Беларускі нацыянальны рух у польскіх узброеных сілах (1921–1947)

Як вядома, пасля Рыжскай мірнай дамовы заходняя частка Беларусі з колькасцю насельніцтва звыш 3 млн. жыхароў, з якіх пераважную большасць складалі беларусы, апынулася ў межах Польскай дзяржавы. Варшаўскі ўрад не песціў нацыянальныя меншасці шырокімі магчымасцямі іх нацыянальна-культурнага развіцця. У другой палове 20-х гг. палітыка паланізацыі асабліва яскрава праявілася ў галіне адукацыі і рэлігійных справах у выглядзе закрыцця беларускіх школ і насаджэння польскай мовы пад час набажэнстваў у праваслаўных храмах [1] . У гэтай сувязі асаблівай увагі заслугоўвае становішча беларускай меншасці ва ўзброеных сілах ІІ Рэчы Паспалітай.Трэба адзначыць, што ў міжваенны час беларусы складалі каля 10% асабовага складу Войска Польскага. Напрыклад, на 1923 г. ва ўсіх родах войск налічвалася 24 294 нашыя землякі [2] . Больш паловы з іх знаходзілася ў шэрагах пяхоты, трохі меней - у кавалерыі і артылерыі.

Перад тым як пачаць аналіз становішча беларусаў у шэрагах Войска Польскага, неабходна адзначыць, што ўзброеныя сілы міжваеннай Польскай дзяржавы выкарыстоўваліся ўрадам побач з каталіцкім касцёлам у якасці надзейнага сродка для паланізацыі няпольскага насельніцтва краіны. Неўзабаве польская палітыка ў дачыненні да беларусаў у войску працякала ў рэчышчы агульнадзяржаўных палітычных працэсаў. Так, на пачатку 20-х гг. назіралася даволі лагоднае стаўленне вайсковых уладаў адносна нацыянальных меншасцяў у войску. Не абмінулі гэтыя падзеі і беларусаў. Перш за ўсё гэта было бачна на прыкладзе рэлігійнага жыцця. Так, яшчэ з 1919 г. працягвала дзейнічаць "Агульная пастанова аб капеланах праваслаўнага веравызнання", якая ў асноўным датычылася менавіта беларусаў-вайскоўцаў [3] . Згодна з вышэйзгаданым дакументам дазвалялася без усялякіх абмежаванняў адпраўляць адпаведныя набажэнствы сярод польскіх вайскоўцаў, якія спавядалі гэтае веравызнанне. У 1932 г. польскія вайсковыя ўлады звярнуліся нават да Фабіяна Акінчыца па дапамогу ў падрыхтоўцы выдання "Праваслаўнага малітоўніка для вайскоўцаў" на беларускай мове. Праўда, дадзеная праца так і не была даведзена да канца.

Беларускія нацыянальныя сілы, бясспрэчна, не маглі не ўплываць на нацыянальнае пытанне ў Войску Польскім. У студзені 1923 г. дэпутаты Беларускага пасольскага клуба спрабавалі дамагчыся праз сейм прыняцця закона, які б дазваляў стварэнне на тэрыторыі Заходняй Беларусі замест пастаянных фарміраванняў Войска Польскага, дзе служыла большая частка сярод асабовага складу небеларусаў, тэрытарыяльна-паліцэйскіх часцей, якія б складаліся цалкам з мясцовага насельніцтва [4] . У 1921–1923 гг. плённую працу сярод беларусаў, якія былі прызваны ў Войска Польскае, праводзіў урад БНР, які тады знаходзіўся ў Коўне. Акурат ў Літве дзейнічаў Беларускі асобны батальён, шэрагі якога амаль штотыднёва папаўняўліся за кошт дзесяткаў беларусаў-дэзерціраў з польскіх вайсковых часцей на Гродзеншчыне, якія, не жадаючы служыць чужой дзяржаве, пераходзілі са зброяй праз польска-літоўскую мяжу і далучаліся да суайчыннікаў [5] . Акрамя таго, вядома, што каля 11% польскіх вайскоўцаў-беларусаў у сярэдзіне 20-х гг. падтрымлівалі шчыльныя сувязі з актывам Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), пазней - з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ). Апошняя нават мела даволі буйныя і моцныя партыйныя ячэйкі ў найбольш палітычна надзейнай 1-й пяхотнай дывізіі легіёнаў у Вільні. КПЗБ і камсамол Заходняй Беларусі ў 1926 г. стварылі спецыяльны аддзел дзеля працы сярод вайскоўцаў і прызыўнікоў-беларусаў [6] .

