Армія Краёва на Беларусі. Частка IІ. Пад знакам канцэпцыі "двух ворагаў" (Працяг)

План "Навальніца" ("Бура")

Прыкладна з паловы 1941 г. Саюз узброенай барацьбы (польская абрэвіятура - ЗВЗ) паступова пачаў ператварацца з кадравай арганізацыі ў масавую. Гэта адбывалася за кошт аб'яднання падпольных вайсковых арганізацый і ў сувязі з прытокам новых сілаў з ліку грамадзянскага насельніцтва. Загадам вярхоўнага галоўнакамандуючага генерала Сікорскага 14 лютага 1942 г. ЗВЗ быў перайменаваны ў АК - Армію Краёву (Айчынную Армію).

Галоўнымі камендантамі АК былі: генерал Стэфан Равецкі ("Грот")- да 30 чэрвеня 1943 г. (арыштаваны гестапа, замучаны ў канцлагеры Заксенхаўзен па асабістым загадзе Гімлера); генерал Тадэвуш Камароўскі ("Бур") - да падзення Варшаўскага паўстання 1944 г., памёр у эміграцыі ў 1966 г.; генерал Леапольд Акуліцкі ("Нядзвядак") - памёр 24 снежня 1946 г. у маскоўскай турме Бутыркі. Прычыны смерці не ўстаноўленыя дакументальна, хаця здагадвацца пра іх можна.

У канцы 1942 г. змянілася структура АК. У студзені 1943 г. Равецкі аддаў загад пра стварэнне спецыяльнага падраздзялення - "Кедыву" (Кіраўніцтва дыверсіямі). У яго ўвайшлі "Вахляж", Згуртаванне Помсты і Тайная вайсковая арганізацыя. "Кедыў" узначаліў спярша палкоўнік Яўгеніуш Фельдорф ("Ніл"), а потым - Ян Мазуркевіч ("Радаслаў"). Аб напрамках дзейнасці "Кедыву" сведчаць назвы сектараў яго штаба: аператыўны, навучання, разведкі, сувязі, падпольнай вытворчасці, прамысловага сабатажу, чыгуначнага сабатажу, камунікацыйны, хімічны, бактэрыялагічны, бюро аналізу і г. д. Непасрэдна "Кедыву" падпарадкоўваўся шэраг дыверсійных групаў. Яго тэрытарыяльная структура ў адрозненне ад "Вахляжа" была цесна звязана са штабамі акругаў, інспектаратаў, абводаў.

У 1943 г. пад націскам камандавання АК было створана Кіраўніцтва падпольнай барацьбы, якое аб'ядноўвала і каардынавала дзейнасць усіх сілаў польскага супраціўлення. Яго ўзначаліў генерал Равецкі.

На фоне рэарганізацыі структур АК удакладняліся яе стратэгічныя і тактычныя мэты. Восенню 1942 г. быў падрыхтаваны новы план баявых дзеянняў. Ён зноў прадугледжваў усеагульнае паўстанне, у ходзе якога трэба было: а) вызваліць польскія землі ад немцаў; б) здабыць зброю і ваенную амуніцыю; в) супрацьстаяць намерам украінскіх нацыяналістаў; г) адрадзіць Войска Польскае; д) аднавіць дзяржаўную адміністрацыю; е) падтрымаць у краіне парадак і спакой, прадухіліць спробы дзяржаўных пераваротаў; ж) па меры магчымасці перайсці да ўзброенай экспансіі на нявызваленыя польскія тэрыторыі, заняцце якіх разглядалася як гарантыя існавання польскай дзяржавы.

Як бачым, у параўнанні з першым планам (гл. раздзел "У новых абставінах") тут ваеннай рыторыкі паменшала, граніцы 1939 г. не ўпамінаюцца, выразы больш асцярожныя. Але па сутнасці змест яго застаецца ранейшым, бо "пераход да ўзброенай экспансіі на нявызваленыя польскія тэрыторыі" гэта нішто іншае, як пастаноўка пытання пра тыя самыя граніцы 1939 г., а задача прадухілення спробаў дзяржаўных пераваротаў нават і думкі не дапускала аб змене дзяржаўнага ладу ў краіне.

