Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Барысаўскі галодны бунт

Звычайным спадарожнікам першых гадоў калектывізацыі вёскі быў голад. Каляктыўнае гаспадараньне выклікала рэзкае скарачэньне пасяўной плошчы й пазбавіла сялянаў магчымасьці вырабляць таварны хлеб. Свабодны продаж хлеба, па-першае, караўся савецкімі законамі, а па-другое, поўнасьцю выключаўся тым, што калгаснае сялянства не валодала зямлёй, ня мела скаціны, інвэнтару і собскае ініцыятывы. Бальшавіцкія абвінавачваньні сялянаў ў тым, што яны, ідучы пад прымусам у калгасы, прыхоўвалі хлеб на чорны дзень, закопваючы збожжа ў ямы, у значнай ступені не адпавядаюць сапраўднасьці. Ужо ня было чаго прыхоўваць, хаця й было ад каго. Яшчэ дзяржаўнае харчразьмеркаваньне ў часе ваеннага камунізму апаражніла сялянскія засекі, і нават перадышка пры НЭП'е не напоўніла іх зноў. I вёска, а тым больш горад, і Барысаўшчына, і Барысаў, галадавалі.

Між тым савецкая дзяржава мела досыць харчу, аднак прызначаўся ён не для сваіх грамадзянаў. Перш за ўсё кідаліся ў вочы характэрныя для таго часу крамы "Торгсин". Як сьведчыць іхняя расейская скарочаная назва, яны прызначаліся нібы для гандлю з чужаземцамі. Савецкая ўлада для ажыцьцяўленьня сталінскіх пяцігодкаў, для індустрыялізацыі краіны адчувала патрэбу ў валюце, брыльянтах, плаціне, золаце, срэбры, у абмен на якія ў гэтых крамах можна было атрымаць розныя марцыпаны, ня кажучы ўжо пра хлеб і тлушчы. Аднак якіх турыстаў-чужаземцаў меўся зацікавіць Барысаў?

Помнікі Студзёнкі на месцы ведамай усяму сьвету трагічнай пераправы французскай арміі ў 1812 г. былі ўжо разбураныя павятовымі энкавэдыстамі, якія шукалі ў іхніх падмурках залатых грошай. Дом Напалеона Банапарта непазнавальна перарабілі пад упраўленьне саўгасу. У Новым Барысаве на гістарычных "Чычагаўскіх Батарэях" ужо ляжалі сотні ахвяраў ЧК, расстраляныя ёю і пасьля антыбальшавіцкага паўстаньня 1919 г. і ў сувязі з партызанам Монічам. Калі чужаземцаў савецкі Барысаў ня цікавіў, дык якія валюта, брыльянты, плаціна, золата і срэбра меліся ў сялянаў і работнікаў Барысаўшчыны? Тым ня менш бацькі несьлі ў "Торгсин" свае вайсковыя крыжы і купельныя крыжыкі, а маткі - свае заручальныя пярсьцёнкі й дзявочыя завушніцы, абы толькі пракарміць сваіх галодных дзяцей. Іх ня цікавілі ў гэтых крамах разнастайныя ласункі, іх цікавіў толькі хлеб бяз прымесяў, які, хоць і на кароткі час, заменіць хлеб зь мякінай, хлеб зь лебядой, хлеб зь мязгой.

Між тым гэты хлеб ня трэба было прывозіць аднекуль у тутэйшы "Торгсин" - барысаўскія склады аж ламаліся ад свайго хлеба, адабранага ў раскулачаных ці абкладзеных індывідуальным падаткам сялянаў. Аднак гэты тутэйшы хлеб ішоў вылучна праз прыморскія гарады за мяжу ў абмен на валюту. Частка яго ўжо ішла туды, як дэмпінг, па сьвядома зьменшаных цэнах, каб "запаліць пажар сусьветнае рэвалюцыі".

Нельга ўсё-ж сьцьвярджаць, што савецкая ўлада зусім не клапацілася аб сваім апухлым ад голаду насельніцтве. У Барысаве, як і ў іншых гарадох СССР, існавала карткавая сыстэма. Усё насельніцтва з 1928 г. па 1933 г. пры атрыманьні харчовых нормаў было падзелена на наступныя катэгорыі:

1 катэгорыя. Камуністы, што ачольвалі партыйныя, савецкія і прафсаюзныя ўстановы (так званыя адказныя работнікі). Работнікі цяжкое фізычнае працы, як кавалі, качагары, пільшчыкі, грабары і г. д. Яны атрымлівалі 1 кг хлеба на дзень.

