Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Бешанковіцкае паўстаньне

Пачатак гэтаму паўстаньню паклала вёска Застарыньне Ганкавіцкага сельсавету Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласці БССР. Да рэвалюцыі яна ўваходзіла ў Латыгаўскую воласьць Сененскага павету Магілёўскае губэрніі Расейскае імпэрыі. Ад Застарыньня, дзе паўстаньне выбухла, да мястэчка Бешанковічы, дзе яно празь пяць дзён заламалася, - дзесяць кілямэтраў з гакам. Насельніцтва гэтае вёскі напалову складалася з тубыльцаў-беларусаў, а напалову з маскалёў, як называе наш народ расейцаў-старавераў, што яшчэ ў XVIII ст. эмігравалі ў вольную Літву ад рэлігійных перасьледаў у Маскоўшчыне. Яны захавалі тут сваё веравызнаньне, мову і звычаі, выразна адрозьніваючыся ад другой паловы вёскі. Таму і вёска падзялялася на два канцы - Літоўскі і Маскоўскі. На працягу стагодзьдзяў гэтыя два канцы паміж сабой ніколі не спрачаліся, мірна жылі побач, аднак, разам з тым, ня зьліваліся, не радніліся, і асаблівай дружбы між імі ня было. Яны кожны па-свойму маліліся і хрысьціліся, шлюбаваліся і кахаліся, засявалі і зажыналі, пацяшаліся і наракалі на долю. Нават коней кожны запрагаў на свой лад. Аднак нарэшце злы лёс спалучыў іх разам, каб разам-жа бязьлітасна зьнішчыць.

Як пярун нараджаецца бліскавіцай, гэтак і паўстаньню папярэднічала суцэльная калектывізацыя. Бальшавіцкія штурмавыя брыгады, дзе зманам, а дзе тэрорам, заганялі сялянаў у калгасы. Правядзеньне суцэльнай калектывізацыі ішло разам з раскулачваньнем. Воля беларускага сялянства да супраціву і адпору была калі не зламаная, то ладне падбітая пасьля дасьведчаньня сялянскіх паўстаньняў - Вяліжскага, Нарэцкага, Барысаўскага, Мірскага, Слуцкага, Койданаўскага, дый ці мала іншых, патопленых бальшавікамі ў крыві і сьлязох. Аднак нават у самой Расеі прымусовая калектывізацыя выклікала мноства вялікіх і малых паўстаньняў. Хоць бальшавікі гэтыя паўстаньні падаўлялі, аднак усё-ж яны былі вымушаныя пайсьці на тымчасовыя хітрыкі. У выснаве зьявіўся артыкул Сталіна "Головокружение от успехов", і застарынцы далі яму веру.

Калі адмыслова пасланы ў Бешанковічы застарынец набыў там у абмен на сала і яйкі зачытаны перад тым да дзюркаў нумар "Правды" з артыкулам Сталіна і ўсё Застарыньне зь ім пазнаёмілася - беларусы й рускія, праваслаўныя і стараверы, - кожны па-свойму ад радасьці перахрысьціўся, а потым адразу-ж дружна і разам распачалі ліквідаваньне калгасу. Яны забралі назад з калгасных хлявоў сваю абагуленую перад тым жывёлу і бяз крыўдаў падзялілі знойдзенае ў сьвірнах насеньне.

Застарыньне ня было адзінокім. Тое-ж самае адбывалася ва ўсіх вёсках раёну. Сялянам здавалася, што штурмавыя брыгады з дапамогай сельскіх і раённых саветаў гвалтам заганялі іх ў калгасы, а вось Сталін сваім артыкулам вярнуў ім собскія гаспадаркі. Аднак гэты іхні шчыры давер неўзабаве разьвеяла суворая рэчаіснасьць.

