Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Гомельскае паўстаньне (Стракапытаўскі мяцеж)

Сярод беларускіх антыбальшавіцкіх выступленьняў гомельскае паўстаньне, або "Стракапытаўскі мяцеж", займае выключнае месца. Нягледзячы на тое, што ў гэтым паўстаньні прымала пэўны ўдзел частка гамяльчан і рэчыцкая мясцовая рота, усё-ж яго можна лічыць беларускім толькі таму, што яно выбухнула на тэрыторыі Беларусі. Асноўнымі ўдзельнікамі яго былі мабілізаваныя чырвонаармейцы, частка зь іх -сяляне й работнікі Тульскай губэрні, а частка - палехі (так называюцца жыхары бранскіх лясоў -пераходнае племя па сваёй мове і звычаях ад беларусаў да расейцаў). Тыпы палехаў удала апісаны I. С. Тургеневым у "Записках охотника" і В. П. Сямёнавым у "Живописной России". Ад расейцаў яны, згодна са сьцьверджаньнем гэтых аўтараў, адрозьніваюцца так, што пасьля некалькіх прамоўленых слоў у палеху можна пазнаць "чалавека зусім асаблівай пароды". Яны фізычна магутныя, працалюбівыя і энэргічныя. У іхніх звычаях, характары й мове ёсьць шмат цікавых асаблівасьцяў.

Адозвы палітычнага штаба паўстаньня - Палескага Паўстанчага Камітэту - сьведчаць пра тое, што паўстаньнем кіравалі эсэры. Між імі й ваенным кіраўніком мецяжу Стракапытавым (ад ягонага імя й назва паўстаньня) быў цесны кантакт. Дастаткова параўнаць адозвы Камітэту з загадамі Стракапытава, каб пераканацца ў гэтым. Верагодна, што й сам Стракапытаў быў эсэрам. I гэтым гомельскае паўстаньне хутчэй напамінае сімбірскае эсэраўскае ліпеньскае паўстаньне 1918 году на чале зь Мядзьведзевым.

Коратка гісторыя сімбірскага паўстаньня такая. 30 ліпеня 1918 г. у Сімбірск (цяпер Ульянаўск) пачалі прыбываць войскі. Яны адразу-ж занялі пошту, тэлеграф, урадавыя будынкі. На вуліцах былі ўстаноўлены бранявікі і кулямёты. Камандуючы гэтымі войскамі левы эсэр Мураўёў у сваёй тэлеграме за ! 2883 прапанаваў па ўсім унутраным фронце ад Самары да Уладзівастоку "павярнуць эшалоны й перайсьці ў наступленьне" па маршруту: Вятка-Саратаў-Балашоў-Масква. Адначасна ён прапанаваў разагнаць саветы, якія прагнулі міру з Германіяй, і зноў аб'явіць ёй вайну. Аднак ягоным салдатам зусім не хацелася зноў ваяваць зь немцамі. Гэтую акалічнасьць адразу-ж выкарысталі бальшавікі й распачалі сярод салдатаў адпаведную прапаганду. Урэшце рэшт латышскія і "інтэрнацыянальныя" савецкія ваенныя часткі блакіравалі дэзарганізаванае войска Мураўёва, а сам ён закончыў жыцьцё самагубствам. Між іншым, гэта быў той самы Мураўёў, што раней сфармаваў у Харкаве чырвонаармейскі атрад колькасьцю пяць тысяч чалавек і рушыў адтуль па чыгуначнай магістралі на Кіеў. Пад станцыяй Круты ён, зламаўшы гераічнае супраціўленьне ўкраінскай моладзі і зьнішчыўшы яе, заняў Кіеў, нанёсшы гэтым канчатковы ўдар Украінскай Радзе, якая перад тым падавіла ў горадзе паўстаньне рабочых Арсеналу. Зьверствы Мураўёва ў занятым ім Кіеве не падаюцца апісаньню. Ён зьнішчыў тут ня толькі ўсіх афіцэраў, але й кожнага, хто прастадушна прад'яўляў чырвоны лісток - пасьведчаньне аб украінскім грамадзянстве. Усё-ж кіеўскія зьверствы Мураўёва блякнуць у параўнаньні зь ягонымі-ж зьверствамі ў занятай пазьней Адэсе, дзе ён жывымі закопваў у зямлю зьвязаных афіцэраў Белай арміі.1

Адначасна гомельскае паўстаньне нагадвае й маскоўскае эсэраўскае паўстаньне на чале з матросам Паповым. У Маскве (чэрвень 1918 г.) у дзень забойства германскага пасла Мірбаха паўстаў супраць бальшавікоў матроскі атрад левага эсэра Папова. Заняўшы частку гораду каля пакроўскіх казармаў, матросы акапаліся, пабудавалі барыкады, спадзяючыся на дапамогу чырвонаармейцаў, якія знаходзіліся ў казармах. Аднак гэтыя чырвонаармейцы выставілі каравулы для аховы казармаў і аб'явілі нэўтралітэт. Сярод іх пайшлі чуткі, што "брацішкі" (так называлі ў часы грамадзянскай вайны матросаў) злавілі Троцкага, і ім засталося толькі захапіць Леніна. Прычынай гэтых чутак паслужыў, мабыць, арышт напярэдадні эсэрамі Дзяржынскага. Паўстаньне падавіў латышскі полк Вацэціса й батарэя старой латышскай палявой артылерыі - менавіта яны выратавалі бальшавікоў. Бой цягнуўся больш за пяць гадзінаў. Амаль усе матросы, здолеўшыя выйсьці з акружэньня, разьбегліся, пакінуўшы ў той-жа дзень Маскву.2

Варта зазначыць, што на Беларусі гомельскаму паўстаньню папярэднічаў шэраг ваенных хваляваньняў. Так, на пачатку сакавіка 1919 г. разьмешчаны ў Рагачове 20-ы пагранічны полк забіў свайго камісара Цымермана. Гэты мяцеж пасьля шасьцігадзіннага супраціўленьня быў ліквідаваны Магілёўскімі каманднымі курсамі і батальёнам ЧК. Неўзабаве пасьля гэтага 2-і Палескі полк, які прыбыў з Бабруйска ў Рагачоў для перафармаваньня, адмовіўся раззбройвацца й пачаў дамагацца пропуску далей па чыгунцы. Камандныя курсы раззброілі й гэты полк.

