Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Барысаўскае паўстаньне

Барысаўскае паўстаньне зьяўляецца адным з найбольш характэрных паўстаньняў эпохі ваеннага камунізму. Змучаны Першай сусьветнай вайной народ з задавальненьнем прыняў савецкі лёзунг аб замірэньні, аднак, прыйшоўшы да ўлады, бальшавікі, каб захаваць яе, зноў пачалі праводзіць адну мабілізацыю за другой. I народ, які спачатку паверыў бальшавіком і аддаў за іх высокі працэнт сваіх галасоў, пры выбарах ва Устаноўчы Сход, хутка расчараваўся ў бальшавікох і ня выявіў ніякага жаданьня паміраць за савецкую ўладу. Адсюль і такая вялікая колькасьць дэзэртыраў. Хаця непасрэдна барацьбу зь імі вяла ЧК, аднак іх было так многа, што бальшавікі арганізавалі дадаткова камдэзы (камітэты па барацьбе з дэзэртырамі). Аднак і ЧК, і камдэзы не маглі прымусіць народ ваяваць, і доказам таму было Барысаўскае паўстаньне.

Перш чым перайсьці да аналізу паўстаньня, варта коратка ахарактарызаваць горад і навакольную мясцовасьць, дзе адбыліся хваляваньні. Барысаў - былы павятовы горад Менскай губэрні - ляжыць на левым беразе Бярэзіны, недалёка ад упадзеньня ў яе ракі Схі; за некалькі кілямэтраў ад гораду праходзіць Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. Горад мае прадмесьці - Стары Барысаў і Новы Барысаў, што вырас блізу чыгуначнай станцыі й паступова зьліўся з горадам. У Барысаве й Новым Барысаве шмат прамысловых прадпрыемстваў: дзьве запалкавыя фабрыкі, адна паперня, адна карданажная фабрыка, шклозавод, шэсьць лесапільных заводаў. Каля самага гораду пачынаюцца й цягнуцца на дзясяткі кілямэтраў барысаўскія хваёвыя лясы, якія ў вярхоўях Дзьвіны пераходзяць у непраходную пушчу. У гэтых лясох і пушчах пасьля паўстаньня знойдуць сабе прытулак сотні партызанаў. Калі насельніцтва дваццаціпяцітысячнага па колькасьці жыхароў Барысава складалася на 51% з гебраяў, то наагул на Барысаўшчыне (разам з горадам) 82% насельніцтва складалі беларусы.

Першымі савецкімі ўстановамі, зь якімі добра пазнаёміліся барысаўцы і якія ў іх лёсе адыгралі большую ролю, чым нават рэўкам, былі ЧК, ваенны камісарыят, палітбюро, камдэз і харчкам (харчовы камітэт). Узначальваў ЧК Громаў. Па бацьку ён быў проста Шлёнскі, аднак, відавочна, вырашыў перамяніць сваё нявыразнае прозьвішча на больш грознае. Ваенны камісар латыш Бенгер, у мінулым фэльдфэбель царскай арміі, стаяў на чале ваеннага камісарыяту. Камсамолец Пушкарчук кіраваў палітбюро. У камдэзе за начальніка быў няпісьменны матрос Ядлоўскі. Харчовым камісарам стаўся Баршай.

Менавіта з гэтымі ўстановамі, у першую чаргу, зьвязаны прычыны, ход і разьвязка паўстаньня. Калі ў сувязі з актывізацыяй дзеяньняў на польскім фронце Менск прыслаў у Барысаўскі ваенкамат загад аб прызыве ў Чырвоную армію мужчын ад 20 да 30 гадоў, то гэты колькасна вялікі прызыў засьпеў усе барысаўскія ўстановы, у тым ліку і ваенкамат, поўнасьцю непадрыхтаванымі. Мясцовыя начальнікі ня мелі мабілізацыйнага пляну й наагул ня былі ў стане яго скласьці. Для харчаваньня мабілізаваных на перасыльным пункце мелася толькі дзесяць пудоў аўса. Кашары стаялі напаўразбураныя, з поўнасьцю няспраўнымі кухнямі пры іх. Пуцёўкі з указаньнем месца прызначэньня мабілізаваных не дасылаліся зь Менску, а калі-б нават іх і прысылалі своечасова, усё роўна развалены чыгуначны транспарт ня мог-бы забясьпечыць адпаведнай колькасьцю цягнікоў. I тым ня менш павятовыя ўлады вырашылі правесьці прызыў неадкладна.

