Армія Краёва на Беларусі. Частка IІI. Схватка даўжынёю ў 10 гадоў

Было, прайшло, не вернецца... Замест заключэння

Хуткі цягнік Масква - Гродна спыніўся на станцыі Скрыбаўцы дзесьці каля чатырох гадзінаў ночы. Я сышоў на перон.

Пачатак чэрвеня. Відната. На ўсходзе яснела ўсё болей. Я на пероне ўслухоўваўся ў перастук колаў, з кожнай хвіляю ўсё больш прыглушаны. Цягнік імклівіў на Захад. Я рашаў дылему: ісці праз лес і прыцемкі пешшу ці пачакаць прыгараднага "дызеля", ён падвязе пад самую бацькоўскую хату? Пешкі дайду за добрую гадзіну. Чакаць значна больш. Прыгарадны цягнік адпраўляўся са станцыі праз гадзіны тры. "Няма нічога горшага, як чакаць і даганяць",- мільганула ў галаве. I я падхапіў няцяжкую паклажу і рушыў па асфальце ў бок ракі.

Наваколле было такім, якім можа быць на пачатку лета --цудоўным, уражлівым. Усё зялёнае цвіло, дурманіла галаву пахам і стварала своеасаблівы настрой. Думкі з паўсядзённага, жыцейскага, дробязнага міжволі пераключаліся на высокую сферу адвечных тэмаў.

Шлях пралягаў побач з паўсюль вядомай Маламажэйкаўскай царквою - слаўным помнікам ваенна-царкоўнай архітэктуры 16 стагоддзя. Ніхто не мог прайсці побліз і не палюбавацца адмысловым тварэннем продкаў. Высокія купалы царквы на фоне засвятлістага неба гожа ўзвышаліся над вежамі-байніцамі, расказвалі многае, нават пра тое, што з гадамі сціраецца з памяці людской.

Апошняе збудаванне пасёлка, дзе абрываецца асфальт - рэшткі фальварка колішняга пана Брахоцкага. У пасляваенныя гады тут асталявалася МТС, потым РТС, у пост-хрушчоўскі час "пасадзілі" рамонтны заводзік, дзе штосьці ўпарта кляпаюць да сённяшняга дня. У ходзе ўсіх гэтых пераўтварэнняў ад былога фальварка мала што засталося. 3 гэтага "мала" ўвагу прахожага, тым болей новага чалавека, прыцягнуць дзіўныя для гэтых месцаў кедры. Яны ў свой час акалялі ўсю сядзібу Брахоцкага. Не стала гаспадара, зніклі ці не ўсе і кедры.

Ад заводзіка сцяжынка з прыгорка закруціла ўніз, да ракі, дзе ў раніцовым малочна-белым тумане шумела і клякатала бурча. Прама ля яе падвясная кладка, змантаваная гадоў дваццаць таму ўмельцамі з заводзіка - ужо праржавела, з дзіркамі ў дашчаным пераходзе. Прыкладна з кіламетр адсюль збудаваны сучасны бетонны мост, пракладзена гравійная дарога, але ісці да маста далекавата ды і, па праўдзе, нецікава. Ні на што нельга падзівіцца на голай пустой гравійцы, дзе на паўкіламетра ўлева і ўправа ніводнага дрэўца, ніводнага кусціка.

Асцярожна, баючыся плюхнуцца ў яшчэ халодную чэрвеньс-кую плынь, трымаюся адной рукой за праржавелы поручань (у выглядзе троса), нацягнуты паміж берагамі, ледзь не паўзком перабраўся праз раку па хісткай, дзіравай падвешанай кладцы. I адразу акунууся у густы, расісты лазняк. Аглушальныя перасвісты пластва салодзяць слых. Дружныя гарластыя харысты не могуць перасвістаць натхняльніка паэтаў і спадарожніка закаханых - салаўёў. Пад акампанемент разнагалосых спеваў, апрысканы расою з галавы да пятаў, я праскочыў дрыготкую, балоцістую левабярэж-ную лугавіну і апынуўся на гарыстым пясчаным палетку са збажы-ною. Уздалечы сцяной стаяў густы хваёвы маладняк.

