Беларуская партызанка

Беларуская Народная Грамада

Вядомы актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады 1925-27 гг. і Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі Юльян Саковіч на пачатку вайны выратоўваецца з турмы НКВД й вяртаецца ў родныя мясьціны. Але там панаваў тэрор польскай паліцыі, якая дзейнічала пры акупацыйных уладах. Нейкім цудам Саковіч вырваўся ў Менск, дзе ўжо былі створаны беларускія ўстановы й паліцыя. Як былы бальшавіцкі вязень, ён атрымоўвае давер немцаў і ўзначальвае беларускую паліцыю Менскае акругі, адміністрацыйны аддзел Беларускае Народнае Самапомачы (БНС). Ён уваходзіць у кантакт з Усеваладам Родзькам і ўступае ў нелегальную Беларускую Незалежніцкую Партыю, неўзабаве становіцца сябрам ЦК БНП, кіраўніком Менскага акруговага камітэту партыі.

Саковіч лічыў, што ў існуючай сытуацыі ацалеўшым грамадоўцам трэба "уактыўніцца і пайсьці на ўданую (фальшывую) супрацу з акупантам, каб абсадзіць сваімі людзьмі ключавыя адміністрацыйныя пазыцыі, перадусім, кіраўніцтва збройнымі сіламі, якой у той час была створаная немцамі дапамаговая мясцовая паліцыя, і гэтым самым ратаваць перад зьнішчэньнем з польска-гітляроўскіх рук беларускі актыў. А па-другое, паралізаваць знутра гітляроўскіх калябарантаў на ўзор Ермачэнкі і грамадоўскага рэнегата Акінчыца".

Юльян Саковіч распачаў пошукі сяброў грамадоўскай групы. Навязаўшы зь імі кантакт, ён уладкоўваў грамадоўцаў на працу ў акруговыя камітэты Беларускай Народнай Самапомачы, адзінай у той час легальнай беларускай арганізацыі. Увосень 1941 года ў Менску адбылася нелегальная канфэрэнцыя, якую склікаў Саковіч пад выглядам інструктажа працаўнікоў камітэтаў Самапомачы. Усяго было 9 чалавек: 6 - з Заходняй Беларусі (Хмара, Лукашык, Гелда, Стасевіч, Вір і Трэска), 3 - зь Менску (Саковіч, Галейка й яшчэ адзін чалавек, прозьвішча якога пакуль невядома). Сяргей Хмара ўспамінае: "На патайной канфэрэнцыі грамадоўцаў абмяркоўвалася справа сытуацыі, якая склалася, ацэньваліся міжнародныя падзеі і пэрспэктывы на будучыню, ды выпрацоўваліся накірункі дзейнасьці пад гітляроўскай акупацыяй.

Канфэрэнцыя прыйшла да высновы, што Нямеччына, праўдападобна, захопіць усю цэнтральную частку Эўрапейскае Расеі, але вайны хутка скончыць ня зможа і можна прыпушчаць, што расейска-нямецкая вайна абернецца ў другую "Японска-кітайскую" вайну, і як тая, праўдападобна, будзе цягнуцца доўгія гады, зь няведамым канчальным вынікам. У гэтым палажэньні беларусам трэба дбаць пра стварэньне і захаваньне, як мага, у цэласьці сваіх збройных сілаў, пад якімі колечы формамі гэта ўдасца праводзіць. Збройныя сілы - гэта гарантыя перад палітыкай захопніцкіх імпэрыялістычных драпежнікаў, якія ці ў форме нейкай прышлай "белай Расеі", Польшчы ці іншых, спрабуюць зноў налажыць ярмо на беларускі народ, пасьля ліквідацыі нямецкай акупацыі, пад ціскам заходніх дзяржаваў ці зь нямецкіх палітычных хадоў. Калі гэтыя ўстаноўкі былі прынятыя аднагалосна (тварыць і апаноўваць пад сваё кіраўніцтва ўсе збройныя фармацыі, складзеныя з беларусаў), дык пытаньне ўваходу грамадоўцаў у паднямецкую беларускую адміністрацыю... ўзьняло гострыя спрэчкі..."

Ю. Саковіч, падтрыманы Лукашыкам, а таксама й Іванам Гелдай, уважаў, што трэба апанаваць усе важнейшыя постані адміністрацыі праз сваіх людзей, што дасьць магчымасьць рэалізоўваць свае нацыянальныя патрэбы праз адміністрацыю й акупацыйныя ўлады, ды мець гатовы адміністрацыйны апарат на выпадак разгрому немцаў саюзьнікамі. Хмара, Вір і Стасевіч выступілі з супрацьлеглай прапановай. Яны лічылі, што грамадоўцы не павінны займаць ніякіх адказных пасадаў у мясцовай адміністрацыі, бо "гэта будзе, хай сабе і паднявольная, але калябарацыя". Больш таго, бурмістры гарадоў і начальнікі акруг вымушаныя былі б выконваць загады акупантаў, накіраваныя супраць свайго народу. Таму акрамя пасадаў у камітэтах Самапомачы, якія грамадоўцы мусілі апанаваць, дапушчальнымі маглі быць толькі культурна-асьветныя становішчы, як дырэктары тэатраў, музэяў, кіраўнікі мастацкай самадзейнасьці, настаўнікі, інжынеры, аграномы, лекары. Аднак спрэчкі да згоды не давялі, і таму, да наступнай канфэрэнцыі справу супрацоўніцтва або не супрацоўніцтва з акупантамі пакінулі адкрытай на адказнасьць паасобных сяброў.

Прапанова Сяргея Хмары і іншых аб утварэньні сьціслых арганізацыйных рамак з выканаўчым камітэтам сустрэлася з супрацівам Юльяна Саковіча. Ён абаснаваў сваю пазыцыю малою колькасьцю наяўнага актыву, бо грамадоўцаў на месцах было вельмі мала, і ў выпадку правала, уся група была б ліквідавана немцамі.

Такім чынам Грамада была адноўлена пад назовам "Беларуская Народная Грамада". Дзеля кансьпірацыі назоў "Грамада" або "Змаганьне" было вырашана не выкарыстоўваць, замяняючы яго сынонімам "МЫ". Было вырашана ні ў якім выпадку не пісаць партыйных улётак і дакумэнтаў. Канфэрэнцыя вырашыла, што арганізацыйнымі адзінкамі будуць "тройкі" - камітэты з трох сяброў. Кожная гэткая "тройка" кантактавала з Саковічам (кіраўніком арганізацыі) і іншымі "зьвеньнямі" праз свайго кіраўніка. Галоўныя нарады абмяжоўваліся да самых неабходных, з вузкім колам. Фактычна, атрымалася так, што кожная "тройка" мусіла дзеяць самастойна, маючы вельмі рэдка кантакты зь іншымі. Арганізацыя была нешматлікай і нават не ва ўсіх заходнебеларускіх гарадах былі грамадоўскія "тройкі".

Канфэрэнцыя выказала думку, што калі ня ўдасца дабіцца ад акупацыйных уладаў самастойнага беларускага корпусу паліцыі, на чале якога стаў бы Юльян Саковіч, як Галоўны камэндант, тады ён павінен будзе пакінуць паліцыйны пост.