвух бакоў, сустрэўшыся пазьней, цалкам аднавілі ейны зьмест, амінуўшы толькі брудную расейскую лаянку, якой яна збытавала. Зазначым, што памянёны дыялёг параўнальна дакладна пераказаў на закрытым партыйным сходзе ў Мсьціслаўскім павяткаме і ягоны сакратар, калі ня лічыць апушчаных ім усіх шматлікіх нецэнзурных слоў, непасрэдна адрасаваных яму з Гомелю. Аднак перш чым перайсьці да гэтае гутаркі, што адбылася паміж партыйнымі ўладарамі, неабходна спыніцца на абставінах, якія яе выклікалі. Тым больш, што гэтыя акалічнасьці нас галоўным чынам і цікавяць, а гутарка па тэлефоне зьяўляецца толькі бальшавіцкім зьдзекам, савецкім гвалтам над імі.

У той час увачавідкі для ўсіх савецкая краіна цяжка хварэла. Кагадзе бальшавікі раздушылі Кранштадскае паўстаньне, якому папярэднічалі і спадарожнічалі сялянскія хваляваньні па ўсёй краіне, забастоўкі работнікаў у Петраградзе і іншых прамысловых цэнтрах. Непасрэднай прычынай гэтага агульнага незадаваленьня зьяўлялася палітыка РКП(б), менавіта - "ваенны камунізм", для якога характэрныя харчразьмеркаваньне, забарона вольнага гандлю і тэрор ЧК. Самая РКП(б) перажывала крызіс, выкліканы "работніцкай апазыцыяй" Шапашнікава, якая мела вялікую колькасьць прыхільнікаў сярод партыйцаў. Як ведама, кранштадскія паўстанцы-матросы, паміж якіх меўся значны працэнт беларусаў, у сваёй рэзалюцыі ад 28 лютага 1921 г. патрабавалі "вольнае агітацыі для ўсіх работнікаў, сялянаў і лева-сацыялістычных партыяў", яны зазначылі далей, што "ўзьнялі сьцяг паўстаньня супраць трохгадовае тыраніі камуністаў, супраць самавольства, што зацьміла сабой трохсотгадовую дэспатыю царызму, і што яны ўважаюць за лепшае сьмерць, чым скласьці зброю". Адказ бальшавікоў на гэтыя патрабаваньні знайшоў адбітак у дзёньніку сьведкі паўстаньня амэрыканскага анархіста Аляксандра Беркмана, які запісаў: "17 красавіка. Кранштадт сёньня капітуляваў. Тысячы трупаў матросаў і работнікаў ляжаць на вуліцах. Працягваецца пагалоўны расстрэл палонных і закладнікаў...".

Аднак, X зьезд РКП(б), што праходзіў у той час у Маскве і зрабіў перапынак, каб прыняць чынны ўдзел у прыдушэньні Кранштадскага паўстаньня, аднавіўшы зноў свае паседжаньні, перш за ўсё, вызнаў наяву гаспадарчага, палітычнага й партыйнага крызісу ў краіне. У выніку Ленін, спадзяючыся з дапамогай чэкістаў ліквідаваць палітычны й партыйны крызісы, аб'явіў адступленьне на гаспадарчым фронце, а менавіта - НЭП (новую эканамічную палітыку), якую характарызуюць харчпадатак, вольны гандаль, канцэсіі замежнаму капіталу. Разам з тым, да гэтага дэкрэту Ленін дадаў: "а меншавікоў і эсэраў трымаць у турмах".

Старадаўні беларускі горад Мсьціслаў, дзе вясною 1921 году адбылася сялянская антыбальшавіцкая дэманстрацыя, зьяўляўся цэнтрам багатага павету, глеба якога складалася пераважна з шэрых, або так званых пшанічных суглінкаў ці глею. Сялянства тут у сваёй бальшыні жыло заможна. Таму яно без асаблівае радасьці сустрэла першапачатковыя бальшавіцкія лёзунгі, а потым найбольш папакутвала ад бальшавікоў у часе "ваеннага камунізму". Зразумела, што і адносіны ягоныя да выбараў у першаістыя савецкія ўстановы (сельсавет, валвыканкам, паветвыканкам), якія тут тады праходзілі, зусім не адпавядалі "генэральнай лініі" партыі.

