Армія Краёва на Беларусі. Частка IІI. Схватка даўжынёю ў 10 гадоў

З Рудніцкай пушчы ў Рускую (Гродзенскую)

Вестка пра арышт штаба "Вілька" і афіцэраў у Багушах абляцела акаўскія шарэнгі з хуткасцю маланкі. У першы момант яна выклікала разгубленасць, паніку, дэпрэсію...

Страта любога кіраўніцтва нічога добрага не абяцае калектыву. Тым болей страта ваеннага кіраўніцтва. Але ў самай экстрэмальнай сітуацыі людзі пачынаюць шукаць выйсце. А шукаць яго было каму. Арыштавалі ж далёка не ўсіх.

У пастку НКДБ пакуль - размова ідзе пра ліпень 1944 г.- не папаў ніводны афіцэр з Навагрудскай акругі, у тым ліку яе ранейшыя кіраўнікі. Януш Праўдзіц-Шляскі і Станіслаў Сэндзяк ("Варта"). Навагрудскія кіраўнікі былі запрошаныя на "нараду" ў Багушах, але не прыбылі туды. Чаму?

На гэты конт польскія даследчыкі вылучаюць дзве версіі. Першая - афіцэры проста не паспелі прыехаць. У адпаведнасці з другой - не паехалі знарок, бо прадчувалі, чым скончыцца справа. Здаецца, маюць рацыю аўтары абедзвюх версіяў. Былі такія афіцэры, што сапраўды спазніліся, знайшліся і тыя, хто прыехаць пабаяўся.

Што датычыцца камандзіраў з Віленскай акругі, то таксама ўцалелі многія. У "невад" НКДБ пасля першага закіду не трапілі афіцэры з 7-й брыгады на чале з яе камандзірам Вільгельмам Тупікоўскім. Дарэчы, іменна гэтай брыгадзе было загадана на ўсялякі непрадбачаны выпадак ахоўваць спатканне ў Багушах, стварыць бяспечныя ўмовы, і пры спробе Саветаў раззброіць афіцэраў - умяшацца і не дапусціць. Але прыбылі ахоўнікі пад Багушы запозна, за раззбраеннем назіралі здалёк, на дапамогу сваім таварышам па зброі не прыйшлі - сілы былі занадта няроўныя,-і таму паціху павярнулі ў бок Рудніцкай пушчы.

Не з'явіліся на сустрэчу ў Багушах таксама камандзір 1-га (Віленскага) злучэння маёр Антоні Аляхновіч ("Пахарэцкі"), камандзір 3-га (Ашмянскага) злучэння маёр Чэслаў Дэмбіцкі ("Ярэма"), камандзір 5-й брыгады Зыгмунт Шандзеляж ("Лупашка") і другія афіцэры. Не прыбылі па розных прычынах. Напрыклад, "Пахарэцкі" незадоўга да гэтых падзеяў быў часова зняты з камандзірскай пасады "Вількам" за невыкананне даручанага задання, яго справу разбірала спецыяльна назначаная камісія. "Ярэма" і "Лупашка" не паехалі, бо ўсё жыццё не давяралі Саветам.

Уцалелым камандзірам трэба было прыняць рашэнне, выбраць з чатырох магчымых варыянтаў адзін:

1) злажыць зброю, затым уступіць у шарэнгі Войска Польскага пад кіраўніцтвам генерала Зыгмунта Берлінга ці (па выбару) у Чырвоную Армію, ісці на фронт і біць немцаў;

2) са зброяй у руках прабівацца на захад, на тэрыторыю Польшчы і дзейнічаць там адпаведна з абставінамі;

3) распусціць батальёны і брыгады, даць магчымасць кожнаму афіцэру і жаўнеру АК самастойна вызначыць свой далейшы лёс;

4) заставацца на "крэсах" і змагацца з Саветамі за пальшчызну да апошняй кроплі крыві, да апошняга патрона.

На практыцы (парадокс жыцця!) атрымалася так, што ўсе гэтыя розныя, несумяшчальныя варыянты былі ўвасоблены ў жыццё. Усе чатыры.

Чаму так здарылася? Пэўна таму, што не было адзінства поглядаў сярод камандзіраў.

Праўдзіц-Шляскі, "Саблеўскі", часткова "Пахарэцкі", "Лупашка", выступалі за другі варыянт. "Котвіч", "Рагнар", "Крыся", "Ярэма", "Тур", 'Тром"- за варыянт чатыры. "Варта" і найболын разважлівыя і памяркоўныя афіцэры былі за тое, каб не рабіць ніякіх самастойных крокаў, а дачакацца рашэння вышэйшага камандавання ў Лондане і Варшаве.

Радавая жаўнерская маса, падафіцэры і некаторыя афіцэры проста не ведалі, як ім паводзіць сябе далей. У такой сітуацыі частка радавых жаўнераў была настроена на самае простае выйсце: пры першым зручным моманце вярнуцца ў родныя хаты, а там будзе што будзе. Так многія потым і зрабілі. Прыйшлі дамоў, а потым накіраваліся на прызыўныя пункты ў ваенкаматы, паехалі на фронт змагацца з немцамі - хто ў арміі Берлінга, хто ў Чырвонай.

БЫЛО ГЭТА ТАК. 3 успамінаў радавога жаўнера АК Юліана Трусілы: "... Ад 18 ліпеня 1944 г. да 19 студзеня 1945 г. быў перыяд, калі мы заставаліся ў баявой гатоўнасці і чакалі далейшых загадаў. Камендант Арміі Краёвай генерал Акуліцкі ("Нядзвядак") выдаў загад пра роспуск усёй арганізацыі АК толькі 19 студзеня 1945 г., праз два дні пасля вызвалення Варшавы ад немцаў. Загад прагучаў па радыё. Пасля яго абнародавання і мы прынялі адпаведнае рашэнне. 21 студзеня пастанавілі пайсці ў Войска Польскае праз райваенкамат у Шчучыне, дзе знаходзіўся прадстаўнік народнага Войска Польскага.

22 студзеня мы прыбылі ў ваенкамат. Яўка была масавай. 3 Васілішкаў, Старых Васілішкаў, Дварчанаў, Шкордзяў, Зброжкаў, Банюкоў, Алешкаўцаў, Глінічаў, Ладыгі, Дзекцяроў, Ранятычаў, Мосяў і Жыбалаў у адзін дзень з'явілася каля 250 чалавек, а, можа, і больш. Напэўна, я назваў не ўсе мясцовасці, з якіх прыйшлі добраахвотнікі, бо сёння ўжо цяжка прьшомніць. Адразу з нас сфарміравалі роту, якая па свайму колькаснаму саставу збліжалася да батальёна..."

Але ўсё гэта будзе значна пазней. А пакуль што камандаванне ўсімі сіламі Віленскай і Навагрудскай акругаў узяў у свае рукі начальнік аператыўнага аддзела штаба падпалкоўнік Зыгмунт-Ізідор Блюмскі ("Стрыханьскі"). Ён прымае рашэнне пачаць узброеную барацьбу.

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ. 3 радыёшыфроўкі "Стрыханьскага" галоўнакамандаванню АК у Варшаве і штаб польскіх узброеных сіл у Лондане 17.07.1944 г.: "17.07. штаб акругі Нов (Навагрудак.-Я. С. ) і Вільна вераломна арыштаваны. Атрады АК у колькасці каля шасці тысяч чалавек паходным маршам рухаюцца ў бок Рудніцкай пушчы, дзе прымем бой".

Такім чынам, выбар шляху быў зроблены. Напэўна, тады ніхто не мог дапусціць думкі, што абраны шлях вядзе да смерці. Многіх, занадта многіх. Фізічнай, не толькі маральнай. Асобных людзей і АК у цэлым.

