Беларускія антыкамуністычныя рухі нацыянальна-патрыятычнай скіраванасці

Першыя нефармальныя асяродкі Менска (1950-1970-я гг.)

Група Лявона і Міхася Белых. Існавала ў 1957 г. За выраб і распаўсюд улётак у абарону беларускай мовы абодва браты былі асуджаныя на 10 гадоў зняволення.

У пачатку 1960-х гг. паўстае акадэмічны асяродак, а менавіта кола патрыятычна настроеных беларускіх навукоўцаў. Каб уявіць сабе сітуацыю, якая на той час існавала ў АН БССР, дастаткова прывесці наступныя факты: дырэктар Інстытута мовазнаўства не ўмеў размаўляць па-беларуску, не карысталіся беларускай мовай і ў іншых навуковых інстытутах, навуковая літаратура, за рэдкімі выключэннямі, друкавалася па-расійску. Прыём у аспірантуру ажыццяўляўся праз шчыльнае партыйна-кагэбісцкае сіта. А значная частка супрацоўнікаў, асабліва звязаных з беларусазнаўствам, была спецагентурай.

Усеагульная і ваяўнічая палітыка зрасійшчывання выклікала пратэсты шмат якіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і акадэмічнай. Праўда, далёка не кожны адважваўся на выказванне сваёй пазіцыі, тым больш - на нейкія дзеянні. Хоць хрушчоўская адліга быццам яшчэ і працягвалася, але страх, які глыбока ўеўся ў падсвядомасць беларуса, спаралюшваў хоць якую дзейнасць. І ўсё ж ад пачатку 1960-х гг. у асяроддзі маладых навукоўцаў і аспірантаў пераважна гуманітарных навуковых інстытутаў Акадэміі пачало складвацца нефармальнае кола аднадумцаў. Кола пастаянна пашыралася, але рух не быў фармалізаваны: не вялося ні спісаў, ні пратаколаў, не прымалася нейкіх пісьмовых рашэнняў. Некаторыя яго ўдзельнікі нават не былі між сабою знаёмыя.

Шмат хто з сяброў руху да таго як трапіць у сталіцу ўжо былі нацыянальназаангажаванымі асобамі. Знамянальна, што большасць паходзіла з Заходняй Беларусі або пэўны час там працавала. Менавіта там маладым людзям пашчасціла пазнаёміцца з жывымі ўдзельнікамі заходнебеларускага незалежніцкага руху, там ім у рукі трапляліся беларускія віленскія выданні, якіх нямала ацалела ў куфрах ды на паддашках.

Вось тыя асобы, якія ў 1974-1975 гг. былі звольненыя з працы на падставе абвінавачанняў у беларускім нацыяналізме (усе спісы прозвішчаў тут і далей пададзены ў алфавітным парадку):

Каўрус Алесь, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства, нарадзіўся на Мядзельшчыне;

Лапуць Віктар, загадчык аддзела Інстытута геалогіі, нарадзіўся на Капыльшчыне ў сям’і, дэпартаванай у 1937 г. у Казахстан, вучыўся ў Львове;

Міско Сцяпан, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, нарадзіўся на Слонімшчыне;

Пазняк Зянон, аспірант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, нарадзіўся на Івеншчыне;

Прашковіч Мікола, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры, нарадзіўся ў Бярэзінскім р-не, працаваў настаўнікам на Смаргоншчыне;

Рабкевіч Валянцін, старшы рэдактар Беларускай савецкай энцыклапедыі, нарадзіўся на Капыльшчыне, працаваў журналістам на Браслаўшчыне і Валожыншчыне;

Чарняўскі Міхась, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, нарадзіўся і настаўнічаў на Мядзельшчыне.

Разам з тым быў і шэраг іншых удзельнікаў акадэмічнага асяродка, датычна якіх улады абмежаваліся “прафілактычнымі размовамі” і запалохваннямі.

Амаль кожны з гэтых асобаў меў кантакты з аднадумцамі па-за акадэміяй - з універсітэцкай групоўкай студэнтаў-філфакаўцаў, з аб’яднаннем “На Паддашку”, з групоўкамі Гарадзеншчыны (Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз і інш.), Маладзечна (Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч і інш.), Баранавіч, Наваполацка. Важную ролю ў тагачасным патрыятычным руху адыгрывалі таксама мастак Лявон Баразна (забіты пры загадкавых абставінах у 1972 г.) і асабліва Уладзімір Караткевіч.

Чым займаўся акадэмічны асяродак?