Трэба зазначыць, што, нягледзячы на тэрор ЧК, выбары ў той час праводзіліся ўсё-ж крыху інакш, больш дэмакратычна, чым у "эпоху сталінскае канстытуцыі". Усе, не пазбаўленыя паводле "ленінскай канстытуцыі" права галасаваць, на прадвыбарных сходах вызначалі сваіх кандыдатаў і выбіралі іх бальшынёй галасоў. Натуральна, што гэтае вылучэньне кандыдатаў ня абыходзілася бяз гвалту й ціску з боку тутэйшых партыйных ячэек і камітэтаў беднаты, аднак падчас галасаваньня сяляне ўсяроўна выказваліся за сваіх кандыдатаў. Пазьней бальшавікі ўлічаць гэтую акалічнасьць і прымусяць сялянскую масу галасаваць за прапанаваных ёй кандыдатаў, аднак тады яшчэ існавала адносная дэмакратычнасьць. I сялянства Мсьціслаўшчыны шырока яе выкарыстала.

Сяляне Мсьціслаўшчыны перамаглі ціск з боку камуністаў і камбедаўцаў. Пераважная большыня абраных сябраў першаістых савецкіх установаў складалася зь беспартыйных, а не з камуністаў. А бальшыня з гэтай пераважнай бальшыні складалася з беспартыйных па форме і былых эсэраў па сутнасьці. Параўнальна нядаўна перад гэтым яны публічна выракліся сваіх эсэраўскіх поглядаў і таму ўцалелі ад тэрору ЧК, аднак ў душы засталіся эсэрамі - гэта была новая тактыка іхняе нелегальнае партыі. Няма таксама нічога дзіўнага ў тым, што менавіта іх абралі добра знаўшыя іх сяляне, бо эсэры па сваёй праграме бліжэй за ўсе іншыя партыі стаялі да сялянства - яны зьяўляліся сялянскай партыяй у поўным сэнсе гэтага разуменьня. Такія "беспартыйныя" спачатку апанавалі сельсаветы, валвыканкамы, і нарэшце зь іх пачаў камплектавацца павятовы выканкам, старшынёй якога стаўся "беспартыйны" эсэр Асмалоўскі. Па сутнасьці, гэта зьяўлялася мірнай дэмакратычнай заваёвай эсэрамі Мсьціслаўлю і пры гэтым бяз усякага парушэньня "ленінскай канстытуцыі". Таму разгубленасьць тутэйшых камуністаў, а тым больш адказнага за выбары сакратара павяткаму РКП(б) была больш чым зразумелая.

Якраз у гэты час і адбылася гутарка па тэлефоне паміж сакратарамі павяткаму й губкаму. Калі першы грунтоўна паінфармаваў другога пра вынікі выбараў, то пачуў у адказ:

- Шляпа. Пусьціў выбары плазам! Выбарчы статут - усяго толькі форма, у якую ўліваецца бальшавіцкая існасьць. Боўдзіла! Ты, можа, цяпер пасьля гэтых выбараў распачнеш выбары да Устаноўчага Сойму? А можа ў тваім кабінеце ўжо вісіць партрэт Керанскага? Ёлупень! А кадэты ў твой выканкам ня трапілі? Яшчэ пытаешся, што рабіць? Эх ты, рубель без капейкі! Без адкладу арыштаваць увесь прэзыдыюм новага павятовага выканкаму, прафільтраваць усе валвыканкамы й сельсаветы, а пасьля гэтага зрабіць перавыбары. Хаця не! Пачакай. Хто ведае, каго гэтая стыхія зноў абярэ. Перавыбараў не праводзіць, а з абраных цяпер камуністаў павяткам РКП(б) павінен вылучыць аднаго ў старшыні павятовага выканкаму, а ён дабярэ з камуністаў і зь беспартыйных бальшавікоў сябраў прэзыдыюму, папярэдне ўзгадніўшы кожнага зь іх паасобку з павяткамам РКП(б). Зразумела? За гэтыя выбары я ўклею табе ў партыйную справу суровую вымову з папярэджаньнем і сам атрымаю за іх, чуе маё сэрца, вымову ад ЦК партыі. Дурыбала!