Паміж маладняком і ўскрайкам жытняга поля, у дваццаці метрах ад прасёлкавай дарогі, скрозь ранішні туман праглядваліся рэшткі таго, што калісьці было чалавечым жыллём. Утомлены дарогаю, я вырашыў хвілінку перадыхнуць. Звярнуў управа, дзе ў спакойнай векавой дрымоце спачываў вялізны валун. Прысеў на яго гладкую адпаліраваную часам і прыродай паверхню.

Поплаў патанаў у тумане, за ракой ужо выразна праглядвалі збудаванні. На самым высокім месцы віднеўся заняпалы, усё яшчэ ўнушальны, двухпавярховы каменны белы палац. Ён належаў калісьці Ваньковічу - яшчэ больш важнаму і багатаму пану, чым Брахоцкі. 3 мясцовага насельніцтва ніхто Ваньковіча ніколі не бачыў. Ён увесь час жыў у Варшаве і за мяжою. Справы ў маёнтку вёў упраўленец Траццяк. Упраўленец пакінуў пра сябе добры ўспамін у тутэйшых людзей, бо выдатна ведаў праблемы сельскай гаспадаркі і памяркоўна адносіўся да сялянства. У адрозненне ад многіх мясцовых шляхцюкоў і арандатараў-яўрэяў Траццяк ставіўся да простага люду без ганарыства і фанабэрыі.

Але калі палац за ракой яшчэ дажываў свой век, то ад былой сядзібы, якая знаходзілася тут, побач з валуном, акрамя напаўдзікага саду, падмурку і закінутай студні, не засталося нічога. Я добра памятаю гэты дом з двума комінамі, у якім у свой час жылі два браты з сем'ямі. У пачатку мая 1949 года гаспадары зніклі, бо іменна тут спынілася на начлег і была акружана аператыўнікамі лідскага гараддзела МДБ частка атрада "Олеха". У ходзе раз'юшанай трохгадзіннай перастрэлкі былі ахвяры з абодвух бакоў. За сувязь з "Олехам" усе мясцовыя хутаранцы-католікі былі арыштаваны, асуджаны і кінуты ў Сібір. Пачалі вяртацца дамоў амаль праз дзесяць гадоў. Вярнуліся і браты з жонкамі. Адзін з іх пасля змены сібірскага клімату і выжыльнай працы там пражыў тут усяго некалькі месяцаў, другі - значна больш, але таксама аказаўся недаўгавечны. Дом прадалі, жыхары раз'ехаліся хто куды.

Я сядзеў на валуне, а перад вачыма стаяў гэты пуставалы дом у тыя гады, калі адсутнічалі яго гаспадары. Сцены дома былі густа зрашэчаны кулямі. Нас, хлапчукоў, ён страшыў жудаснай адзінотай. I адначасова прыцягваў, бо можна было падысці да сцяны і, цярпліва пакалупаўшыся сцізорыкам, выцягнуць з бервяна кулю.

Цяпер жыллё, сляды жылля, аддавалі пустэчай, адзінотай, навейвалі смутак. Яго не маглі развеяць ні шчодра расцвілы бэз, ні звонкі голас жаўрукоў у вышыні, ні меладычныя гукі акардыёна з-за ракі ўперамешку з вясёлым дзявочым спевам. Дзесьці ў бліжняй вёсцы так позна дагарала чыёсьці вяселле ці маладзёжная вечарынка. Калі я глядзеў на разбуранае гняздо працавітых добрых людзей, якое ўжо было густа пакрыта няўмольнай травой забыцця, міжволі ўзгадвалася купалаўскае:

Усё прайшло, згінула,
Як і не было.
У капцах паснула,
Зеллем зарасло.<.p>

Усё ўспрымалася іначай, па-новаму, не толькі таму, што ад дзяцінства прайшло нямала часу, а я пачуваўся сталым чалавекам. Я цяпер ужо добра ведаў, за што змагаліся і пакутавалі гэтыя людзі. Ці варта ім было ваяваць і ўкрываць ваяўнікоў, перці на ражон за польскую ідэю? Польшча несправядліва, як калісьці Крулеўства Польскае, далучала беларускія землі, акаталічвала іх, а сыны Беларушчыны зноў расплачваліся. За чужыя ідэі.

Колькі цярпець беларусу абнімкі чужынцаў?

Уладальнікі гэтае хаты, мажліва, зусім не былі за "Олеха". Прыйшлі ўзброенцы на хутар. "Давай, гаспадар, яды".- "Не разумею".- "Выведзем карову і зарэжам, зразумееш". Зразумеў. Частаваў. А потым на хутар напаўзлі эмгэбэшнікі. Бой.

Ворагі ваявалі, а расплачваліся беларусы. Як пры шведах, белапаляках, як пры немцах.

Дакуль так будзе? Хто ты, беларус? Чаму не скажаш хціўцам-"дабрадзеям": пайшлі вон! Я ў вашу хату не лезу. Пайшлі воз з мае хаты!!

Журба тачыла сэрца.

...Неяк у рэдакцыю, дзе мне ў свой час давялося працаваць, а было гэта вясной 1990 г., зайшоў знаёмы навуковец, выкладчык гісторыі ў Беларускім універсітэце. Пагаварылі пра тое-сёе, а на адыход ён дастаў з партфеля кнігу ў зеленаватай вокладцы і прапанаваў:

- Калі зацікавіць, магу пакінуць на тыдзень-другі.

На вокладцы - два ўзброеныя коннікі ў вайсковай форме. Пад імі загаловак на польскай мове: "3 успамінаў жаўнераў АК Навагрудскай акругі". Я падзякаваў выкладчыку, развітаўся і адразу пачаў гартаць старонкі. То тут, то там замільгалі знаёмыя назвы мястэчкаў і вёскаў. Багатая ілюстрацыя, здымкі людзей у вайсковым і цывільным адзенні, розныя штабныя схемы. Пра ўсё гэта я чуў і раней. Ужо давялося чытаць "Партызанскія ўспаміны" Станіслава Трушкоўскага ("Штрэмера"), зборнік нарысаў Цэзары Хлябоўскага "Асколак гранаты", розную польскую перыёдыку... Але гэтая кніга давала больш поўнае і сістэматызаванае, хаця крыху аднабаковае, уяўленне пра дзейнасць АК на "крэсах". 3 яе, да прыкладу, упершыню даведаўся, што непадалёку ад валуна, на які прысеў перадыхнуць, не далей за кіламетр, размяшчаўся штаб Навагрудскай акругі АК напярэдадні паходу на Вільню. Менавіта сюды 22 чэрвеня 1944 г. прыбыў "ціхацёмны", падпалкоўнік Адам Шыдлоўскі ("Паляшук"). Ён замяніў каменданта Праўдзіца-Шляскага. Чым закончыўся для акаўцаў паход на Вільню, мы ўжо ведаем.

...Неўзабаве мой роздум-успамін перапыніла блізкае рыканне кароў. Пастухі выгналі калгасны статак. Я ўжо сабраўся паднімацца з каменя-валуна і тэпаць далей, як з туману вылушчылася высокая постаць у доўгім, да пятаў, прагумаваным плашчы. Пастух нетаропка, з пугай у руцэ набліжаўся. Я чакаў. Чалавеку на выгляд - далёка за шэсцьдзесят. Прывыклы да непагадзі і спякотнага сонца сухі маршчыністы твар, прыгорбленая жыццёвымі цяжкасцямі і нягодамі фігура.