Некалькі разоў мясцовыя ўлады раззбройвалі дэзарганізаваныя вайсковыя часткі, якія праходзілі і праз станцыю Гомель. Аднак камуністы ўжо ня мелі моцы падавіць "Стракапытаўскі мяцеж", які выбухнуў зусім невыпадкова менавіта ў Гомелі. Яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя шумны Гомель аперадзіў па колькасьці жыхароў свой губэрнскі цэнтр - ціхі чыноўніцкі Магілёў. Ягонаму росту спрыяла скрыжаваньне тут Лібава-Роменскай і Палескай чыгуначных магістраляў, празь яго працякае шырокі й глыбокі Сож, у які недалёка ўпадае другая вялікая рака - Іпуць, да таго-ж празь яго праходзіла Пецярбургска-Кіеўская шаша. Таму ня дзіўна, што захоп гэтага чыгуначнага, воднага й шасэйнага вузла меў выключнае стратэгічнае значэньне.

На пачатку вясны 1919 г. гэтаму стратэгічнаму пункту стаў пагражаць недалёкі польска-ўкраінскі фронт. У сувязі з гэтым у Гомель прыбыла 2-я Тульская брыгада 8-й стралковай дывізіі ў складзе 67 і 68 палкоў, сфармаваная ў лістападзе 1918 г.4 Няма зьвестак, хто камандаваў брыгадаю, але ведама, што камісарам быў Ільлінскі, камандзірам 67 палка - Лазіцкі, камісарам таго-ж палка - Сундукоў, камандзірам 68 палка - Мічыгін, камандзірам артылерыйскага дывізіёну - Куманін, начальнікам гаспадарчай часткі - Стракапытаў. 3 прычыны недахопу месца ў казармах і адсутнасьцю паліва брыгада была разьмешчана на прыватных кватэрах.

Калі раней мясцовыя камуністы вельмі ўрачыста сустрэлі 2-ю брыгаду, падкрэсьліваючы на мітынгах традыцыйную рэвалюцыйнасьць тульскіх пралетараў, то пасьля паўстаньня яны не шкадавалі чорных фарбаў для характарыстыкі байцоў брыгады.

Так, I. Драгунскі ў сваіх успамінах, што захоўваліся ў архіве Гомельскага бюро Гістпарта, піша: "Магу сказаць, паколькі мне давялося назіраць паўстанскую масу, што амаль ніякія палітычныя пытаньні яе ня цікавілі, у ёй панавала жаданьне нарабаваць і паехаць дахаты. Цёмныя шараговыя паўстанцы нават стаялі за савецкую ўладу, але бяз гебраяў".

Ён-жа працягвае далей: "Галоўнай прычынай, дзякуючы якой палкі брыгады сталі ўдзячнай глебай для контррэвалюцыйнай агітацыі, якая ўрэшце рэшт прывяла да паўстаньня, быў востры харчовы крызіс у Гомелі, у сувязі з чым войска кепска забясьпечвалася правіянтам. Акрамя таго, чырвонаармейцы ў выніку нездавальняючага стану казармаў (вынік гаспадараньня нямецкіх акупантаў у 1918 г.) былі раскватэраваныя на прыватных кватэрах. Гэтыя абставіны ўмела выкарысталі ўласьнікі дамоў - чарнасоценцы, якія натраўлівалі чырвонаармейцаў на савецкую ўладу і гебраяў".6

У гэтых цытатах двойчы прад'яўляецца абвінавачаньне паўстанцам у антысэмітызме, але гэтаму пярэчыць шэраг дакладна правераных фактаў, пра якія будзе сказана пазьней. Што да сьцьверджаньня, быццам прычынай паўстаньня было дрэннае забесьпячэньне чырвонаармейцаў правіянтам, то I. Драгунскага абвяргае другі гомельскі камуніст - адказны за харчаваньне войска павятовы камісар В. Сяліванаў, які сьведчыць: "Ваенныя атрады, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, усім неабходным, хоць і не найлепшым чынам, былі забясьпечаныя". Канчаткова заблытаўшыся ў сваіх беспадстаўных абвінавачваньнях, I. Драгунскі амаль знаходзіць прычыну паўстаньня, калі ўспамінае: "Стварыўся падпольны спачатку Палескі Паўстанчы Камітэт, які меў сувязь з цэнтральнымі белагвардзейскімі арганізацыямі, а таксама меў сваіх агентаў сярод каманднага складу Тульскага атраду".

I. Драгунскі мае рацыю, калі гаворыць пра чаловую ролю Палескага Паўстанчага Камітэту, але ён памыляецца, падкрэсьліваючы сувязь камітэту і паўстанцаў (наагул) з чарнасоценцамі й белагвардзейцамі. Ні адзін чарнасоценец ці белагвардзеец, нават апартуніст, ніколі не падпісаўся-б пад адозвамі Палескага Паўстанчага Камітэту і пад загадамі Стракапытава. Яшчэ бліжэй, чым I. Драгунскі, падыходзіць да ісьціны Г. Лялевіч, пацьвярджаючы, што чырвонаармейцы брыгады ў значнай бальшыні былі актыўнымі ўдзельнікамі тульскага антыбальшавіцкага паўстаньня ў 1918 г., да таго-ж "іхнія сем'і не заўсёды былі дастаткова забясьпечанымі, і мелі безьліч няпрыемнасьцяў ад дзеяньняў некаторых галавацяпскіх нізавых прадстаўнікоў улады".

