Армія Краёва на Беларусі. Частка IІI. Схватка даўжынёю ў 10 гадоў

Адзіночкі

26 жніўня 1953 года. Шаша Ліда - Мінск. Група ў складзе капітана дзяржбяспекі Стралкоўскага, сяржанта і двух радавых салдат з унутраных войскаў правярала дакументы ў прахожых, затрымвала і аглядала аўтамашыны. Лідскім чэкістам стала вядома: дзён колькі таму ў раён Рудніцкай пушчы былі закінуты самалётам два чужаземныя агенты. Адзін з іх прызямліўся вельмі няўдала - адкрыты пералом нагі. Ісці не змог, здавацца не захацеў, прыняў атруту.

Пошук другога працягваўся. Узмоцнена правяралі дакументы.

Дзень выдаўся спякотны, душны. Стралкоўскі і яго падначаленцы знемагалі ад спякоты і смагі. Але служба ёсць служба. Група спраўна выконвала заданне. Зрэшты, яно было не надта цяжкім, бо дарога ў гэты час выглядала даволі пустэльнай.

Гарачая пара, уборка, мясцовае насельніцтва ў полі, на жніве. Толькі калі-нікалі праедзе сялянская фурманка ці прамчыцца ахутаны клубамі пылу грузавік.

Нарэшце група размясцілася ў цяні прыдарожнага куста. Уважліва паглядалі на шашу. Яшчэ здалёк заўважалі, з боку Ліды рухаецца чалавек. Адзеты ў звычаёвую для гэтых месцаў сялянскую вопратку, ідзе басанож, боты, звязаныя шнурком, перакінутыя цераз плячо. Вось ён ужо прыблізіўся на зусім кароткую адлегасць, Стралкоўскі са сваімі напарнікамі добра разгледзелі незнаёмца. Ростам пад два метры, гарбаносы, даўно няголены, парослы жорсткім "чорным шчаціннем твар. Позірк сонны, абыякаўскі.

- Што за граміла з бальшака? - як бы сам у сябе напаўголас спытаў капітан, і таксама ціха прадоўжыў:

- На шуканца не падобны, але праверыць абавязаны.

Басаногі параўняўся з назіральнікамі. Стралкоўскі рашуча шагнуў з укрыцця яму насустрач. Услед за капітанам рушылі суправаджальнікі.

- Праверка дакументаў. Хто вы, адкуль і куды ідзяце? - спакойным голасам спытаў Стралкоўскі.

Рэакцыя незнаёмца была імгненнай. Выхоплівае пісталет ТТ і страляе ва ўпор. Смяротна ранены капітан адскочыў на некалькі крокаў назад і з зямлі паспеў тры разы стрэліць. Стрэлы не былі прыцэльныя. Памочнікі Стралкоўскага зусім нічога не паспелі. Салдат і сяржант былі забіты на месцы.

Трэці, радавы Трыфанаў, быў цяжка паранены, але застаўся жыць. У яго паралізавала пазваночнік, хлопец на ўсё жыццё застаўся інвалідам, прыкаваным да пасцелі. Ен і расказаў, калі ў шпіталі вярнулася памяць, пра здарэнне на дарозе. Не мог толькі ўспомніць Трыфанаў, што здаравяка да ўцёкаў прыхапіў з сабою аўтамат з боепрыпасамі, але чамусьці пакінуў на месцы злачынства свае гумавыя боты - ці то забыўся ў спешцы, ці то ноша здалася не вельмі патрэбнай.

У сваім меркаванні капітан Стралкоўскі безумоўна меў рацыю: даўгавязы бамбіза не быў ні шпіёнам, ні дыверсантам. Калі ў Лідскім гараддзеле МДБ пазнаёміліся з паказаннямі радавога Трыфанава і прааналізавалі "почырк" расправы на шашы, адразу зрабілі вывад: гэта не хто іншы, як 26-гадовы Ян Грынцэвіч.

