Беларускія антыкамуністычныя рухі нацыянальна-патрыятычнай скіраванасці

Нацыянальныя меншасці і рухі

Пра нацыянальна-дэмакратычны рух самай вялікай, расійскай, меншасці ў Беларусі не даводзіцца казаць. Нашы “старэйшыя браты” хоць колькасна і заставаліся меншасцю, але практычна за ўсё гады савецкай улады палітычна дамінавалі ў Беларусі, займаючы кіроўныя пасады фактычна ва ўсіх сферах жыцця. А іх нацыянальна-культурныя патрэбы не маглі быць не задаволеныя, бо расійская культура і мова дамінавалі ў сістэме школьніцтва, вышэйшай адукацыі, тэатры, кіно, выдавецкай дзейнасці, сродках масавай інфармацыі і г.д.

Што да польская меншасці, дык са знішчэннем Арміі Краёвай яна аказалася абяскроўленай. Да таго ж, найбольш актыўныя дзеячы ў выніку пасляваенных пераследаў былі вымушаны з’ехаць у Польшчу. Тыя, што засталіся ў Беларусі, гуртаваліся вакол польскамоўных касцёлаў ды імкнуліся захоўваць нацыянальныя каштоўнасці і повязі, слухаючы польскія і заходнія польскамоўныя радыёстанцыі, чытаючы варшаўскія перыёдыкі, якія свабодна траплялі ў беларускія газетныя шапікі. Значная ж частка “пашпартных” палякаў гэтак жа сама, як і “пашпартных” беларусаў, русіфікавалася і саветызавалася. Забягаючы наперад, мушу, аднак, адзначыць, што беларускія палякі здолелі захаваць больш нацыянальнай моцы. Таму сёння, напрыклад, у Горадні маецца польская школа, а беларускай там няма ніводнай!

Літоўцы, якія жылі пераважна ў міні-анклавах на паўночным захадзе Беларусі, былі крыху больш паспяховыя. Атрымліваючы маральную і пэўную матэрыяльную падтрымку з ЛітССР, да якой было літаральна падаць рукой, яны імкнуліся захоўваць як сваю традыцыйную культуру, так і мову.

Што да даволі значнай па сваіх памерах украінскай меншасці, дык яна, расцярушаная па ўсёй краіне, з цяжкасцю захоўвала сваю ідэнтычнасць. Больш за тое, абруселыя ўкраінцы-асаднікі з былых савецкіх афіцэраў самі нярэдка выступалі заўзятымі русіфікатарамі.

Беларускія татары, якія ўжо колькі стагоддзяў перайшлі на беларускую мову, таксама трацілі яе і русіфікаваліся. Хаця, параўнальна з беларусамі, працэс русіфікацыі быў менш інтэнсіўны. Праз іслам і гістарычную традыцыю (у ВКЛ сваімі правамі татары раўняліся з тутэйшай шляхтай) яны мацней адчувалі сваю адметнасць і самабытнасць.

Становішча габрэйскай меншасці было іншае. Частка яе была цалкам зрасійшчыная дый увогуле не імкнулася афішаваць сваё паходжанне. Большасць жа пасля ўтварэння дзяржавы Ізраіль ды з пачаткам савецкай антысіянісцкай прапаганды паступова набрыньвала ідэяй вяртання на “гістарычную радзіму”. Беларускія нацдэмы шчыра падрымлівалі гэтыя памкненні. Разам з тым, было шкада бачыць, як Беларусь губляла цэлы кантынент культуры на ідыш, якая цягам паўтысячы гадоў была часткай нашай культурнай традыцыі. Габрэйскі рух “зыходу” жорстка падаўляўся камуністычным рэжымам (справы Д.Д.Марошака, А.П.Рубіна, Г.Я.Кіпніса).

У паслясталінскі час рубам паўстала і “беларускае пытанне”. Камуністычны рэжым меў на мэце поўную русіфікацыю беларускага этнасу. Таму з усіх сфераў ужытку выцяснялася беларуская мова, нішчылася гістарычная памяць, разбуралася ці хавалася ўсё, што нагадвала пра беларускую мінуўшчыну. У такіх умовах публічнае выкарыстанне беларускай мовы было праявай таго, што не толькі не ўхвалялася, але нават выклікала падазронасць. Усё, што заставалася звязаным з беларускай культурай і мовай, паступова адсоўвалася ў своеасаблівае культурнае гета. Селяніну, паўда, даравалася яго нерасійскасць, пісьменніку - ужыванне беларускай мовы. Але што да астатніх, то тыя, хто карыстаўся беларускай мовай па-за прафесійным дазволам, знаходзіліся на ўліку ў адпаведных установах, былі пад пільным наглядам як "нацыяналісты" і, адпаведна, як антысаветчыкі і антыкамуністы, калі не яўныя, то патэнцыйныя.

Знамянальна, што і сёння беларушчына зноў стала адной з формаў супраціву рэжыму. Нездарма ўсе, хто актыўна ўсталёўваў сённяшні рэжым ці абслугоўвае яго, не карыстаюцца беларускай мовай.

У 1960-я гг., асабліва пасля прыходу да партыйнай улады ў рэспубліцы П.Машэрава, сітуацыя характарызавалася далейшай ліквідацыяй беларускага школьніцтва, беларускамоўнага перыядычнага друку. Нават айчынную літаратуру ўжо пачыналі вывучаць у расійскіх перакладах, а чынавенства спяшалася здзейсніць заклік Хрушчова хутчэй прыйсці да камунізму, пазбыўшыся роднай мовы.