2 катэгорыя. Работнікі менш цяжкое працы - 500 г хлеба.

3 катэгорыя. Работнікі на лёгкай рабоце - 300 г хлеба.

4 катэгорыя. Службоўцы й дарослыя ўтрыманцы асобаў усіх катэгорыяў - 150 г хлеба.

5 катэгорыя. Дзеці - 100 г хлеба.

Барысаў - горад лёгкае індустрыі. 3 гэтае прычыны пераважная бальшыня ягоных жыхароў атрымлівала ад 300 да 500 г хлеба на дзень. Злоўжываньні пры падзеле рабочых на катэгорыі паводле цяжкасьці працы выклікалі зь іхняга боку вялікае незадаваленьне. Акрамя таго, сама "лёгкасьць" гэтае працы мела ўмоўны характар у сувязі з прымусовым агульным абавязкам "выканаць пяцігодку за чатыры гады". Галодныя харчовыя нормы зусім не адпавядалі павялічаным нормам прадукцыйнасьці працы. У работнікаў падчас зьмены шумела ў вушох ад голаду, ідучы з фабрыкаў і заводаў дамоў, яны хісталіся, а прыйшоўшы дахаты, дзялілі сваю і бяз гэтага недастатковую хлебную норму з галоднымі дзецьмі. Трэба адзначыць, што "лшненцы", г. зн. пазбаўленыя савецкіх выбарчых правоў, або бяспраўныя, а менавіта -былыя абшарнікі і фабрыканты, былыя купцы, дамаўласьнікі, лесапрамыслоўцы, чыноўнікі й камісыянэры і г. д.; былыя ўрадоўцы, жандары, паліцыянты і г. д.; сьвятары ўсіх веравызнаньняў, улучаючы сюды нават царкоўных панамароў, касьцельных званароў і гебрайскіх мяламедаў (настаўнікі ў рэлігійных школах) разам зь іхнімі сем'ямі, - стаялі па-за катэгорыямі й ніякіх харчоў не атрымлівалі. Па-за катэгорыямі апынулася й сялянства - вытворца хлеба.

У канцы красавіка 1933 г. у Барысаве была атрымана непасрэдна з Масквы, мінаючы сталічны для БССР Менск, дырэктыва аб зьніжэньні харчовых нормаў. Паводле яе:

1 катэгорыя мелася атрымаць па 500 г хлеба на дзень;

2 катэгорыя мелася атрымаць па 300 г хлеба на дзень;

3 катэгорыя мелася атрымаць па 150 г хлеба на дзень;

4 катэгорыя мелася атрымаць па 100 г хлеба на дзень.

Дарослым утрыманцам і дзецям у хлебе было зусім адмоўлена.

На камуністаў гэтае афіцыйнае зьніжэньне нормаў, па сутнасьці, не пашыралася. Кожнага зь іх цалкам забясьпечваў вельмі распаўсюджаны ў савецкай рэчаіснасьці "блат", г. зн. узаемазабесьпячэньне з чорнага ходу падуладных ім складаў і крамаў. У бухгальтарскіх справаздачах гэты "блат" менаваўся як "усушка", "выцек", "раструшчваньне", "недапёк" і г. д. Затое ўсё астатняе насельніцтва было асуджана на галодную сьмерць.

3 травеня 1933 г. галодныя жанчыны й дзеці выйшлі раніцай на вуліцы Барысава й накіраваліся да дзяржаўных установаў з патрабаваньнем хлеба. Па дарозе яны ўбачылі падводы з хлебам, што перавозілі яго з тутэйшых складаў на чыгуначную станцыю для вывазу. Абураны галодны натоўп затрымаў гэтыя падводы і разабраў той хлеб, што ляжаў на іх. Аднак яго было мала, каб накарміць усіх галодных. Тады а 2-3 гадзіне апоўдні натоўпы, што па-ранейшаму складаліся пераважна з жанчынаў і дзяцей, пачалі разбураць харчовыя крамы, пранікаючы туды спачатку праз павыбіваныя вокны, а потым выламваючы і дзьверы. Тутэйшы конны атрад НКВД і міліцыі пачаў разганяць людзей, топчучы жанчын і дзяцей коньмі, аднак быў ня ў стане разагнаць натоўп. Энкавэдысты і міліцыянэры яшчэ не пасьпелі прымяніць зброю, аднак ужо былі пакалечаныя конскімі капытамі.