Органы НКДБ былі гатовы да такога павароту падзеяў. Для каардынацыі буйнамаштабнай аперацыі па ліквідацыі акаўскага падполля, раззбраення фарміраванняў АК і бязлітаснага знішчэння атрадаў, якія не пажадаюць скласці зброю, з Масквы ў Вільню прыбыў генерал-лейтэнант Іван Сяроў.

Ён адыграў фатальную ролю ў лёсах Арміі Краёвай не толькі на "крэсах", але і ў самой Польшчы. Менавіта ён распрацаваў план аперацыі па закопу ў 1945 г. пад Варшавай вышэйшага кіраўніцтва падпольнай Польшчы на чале з камендантам АК Леапольдам Акуліцкім.

Гэта быў той самы Іван Сяроў, які меў прамое дачыненне да расстрэлу 15 тысяч польскіх ваеннаслужачых у Катыні і другіх месцах. Доўгі час ён быў намеснікам Лаўрэнція Берыі, вельмі блізкім яму чалавекам, непасрэдна ўдзельнічаў у пагалоўнай высылцы цэлых народаў - немцаў Паволжа, карачаеўцаў, чачэнцаў, інгушоў, балкарцаў, крымскіх татараў...

Пасля разгрому кіраўніцтва акаўскага падполля працаваў у Германіі ў якасці прадстаўніка НКУС СССР па эвакуацыі маёмасці. У той час паслаў шыфроўку Сталіну на генерал-лейтэнанта I. Ф. Цялегіна, у якой паведамляў, што той "азлоблены на НКУС". У выніку Цялегін быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі.

Доўгі час лёс быў добразычлівым для Сярова. Пасля ліквідацыі Берыі заставаўся да канца снежня 1958 г. старшынёй КДБ СССР. Потым быў начальнікам Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны СССР. I толькі значна пазней Івана Сярова звольняць з пасады, пакараюць у партыйным парадку, разжалуюць да генерал-маёра, пазбавяць узнагародаў, атрыманых за высяленне рэпрэсіраваных народаў.

Сёння мы ведаем, хто прымаў рашэнні аб расстрэле ў Катыні, перасяленні народаў. Сяроў жа быў тым, каго назывюць сляпым выканаўцам. Адданым, верным, няспрэчным і... здольным. Так-так, моцна здольным. Таленту яго памагаў багаты вопыт аператыўна-пошукавай работы, кіраўніцтва буйнымі чэкісцка-вайсковымі аперацыямі. Іменна пад яго кіраўніцтвам па АК быў нанесены першы сакрушальны ўдар. Для гэтага ў сваім распараджэнні генерал меў усё неабходнае: спецыяльныя, добра падрыхтаваныя для такіх акцый фарміраванні - 136-ы полк унутраных войскаў, 97-ы пагранічны атрад, аператыўныя групы тэрытарыяльных органаў НКДБ, знішчальныя атрады з учарашніх чырвоных партызанаў. Гэтыя сілы, падмацаваныя ўсюдыходамі-"амфібіямі", лёгкай артылерыяй, разведвальнымі самалётамі-кукурузнікамі, былі кінутыя за ўзброенымі фарміраваннямі АК, якія рухаліся ў напрамку Рудніцкай пушчы.

Дзеля аб'ектыўнасці трэба адзначыць, што напачатку генерал Сяроў меркаваў усё вырашыць бяскроўным шляхам. Над акаўскімі калонамі бесперапынна баражыравалі кукурузнікі і скідалі лістоўкі, у якіх афіцэрам і жаўнерам АК прапаноўвалася неадкладна спыніць марш, павярнуць назад, прыбыць на зборны пункт у Гудзельках, скласці зброю. Лістоўкі грозна папярэджвалі, што пры невыкананні загада атрады АК будуць знішчаны.

Першай была раззброена трэцяя брыгада. Пасля арышту яе камандзіра "Шчэрбца" ў Багушах яна перадыслацыравалася на ўскраек Рудніцкай пушчы. Тут брыгаду і акружылі савецкія часці. Брыгада склала зброю без адзінага стрэлу. Камандзіраў і жаўнераў накіравалі ў часовы лагер для інтэрніраваных акаўскіх ваеннаслужачых у Медніках (25 кіламетраў ад Ашмянаў). Сюды, дарэчы, былі накіраваныя і другія падраздзяленні АК, а таксама асобныя акаўцы, якія не пажадалі ваяваць супраць савецкіх войскаў і добраахвотна з'явіліся на зборны пункт у Гудзельках.

Да канца ліпеня 1944 г. у Медніках, на тэрыторыі напаўразбуранага замка каралевы Боны (яна адыграла ў гісторыі беларусаў надзвычай адмоўную ролю), было сканцэнтравана каля 7 тысяч жаўнераў і афіцэраў АК. Сярод іх ішла ўзмоцненая агітацыя за ўступленне ў армію Берлінга. Жадаючых знайшлося нямнога. Некаторым з лагернікаў удалося ўцячы дадому, балазе ахова лагера была не надта пільная.

Хто не захацеў скласці зброю, пайшлі ў лясы. Але і тут дарогі акаўцаў пачалі разыходзіцца. Праўдзіц-Шляскі са сваім акружэннем, у асноўным з сёмага батальёна, і батальён "Саблеўскага", усяго каля ста чалавек, узялі курс на Захад. Іх шлях ляжаў праз Рудніцкую пушчу ў Рускую (Гродзенскую), далей - на Беласток і Варшаву. "Ярэма", "Котвіч" і другія афіцэры з вернымі ім сіламі рашылі застацца на "крэсах", каб абараняць гэтыя землі ад Саветаў, ствараць партызанскія базы. Засталіся на Беларусі самыя стойкія акаўцы, гатовыя на ўсё, як і любыя прававерныя.

Нечакана для ўсіх падпалкоўнік "Стрыханьскі" адмяніў сваё рашэнне пра ўзброеную барацьбу з "праклятымі" Саветамі, аддаў загад пра роспуск брыгадаў і батальёнаў. Усе афіцэры і жаўнеры павінны былі вярнуцца ў раёны свайго цывільнага пастаяннага пражывання, схаваць зброю і чакаць далейшых указанняў галоўнага камандавання АК. Відавочна, ён бярог людзей. На жаль, гэты загад, як і ранейшы загад падпалкоўніка Любаслава Кшэшоўскага ("Людвіка"), не быў даведзены да ведама падраздзяленняў АК. I не мог быць выкананы.

"Польскі жаўнер,- напісаў пазней у сваёй кнізе Праўдзіц-Шляскі,- крайне стомлены фарсіраванымі маршамі, пры тым галодны, цалкам траціць надзею. Цяпер, ясная справа, нам трэба было ратаваць сваё жыццё...

Дэмаралізацыя сярод войска расце. Самавольны адыход некаторых атрадаў на зборны пункт разбівае згуртаванне дарэшты. Падпалкоўнік "Стрыханьскі" аб'яўляе войску, што ўсё страчана, кожны можа рабіць, што лічыць патрэбным. Аддаў згаданы загад. Пераапранаецца ў цывільнае адзенне і едзе ў "Вільню".

Праўдзіц-Шляскі заднім чыслом хоча папракнуць за неабачнае рашэнне "Стрыханьскага", а сам тады прытрымліваўся той жа думкі. Як успамінае "Варта", "падпалкоўнік Праўдзіц, як і падпалкоўнік "Стрыханьскі", пастанавіў, каб кожны жаўнер сам паклапаціўся пра свой лёс. Атрады былі распушчаны, людзі атрымалі загад ісці ў месцы свайго цывільнага пражывання і чакаць распараджэнняў галоўнага штаба".

У камандаванні АК пачалася кадравая неразбярыха. "Стрыханьскі", яшчэ да адбыцця ў Вільню, вярнуў на пасаду каменданта Навагрудскай акругі Праўдзіца-Шляскага, на пасаду начальніка штаба - "Варту". Праўда, "Варта" адразу адмовіўся, матываваў сваю адмову: ён з самага пачатку выступаў супраць аперацыі "Вострая Брама" і цяпер не хоча ўзвальваць на сябе цяжар адказнасці за яе вынікі і быць вінаватым за лёсы жаўнераў. Тым не меней,"Варта" заставаўся ў радах АК.

