Армія Краёва на Беларусі. Частка І. Прадвеснікі АК

Яшчэ да вайны

Верасень 1939 г. прынёс насельніцтву Заходняй Беларусі кардынальныя змены ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Кастрычнік-лістапад характарызаваўся даволі талерантнымі адносінамі савецкай адміністрацыі да мясцовых жыхараў. Польскія чыноўнікі і службоўцы ніжэйшага рангу, акрамя асобаў, належных да рэпрэсіўнага апарату, засталіся на сваіх пасадах, дапамагалі ствараць органы новай улады. Функцыі дзяржаўнай міліцыі выконвала рабочая міліцыя. Ва ўсіх дзяржаўных установах беларуская, польская, руская і яўрэйская мовы лічыліся раўнапраўнымі. Праводзіўся добраахвотны набор насельніцтва на вугальныя шахты Данецкага басейна. Была ўведзена ўсеагульная абавязковая адукацыя для дзяцей і моладзі.

У верасні - лістападзе 1939 г. 40-50 тысяч польскіх ваеннапалонных - радавых салдатаў - былі адпушчаныя на свабоду. Тычылася гэта галоўным чынам тых, хто пражываў на тэрыторыях, занятых Чырвонай Арміяй, перш за ўсё - украінцаў і беларусаў. Ад верасня да лістапада прыкладна 25-30 тысяч былых польскіх ваеннаслужачых уцяклі з палону ў часе маршаў, пераезду з лагераў, бо, па пазнейшых прызнананнях некаторых з іх, у той час ахова была не вельмі пільнай. Усе яны аселі на Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, прычым большасць з іх, як правіла, адразу ўлівалася ў рады падпольнага польскага супраціўлення.

У снежні 1939- студзені 1940 г. былі нацыяналізаваныя фабрыкі, заводы, банкі і сістэма гандлю. Панская зямля была перададзена ва ўласнасць дзяржавы. У дзяржаўных установах, гандлёвых кропках пачалі ўводзіцца як абавязковыя беларуская і яўрэйская мовы. Правялі нацыяналізацыю жылых памяшканняў. У якасці грашовай адзінкі рубель замяніў злоты. Пасля выбараў у дзяржаўных установах сталі пераважаць беларусы, рускія і яўрэі. Польскіх служачых і настаўнікаў бязлітасна звальнялі. Са школьных праграмаў выключылі нывучэнне гісторыі Польшчы, зменшылі гадзіны навучання польскай мове - на 50 % у параўнанні з выкладаннем беларускай і рускай. 3 дзяржаўных будынкаў зніклі шыльды з польскімі надпісамі. Пачалі арыштоўваць падазраваных дзеячаў палітычных арганізацыяў, афіцэраў, паліцэйскіх.

У лютым - ліпені 1940 г. пачалася рэарганізацыя мясцовых органаў улады па ўзорах Усходняй Беларусі. Стала праводзіцца калектывізацыя. Выдаваліся пашпарты. Пачаўся першы этап дэпартацыі мясцовага насельніцтва і бежанцаў з цэнтральнай Польшчы* Быў аб'яўлены прызыў у Чырвоную Армію. Закрылі граніцу з немцамі і забаранілі выезд у прыгранічныя раёны.

* Другі этап дэпартацыі пачаўся ў красавіку 1940 г., трэйці - у ліпені 1940 г., чацвёрты (незакончаны)- у чэрвені 1941 г. Усяго з Заходняй Беларусі за гэты час было дэпартавана больш за 120 тысячаў чалавек.

Са жніўня 1940 г. і па чэрвень 1941 г. сталі трохі лагоднейшыя адносіны савецкіх уладаў да польскага насельніцтва. Польская мова зноў пачала вяртацца ў надпісах на шыльдах дзяржаўных установаў, назвах вуліцаў і г. д. Вярнулася яна і ў школы. У дзяржустановы пачалі прымаць былых польскіх служачых, настаўнікаў.

У перабудовачныя і постперабудовачныя часы многа сказана і напісана пра заганныя метады сталінскага кіравання ў сферы нацыянальнай палітыкі, назаўжды публічна і афіцыяльна асуджаны злачынствы і рэпрэсіі супраць цэлых народаў, у тым ліку беззаконне і дэпартацыі ў адносінах да польскага насельніцтва, апынулага ў 1939 г. у складзе СССР. Дарэчы, гэтыя бесчалавечныя акцыі сталі адной з важнейшых прычынаў росту польскага супраціўлення Саветам у пасляваенны перыяд.