Перадусім збіралі і назапашвалі інфармацыю адносна гісторыі нацыянальнага беларускага руху і яго дзеячаў, калекцыянавалі ўспаміны, кніжкі і часопісы, пераважна віленскага друку або часу Інбелкульту. Дзеля гэтага ладзіліся паездкі па вёсках і мястэчках Заходняй Беларусі, дзе яшчэ жылі старыя настаўнікі, дзеячы Грамады або КПЗБ. Асабліва плённымі былі экспедыцыі да віленскіх букіністаў. Здабытае чыталася, памнажалася фотаспосабам або на друкарках, перадавалася сябрам і знаёмым, студэнтам. Такім чынам адбывалася патрыятычная самаадукацыя і адукацыя.

Даволі рэгулярна ладзіліся сустрэчы з ветэранамі Беларускага Адраджэння. Яны адбываліся ў асноўным на кватэры ўдзельніка 1-га Усебеларускага кангрэса Язэпа Сушынскага. У іншых выпадках збіраліся пераважна ў пакоях аспіранцкага інтэрната на Акадэмічнай або інтэрната для навуковых супрацоўнікаў на Тыпаграфскай (цяпер Сурганава). Часта сустракаліся і на кватэры Уладзіміра Караткевіча. Абмяркоўваліся пытанні палітычнага і нацыянальнага жыцця, рабіліся спробы аналізу і вызначэння перспектыў, абгаворваліся магчымыя шляхі ўздзеяння на сітуацыю.

Вяліся пошукі аднадумцаў і ўсталёўваліся з імі кантакты. Асаблівая ўвага скіроўвалася на студэнтаў. Шукаліся таксама кантакты з іншымі патрыятычныямі асяродкамі. У выніку паўсталі (пераважна з дапамогай Міколы Прашковіча і аспіранта-ўкраінца, які навучаўся пры адным з акадэмічных інстытутаў) даволі шчыльныя сувязі з украінскім нацыянальным рухам.

Сябры асяродка стараліся знаходзіць здольных школьнікаў з беларускіх сем’яў і дапамагаць ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Заахвочвалі выпускнікоў ВНУ з патрыятычнымі перакананнямі да паступлення ў аспірантуру. Стараліся правесці сваіх людзей на патрэбныя службовыя пасады, заахвочвалі іх да паступлення ў КПСС, разумеючы мажлівасці ўплыву тых, хто належаў да гэтай структуры. Быў папулярны лозунг: “Усе прыбалтыйскія нацыяналісты - камуністы”.

Летам 1973 г. КГБ ушчыльную занялося акадэмічным асяродкам. Рэпрэсіўная хваля накацілася з Украіны, дзе ўжо поўным ходам ішоў разгром тамтэйшага патрыятычнага руху. На допытах і пры ператрусах натрапілі на сляды сувязяў з Беларуссю. У руках кагэбістаў апынуліся лісты некаторых сяброў асяродка з ацэнкай нацыянальнай палітыкі КПСС і з планамі каардынацыі супраціву ёй. Допыты ў Менску і іншых гарадах Беларусі разгарнуліся летам 1973 г. Па прыкладных разліках “на сумоўе” трапіла агулам да сотні навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў, студэнтаў. Мяркуючы паводле пытанняў, якія задаваліся на допытах, спецслужбы стараліся прыпісаць дысідэнтам стварэнне падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі, з адпаведным кіраўніцтвам, структурай і сувязямі з замежжам. Асабліва цікавіліся асобай Уладзіміра Караткевіча, якому, здаецца, меркавалася надаць ролю лідэра беларускіх нацыяналістаў. Не міналася ўвагай і Ларыса Геніюш.

З версіяй КГБ аб існаванні падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі не атрымалася. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва Беларусі не было зацікаўленае ў раздзіманні справы “аб нацыяналістах”. У рэспубліцы, жыхары якой з энтузіязмам пагалоўна ператвараліся ў рускамоўных савецкіх людзей, не магло быць нацыяналізму! Аднак кагэбісцкае начальства было іншай думкі. Яно чакала за праведзеную работу падзяк і ўзнагарод і заапелявала да Масквы. Адтуль прыехаў адпаведны эмісар, азнаёміўся са справамі падазраваных, і рэпрэсіўная машына закруцілася зноў. Для пакарання (звальненні з працы) былі найперш вылучаны Алесь Каўрус, Сцяпан Міско, Мікола Прашковіч, Валянцін Рабкевіч і Міхась Чарняўскі. Выбралі тых, хто найбольш засвяціўся радыкальнасцю сваёй пазіцыі або выказванняў і на каго меліся рэчавыя доказы “віны”. У Прашковіча гэта былі лісты ва Украіну, Чарняўскі ж перавёз у Беларусь рукапіс вядомай тады працы У. Дзюбы “Інтэрнацыяналізм, або русіфікацыя”.