Перад адыходам на Захад Праўдзіц-Шляскі ўсё ж угаварыў "Варту" ўзяць камандаванне акругай на сябе для, як ён пісаў пазней, "поўнага завяршэння канспірацыі на нашай тэрыторыі". Праўдзіц-Шляскі і не падазраваў, як многа яшчэ часу сплыве (гады!), пакуль наступіць гэтае "завяршэнне".

Фармальна "Варта" пагадзіўся з прапановай, але фактычна ўсю справу ўзяў у свае рукі маёр "Котвіч", аўтар плана "Вострая Брама". "Котвіч" не прыняў удзел у наступленні на Вільню - па дарозе, ля Іўя, быў паранены ў сутычцы з немцамі, некалькі тыдняў лячыўся ў палявым акаўскім шпіталі пад Ашмянамі. Там яму ампутавалі руку.

5 жніўня 1944 г. "Варта" афіцыйна перадаў камандаванне акругі "Котвічу". Перадаў чыста па-партызанску, без узгаднення з вышэйшым кіраўніцтвам. Ды і з кім было ўзгадняць! У Варшаве поўным ходам ішло паўстанне, сувязі з Лонданам не было. Толькі 18.08.1944 г. з Варшавы па радыёстанцыі быў перададзены загад пра назначэнне "Котвіча" камендантам Навагрудскай акругі і прысваенні яму чарговага воінскага звання падпалкоўніка. Аднак гэты загад сапраўднаму вою "Котвічу" не было суджана прачытаць ці праслухаць.

БЫЛО ГЭТА ТАК. 3 успамінаў Эдмунда Банасікоўскага (нязначныя падрабязнасці апушчаны): "Напрамак маршу - праз двор Петаша на тракт Вільня - Яшуны, а потым на поўдзень, у Яшуны. На чале калоны, у пярэдняй ахове, 13-я брыгада, за ёю 12-я, а на канцы, у задняй ахове, 9-я брыгада. Атрады нашага злучэння (Ашмянскага.-Я. С), расцягнутыя ў доўгай маршавай калоне, рухаліся ў начной цішы без усялякіх інцыдэнтаў. Часам скрыпне кола возу, заіржэ конь альбо дзесьці далёка пачуецца чалавечы голас. Раптам наш пярэдні дазор дакладвае, што па дарогах, на захад ад нас, паралельна нашаму накірунку маршыруюць савецкія часці. Нібыта не заўважаюць нашай прысутнасці.

Месцам нашага адпачынку быў вялікі лясны яр... Я падышоў да "Ярэмы".

- "Еж",- сказаў ён. - Адчуваю, усё дрэнна, вельмі дрэнна. Думаю, нас акружаюць з усіх бакоў.

Як толькі вымавіў гэтыя словы, высока над лесам пачуўся рокат матораў. Жаўнеры паднялі галовы ўверх. Коні заіржалі. Усе занялі баявую гатоўнасць. ІІраляцелі над намі савецкія самалёты. Праз хвіліну дождж белых невялікіх лістоўкаў упаў на дрэвы, кусты і траву. Адна з іх упала каля мяне. Падняў яе і прачытаў: "Складзіце зброю ў вёсцы Гудзелькі. У адваротным выпадку будзеце знішчаныя. Пасля раззбраення пойдзеце дамоў".

Кукурузнікі ляталі нізка, адчувалі сябе бяспечна. Міжволі зірнуў на нашых жаўнераў. На некаторых тварах пачуцце бяссілля, разгубленасці і абыякавасці да ўсяго адбыванага навокал. Я звярнуўся да "Ярэмы".

- Непакоюся за нашых хлопцаў. У іхніх вачах пакорлівасць, недахоп волі для супраціўлення, безнадзейнасць. Баюся, каб не зламаліся.

Нечакана групка польскіх жаўнераў хутка пабегла ў наш бок. У вачах страх. Дакладвалі з пачуццём трывогі:

- Дзевятая брыгада раззброена.

Усе жаўнеры, афіцэры, хутка падхапіліся на ногі. "Ярэма" памкнуўся ў гушчар пушчы, але ў гэты момант у месцы адпачынку трынаццатай брыгады савецкая пяхотная часць з поўнай баявой выкладкай, са зброяй напагатоў акружыла польскіх партызанаў. Чуліся многагалосыя загады:

- Руки вверх!.. Ложи оружие!.. Сдавайтесь!..

Пачуццё безнадзейнасці ва ўсіх расло ад непасрэднай, блізкай пагрозы. Вораг, бачна, не выбіраў сродкі. Чалавечыя нервы не вытрымалі. Жаўнеры кінулі зброю на зямлю, паднялі рукі ўгору. Трынаццатая брыгада "Нетапежа"- гордасць акаўскага злучэння - перастала існаваць. Невялікія групкі адважненцаў, выкарыстаўшы мітусню, рызыкуючы жыццём, беглі да рэшткаў нашых атрадаў.

У пэўны момант я напаткаў ксяндза Віктара Гагаліньскага, капелана нашага злучэння (быў пры 13-й брыгадзе). Ксяндзу давялося размаўляць з савецкім афіцэрам, які праводзіў раззбраенне трынаццатай.

- Брыгада капітуліравала,- злосна цадзіў скрозь зубы Гагаліньскі.- Я- ксёндз, таму адпусцілі мяне на волю. Буду дабірацца да Вільні.

- Што цяпер?- спытаў я "Ярэму".

- Пойдзем далей. Бой у такую хвіліну - самагубства. Для ўсіх.

Праз гадзіну далейшага маршу астатніх акаўцаў на многіх блізкіх дарогах як з-пад зямлі перад імі выраслі савецкія калоны. Я паглядзеў на компас. Усе - я, мы і яны - ішлі ў адным напрамку. На паўднёвы захад. Саветы рабілі выгляд, што ставяцца да нас абыякава.

Потым на скрыжаванні дарогаў група савецкіх афіцэраў, больш дзесяці чалавек, затрымала "Ярэму". Ведалі, хто ён. У ходзе кароткай размовы ад імя свайго камандавання патрабавалі раззбраення падначаленых яму атрадаў.

"Ярэма" праз ганца вызваў мяне да сябе. Калі я прыблізіўся да яго, сядзеў выпрастаны на кані. Група савецкіх афіцэраў акружала яго паўкругам, трымалі напагатове аўтаматы.

- Пан капітан,- сказаў "Ярэма",- гэтыя панове (паказаў на савецкіх афіцэраў) патрабавалі ад мяне скласці зброю і распусціць атрады. Мы самі павінны падацца ў іх штаб. Па інструкцыі.

- Говори по-русски,- умяшаўся адзін з савецкіх афіцэраў.

- Он не понимает по-русски,- хутка паясніў "Ярэма", баяўся, каб я не ўклініўся ў ход размовы па-руску. Потым павярнуўся да мяне, коратка прамовіў:

- Прашу ад майго імя аддаць нашым камандзірам загады, адпаведныя з вымаганнямі савецкага камандавання.

Стоячы каля "Ярэмы", па выразу яго твару я адчуў, што скіраваныя да мяне словы маюць зусім інакшы сэнс.

Я пакінуў скрыжаванне дарогаў. Выклікаў усіх камандзіраў. Абмаляваў сітуацыю. Трэба ратаваць "Ярэму". Трэба пазбавіцца ўсіх абозаў, цяжкай амуніцыі і коняў. Жаўнераў, якія хочуць вярнуцца дамоў, неабходна адпусціць. Рэшту воінаў з усім неабходным, што можна панесці, накіраваць у глыб лесу.

