Вытокі беларускага пасьляваеннага антыбальшавіцкага ўзброенага руху

Крыніцы і бібліяграфія па гісторыі беларускага ўзброенага Супраціву

Беларускі антысавецкі ўзброены рух другой паловы 1940-х-1950-х гадоў не вывучаўся гісторыкамі савецкай Беларусі, як і навукоўцамі незалежнай Рэспублікі Беларусь. Для айчыннай гістарыяграфіі такой праблемы, як антысавецкі ўзброены рух, наогул не існавала. Фактычна, не існуе яе і цяпер. У савецкай Беларусі, як і сёньняшняй Рэспубліцы Беларусь, пад забаронай знаходзяцца любыя станоўчыя альбо нават і нэўтральныя згадкі пра пасьляваенны антыбальшавіцкі рух. Афіцыйная прапаганда працягвае прытрымлівацца міту, што ў нашай краіне арганізаванага і масавага антысавецкага супраціву не было, што “мелі месца толькі асобныя варожыя праяўленьні”, якія зьдзяйсьнялі “фашысцкія недабіткі”. Насамрэч, гэта абсалютна не адпавядае сапраўднасьці. І што дзіўна, гэтую неадпаведнасьць выяўляюць найперш афіцыйныя крыніцы.

Дык у чым прычына замоўчваньня беларускага пасьляваеннага ўзброенага Супраціву? Галоўная прычына - палітычна-ідэалягічная. Улада, якая называе сябе “беларускай”, баялася і баіцца любога праяўленьня беларускіх незалежніцкіх ідэяў. А пасьляваенны Супраціў - яскравы прыклад змаганьня тысячаў беларускіх патрыётаў за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.

Першыя публікацыі, у якіх тым ці іншым чынам уздымалася тэматыка беларускага збройнага руху, зьявіліся ў 1960-я гады. На той жа час прыпадае і чарговая хваля камуністычнай прапаганды, накіраванай супраць “буржуазных нацыяналістаў”, а з друку выходзіць кніга В.Раманоўскага “Саўдзельнікі ў злачынствах” (Менск, 1964). Падабраўшы асобныя дакумэнты, факты, аўтар запісаў усіх беларускіх нацыянальных дзеячоў, якія дзейнічалі на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі, да злачынцаў і калябарантаў. Аргумэнтаваны адказ на кнігу В.Раманоўскага зьявіўся ў 1989 годзе, калі ў Варшаве па-польску выйшла дасьледаваньне гісторыка Юры Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” (кніга пабачыла сьвет у Менску ў 1993 годзе). Туронак, без якіх-небудзь ідэалягічных штампаў, паказаў сапраўдную дзейнасьць беларускіх нацыяналістаў падчас Другой сусьветнай вайны. Але і Раманоўскі, і Туронак не зьвярнулі ўвагі на пасьляваенны антыбальшавіцкі партызанскі і падпольны рух у Беларусі, які стаўся лягічным працягам дзейнасьці беларускіх нацыяналістаў падчас вайны.

Да пачатку 1990-х гадоў толькі акадэмічная “Гісторыя Беларускай ССР” у пяці тамах (т. 5, Мн., 1975, б. 77, 78) згадвала пра “антысавецкія групы і ўзброеныя банды”, пішучы, што тыя перашкаджалі ўстанаўленьню савецкай улады на вёсцы ў пасьляваенны час. Упершыню былі надрукаваны і абагульняючыя даныя пра зьліквідаваныя ў заходніх абласьцях Беларусі партызанскія аддзелы ў 1945-1947 гадах.

Напрыканцы 1980-х гадоў палітычная “адліга” паспрыяла вывучэньню гісторыкамі шмат якіх “белых плямаў”, у тым ліку і антысавецкага партызанскага руху. Аднак некаторыя беларускія гісторыкі са скептыцызмам ставіліся да маштабаў гэтага руху ў Беларусі. Напрыклад, дасьледчык М.Кузьняцоў у адной са сваіх публікацыяў падае зьвесткі пра “трафеі” органаў савецкай дзяржбясьпекі ў барацьбе з “бандытамі” (а гэта сотні мінамётаў, тысячы кулямётаў, аўтаматаў ды інш.) і піша: “Адным словам, не хапала толькі танкаў і самалётаў… зброі… налічана столькі, што добрую армію можна ўзброіць” (Кузьняцоў М. Канец векавой мяжы // Голас Радзімы, 1989, 31 жніўня).