Зімой 1973-1974 гг. вялася ідэалагічная падрыхтоўка да акцыі пакарання. Па ўсёй Беларусі партыйныя прапагандысты пачалі ў лекцыях расказваць аб выкрыцці нацыяналістычнай арганізацыі, якая рыхтавалася адарваць Беларусь ад сям’і брацкіх народаў СССР, прэтэндавала на адабранне ад Расіі Смаленшчыны і Браншчыны, ну і, канечне ж, імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. Называліся канкрэтныя прозвішчы ўдзельнікаў падполля. А чорная прапаганда ішла значна далей. Драбнейшыя партыйныя функцыянеры распускалі чуткі аб сувязях з замежнымі цэнтрамі, аб вагонах антысавецкай і нацыяналістычнай літаратуры, аб падвалах са зброяй. Не забываліся прапагандысты і на маральнае аблічча нацыяналістаў. Тады яшчэ не былі ў модзе наркотыкі, таму ім стараліся прыпісаць п’янства.

За “ўдзельнікамі арганізацыі” і іх сямейнікамі было ўстаноўленае пастаяннае назіранне. Віжы не адставалі ні на крок, нават сачылі, што жонкі паднаглядных купляюць у гастраномах. Раптам з’явіліся некаторыя даўнія і ўжо паўзабытыя знаёмыя, якія запаліся сяброўскімі пачуццямі, жаданнем увайсці ў сутнасць справы і, зразумела, дапамагчы.

У акадэмічных інстытутах акцыю пакарання арганізоўваў парткам акадэміі (старшыня парткаму - П.Ц.Петрыкаў). У сакавіку справа дасягнула эпагею. Даваенным камсамольцам, якія яшчэ памяталі барацьбу з “ворагамі народа”, даручалася пісаць гнеўныя лісты з патрабаванем кары вінаватым. У аддзелах праводзіліся сходы, дзе кляймілі нацыяналістаў, якія вайной “палілі беларускія вёскі і тапілі дзяцей у калодзежах”. З вуснаў партфункцыянераў гучалі заклікі прыгледзецца да ўсіх, хто размаўляе па-беларуску.

Затым прыйшла чарга звальненняў з працы. Трэба адзначыць, што не ўсіх калегаў-навукоўцаў спаралюшаваў страх. Напрыклад, у Інстытуце літаратуры супраць пакарання М.Прашковіча выступіў пазнейшы вязень савецкіх псіхушак В. Зайцаў. У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ў абарону С.Міско выступіла М.Казлоўская. Годна сябе паводзілі некаторыя гісторыкі - рускія і габрэі па нацыянальнасці, да таго ж, іх было цяжка абвінаваціць у “беларускім нацыяналізме”. Некалькі пазней, так бы мовіць наўздагон, паводле тых жа абвінавачанняў у нацыяналізме былі звольненыя з працы выкладчык Інстытута замежных моваў Павел Дзядзюля, Віктар Лапуць, Зянон Пазняк.

Бадай найбольш несамавітае адчуванне было з-за інфармацыйнай блакады. Рукапісы кніжак і артыкулаў удзельнікаў асяродка выкідаліся з планаў выдавецтваў і з рэдакцый, з усіх публікацый выкрэслівалася нават упамінанне іх прозвішчаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек быццам знікаў з белага свету, як ніколі і не жыў!

Пасля звальнення з інстытутаў пакараным была даступная толькі нейкая фізічная праца. Які ж быў далейшы лёс удзельнікаў акадэмічнага патрыятычнага асяродка?

Цераз год-два частцы іх, з дапамогай Максіма Танка і пры спрыянні некаторых работнікаў апарата ЦК КПБ, нават удалося вярнуцца ў свае ранейшыя навуковыя ўстановы. Іншыя ўладкаваліся ў розныя рэдакцыі і выдавецтвы. Практычна ўсе яны на доўгі час захавалі актыўную творчую і патрыятычную пазіцыю, працягнулі працу як навукоўцы, удзельнічалі і ўдзельнічаюць у палітычным і грамадскім жыцці. Праўда, у першыя гады ім стваралі цяжкасці з публікацыямі, ну і, зразумела, яны заставаліся “невыязнымі” за мяжу ажно да гарбачоўскай перабудовы. Найбольш цяжка склаўся лёс Прашковіча. У яго адбыўся душэўны надлом. Ён цяжка захварэў на паралюш ног і згарэў у вясковай хаце, не здолеўшы выпаўзці з агню.