Адпаведна загаду ваенкамату на кожны дзень выклікаліся па чарзе дзьве воласьці з павету. Для больш хуткага афармленьня прызваных былі арганізаваныя дзьве прыёмныя камісіі. Людзі прыбывалі кожны дзень сотнямі, і пасьля павярхоўнага мэдыцынскага агляду іх накіроўвалі на мясцовы перасыльны пункт, што складаўся зь некалькіх дзясяткаў баракаў. У гэтых бараках Пушкарчук расклеіў лёзунгі тыпу: "Даёшь Варшаву!", разьвесіў партрэты Леніна, Троцкага, Зіноўева, аднак самі баракі былі халодныя і зусім непрыстасаваныя нават для часовага пражываньня ў іх. Заместа ложкаў і пасьцельнай бялізны на падлозе ляжала леташняя гнілая салома. Акрамя холаду, яшчэ больш мучыў голад. Тыя невялікія запасы, што мабілізаваныя ўзялі з дому, абдзяліўшы галодныя сем'і, скончыліся за дзень-два.

Харчкамісар Баршай арганізаваў дзьве экспэдыцыі. Адна зь іх рушыла на горад, рэквізуючы для навабранцаў пасьцелі, сяньнікі, коўдры, падушкі, сталы, крэслы і іншае. Другая экспэдыцыя накіравалася ў вёскі павету, адкуль толькі што прыбылі мабілізаваныя, адбіраючы ў іхніх бацькоў, братоў, жонак і дзяцей апошнія мізэрныя рэшткі хлеба і пакідаючы іх на галодную сьмерць. Калі чуткі пра гэтыя акцыі ўладаў дайшлі да перасыльнага пункту, абурэньню мабілізаваных ня было канца. Яны адразу-ж пакінулі баракі й накіраваліся да будынку харчкаму.

Паход тысячаў мабілізаваных у цэнтар гораду, дзе знаходзіліся дзяржаўныя ўстановы, быў відовішчам незвычайным. Апынуўшыся ў будынку харчкаму, паўстанцы не знайшлі там камісара Баршая. Ён і ўсе адказныя камуністы раёну палічылі за лепшае разьбегчыся. Толькі адзін ваенны камісар Бенгер паспрабаваў сьпярша накіраваць падпарадкаваны яму каравульны батальён супраць паўстанцаў, аднак той ня толькі не аказаў ніякага супраціву мяцежнікам, але адразу перайшоў на іхні бок. Пасьля гэтага й Бенгер на пэўны час зьнік. Разагнаўшы такім чынам усе савецкія ўстановы, мабілізаваныя й чырвонаармейцы мясцовага вартавога батальёну разышліся па сваіх вёсках і дамох, адмовіўшыся абараняць савецкую ўладу.

Хаця падчас хваляваньняў з боку паўстанцаў ня было ніякіх крывавых эксцэсаў, затое яны пачаліся з боку камуністаў у адносінах да мяцежнікаў. Адразу-ж было арыштавана некалькі сотняў жыхароў Барысава, якіх западозрылі ва ўдзеле ў паўстаньні або ў спачуваньні яму. Тымчасам палякі падыходзілі к Менску, і ў распараджэньні барысаўскіх уладаў ня было карных атрадаў, каб накіраваць іх на аблавы дэзэртыраў у вёсках павету. Тады мясцовы камдэз аб'явіў амністыю ўсім дэзэртырам, абяцаючы не караць тых, хто прыйдзе з павіннай добраахвотна. Зьявіліся толькі адзінкі, сем'і якіх знаходзіліся ў абсягу, даступным для чэкістаў. Тысячы не зьявіліся. Ведаючы, што савецкая ўлада ніколі нікому нічога не даруе, яны пераключыліся на партызанскую барацьбу з бальшавізмам. I ўсё-ж, нягледзячы на тое, што мясцовая ЧК штоночы расстрэльвала ў хваёвым лясочку Батарэі дзясяткі мяцежнікаў, яны не падавілі паўстаньня. Асноўная маса паўстанцаў пазьбегла арышту і прадоўжыла з бальшавікамі доўгую крывавую партызанскую барацьбу.

Крыніца: Віцьбіч, Ю.
Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. -Вільня: Gudas, 2007. - 308с.