Яго ўжо шукалі даўно. У свой час ён служыў у "Рагнара", быў злоўлены са зброяй у руках, асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін пакарання адбываў пад Тулай, працаваў на шахце. Разам з яшчэ двума зняволенымі акаўцамі ўдалося ўцячы. Двух хаўруснікаў хутка арыштавалі. А Грынцэвіч папоўніў спісак тэрарыстаў-адзіночкаў.

У тым спісе іх налічвалася нямала - Артых, Палубінскі, Хадыка, Людкоўскі, Мурын, Пухальскі і многія іншыя. Гэта асабліва небяспечныя злачынцы. Паводле прызнання супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі тых часоў, намнога лягчэй было выйсці на след групы, чым тых, хто дзейнічаў самастойна, на свой страх і рызыку.

Аднаму заўсёды лепей знайсці надзейны прытулак, ёсць неаб-межаваныя магчымасці для пераходаў, мінімальнае кола сведкаў.

I невыпадкова паасобныя асколкі развеяных акаўскіх фарміраванняў змаглі пратрымацца вельмі доўга, прынеслі людзям на абодвух баках барыкадаў шмат пакутаў.

Узяць таго ж Грынцэвіча. У 1951 г. забіў упаўнаважанага Міністэрства нарыхтовак Дзягілева і забраў з сабой яго парабелум. Праз некаторы час учыніў тэракт над супрацоўнікам міліцыі лейтэнантам Кірылавым. Зноў-такі прыхапіў з сабой пісталет ТТ і дакументы. Затым ад рукі Грынцэвіча гіне старшыня калгаса Шот - 60-гадовы мясцовы жыхар, паважаны і аўтарытэтны сярод аднавяскоўцаў чалавек. Прыёмны бацька Яна ўсё жыццё сябраваў з Шотам, даведаўся, хто павінны ў смерці сябра, і скончыў самагубствам. Плюс да ўсяго грабяжы, бясконцыя пагрозы тым, хто адмаўляўся дапамагаць.

Інцыдэнт на шашы Ліда - Мінск не быў падобны на помсту страціўшага надзею барацьбіта, гэта быў звычайны бандытызм дзеля выжывання.

Адным з тых, хто "паляваў" на тэрарыстаў-адзіночкаў быў Уладзімір Сяргеевіч Казьянін. Ураджэнец Віцебшчыны, маладым хлопцам пайшоў ваяваць у легендарнае партызанскае злучэнне У. Я. Лабанка. Пасля вызвелення Беларусі ад немцаў яго накіравалі ў органы дзяржбяспекі. Доўгі час знаходзіўся ў савецкай зоне Германіі, памог у размяшчэнні нашых войскаў затрымаць двух шпіёнаў, падрыхтаваных у вядомай дыверсійнай школе Рэйнхарда Гелена.

У 1951 г. прыбыў у распараджэнне МДБ БССР. Прасіўся прадоўжыць службу на радзіме, у Віцебскай вобласці, але Цанава і слухаць не захацеў "Паедзеш куды я скажу",- фанабэрыста заявіў міністр Казьяніну.

26-гадовы лейтэнант аказаўся ў Лідзе. Адразу па прыездзе на яго плечы навалілася груда спешных, неадкладных спраў. Безумоўна, да гэтага часу пік самага бязлітаснага змагання з тэрарыстычнымі групамі ўжо некалькі гадоў як мінаваў, і ўсё ж у многіх месцах было неспакойна.

БЫЛО ГЭТА ТАК Успамінае чэкіст Казьянін: "Добра памятаю першы дзень знаходжання ў горадзе. Быў чэрвень, я ішоў з чыгуначнага вакзала і любаваўся кронамі дрэваў, густа пакрытых зялёным лісцем. Разам з тым у вочы кідаліся разбурэнні і разваліны ваеннага ліхалецця. Без асаблівых цяжкасцяў адшукаў гараддзел -

- малапрыкметны вузкі трохпавярховы будынак з цёмна-чырвонай цэглы. Нават неспецыялісту было бачна, гэта даўняе збудаванне. Унутры будынка было ціха і неяк бязлюдна. Цішу паруша даляталае аднекуль стракаценне пішучай машынкі. Адрэкамендаваўся дзяжурнаму. "Усе ў раз'ездзе, начальнік на бюро гаркама, прыйдзецца пачакаць",- растлумачыў ён.