Тагачасная міліцыя яшчэ ня была той старанна прафільтраванай і цалкам падпарадкаванай НКВД паліцыяй савецкай дзяржаўнай сыстэмы. Адзін з двух міліцыянэраў, што стрымлівалі націск галодных на харчовую краму, нечакана падняў руку, каб зьвярнуць на сябе агульную ўвагу, і закрычаў:

- Жанчыны! Маткі! Жонкі! Сёстры! Навошта вы гэтак мардуецеся і без усялякае карысьці калечыце сябе і дзяцей? Ідзіце да сваіх хатаў, ідзіце да фабрыкаў і цягніце сюды сваіх мужоў, сыноў ды братоў. Няхай яны абароняць вас. Тады хутчэй будзе толк.

Два энквэдысты, што стаялі паблізу, пачуўшы гэты зварот аднаго зь міліцыянэраў да народу, пачалі страляць у іх з крыкам:

- Рукі ўгору!

У адказ міліцыянэры двойчы стрэлілі ў энкавэдыстаў, а потым кінуліся ўцякаць. Але ім не пашанцавала: па ўсіх бліжэйшых вуліцах і завулках сьцяной стаялі людзі, да таго-ж міліцыянэры былі ў форме, што здалёку кідалася ў вочы. Яны былі схопленыя энкавэдыстамі, якія скруцілі ім рукі і павялі ў НКВД, зьбіваючы па дарозе.

Заклік міліцыянэра, прозьвішча якога, нажаль, не захавалася ў памяці ўдзельнікаў і сьведкаў галоднага бунту, не загінуў дарэмна. Работнікі самай вялікай у Барысаве запалкавай фабрыкі "Бярэзіна" нечакана спынілі працу і патрабавалі ад адміністрацыі павялічэньня хлебных нормаў. Па сутнасьці, гэтым пачалося нішто іншае, як забароненая і неўласьцівая для савецкіх умоў забастоўка. У мінулым, да рэвалюцыі, работнікі неаднойчы баставалі супраць гаспадара фабрыкі, прад'яўляючы яму эканамічныя патрабаваньні. Часам яны, спыняючы працу, выходзілі на вуліцу з палітычнымі патрабаваньнямі да царскага рэжыму. Цяпер іхняя воля была часткова паралізаваная савецкай дэмагогіяй аб "работніцка-сялянскай уладзе". Акурат гэтай дэмагогіяй была насычана і прамова парторга - сакратара фабрычнай партыйнай арганізацыі, якой ён спрабаваў адказаць на іхнія патрабаваньні:

- Таварышы! 3 кім змагаецеся? Самі з сабою? Са сваёй работніцка-сялянскай уладай? 3 гістарычнымі дасягненьнямі Вялікае Кастрычніцкае сацыялістычнае рэвалюцыі? Вярніцеся назад! Вярніцеся да сваіх асірацелых машынаў, на якіх вы куяце сусьветную пралятарскую рэвалюцыю. Калі раней мы недаядалі на радасьць буржуям, дык цяпер мы галадуем на страх ім. Кажнае зернятка хлеба ёсьць удар па капіталістычных акулах.

Яшчэ падчас свае прамовы парторг пачуў з натоўпу забастоўшчыкаў такія рэплікі, як "Цецярук!", "Болбат!", "Талалай!", і асабліва не праймаўся імі, хаця браў для сябе на вока ўсіх тых, хто кідаў гэтыя заўвагі ў ягоны адрас. Затое выснавы, зробленыя работнікамі зь ягонае прамовы, былі ўсё-ж для яго зусім нечаканымі. Абураныя работнікі схапілі яго й пацягнулі на раку Бярозу тапіць.

- Камуністы, сюды! - крыкнуў парторг і адразу-ж пераканаўся, што бальшыня падуладных яму камуністаў адсутнічае. Яны, ратуючы ўласную скуру, разьбегліся яшчэ на пачатку забастоўкі хто куды. А частка іх разам зь беспартыйнымі пайшла тапіць свайго парторга. Дайшоўшы да ракі, работнікі ўзялі парторга за рукі і за ногі, раскачалі і кінулі ў ваду. Пэўне, ніхто сур'ёзна не хацеў пазбаўляць яго жыцьця, бо калі ён паплыў, дык ніхто ня кідаў усьлед каменьне, а калі ён паблізу вылез на бераг, дык ніхто не памкнуўся яго пераймаць. Магчыма, нікчэмны выгляд перапалоханага партыйца цалкам задавольніў работнікаў.