Нашы абозы рушылі. Я праз бінокаль назіраў за паводзінамі "Ярэмы". Заўважыў, што яго конь увесь час прытанцоўвае і адступае. Раптам ён даў каню шпоры, той стралою панёсся ў блізлеглы лясны гушчар. Заслед конніку застракаталі аўтаматы савецкіх афіцэраў. Ім імгненна адказалі нашыя кулямёты. На скрыжаванні дарогаў запанавала замяшанне. На небе з'явілася чырвоная савецкая ракета. Мы адступалі ўсляпую, у самую глыбокую гушчэчу лесу. Праз хвіліну "Ярэма" быў сярод нас, але без свайго любімага скакуна.

Сярод напаўзаціхлага посвіту куляў і рокату над пушчай самалётаў мы моўчкі прадзіраліся скрозь лес. Праз некаторы час увайшлі ў гразкае балота. Марш станавіўся надзвычай цяжкі. Нягледзячы на частыя адпачынкі, на тварах людзей, разцягнутых у доўгую калону, выразная пакута. Нарэшце мы апынуліся на развілцы двух трактаў: Руднікі - Гродна, Вільня - Гродна.

Тут затрымаліся на працяглы прывал. Жаўнеры дасталі са сваіх рэчавых мяшкоў астаткі ежы. Голад браў верх над патрэбай хаця б кароткага сну. Вызначылі каравульных.Адзін з нашых жаўнераў далажыў, што непадалёку, на невялікай паляне, знаходзіцца група польскіх афіцэраў і невялічкі партызанскі атрад.

Я пайшоў з двума сувязнымі, каб пазнаёміцца з суседзямі. Застаў там падпалкоўніка Праўдзіца-Шляскага ў акружэнні некалькіх афіцэраў і салдатаў. Мяне чакала сардэчная неспадзяваная сустрэча.

Двое маіх людзей з "Вахляжа", з чацвёртага ўчастка, падхарунжы Януш Скальскі ("Лін") і падхарунжы Тадэвуш Роман ("Дужы Тадзік"), пасля ліквідацыі "Вахляжа" служылі ў Праўдзіца-Шляскага, кінуліся да мяне ў абнімкі. Расцалаваліся як браты. Радасць была бясконцай.

Хутка з'явіўся "Ярэма", яго таксама віталі сардэчна. Пачалася гутарка. Праўдзіц-Шляскі імкнуўся пазбегнуць праследавання, быў поўны рашучасці як мага хутчэй пакінуць гэтую тэрыторыю і дабрацца да Варшавы. Яго намер з энтузіязмам падтрымалі "ціхацёмныя", якія знаходзіліся пры ім. Трагедыя Віленскай АК наклала глыбокі адбітак на іх самаадчуванне. Верылі, што ў Варшаве будзе лепей. Мы з "Ярэмам" у дыскусіі падкрэслівалі, што Рудніцкая пушча акружана савецкімі войскамі, няма ніякай магчымасці прарвацца на Захад. Праўдзіц-Шляскі верыў у сваё шчасце і адстойваў рашэнне рухацца са сваім атрадам у цэнтральную Польшчу.

Непадалёку кружылі рэшткі 3-га батальёна 77-га пяхотнага палка пад камандаваннем Баляслава Пясэцкага ("Саблеўскага"). У часе размовы з намі ён таксама выказаў думку, што неабходна пакінуць гэты раён і прарвацца ў Варшаву. Пасля выхаду з пушчы "Саблеўскі" перажыў нямала розных прыгодаў, але ўсё-такі дабраўся да сталіцы, якая ўжо да таго часу ляжала ў руінах.

Праўдзіц-Шляскі ў суправаджэнні сваёй групы Кедыву, у яе ўваходзілі мае хлопцы "Лін" і "Дужы Тадзік", з вялікімі цяжкасцямі дайшоў да ваколіцаў Гародні. Адтуль невялікімі групкамі яго людзі пранікалі ў раён Варшавы сваімі, асобнымі маршрутамі.

У часе размовы з "Саблеўскім" даведаліся, што дзесьці блізка знаходзяцца атрады "Котвіча" і "Бустрамяка". На жаль, з імі ў той момант сустрэцца не прывялося".

Такім чынам, найболын хітрыя і прадбачлівыя акаўцы падаліся на Захад. Для засталых пачаліся бясконцыя "блуканні па пакутах". Уцёкі ад пагоні, пастаянная боязнь засадаў, выматвальныя, знясільныя пераходы з аднаго месца на другое, пошукі кавалка хлеба і прытулку на начлег. "Ход канём" вырашылі зрабіць камандзір 8-й брыгады Вітольд Туронак ("Тур") і камандзір кавалерыйскага атрада пры штабе Віленскай акругі Уладыслаў Кітоўскі ("Гром"). Яны не засталіся ў Рудніцкай пушчы, але і на Захад не пайшлі. Наадварот, рушылі на Усход, у раён Валожына і Налібоцкай пушчы.

Хаваліся, шукалі ратунку ў непраходных гушчэрнях, акружаных балотамі, ні дня не былі на адным месцы, бо часці ўнутраных войскаў, падмацаваныя артылерыяй, прачэсвалі лес за лесам. Над стаянкамі акаўцаў пастаянна кружылі разведчыкі-кукурузнікі. Тым не меней атрады "Тура" і "Грома" змаглі пратрымацца даволі значны час. Крытычным момантам для іх стаў дзень 9 лютага 1945 г. Акаўцаў акружылі ў Равінах, каля Карэлічаў, разгром быў поўным і канчатковым. Праўда, абодвум камандзірам удалося выратавацца. Праз некаторы час яны вярнуліся ў Вільню, адтуль уцяклі на Захад.

Але давайце зноў вернемся ў прадмесці Вільні і Рудніцкую пушчу. 3 успамінаў Эдмунда Банасікоўскага ўжо ведаем, як складвалася сітуацыя з тымі атрадамі, што ўзначальваў маёр "Ярэма".

Ну, а што адбывалася з групоўкай маёра "Котвіча", у склад якой ўваходзілі фарміраванні АК Навагрудскай акругі?

Не даходзячы да Рудніцкай пушчы, вялізная, як вокам акінуць, калона прайшла праз брод ракі Мерачанкі і рэзка павярнула на поўдзень, у лес. У адрозненне ад злучэння "Ярэмы" на пачатку руху "Котвічу" ўдалося пазбегнуць сутычкаў з буйнымі савецкімі часцямі і раззбраення атрадаў. Праўда, усюдыходы-"амфібіі" ўвесь час не выпускалі калону "Котвіча" са свайго поля зроку, праследавалі на працягу ўсяго шляху, неаднаразова прабіраліся ў самую гушчу калоны. Болей таго, старшы экіпажа задаваў акаўцам адно і тое пытанне: "Куды і чаго ідзяце?" "Котвіч" трымаўся незалежна: маўляў, ідзём выконваць баявое заданне, не перашкаджайце нам. Усюдыходы-"амфібіі" пакідалі калону. Пакуль абыходзіліся без узаемнай страляніны.

У час адпачынку ў Солах (не блытаць з Соламі ў Смаргонскім раёне) над акаўцамі пачалі баражаваць кукурузнікі. Скідвалі лістоўкі. Іх змест нам ужо вядомы. "Котвіч" нават думкі не дапускаў пра раззбраенне і здачу на літасць Саветаў. Калона паглыбілася ў лес. Ноччу, з 18 на 19 ліпеня 1944 г., адбылася нарада "Котвіча" з камандзірамі атрадаў калоны.

"Котвіч" сказаў,- успамінае камандзір 5-га батальёна Станіслаў Шабуня ("Ліха"), выпускнік Нясвіжскай гімназіі,- што застаецца ў пушчы. Лічыў, што належыць абараняць гэтыя землі і польскае насельніцтва. Жаўнераў можна распусціць, гаварыў ён, няхай апасля робяць, як лічаць патрэбным. Хто хоча, няхай застаецца са мной. Я вырашыў застацца з ім".