Між тым прадаўжалася перапіска па асабліва важных пытаннях паміж галоўным камендантам АК і вярхоўным галоўнакамандуючым у Лондане. Так, на пытанне генерала "Грота" ад 28 лістапада 1942 г., Сікорскі адказаў, што ў планах паўстання Чырвоную Армію трэба разглядаць як саюзніка. Яшчэ 12 студзеня 1943 г. галоўны камендант далажыў аб сваіх сумненнях і апасках у сувязі з чаканым раскрыццём АК Чырвонай Арміяй. А ўжо пад канец лютага прапанаваў паднімаць паўстанне па зонах, па меры руху праз польскія землі Усходняга фронту, і хаця са супраціўленнем, але прыняў устаноўкі свайго вярхоўнага галоўнакамандуючага наконт трактавання Чырвонай Арміі як саюзніка.

Канешне, на ўсе "саступкі" і памяркоўнасць польскіх генералаў паўплывалі разгром немцаў пад Сталінградам і агульная сітуацыя на Усходнім фронце - хвалёны вермахт пакаціўся назад. Уніз. Здавалася б, усё ў савецка-польскіх адносінах хілілася да лепшага, паступова з'яўлялася ўзаемаразуменне двух бакоў у тым, што датычыла галоўнага: трэба разбіць немца, а спрэчкі пра граніцы і другія далікатныя праблемы адлажыць на потым, пасля перамогі. Але абставіны злажыліся так, што дасягнутае крохкае паразуменне неўзабаве рухнула як картачны домік. На ўвесь свет, як гром сярод яснага неба, прагучала страшнае слова "Катынь".

БЫЛО ГЭТА ТАК. Хроніка падзей, звязаных з Катынню. Паводле Чэслава Мадайчыка.1942/43 г.г. "...Лета 1942 г. Працавалыя непадалёку ад Смаленска ў нямецкай будаўнічай арганізацыі "Тодт" палякі даведваюцца ад мясцовага насельніцтва пра тое, што ў Катынскім лесе знаходзяцца масавыя захаванні польскіх ваеннаслужачых. Ва ўказаным месцы былі пастаўлены два бярозавыя крыжы. Люты 1943 г. Захаваннем зацікавілася нямецкая тайная палявая паліцыя. Былі дапытаны мясцовыя жыхары, праведзены раскопкі часткі тэрыторыі, у выніку якіх выяўлены магілы. Таемны рапарт трапляе да Альфрэда Йодля, а копія рапарта - да прафессара Вроцлаўскага ўніверсітэту Герхарда Бутца, спецыяліста судовай медыцыны, будучага кіраўніка эксгумацыйных работаў. 29 сакавіка. Ускрыццё магілаў. 4 красавіка. Старшыня Польскага Чырвонага Крыжа (ПЧК) Вацлаў Ляхерт пастаўлены ў вядомасць аб рашэнні выслаць у раён Смаленска дэлегацыю з мэтай агляду масавага захавання польскіх афіцэраў. 3 даклада генеральнага сакратара ПЧК Казіміра Скаржынскага, прадстаўленага на пасяджэнні праўлення ПЧК у чэрвені 1943 г.: "... Абставіны, спадарожныя накіраванню дэлегацыі ў Смаленск, выразна сведчаць пра тое, што нямецкія ўлады будуць імкнуцца да ўцягнення ПЧК як аднаго з узаемадзейных фактараў у арбіту мэтанакіраванай і ўжо пачалай прапаганды. Становіцца відавочным ужо зараз, што забойствы ў Катыні будуць выкарыстаны немцамі як аб'ект шырокамаштабнай прапаганды, закліканай служыць палітычным мэтам і ўтваралай непрадбачаныя цяжкасці польскаму ўраду..." 13 красавіка. У афіцыйных колах рэйха пачынае цыркуляваць інфармацыя аб выяўленні захавання польскіх афіцэраў. Са службовай запіскі Франца Альфрэда Зікха Іахіму Рыбентропу: "1943. IV. Берлін. Начальнік культурна-палітычнага аддзела Міністэрства замежных спраў - у канцылярыю міністра. 13 красавіка ў 22.30 пазваніў намеснік начальніка знешнепалітычнага дэпартамента міністэрства прапаганды рэйха міністэрскі саветнік Грэгары, а неўзабаве за ім і міністэрскі дырэктар Бердт і па даручэнні рэйхміністра доктара Гебельса паведаміў наступнае. У раёне Смаленска выяўлена шмат пакаранняў, якія ажыццяўляліся ДПУ. У масавым захаванні знойдзена 12.000 польскіх афіцэраў. Гутарка ідзе пра ўсіх польскіх афіцэраў, што трапілі ў рукі Саветаў у ходзе іх уваходу ва Усходнюю Польшчу... Эксгумацыя паказала, што ўсе афіцэры засталіся з рамянямі, ідэнтыфікацыйнымі знакамі, ардэнамі і дакументамі, так што магчымая індывідуальная ідэнтыфікацыя. Да эксгумацыі прыцягнулі Польскі Чырвоны Крыж, дэлегацыю польскіх вучоных, урачоў, артыстаў, прамыслоўцаў. Фюрэр аддаў цяпер загад распаўсюджваць інфармацыю пра дадзены інцыдэнт па ўсяму свету, выкарыстоўваючы пры гэтым усе сродкі, якія былі ў наяўнасці. Рэйхміністр Гебельс праінфармуе прэсу і кінахроніку. Рэйхсміністр Гебельс выказаў пажаданне, каб прыцягнуць да эксгумацыі астанкаў у апошніх вялікіх магілах камісію Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Паколькі эксгумацыйныя работы прасунуліся вельмі далёка, трэба ўлічваць час года, што ўплываў на гніенне трупаў, запрасіў Міжнародны Чырвоны крыж як мага хутчэй.