Праз два дні пасьля зьнішчэньня сялянамі калгасу ў Застарыньне зноў вярнулася штурмавая брыгада, узмоцненая на гэты раз міліцыянэрамі. Яна пачала сьледства, дапытваючыся, хто хадзіў у мястэчка за газэтай, выведваючы, хто заклікаў да падзелу калгаснае маёмасьці, хто першы адчыніў дзьверы ў хлявох і сьвірнах? Дарэмна застарынцы спасылаліся на Сталіна і ягоны артыкул, штурмавікі ім даводзілі, што гэты артыкул мае дачыненьне да аднаасобнікў, а не да калгасьнікаў накшталт застарынцаў, якія, маўляў, самохаць стварылі калгас. Калі застарынцы адмовіліся зноў абагульваць жывёлу і інвэнтар, іх пачалі арыштоўваць ды адпраўляць у Бешанковіцкае раённае ГПУ.* У адказ на гэта абураныя застарынцы забілі двух найбольш зацятых штурмавікоў. А на другі дзень, абраўшы сваім кіраўніком беларуса Васіля Гаркавага, зноў - беларусы й рускія, праваслаўныя і стараверы - пераксьціліся кожны па-свойму й рушылі на Бешанковічы, каб знайсьці там управу на гвалт, каб адшукаць там праўду.

*Такая сытуацыя назіралася па ўсёй краіне, пра што сьведчаць матар'ялы партыйных архіваў: "На кожным зь лістоў, прысланых асабіста М.Калініну у 1930 г., грыф "сакрэтна". Вось адзін з многіх: "У першай палове лютага ў нас пачаў зьбірацца калгас. Заганялі ў яго пад пагрозаю высылкі ў Сібір і пазбаўленьня правоў. Адабралі ўсё, нават інвэнтар. Але калі з цэнтру прыйшло растлумачэньне, людзі разабралі свае плугі па хатах. Тады нашыя вясковыя партыйцы паехалі ў раён патрабаваць карны атрад. Прыбылі каля 50 чырвонаармейцаў і адразу-ж пачалі ўсё адбіраць. Ламалі дзьверы і замкі - па вёсцы толькі трэск стаяў! Адна жанчына кінулася на плуг і крычала: "Не аддам!" Тады яе сталі біць прыкладамі. На шум зьбегліся людзі, але салдаты бяз дай прычыны пачалі ў іх страляць...". (Зь ліста В. Фацюшына, вёска Нова-Міхайлаўка, Елецкая акруга). (Павел Вощанов. Страна Заветов. Краткий курс КПСС в совершенно секретных документах. "Комсомольская правда", № 226(20 226), 2 октября 1991 г.)

Пайшлі ў Бешанковічы ўсе, амаль ніхто з застарынцаў не застаўся дома. Па дарозе да іх далучыліся сяляне вёсак Ганкавічы, Рубеж, Буднікі, Крывіна Верхняе. Аднак быў ужо не 1918, а 1930 год, ня першы, а трынаццаты год існаваньня савецкай улады. Таму, калі Вяліжскае народнае паўстаньне з вылучнай хуткасьцю ахапіла 50 тысяч сялянаў, дык у Бешанковіцкім іх было ня больш за 500. Аднак тым большы іхні гераізм. Ня маючы ні аднае вінтоўкі, толькі ўзброеныя адвечнай сялянскай зброяй - сякерамі й віламі - яны ішлі на Бешанковічы. А тымчасам тутэйшыя бальшавікі ўзбройваліся да зубоў. Па дапамогу ім сьпяшалася зь Віцебску частка адмысловага прызначэньня (ЧОП). Калі паўстанцы з боку старажытнага палацу ўвайшлі ў Бешанковічы, яны, без усялякага папярэджаньня, трапілі пад перакрыжаваны агонь бешанковіцкіх і віцебскіх гэпэўшнікаў. Пасьля кароткага бою сяляне разьбегліся, падабраўшы параненых і пакінуўшы забітых. Пяведама дакладна, колькі было ахвяраў сярод паўстанцаў, аднак затое ведама, што начальніку Бешанковіцкага ГПУ адсеклі руку.