Мы пазналі адзін аднаго, павіталіся. Пагаварылі пра надзённае, і пастух як бы ва унісон маім толькіштошным думкам, глянуў у бок былой сядзібы, нечакана спытаў:

- Скажы мне, браце, каму заміналі гэтыя людзі? Каму лепш, калі тут бадыллё і мышы?

Моўчкі паціснуў я плячыма. Нечакана ўспыхнула рэзкая подумка: "Можа, табе, дзядзька, яны ў першую чаргу і перашкаджалі". Падумаў так нездарэмніцы. Усе яго аднавяскоўцы ведалі, што ў майго суразмоўцы ў часы аднаасобнікаў было ўсяго тры гектары ворнай зямлі і шматок сенажаці. А ў сям і - сем чалавек. Дзеці з голаду пухлі. Такіх беднякоў тут жыло нямала. Гэтыя ж гаспадары мелі ажно 18 гектараў зямлі, каля дзесяці гектараў лугу, трымалі статак кароў, каля дзесяці коней. Наймалі парабкаў. Так што ў свой час у пастуха-бедняка, нават пры найдабрэйшай душы, не было ніякіх падставаў для асаблівай сімпатыі да заможных гаспадароў, затое хапала повадаў для зайздрасці і, не выключана, нянавісці.

Добрыя і талковыя людзі не атрымалі ад патомкаў спадчыны. Самі выбіцца, не ў багацце, проста на заможнасць, не здолелі. I праглі перадзелаў.

Вось і яшчэ адна прычына акаўшчыны. Самалёт разаб'ецца: пасажырам і іх родным гора, а хтосьці збоку падбірае манеты, рэчы. Разжываецца.

У нашых вёсках пад часы калектывізацыі ці не тая акаўшчына была?

Не, не тое думаецца, абсалютна няправільна. Там бедната і камуністы раздзявалі багатых, а тут барацьба нацыянальна-межавая. Не маю я рацыі.

А ўсё-такі...

...Прайшоў час. Палеткі і сенажаці паўсюль сталі лічы што нічыйнымі. Людзей у ваколіцах засталося так мала, што абрабляць і даглядаць гэтую зямлю ім самім сёння ўжо не па сіле. У маршчыністага разумнага бедака перада мною з'яўляецца пачуццё жалю і шкадавання. Да тых, багатых, разумных. Не дачакаўшыся майго адказу, ён у другі раз, быццам сам у сябе, задумліва пытае:

- I каму яны заміналі?

Я зноў прамаўчаў. Не мог даць просты і сціслы адказ на такое кароткае, яснае пытанне.

...Праз доўгія гады маўчання такое пытанне ў апошні час пачало ў мяне ўзнікаць усё часцей і часцей. У іншай форме, чым паставіў яго бясхітрасны вясковец. У розных слаях беларускага грамадства, асабліва ў асяродках інтэлігенцыі, неяк у адначассе загаварылі пра рэабілітацыю жаўнераў Арміі Краёвай на Беларусі. Не болей і меней - пра рэ-а-бі-лі-та-цы-ю.

Упершыню гэта прагучала ў шэрагу публікацыяў на старонках газеты "Глос з-над Немна" за 1992 г., у "Мінскай праўдзе" (8.9.1992 г.). 24 красавіка 1993 г. на 2-ім з'ездзе палякаў на Беларусі дэлегаты прынялі зварот да вышэйшых уладаў дзяржавы пра наданне жаўнерам Арміі Краёвай статуса ветэрана Другой сусветнай вайны. Зварот падтрымалі асобныя беларускія навукоўцы. На ста-ронках друку разгарнулася палеміка("Звязда", 11.01.1993 г., 30.04.1993 г.; "7 дней", 16.04.1993 г.; "Советская Белоруссня", 29.09.93 г.; "7 дней", г.).