"Котвіч" правёў добры кусок жыцця ў Англіі, ён вельмі спадзяваўся, што англічане не пакінуць АК сам-насам з Саветамі, да апошняй хвілі верыў, што пры падтрымцы саюзнікаў партызанскі рух АК на "крэсах" будзе існаваць да самага канца вайны. Відаць, ён верыў, што вайна разгромам Германіі не закончыцца.

Пасля гутаркі з "Котвічам" камандзіры правялі аналагічныя нарады ў сваіх часцях.

"Я склікаў на нараду камандзіраў аддзяленняў і вышэй,- расказваў пра 33 гады ў Канадзе аўтару кнігі "Вострая Брама" Яну Эрдману былы камандзір 7-га батальёна АК Баямір Тважыньскі ("Астоя").- Паведаміў ім пра размову з "Котвічам" і загадаў паўтарыць падначаленым: няхай свой лёс рашаюць самі. Могуць ісці, куды хочуць, але няхай пакінуць у атрадзе зброю.

У час канцэнтрацыі пад Вільняй батальён атрымаў ад Праўдзіца-Шляскага 2.000 долараў дробнымі купюрамі, зразумела, з касы акругі. Гэтыя грошы я падзяліў па-роўнаму на ўсіх у атрадзе, незалежна ад пасадаў і званняў. Цяжкую зброю закапалі. Людзей раздзялілі на групы па 60 чалавек, для кожнай групы вызначылі камандзіра і пункт па-за межамі пушчы. Некаторыя з групаў рушылі ў дарогу ноччу, каб пад покрывам цемры адарвацца ад савецкіх дазораў".

На досвітку наступнага дня ў лясным лагеры не далічыліся прыкладна паловы людзей. Тым не меней лік акаўцаў, рашылых застацца з "Котвічам", усё яшчэ ішоў на сотні, а дакладней - болей тысячы чалавек. Плюс 300 вазоў з амуніцыяю, харчам, табун коней.

Для захавання такой колькасці людзей Рудніцкая пушча была занадта малой і небяспечнай. Параіўшыся з акаўцамі, мясцовымі жыхарамі, "Котвіч" вырашыў перадыслацыравацца ў Рускую ці, як яе называюць палякі, Гродзенскую пушчу. Гэты вялікі лясны масіў пачынаецца за 35 кіламетраў ад Ліды і доўга цягнецца ўздоўж Котры (у раёне Скідзеля ўпадае ў Нёман), даходзіць аж да Гродна. Рудніцкую пушчу ад Рускай аддзяляла паласа - прыкладна 30 кіламетраў - палёў, рэдкалесся, балотцаў і рачулкаў. Для праходу такой мізэрнай адлегласці, калі рухацца возам у хуткім тэмпе, спатрэбілася б меней паўсутак.

Да таго часу генерал-лейтэнтант I. А. Сяроў зразумеў, што значная частка акаўцаў складваць зброю і здавацца не збіраецца. Часткі савецкіх унутраных войскаў пачалі атакаваць атрад "Котвіча". Безупынна. Першая такая атака была яшчэ ў Рудніцкай пушчы. Тады яе лёгка адбіла адна рота 5-га батальёна. Абышлося без стратаў акаўцамі. Але з гэтага моманту органы НКДБ не давалі спакою ім ні ўдзень, ні ўначы.

У час маршу на Рускую (Гродзенскую) пушчу іх атакавалі зноў і зноў. Адстрэльваючыся, калона прыспешвала рух. Самую вялікую перашкоду, шашу Гродна - Вільня, перайшлі без інцыдэнтаў. 24 ліпеня дайшлі да месца прызначэння. Пераначавалі на закінутым тартаку і на золку рушылі далей. Над калонай пачалі кружыць самалёты на нізкай вышыні.

У час чарговага прывалу "Котвіч" паклікаў афіцэраў на нараду. Не з'явіліся ні "Крыся", ні "Рагнар". Яны вырашылі ваяваць з бальшавікамі самастойна. А гэта былі камандзіры самых буйных фарміраванняў АК Навагрудскай акругі. 3 гэтага часу "Котвіч" застаўся ў Рускай (Гродзенскай) пушчы з атрадам крыху больш двухсот чалавек. Пры ім засталася і афіцэрская эліта акругі- "ціхацёмныя" "Варта", "Астрога", "Хатрак".

Атрад дзейнічаў у трохкутніку Дубічы - Пеляса - Радунь, прычым штаб пастаянна перамяшчаўся (канспірацыя) з месца на месца. "Котвіч" дамагаўся сустрэчы з "Рагнарам" і "Крысям", каб намеціць план сумесных скаардынаваных дзеянняў. Збіраўся зрабіць першы крок сам. "Калі не могуць прыйсці яны да мяне, я паеду да іх",-заявіў ён свайму бліжэйшаму акружэнню. Для гэтага трэба было выйсці з Рускай (Гродзенскай) пушчы, бо "Крыся" знаходзіўся ў раёне Радунь - Эйшышкі, а "Рагнар" - за Лідай.

Сустрэліся камандзіры (прыяцелі і сябры) у першай дэкадзе жніўня 1944 г. у леснічоўцы на ўскрайку вёскі Скірэйкі Радунскага (цяпер Воранаўскі) раёна. Акрамя "Котвіча", удзельнічалі "Варта", "Крыся", "Бустрамяк", больш дзесяці другіх афіцэраў АК. "Рагнар" зноў не прыехаў.

Вынікам сустрэчы з'явілася адозва да жаўнераў АК і насельніцтва Навагрудскай акругі з прапагандысцкімі заклікамі антысавецкага зместу. У адозве таксама паведамлялася пра рэарганізацыю акругі і стварэнні двух злучэнняў АК - паўночнага і паўднёвага. Паўночным "Котвіч" загадаў кіраваць "Крысі", паўднёвым- "Ліху".

"Крыся" зноў пачаў дзейнічаць самастойна, наладжваў засады на дарогах, з іезуіцкай жорсткасцю нападаў на адзіночныя савецкія машыны, граміў сельсаветы, забіваў партыйных і савецкіх работнікаў, актывістаў.

У сярэдзіне жніўня сувязным "Котвіча" ўдалося ўстанавіць кантакт з рэшткамі брыгадаў Віленскай акругі, якімі кіравалі "Ярэма" і "ціхацёмны" Адам Барычка. Рашылі параіцца, што рабіць далей. Сустрэча адбылася на хутары ля возера Стаі. У ёй удзельнічала болей дваццаці чалавек. Дэлегацыю віленчукоў узначальваў "Ярэма", Навагрудскую акругу прадстаўляў "Котвіч" са сваімі афіцэрамі. Тон на нарадзе задаваў "Котвіч". Як пазней сведчылі ўдзельнікі спаткання "Еж" і "Ліха", ён па-ранейшаму быў поўны рашучасці заставацца тут, у пушчы, заклікаў сумесна ствараць сталыя базы для партызанскай барацьбы з Саветамі. "Яго аптымізм,- успамінае "Еж",- асноўваўся на веры ў саюзнікаў, асабліва англічанаў".

"- Яны, пэўна, не ведаюць, што з намі здарылася,- гаварыў "Котвіч" на нарадзе. Любой цаной трэба ім паведаміць пра гэта, яны абавязкова дапамогуць". У той час сярод афіцэраў АК хадзілі чуткі, што быццам пры штабе Чарняхоўскага знаходзіцца група англійскіх афіцэраў-сувязных. У час нарады ля возера Стаі ўзнікла ідэя напісаць ім пісьмо, расказаць пра сваё становішча, папрасіць пра ўмяшанне і дапамогу. Пісьмо напісалі па-англійску "ціхацёмныя", адрэгаваў яго "Котвіч". Да гэтага часу невядома, куды трапіла тое пісьмо.