Абавязковая вайсковая павіннасць прадугледжвала заклік працягам на тры гады ва ўзброеныя сілы Польшчы кожнага здольнага да тэрміновай службы грамадзяніна краіны незалежна ад нацыянальнага паходжання. Адпаведна, у шэрагі Войска Польскага траплялі і прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі, у тым ліку і культурныя дзеячы. Так, у розны час праз вайсковую службу прайшлі тагачасны паэт Міхась Васілёк, будучы пісменнік Янка Брыль і шмат іншых. Паколькі 95% польскіх вайскоўцаў беларускага паходжання не мелі спецыяльнай прафесійнай адукацыі, таму належалі да жаўнерскага складу. Толькі нязначная частка беларусаў атрымала афіцэрскае званне. Тым больш што ў 1936 г. Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне, паводле якога забараняўся ўступ у афіцэрскія і падафіцэрскія установы непалякаў. Надалей гэта абумовіла той факт, што сярод шматтысячнага афіцэрскага корпуса Войска Польскага 20% складалі беларусы, якія былі амаль цалкам пазбаўлены нацыянальнай самасвядомасці. Вядома, што беларусамі па паходжанню былі польскія генералы - Пятро Скуратовіч з Бабруйшчыны, Густаў Пашкевіч з Ліды, Язэп Верабей і Нікадзім Сулік. Тым не менш значная частка беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі ўсё ж мела афіцэрскія званні. Так, у якасці прыкладу магчыма прывесці паручнікаў Вінцэнта Жук-Грышкевіча і Пятра Сыча або былога рэдактара газеты "Наша доля" Францішка Умястоўскага. Безумоўна, у войску яны не маглі праводзіць нацыянальныя ідэі.

Вераснёўская кампанія 1939 г. яскрава сведчыць пра тое, што большасць беларусаў не страцілі нацыянальнай свядомасці. Так, 60 тысяч польскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў нямецкім палоне, назваліся беларусамі. Вядома, што ў ваколіцах Берліна ў асобным лагеры ўтрымліваліся 30 польскіх афіцэраў-беларусаў [7] .

Наступная старонка беларуска-польскіх вайсковых узаемадачыненняў - стварэнне польскай арміі ў Францыі ў канцы 1939 – пачатку 1940 г. Пасля паражэння Польшчы ў вераснёўскай кампаніі 1939 г. значная частка польскай вайсковай эліты апынулася ў Францыі, дзе 30 верасня генерал Уладзіслаў Сікорскі стаў на чале эмігранцкага ўрада, а 7 снежня - камандуючым Польскіх узброеных сіл на чужыне. Адной з галоўных мэтаў, якія стаялі перад наваствораным урадам, было сфарміраванне польскай арміі на чужыне. Сікорскі меркаваў, што пры дапамозе французскага боку ўдасца стварыць ажно два пяхотныя корпусы і буйное танкавае злучэнне. У якасці людскога рэзерву разглядалася г. зв. "палонія" з краін Заходняй Еўропы і Амерыкі, а таксама тысячы інтэрнаваных польскіх вайскоўцаў на Балканах і ў Прыбалтыцы. З апошніх было даволі зручна фарміраваць новыя вайсковыя адзінкі, бо яны ўяўлялі сабой ужо гатовыя злучэнні, якія былі раззброены і знаходзіліся ў адмысловых лагерах для інтэрнаваных. Але не хапала людзей, каб укамплектаваць два корпусы. Так, напрыклад, да канца 1939 г. з Румыніі ўдалося вызваліць з 30 000 інтэрнаваных усяго каля 20 000, з Венгрыі з 40 000 - каля 18 000, з Літвы і Латвіі з 15 000 - некалькі тысяч [8] . Гэтая колькасць былых інтэрнаваных была перакінута галоўным чынам праз Югаславію ў французскую Сірыю, дзе з іх пачалі фарміраваць польскія адзінкі, а пасля частку з іх накіравалі ў Францыю. Акурат тут згодна з французска-польскай вайсковай дамовай ад 4 студзеня 1940 г. распачаўся хуткі працэс стварэння польскай арміі ў Францыі. Гэты дакумент прадугледжваў фарміраванне польскіх часцей як па прынцыпу добраахвотнасці, так і меў характар абавязковай, прымусовай мабілізацыі польскіх грамадзян, якія на гэты час стала жылі ў Францыі. Не спраўдзіліся разлікі польскага эмігранцкага ўрада на хвалю папаўнення польскага войска за кошт польскіх эмігрантаў з Паўночнай Амерыкі і Бельгіі. Абедзве краіны яшчэ не знаходзіліся ў стане вайны з Германіяй, таму не маглі дазволіць працу польскіх мабілізацыйных камісій на сваёй тэрыторыі, нягледзячы на тое, што ў адной толькі Бельгіі пражывала больш за 20 000 эмігрантаў з міжваеннай Польскай дзяржавы. За ўвесь час фарміравання ў ЗША і Бельгіі адшукалася толькі 900 добраахвотнікаў. Зразумела, што ўсе спадзяванні ўскладаліся на мабілізацыю ў Францыі, дзе паводле французскіх і польскіх крыніц на 1939 г. знаходзілася 674 600 прадстаўнікоў працоўнай эміграцыі з ІІ Рэчы Паспалітай. Гэта даволі верагодная лічба, паколькі ў міжваенны час для масавай эміграцыі ў гэту краіну склаліся вельмі спрыяльныя ўмовы. Так, Францыя, якая адчувала недахоп працоўнай сілы на шахтах і рудніках, мусіла падпісаць 30 верасня 1919 г. канвенцыю з Польшчай, згодна з якой апошняя высылала штогадова польскіх працоўных на французскія горныя прадпрыемствы. Як вядома, гэта цалкам было абгрунтавана, паколькі ў міжваеннай Польшчы адчувалася беспрацоўе. Асноўная хваля жадаючых падзарабіць у Францыі прыпала на 1921–1926 гг., калі за мяжу выехала каля 300 000 чал., а таксама на 1927–1933 гг., калі ў Францыю выехала яшчэ 262 000 чал. Праўда, каля 200 000 добраахвотнікаў былі палякі з Вестфаліі. Акрамя таго, у гады сусветнага крызісу і пасля яго з ІІ Рэчы Паспалітай ў пошуках лепшай долі эмігравала ў Францыю каля 100 000 сялян [9] .

