Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі

Мірскае паўстаньне

Мястэчка Мір Менскай губэрні, сама назва якога сьведчыць пра тое, што тут некалі варожымі бакамі быў заключаны мір, ніколі пазьней не апраўдвала сваёй назвы. Яго разбуралі двойчы (1655, 1706 гг.) швэды, у 1794 г. - расейцы, у 1818 г. - казакі Платава, падчас Першае і Другое сусьветных войнаў усё, што яшчэ заставалася, амаль зьнішчылі немцы й бальшавікі. Войны, як правіла, разбуралі датла ўсё мястэчка, хаця ягонае мірнае насельніцтва ніякага ўдзелу ў ваенных дзеяньнях ня прымала. Жыхары Міра мелі вельмі пярэсты нацыянальны склад: бальшыню складалі гебраі, што мелі крамы, пра якія нават захавалася народная прымаўка: "Калі дзяўчына едзе ў Мір, то, значыць, яна зьбіраецца замуж", другое месца па колькасьці насельнікаў займалі беларусы-мяшчане, трэцяе - цыганы, якія да 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя выбіралі тут свайго караля для цыганоў усяго краю, чацьвёртае - татары, што некалі служылі ў наёмным войску князя Вітаўта. Жыхары Міра былі таксама неаднастайныя і па сваім веравызнаньні: гебраі - іудзеі, беларусы - праваслаўныя, цыганы - каталікі, татары - магамятане. Тым ня менш, выступ супраць бальшавізму аб'яднаў бальшыню зь іх, і зусім невыпадкова гэта паўстаньне пасьля жорсткага бою закончылася менавіта ў Міры і атрымала ягонае ймя.

Мірскае паўстаньне істотна адрозьніваецца ад Вяліжскага. Калі Вяліжскае паўстаньне было тыповым сялянскім стыхійным выступам бяз штабу і фронту, то Мірскае мела акрэсьленую накіраванасьць. Яно ў гэтых адносінах бліжэй стаіць да Слуцкага паўстаньня і зьяўляецца яго папярэднікам. А Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, пакліканая Першым Усебеларускім Кангрэсам, што адбыўся ў Менску ў сьнежані 1917 г., сталася яго арганізацыйным пачаткам. Гэты Кангрэс і ягоная Рада заклікалі беларускі народ да барацьбы за сваю нацыянальную незалежнасьць. Яны адначасна зьвярнуліся да ўсіх народаў краіны, заклікаючы іх да сумеснага змаганьня за агульную шчасьлівую будучыню Беларускай Народнай Рэспублікі. Іхні заклік усюды знаходзіў водгук, аднак найбольш актыўна адазвалася на яго Случчына.

Сувязь Мірскага паўстаньня з Радай БНР выразна прасочваецца ў дзейнасьці групы патрыётаў зь мястэчка Вызна на Случчыне.2 Гэтая група, выконваючы дырэктывы Рады, адыграла вялікую ролю, арганізуючы ў сьнежані 1917 г. і ў студзені 1918 г. па ўсёй Случчыне праз сходы і зьезды антыбальшавіцкія вясковыя, валасныя і павятовыя рады. Гэтыя-ж рады, у сваю чаргу, сфармавалі ўзброеныя ўзводы й міліцыю колькасьцю пяцьсот штыкоў. Яны-ж і павінны былі абараніць Случчыну ад нападу польскіх легіянэраў Доўбар-Мусьніцкага, якія рабавалі з дазволу Саветаў Магілёўшчыну й Бабруйшчыну, а потым зьбіраліся ісьці далей на захад праз Случчыну.

Калі Случчыну ў 1918 годзе акупавалі немцы, гэтыя атрады часткова кансьпіраваліся і пераключыліся на партызанскую барацьбу, адбіраючы ў немцаў рэквізаванае імі сваё дабро. Іх не спалохалі рэпрэсіі, якія ў адказ распачалі акупанты. У сьнежані 1918 г. немцы пакінулі Случчыну, якую ўсьлед занялі бальшавікі.

Новыя гаспадары адразу-ж пачалі праводзіць мабілізацыю ў Чырвоную армію, ствараць камітэты беднаты, замянілі нямецкія рэквізыцыі яшчэ больш цяжкой харчраскладкай (харчовымі паборамі). Ураджайная глеба Случчыны, заможныя гаспадары-земляробы, нацыянальная сьведамасьць, густая заселенасьць і арганізаванасьць спрыялі таму, што працоўнае сялянства й камуністы не маглі ня ўступіць між сабою ў непрымірымыя варожыя адносіны.

I барацьба гэтая пачалася. Вясною 1919 г. беларускія патрыёты безь вялікіх цяжкасьцяў разагітавалі створаны бальшавікамі зь беларусаў Слуцкі Зборны Батальён. Калі Слуцкая ЧК паслала гэты батальён у Мір, каб пакараць местачкоўцаў за забойства двух камісараў, ён адразу-ж перайшоў на бок жыхароў Міра. Да яго далучыліся і атрады народнай міліцыі. Для падаўленьня паўстаньня бальшавікі паслалі Трэці Менскі полк ГубЧК. Перастрэлка каля руінаў замку й рэчкі Міранкі доўжылася чатыры дні - 1, 2, 3 і 4-га красавіка 1919 г. Было забіта 25 паўстанцаў і 30 чэкістаў. I гэтае ўзброенае выступленьне было разгромлена бальшавікамі.3

Аднак Мір - яшчэ ня ўся Случчына, а Случчына - ня ўся Беларусь. Праз год зь непараўнальна большай сілай выбухне Слуцкае паўстаньне і вестка пра яго пракоціцца па ўсёй краіне, якая імкнулася скінуць зь сябе бальшавіцкае ярмо.

Крыніца: Віцьбіч, Ю.
Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. -Вільня: Gudas, 2007. - 308с.