16 жніўня "Котвіч" перадае дзве радыёшыфроўкі ў галоўны штаб. У першай паведамлялася аб падпарадкаванні Навагрудскай акругі віленскаму камандаванню. Да таго часу камендантам аб'яднаных Віленскай і Навагрудскай акругаў замест арыштаванага "Стрыханьскага" стаў падпалкоўнік Юліян Кулікоўскі ("Рынграф"). У другой шыфратэлеграме, якая, дарэчы, была перахоплена органамі НКДБ і цытавалася на "Працэсе-16" дзяржаўным абвінаваўцам пракурорам Афанасьевым, 'Котвіч" дакладваў пра становішча на курыраванай ім тэрыторыі. Па яго словах, мясцовае насельніцтва вядзе сябе цудоўна, амаль цалкам сабатуе прызыў у савецкае войска, а самі Саветы ставяцца да людзей з АК лагодна, бо пакуль што, часова, бракуе сілаў для расправы з АК. Далей паведамляў, што рыхтуе польскае насельніцтва да рашучага супраціўлення, уключна усеагульнай узброеннай барацьбы. На заканчэнне прасіў прыслаць паветраным шляхам міжнародную камісію, абяцаў падрыхтаваць лётнае поле да пасадкі самалётаў.

3 дэпешы бачна, як далёка ад жыцця, ад рэчаіснасці стаяў вайсковы летуценнік, аўтар плана нашчэнт праваленай аперацыі "Вострая Брама", чалавек, які ўсё яшчэ спадзяваўся на цудадзейную дапамогу чужынцаў... "Котвіч" верыў і рыхтаваўся да зімы: атрад пачаў запасацца саланінаю, мясам, мукою, кажухамі, бялізнаю, збожжам.

Людзі кажуць, што хто патанае, саломінку хапае. Такой саломінкай для "Котвіча" і яго паплечнікаў з'яўляліся саюзнікі, перш за ўсё англічане. На самай справе гэтая саломінка аказалася вельмі ломкаю. Проста прывіднаю.

Чым імклівей развівала наступленне Чырвоная Армія, тым больш стрыманымі і прахалоднымі ставалі адносіны англічанаў да палітычных імкненняў польскага ўрада ў Лондане, у тым ліку датычных савецка-польскай граніцы.

"У цяперашняй сітуацыі,- скардзіўся тагачасны прэм'ер Станіслаў Мікалайчык у дэпешы свайму прадстаўніку ў Польшчы 14.07.1944 г.,- мы натрапляем на ўсё большыя цяжкасці з выказваннем нашай палітычнай пазіцыі ў англійскай прэсе, на радыё адносна ўсходніх земляў, занятых савецкай арміяй..."

Як толькі Мікалайчык атрымаў звестку пра раззбраенне АК на Віленшчыне, ён адразу - 18 ліпеня - дабіўся прыёму ў Уінстана Чэрчыля. У час гутаркі англійскі прэм'ер павёў сябе нядобразычліва. "Абураны Чэрчыль нападаў на нас за баі на Віленшчыне і Валыні,- на чацвёры дзень пасля гутаркі паведамляў генерал Мар'ян Кукель вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Саснкоўскаму (у той час знаходзіўся ў Італіі).- Па-ранейшаму сварыўся за нашы прэтэнзіі на Вільню, крытыкаваў, што замест адступлення на Захад, пхаемся туды (на Усход.-Я. С.) толькі, каб зазначыць там нашу прысутнасць".

"У той самы дзень,- піша ў сваёй кнізе "Вострая Брама" Ян Эрдман,- Мікалайчык накіраваў Чэрчылю мемарандум, у якім дамагаўся скідвання (на парашутах.-Я. С.) міжсаюзніцкай камісіі сувязных і прыдання яе галоўнакамандаванню АК (у Варшаве.-Я. С), а таксама прасіў распараджэння для брытанскай вайсковай місіі ў Маскве аб дэлегаванні ёю аднаго афіцэра ў Вільню. Як гарох аб сцену".

Адказу Чэрчыль не даў.

Пра лонданскія асечкі польскага ўрада, акаўцы на "крэсах" у той час не ведалі. Нават не здагадваліся. Галоўным у той момант акаўцы лічылі: выцярпець нягоды, дачакацца лепшага часу і па сігналу з Лондана ці Варшавы нанесці ўдары па Саветах, вырваць "крэсы" з-пад улады Масквы. У баі з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі яны не ўвязваліся, дзейнічалі зпадцішка, па-партызанку. Знішчалі партыйны і савецкі актыў, энкавэдзістаў і міліцыянераў, сексотаў, праводзілі дыверсіі на дарогах, у тым ліку чыгунцы, актывізавалі антысавецкую прапаганду. Падпольная друкарня БІПу дзейнічала бесперапынна - выпускаліся лістоўкі, адозвы, газеты "Шлякам Нарбута" ("Шляхам Нарбута"), "Сьвіт Польшчы" ("Ранак Польшчы").

Рэгулярна выходзілі ў эфір радыёстанцыі Віленскай і Навагрудскай акругаў - "Ванда-19' і "Ванда-20". 10 жніўня 1944 г. "Ванда-19" і ўвесь персанал былі захоплены органамі НКДБ. "Ванда-20" пачала працаваць на дзве акругі. Дэпешы ў Лондан і Варшаву перадаваліся пастаянна: пра ваенна-палітычную і аператыўную абстаноўку на "крэсах", настроі насельніцтва, сітуацыю ў атрадах АК. Пастаянныя былі просьбы пра дапамогу, скідкі грузаў на парашутах і г. д. Завяршаліся дэпешы тым, што чакаюць указанняў на далейшыя дзеянні.

Лондан маўчаў. Невядома з якой прычыны, але шыфроўкі з Рудніцкай і Рускай (Гродзенскай) пушчаў у лонданскім штабе былі прачытаны толькі 7.01.1945 г.

Варшава, хоць горад пылаў у агні паўстання, знаходзіла час, каб сяды-тады адказаць пушчанцам. Але не тое, што хацелася б ведаць "Котвічу". "Закідваеце нас устарэлымі дэпешамі,- злаваўся ён у радыёшыфроўцы ад 18.08.1944 г.- Праглядайце ўласны матэрыял".

"Котвіч" чакаў дакладных інструкцыяў, нарэшце галоўны камендант АК "Бур" перадаў яму з Варшавы: "... Не паддавайцеся на ашуканствы, не давайце сябе арыштаваць. На перагаворы не ездзіць. Вызываць да сябе савецкіх камандзіраў. (...) У выпадку раззбраення з ужываннем насілля супраціўляцца.

... У сувязі з агульнай сітуацыяй загадваю. Перайсці да падпольнай барацьбы, сабатаваць прызыў у Армію Берлінга і сав(ецкую). Усе вашы рашэнні, якія маюць прынцыповае значэнне, патрабуюць майго зацвярджэння. Аб прысланні саюзніцкай камісіі нават не думайце".

Змест дэпешы "Бура" не пакідае ніякіх сумненняў, што атрады АК ні ў якім разе не павінны былі пакідаць тагачаснае месца дыслакацыі і перамяшчацца ў цэнтральныя раёны Польшчы. Нельга было скласці зброю і спыніць барацьбу.

Тым часам тэрмін ультыматуму акаўцам скончыўся. Генерал-лейтэнант Сяроў выдатна зразумеў (разведка працавала), што пра бяскроўнае раззбраенне сілаў АК у Рускай (Гродзенскай) пушчы, мірным зыходзе канфлікту не можа быць гаворкі. Часці ўнутраных войск і пагранічнікі перайшлі ў наступ. Імкнуліся акружыць узброеныя акаўскія атрады і знішчаць на месцы.