Прашу інструкцый (подпіс Зікх)".

14 красавіка. Чарговая польская "тэхнічная" група, у тым ліку і доктар Скаржынскі, вылятае ў Смаленск. 3 даклада Скаржынскага: "Неабходна таксама памятаць, што ў катынскім пытанні, зрэшты, як і ў многіх другіх, мэты нямецкай палітыкі і мэты ПЧК зусім разыходзіліся. ПЧК імкнуўся да таго, каб астанкі польскіх афіцэраў пасля правядзення цяжкіх і складаных эксгумацыйных і ідэнтыфіцыйных работ як мага хутчэй знайшлі спакой у новых магілах. Для нямецкіх уладаў важнай была толькі прапаганда..."

14 красавіка. Берлін. Службовая запіска дзяржаўнага сакратара, начальніка ўпраўлення НСДАП па рабоце з немцамі за мяжой Эрнста Вільгельма Боле Гімлеру па пытанню запрашэння генерала Сікорскага як прыватнай асобы ў Катынь.

"Тычыцца забойства польскіх афіцэраў каля Смаленска.

Адзін з нямецкіх партайгэносэн, пражывалы за мяжой, выказаў жаданне - у сувязі з прапагандысцкім выкарыстаннем масавага забойства польскіх афіцэраў - перадаць мне сваю прапанову, якую я б сфармуляваў наступным чынам:

Урад рэйха або міністр прапаганды рэйха адкрыта прапануюць урадам варожых дзяржаў пераканацца пры дапамозе накіравання вопытных урачоў ці судовых экспертаў у небывалай жорсткасці бальшавікоў, вядома, гарантуючы поўную бяспеку. Было б вельмі мэтазгодна пану Сікорскаму як прыватнай асобе таксама даць гарантыю поўнай бяспекі, прадстаўляючы магчымасць удзелу ў апазнанні забітых польскіх афіцэраў.

Няма ніякіх сумненняў у тым, што ўрады варожых дзяржаў не прымуць прапановы, не дазволяць выехаць і пану Сікорскаму (выдзелена намі.-Рэд.), які, мусіць, прыняў бы гэту прапанову. Лічу, аднак, што прапагандысцкае ўздзеянне такой прапановы на сусветную грамадскую думку было б велізарным, тым больш што пан Сікорскі на ўсе свае запатрабаванні пра месца знаходжання палонных афіцэраў адказу з Крамля не атрымаў. Акрамя таго, акт ідэнтыфікацыі забітых з'явіўся б эфектыўным сродкам прапагандысцкага ўплыву на іх родных, а таксама не пакінуў бы сумненняў у адносінах да лёсаў тых шматлікіх палякаў, якія апынуліся на савецкай тэрыторыі".