Што датычыцца трох усходніх ваяводстваў Польшчы, то адсюль у краіны Паўднёвай Амерыкі і Францыю выехала 78 000 жыхароў. Сустракаецца і значна вышэйшая лічба - да 250 000 чал. У асноўным людзі накіроўваліся ў Лацінскую Амерыку, але паводле звестак Аўгена Калубовіча - не менш за 20 000 асела і ў Францыі [10] . Як вядома, арганізацыйнае жыццё беларускай эміграцыі ў гэтай краіне пачалося яшчэ ў 1926 г., якое ў 1930 г. вылілася ў стварэнне намаганнямі Міколы Абрамчыка "Хаўруса беларускіх работнікаў у Францыі". Напрыканцы 30-х гг. арганізацыя налічвала ў сваіх шэрагах некалькі соцень членаў у Парыжы і пяці філіялах у розных дэпартаментах краіны і мела друкаваныя выданні - часопіс "Рэха" і "Бюлетэнь Хаўруса беларускіх работнікаў у Францыі". Па падліках актыву "Хаўруса" па ўсёй тэрыторыі Францыі эмігрантаў з Заходняй Беларусі налічвалася 35 000, якія былі не арганізаваны [11] . Нацыянальна несвядомыя і ў значнай ступені былі схільны да супрацоўніцтва з уласна польскай эміграцыяй. Дарэчы, пра палітычныя погляды нашых землякоў яскрава сведчыць наяўнасць вялікай колькасці польскіх эмігранцкіх асяродкаў, да якіх належала шмат беларусаў. Так, у Парыжы, Тулузе, Марселі, Ліможы і іншых буйных гарадах актыўна дзейнічаў "Саюз польскіх працоўных", які выдаваў некалькі бюлетэняў. Значная частка сялянства з Заходняй Беларусі спрычынілася нават да працы Інтэрнацыянала і ўдзельнічала ў грамадзянскай вайне ў Іспаніі 1936–1939 гг. у складзе Польскай інтэрнацыянальнай брыгады імя Дамброўскага. Варта адзначыць, што ў шэрагах гэтай вайсковай адзінкі ваявала каля 2 тыс. беларусаў, з якіх звыш 200 чал. загінулі на іспанскай зямлі [12] . Далейшы лёс байцоў склаўся трагічна. Так, ў 1939 г. 900 польскіх добраахвотнікаў пасля паражэння рэспубліканцаў зноў вярнулася ў Францыю, але польскі ўрад У. Сікорскага пазбавіў іх грамадзянства па палітычных матывах і адмовіўся залічыць у польскую армію. У сувязі з гэтым французскія ўлады зняволілі іх у асобным лагеры каля горада Вернет Д’Арыега. Паколькі сярод вязняў апынулася і 130 беларусаў, то ўжо ў 1941 г. на іх лёс звярнулі ўвагу дзеячы Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне, якія безвынікова дамагаліся ад ўрада Вішы вызвалення суайчыннікаў [13].