У суботу, 19 жніўня, савецкія войскі пачалі ліквідацыю атрада "Ярэмы". На хутары Баравым у трох кіламетрах ад мястэчка Дубічы. Акаўцамі камандаваў намеснік "Ярэмы" "Еж", сам камандзір ляжаў хворы. "Яжу" ўдалося вывесці, хоць і са стратамі, людзей з акружэння. Праз дзве-тры гадзіны атрад адарваўся ад праследавальнікаў і назаўтра па ўласнай ініцыятыве "Еж" распусціў атрад, бо, па яго словах, "поўнасцю разумеў, што сітуацыя наша безнадзейная, ведаў, што савецкае войска прачэсвае лес".

Тым часам адсталы ад атрада "Ярэма" пераапрануўся ў сялянскае адзенне, здабыў каня з возам і накіраваўся ў Вільню. Па дарозе быў затрыманы энкавэдзістамі, дастаўлены ў Эйшышкі. Там яго апазналі і арыштавалі.

У той самы суботні дзень спецчасці НКДБ атакавалі атрад "Бустрамяка" (80 чалавек), якт знаходзіўся ў некалькіх кіламетрах ад "Яжа"- на ўскрайку лесу побліз вёскі Паддубічы. У часе перастрэлкі 6 акаўцаў забілі, чатырох паранілі. "Бустрамяк" з дапамогай "ціхацёмных" "Хатрака" і "Астрогі" прарваў агнявое кальцо і рушыў з атрадаўцамі ў бок штаб-кватэры "Котвіча" на хутар Сурконты.

Аб тым, што адбылося ў Сурконтах, можна даведацца з рапартаў "Варты" ў варшаўскі цэнтр.

СВЕДЧАЦЬ ДАКУМЕНТЫ. Дэпеша "Варты" генералу "Буру" 26.08.1944 г.: "21.08. ашуканым шляхам у Сурконтах быў акружаны Саветамі падпалкоўнік "Котвіч" і частка афіцэраў, а таксама група аховы.

Назначаны "Котвічам" яго намеснікам, я ўзяў кіраўніцтва акругай у свае рукі Нягледзячы на цяжкія ўмовы, буду працаваць з неаслабнай энергіяю, пакуль вы, пан генерал, не назначыце новага каменданта акругі".

Праз тры дні "Варта" паведамляе ў штаб падрабязнасці: "У Сурконтах загінулі "Котвіч", "Астрога", "Хатрак", "Яры" (Валенты Васілеўскі-Я. С.) і 32 жаўнеры.

Сав(еты) дабівалі параненых. Прычына нашай трагедыі - неканспіратыўныя паводзіны "Котвіча", ліхацтва, супраціўленне і жаданне адпомсціць за ганьбу раззбраення ў Рудніцкай пушчы "Котвіч" у час бою меў дзве гадзіны перапынку да часу прыбыцця савецкага падмацавання Адмовіўся ад адступлення, хоць амаль не меў стратаў. Савецкія страты складаюць 132 забітыя".

3 гібеллю "Котвіча" АК на "крэсах" страціла свайго найздатней-шага афіцэра, самага адданага АК і Польшчы камандзіра. Адданага да фанатызму. Ён праліў на беларускай зямлі ўласную кроў двойчы: спярша быў цяжка паранены ў баі з немцамі, а потым загінуў ад кулі невядомага савецкага байца. Прычым у апошнім баі людзі загінулі іменна з-за яго фанатызму, сляпога неадкладнага жадання біць "камуністых".

Справа, за якую ён і яго паплечнікі злажылі галовы, была заведама прайграна. "Котвіч" ушчэнт выматаў ва ўсіх нервы, у бяздумнай гарачцы палез пад кулю сам і падставіў пад кулі таварышаў. Палажылі свае галовы, больш за сотню, ні ў чым не вінаватыя чырвонаармейцы - учарашнія сяляне, рабочыя, студэнты, выпускнікі школ, якія ў той момант пазарэз былі патрэбныя фронту.

Пра мёртвых альбо добра, альбо нічога,- гаварылі калісьці рымлянцы і славянцы. Але ў жыцці, на жаль, не заўсёды атрымліваецца рабіць так, як раіць гэтая мудрасць. Як любую грамадскую з'яву, жыццё чалавека нельга ахарактэрызаваць адной фарбай: чорнай ці белай. Ніколькі не апраўдваючы сляпую веру "Котвіча", якая прывяла да бессэнсоўнай смерці многіх людзей, нельга не заўважыць яго высакародных якасцяў. Ён належаў да той, ужо даволі рэдкай у наш час, кагорты змагароў, для якіх воінскі доўг і грамадзянскі абавязак - не проста словы, а найвышэйшы жыццёвы прынцып. Такія людзі даюць клятву ці прымаюць прысягу толькі адзін раз на жыцці і застаюцца верныя ім да канца.

"Котвіч" загінуў у адкрытым баі, не запляміў афіцэрскі гонар і чалавечую годнасць. Засталыя жыць пасля яго зачастую былі пазбаўленыя такіх якасцяў і паняццаў. Яны стралялі ў спіну, з-за вугла, па-зладзейску, часта ў бяззбройных людзей, яктя не маглі сябе абараніць. Пасля ўжо і радавыя акаўцы, і асабліва афіцэры, пачнуць гаварыць пра нейкія высакародныя матывы хваляў іхніх забойстваў людзей на Беларусі, якіх забівалі нізка, подла, з-за вугла.

У вайну АК на Беларусі, па вялікаму рахунку, паўторымся, фактычна адседжвалася. Дробна дыверсійнічалі. Лавіравалі. Так фактычна хацелі рабіць і пасля вызвалення Беларусі ад немцаў. Але тут яны ўжо білі не прышлякоў, а гаспадароў. Славянаў.

Апору ў народзе трацілі. 3 кожным забойствам, з кожным днём.

Пачалася бяссэнсоўная бойня, якая каштавала жыцця многім людзям па абодвых баках барыкадаў, пачалася вялікая трагедыя. Пра яе маштабы яскрава сведчаць старонкі крымінальнай справы № 3710/822, дзе гаворка ідзе пра ўсяго адзін атрад - атрад "Крысі".

"Ноччу з 19 на 20 кастрьгчніка 1944 г. некалькі ўзброеных групаў бандытаў з прыблізнай колькасцю да 150 чалавек напалі на мястэчка Эйшышкі... Бандыты ўварваліся ў будынак выканкома гміны, знішчылі там усе службовыя дакументы і падпалілі будынак. Мясцовыя жыхары патушылі пажар уласнымі сіламі

У час нападу бандыты ўварваліся ў кватэру грамадзяніна Сонензона, расстралялі яго жонку і дзіця. У кватэры Сонензона знаходзіўся капітан дзяржбяспекі, які прыбыў у Эйшьшгкі ў рамках службовай камандзіроўкі. Быў захоплены бандытамі разам з усімі сакрэтнымі дакументамі, якія знаходзіліся пры ім, г. зн. следчымі дакументамі, і выведзены бандай у лес. Лёс капітана да гэтага часу невядомы.

У той самы час група бандытаў уварвалася ў кватэру грамадзяніна Яткевіча і расстраляла старэйшага сяржанта Чырвонай Арміі, які быў там. Прозвішча яго ўстанавіць не ўдалося.

Па дарозе з Эйшышкаў бандыты схапілі чырвонаармейца, раздзелі яго і расстралялі, труп забітага забралі з сабою.

Адначасова з нападам на выканкам Эйшышскай гміны група бандытаў пад кіраўнштвам камандзіра батальёна нелегальнай кон-тррэвалюцыйнай, белапольскай, нацыяналістычнай арганізацыі" Армія Краёва" Хіневіча абрабавала гарбарню, захапіла 40 хромавых скураў.

Пасля адыходу з Эйшышкаў на адлегласці 2 км ад мястэчка банда абрабавала магазін саўгаса "Гарнастаішкі" і забрала каля тоны збожжа.

