Армія Краёва на Беларусі. Частка IІI. Схватка даўжынёю ў 10 гадоў

Вяртанне нелегалаў

3 цягам часу тэрарысты з нацыяналістычнага падполля пачалі губляць арэол "змагароў за нацыянальную ідэю" нават у вачах сваіх заўзятых прыхільнікаў, не гаворачы ўжо пра "сімпатыкаў", г. зн. проста спачувальных. Яно і зразумела. Кожны чалавек цвярозага розуму бачыў, што дзень за днём "нацыянальныя вызваліцелі" ўсё больш становяцца бандамі рабаўнікоў і забойцаў, усё часцей дзейнічаюць самымі звычайнымі крымінальнымі метадамі. Часам гэтая "дзейнасць" праяўлялася ў выглядзе асобных хуліганскіх і антыграмадскіх выступленняў. I якімі б прыгожымі лозунгамі ні прыкрываліся верхаводы падполля, асноўнымі матывамі іх паводзінаў заставалася імкненне вярнуць страчаныя фальваркі і саслоўныя прывілеі. У сваю чаргу тупік адчулі і многія з тых, хто падманам або пад страхам расправы быў уцягнутыі ва ўзброеную барацьбу. Трэба мець на ўвазе і той факт, што двойчы, у 1945 і 1947 гг., аб'яўлялася поўная амністыя тым, хто складзе зброю, з поўным дараваннем нават цяжкіх памылак і злачынстваў. Да таго ж 26 мая 1947 г. быў прыняты ўказ "Аб адмене смяротнага пакарання".

Гэтую сітуацыю спрабавалі актыўна выкарыстаць партыйныя органы, ідэалагічны актыў. Яны праводзілі настойлівую растлумачальную работу, перш за ўсё сярод родзічаў пайшоўшых у лясы, прапануючы ўсім удзельнікам узброеных фарміраванняў вярнуцца да мірнага і вартага працоўнага жыцця. Побач з вуснай агітацыяй для гэтай мэты даволі інтэнсіўна выкарыстоўваліся друк і радыё. Дастаткова сказаць, што ў 1945-1948 гг. толькі ў газетах Гродзеншчыны было апублікавана 258 артыкулаў, перадана сотні радыёзваротаў, у якіх заклікалі нацыяналістаў да спынення варожай дзейнасці, выхаду з нелегальнага становішча. У зоне асаблівай увагі ідэалагічных кадраў і актыву былі раёны і сельсаветы з найбольш складанымі аператыўнымі абставінамі. Туды для агітацыйна-прапагандысцкай работы партыйныя органы накіроўвалі ў працяглыя камандзіроўкі найбольш падрыхтаваныя і сталыя кадры, як правіла, былых франтавікоў і партызан. Усе гэтыя намаганні несумненна давала свой плён.

"Толькі ў адным Тракельскім сельсавеце з падполля выйшла 35 нелегалаў,-успамінае чэкіст У. С. Казьянін.- А пачалося з таго, што я пазнаёміўся з сям'ёй аднаго акаўца. Бачу: сумленныя, працалюбівыя людзі. Пагутарыў адзін раз, што называецца, па душах, другі, трэці... А потым і кажу неяк: да якога часу, маўляў, ваш гаспадар будзе па лясах бадзяцца. Пара ўжо і за розум брацца, сям'і памагаць. Жанчына паабяцала перадаць нашу гутарку мужу. I калі я зайшоў у чарговы раз да іх у дом, яна мне яшчэ ля парога заяўляе: было ні было - рашыўся, нарэшце. I - з-за печы выходзіць мужчына, аказваецца, там для яго схрон быў абсталяваны. Калі я пакінуў іх дом, ён яшчэ з кіламетр за мною па пятах ішоў - усё дапытваўся, ці пасадзяць яго. Не, нікога з 35 не пасадзілі..."

Так людзі на свае вочы пераканаліся, што ўсе, хто выйшаў з нелегальнага становішча і здаў зброю, рэпрэсіям не падвяргаліся. К канцу 1951 г. да мірнага жыцця ў Гродзенскай вобласці вярнуліся каля дзвюх тысяч былых акаўцаў. Некаторыя, з дазволу адпаведных органаў, паехалі на пастаяннае месцажыхарства за мяжу, другія ж засталіся, прыступілі да працы ў разнастайных галінах народнай гаспадаркі. Праўда, працэс вяртання нелегалаў праходзіў нялёгка. Кіраўнікі нацыяналістычнага падполля катэгарычна забаранялі выходзіць з нелегальнага становішча, рабілі ўсё ад іх залежнае, каб перашкодзіць гэтаму працэсу, у тым ліку і жорстка каралі "адступнікаў". Асабліва стараўся ў гэтым камендант рэзервовага "абводу" горада Ліды Мечыслаў Гурскі. Часам справа даходзіла да зверскіх забойстваў тых, хто рашыў легалізавацца. Менавіта па гэтай прычыне, напрыклад, загінуў адзін з былых актыўных акаўцаў- Ян Вадэйка. Нельга не браць у разлік і той момант, што значная частка ўдзельнікаў нацыяналістычнага руху, асабліва тыя з іх, за якімі цягнуўся шлейф крывавых злачынстваў, ні пад якой прычынай не захацелі выйсці з падполля.