Пад вечар пачалі збірацца супрацоўнікі. Па-праўдзе кажучы, мяне, на першы погляд, неяк непрыемна ўразіў знешні выгляд маіх будучых саслужыўцаў: мятыя, абшарпаныя кіцелі, выцвілыя фуражкі, пакрытыя густым слоем пылу боты...

Неўзабаве падпалкоўнік, начальнік аддзела, распачаў нараду. Стаў я ўнікаць у абставіны справаў, слухаць, у якіх умовах даводзіца працаваць мясцовым чэкістам, у якія перыпетыі трапляць, і засаромеўся за сваю думку. Больш таго, мне няёмка стала за сваю новенькую, з іголачкі, форму. А хутка і на сваім вопыце пазнаў, пры нашай паўсядзённай рабоце не да бліскучых мундзіраў.

I тое сказаць: калі ішлі росшукі Грынцэвіча, я з некалькімі салдатамі два тыдні прасядзеў у засадзе на адных вясковых могілках. Па некаторых звестках, іменна ў гэтай мясцовасці мог з'явіцца тэрарыст. Ён так і не прыйшоў. Крыўдна? Вядома! Столькі часу затрачана, намаганняў - і ўсё марна.

Пасля забойства Стралкоўскага і салдатаў усе сілы і сродкі гараддзела былі задзейнічаны на злоў гэтата асабліва небяспечнага злачынцы. Раней яго вышукам займалася ў асноўным толькі міліцыя, хоць быў Грынцэвіч асуджаны іменна па палітычных матывах.

На маю долю прыпала яшчэ і яшчэ раз пераправерыць адрасы яго магчымага з'яўлення ў родных мясцінах.

Неяк я зусім выпадкова даведаўся, што Грынцэвіч прымусіў да пастаяннага сужыцельства непаўналетнюю дзяўчыну, дачку ўдавы. Быццам нядаўна бачылі іх на ўскрайку лесу, дзе Ядзя, так звалі дзяўчыну, пасвіла каровы. Я прапанаваў у гараддзеле акружыць хутар, дзе пражывалі Ядзя з маці, і правесці там старанны вобыск. Начальства завагалася: "Ці патрэбна гэта? Шуму наробім, а там, глядзіш, нічога няма. Трэба дзейнічаць абачліва, дарма не раздраж-няць насельніцтва, сем разоў адмерай - адзін раз адрэж. Сам ведаеш, які час..."

Я добра ведаў, якія часы насталі. Быў арыштаваны Берыя і яго падручныя, ішла чыстка органаў. Той-сёй з начальнікаў пачаў залішне нервавацца, праяўляць неразумную асцярожнасць. Тым не меней я настаяў на сваім, дабіўся ордэра на вобыск і згоды кіраўніцтва аддзела на правядзенне аперацыі. Праўда, прыйшлося даць распіску, што пры няўдачы ўсё вазьму пад сваю асабістую адказнасць.

... У 5 гадзін вечара мы акружылі хутар. Маці Ядзі корпалася на агародзе, самой дзяўчыны нідзе не было відаць. Я падышоў да плота:

"Хто ў хаце?"

"Нікога",- гаспадыня нават не разгінала спіны.

"Ну што ж, зараз праверым".

"Правярайце".

Пачалі вобыск, і першае расчараванне: у хаце сапраўды нічога падазронага знайсці не ўдалося. Але пры болей пільным і скрупулёзным аглядзе выявілі бясспрэчныя рэчавыя доказы: палявую сумку лейтэнанта Кірылава, веласіпед і дакументы Шота, аўтамат забітага разам са Стралкоўскім сяржанта Якаўлева...