Абсалютная большасць беларусаў-эмігрантаў не мелі французскага грамадзянства, што дазваляла польскім вайсковым колам разглядаць іх у якасці асноўнага людскога рэзерву дзеля закліку ў ствараемую польскую армію ў Францыі, што і пачалося на пачатку 1940 г. Прымусовая мабілізацыя польскага боку выклікала абурэнне сярод кіраўнікоў "Хаўруса" і ў прыватнасці М. Абрамчыка. У склаўшыхся міжнародных абставінах беларускі бок намагаўся атрымаць ад французскага вайсковага ведамства пісьмовую згоду на тое, каб эмігранты-беларусы вербаваліся не ў польскія адзінкі, а французскія. Прытым Абрамчык марыў пра стварэнне ў складзе іншаземнага легіёна асобнага беларускага фарміравання. Усім жадаючым уступіць у беларускія адзінкі "Хаўрус" пачаў выдаваць спецыяльныя пасведчанні аб іх няпольскім паходжанні. І сапраўды, шмат хто з беларусаў, ведаючы французскую мову, упарціўся прызыву ў польскае войска. З лютага па красавік 1940 г. у ваколіцах Парыжа існаваў вярбовачны пункт для добраахвотнікаў у беларускі падраздзел у складзе Французскага іншаземнага легіёна. Улічваючы тую акалічнасць, што знайшліся жадаючыя ўступіць у гэтую адзінку 1200 добраахвотнікаў, то, верагодна, гэта мусіў стаць беларускі батальён [14] . Разгортванне такіх падзей прымусіла польскія вайсковыя колы зрабіць адпаведныя крокі і спыніць такую "беларусізацыю". Апелюючы да таго, што парушаецца французска-польская вайсковая дамова, урад Сікорскага дамогся ў красавіку закрыцця вярбовачнага пункта для беларусаў. У рэшце рэшт, усе беларускія добраахвотнікі былі перададзены ў польскія вайсковыя злучэнні. Неўзабаве пачало назірацца дэзерцірства сярод асабовага складу першых.

3 красавіка 1940 г. "Хаўрус" накіраваў на імя французскага ўрада Мемарандум, у якім змяшчаўся заклік звярнуць увагу французаў на беларускае пытанне ў польска-французскіх вайсковых адносінах. Але толькі 8 чэрвеня кіраўніцтва парыжскай жандармерыі пагадзілася прыняць для размовы прадстаўнікоў "Хаўруса". У выніку на такім нізкім узроўні наўрад ці магчыма было пра нешта грунтоўнае дамовіцца, і справа скончылася тым, што 2/3 беларусаў-добраахвотнікаў былі перададзены ў склад польскай арміі, а астатнім, хто адкрыта ўхіляўся ад уступлення ў польскія адзінкі, было дазволена ўступаць у французскае войска [15] . У ліку апошніх апынуўся вядомы дзеяч на эміграцыі і актывіст "Хаўруса" Лявон Рыдлеўскі. Разам з гэтым, дзейнасць "Хаўруса" распаўсюджвалася на Парыж і яго ваколіцы, таму ў іншых дэпартаментах краіны бесперашкодна ішоў працэс мабілізацыі беларусаў у польскую армію. Увогуле, на момант нападу Германіі на Францыю на тэрыторыі апошняй былі створаны наступныя злучэнні - 1-я грэнадзёрская, тры пяхотныя дывізіі, асобная брыгада падгалянскіх стральцоў, 10-я брыгада панцырнай кавалерыі і інш. агульнай колькасцю 83 тыс. чал. Прадстаўнікі "французскай палоніі" складалі 70–80% асабовага складу, адпаведна - 50 000 чал. Астатнія - інтэрнаваныя польскія вайскоўцы паслявераснёўскай кампаніі 1939 г., дзе працэнт беларусаў быў надзвычай мізэрны. Беларускія тагачасныя эмігранцкія крыніцы падаюць, што 6 000 беларусаў былі мабілізаваны ў польскае і французскае войскі. Наконт гэтай лічбы магчыма паспрачацца, але нават у польскіх вайсковых крыніцах таго часу існуюць звесткі пра прысутнасць нашых землякоў сярод польскіх вайскоўцаў. Так, сярод асабовага складу 1 грэнадзёрскай і 2 пяхотнай дывізій беларусамі ў адпаведных вайсковых дакументах пазначылася 4% жаўнераў, тым часам як гэтыя злучэнні налічвалі па 16 тыс.чал. у кожным. Для параўнання - украінцаў было 6% [16] . Стаўленне вайскоўцаў-палякаў да непалякаў камандаваннем было ахарактарызавана як добрае. Пад час баёў у Нарвегіі і Паўночнай Францыі польскія часці пад французскай камандай страцілі забітымі 1330 вайскоўцаў, у тым ліку - 39 беларусаў [17] . Адпаведная лічба аб стратах беларусаў у складзе французскіх войск невядома. Пасля капітуляцыі Францыі ў чэрвені 1940 г. большасць польскіх вайскоўцаў былі дэмабілізаваны і раззброены, астатнія 12 тыс. - пераправіліся ў Англію і працягнулі далейшае змаганне. "Хаўрус" на перыяд нямецкай акупацыі мусіў часова спыніць дзейнасць. Не менш за 150 беларусаў - былых польскіх вайскоўцаў у Францыі пасля вайны, у 1946–1947 гг., параходамі праз Адэсу вярнуліся ў Беларусь. Значная частка суайчыннікаў (1/3) засталася працаваць на шахтах Данбаса, паколькі за плячыма быў назапашаны досвед працы на рудніках Францыі [18] . Сярод вярнуўшыхся былі нават вайскоўцы брыгады імя Дамброўскага і ўдзельнікі грамадзянскай вайны ў Іспаніі [19] .