Новы прэзыдыюм выканкаму яшчэ прымаў справы ад старога, калі чэкісты яго арыштавалі і ўвязьнілі ў тутэйшай турме. Адначасна на паседжаньні павяткаму быў вылучаны на пасаду старшыні паветвыканкаму замест арыштаванага эсэра Асмалоўскага камуніст Юрчанка, які атрымаў у часе выбараў нязначную колькасьць галасоў. На тым-жа паседжаньні павяткаму былі выдзеленыя камуністы, што накіроўваліся ў павет, каб там на месцы праверыць склад валвыканкамаў і сельсаветаў. Магчыма, што сакратар павяткаму, які кагадзе страціў ласку партыйнага начальства, быў цяпер задаволены з праробленай ім паводле інструкцыі зьверху работы, аднак ён усё-ж шмат чаго не прадбачыў. Сялянства тады яшчэ заставалася сялянствам, а не калгасьнікамі, гэта значыць паслухмянымі выканаўцамі ўсіх партыйных і савецкіх дырэктыў.

На другі дзень пасьля арышту абранага выканкаму ў Мсьціслаўлі, нягледзячы на тое, што дзень гэты ня быў ні сьвяточным і ні кірмашовым, з самае раніцы пачалі зьбірацца групкі сялянаў. Паступова павялічваючыся, гэтыя групкі ператварыліся ў натоўпы. Яны рушылі па ўсіх дарогах з бліжэйшых да гораду воласьцей - Падсолтаўскай, Стара- сельскай, Татаршчынскай і Казімірава-Слабодскай. Падобна таму, як за тры гады перад гэтым 50 тысяч вяліжскіх сялянаў ішлі на горад, каб дамагчыся праўды, дык цяпер мсьціслаўскія сяляне ішлі на свой горад у пошуках тае-ж справядлівасьці. Аднак калі вяліжскія сяляне ішлі ўзброеныя вінтоўкамі, сякерамі, косамі, віламі й каламі, то мсьціслаўскія ішлі бяз усякае зброі. Пасьля таго, як бальшавікі кагадзе патапілі ў крыві ўзброены цяжкой морскай артылерыяй мяцежны Кранштадт, маючы да таго яшчэ ў тыле неспакойны, ахоплены забастоўкамі Петраград, дык, зразумела, усялякія іншыя антыбальшавіцкія ўзброеныя паўстаньні былі загадзя асуджаны на няўдачу. Гэта ўлічылі кіраўнікі Мсціслаўскае сялянскае дэманстрацыі - эсэры на чале з настаўнікам Цюцянковым. Блізу паўдня сяляне, падышоўшы да будынку павяткаму, які ў той час ужо ахоўвалі ўзброеныя чэкісты і міліцыянэры, пачалі крычаць:

- Патрабуем вызваленьня Асмалоўскага! Патрабуем аднаўленьня абранага намі выканкаму!