Арыштавалі і павезлі ў горад Ядзю і яе маці. У час допыту адкрылася многае. Аказалася, што Грынцэвіч перыядычна хаваўся на хутары на працягу двух гадоў. I што самае дзіўнае: як пазней высветлілася, пра гэта ведалі многія жыхары блізкай вёскі, у тым ліку абодва старшыні - калгаса і сельсавета. Абодва, дарэчы, камуністы. У чым-чым, а ў прапольскіх нацыяналістычных настроях абодвух нельга было западозрыць - прыехалі сюды з усходніх абласцей, сваяцкіх сувязяў з мясцовымі жыхарамі ніколі не мелі. I тым не менш маўчалі.

Чаму? Мне і самому цяжка адказаць. Хутчэй за ўсё спрацаваў абывацельскі прынцып "Мая хата з краю...", а, можа, проста апрыкрала кроў, ці мо баяліся. Каб такое выявілася 3-4 гады назад, то для ўсіх іх гэта дабром не скончылася б. Але, паўтаруся, часы былі іншыя, і слава Богу, што яны прайшлі.

Што датычыць арышту Грынцэвіча, то было ўсё на дзіва празаічна і буднічна. 3 паказанняў Ядзі (яе хутка адпусцілі на волю, праз тры гады яна паехала ў Польшчу на пастаяннае месца жыхарства) мы даведаліся, дзе і ў каго можа адседжвацца злачынца. Выйшлі на правільны след. Трэбы было падумаць толькі, як правесці аперацыю бяскроўна.

I тут нечакана па ўласнай ініцыятыве прыйшоў нам на дапамогу чалавек, у якога хаваўся бандыт. Пакуль Грынцэвіч цягаў у хату крадзеных курэй і авечкаў, гаспадар маўчаў, як вады ў рот набраў. Але як толькі заўважыў, што той самым нахабным чынам стаў прыставаць да жонкі, адразу вырашыў пазбавіцца ад няўдзячнага пастаяльца.

Словам, аперацыя па захопу тэрарыста прайшла без ніводнага стрэлу. Гэта здарылася 19 студзеня 1954 г. Грынцэвіча прыгаварылі да вышэйшай меры пакрання. Заканамерны фінал чалавека, які ўзяў у рукі зброю для барацьбы за нейкую нацыянальную ідэю і скаціўся на шлях звычайнага забойцы.

Апошнія выстралы ў нашых краях прагучалі 26 красавіка 1954 г. Яны былі звязаны з ліквідацыяй тэрарыстаў Озіма і Мурына. Пра Вацлава Озіма хацелася б сказаць асобна. Спрытны, хітры, вёрткі - любое з гэтых слоў магло падысці для яго характарыстыкі. Меў за плячыма салідны баявы вопыт. Ваяваў на фронце ў складзе дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, быў узнагароджаны савецкімі і польскімі ррдэнамі і медалямі. Пасля вайны вярнуўся ў родныя мясціны, устанавіў кантакт з рэшткамі акаўцаў.

У 1946 г. удзельнічаў у налёце на паштовае аддзяленне і забойстве яго начальніка. 3 таго часу хаваўся. Здабыў сельсавецкую пячаць, мог падрыхтаваць любую спраўку - для сябе і паслужнікаў.

Уявіце сабе: 8 гадоў на нелегальным становішчы. Я не стаў бы ўсё тлумачыць звычайным шанцаваннем. Ён чуў небяспеку за вярсту, умеў выйсці сухім з вады ў любой складанай сітуацыі. Ва ўсякім разе, тройчы кругом яго сціскалася кальцо, і заўсёды яму ўдавалася вышмыгнуць. Аднойчы нават быў затрыманы, але сувязь з горадам не працавала, аператыўная група не магла дазваніцца ў гараддзел МДБ ці міліцыю, каб прыслалі машыну для праверкі Озіма. Засталіся на начлег у глухамані. Озім спрытна выкарыстаў нявопытнасць маладога ахоўніка, і толькі яго бачылі.