Аднак напачатку 1990-х гадоў шэраг беларускіх дасьледчыкаў, такіх, як Уладзімер Гуленка, Сяргей Жумар, Аляксандар Міхальчанка, Аляксандар Хацкевіч, пазьней і Аляксей Салаўёў, Яўген Сямашка ды інш., пачалі актыўна публікаваць свае першыя спробы дасьледаваньняў па гісторыі пасьляваеннага антысавецкага партызанскага руху. Уладзімер Гуленка, у асноўным, распрацоўваў гісторыю паўстаньня і дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі ўкраінскіх антыбальшавіцкіх партызанскіх аддзелаў і падпольля. Ягоныя артыкулы зьяўляліся ў гістарычнай энцыкляпэдыі Беларусі, у пэрыёдыцы (напрыклад, артыкул “Бандеровцы воевали в Беларуси 11 лет” у газэце “Свободные новости”, 1992, сакавік, № 5). Сяргей Жумар у сваіх газэтных публікацыях (Армия Крайова: свет или тени? // Рэспубліка, 1992, 28 кастрычніка; Освобождение после освобождения // Советская Белоруссия, 1994, 26 жніўня) і нават у кнізе пра польскае падпольле (Ермолович В., Жумарь С. Огнем и мечом. Хроника польского националистического подполья в Беларуси (1939-1953 гг.). Менск, 1993, б. 99) піша пра “молодчиков из отрядов Витушки”. А гэта цалкам супярэчыла афіцыйнай вэрсіі, паводле якой Міхал Вітушка, кіраўнік беларускага Супраціву, загінуў у студзені 1945 году, а таму, зразумела, ня мог дзейнічаць у пазьнейшы час. Аляксандар Міхальчанка ў артыкуле “Белорусская символика: традиции и современность” ( Советская Белоруссия, 1990, 25 лістапада) выказаў тагачасны афіцыйны пункт гледжаньня, назваўшы антыбальшавіцкіх партызанаў калябарантамі, “воспитанными под сенью бело-красно-белого знамени и Погони”, а партызанскія аддзелы - “националистическими бандами”. Журналіст У.Саласюк у артыкуле “Стрэлы з мінулага” (Коммунист Белоруссии, 1990, № 5) да пасьляваеннага партызанскага руху ставіцца інакш. Ён піша, што ў Заходняй Беларусі “ішла вайна - невядомая для нашай гісторыі, гісторыі Беларусі”.

Аднак, асьвятляючы дзейнасьць польскай Арміі Краёвай і постакаўскіх структураў АУН-УПА на тэрыторыі Беларусі, выпадкова ці наўмысна, дасьледчыкі абміналі тэму беларускага ўзброенага руху. Толькі намёкамі, неяк сарамліва, іншы раз згадваюцца і “мясцовыя фашысцкія недабіткі”, “банды”, “бандыты Вітушкі”. Да гэтага часу афіцыйная беларуская гістарыяграфія так і не распачала вывучэньне пасьляваеннага нацыянальнага партызанскага руху.

Ня трэба казаць, што беларускія гісторыкі прынамсі на дзесяцігодзьдзе адстаюць ад летувіскіх, польскіх ці ўкраінскіх гісторыкаў, якія вывучаюць названыя тэмы, друкуюць шматтомныя дасьледаваньні, што грунтуюцца на багатай базе архіўных крыніцаў. Дайшло да таго, што польскія гісторыкі, убачыўшы бязьдзейнасьць беларускіх, пачалі ім даводзіць, што была пасьля вайны ў Беларусі ня толькі польская, але й беларуская партызанка. Гісторыкі Т.Стэмбаш і К.Ясевіч пісалі (артыкул “Празь ісьціну - да братэрства” // Беларуская мінуўшчына, 1994, № 3, б. 41): “Пасьля ўступленьня Чырвонай Арміі на Наваградчыну і Гродзеншчыну там паўставалі і вялі барацьбу з савецкім рэжымам ня толькі польскія, але і беларускія атрады, менавіта яны, а не палякі, што выязджалі ў цэнтральную частку (г.зн. Польшчу. - С.Ё. ), зьяўляліся добраю апораю для лясных групаў (пра гэта кажуць многія сьведкі, якія перажылі тыя часы)”.