Між тым, жанчыны, да якіх цяпер далучыліся й мужчыны, павярнулі ад крамаў да тутэйшых савецкіх і партыйных установаў і да будынку НКВД. Сакратар Барысаўскага райкаму КП(б)Б зьвярнуўся да галодных людзей з ушчувальнай прамовай, якая нагадвала прамову парторга з фабрыкі "Бярэзіна". Аднак калі парторга толькі напалохалі, дык сакратар быў зьбіты на горкі яблык. Убачыўшы гэта, усе астатнія партыйныя й савецкія службоўцы пахаваліся хто куды. Толькі энкавэдысты зь вінтоўкамі ў руках густым частаколам акружылі будынак НКВД.

На патрабаваньні галодных вызваліць двух арыштаваных міліцыянэраў, што знаходзіліся ў гэтым будынку, ім адказалі рашучай адмовай. Людзі хваляваліся. Тады энкавэдысты стрэлілі некалькі разоў угору. Натоўп ня толькі не разышоўся, аднак наадварот, з кожнай хвілінай павялічваўся, пагражаючы зламаць ахову і ўварвацца ў будынак. Хісткае становішча апошняе савецкае цытадэлі ў Барысаве выратаваў начальнік НКВД. Ён выйшаў на балкон зь нейкай паперкай у руцэ і сказаў, што кагадзе атрымаў тэлеграму з Масквы, якая дазваляе захаваць старыя харчовыя нормы. Задаволены натоўп пачаў паступова меншаць. Шмат хто з галодных цешыўся са свае перамогі.

Уначы барысаўскія энкавэдысты разам з прыбылым вялікім атрадам менскіх энкавэдыстаў арыштавалі 1400 (тысячу чатырыста!) барысаўцаў. У горадзе ня было аб'яўлена ваеннае становішча, аднак на другі дзень па ўсіх ягоных вуліцах і завулках паходжвалі ўзброеныя патрулі, якія забаранялі жыхаром зьбірацца разам па двое-трое і больш чалавек. Фабрыка "Бярэзіна" ў сувязі з арыштам работнікаў часова спынілася. Празь некалькі дзён прыехала надзвычайная сэсія Рэвалюцыйнага трыбуналу БССР і пачала судзіць арыштаваных. Гэтая бальшавіцкая сячкарня не прызнавала складанай юрыдычнай працэдуры. 1200 чалавек былі сасланыя на тэрмін ад 8 да 10 год ў аддаленыя канцэнтрацыйныя лягеры бяз права ліставаньня, 200 барысаўцаў былі расстраляныя на тых-жа самых крывавых Чычагаўскіх Батарэях1, дзе ў 1919 г. чэкісты й ваенны камісар Бенгер, а ў 1921 г. надзвычайная тройка ЧК ужо расстралялі сотні іхніх сваякоў і знаёмых.

Тыя барысаўцы, што засталіся жыць, асірацелыя, тэрарызаваныя й па-ранейшаму галодныя, не атрымалі абяцаных начальнікам НКВД ранейшых харчовых нормаў. Штодзень і штоноч рабіліся павальныя вобыскі ў пошуках разабранага хлеба, і тыя, у каго ён знайшоўся, адразу-ж арыштоўваліся. Адначасна харчовыя верхаводы з Саўнаркаму СССР вырашылі, што паколькі барысаўцы "самазабясьпечыліся" зь дзяржаўных складаў і крамаў, трэба пазбавіць іх харчовага забесьпячэньня на неакрэсьлены час. Тыя барысаўцы, што засталіся жыць, не атрымалі нават і зьніжанай харчовай нормы.

А тыя барысаўцы, што паляглі на Чычагаўскіх Батарэях, не адчувалі больш пакутаў голаду. Паміж імі быў былы барысаўскі дарэвалюцыйны гарадскі галава Паўлоўскі, ксёндз-дэкан тутэйшага касьцёлу Марызевіч, два міліцыянэры, што мелі ў грудзёх чалавечае, а не энкавэдыстаўскае сэрца, работнікі "Бярэзіны" і іншых барысаўскіх фабрыкаў, аднак пераважную большыню расстраляных складалі жанчыны, дзяўчаты і амаль дзеці. Яны прасілі лусту свайго роднага беларускага хлеба. Яны прасілі толькі лусту хлеба...

Крыніца: Віцьбіч, Ю.
Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. -Вільня: Gudas, 2007. - 308с.