У апошні раз наткнуліся на Озіма зусім выпадкова. У адной з вёсак на Нёмане быў забіты калгасны брыгадзір. Падазрэнне пала на яго папярэдніка - Мурына, які незадоўга да гэтага быў звольнены з брыгадзірскай пасады за п'янства і крадзеж. Два супрацоўнікі міліцыі і наш работнік паехалі да Мурына з вобыскам. Адзін з іх зрушыў з месца куфар і заўважыў вечка ад склепа. Пацягнуў раз за кальцо, пацягнуў другі...

Што за халера! Вечка быццам крыху прыпадымалася, але невядомая сіла цягнула яго назад. Тады старэйшы лейтэнант паднатужыўся і пацягнуў з такой сілай, што вечка адскочыла і... на яго пагрозліва глянуў аўтамат Озіма. А ў супрацоўніка міліцыі нават пісталета ў руках няма.

"Вацэк, бі бандытаў!" - усё роўна як з насмешкай раўнуў Мурын, збіў з ног аператыўніка-капітана, кінуўся ў сенцы і быццам у воду кануў.

Озім шум паднімаць не стаў, стральбу не адкрыў. Маланкава сігануў праз вакно на панадворак, а праз імгненне яго і след прастыў.

Хто б мог падумаць, што былы калгасны брыгадзір - даўні хаўруснік Озіма. Але, пэўна, таму і змог ён пратрымацца так доўга, што ўмеў выкарыстоўваць людзей па-за ўсякімі падазрэннямі.

Вось і апошні яго прыстанак - убогая, старэнькая хатка беднай мнагадзетнай сям'і Між іншым, калі мы даведаліся, дзе знаходзяцца Озім і Мурын, перад пачаткам аперацыі прынялі ўсе меры засцярогі, каб ніхто з членаў гарэтнай сям'і не пацярпеў - усіх вывелі з хаты і адправілі перачакаць у бяспечнае месца. Озім і Мурын у гэты час моцна спалі на гарышчы пасля добрай чаркі гарэлкі. У дзесяць гадзін па ранку вырашылі іх разбудзіць: "Здавайцеся!".

На адказ маўчанне. Мы захацелі паказаць, што з імі ніхто шуткаваць не збіраецца - адкрылі кулямётны і аўтаматны агонь. Кулі паўсюдна ўздыбілі саламяную страху.

Мурын скаціўся з гарышча і паўзком да нас: "Озім загадаў перадаць, здавацца не будзе".

У пацвярджэнне гэтага наказу Озім спусціўся з гарышча і выпусціў некалькі аўтаматычных чэргаў у наш бок. Мы адказалі агнём, ён зноў падняўся на гарышча. Прымаем рашэнне браць хату штурмам. У перастрэлцы паранены старшына ўнутраных войскаў і забіты пошукавы сабака.

Што рабіць? Озіма загадана ўзяць жывым. Але і сваіх людзей пасылаць на заведамую смерць на дзевяты год па вайне недаравальна, хату спаліць нельга.

Хтосьці прапанаваў прывезці сюды маці Вацлава - яна жыла дзесьці непадалёку.

Прывезлі. Скажу прама: асабіста ў мяне абліччам і паводзінамі яна пакінула моцнае ўражанне. Статная прыгожая жанчына з сівымі валасамі, разумны, спакойны і праніклівы позірк. Пайшла ў хату першы раз, вяртаецца: "Няма там нікога".

"Ідзіце і пашукайце лепей. Перадайце сыну, калі здасца дабравольна, для яго яшчэ не ўсё згублена. Можа застанецца жыць".