Аднак, даўшы слова бальшавіцкім сьведкам паўстаньня, вернемся да паўстаўшых супраць іх чырвонаармейцаў. Нажаль, няведама, хто ўваходзіў у склад Палескага Паўстанчага Камітэту, але затое з пэўнай мерай верагоднасьці можна меркаваць, што ў ягоны склад уваходзілі сам Стракапытаў і іншыя камандзіры. Наяўнасьць Палескага Паўстанчага Камітэту поўнасьцю выключае магчымасьць абвінаваціць Стракапытава ў імкненьні стаць ваенным дыктатарам. Разам з тым, трэба ўлічыць, што Стракапытаў быў ня толькі выканаўцам волі Камітэту, але і адным зь яго кіраўнікоў.

18 сакавіка 1919 г. Тульская брыгада пасьля ўрачыстага мітынгу была пасьпешліва адпраўлена на Калінкавіцкі ўчастак польскага фронту, заняты пятлюраўцамі. Ужо па дарозе на фронт брыгаду ў дастатковай ступені распрапагандавалі эсэры. I як толькі часткі прыбылі на перадавыя пазыцыі, штаб фронту вырашыў на сьвітаньні 20 сакавіка пачаць сіламі Тульскай брыгады наступленьне на Оўруч.

Прыняўшы такое рашэньне, штаб відавочна перацаніў свае магчымасьці й недацаніў магчымасьці пятлюраўцаў. Наступнай раніцай 21 сакавіка часткі чырвоных ня вытрымалі шквальнага артылерыйскага агню, пад прыкрыцьцем якога перайшлі ў контрнаступ пяхота і коньніца Пятлюры. Чырвонаармейцы хаатычна пачалі адступаць да станцыі Беражэсьць. 22 сакавіка пятлюраўскі артылерыйскі агонь яшчэ больш узмацніўся. Адначасна на вялікай хуткасьці падышоў іхні броняпоезд і пачаў ва ўпор абстрэльваць чырвоных. Брыгада адступіла да станцыі Славечна, раскіданай уздоўж аднайменнай ракі, але нават гэты прыродны рубеж не змагла выкарыстаць для абароны. I няма нічога дзіўнага ў тым, што 22 сакавіка, пераканаўшыся ў няздарнасьці вышэйшага камандаваньня фронту, сілком мабілізаваныя, распрапагандаваныя эсэрамі байцы сабраліся на стыхійны мітынг. Камісару Ільлінскаму, які спрабаваў затрымаць байцоў на пазыцыях, яны не далі сказаць ні слова. 3 усіх бакоў чуліся пагрозы: "Расстраляць яго! Узяць заложнікам! Выдаць Пятлюры!". Байцы вырашылі неадкладна пакінуць фронт.

Бальшавіцкі сьведка Сяліванаў сьцьвярджае, што "на гэтым сходзе былі назначаныя каманданты паяздоў, атрыманыя пад пагрозай расстрэлу ад чыгуначнай адміністрацыі". Магчыма, стракапытаўцам і не спатрэбіліся пагрозы, бо падчас паўстаньня сымпатыі чыгуначнікаў былі выразна на іхнім баку. У той-жа дзень пачалася пагрузка палкоў у вагоны. Калі неставала машыніста ці качагара, іх замянялі машыністы і качагары, што знаходзіліся сярод чырвонаармейцаў - былых тульскіх работнікаў. Паўстанцы перакрэсьлілі графік-расклад руху паяздоў, і эшалон за эшалонам, рызыкуючы сутыкненьнямі і аварыямі, накіраваліся з фронту ў тыл. Калі Ільлінскі яшчэ раз паспрабаваў затрымаць чырвонаармейцаў у Мазыры, то яны памкнуліся скінуць яго з маста ў Прыпяць, але іх адгаварыў камандзір артылерыйскага дывізіёну Куманін.

Ноччу з 23 на 24 сакавіка на Палескі вакзал у Гомелі пачалі прыбываць эшалоны паўстанцаў. Як сьведчыць той-жа Сяліванаў: "Паўстанцы не хацелі выгружацца ў Гомелі й дамагаліся тэрміновай адпраўкі іх у Бранск, каб там разысьціся па хатах". Нелагічнасьць гэтага сьцьверджаньня больш чым відавочная. Калі паўстанцы з прымяненьнем сілы, як расказвае Сяліванаў, або па-добраму, не ўжываючы сілу, даехалі да Гомелю, то што магло ім перашкодзіць такім-жа чынам даехаць і да Бранска? Незразумела таксама, чаму яны, "накіроўваючыся дахаты", везьлі з сабою гарматы, мінамёты й кулямёты. Няма сумненьня, што Палескі Паўстанчы Камітэт і значная частка каманднага складу брыгады карысталіся сярод паўстанцаў вялікім аўтарытэтам. Паўстанцы таксама былі не настолькі лёгкадумныя, каб не разумець, што, рассыпаўшыся па адным, яны лёгка будуць вылаўленыя чэкістамі і, як дэзэртыры ды яшчэ ўдабавак паўстанцы, расстраляныя.