Бешанковіцкае паўстаньне - гэта змаганьне сякераў з кулямётамі, і ўсё-ж толькі на пяты дзень бальшавікі яго раздушылі. У Бешанковічах адбыўся суд выязное сэсіі ГПУ БССР, якая прысудзіла дзевяць паўстанцаў разам з Васілём Гаркавым да расстрэлу, а пяцьдзесят чатырох - да ссылкі на розныя тэрміны ў Сібір. Прайшлі год-два-тры, і паступова бадай усе астатнія застарынцы апынуліся ў канцлягерах. Пянавісьць бальшавікоў да іх была такая вялікая, што яны нават зьнішчылі вясковы могільнік, на якім спачывалі дзяды і прадзеды сасланых застарынцаў. Аднак на гэты раз лёс жорстка надсьмяяўся з бальшавікоў.

У 1939 годзе ў Бешанковічы прыехала навуковая экспэдыцыя па ўліку помнікаў гісторыі й мастацтва. Перш за ўсё яна зьвярнула ўвагу на мясцовы палац, дзе ў розныя часы затрымліваліся Пётр Першы, Аляксандар Першы і Напалеон Банапарт. Яна зацікавілася валам маршала Сэн-Сіра і крывіцкімі курганамі. Нечакана работу экспэдыцыі прыпыніў старшыня Бешанковіцкага райвыканкому, які прапанаваў сьпярша ўзяць на ўлік помнікі рэвалюцыі. Паказваючы на нязграбны помнік Леніну і на дзьве магілы, зь якіх адна знаходзілася на адзін бок палацу, а другая - на другі, старшыня зазначыў, што ён і палова жыхароў мястэчка - людзі нятутэйшыя і таму дакладна ня ведаюць, у якой магіле ляжаць героі рэвалюцыі (так ён назваў штурмавікоў), а ў якой - бандыты (так ён назваў паўстанцаў). Магчыма, заўважыў ён, пра гэта ведае хто-небудзь з другой паловы жыхароў мястэчка, аднак ён асабіста ставіцца да іх зь недаверам. Таму няхай экспэдыцыя канчаткова ўдакладніць, якая зь дзьвюх магілаў і ёсьць помнік рэвалюцыі, каб належным чынам яе ўшанаваць.

Два дні кіраўнік экспэдыцыі, які цяпер знаходзіцца на эміграцыі, абыходзіў хаты прыроджаных і спадчынных местачкоўцаў. Яны падазрона аглядалі яго з галавы да ног, а потым, спасылаючыся на розныя прычыны, адказвалі, што ня ведаюць, у якой магіле хто пахаваны. Яны, нашчадкі ўладароў свае краіны, нават прыгадалі навукоўцу сваёй прыгнечанасьцю жаўнераў з 6-га Баварскага корпуса маршала Сэн-Сіра, якія, падбітыя тыфусам, менавіта тут, у Бешанковічах, у 1812 годзе адзін у аднаго запытваліся:

- Дзе той дом, у якім паміраюць?

Аднак калі ён у гутарцы з вока на вока з тым-сім із сваіх тутэйшых суродзічаў расказаў пра далёкую старадаўніну беларускіх Бешанковічаў, прыгадаўшы і ягоных колішніх гаспадароў Сапегаў і тое, што яшчэ ў 1634 г. атрымалі іхнія продкі Магдэбурскае права, дык дазнаўся праўды наконт магілаў. I можа няма нічога дзіўнага ў тым, што, шмат чым рызыкуючы, кіраўнік экспэдыцыі гэтую праўду перакруціў. На трэці дзень, паказваючы на магілу паўстанцаў, ён сказаў, што менавіта тут ляжаць штурмавікі. Абрадаваны старшыня райвыканкаму загадаў адразу-ж пасадзіць на гэтай магіле кветкі, а другую - зраўняць зь зямлёю.

I дагэтуль стаіць там, пасярод Бешанковічаў, Ленін. Аднак і дагэтуль над тэй брацкай магілай, дзе ляжаць бешанковіцкія паўстанцы - беларусы й расейцы, праваслаўныя і стараверы - разам са сваім Васілём Гаркавым, квітнеюць беласьнежныя астры і крывавыя вяргіні. Таму зводдаль здаецца, што пакрывае яе бел-чырвона-белы сьцяг. А магіла штурмавікоў зьнікла, парасла чартапалохам ды сабачай мятай.

Крыніца: Віцьбіч, Ю.
Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. -Вільня: Gudas, 2007. - 308с.