Пайшла зноў. Трынаццаць разоў падымалася яна на гарышча і вярталася назад. Мы не ведалі, пра што ішла размова паміж маці і сынам, але кожны раз яна прыносіла адмову на нашу прапанову. Калі спусцілася з гарышча ў апошні раз, цвёрда прамовіла: "Усё! Больш не пайду. Вацэк развітаўся са мною. Альбо ўцячэ, альбо загіне".

Ніводзін мускул не зварухнуўся на твары мужнай, гордай полькі, ні адна слязінка не выкацілася з патухлых вачэй. Адчуваецца, сама нас не баіцца, гатовая да ўсяго. Не баіцца нас і не паважае. У ранейшыя часы яе, невінаватую, за страшныя правіны сына саслалі б далёка, а так спакойна ад'ехала ў Польшчу.

У гэты час хтосьці ўзбуджана ўсклікнуў: "Глядзіце - дым!"

Я зірнуў уверх. Сапраўды, са страхі, каля цаглянага коміна, у неба паднімалася тонкая стужка чорнага дыму. Не магу напэўна сцвярджаць пра прычыну пажару: ці салома ўзгарэлася ад куль у ходзе перастрэлкі, ці яе падпаліў сам Озім?

Дагарае страха, рухнула сталяванне, забушавала полымя ў вокнах. "Ну, згарэў",- сказаў афіцэр побач са мной. I тут я заўважыў, як у густым патоку чорна-шэрых клубоў дымула зямлі да частаколу кінулася чалавечая постаць, затаілася ў самым вугалку агарожы. Мы сталі набліжацца да плоту. Озім узнавіў стральбу. Чыясьці чарга з аўтамата прымусіла яго змоўкнуць навекі.

Я аглянуўся. Над дагарэлай хатай згушчаўся красавіцкі змрок. Стаяла незвычайная цішыня. Чутна, як патрэскваюць дагарэлыя бярвёны на папяліску. Іменна тут, у дзесяці кіламетрах ад крутога берага Нёмана, і прыйшоў нарэшце доўгачаканы супакой на гэтую шчодра палітую кроўю замлю".

Так, усё было скончана 26 красавіка 1954 г. А пачыналася, яшчэ раз напомню, амаль дзесяць гадоў назад, непадалёку ад гэтых мясцінаў. Тады, у жніўні 1944 г., у жорсткую схватку з савецкай ваеннай часцю ўступіў атрад падпалкоўніка Мацея Калянкевіча ("Котвіча") - аднаго з апошніх камендантаў АК Навагрудскай акругі. I тут жа было скончана з апошнім узброеным удзельнікам былой падпольнай акаўскай арганізацыі. Паварот на паварот, нітка да ніткі - і кола завяршыла бег. Дбайна сатканае павуцінне парвалася, выкінута на сметнік. Назаўжды.

На заўжды?!

А можа яшчэ хто з палякаў захоча вырашаць свае амбіцыйныя праблемы беларускаю крывёю?

Прайшло дзесяць гадоў бесперапыннай крывавай барацьбы, зыход якой быў вызначаны наперад. Дзесяць гадоў тэрору, пакутаў і слёзаў. Ашуканыя, пакінутыя на волю лёсу лідэрамі, ахопленыя роспаччу радавыя акаўцы прадаўжалі шлях у прорву. Шкада загінулых мірных грамадзянаў, байцоў і камандзіраў, шкада многіх простых людзей у радах АК, зачумленых прапагандай і загінулых у бяссэн-савай і бязглуздай барацьбе, у якой не аказалася ні пераможцаў, ні пераможаных.

Гісторыя шматкраць засведчыла, і падзеі ў краінах былога СССР, Югаславіі ў апошнія гады яшчэ раз пацвердзілі, што няма нічога больш небяспечнага для міру і спакою людзей, чым вірус перадзелу межаў. Урокі крывавых і трагічных падзеяў на землях Заходняй Беларусі ў 1939-1954 гг. яшчэ і яшчэ раз перасцярагаюць нас.