Калі Гомельскі павятовы камітэт РКП(б) даведаўся аб прыходзе мяцежных палкоў, ён накіраваў бальшавікоў Білецкага, Камісарава, Сяліванава й Валадзько для перамоваў з паўстанцамі. Аднак, даехаўшы да Лібаўскага вакзалу, парламянцёры ўбачылі выстаўленыя кулямёты і, на свае вочы пераканаўшыся, што маюць справу не са стыхійным, а арганізаваным паўстаньнем, павярнулі назад. Пасьля іхняй інфармацыі ў павятовым камітэце быў створаны ваенны штаб, у які ўвайшлі: старшыня рэўкаму С. Камісараў, старшыня ЧК I. Ланге, рэдактар "Известий Гомельского Ревкома" Н. Білецкі, чэкісты Гул і Я. Фрыд. Высьветлілася, што ў горадзе для барацьбы з паўстанцамі рэгулярнага войска няма, за выключэньнем мясцовага вартаўнічага батальёну, "на які ні ў якім выпадку нельга было абаперціся". Сапраўды, празь нейкі час ён аб'явіў сябе нэўтральным і пастанавіў не выступаць ні на баку савецкай улады, ні на баку паўстанцаў. У распараджэньні створанага штаба аказалася 300 камуністаў, міліцыя і інтэрнацыянальны атрад ЧК.

Штаб і яго асноўныя ўзброеныя сілы разьмясьціліся ў гатэлю "Савой", выставіўшы ў горадзе каравулы. Адсюль ён разаслаў тэлеграму "Усім, усім, усім..." пра катастрафічнае становішча бальшавікоў у Гомелі і просьбу дапамогі. У гэты-ж час немец з інтэрнацыянальнага атраду камуніст Краўзэ арганізаваў у "Савоі" кулямётную каманду, і яму-ж бальшавіцкі штаб даручыў агульнае кіраўніцтва ваеннымі дзеяньнямі.

Вечарам 24 сакавіка паўстанцы рушылі ад Палескага вакзалу да Лібаўскага й занялі яго. Каля вакзалу яны акружылі клюб чыгуначнікаў і арыштавалі там некалькі камуністаў. Пасьля яны пачалі пасьлядоўна займаць горад - пошту, тэлеграф, установы, палац князя Паскевіча, - раззброіўшы пры гэтым міліцыю, якая і не аказала асаблівага супраціву.

Каля 10 гадзін вечара паўстанцы захапілі турму й вызвалілі палітычных вязьняў, або, як пазьней гаварылі бальшавікі, "розны контррэвалюцыйны зброд".15 Галоўныя-ж часткі паўстанцаў ноччу з 24 на 25 сакавіка акружылі гатэль "Савой". У будынку тымчасам было каля 150 бальшавікоў. Пачаўся з двух бакоў упарты бой.

Трэба аддаць належнае гераізму бальшавікоў, што заставаліся ў гатэлі і ўвайшлі ў гісторыю як "гомельскія камуністы". Праўда, яны абаранялі сваё жыцьцё, але, магчыма, што яны і не баяліся сьмерці ў барацьбе за панаваньне сваёй ідэялёгіі над народам. Пасьля некалькіх гадзін абстрэлу гатэлю з кулямётаў і вінтовак, ня ведаючы нават, колькі чалавек яго бароніць, паўстанцы распачалі мінамётны і артылерыйскі агонь. Яны паставілі ў парку князя Паскевіча батарэю лёгкай артылерыі зь дзьвюх гарматаў і пачалі абстрэл "Савою", які працягваўся чатыры гадзіны. Адначасна дзейнічаў і мінамёт, устаноўлены на рагу Троіцкай вуліцы. Выпусьціўшы некалькі дзясяткаў мінаў і снарадаў прамой наводкай па будынку, артылерысты і мінамётчыкі прабілі дах і столь трэцяга паверху - разбурылі ў бальшыні сьцены, паставіўшы ўвесь будынак пад пагрозу абвалу.

Бальшавікі здаліся. Раніцай 25 сакавіка "Савой" быў узяты паўстанцамі. Калі бальшавікоў, што засталіся ў жывых, вывелі з гатэлю, іх пачалі зьбіваць гамяльчане. Найбольш дасталося ненавіснаму для жыхароў гораду старшыні ЧК Івану Ланге. Зь вялікай цяжкасьцю абараніўшы тых, што здаліся, ад самасуду, паўстанцы давялі іх да турмы й кінулі ў камэры. Сюды-ж адпраўлялі ўсіх арыштаваных у горадзе камуністаў і падазроных.

Паўстанцы занялі горад. Яшчэ да капітуляцыі "Савою", лёс якога лёгка было прадбачыць, яны 24 сакавіка ў 23 гадзіны 10 мінут адправілі тэлеграму пад ! 1078 з такім зьместам:

"Усім чыгуначнікам па ўсёй сетцы чыгуначных дарог.
Ваенная ўлада бальшавікоў у горадзе скінутая. Рухам кіруе Палескі Паўстанчы Камітэт. Арыштоўвайце членаў надзвычайных камісіяў, камісараў і ўсіх ворагаў народу. Не прапускайце бальшавіцкія эшалоны. Пры неабходнасьці разбурайце чыгункі.
Давядзіце гэты зварот да ведама насельніцтва і дзейнічайце сьмела і энэргічна. Наладжвайце сувязь у дзеяньнях. Паведамляйце на станцыю Гомель.

Палескі Паўстанчы Камітэт"

У гэты-ж дзень Стракапытаў выдаў загад №1, у якім гаварылася:

"Сёньня, 24 сакавіка, я, па даручэньню Палескага Паўстанчага Камітэту прыняў на сябе абавязкі камандуючага войскамі Гомельскай акругі, якія паўсталі супраць ураду Троцкага і Леніна.

Камандуючы войскамі Гомельскай акругі
Стракапытаў"

Камандантам Гомелю быў прызначаны былы палкоўнік царскай арміі і адзін з камандзіраў Тульскай брыгады Сьцёпін.