Некаторыя навукоўцы, напрыклад, прафесар Аляксандр Хацкевіч, выступілі за тое, каб прызнаць салдатаў і афіцэраў фарміраванняў АК, грамадзянаў Беларусі, якія змагаліся супраць гітлераўскай Германіі, ветэранамі Другой сусветнай вайны. Прызнаць. Праўда, А. Ф. Хацкевіч заклікаў падысці да рэабілітацыі надта асцярожна і дыферэнцыравана. Заслужаны прафесар супраць рэабілітацыі тых акаўцаў, чые рукі скрываўлены тэрактамі супраць мірных грамадзянаў (калі даказана) у перыяд фашысцкай акупацыі ці пасля вызвалення Беларусі ад немцаў.

Другія лічаць, што ставіць пытанне аб рэабілітацыі Арміі Краёвай нам няма неабходнасці, бо яе ніхто не абвінавачваў і, тым больш, не судзіў. А калі, маўляў, ідзе гаворка пра асобных людзей, то пытанне трэба вырашаць датычна да кожнага выпадку. Ва ўстаноўленым законам парадку. 3 такой думкай, напэўна, можна пагадзіцца, каб не было шырокавядомага судовага "працэсу 16-ці" ў Маскве ў чэрвені 1945 г.

Калі гаварыць пра аргументы праціўнікаў любой рэабілітацыі акаўцаў, то ў гэтым сэнсе характэрнае пісьмо ветэрана Вялікай Айчыннай Серафіма Янеца з Ліды, надрукаванае ў газеце "7 дней" 17.04.1993 г.: "...Даведаўся, што група былых удзельнікаў Арміі Краёвай звярнулася ў Вярхоўны Савет з просьбай рэабілітаваць усіх акаўцаў. Калі такое здарыцца, то Вярхоўны Савет прыпадабніцца да гаспадара, які падсунуў тлеючую галавешку пад страху ўласнае хаты. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык нам прапаноўваюць рэабілітаваць тых, хто вёў узброеную барацьбу на працягу дзесяці гадоў за аднаўленне Польшчы ў граніцах 1939 г., другімі словамі - за расчляненне Беларусі.

Як толькі прыйшлі немцы, былыя "стшэльцы" (члены ваенізаванай арганізацыі пілсудчыкаў.- Я. С.) выйшлі з падполля і ўзялі ўладу ў свае рукі ў Сабакінскай гміне. Цяпер газета "Глос з-над Немна" сцвярджае, што гэта была "першая акцыя сілаў збройных на Навагрудчыне". У сапраўднасці акцыя была скіравана зусім не супраць немцаў. Узброеныя "стральцы" знішчылі ў першую чаргу камуністаў, дэпутатаў, работнікаў савецкіх органаў. Балазе ўсё добра ведалі. Потым сагналі яўрэяў у мястэчка Васілішкі і праз некаторы час дапамаглі немцам ліквідаваць гета. Там, дарэчы, загінула мая аднакласніца Бэба Любецкая. Спа'чывае яна ў агульнай магіле побач з цяперашняй Васілішкаўскай фермай. Ніхто туды чамусьці не носіць кветкі. Месцы ж пахавання загінулых акаўцаў прыведзены ў парадак, на іх устаноўлены крыжы, памятныя знакі, там рэгулярна праводзяцца богаслужэнні.

У Шчучынскім павеце, адкуль я родам, немцы акаўцаў не чапалі. Да лета 1944 г. яны спакойна адседжваліся па вёсках, хутарах, і маёнтках. 3 немцамі ваявалі чырвоныя партызаны. 3 апошнімі адносіны ў акаўцаў былі далёка не дружалюбныя. Не раз даходзіла да ўзброеных сутычкаў. 3 пачаткам беларускай аперацыі "Баграціён" атрады АК ажывіліся, правялі некалькі ўзброеных акцыяў супраць немцаў, каб паказаць Саветам, хто тут сапраўдныя гаспадары. Застаўшыся ў тыле Чырвонай Арміі, акаўцы нападалі на савецкіх байцоў і камандзіраў, узрывалі эшалоны, якія ішлі на фронт, па-зверскі знішчалі прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. Ад іх рук на тэрыторыі Заходняй Беларусі загінулі сотні людзей, часам выразалі цэлыя сем'і.