Так, усё гэта было: здзекі, ссылкі, лагеры, рознага роду ўціскі. Але не трэба кідацца з адной крайнасці ў другую, не трэба маляваць мінуўшчыну адной фарбай - белай, чорнай ці чырвонай. Паказ жыцця польскага насельніцтва ў азначаны перыяд на тэрыторыі былога СССР як паласу безупыннага нацыянальнага прыгнёту не адпавядаў бы гістарычнай праўдзе. Пра гэта сведчыць практыка культурна-асветніцкай дзейнасці бальшавіцкіх уладаў сярод палякаў Заходняй Беларусі, у тым ліку развіццё народнай асветы на Беласточчыне.

У перадваенны час у былой Беластоцкай вобласці існавала 859 польскіх школаў, у іх займалася больш за 112 тысяч дзяцей, 470 беларускіх школ, іх наведвалі каля 300 тысяч вучняў. У Беластоку, Гародні, іх ваколіцах у той час пражывала каля 300 тысяч жыдоў, пагэтаму пачала стварацца сетка пачатковых і сярэдніх школаў з жыдоўскай мовай навучання,чаго не было пры Польшчы.

У верасні - лістападзе 1939 г. у Беластоку было 55 школаў усіх тыпаў, у тым ліку 6 дзяржаўных гімназій, 6 прыватных гімназій, педагагічны ліцэй, гандлёвы ліцэй. У 1940/41 вучэбным годзе на іх базе пачаліся стварацца тэхнікумы, дзесяцігодкі, сямігодкі, пачатковыя школы. Усе прыватныя навучальныя ўстановы сталі дзяржаўнымі.

Ствараліся новыя школы. Было адкрыта 95 сярэдніх і 108 няпоўных сярэдніх, у тым ліку 47 школаў для польскіх дзяцей і моладзі. Не хапала будынкаў, таму ў Беластоцкай вобласці пад новыя школы былі прыстасаваны 73 былыя маёнткі, якія наведвалі 10 тысяч вучняў. Статыстыка сведчыць, што да пачатку 1940 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі існавала на 25 % школ больш, чым год таму.

Калі польскія даследчыкі, былыя і сённяшнія, дапускаем, свядома перакручваюць, уводзяць у зман цяперашняга чытача пра адносіны "праклятых" Саветаў, рускіх, украінцаў і беларусаў да бедных палякаў на "Крэсах Усходніх", то беларускія, рускія, украінскія ператалмачы розных узроўняў паўтараюць іх версіі, на наш погляд, з-за аднаго... гультайства і недасведчанасці. Лянота хадзіць у архіў, пацікавіцца данымі тагачасся; не ведае спраў у школах, бальніцах і ведаць не хоча...

Адбыліся значныя паблажкі для развіцця польскай культуры і мастацтва. У 1940 г. у Беластоку пачаў працаваць дзяржаўны драматычны тэатр. Ім кіраваў Аляксандр Вянгерка. На сцэне тэатра былі пастаўлены спектаклі па творах вядомых польскіх драматургаў: "Інтрыга і каханне" Лявона Шыллера, "Мараль пані Дульскай" і 'Панна Малішэўская" Габрыэлі Запольскай, "Пажыццёвая рэнта" Аляксандра Фрэдра, "Кардзіян" Юліуша Славацкага, "Вяселле і лістападавая ноч" Тадэвуша Выспянскага. Дырэктар Аляксандра Вянгерка ўкараняў у тэатры польскую рэвалюцыйную традыцыю і падкрэсліваў, што "тэатр можа быць найлепшым правадніком камуністычнай ідэалогіі ў працоўныя масы". Спектаклі ішлі на польскай мове, на сцэне выступалі папулярныя ў той час акцёры: Ірына Бароўская, Яцэк Вашчаровіч, Севярын Бутрым, Толя Манкевіч, Анатоль Шалаўскі і інш. Пры тэатры, зазначым, паспяхова дзейнічала студыя для моладзі.

У Гародні пад кіраўніцтвам вядомага цяпер маскоўскага дзеяча культуры Сяргея Абразцова быў створаны лялечны тэатр, у ім працавалі Зося Ліснеўская, Ярэма Вальфіш. Такі самы тэатр быў адкрыты ў Навагрудку.

У кастрычніку і лістападзе 1940 г. урачыста адзначалі 85-ю гадавіну з дня смерці Адама Міцкевіча. У склад усесаюзнай камісіі па правядзенні ўрачыстасцяў у гонар вялікага польскага паэта, створанай пры Саюзе пісьменнікаў СССР, побач з іншымі славутымі пісьменнікамі таго часу ўвайшлі Янка Купала, Якуб Колас і Максім Танк. Шматлікія ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар ушанавання памяці Адама Міцкевіча адбываліся ў Мінску, Беластоку, Гародні. У Навагрудку быў адкрыты музей паэта, які існуе і па сённяшні дзень.