Праграма паўстанцаў знайшла адлюстраваньне ў адозвах Палескага Паўстанчага Камітэту і ў загадах Стракапытава. Як ужо адзначалася, гэтыя адозвы й загады настолькі характэрныя для паўстаньня, што заслугоўваюць пільнай увагі і аналізу. Да нас дайшло толькі некалькі дакумэнтаў, і яны павінны быць захаванымі для гісторыі. Першы зь іх, зьвернуты да ўсіх пластоў грамадства, наступны:

"Грамадзяне!
Савецкая ўлада памірае. Петраград напярэдадні падзеньня. У Маскве толькі чакаюць сыгналу, каб скінуць насільле катаржнікаў і нягоднікаў. У Туле неспакойна. Менск акружаны. Прымусова мабілізаваныя ўсюды адмаўляюцца ваяваць. Весткі пра рэвалюцыйны рух у краінах садружнасьці раздутыя й падтасаваныя бальшавікамі. Цяпер ня лета 1918 году, і Гомель - не Яраслаўль.
Мы - сяляне й работнікі ў салдацкіх шынялёх, нашыя ворагі - адкіды ўсіх слаёў насельніцтва, аб'яднаныя прагай улады, той улады, якая дае ім лёгкае і прывольнае жыцьцё. Гэтыя злачынцы часам разумныя, часам хітрыя, але усё-ж злачынцы - ворагі чалавечага роду. У полымі рэвалюцыі гэты сацыяльны бруд заўсёды ўсплывае наверх. Цяпер прыйшоў яму час зноў асесьці на дно.
Грамадзяне! Адкіньце гіпноз. Агляніцеся, раздумайцеся, зразумейце - сьвітае. Набліжаецца прамяністы дзень. Бальшавікі здаюцца вам моцнымі, бо вы стаіце на каленях. Устаньце з каленяў! Нашыя лёзунгі:
  • 1. Уся ўлада Устаноўчаму Сходу.
  • 2. Лучнасьць прыватнай і дзяржаўнай ініцыятывы ў галіне гандлю і прамысловасьці, у залежнасьці ад рэальных патрабаваньняў гаспадарчага жыцьця краіны.
  • 3. Жалезныя законы аховы працы.
  • 4. Ажыцьцяўленьне грамадзянскіх свабодаў.
  • 5. Зямля - народу.
  • 6. Далучэньне Расейскай Рэспублікі да Лігі Нацыяў.

Палескі Паўстанчы Камітэт"

Спэцыяльная адозва была адрасаваная сялянам:

"Сяляне!
Вашыя браты й дзеці, мабілізаваныя Троцкім і іншымі злачынцамі, што сядзяць на нашым карку, паўсталі супраць савецкай улады і прагналі яе служак з гораду й павету. Бальшавікі разьбітыя і ўцякаюць. Расея аб'яўлена Народнай Рэспублікай.
Ствараецца новая, народная ўлада.
Ніхто не пасьмее ад гэтага часу адбіраць у вас хлеб, ніхто не пасьмее больш абкладаць вас празьмернымі падаткамі.
Мы закончылі вайну й заключылі мір.
Ніхто не пагоніць больш вашых братоў і дзяцей на бойню.
Сяляне! Біце ў званы, ганіце савецкае паскудства з вашых паселішчаў, затрымлівайце падазроных, арганізуйце паўстанчыя камітэты у сёлах, вёсках, мястэчках і перадавайце ім часова ўсю ўладу.

Камандуючы 1-й арміяй Народнай Рэспублікі
Стракапытаў"

3 улікам таго, што Гомель - горад прамысловы, з высокім працэнтам работнікаў, у другой адозве, зьвернутай менавіта да іх, дастаткова ясна высьвятляліся адносіны паўстанцаў да праблемаў рабочае клясы.

"Да ўсіх прафэсійных саюзаў
Мы змагаемся за права свабоднай працы, за права свабоднага карыстаньня плёнам працы сваіх рук. Мы ўпэўнены, што толькі арганізаванасьцю работнікі ўсіх прафэсій змогуць дабіцца вызваленьня ад тых, хто маною прысвоіў сабе права гаварыць ад імя рабочае клясы.
Таму мы вітаем прафэсійныя саюзы і заклікаем вас, таварышы, - ідзіце да нас і памажыце нам вашымі ведамі і практыкай.

Паўстанчы Камітэт Палесься"

I нарэшце з палітычнага пункту гледжаньня заслугоўвае ня меншай увагі

Зварот да партыяў:
Калі вам дарагая Расея, калі вы змагаецеся за свабоду, закон і мір; калі вы імкняцеся палепшыць і палегчыць жыцьцё работніцкае клясы; калі вы хочаце даць зямлю з усім тым, што на ёй расьце, работнікам зямлі; калі вашая мэта - прагрэс і росквіт творчых сілаў краіны, - дык знайце: мы з вамі.
Мы ўсімі сіламі паможам вам і, у сваю чаргу, зьвяртаемся да вас за дапамогай у пашырэньні нашых ідэяў сярод народных масаў. Знаёмце народ з намі, разьдзяліце нашую цяжкую ношу барацьбы супраць ярых драпежнікаў - і вызваленьне краіны будзе забясьпечанае.

Гомель, 1919 год.
1-ая армія Расейскай Рэспублікі"

Як відаць, адозвы і загады прасякнуты ідэямі эсэраў, у іх адлюстравалася праграма партыі эсэраў. Гэтыя дакумэнты даюць падставу зрабіць вывад, што менавіта эсэры кіравалі гомельскім паўстаньнем, і можна пераканацца, наколькі неабгрунтаваныя бальшавіцкія абвінавачваньні стракапытаўцаў у сувязі з чарнасоценцамі. Ні адзін зь белагвардзейцаў і чарнасоценцаў, што імкнуліся ў той час да рэстаўрацыі дарэвалюцыйнага стану рэчаў, не падпісаўся-б пад гэтымі адозвамі.