У Польскіх узброеных сілах на захадзе (ПУСЗ), якія змагаліся ў складзе брытанскіх войск, былі прадстаўлены ўсімі родамі войск і на ліпень 1946 г. налічвалі 228 000 чал., удзельнічала звыш 30 000 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі [20] . Аднак з моманту засведчання сваёй прысутнасці сярод польскіх вайскоўцаў-беларусаў арганізацыяй "Хаўрус беларускіх работнікаў у Францыі" з 1940 да 1945 г. з’явы такога кшталту не назіраліся. Было гэта звязана з баявымі дзеяннямі і нізкай нацыянальнай самасвядомасцю вайскоўцаў-беларусаў. Толькі пасля заканчэння асноўных баёў у Італіі сярод жаўнераў 2-га польскага корпуса на чале з генералам Уладзіславам Андэрсам пачалі стварацца зямляцкія беларускія гурткі. Арганізацыяй такіх суполак займаліся радавыя вайскоўцы і падафіцэры. Так, сярод вайскоўцаў 5-й крэсавай дывізіі пяхоты (5КДП) гурток стварылі Юрый Весялкоўскі і Павел Навара, сярод 7-й пяхотнай дывізіі - Кастусь Акула, а сярод жаўнераў 3-й дывізіі карпацкіх стральцоў (3ДСК) - Віктар Сянкевіч. Нярэдка такая ініцыятыва адсочвалася і тармазілася з боку польскай вайсковай разведкі [21] . Знешне гэтыя гурткі былі непрыкметныя, паколькі аб’ядноўвалі ў асноўным праваслаўных беларусаў, якія сустракаліся пад час набажэнстваў. Вясной 1945 г. да зямляцкіх гурткоў спрычыніўся паручнік Вінцэнт Жук-Грышкевіч, які на той час з’яўляўся выкладчыкам гімназіі пры 5 КДП у г. Мадэна [22] . Дзякуючы яму і вышэйзгаданым актывістам дывізійных гурткоў 4 сакавіка 1946 г., пад час святкаванняў у Мадэне, адбылося аб’яднанне паасобных беларускіх гурткоў. Далучэнне беларускіх грэка-каталіцкіх святароў а. Гука і а. Сіповіча дапамагло наладзіць адносіны з Радай БНР, якая тады кватаравала ў Францыі. Менавіта праз вышэйзгаданых святароў у Рыме беларусы-вайскоўцы здолелі атрымліваць газету "Беларускія навіны". Варта адзначыць, што да распаўсюджвання газеты беларуская асветная і культурная праца ажыццяўлялася шляхам вуснага чытання лекцый па айчыннай гісторыі. Рада БНР праводзіла палітыку, накіраваную на аб’яднанне і згуртаванне беларусаў-эмігрантаў, якіх падзеі Другой сусветнай вайны параскідалі па розных кутках Еўропы, а Польскія ўзброеныя сілы з’яўляліся акурат тым месцам, дзе землякі былі сабраны ў вялікай колькасці і разам. Але, разам з тым, нацыянальная самасвядомасць польскіх вайскоўцаў беларускага паходжання была нізкай, таму належала выправіць гэтую памылку праз друк.