14 красавіка. Першая інфармацыя пра забітых у Катыні паяўляецца ў "Новым кур'еры варшаўскім", які пазней пачынае публікаваць спіскі ахвяраў.

14 красавіка. Польскі ўрад у Лондане даведваецца пра паездку дэлегацыі з акупіраванай Польшчы ў Катынь.

15 красавіка. Генерал Уладыслаў Сікорскі (кіраўнік польскага эміграцыйнага ўрада ў Лондане) на сняданні ў Чэрчыля прадстаўляе даклад, дзе адлюстраваны ўсе аспекты польска-савецкіх адносінаў. 3 выпадку паведамлення аб Катыні, англійскі прэм'ер заўважыў, што нямецкая прапаганда імкнецца пасеяць разлад паміж саюзнікамі і перасцярог ад правакацыі: "Калі іх няма ў жывых, вы ўжо нічога не зможаце зрабіць, каб вярнуць іх да жыцця".

15 красавіка. 7.15. Масква. Паведамленне Маскоўскага радыё: "..Нямецка-фашысцкая інфармацыя ў сувязі з гэтай справай не пакідае ніякіх сумненняў з прычыны трагічных лёсаў былых польскіх ваеннапалонных, якія выкарыстоўваліся на будаўнічых работах у 1941 г. у раёнах на захад ад Смаленска і якія разам з многімі савецкімі грамадзянамі, пражывалі ў раёне Смаленска, трапілі ў рукі нямецка-фашысцкіх катаў летам 1941 года пасля адступлення савецкіх войскаў са Смаленскай вобласці...."

17 красавіка. Бі-бі-сі перадае паведамленне, з якога становіцца вядомым, што польскі ўрад звярнуўся ў Міжнародны Чырвоны Крыж (МЧК) з просьбай накіраваць дэлегацыю ў Катынь.

У той самы дзень адбылося пасяджэнне ўрада Сікорскага, у час якога прынята заява ў сувязі з адбылым у Катыні. У ёй, у прыватнасці, адзначаецца, што польскі ўрад ад імя народа Польшчы рэзка пратэстуе супраць спробаў выкарыстаць у сваіх інтарэсах злачынства, у якім немцы абвінавачваюць другіх, для апраўдання злачынстваў уласных. "Звышкрывадушнае абурэнне нямецкай прапаганды не заслоніць перад светам ахвяраў адноўленых і працяглых злачынстваў супраць польскага народа".

17 красавіка. Жэнева. Польская нота перадаецца кіраўніцтву МЧК праз паўгадзіны пасля ўручэння аналагічнай нямецкай ноты. 19 красавіка. Масква. У "Правде" друкуецца артыкул на катынскую тэму, якая ў рэзкім тоне крытыкуе" польскіх памагатых Гітлера", якія падтрымліваюць нацысцкіх правакатараў. Галоўным аргументам такога абвінавачвання з'яўляецца супадзенне па часе ўручэння ў Жэневе нямецкай і польскай нотаў.

21 красавіка. Лондан. На чарговым паседжанні ўрада Сікорскі просіць, каб у ходзе інфарміравання грамадскасці па катынскаму пытанню пазбегнуць выпадаў, супярэчлівых абранаму курсу ў польскай знешняй палітыцы.

21 красавіка. Масква. У асабістым пасланні Сталіна к Чэрчылю адзначаецца, што варожая кампанія супроць Савецкага Саюза пачалася ў нямецкай і польскай прэсе адначасова і праводзіцца ў адным і тым жа духу. " Гэтыя абставіны не пакідаюць сумнення, што паміж ворагам саюзнікаў, Гітлерам, і ўрадам пана Сікорскага існуе кантакт і змова у правядзенні гэтай варожай кампаніі". Менавіта наяўнасцю такой змовы Сталін абгрунтоўвае неабходнасць разрыву адносін з польскім урадам, выказвае спадзяванне, што брытанскі прэм'ер з разуменнем аднясецца да гэтага кроку, які СССР вымушаюць зрабіць. 24 красавіка. Лондан. Адказ Чэрчыля, у якім ён запэўняе Сталіна, што Англія выступае супраць якога-небудзь расследавання МЧК на любой тэрыторыі, акупіраванай немцамі. Чэрчыль выказвае таксама спадзяванне, што да канчатковага разрыву адносін паміж урадамі СССР і Польшчы не дойдзе.

