Беларуская партызанка

Увесь час камуністычнага панаваньня любыя згадкі пра беларускі нацыянальны партызанскі рух у гады нямецкай акупацыі 1941-44 гг. былі забаронены. Больш таго, рабілася ўсё магчымае, каб зьнішчыць або надзейна прыхаваць дакумэнты, якія сьведчылі б пра дзейнасьць беларускіх партызанаў, каб прымусіць замаўчаць (многіх - назаўсёды) жывых сьведкаў. Камуністычная ўлада прапагандавала толькі савецкі партызанскі рух, які пачала называць "беларускім". Сапраўдным жа беларускім партызанам не было месца ў афіцыйнай гісторыі...

Беларуская самаабарона на Палесьсі

Напярэдадні нямецка-савецкай вайны нямецкая вайсковая выведка (абвэр) зьвярнула пільную ўвагу на ўкраінска-беларускае Палесьсе. Нямецкае вайсковае камандаваньне меркавала, што палескія балаты й лясы не дазволяць выкарыстаць тут танкавыя часткі й гэта можа прывесьці да доўгіх і крывапралітных баёў. Было вырашана абыйсьці Палесьсе й пакінуць яго ў сваім тыле. Але трэба было падумаць якім чынам нейтралізаваць аддзелы Чырвонай Арміі, якія павінны былі апынуцца ў "палескім катле".

Для вырашэньня гэтай задачы абвэр наладзіў сувязі з украінскімі й беларускімі нацыяналістычнымі арганізацыямі, што дзейнічалі на акупаванай немцамі тэрыторыі Польшчы. На Валыні найбольшы ўплыў мела вайсковая арганізацыя "Украінскае Нацыянальнае Вызваленьне", якая нелегальна дзеяла яшчэ пад польскай акупацыяй. Яе кіраўнік, атаман Максім Баравец ("Тарас Бульба"), пасьля перамоваў з абвэрам, нелегальна перабраўся на Валынь і аднавіў структуры сваёй арганізацыі. Баравец знаходзіўся ў апазыцыі да Арганізацыі Украінскіх Нацыяналістаў (ОУН) ды дзейнічаў пад палітычным кіраўніцтвам апошняга прэзыдэнта Заходне-Украінскай Рэспублікі А. Лівіцкага. На Палесьсі існавалі й невялікія ўзброеныя групы ўкраінскіх вайскоўцаў ("Украінскае лазавое казацтва", "Вовкі" ды іншыя), якія кантактавалі з ОУН.

Абвэр наладзіў сувязь з беларускай групай Шчорса-Гадлеўскага, якая выступала, як нацыяналістычная арганізацыя "Беларускі Нацыянальны Фронт", а на самой справе разбудоўвала ў Польшчы падпольныя структуры Беларускага Рэзыстансу. "Фронт" спрычыніўся да арганізацыі беларускіх дывэрсыйных груп, якія перакідваліся ў БССР. Сярод беларускіх вайскоўцаў-дывэрсантаў былі й ведамыя нацыяналісты: Родзька, Вітушка, Гугель, Вежан, Контаўт, Зыбайла ды інш. Наколькі пасьпяхова яны працавалі на заходнебеларускім Палесьсі - невядома. Аднак ужо ў першыя дні вайны тут паўсталі аддзелы Беларускае Самаабароны (БСА) па вёсках, якія фактычна перанялі ўладу на вялікім абшары. Немцаў у гэтых мясцовасьцях яшчэ ня было й беларусы сталі гаспадарамі цэлых раёнаў.

На заходнеўкраінскім Палесьсі "бульбаўцы" выйшлі з падпольля 22 чэрвеня 1941 году й утварылі Палескую Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі (ПС УПА) на чале з атаманам Бараўцом. Аддзелы ПС УПА захоплівалі склады са зброяй, нападалі на вайсковыя транспарты, разганялі калоны мабілізаваных.