25 красавіка 1946 г. ад імя Беларускага камітэта самадапамогі ў Рыме (у яго склад па сутнасці ўваходзілі толькі святары - Гук і Сіповіч) у Генеральны штаб ПУСЗ быў высланы дакумент, які змяшчаў наступныя просьбы вайскоўцаў-беларусаў 2-га Польскага корпуса: 1) выдаць вайсковы загад, які б дазваляў свабоднае распаўсюджванне газеты "Беларускія навіны"; 2) дазволіць і прадаставіць практычную магчымасць афіцыйна выдаваць спецыяльна для вайскоўцаў ПУСЗ беларускае выданне акрамя "Беларускіх навін", якія выдаваліся Радай БНР, і вылучыць двух жаўнераў, якім даручыць працу над выданнем; 3) выдаць загад, які б дазваляў легальную дзейнасць сярод вайскоўцаў ПУСЗ арганізацыі "Беларуская самадапамога" [23] . У верасні 1946 г. усе польскія ўзброеныя фарміраванні былі перакінуты ў Англію і зведзены ў адзіную тактычную адзінку - Польскі корпус падрыхтоўкі і размяшчэння (ПКПР). Аднак гэта толькі падштурхнула працу па кансалідацыі беларускага руху. Так, 22 верасня ў Лондане адбыўся сход ініцыятыўнай групы па стварэнню буйной і легальнай арганізацыі вайскоўцаў-беларусаў. Пад час працы гэтага сходу быў прыняты камунікат № 1, дзе адзначалася адносна Польскага войска наступнае: "Звярнуцца да Галоўнага штаба ПУСЗ з просьбай аб выдачы дазволу беларускім жаўнерам польскай арміі на ўступленне ў Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі з паданнем гэтага дазволу ў адпаведным загадзе і абвяшчэннем яго ва ўсіх адзінках польскага войска… Адносна запісу ў ПКПР сход ініцыятыўнай групы беларусаў, пасля ўсебаковага разважання наконт становішча там беларусаў, выказаў меркаванне, што ў сучасных абставінах найлепшым выхадам будзе для беларусаў уступленне ў вышэйзгаданы ПКПР…" 24 Яшчэ адна акалічнасць, якая была на карысць беларускай дзейнасці, - гэта арганізацыйнае аб’яднанне розных польскіх вайсковых злучэнняў у ПКПР, што дазволіла далучыцца да руху вайскоўцам-беларусам з розных фарміраванняў, якія да гэтага былі раскватараваны ў розных месцах. Так, калі раней беларуская дзейнасць была пашырана толькі сярод жаўнераў 2-га польскага корпуса генерала У. Андэрса, які ваяваў у Італіі, то з сярэдзіны 1946 г. гэта было характэрна і для іншых вайсковых адзінак. У прыватнасці, знайшліся актывісты сярод вайскоўцаў злучэнняў 1-га польскага корпуса - 1-й асобнай парашутнай брыгады і 1-й танкавай дывізіі, якія кватаравалі ў Вялікабрытаніі, а пазней удзельнічалі ў вызваленні Францыі, Галандыі і Бельгіі. Напрыклад, да ліку жаўнераў першай адносіцца Васіль Дурэйка - удзельнік вядомай бітвы пад Аргаймам. Тым не менш, большасць актыву беларусаў складалі менавіта вайскоўцы 5-й крэсавай і 3-й карпацкіх стральцоў дывізіі корпуса генерала У. Андэрса. Крыху слабейшы беларускі ўплыў быў сярод асабовага складу яшчэ аднаго злучэння гэтага корпуса - 2-й варшаўскай танкавай дывізіі. Праўда, ужо пасля вайны да беларускай дзейнасці спрычыніліся вайскоўцы гэтай вайсковай адзінкі, у тым ліку вядомыя зараз дзеячы - Хведар Каржаневіч і Міхась Баяроўскі, якія цяпер жывуць у Англіі. Сярод актыўных прыхільнікаў беларускага руху і яго носьбітаў у шэрагах юначага корпуса быў Міхал Швэдзюк.

Такім чынам, бачна, што з гэтага моманту беларускія дзеячы пачалі разглядаць ПУСЗ у якасці сродка для зручнага і хуткага гуртавання суайчыннікаў. Афіцыйны адказ на вышэйзгаданыя просьбы беларусаў прыйшоў са штаба толькі 15 кастрычніка 1946 г. за подпісам генерала Вісьнеўскага, у якім была задаволена адна просьба - дазвол на бесперашкоднае распаўсюджванне сярод вайскоўцаў ПУСЗ выдання "Беларускія навіны" [25] . Праўда, на гэты час распаўсюджванне гэтай газеты і так ішло падпольна. Безумоўна, што для шчыльнага згуртавання вайскоўцаў-беларусаў гэтага было недастаткова. Таму намаганнямі афіцэра В. Жук-Грышкевіча, які меў пэўны аўтарытэт у асяроддзі Генеральнага штаба, 16 лістапада адтуль быў атрыманы афіцыйны дазвол на стварэнне сярод польскіх вайскоўцаў "Беларускай самадапамогі". Начальнік Генеральнага штаба генерал Станіслаў Капаньскі падкрэсліў, што ў ПУСЗ за гады вайны знаходзілася ад 12 да 16 тыс. вайскоўцаў-беларусаў, большасць з якіх была ў складзе 5-й крэсавай дывізіі 2-га польскага корпуса [26] . З боку польскага генералітэта спрыяў беларускаму руху сярод вайскоўцаў ПУСЗ генерал Нікадзім Сулік-Сарноўскі, які быў камандзірам 5-га КДП. Ён сам паходзіў з-пад Саколкі на Беласточчыне і напярэдадні Першай сусветнай вайны належаў да адной з беларускіх студэнцкіх арганізацый пад час навучання ў духоўнай семінарыі ў Пецярбургу. Вельмі прыхільна ставіўся да беларускага фальклору і з жаўнерамі-беларусамі размаўляў на іх роднай мове. Разам з тым, службовая пасада не дазваляла яму легалізаваць сваю прыхільнасць на вышэйшым узроўні і ад спачування перайсці да практычнай дапамогі землякам [27].