У Гомелі тымчасам было адносна спакойна. Спробы часткі гараджанаў і, галоўным чынам, прыгарадных сялянаў арганізаваць гебрайскі пагром ккамандатура перасекла на самым пачатку. Характэрная ў гэтых адносінах адозва:

"Да насельніцтва гораду Гомелю
У час перавароту ў горадзе былі выпадкі грабяжу мірных жыхароў. Супраць парушальнікаў парадку прынятыя самыя строгія меры. Будзьце ўпэўненыя, што новая ўлада здолее абараніць жыцьце і набытак грамадзянаў.

Камандант гораду Гомелю палкоўнік Сьцёпін"

I сапраўды, камандатура расстраляла некалькіх паўстанцаў, вінаватых у грабяжох і насільлях сярод насельніцтва.

Як сьцьвярджае бальшавіцкі сьведка Г. Лялевіч, "паўстанцы займаліся разгромам савецкіх устаноў, ірвалі і палілі дакумэнты, разьбілі незгаральныя шафы ў харчкаме і саўнаргасе, нагружалі вазы правізіяй са складаў харчкаму і райсаюзу і адпраўлялі іх на Палескі вакзал".

Трэба зазначыць, што ліквідацыя стракапытаўцамі савецкіх устаноў была нармалёвай і лагічнай. Аднак той-жа Лялевіч, насуперак тэндэнцыйным абвінавачваньням некаторых пазьнейшых савецкіх гісторыкаў, вымушаны прызнаць, што "на шчасьце, стракапытаўцы не пасьпелі ў поўнай меры праявіць скрыты ў іх талент грамілаў". Яшчэ больш характэрная фраза, што перадавалася ў той час з вуснаў у вусны, мясцовага багацея-домаўладальніка, якому належаў і гатэль "Савой", Б. Ш. Гурэвіча: "Праўда, яны вярнулі мне мае дамы з разьбітымі вокнамі, але ўсё-ж вярнулі".

У сваім загадзе ! 2 палкоўнік Сьцёпін аб'явіў, "што з гэтага дня ў горадзе дазваляецца свабодны гандаль усялякімі таварамі", і гэта адразу-ж выкарысталі гараджане.

Усё-ж трэба сказаць, што пераважная бальшыня гамяльчан паставілася да стракапытаўскага перавароту больш або менш абыякава. Найбольшымі сымпатыямі паўстанцы карысталіся ў значнай часткі чыгуначнікаў, служачых пошты і павятовага харчовага камісарыяту, дзе працавалі афіцэры былой царскай арміі Міхайлаў, Іваноў, Міхееў і іншыя. Здавалася, у горадзе ўсё заціхла, але тымчасам над ім зьбіралася грымнуць новая бура.

Калі вестка пра паўстаньне дайшла да губэрнскага цэнтру - Магілёва, губкам РКП(б) і губвыканкам аб'явілі стракапытаўцам вайну і арганізавалі губэрнскую тройку па барацьбе са стракапытаўшчынай, у якую ўвайшлі: старшыня губвыканкому Сурта, губэрнскі ваенны камісар Капман і камісар камандных курсаў (прозьвішча няведамае). Перш за ўсё, яны зьвярнуліся з адозвай да рабочых і сялян Гомельшчыны і асобна - да чырвонаармейцаў паўстаўшых 67 і 68 палкоў. Неабходна адзначыць, што нават у савецкіх гістарычных крыніцах няма ўпамінку пра энтузіязм, зь якім рабочыя, сяляне і чырвонаармейцы сустрэлі гэтыя адозвы. Таму, адначасна з адозвамі, з Магілёву накіравалі супраць паўстанцаў кавалерыйскі эскадрон і камандныя курсы разам з артылерыяй. У раён Мазыра прыбыў аддзел са Смаленску, узначалены губэрнскім ваенным камісарам А. Адамовічам, які павінен быў не дапусьціць аб'яднаньня стракапытаўцаў зь пятлюраўцамі. Супраць паўстанцаў выйшлі таксама з Бабруйску, Почапу і іншых гарадоў партыйныя атрады. I нарэшце, з Бранску накіравалася на Гомель дывізія з артылерыяй.

Паўстанцы, маючы намер пашырыць сваю тэрыторыю, паспрабавалі ісьці на Магілёў, пакінуўшы асноўныя сілы ў Гомелі. Яны зьнішчылі спачатку па дарозе нешматлікія бальшавіцкія заслоны, але потым сутыкнуліся, аднак, з моцным супрацівам каля станцыі Уза. Тады, нечакана зьмяніўшы пачатковы маршрут, 26 сакавіка яны занялі горад Рэчыцу, дзе на іхні бок перайшоў мясцовы каравульны батальён. Захавалася некалькі дакумэнтаў аб знаходжаньні стракапытаўцаў у Рэчыцы, што поўнасьцю выяўляюць іхнія адносіны да народу. Характэрны ў гэтым пляне:

"Загад №1
Даводзіцца да ведама грамадзянаў гораду Рэчыца, што, у выніку адыходу партыі камуністаў, цывільная ўлада ў гор. Рэчыца й павеце перайшла да Гарадской Думы й Земскае Управы, а да іх сфарміраваньня цывільная й ваенная ўлада належыць начальніку гарнізону.
3 гэтага дня выхад на вуліцу пасьля 9 гадзін вечара, па старым часе, строга забараняецца.
Служачым усіх установаў заставацца на сваіх рабочых мясцох.
Мірным грамадзянам гарантуецца недатыкальнасьць асобы й маёмасьці.
Штаб гарнізону разьмяшчаецца на Усьпенскай вуліцы ў памяшканьні былога рэўкаму (Усьпенская, 109).