Няма дакладных зьвестак аб кіраўніцтве Беларускае Самаабароны, але можна меркаваць, што ў яго ўваходзілі былыя кіраўнікі антыпольскага паўстаньня ў верасьні 1939 г., якія ацалелі ад рэпрэсій НКВД. Дзесьці на пачатку жніўня 1941 года на беларускім Палесьсі адбылася сумесная канфэрэнцыя прадстаўнікоў БСА і ПС УПА. Дэлегацыю "бульбаўцаў" узначальваў атаман П. Даўмацюк-Налівайка й яна ехала на нараду, каб "устанавіць /з беларусамі/ самы цесны кантакт на цяпер і на будучае". Ад Самаабароны ў ёй удзельнічалі: Васіль Вір - былы прэм'ер Ураду Заходне-Беларускай Рэспублікі ў верасьні 1939 году, атаман Якуб Харэўскі, Усевалад Родзька і Міхал Вітушка. Беларускі бок поўнасьцю пагадзіўся з прапанаваным украінцамі плянам па ачышчэньню ўсіх палескіх зямель ад "расейска-бальшавіцкага тэрору". Васіль Вір успамінае, што было заключана пагадненьне "аб сумесных дзеяньнях у пераходных раёнах Ратна, Столін, Дубровіца, Маларыта, Камень-Кашырск супраць пазасталых цэлых камуністычных зьвязаў і проціў мясцовых камуністаў, а нават палякаў, якія перадусім, асаднікі, стварылі свае партызанскія аддзелы ў супрацы з камуністамі".

Штаб ПС УПА і БСА распрацавалі плян вайсковай апэрацыі. Усе раёны на ўсход ад лініі Слуцак-Лунінец у напрамку Мазыра павінны былі вызваляць беларусы, а ўкраінцы - раёны Столін-Сарны-Олеўск-Зьвяльге-Оўруч. Пачынаючы з 20 жніўня 1941 г. 10 тысяч "бульбаўцаў" і 5 тысяч жаўнераў БСА, разьбітыя на "лятучыя" брыгады, раптоўнымі начнымі налётамі захопліваюць горад за горадам, вёску за вёскай, пакуль, нарэшце, не аб'ядноўваюцца ў раёне Мазыра. Немцы ў гэтай апэрацыі ня ўдзельнічалі, а толькі назіралі за ходам падзей.

Сёньня ўкраінскія гісторыкі шмат пішуць пра падзеі на Палесьсі ў жніўні 1941-га. Яны адзначаюць, што апэрацыя "мела нацыянальны, палітычны і вайскова-стратэгічны характар" і што яна "паказала перавагі слаба ўзброенай, дрэнна арганізаванай, але багатай народным духам і пачуцьцём нацыянальнай годнасьці супольнай арміі ўкраінцаў і беларусаў над яшчэ моцнымі чырвонымі партызанамі і фарміраваньнямі Чырвонай Арміі".

У кожным вызваленым ад савецкіх акружэнцаў, партызанаў і атрадаў НКВД раёне беларусы і ўкраінцы стваралі свае ворганы ўлады, выдавалі газэты, дзялілі зямлю. Аднак у кастрычніку 1941 года ў раёны Палесься прыбылі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі, якія пачалі ўстанаўліваць свой "новы парадак". Яны падначалілі сабе мясцовую паліцыю. У адказ на гэта, 15 лістапада 1941-га ПС УПА афіцыйна абвесьціла аб сваім самароспуску і прыхавала зброю. Беларуская Самаабарона, як меньш цэнтралізаваная структура, падзялілася: у многіх вёсках аддзелы БСА функцыянавалі далей, як паліцыя, іншыя самараспусьціліся або адыйшлі ў лясы, а супрацоўнікі абвэра Ўсевалад Родзька і Міхал Вітушка працягвалі працаваць на легальных становішчах. Цікава, што нават вясковая паліцыя не хавала сваіх антынямецкіх настрояў. Гэта пацьвярджаюць успаміны В. Віра, які піша, што "калі немцы, усталяваўшыся, пачалі пасылаць у маёнткі свае атрады, зложаныя з галічанаў-бандэраўцаў, нашыя аддзелы іх выкурвалі. Разам з намі дзеяла і вясковая дапамаговая паліцыя, складзеная з беларусаў (маёнтак Пескі і Марачанскія саўгасы). Толькі пагадзя наш гэты збройны абаронны рух аформіўся ў Беларускую Народную Партызанку..."

Беларуская Самаабарона стварыла сваю вайсковую форму. Васіль Вір цьвердзіць, што "гэта былі ўшытыя з савецкіх, пясковага колеру шынялёў, фрэнчы і шапкі-кэпі (на ўзор аўстрыяцкіх) з Ярылавым крыжом. Мелі савецкія шоламы з гэткім-жа крыжом, намаляваным жоўтым або белым колерам".

Тыя аддзелы БСА, якія пайшлі ў лясы, арганізавалі беларускую нацыянальную партызанку на Палесьсі. Атаман Язэп Таўпека пісаў на эміграцыі, што "зімой 1941 году ў лесе была амаль выключна нашая партызанка, вядома цесна зьвязаная зь вёскай і больш перахоўваючыся ў вёсках, чым у лесе".