Канчатковым афармленнем беларускага руху сярод польскіх вайскоўцаў можна лічыць стварэнне Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), устаноўчы з’езд якога адбыўся 18 студзеня 1947 г. у Лондане [28] . На гэтым мерапрыемстве прысутнічала 150 членаў, амаль усе яны былі былымі польскімі вайскоўцамі розных званняў - ад радавога да паручніка [29] . Дарэчы, варта адзначыць, што вайскоўцы-беларусы, якія стаялі каля вытокаў ЗБВБ, раней праславіліся на палях бітваў, аб чым сведчаць брытанскія і польскія вайсковыя ўзнагароды. Так, сярод пачынальнікаў сустракаюцца кавалеры адразу некалькіх баявых адзнак - Памятны крыжа Монтэ-Касіна, медаль вайны 1939–1945 гг., Зорка Італіі, Зорка Францыі і Германіі, Зорка Афрыкі, ордэн Virtuti Militari i інш. Напрыклад, да ліку ўзнагароджаных гэтымі адзнакамі адносяцца - В. Жук-Грышкевіч і Пятро Сыч (5-й КДП), Кастусь Шыбіцкі (3ДСК), Х. Каржаневіч (2-я танкавая дывізія), В. Дурэйка (1-я асобная парашутная брыгада) і інш. За плячыма гэтых людзей - удзел у такіх вядомых баталіях на заходніх тэатрах баявых дзеянняў Другой сусветнай вайны, як бітвы пад Монтэ-Касіна (Італія, май 1944 г.), Балоньяй (Італія, красавік 1945 г.), паветрана-дэсантная аперацыя пад Аргаймам (Галандыя, кастрычнік 1944 г.) і інш.

Надалей Рада БНР на чале з М. Абрамчыкам падтрымлівала шчыльныя кантакты з былымі вайскоўцамі заходніх саюзнікаў, ушаноўваючы месцы баявой славы землякоў. Так, у 1951 г. Абрамчык усклаў кветкі на вайсковых могілках Монтэ-Касіна ў Італіі, дзе пахаваны 259 палеглых вайскоўцаў-беларусаў з 1078 агульнай колькасці тут загінуўшых 11–18 мая 1944 г. у час штурму 2-м польскім корпусам гэтага стратэгічнага важнага ўзвышша [30] .

Менавіта былыя вайскоўцы ПУСЗ склалі пасля вайны адзін з асноўных асяродкаў беларускай эміграцыі. А з асяроддзя польскіх жаўнераў выйшлі такія вядомыя беларускія грамадскія і культурныя дзеячы на чужыне, як Пятро Конюх, Пятро Сыч і інш. Разам з тым, неабходна падкрэсліць: нягледзячы на плённую працу беларускіх дзеячаў сярод польскіх вайскоўцаў большасць суайчыннікаў не была прасякнута нацыянальнай ідэяй. Так, апрача дзейнасці ЗБВБ, якое налічвала некалькі соцень членаў былых вайскоўцаў ПУСЗ, асноўная частка беларусаў растварылася ў масе пасляваеннай эміграцыі, не спрычыніўшыся ні да польскага руху, ні да беларускага. На працягу 1946–1948 гг. каля 5 тыс. былых вайскоўцаў ПУСЗ вярнуліся на радзіму - у БССР [31] .

Што датычыцца беларусаў сярод афіцэрскага складу, то толькі лічаныя адзінкі ўліліся ў беларускае жыццё. Большасць беларусаў-афіцэраў з-за палітыкі апалячвання, якая наскрозь працяла польскія ўзброеныя сілі з самага пачатку іх існавання, далучыліся да польскага эмігранцкага руху. Нягледзячы на тое, што каля 2 тыс. беларусаў у польскіх часцях брытанскага войска мелі афіцэрскае званне.