Начальнік гарнізону (подпіс неразборлівы)
Начальнік штаба Мяцельскі
Ад'ютант (подпіс неразборлівы)
26 сакавіка, 1919 г"

Характэрная сустрэтая насельніцтвам з энтузіязмам

"Аб' ява
Часовы камітэт па кіраваньню горадам Рэчыца і паветам на паседжаньні сваім ад 27 сакавіка гэтага году, бяручы пад увагу амаль поўную адсутнасьць прадметаў першай неабходнасьці і, галоўным чынам, прадуктаў, пастанавіў:
дазволіць свабодны ўвоз прадуктаў у горад, у тым ліку і нармаваных, запэўніўшы, што ніякім рэквізыцыям яны не падлягаюць. Перакупка са спэкулятыўнымі мэтамі будзе строга карацца.

Часовы камітэт па кіраваньню горадам Рэчыца і паветам"

Пра тое, што ўсялякія рэквізыцыі сапраўды адсутнічалі, сьведчыць

"Адозва
Грамадзяне, ахова гораду ўскладзена на мясцовую каравульную роту, дзякуючы якой пала ўлада камуністаў. Рота знаходзіцца ў бядотным становішчы: няма абутку, бялізны і іншага. Хто спачувае цяперашняму перавароту, адгукніцеся і прынясіце неабходнае для абаронцы-салдата.
Ахвяраваньні будуць прымацца з удзячнасьцю Ў гаспадарчай частцы штаба, разьмешчанага на Усьпенскай вуліцы, дом №109

Штаб Рэчыцкага атраду"

I, нарэшце, палітычны твар рэчыцкіх стракапытаўцаў вызначае наступны дакумэнт:

"У тыпаграфію Бэра
Тэрмінова вырабіць пячатку круглую з двухгаловым арлом без кароны з тэкстам: Рэчыцкі атрад Расейскай Рэспублікі.

Начальнік штаба Мяцельскі
Ад'ютант (подпіс неразборлівы)

Тымчасам адборныя бальшавіцкія ваенныя часткі пачалі паступовае акружэньне Гомелю. Аднак і сярод гэтых адборных ня было аднадушнай сымпатыі да бальшавікоў. Так, напрыклад, магілёўская артылерыя атрымала загад: не даходзячы трох вёрстаў да Гомелю, заняць пазыцыю і пачаць абстрэл Палескага вакзалу, каб перашкодзіць паўстанцам наладзіць эвакуацыю. Гэты загад ня быў выкананы ў выніку, як сьцьвярджае Г. Лялевіч, "контррэвалюцыйнасьці некаторых асобаў каманднага складу артылерыі". Дзьве роты 71 пяхотнага палка, далучаныя да магілёўскіх курсантаў, таксама адмовіліся наступаць, больш таго, як сьведчыць той-жа Лялевіч, "сталі пагаворваць пра пераход на бок бандытаў".

3 другога боку, і самі стракапытаўцы аказалі самае рашучае супраціўленьне. Яны адбівалі ўсе няспынныя атакі партыйцаў і курсантаў на Палескі вакзал, наносячы ім пры тым значныя страты ў людзях. 28 сакавіка раніцай дывізія з Бранску заняла гомельскае прадмесьце Нова-Беліцу і пачала артылерыйскі абстрэл гораду. Бой цягнуўся цэлы дзень. У 4-5 гадзін вечара стракапытаўцы прыступілі да эвакуацыі, працягваючы весьці бой. Калі яны пакідалі Гомель, палац князя Паскевіча - упрыгожаньне гораду й помнік мастацтва - поўнасьцю быў ахоплены полымем. Бальшавікі вінавацяць у падпале яго паўстанцаў, але цяжка паверыць у гэта. Хутчэй яны падпалілі-б вакзалы, якія мелі важнае ваеннае значэньне, чым палац. I верагодней за ўсё, што палац загарэўся ад артылерыйскага бальшавіцкага абстрэлу, які вёўся цэлы дзень. Ва ўсякім выпадку, абслуга замку сьцьвярджала, што прычына пажару не вандалізм стракапытаўцаў, а снарад бранскай артылерыі, які трапіў у закрыты верхні паверх будынку.

29 сакавіка Чырвоная армія ўвайшла ў горад. Яна вызваліла зь перапоўненай турмы мясцовых камуністаў, зь іх ніхто ня быў расстраляны стракапытаўцамі пры адступленьні. Выключэньнем сталася група з 24-х адказных работнікаў, якіх паўстанцы яшчэ вечарам 26 сакавіка вывелі з турмы і ўзялі пад варту ў вагоне каля Палескага вакзалу. У ноч адступленьня іх вывелі з вагона, назьдзекваліся й забілі. Вось імёны забітых: Н. Білецкі, С. Камісараў, I. Ланге, Б. Аўэрбах (Падгорны), Л. Файншмідт, Я. Фішбейн, П. Качанская, 3. Песін (Зоя), Я. Фрыд, Грозны, Ф. Сундукоў, С. Бочкін, Гертнер, Капільніцкі, Каменка і 9 неапазнаных. Іх пахавалі ў агульнай магіле на адным з гомельскіх бульвараў. На помніку, пастаўленым пазьней на іхняй магіле, - прачулы надпіс, замест якога больш адпаведны быў-бы такі: "Тут ляжаць тыя, што пажалі пасеянае".