У той жа дзень вечарам адбылася сустрэча брытанскага міністра замежных спраў з генералам Сікорскім. Ідэн угаворвае Сікорскага адмовіцца ад дэмаршу ў адрас МЧК, матывуючы сваю прапанову тым, што польскі ўрад, апялюючы ў МЧК, прадпрымае крок, "... у выніку якога ў выйгрышы будзе ці Германія, ці Расія, але ніколі - Польшча". Сікорскі адхіляе прапанову Ідэна.

25 красавіка. Чэрчыль накіроўвае чарговае пісьмо Сталіну, заклікаючы - у імя інтарэсаў антыгітлераўскай кааліцыі - да працягу супрацоўніцтва. Англійскі прэм'ер растлумачвае таксама абставіны звароту польскага ўрада ў МЧК. У той жа дзень прыходзіць пісьмо ад Сталіна, які паведамляе Чэрчылю, што пытанне аб разрыве адносін з польскім урадам прадвызначана канчаткова (аналагічнае паведамленне атрымаў прэзідэнт Рузвельт).

26 красавіка. 0.15 мін. Куйбышаў. Польскаму пасольству ўручаецца нота савецкага ўрада аб разрыве адносін з Польшчай. Тадэвуш Ромер двойчы адмаўляецца прыняць ноту, пратэстуючы супраць дзеянняў савецкага боку.

28 красавіка. Масква. Ванда Васілеўская (адна з кіраўнікоў Саюза польскіх патрыётаў у СССР) заяўляе, што польскі эміграцыйны ўрад у Лондане канчаткова скампраметаваў сябе, "удзельнічаючы ў арганізаванай гітлераўцамі антысавецкай прапагандзе, гэтай авантуры ў Катынскім лесе, якая інкрымінуе савецкім органам расстрэл польскіх афіцэраў, якіх у сапраўднасці знішчылі самі немцы".

29 красавіка. Лондан. "Дзеннік польскі" апублікоўвае ўрадавую дэкларацыю ад 28 красавіка ў адказ на ноту СССР, у якой адзначаецца, што, нягледзячы на ўсе складанасці і супярэчнасці ў польска-савецкіх адносінах, палітыка польскага ўрада накіравана на ўмацаванне ўзаемадзеяння з СССР.

30 красавіка. Лондан. Польскае прэс-агенцтва інфармуе, што МЧК паведаміў аб цяжкасцях, звязаных з выкананнем сваёй місіі ў Катыні. У гэтых умовах польскі ўрад задаволіўся даным адказам з прычыны свайго звароту ў МЧК.

У той жа дзень Чэрчыль у сваім пісьме да Сталіна выказаў расчараванне разрывам польска-савецкіх адносінаў, заўважыўшы мімаходам, што катынская справа "з'явілася трыумфам Гебельса".

1 мая. Польская рабочая партыя выдае адозву, у якой катынскае злачынства ставіць у віну гітлераўцам.

5 мая. Польскі пасол пакідае тэрыторыю Савецкага Саюза.

8 мая. Масква. Апублікавана паведамленне аб згодзе савецкага ўрада на фарміраванне ў СССР польскай дывізіі.

Чэрвень. Смаленск. У Катыні знойдзена 4143 ахвяры, з іх апазнана 2730. Не былі зроблены эксгумацыі астанкаў прыкладна 150-200 чалавек, што пакоіліся ў апошняй магіле. (Нямецкія даныя аб поўным ліку ахвяр -12000, савецкія даныя - 11000. Даныя абодвух бакоў не былі пацверджаны дакументамі.)

25 верасня. Савецкія войскі вызваляюць Смаленск.

26 верасня. Спецыяльная камісія пад кіраўніцтвам М. Н. Бурдэнкі пачынае расследаванне ў Катыні.

