Беларуская партызанка

Івацэвіцкая канфэрэнцыя Беларускае Народнае Партызанкі

Калі на Палесьсі ўжо летам 1941 году арганізаваліся паўстанцкія аддзелы Беларускае Самаабароны, дык у іншых раёнах, як Наваградчына, Лідчына, Слонімшчына, Ружаншчына й інш., у першыя месяцы вайны арганізавалася стыхійная партызанка. У лес уцякалі беларускія актывісты перад пагрозаю зьнішчэньня немцамі па польскаму даносу, або нават самой польскай паліцыяй, "як камуністаў". Напрыклад, у Слоніме летам 1941-га па даносу польскага агента Рымшы, было расстраляна каля 100 беларускіх актывістаў. Стыхійная партызанка арганізоўвалася для самаабароны й не праводзіла нападаў на немцаў. Вясною 1942 году да яе далучыліся шматлікія ўцекачы ад гітляроўскага тэрору. У лес людзі йшлі цэлымі сем'ямі й нават вёскамі. З'явіліся камандзіры, нярэдка з былых савецкіх афіцэраў.

Атаман Язэп Таўпека пісаў: "першыя савецкія групкі з акружэнцаў-жаўнераў і перадусім афіцэраў і камуністаў згрупаваліся па лясах адразу, але сустрэўшы агульнае варожае стаўленьне насельніцтва Заходняй Беларусі, яны ўсе накіроўваліся на ўсход, каб прабіцца да сваіх. Мы зь імі сутыкаліся і пасьля размоваў мірна разыходзіліся. Яны прабіваліся да сваіх, мы зноў сядзелі ў лесе на сваёй тэрыторыі. Паза імі хаваліся ў лесе дробныя групкі з акружэнцаў, па некалькі чалавек - марадзёраў. Гэтыя рабавалі насельніцтва, дамагаліся сала, самагону, забівалі адмаўляючых. Але ў нашых ваколіцах мы іх хутка вычысьцілі. Жаўнеры-акружэнцы з большага, не падаліся разам са сваімі афіцэрамі і камуністамі на ўсход, але папрыставалі ў вёсках за работнікаў да сялянскіх сем'яў. Немцы ня толькі гэта дазвалялі, але і звальнялі ваеннапалонных з лягероў, калі ў лягер прыязджаў селянін і прасіў... Першыя /савецкія/ дэсантныя групы большага памеру /былі/ выкінутыя ў 1942 годзе, і тады вось яны выдалі загад усім "прымакам", як "ваеннаабавязаным", з'явіцца ў лес пад пагрозай расстрэлу, як дэзерціраў тых, хто не з'явіцца. Немцы, убачыўшы гэтае, загадалі ўсім палонным, хто яшчэ не пайшоў у лес, з'явіцца на зборныя пункты і адправілі ў лагер, каб і яны не пайшлі. Хто ўцалеў, вядома пабег сам у лес. Але ня ўсе ўліліся і хацелі ўліцца ў савецкую партызанку, многія далучаліся да нашых атрадаў і так паўстаў не адзін мяшаны атрад".

Неабходнасьць барацьбы з савецкімі марадзёрамі, якія рабавалі сялян, гвалцілі сялянак, правакавалі на карныя меры немцаў, садзейнічала навязаньню сувязі паміж патрыятычнымі атрадамі й групамі. На тэрыторыі Піншчыны, Целяханшчыны, Ружаншчыны, Слонімшчыны ў 1942 г. беларускія атрады налічвалі больш 3000 партызан (разам з сем'ямі). У гэты час савецкая партызанка мела тут значна меншыя сілы.

Нелегальная Грамада праз сваіх сяброў у гэтых атрадах наладжвае сувязь з партызанкаю, з мэтай усталяваньня кантактаў паміж аддзеламі й іх аб'яднаньня пад адзіным кіраўніцтвам. На пачатку ліпеня 1942 г. на хутары, недалёка ад Івацэвіч, адбылася першая нарада камандзіраў беларускіх партызанскіх аддзелаў і трох прадстаўнікоў Грамады (Хмара, Вір, Стасевіч). Была ўтворана "Лава атаманаў", якая мела быць паразумеўчым ворганам партызанаў і зьбірацца ў разе патрэбы. Па адных зьвестках, на нарадзе было 12 атаманаў, па другіх - 8. Пад Івацэвічы з'ехаліся камандзіры атрадаў з Ружаншчыны (трох), Косаўшчыны (адзін), Целяханшчыны (адзін), Піншчыны (два), з Ліпічанскай пушчы (адзін). Але фактычна кожны зь іх меў уплыў і на некалькі іншых партызанскіх аддзелаў, якія па прычыне "адсутнасьці ў іх людзей палітычна вырабленых, ня выказаліся ясна, але ўсё ж трымаліся больш-менш асноўных палажэньняў беларускага кірунку".

Лава атаманаў адобрыла пазыцыю палітычнага цэнтру - Беларускай Народнай Грамады - стасаваць у партызанцы "засаду ператрываньня" (г. зн. чаканьня адпаведнага моманту для збройнага выступленьня). Былі прынятыя асноўныя тактычныя й стратэгічныя напрамкі дзейнасьці партызанкі:

"1. Нашай мэтай ёсьць захаваньне боездольнай збройнай сілы ў як найбольшай цэласьці да часу, калі пры развале і абязсіленьні акупанта і ягонага супраціўніка, нам прыдзецца бараніць свой народ і ягоную незалежнасьць ад спробаў захопу нашае бацькаўшчыны іншымі акупантамі.

2. Таму берагчы як мага нашых партызан ад устраганьня ў непатрэбныя збройныя дзеі з акупантам, што можа давесьці да людзкіх стратаў і зьнішчэньня паасобных нашых збройных груп.

3. Збройны супраціў праводзіцца толькі тады, калі акупант нападзе на наш аддзел, або суседні наш аддзел, ці на вёску, зьвязаную з нашымі атрадамі.

4. Суадносіны з падпарадкаванымі савецкаму кіраўніцтву атрадамі: нейтралітэт. Збройны супраціў, калі яны ўвойдуць, ня гледзячы на забарону ў зону аседку нашага аддзелу. Збройная расправа з марадзёрамі, пасьля папярэджаньня, калі яны рабуюць вёскі, ці падводзяць іх пад нямецкую расправу сваімі правакацыйнымі дзеяньнямі".

Па адных зьвестках, ужо на першай канфэрэнцыі была ўтворана "Беларуская Народная Партызанка" - аб'яднаньне партызанскіх атрадаў на чале з палкоўнікам Іванам Шанько (камандзір партызанскага аддзелу, былы лейтэнанат Чырвонай Арміі, рангу яму падвысіла Лава атаманаў), які ўзначаліў Галоўны Штаб партызанкі. У створанае палітычнае кіраўніцтва ўвайшлі: Сяргей Хмара, Васіль Вір (Пінскі) і Юрка Стасевіч, які стала знаходзіўся ў партызанскім атрадзе атамана Я. Таўпекі. Па іншых зьвестках, на першай нарадзе была ўтвораная толькі Лава атаманаў, а цэнтралізаванае кіраўніцтва Беларускае Народнае Партызанкі арганізавалася на другой канфэрэнцыі Лавы ў лістападзе 1942 года.