Трэба адзначыць, што ў Польшчы ўжо выйшла некалькі дасьледаваньняў і зборнікаў матэрыялаў савецкіх дакумэнтаў, прысьвечаных пасьляваеннаму Супраціву ў Беларусі. У прыватнасьці, архіўныя матэрыялы, якія ахопліваюць пэрыяд з 1944 да 1946 году, склалі кнігу “NKWD o polskim podziemiu”, падрыхтаваную беларускім гісторыкам Уладзімерам Гуленкам. У Беларусі гэтыя дакумэнты, аднак, не друкаваліся.

Пачынаючы з 1993 году ў незалежных беларускіх газэтах, такіх, як “Пагоня”, “Наша Ніва”, пачынаюць зьяўляцца артыкулы пра беларускі антысавецкі пасьляваенны партызанскі рух, у якіх ён ацэньваецца станоўча. Можна згадаць артыкулы: “Лясы, бункеры, партызаны” Д.Гасмюлера (Пагоня, 1994, лістапад), “Дзе загінуў генэрал Вітушка?” Яна Вежана (Пагоня, 1995, люты), першае дасьледаваньне па гэтай тэматыцы - “Пасьляваенны супраціў бальшавіцкім акупантам на Беларусі” Сяргея Ярша (Пагоня, 1995, чэрвень-ліпень, №№ 23, 24, 26, 28). На апошні пасьледавала і рэакцыя ветэранаў органаў савецкай дзяржбясьпекі: “Только “Черному коту” не повезло” (Пагоня, 1995, лістапад, № 41). Яны былі ўзрушаны артыкулам і паданымі ў ім маштабамі дзейнасьці “лясных братоў”, адмаўлялі некаторыя пададзеныя ў матэрыяле факты. У траўні 1997 году ў газэце “Наша Ніва” зьявіўся артыкул “Генэрал Вітушка” Сяргея Ярша, прысьвечаны асобе кіраўніка беларускага нацыянальнага Супраціву. У адказ у дзяржаўнай прэсе (“Гродзенская праўда”, “Народная газета”, “Знамя юности”) пасьледаваў шэраг артыкулаў супрацоўніка прэс-службы КДБ РБ Ігара Іваноўскага, у якіх ён сьцьвярджае, што ніякага арганізаванага Супраціву ў Беларусі не было, а Вітушка загінуў яшчэ ў студзені 1945-га і ня мог ім кіраваць.

Пры вывучэньні беларускага пасьляваеннага партызанскага руху шмат інфармацыі па яго дзейнасьці дае беларуская эміграцыйная пэрыёдыка другой паловы 1940-х-1950-х гадоў. Найперш, гэта публікацыі ў газэтах “Беларускае слова”, “Бацькаўшчына”, “Незалежная Беларусь”, “Беларус”, “Беларускі эмігрант”, часапісах “Рух”, у “Бюлетэні Беларускай Незалежніцкай Партыі” ды інш. Гэтыя публікацыі зьмяшчаюць самую разнастайную інфармацыю, найперш успаміны ўдзельнікаў антыбальшавіцкай барацьбы. На жаль, ня ўсе паданыя ў іх факты сёньня можна спраўдзіць. Напрыклад, у газэце “Вольнае слова” (Заходняя Нямеччына), органе Беларускага саюзу журналістаў, на працягу 1949-1951 гадоў друкаваўся шэраг успамінаў удзельнікаў партызанскага руху, якія перабраліся на Захад. Прыводзіліся прыклады баявых акцыяў, называліся людзі, якія кіравалі Супрацівам, падавалася інфармацыя пра падпольны друк і былі нават яго перадрукі. На жаль, да гэтага часу арыгіналы гэтых падпольных выданьняў ня знойдзеныя, і застаецца спадзявацца, што яны захаваліся ў дзяржаўных і прыватных архівах на Захадзе і ў архівах КДБ на Беларусі.