Асяродак студэнтаў філфака БДУ. Існаваў у 1962-1963 гг. Меў каля дзесяці сяброў. Выступалі супраць палітыкі зрасійшчвання, абмяжоўваліся вуснай прапагандай. Вясной 1963 г. асяродак разгромлены КГБ, частка студэнтаў выключана з універсітэта.

Асяродак “На Паддашку”. Існаваў у 1966-1985 гг. Пра гэта аб’яднанне творчай (пераважна мастакоўскай) і навуковай маладой інтэлігенцыі Менска ўспамінае “гаспадар” майстэрні Яўген Кулік:

А мы жылі ў той час і мелі сваё кола. У ім былі збольшага мастакі. У той час быў таксама асяродак у Акадэміі навук. Ну, і Зянон Пазняк, то гэта проста была асоба, якая была асобна. Мы ніколі не дазведваліся ў яго пра ягоныя справы, а ён нас не лічыў такімі заўзятымі падпольшчыкамі.

У 190-х, калі толькі зараджаўся “Паддашак”, больш-менш сведамых людзей было замала. Iмы займаліся тым, што лічылі патрэбным - у асноўным культурніцкай работай, але абсалютна не цураліся праяваў грамадзкай працы. У грамадзкім плане ўсё пачыналася з Купалля, з падпольных Купалляў, якія якраз прыпадалі на самыя чорныя гады: 1973, 1974, 1976 гг. Падчас святкавання Купалля ў Заслаўі ў ваколіцах хадзілі міліцыянты з аўчарамі і стаялі пажарныя машыны, было вусцішна....

Нас тады цікавіла ўсё, што б сведчыла пра нашу самастойнасць, самабытнасць. Мы нават выпісвалі цытаты з Энгельса, Леніна, дзе нейкім чынам згадвалася пра Беларусь. Цяпер гэта гучыць, магчыма, вельмі смешна, а тады такі быў час. (...)

Мы абсалютна давяралі адзін аднаму, аднак былі дастаткова замкнёным колам. Гэта ўжо нашыя спадкаемцы, "маладзёны", што прыйшлі пасля нас, казыраюць тым, што іхная дзейнасць была накіраваная і вонкі, а ў 1970-х быў зусім іншы час.

...Майстэрня была маленькая, 15 квадратных мэтраў, дый групы, што збіраліся, былі розныя. 3 адной размаўлялі пра гэта, з іншай яшчэ пра нешта. Мы самазасцерагаліся, можа, нават больш, чым трэба. Аднак асяродак быў шырокі, да нас прыязджалі з Віцебска Алесь Лабанок, з Рыгі Вячка Целеш, якіх мы пасвячалі ва ўсе тайны. Асноваю ж “Паддашка” былі мастакі.

Усё пачалося ў 1966 г., калі я атрымаў майстэрню. Да гэтага збіраліся ў прыяцеля, які здымаў пакой. Першымі былі Пеця Драчоў, Валя і Пятро Свентахоўскія, Барыс Мельнікаў, Лявон Баразна. Потым з’явіліся Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец. У 1972 г. мы разам хавалі Лявона Баразну, і ягоная смерць нас загартавала, сцэментавала.

“Паддашак” быў "шырокагаліновым прадпрыемствам". Людзі збіраліся ў мяне, але ў кожнага быў яшчэ свой асяродак. Нам нават цяжка нешта было інкрымінаваць, бо мы займаліся гісторыяй, а нават “Полымя” друкавала такое.

Падобныя сходкі інтэлігенцыі, можа, не такія рэгулярныя, адбываліся і ў некаторых іншых мастакоўскіх майстэрнях - А.Шатэрніка і В.Маркаўца, А.Марачкіна.

Асяродак студэнтаў філфака БДУ. Існаваў у 1978 г. Галоўнае патрабаванне - выкладанне навучальных прадметаў на беларускай мове. За гэтыя патрабаванні А.Разанаў і В.Ярац былі выключаныя з універсітэта.

“Беларуская майстроўня”. Існавала ў 1979-1984 гг. Аб'яднанне, створанае пераважна студэнтамі універсітэта і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, дзейнічала пераважна ў Менску. Ставіла за мэту адраджэнне ў гарадскіх умовах беларускай народнай культуры, усяго беларускага. Пазней сваю актыўнасць “Майстроўня” пачала пашыраць на іншыя гарады Беларусі. Пасля пратэстаў у красавіку 1964 г. супраць зносу будынка былога Менскага гарадскога тэатра пачаліся затрыманні і пераслед сяброў аб'яднання, і яно спыніла сваё існаванне, трансфармаваўшыся ў шэраг іншых, з такой жа культурна-асветніцкай, а таксама палітычнай скіраванасцю дзейнасці (напрыклад, клуб імя Караткевіча і клуб “Талака”).