Цяпер вакол акаўцаў спрабуюць стварыць арэол святасці. Як толькі "Лідская газета" апублікавала праўдзівыя матэрыялы пра АК, у наш горад прыехаў прафесар з Польшчы Цэзары Хлябоўскі. Ён выступіў перад мясцовымі ветэранамі АК і актывістамі Саюза палякаў на Беларусі. Мне давялося прысутнічаць на сустрэчы. Усю віну за тэракты АК прафесар спрабаваў зваліць на каменданта Навагрудскай акругі Януша Праўдзіца-Шляскага, які быццам рабіў так з-за асабістых крыўдаў. Але ці можна ўсю справу зводзіць да асобы аднаго толькі чалавека?! Не, канешне, не. Размова ідзе пра мэтанакіраваную палітыку: акаўцы заўсёды лічылі сябе гаспадарамі на нашай зямлі, і сваю ўладу не збіраліся дзяліць з кім бы там ні было. Адсюль і тэрор у адносінах да беларусаў. Што датычыць непрыязні Хлябоўскага да Праўдзіца-Шляскага, то для мяне ўсё зразумела: справа ў тым, што апошні (Праўдзіц-Шляскі) быў звольнены з пасады каменданта Навагрудскай акругі за нежаданне прыняць удзел у захопе Вільні напярэдадні прыходу туды Чырвонай Арміі - авантуры, якая мела для акаўцаў трагічныя вынікі.

Як вядома, у Польшчы АК ужо даўно рэабілітавана. I ў нас у сувязі з гэтым не павінна быць ніякіх прэтэнзіяў да польскага ўрада. Шкада адно, што такая рэабілітацыя праходзіла на фоне знішчэння помнікаў байцам і камандзірам Чырвонай Арміі. Мы ў гэтым пытанні павінны праявіць цывілізаваны падыход. Няхай, хто жадае, ушаноўваюць памяць загінулых акаўцаў на беларускай зямлі, даглядае іх магілы. Няхай. Але нашай незалежнай дзяржаве не да твару рэабілітаваць людзей, якія ваявалі супраць гэтай дзяржавы і яе нёзалежнасці".

Напэўна, выказванні ветэрана камусьці здадуцца спрэчнымі, але аргументы яго - аргументы цвёрдыя. Думкі многіх беларусаў. Чалавек ваяваў за пальшчызну, супраць Беларусі, а Беларусь цяпер яму скажа дзякуй. А потым і пенсію мусяць прыбавіць. Як жа, ветэран. Смешна? Не, горка. Серафім Янец мае права на сваю думку, і яе трэба таксама браць пад увагу пры вырашэкні такога няпростага пытання. Яе мы падзяляем.

У ходзе палемікі выказвалася і вось якая прапанова. Акаўцы з самага пачатку існавання прызнаны воінамі Войска Польскага, беларусам трэба лічыць іх як воінаў Войска Польскага, якія жывуць на Беларусі. Нараўне з удзельнікамі і ветэранамі з другіх краін. Адпаведна з дагаворамі на ўрадавым узроўні з краінамі па такіх пытаннях.

У сувязі са зваротам Саюза палякаў на Беларусі, пісьмом на адрас урада былых жаўнераў АК Савет Міністраў Беларусі ў чэрвені 1993 г. стварыў камісію на чале са старшынёй Камітэта па архівах і справаводству Аляксандрам Міхальчанкам. Яна занялася вывучэннем пытанняў па прызнані статуса ветэранаў вайны за грамадзянамі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у фарміраваннях Арміі Краёвай ("Звязда", 30 чэрвеня 1993 г.).