У ноч з 6 на 7.12. 1944 г. пад кіраўніцтвам верхавода "АК" "Крыся" зроблены другі збройны напад на памяшканне турэмнай варты ў Эйшышках, яго абстралялі і закідалі ручнымі гранатамі. Абстрэл вялі запальнымі кулямі, вартаўнічае памяшканне загарэлася. Скарыстаўшы выпадак, бандыты выламалі турэмныя краты і вызвалілі 31 арыштаванага бандыта. У час гэтага налёту бандыты заблакавалі:

а) памяшканне турэмнай варты;

б) памяшканне гарнізона, у якім знаходзіліся чырвонаармейцы;

в) будынак гміннай міліцыі, і агнём карабінаў на працягу

некалькіх гадзінаў абстрэльвалі доступ да заблакаваных аб'ектаў.

У ходзе гэтага нападу адзін чырвонаармеец быў паранены. У час адбівання атакі было забіта і ранена некалькі бандытаў. Адступаючы, забітых і раненых бандыты забралі з сабою.

ДАВЕДКА

аб праведзеных аператыўных вайсковых аперацыях у перыяд ліквідацыі бандыцкіх групаў, выкананых 97-ым пагранічным атрадам, 136-ым палком унутраных войскаў, аператыўным складам супрацоўнікаў НКДБ, а таксама узброеным партыйна-савецкім актывам-

У вьгаіку праведзеных аператыўных вайсковых аперацыяў з мэтай ліквідацыі бандыцкіх групаў з 17 па 29.12.1944 г.... забіта 16 і ўзята раненымі 6 бандытаў.

У ходзе аперацыі ў бандытаў канфіскавана з магазінных скрынкаў, забрана з поля бою, адабрана ў працэсе затрымання наступная зброя і боепрыпасы:

кулямётаў - 5; аўтаматаў - 7; карабінаў - 40; ігісталетаў -4; ручных гранатаў-19; розных боепрыпасаў -3047; ракетншаў -1; ракетных патронаў -30; выбуховых рэчываў-16 кг, запальнікаў- 100 шт.; бікфордавых шнуроў-50 метраў; магазінаў для ручных кулямётаў і аўтаматаў-14 шт.; радыёпрыёмнікаў -3 шт.; радыёпе-радатчыкаў -1.

7 студзеня 1945 г. вайсковая аперацыя па ліквідацыі бандыцкіх групаў у Рудніцкай пушчы была праведзена другі раз.

У ходзе ліквідацыі было забіта 106 бандытаў.Бандыты прымянялі бязлітасныя формы барацьбы з вайсковымі падраздзяленнямі Чырвонай Арміі - пераапраналіся ў форму салдатаў і камандзраў Чырвонай Арміі. У ходзе ліквідацыі бандыцкай групы ў Рудншкай пушчы 7.01.1945 г. устаноўлена, што сярод 106 трупаў бандытаў адзін бандыт быў пераапрануты ў форму маёра Чырвонай Арміі, другі - у форму лейтэнанта і 20 - у форму салдатаў Чырвонай Арміі Канфіскаваныя такая зброя і амуніцыя:

кулямётаў - 1; аўтаматаў -2; карабінаў -29; ігісталетаў -1; боепрыпасаў -3 тыс; выбуховых рэчываў -8 кг; радыёстанцыя -1;

ЗАЎВАГА. Указаная зброя і амуніцыя былі канфіскаваны толькі 97-ым пагранічным атрадам. Што датычыць зброі і амуншьгі, якую забраў 136-ы полк унутраных войскаў, то ён адразу ж выстуггіў на фронт і дадзеных пра канфіскаваную зброю не пакінуў.

16 сакавіка 1945 г."

Пагадзіцеся, нават праз многа гадоў пасля тых падзеяў жудасна чытаць радкі падобных дакументаў. А такіх крымінальных справаў пра ўдзельнікаў Арміі Краёвай было заведзена не дзесяткі - сотні!

Снежнем 44-га і студзенем 45-га, пра якія ідзе гаворка ў справе № 3710/822, ні ў Рускай (Гродзенскай) ні ў іншых пушчах і лясах барацьба не закончылася. Яна то затухала, то разгаралася з новай сілаю. Аб складанасцях і перыпетыях той барацьбы будзе сказана ў наступных раздзелах.

А цяпер, для лагічнага завяршэння аповяду пра падзеі ліпеня - жніўня 1944 г., вернемся да тых акаўцаў, якія былі інтэрніраваны і знаходзіліся ў Медніках. Ім, бадай, пашанцавала, больш за ўсіх. Ацалелі!

Сярод інтэрніраваных была праведзена пільная "селекцыя": радавых жаўнераў аддзялілі ад афіцэраў і падафіцэраў. Радавых - прыкладна 4 тысячы чалавек - накіравалі ў Калугу. Там іх размясцілі ў вайсковых казармах і наладзілі ваенную перападрыхтоўку. Хацелі ствараць з акаўцаў пяхотны полк, падмацаванне для фронту. Не атрымалася. Акаўцы адмовіліся прыняць савецкую вайсковую прысягу і замест фронту... апынуліся на лесараспрацоўках. Праз год пачалі вяртацца на радзіму. Большасць выехала ў Польшчу.

3 афіцэрамі было інакш. Арыштаваных у Багушах і інтэрніраваных у Медніках вывезлі ў спецлагер № 178 (Дзягілева), за пяць кіламетраў ад Разані. Афіцэраў і падафіцэраў, якія не прадстаўлялі інтарэсаў для органаў дзяржбяспекі, у лютым 1946 г. адпусцілі ў Полылчу (827 чалавек). Да пакінутых у кастрычніку 1946 г. далучыўся і былы камендант Віленскай акругі "Вільк".

Яго змясцілі з другімі польскімі высокапастаўнымі, затрыманымі і схопленымі акаўцамі.

Вайна і даваенныя "разборы" адкрылі вочы і чэкістам. Як бы не было, Катынская трагедыя не паўтарылася. Хаця рахункі акаўскім афіцэрам можна было прад'явіць, і немалыя.

Вясной 1947 г. група польскіх афіцэраў і генералаў у сувязі з дрэнным харчаваннем і невыноснымі бытавымі ўмовамі аб'явілі галадоўкі і забастоўкі. У выніку чатырох генералаў АК, некалькі дзесяткаў старшых афіцэраў, у тым ліку "Вілька", адтранспартавалі ў Гразавец пад Волагдаю. I тут здарылася такое, у што, ведаючы, як пільна ахоўваліся ў той час падобныя ўстановы, проста цяжка паверыць: "Вільк" і яшчэ два афіцэры ўцяклі з лагера.

Адзін з трох уцекачоў Аляксандр Васілеўскі, праз шмат гадоў падрабязна апісаў уцёкі ў беластоцкім часопісе "Кантрасты" (№ 1. 1990).

"Вільк" дабраўся да Вільні. Там, па адных звестках, добраахвотна з'явіўся ў польскае консульства, каб выказаць пратэст супраць нечалавечых умоваў утрымання вязняў-афіцэраў АК - у савецкіх лагерах. У выніку - быў арыштаваны. Па другіх дадзеных, пра гэта сведчыць Аляксадр Васілеўскі, "Вільк" паспяхова хаваўся ў ваколіцах Вільні. Быў там арыштаваны па даносу.

Як бы ні было, "Вільк" быў схоплены чэкістамі, накіраваны ў Маскву на Лубянку, а адтуль, пасля кароткачасовага следства, зноў у Дзягілева пад Разань.

Польскі ўрад не забываў сваіх вояў. Варшава і Масква вялі перамовы. 4 лістапада 1947 г. спецпоезд даставіў "Вілька" і другіх афіцэраў АК у Брэст, дзе яны былі перададзеныя ўладам Польскай Народнай Рэспублікі.

Сапраўды, не ведае чалавек, дзе што сустрэне. У пушчах акаўцы паклалі галовы, а гэтыя ўцалелі. Вярнуліся героямі на Радзіму.