Сяляне не спрабавалі ўварвацца ў будынак павяткаму, хаця на іхнія выкрыкі спачатку ніхто ніяк не рэагаваў. Толькі тады, калі крык стаўся асабліва настойлівым і некалькі чэкістаў стрэлілі ўгору, у адчыненым акне павяткаму паказаўся ягоны сакратар. Ён узьняў руку й закрычаў:

- Таварышы! Заклікаю вас да парадку! Ня слухайце розных недабітых правакатараў. Яны, скарыстаўшы тыя часовыя цяжкасьці, зь якімі замгаецца і перамагае нашая савецкая краіна, нацкоўваюць вас супраць вашае-жа работніцка-сялянскае ўлады. Яны спрабуюць схаваць ад вас або перакруціць апошні гістарычны дэкрэт нашага ўраду пра замену харчразьмеркаваньня харчпадаткам і аб дазволе вольнага гандлю. Мы ўжо амаль перамаглі цяжкасьці, і гэты дэкрэт адразу-ж і назаўсёды зьменіць нашае становішча ў лепшы бок. Таварышы! Бальшыня абраных вамі людзей ашукала ваш давер як выбаршчыкаў, бо яны - вашыя зацятыя ворагі, хаця й замаскаваныя. Менавіта таму яны намі арыштаваныя і ўжо адпраўленыя ў Гомель, дзе іх пакарае рука пралетарскага праўдзівага суда. Іхняе месца занялі цяпер годныя сыны народу з асяродзьдзя вамі-ж абраных дэпутатаў. Ідзеце-ж цяпер спакойна да вашых вёсак. Калі, счакаўшы гадзіну, каго-небудзь зь сялянаў заўважаць у горадзе, ён будзе арыштаваны і адпаведна пакараны як завадыяш бунту супраць работніцка-сялянскае ўлады.

Няхай жыве таварыш Ленін! Ур-р-р-а!

Чэкісты, што ўвесь час трымаліся напагатове, не адбіраючы вачэй ад натоўпу, падхапілі "Ур-р-р-а!" сакратара павяткаму, які зноў схаваўся ў будынку. Сяляне маўчалі, але маўчалі гэтак, што чэкістам здрадзілі нэрвы і яны заляскалі замкамі вінтовак. Нечакана сяляне заварушыліся і ўсе разам пакінулі плошчу. Толькі выйшаўшы з гораду, яны пачалі дзяліцца між сабой сваймі ўражаньнямі. Некаторая частка сялянаў выказвала радасьць, даведаўшыся ўпяршыню аб замене падаткам і вольным гандлем харчразьмеркаваньня. Сакратар губкаму памыліўся, назваўшы сакратара павяткаму "шляпай". Калі-б чэкісты й міліцыянэры адкрылі па людзях стральбу, то яна менш уразіла-б гэтую частку сялянаў, чым словы сакратара пра НЭП.

Аднак пераважная бальшыня тых сялянаў, што ішлі цяпер да сваіх хатаў, не давала веры доўгаму веку і шчырасьці гэтага дэкрэту. Яны кагадзе ўвачавідкі пераканаліся ў хлусьлівасьці "ленінскае канстытуцыі". Яны і пайшлі назад толькі таму, што іхнія выбраньнікі, як ім паведамілі, знаходзіліся ўжо ня ў Мсьціслаўлі, а ў гомельскай чэкісцкай катавальні.

Юрчанка старшыняваў у павяовым выканкаме вельмі кароткі час. Яго падпільнавалі і забілі "зялёнаармейцы" - партызаны скрозь ведамага на Магілёўшчыне Цёмнага Лесу. Юрчанку вельмі ўрачыста пахавалі ў гарадскім парку, паставілі над ягонай магілай помнік. У ягоны гонар перайменавалі Спаскую вуліцу. Ягоны партрэт у вялікай чорнай аправе аздабляў кабінет ўсіх ягоных наступнікаў аж да Другое Сусветнае вайны. Бальшавікі шануюць бальшавікоў. А між тым, забойства непаўнацэннага "народнага выбраньніка" Юрчанкі было нічым іншым, як лягічным завяршэньнем Мсьціслаўскае сялянскае дэманстрацыі. Прынамсі, гэтае забойства, як і дэманстрацыю, зусім не прадбачылі ў сваёй гутарцы па тэлефоне бальшавіцкія сакратары.

Крыніца: Віцьбіч, Ю.
Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. -Вільня: Gudas, 2007. - 308с.