Палеміка трохі заціхла. У верасні 1993 г. успыхнула з новай сілай. Яе ўдзельнікі не паспелі нават дачакаца вывадаў урадавай камісіі. Справа ў тым, што ў гэтым месяцы ў Гродне адбыўся з'езд палякаў - ветэранаў Друтой сусветнай вайны, дзе зноў-такі жаўнеры АК настойліва дамагаліся рэабілітацыі. На гэтым жа з'ездзе быў створаны беларускі клуб ветэранаў Арміі Краёвай. Пры асвятленні з'езду ў друку выказваліся супрацьлеглыя погляды (Уладзімф Саласюк. Армія Краёва ідзе ў наступленне. "Советская Белоруссмя", 29.09.1993 г.; Аляксандр Хацкевіч. З'езд палякаў - ветэранаў вайны. "Во славу Родины", 2.10.1993 г.; яго ж-Праўда і домыслы. "7 дней", 23.10.1993 г.).

Як бы ні было, якое б рашэнне ні прыняла камісія Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, на нашу думку, ёсць акаўцы, якіх даўным-даўно рэабілітавала само жыццё. Напрыклад, загінулых у Мінскай турме "вахляжаўцаў" ці забітага ў баі з немцамі Яна Піўніка ("Панурага"). Ну, а тых, хто знішчаў чырвонаармейцаў і афіцэраў, узрываў савецкія эшалоны, хто стаў на шлях бандытызму, праліваў кроў нявінных мірных грамадзянаў, не зможа рэабілітаваць ніякі ўрад, ніякая пастанова. Бо ў памяці людской яны навекі застануцца забойцамі і тэрарыстамі.

Страсці вакол Арміі Краёвай пачалі разгарацца ў нашых паўночных суседзяў, дзе за апошнія гады створаныя і актыўнічаюць ветэранскія арганізацыі былых жаўнераў АК. Літоўцы не доўга вагаліся. У сярэдзіне кастрычніка 1993 г. у Вільні адбыўся грамадскі суд над Арміяй Краёвай. Яна, як мы ўжо ведаем, ваявала на Віленшчыне не толькі супраць немцаў і Саветаў, але і супраць літоўцаў.

Суд быў арганізаваны клубам ахвяраў АК.

На адказ Сусветны саюз Арміі Краёвай прыняў заяву, у якой сказана, што "Армія Краёва накіроўвала сваю дзейнасць супраць савецкіх і нямецкіх акупантаў і іх саюзнікаў. Такім чынам, дайшло да сутыкнення з літоўскімі фарміраваннямі, якія супрацоўнічалі з акупантамі". У заяве нагадваецца пра ўдзел літоўскіх калабарантаў у ліквідацыі палякаў і яўрэяў. Вэтэраны АК дагэтуль не публікавалі фактаў "у імя будучыні". Аднак цяпер, у сувязі з антыпольскай кампаніяй у Літве, адзначаецца ў заяве, устрымацца ад такіх публікацыяў будзе цяжка,..

Не зусім так. Публікацыі пра барацьбу з літоўскімі калабарантамі былі і раней. Некаторыя факты публікацыяў увайшлі ў раздзел "Віленская акруга АК" гэтай кнігі.

Даволі вычарпальны адказ на балючае пытанне дае даследван-не Рамана Кораба-Жэбрыка "Белая кніга ў абарону Арміі Краёвай на Віленшчыне" (Люблін, 1991).

Але справа не ў публікацыях, былых і сучасных. Палеміка вакол Арміі Краёвай яшчэ раз яскрава засведчыла складанасць і нешаблоннасць тэмы.

Мы добра разумеем, што ў яе даследванні застаецца нямала "белых плямаў". Штосьці яшчэ высветліцца з часам, пра нешта мы, напэўна, не даведаемся ніколі.

Сапраўднае заключэнне дасць жыццё.