24 студзеня 1944 года. Апублікавана афіцыйнае паведамленне аб выніках работы камісіі. Адзначалася, што ваеннапалонныя палякі знаходзіліся ў трох лагерах на захад ад Смаленска і напярэдадні вайны былі задзейнічаны на дарожных работах. Пасля захопу Смаленска немцамі ў верасні 1941 года апынуліся на акупіраванай тэрыторыі. Восенню гэтага ж года фашысцкія захопнікі зрабілі ў Катынскім лесе масавыя расстрэлы польскіх ваеннапалонных. Расстрэлы ажыццяўляла ваенная каманда пад кодавай назвай "Штаб 537-га рабочага батальёна", якую ўзначальваў оберлейтэнант Арэнс і яго памочнікі - оберлейтэнант Рэкс і лейтэнант Гот.

У паведамленні падкрэслівалася, што гэта правакацыйная акцыя была задумана акупантамі ў сувязі з рэзкім пагаршэннем ваеннапалітычнай сітуацыі фашысцкай Германіі ў пачатку 1943 года, з мэтай утойвання ўласных злачынстваў, дыскрэдытацыі органаў Савецкай улады, а ў канчатковым выніку - пасеяць варожасць паміж савецкім і польскім народамі.

У дакуменце, прадстаўленым камісіяй, раскрываюцца метады, з дапамогай якіх фашысцкія захопнікі шукалі "сведак" сярод савецкіх грамадзянаў для пацверджання сваёй фальшывай версіі. У ход пайшлі ўгаворы, подкуп, пагрозы, а калі не памагала - прымяняліся жорсткія катаванні і здзекі. Вясной 1943 г. немцы звозілі ў Катынь астанкі імі ж самімі расстраляных польскіх ваеннапалонных з іншых месцаў. У раскопках катынскага захавання акупацыйныя ўлады выкарысталі 500 савецкіх ваеннапалонных, якія пасля завяршэння работ былі знішчаны. Вывады каміссіі суправаджаліся данымі судова-медыцынскай экспертызы.

1-3 ліпеня 1946 года. Нюрнберг. У абвешчаным прыгаворы нямецкім ваенным злачынцам катынскае злачынства не ўпамінаецца.

I толькі праз 45 гадоў катынскае пытанне ў нашай краіне было ўзнята зноў, і мы даведаліся ўсю страшную праўду аб гэтай трагедыі. У 1992 г. Масква перадала Польшчы дакументы, звязаныя з расстрэлам польскіх афіцэраў у Катыні. Іх апублікавалі ў Варшаве. У Маскве вытрымкі з гэтых дакументаў абнародавалі ў канцы 1992 - пачатку 1993 гадоў.

А тады, у 1943 г., разрыў дыпламатычных адносінаў паміж СССР і польскім урадам адразу паставіў сілы АК у новую сітуацыю. Няма ніякіх сумненняў, што на далейшую пазіцыю кіраўніцтва Арміі Краёвай паўплывала і трагічная смерць генерала Сікорскага - умеранага палітыка з цвярозымі поглядамі, які ў складанейшых умовах савецка-польскіх адносінаў мог балансаваць на грані немагчымага. Пасаду вярхоўнага галоўнакамандуючага заняў палітычны антыпод Сікорскага - генерал Казімір Саснкоўскі. Прыкладна ў той час наступіла замена і на пасадзе галоўнага каменданта АК - замест арыштаванага Стэфана Равецкага быў прызначаны генерал Тадэвуш Камароўскі ("Бур").

Рамкі партызанскай дзейнасці АК былі абмежаваны дырэктывамі ўжо вядомай нам англійскай спецслужбы SOE - Special Organisation Executive (Кіраўніцтва спецыяльнымі аперацыямі). Уяўленне аб маштабах ахопу гэтай службы даюць такія лічбы: на пачатак 1944 г. яе кіраўніцкі цэнтр налічваў 13000 чалавек, у тым ліку 9000 вайскоўцаў. Яна была падзелена на шэраг нацыянальных сектараў, сярод іх - два польскія, два французскія, бельгійскі, грэка-югаслаўскі, албанскі, чэшскі, дацкі, нарвежскі, італьянскі і г. д.

Галоўнай мэтай SOE з'яўляецца імкненне ўзяць кіраўніцтва Супраціўленнем ва ўсёй акупаванай немцамі Еўропе пад свой кантроль і каардынаваць яго дзейнасць, асабліва ў справе сабатажу, разведкі, псіхалагічнай вайны - і ўтрымаць такім чынам народы еўрапейскага кантыненту ў сферы англійскага ўплыву.