16 красавіка 1941 г. бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне пра заснаванне ў Гародні музея польскай літаратуры імя Элізы Ажэшка. Гэтая пастанова з'яўлялася вынікам бязмернага імкнення польскага насельніцтва да захавання сваёй культурнай і літаратурнай спадчыны, зберажэння лепшых нацыянальных традыцыяў, з аднаго боку, і сведчыла пра павагу новай улады да тых польскіх дзеячаў, якія ўнеслі важкі ўклад у скарбонку сусветнай навукі і культуры, з другога боку.

3 1 кастрычніка 1940 г. у Мінску пачала выдавацца на польскай мове штодзённая грамадска-палітычная і эканамічная газета "Штандар вольнасці" ("Сцяг свабоды"). Яе галоўным рэдактарам быў паляк з Усходняй Беларусі, пісьменнік і літаратурны крытык Сцяпан Майхровіч. У склад рэдакцыйнай калегі ўваходзілі Яніна Бранеўская, Людвік Главацкі і Канстанты Ансельм. Галоўны рэдактар у першым нумары абвяшчаў, што "Штандар вольнасці" будзе газетай для шырокіх працоўных масаў палякаў, прызываў да ўдарнай працы ў імя дабрабыту народа і эканамічнага развіцця Беларусі, Савецкага Саюза. Пры гэтым напамінаў пра шматгадовую барацьбу польскага народа супраць буржуазнага і панскага прыгнёту, пра польскія турмы і класавы ўціск. Газета неўзабаве стала надта папулярнай, у яе з'явілася шырокае кола аўтараў, няштатных карэспандэнтаў, галоўным чынам з Гародні і Беластока. На старонках "Штандара вольнасці" адлюстроўваўся шырокі тэматычны дыяпазон: ад асвятлення эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў рэспубліцы, краіне і свеце, праблемаў школьнага навучання і развіцця культуры да разгляду пытанняў з далёкага гістарычнага мінулага польскага народа, перыядаў паўстанняў і нацыянальна-вызваленчых рухаў.

Газеты на польскай мове выдаваліся ў іншых мясцовасцях. Некаторыя з іх, напрыклад "Новэ жыце" ("Новая жизнь") у Граеве, "Нова Ломжа" (Новая Ломжа"), выходзілі на дзвюх мовах адначасова. Акрамя гэтага, не забудзем, на абласных радыёстанцыях былі створаны польскамоўныя рэдакцыі.

Намі прыведзены ўсяго некалькі штрыхоў, якія, магчыма, дадуць сённяшняму чытачу, асабліва маладому, хаця б павярхоўнае ўяўленне пра вельмі складаную, да немагчымасці супярэчлівую і разам з тым жорсткую даваенную рэчаіснасць.

Вярталіся дамоў польскія ваеннапалонныя, хаця далёка не ўсе (яшчэ раз ўспомнім Катынь!), адкрываліся новыя школы, тэатры, праводзіліся ўшанаванні і ўрачыстасці, выдаваліся газеты, дзяліліся паміж галотай і няграматнай польскаю большасцю землі паноў і асаднікаў...

I на фоне ўсяго гэтага арышты, тэрор, дэпартацыі, расстрэлы. Такі быў суровы час. Ён дыктаваў людзям свае, няпісаныя законы, уцягваў у віхуру падзеяў, з якой далёка не ўсе выйшлі жывымі.

Усё ж запамятаем: большасць бедных палякаў (сялянаў, рабочых) вольна ўздыхнула пры "праклятых" Саветах. Дарэчы, як і беларусы, украінцы, рускія. Перакосаў, крыўдаў было мноства, але менавіта пасля 1917 г. стала магчымым жыхару СССР вучыць у тэхнікуме і інстытуце не аднаго. а ўсіх дзяцей (калі яны генна былі здольныя да засвойвання ведаў). Той жа працэс шырокапатокна ішоў і на Заходняй Беларусі. Зпрычыненыя няпраўды вярхам і няпраўдачкі нізам, на наш погляд, нашмат перакрываліся станоўчым, плюсавым.

Польскія ксяндзы і афіцэры - разумныя людзі - ведалі пра мінусы і плюсы старога і новага жыцця. Аднак вярбоўкаў новых і новых рэкрутаў у свае шэрагі не спынялі.

Чаму? Дзеля чаго? Што атрымалі?

На колькі мага аб'ектыўна працягнем свой аповяд далей і на гэтыя пытанні адкажам не мы - вы самі, пашанотныя чытачы.