Праявы беларускага нацыянальнага і культурнага руху ў шэрагах польскіх вайскоўцаў былі абумоўлены тымі абставінамі, што ў корпус генерала У. Андэрса трапіла частка беларускіх дзеячаў, якія да вайны ўдзельнічалі ў нацыянальным руху. Акрамя таго, беларускі рух атрымаў развіццё толькі пасля таго, як былі скончаны баявыя дзеянні. Менавіта абставінамі вайны была абумоўлена няўдалая нацыянальная праца сярод польскіх вайскоўцаў у Францыі. Польскае войска заўсёды лічылася надзейнай апорай дзяржаўнасці, дзе панавалі скептычныя адносіны да нацыянальных меншасцяў і іх праяў, таму беларускі рух не здолеў знайсці шмат прыхільнікаў сярод беларусаў-вайскоўцаў у разглядаемы перыяд, як у міжваенны, так і ў пазнейшы час.

Крыніца: Інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь "КАНТАКТЫ І ДЫЯЛОГІ"

Літаратура:

  • [1] Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа: складанасці развіцця (1921–1939); Навіцкі У. Рэлігійнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1921–1939) // Назаўсёды разам. Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999. С. 60–77.
  • [2] Gomуółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992. S. 141.
  • [3] Sieniński H. Polskie duszpasterstwo wojskowe. Warszawa, 1994. S. 50.
  • [4] Мірановіч Я. Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999. С. 89.
  • [5] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 325, воп. 1, спр. 37, арк. 58–59.
  • [6] НА РБ. Ф. 242, воп.1, спр. 261, арк. 55.
  • [7] Раніца: Беларуская тыднёвая газэта ў Нямеччыне. 1939. № 1; Вініцкі А. Матар’ялы па гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939–1951 гадох. Мн., 1994. С. 7; Максімюк. Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне. 1945–1950. Нью-Ёрк; Беласток, 1994. С. 4.
  • [8] Zaron P. Agresja Związku Radzieckiego na Polskę 17 września 1939 r.: Los jeńców polskich. Toruń, 1998. S. 105.
  • [9] Biegański W. Oblicze społeczne Armii Polskiej we Francji. 1939–1940 // Wojskowy Przegląd Historyczny. 1964. Nr 2. S. 103–104.
  • [10] Гісторыя Беларусі ў дзвюх частках / Пад рэд. Новіка Я. К. і Марцуля Г. С. Мн., 2000. Ч. 2. С. 198; Колубович Е. Восемь волн белорусской эмиграции // Неман. 1992. № 2. С. 150.
  • [11] Бюлетэнь Хаўрусу беларускіх работнікаў у Францыі. 1937. № 1.
  • [12] Polacy w wojnie hiszpańskiej / Pod red. Michała Bronia. Warszawa, 1963. S. 48.
  • [13] Раніца. 1941. 10 верас.
  • [14] Рыдлеўскі Л. З жыцьця і дзейнасьці М. Абрамчыка // З гісторыяй на "Вы". Мн., 1994. Вып. 3. С. 128; Змагар А. Успаміны пра беларускіх нацыяналістаў // Спадчына. 2000. № 4. С. 152.
  • [15] Раніца. 1941. 10 верас.
  • [16] Biegański W. Oblicze… S. 114–115.
  • [17] Wykaz poległych i zmarłych żołnierzy Polskich Sił Zbrojnych na obczyźnie. 1939–1946. Londyn, 1952. S. 1–4, 11–14.
  • [18] НА РБ. Ф. 7, воп. 3, спр. 1923, арк. 23.
  • [19] НА РБ. Ф. 787, воп. 2, спр. 6, арк. 113.
  • [20] Сянкевіч В. Пра ўдзел беларусаў на заходніх франтох Другой сусьветнай вайны // Зважай. 1988. № 2. С. 6–8.
  • [21] Акула К. Змагарныя дарогі. Мн., 1994. С. 439.
  • [22] Весялкоўскі Ю. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997. С. 109–110.
  • [23] Na Šlachu. 1947. Nr 1.
  • [24] Беларускія навіны. 1947. № 1.
  • [25] Дзесяцігодзьдзе ЗБВБ (1947–57) // Бацькаўшчына. 1957. № 11–12.
  • [26] Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё і дзейнасьць Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 75.
  • [27] Sulik N. Okruchy wspomnień. Białystok, 1993. S. 118.
  • [28] Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё… С. 76.
  • [29] Архіў аўтара. Фонд Ю. Весялкоўскага.
  • [30] За волю. 1951. № 3.
  • [31] НА РБ. Ф. 787, воп. 2, спр. 31, арк. 13–16; Tuchowski J. Spod Monte Cassino na Sybir: Deportacja byłych żołnierzy Polskich Sił Zbrojnych na Zachodzie z Białorusi, Litwy i Ukrainy w roku 1951. Warszawa, 1998.