У гэтай сітуацыі немалаважным, а, можа, і самым важным, з'яўляецца той факт, што SOE не толькі імкнулася падпарадкаваць сабе рух Супраціўлення ўсёй Еўропы, але і падтрымлівала яго матэрыяльна, у тым ліку і АК. Дарэчы, у еўрапейскім Супраціўленні па сваёй колькасці Армія Краёва была самым буйным фарміраваннем (паводле розных крыніцаў, у 1944 г. АК налічвала ад 250.000 да 350.000 чалавек).

Трэба адзначыць, што на першапачатковым этапе SOE супраціўлялася масаваму росту партызанскага руху на базе АК і пераходу ад партызанскай барацьбы да нацыянальнага паўстання. План усенароднага паўстання АК не ўмяшчаўся ў рамкі брытанскай стратэгіі, якая прадугледжвала наступленне на Балканах. Англійскі план уварвання на кантынент не ахопліваў тэрыторыю Польшчы. Па гэтай прычыне SOE не жадала лічыцца з падрыхтоўкай польскім урадам у Лондане і АК усеагульнага паўстання. Запланаванае камандаваннем АК шырокая падтрымка паўстання з дапамогай авіяцыі, перакідвання паветраным шляхам у Польшчу часцей польскіх узброеных сілаў на Захадзе, а таксама дапамога ў даўзбраенні і падрыхтоўцы спецыялістаў у Англіі не заахвочвалася. Наадварот, дапамога значна зменшылася. Абмяжоўваліся палёты з Англіі на Польшчу, стала мізэрнай колькасць скіданых грузаў для АК: Польшча апынулася на пятым месцы пасля Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі.

Напэўна, іменна па гэтай прычыне польскі эміграцыйны ўрад стаў шукаць падтрымкі ў другога магутнага саюзніка - ЗША, і ў першую чаргу ў амерыканскім Упраўленні стратэгічных службаў, папярэдніку цяперашняга ЦРУ Падтрымка Злучанымі Штатамі Польшчы ў яе ваенных начынаннях праявілася, у прыватнасці, у стварэнні пры саюзніцкім Камітэце начальнікаў штабаў у Вашынгтоне польскай вайсковай місіі на чале з палкоўнікам Леонам Міткевічам.

Тым часам пасля выпрацоўкі агульных прынцыпаў стратэгіі краінаў-удзельніцаў антыгітлераўскай кааліцыі пэўныя змены адбыліся і ў ваеннай дактрыне SOE. Яна ўжо не была супраць пашырэння партызанскага руху, праўда, з адной агаворкай - партызанскія дзеянні весці толькі ў рамках падпарадкавання англійскаму штабу ваенна-марскіх сілаў.

У самой Польшчы пераход да больш актыўных дзеянняў кіраўніцтва АК прыспешвала актыўная ўзброеная барацьба Гвардыі Людовай (Народнай Гвардыі), якой кіравалі камуністы. Шэраг бліскучых партызанскіх акцый "людоўцаў" яскрава сведчыў, хто ёсць на справе сапраўдны барацьбіт за свабоду польскага народа і незалежнасць краіны. Каб не страціць свой уплыў у грамадстве, АК проста-такі вымушана была праяўляць актыўнасць. Перш за ўсё гэта знайшло адлюстраванне ў павелічэнні сабатажу ў прамысловасці, на транспарце, у акцыях помсты за тэрор акупантаў і супраць здраднікаў і калабарацыяністаў.

Што датычыць пазіцыі Арміі Краёвай на "крэсах", то тут яна мела сваю спецыфіку, і пра гэта пойдзе гаворка ў наступных раздзелах.

На пераломе 1943/44 гг. для Лондана і польскіх кіроўных колаў стала відавочна, што польскія землі вызваліць Чырвоная Армія. Таму ўжо вясной 1944 г. SOE пачало шукаць новыя шляхі для рэалізацыі англійскай стратэгіі ва Усходняй, Сярэдняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе. У ходзе гэтых пошукаў ЗОЕ вырашыла падтрымаць адхіленую да гэтага часу канцэпцыю ўсеагульнага нацыянальнага паўстання АК. Для Арміі Краёвай павялічылася матэрыяльная дапамога (скідванне зброі), хоць да таго часу тэрыторыя Польшчы ўжо знаходзілася ў стратэгічнай сферы Чырвонай Арміі.