Дастойную характарыстыку старшыні ЧК Івану Ланге дае Г. Лялевіч, прызнаючы, што "ўсе контррэвалюцыйныя элементы гораду яго ненавідзелі, вінавацячы ў жорсткасьці". Чэкістамі былі таксама Файншмідт, Фішбейн, Фрыд і іншыя. Што да С. Камісарава і Н. Білецкага-Язерскага, то ім больш падышла-б эпітафія: "Тут ляжаць бальшавіцкія героі, якія своечасова пазьбеглі яжовых рукавіцаў". Камісараў перш чым перайсьці на бок бальшавікоў, быў актыўным меншавіком, Білецкі-Язерскі нарадзіўся ў сям'і генэрал-лейтэнанта, удзельніка турэцкай і японскай войнаў.

Стракапытаўцы былі непараўнальна больш літасьцівыя ў адносінах да сваіх ворагаў, чым пазьней гэтыя ворагі ў адносінах да іх. Гомельская й Магілёўская турмы былі перапоўненыя паўстанцамі. Яшчэ 1 красавіка ў Калінкавічах выязная сэсія Рэўваентрыбуналу Заходняга фронту разглядала справу васьмі паўстанцаў, прысуджаных да расстрэлу. У ліку гэтых васьмі быў камандзір 68 палка Мічыгін, які сьмела заявіў, што зьяўляецца адным з арганізатараў паўстаньня.

У Магілёве Рэўваентрыбунал вынес сьмяротны прысуд 62 удзельнікам паўстаньня, галоўным чынам, з каманднага складу. На працягу трох месяцаў, аж да ліпеня 1919 году, у Гомелі засядала Губэрнская Тройка ЧК, прысуджаючы амаль штодзённа да расстрэлу ўдзельнікаў і саўдзельнікаў паўстаньня. Сярод асуджаных на сьмерць былі і раней названыя служачыя харчкаму Міхайлаў, Міхееў і Іваноў, але потым расстрэл быў ім заменены на дзесяць гадоў высылкі. "Аднак, - як са шкадаваньнем зазначае Г. Лялевіч, - Стракапытаў, Сьцёпін, зьвер і палач Крыдэнэр і бальшыня важакоў мяцяжу са значнай часткай паўстанцаў выратаваліся ад карнай рукі пралетарскага правасудзьдзя".

Пераважная бальшыня стракапытаўцаў пазьбегла бальшавіцкай помсты, прарваўшы чырвоны заслон, які апаясаў Гомель, яны аб'ядналіся са сваёй-жа часткай, якая раней заняла Рэчыцу. Потым Тульская брыгада накіравалася да фронту, разграміўшы пры гэтым смаленскі атрад Адамовіча, нягледзячы на тое, што яго падтрымліваў сваім агнём спэцыяльна прысланы з Мазыра бронецягнік. Пасьля стракапытаўцы ўдарылі з тылу на атрад свайго былога ваеннага камісара Ільлінскага, зламалі такім чынам савецкі фронт і перайшлі ў раёне мястэчка Хойнікі на бок пятлюраўцаў, якія перадалі іх польскай палявой жандармэрыі.

Сьпярша палякі іх раззброілі і ізалявалі ў лягеры пры мястэчку Шолкава. Летам 1920 г. газэта Б. Савінкава "Варшавское Слово" зьмясьціла вялікі артыкул "Русско-Тульский отряд" у сувязі з прыездам у Варшаву палкоўніка Сьцёпіна. Яшчэ раней бальшыня паўстанцаў разам са Стракапытавым пасьля скорага вызваленьня зь лягеру пераехала з Польшчы ў Эстонію і ўвайшла часткова ў склад арміі Юдзеніча, а часткова ў Асобны Дабравольны Народны Атрад Беларускай Народнай Рэспублікі Булака-Балаховіча. Пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў яны працавалі ў Эстоніі на лесараспрацоўках. "Пазьней, -успамінае Г. Лялевіч, - мне прыйшлося прачытаць у адной з дробных варшаўскіх газэт за красавік 1922 году, што стракапытаўцы адыгралі немалую ролю ў наступных бандыцкіх налётах на тэрыторыю БССР, арганізаваных Савінкавым".

Чым растлумачыць, што добра ўзброеная, з дастатковай ваеннай падрыхтоўкай Тульская брыгада, роўная па колькасьці байцоў дывізыі, толькі пяць дзён утрымлівала ў сваіх руках Гомель? (У той час, як кепска ўзброеная і без баявой практыкі Слуцкая Дывізія БНР на працягу месяца стрымлівала бальшавіцкі фронт). Чым растлумачыць, што выдатныя адозвы Палескага Паўстанчага Камітэту засталіся "гласом вопиющего в пустыне", не дайшоўшы да антыбальшавіцка-настроеных сялян, а праз год 15 тысяч іх прымкнула да Дабравольнай арміі Булака-Балаховіча?

На гэтыя два пытаньні можа быць толькі адзін адказ. У праграме стракапытаўцаў, што адлюстравалася і ў іхніх адозвах, адсутнічаў такі характэрны для эсэраў істотны мамэнт - нацыянальны. Стракапытаўцы ня ведалі або не хацелі ведаць, што яшчэ ў сьнежані 1917 г. Гомельшчына прыняла самы актыўны ўдзел у Першым Усебеларускім Кангрэсе ў Менску й мела на ім шырокае прадстаўніцтва. Стракапытаўцы не прадбачылі, што празь сем гадоў пасьля настойлівых просьбаў мясцовых жыхароў бальшавікі вымушаны будуць далучыць Гомельшчыну да БССР. Гэтую фатальную памылку Стракапытава ў пэўнай ступені ўлічыць і не паўторыць Савінкаў, калі разам з Дабравольнай арміяй Булака-Балаховіча накіруецца ў лістападзе 1920 г. у глыбокі савецкі тыл, а таму, менавіта таму, Булак-Балаховіч выглядаў для бальшавікоў непараўнальна большай небясьпекай, чым Стракапытаў.

Крыніца: Віцьбіч, Ю.
Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. -Вільня: Gudas, 2007. - 308с.