Трэба зазначыць, што Сяргей Жумар у кнізе “Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны” (Менск, 1996) адзначаў сумніўнасьць публікацыяў у беларускай эміграцыйнай прэсе ў першыя пасьляваенныя гады: “После войны эмиграционные белорусские издания стремились убедить своих читателей в том, что в Советской Беларуси с приходом Красной Армии развернулась активная партизанская борьба”.

Першыя дасьледаваньні па гісторыі беларускага пасьляваеннага партызанскага руху зьявіліся зноў жа ў пэрыядычным друку беларускіх эмігрантаў. Можна згадаць артыкул эміграцыйнага гісторыка Юркі Стасевіча “Беларуская партызанка па II вайне” (Беларускі голас, 1981, № 292), у якім ён выказвае вэрсію зьнікненьня М.Вітушкі і М.Ганько пасьля спыненьня партызанскае барацьбы. Гэтым публікацыям, што грунтаваліся на ўспамінах людзей, бракавала, аднак, канкрэтных фактаў, лічбаў, часта дапускаліся недакладнасьці, скажэньні прозьвішчаў і г.д. Грунтоўнае дасьледаваньне зьбіраўся напісаць Юрка Віцьбіч, але не пасьпеў, і вядомы толькі плян задуманага ім дасьледаваньня (ён зьмешчаны ў кнізе “Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі” (Нью-Ёрк, 1996)).

Першая грунтоўная праца па зборы і сыстэматызацыі інфармацыі, найперш з апублікаваных (у Беларусі і за мяжой), а таксама вусных крыніцаў, была зробленая ў даведніку “Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944-1956 гг.” (Менск, 1999, пад рэдакцыяй А.Дзярновіча). Аднак пры падрыхтоўцы гэтага даведніка выявілася абмежаванасьць базы гістарычных крыніцаў, аказалася таксама немагчыма спраўдзіць многія факты праз архіўныя дакумэнты. З іншага боку, нягледзячы на ўсе недахопы, у даведніку ўпершыню была сыстэматызаваная інфармацыя і прапанаваныя храналягічныя рамкі пасьляваеннага Супраціву, складзеная бібліяграфія.

Вельмі важнай крыніцай па гісторыі пасьляваеннага партызанскага руху зьяўляюцца дакумэнты архіваў КДБ РБ і ФСБ Расеі, да якіх дасьледчыкі па-ранейшаму маюць вельмі абмежаваны доступ. Па прыкладу Летувы альбо Ўкраіны можна прагназаваць, што дакумэнты КДБ дапамогуць атрымаць зьвесткі па колькаснаму, сацыяльнаму складу ўдзельнікаў партызанскай барацьбы, дапамогуць скласьці біяграфіі яе ўдзельнікаў, кроніку праведзеных баявых і прапагандысцкіх акцыяў, мірнага супраціву, каталёг падпольнага і партызанскага друку.

Цікавы блёк крыніцаў - гэта вусныя сьведчаньні. Успаміны ўдзельнікаў і сьведкаў пасьляваеннага Супраціву даюць нам ня толькі інфармацыю пра ягоную дзейнасьць, але й пра побыт антыкамуністаў, пра настроі насельніцтва і г.д. Іхныя ўспаміны раскрываюць такія дэталі, якіх нельга будзе знайсьці ў крымінальных справах архіву КДБ. Іншая рэч, што многія людзі да сёньня баяцца падзяліцца сваімі ўспамінамі, нават пры ўмове ананімнасьці.

Таму на сёньняшні дзень ёсьць вялікая патрэба ў дасканалым, грунтоўным выданьні па гісторыі пасьляваеннага Супраціву, але падрыхтаваць яго без выкарыстаньня архіўных крыніцаў, найперш архіваў КДБ і ФСБ, немагчыма.