Усе надзеі на вызваленне Польшчы з дапамогаю заходніх саюзнікаў, выношваныя кіраўніцтвам АК на працягу доўгага часу, не спраўдзіліся. На прамую ўзброеную падтрымку гэтых саюзнікаў АК ужо не магла разлічваць. У дадзенай сітуацыі кіраўніцтва Арміі Краёвай мусіла адмовіцца ад свайго ранейшага плана ўсенароднага ўзброенага паўстання. Замест яго з'явіўся новы план, пад кодавай назвай "Навальніца". У ваенных адносінах ён быў накіраваны супраць Германіі, у палітычным сэнсе - супраць СССР. У загадзе штаба АК у сувязі з гэтым гаварылася прама: "Належыць імкнуцца да таго, каб супраць уступаючых савецкіх войскаў выйшаў польскі камандуючы, за плячыма якога бітвы з немцамі, і ў выніку гэтага ён становіцца паўнапраўным гаспадаром...."

У адпаведнасці з планам "Навальніца" ўзброеныя дзеянні АК - на той выпадак, калі няма неабходных умоваў для паўстання - павінны былі заключацца ў правядзенні дыверсіяў і праследаванні адступаючых немцаў. Палітычнай мэтай "Навальніцы" было: узяць пад свой кантроль важнейшыя ваенна-стратэгічныя, прамысловыя, адміністрацыйныя і культурныя цэнтры краіны яшчэ да таго, як іх вызваліць Чырвоная Армія ад немцаў, пераняць грамадзянскую ўладу ў свае рукі "дэлегатамі" - спецыяльнымі паўнамоцнымі прадстаўнікамі лонданскага эміграцыйнага ўрада.

Такі падыход, на думку аўтараў плана "Навальніца", павінны быў зрабіць польскі лагер у Лондане паўнапраўным гаспадаром у адносіх да наступлення Чырвонай Арміі і раўнапраўным яе партнёрам у барацьбе з немцамі. Важнейшай палітычнай мэтай "Навальніцы" было: прымусіць СССР зноў прызнаць лонданскі эміграцыйны ўрад адзіным законным прадстаўніком інтарэсаў Польшчы, устанавіць савецка-польскую граніцу па стану на верасень 1939 г.

Вось дзе, на нашу думку, трэба шукаць першапрычыну трагедыі АК на "Крэсах Усходніх". Глыбока памыляліся польскія дзеячы, што выношвалі гэтыя планы, быццам Сталін і Берыя не будуць ведаць пра іх тайныя намеры. У тых умовах лідэры СССР ніколі не пагадзіліся з правіламі ваенна-палітычнай гульні, якую ім прапаноўваў Лондан. Не маглі пагадзіцца.

Многія гісторыкі сходзяцца на тым, што план "Навальніца" не належыць трактаваць у якасці прынцыповага павароту ў стратэгіі АК. Новы элемент, маўляў, у плане - прадпасылка сумеснага ваеннага супрацоўніцтва з Чырвонай Арміяй.

А фактычна ўся навізна новага польскага плана была дымавой заслонай для рэалізацыі палітычных мэтаў лонданскага лагеру. У рэшце, пра якое сур'ёзнае супрацоўніцтва з Чырвонай Арміяй на высокім узроўні можна весці размову, калі разарваныя дыпламатычныя адносіны паміж Польшчай і СССР.

Найістотную ролю ў плане "Навальніцы" адыгрываў і вызначаны тэрмін пачатку паўстання. Заўчасная рэалізацыя "Навальніцы" асуджвала АК на вынішчэнне немцамі, як і здарылася, дарэчы, занадта позны пачатак пазбаўляў яе ўплыву на вызваленне краіны. Ні пра якія роўныя адносіны з рускімі не магло быць размовы. Спазненне з "Навальніцаю" паказвала Лондану, ЗША слабасць польскіх пазіцыяў. Па ўсіх асноўных накірунках. Гэтага АК дапусціць не магла.

Праўда, пра план "Навальніцы" ёсць і другія, супрацьлеглыя думкі, аднак гэта ўжо іншая тэма.