Беларуская партызанка

Беларуская Народная Грамада і Беларуская Народная Партызанка ў 1942-1943 гадах

Другая канфэрэнцыя Беларускай Народнай Грамады адбылася ў Менску напрыканцы 1942 году. На ёй прысутнічала 8 дэлегатаў. Канфэрэнцыя дала магчымасьць грамадоўцам больш цьвяроза ацаніць сытуацыю й прыняць праграму далейшай дзейнасьці. Справа цэнтралізацыі паліцыйных і вайсковых аддзелаў пад беларускім кіраўніцтвам няўдалася, бо сустрэла супраціў немцаў. Юльян Саковіч страціў сваю пасаду камэнданта паліцыі Менскае акругі, быў камандантам Менскае паліцыі, а са жніўня 1942 г. працаваў у БНС. Слонімская Брыгада Самааховы, якая за кароткі час арганізавалася, пры ўдзеле грамадоўцаў, летам 1942 года, была раззброеная немцамі і распушчаная.

Сяргей Хмара ўспамінае, што "удзельнікі канфэрэнцыі вымушаны былі заняцца справай іншых збройных беларускіх аддзелаў, а менавіта лясной партызанкі. Беларуская партызанка паўстала, зараз-жа пасьля першай грамадоўскай канфэрэнцыі ў Менску, не як вынік дзеяньняў грамадоўскіх актывістаў на месцах, але стыхійна праз уцёкі ў лес перад масавымі арыштамі грамадоўцаў з вёскі... Найбольш гэтакіх аддзелаў абаснавалася на Палесьсі... На чале беларускіх партызанскіх аддзелаў высунуўся сваёй актыўнасьцю, вайсковай здольнасьцю былы афіцэр савецкай арміі Шанько, які выратаваўся зь нямецкіх рук і ўцёк у лес, ды далучыўся да грамадоўскага партызанскага аддзелу ў Ружаншчыне. Канфэрэнцыя поўнасьцю пацьвердзіла дасюлешняе становішча да партызанскае тактыкі".

Плянавалася супраца з савецкімі партызанамі ў барацьбе супроць нямецкіх карных экспедыцый, а таксама ў дастаўцы зброі й амуніцыі. Было вырашана ўпаважніць палкоўніка Шанько весьці перамовы ў гэтай справе з кіраўніком Берасьцейскага пракамуністычнага антыфашыстоўскага камітэту Язэпам Урбановічам, а атамана Канстанчука накіраваць у Белавежскую пушчу дзеля скаардынаваньня дзейнасьці стыхійна паўсталых там беларускіх партызанскіх аддзелаў. Было пастаноўлена зьвярнуцца да іншых беларускіх груповак з прапановай супольнага фронту супраць нямецкіх акупантаў, а з тэхнічных пастаноў: спрабаваць зарганізаваць кур'ерскую сетку, якая павязала-б міжсобку грамадоўцаў Менску, Вільні, Беластоку, Пінска, Берасьця, Слоніма.

Канфэрэнцыя даручыла Васілю Віру арганізаваць кансьпіратыўную сетку БНГ на Піншчыне. Падымалася пытаньне арганізацыі свайго замаскіраванага прэсавага легальнага воргану. Гэта было рашэньне яшчэ першай канфэрэнцыі. Але была зробленая выснова, што "пры вострай акупацыйнай цэнзуры легальных магчымасьцяў для грамадоўскай прэсы няма". Другая канфэрэнцыя БНГ прыняла прапанову Хмары і Стасевіча "аб некалябараваньні зь немцамі ў адміністрацыйнай дзялянцы".

У лістападзе 1942 г. пасьля таго, як на Палесьсе пачалі масава скідвацца савецкія дэсантнікі й чэкісты ды ўзмацніліся нямецкія карныя акцыі, каля Целяханаў (Берасьцейшчына) прайшла Другая канфэрэнцыя Лавы атаманаў Беларускае Народнае Партызанкі. Канфэрэнцыя пастанавіла ўтварыць Галоўны Штаб Беларускага партызанскага руху на чале з палкоўнікам Іванам Шанько і ягонымі намесьнікамі: атаманамі Харэўскім і Суворым. Такім чынам, Беларускі антыгітляроўскі збройны рух у Заходняй Беларусі стаўся цэнтралізаванай партызанскай сілай, зьвязанай патайнымі сувязямі з беларускімі падпольнымі арганізацыямі і з легальнымі вайсковымі фармацыямі. Атрады народнае партызанкі дзейнічалі на Гарадзеншчыне, Берасьцейшчыне і Піншчыне ды ў 1943 годзе налічвалі больш 5 тысяч чалавек.

Грамадоўцы, выконваючы пастановы 1-й і 2-й канфэрэнцыяў, спрабавалі залажыць легальны часапіс "Барацьба" ці "Покліч", як ворган Слонімскага камітэту Самапомачы. У Слоніме былі журналісты-грамадоўцы, якія спрабавалі ажыцьцявіць гэты праэкт, але немцы забаранілі выданьне часапіса. Не атрымалася арганізаваць падобнае выданьне ў Баранавічах і Наваградку.

В.Вір, які наладжваў кансьпіратыўную сетку Грамады на Піншчыне, сустрэў супраціў украінскіх нацыяналістаў, якія былі на службе ў немцаў. У Пінскім СД загінулі сябры арганізацыі Дзерваед і Шаламюк.

Скарыстоўваючы працу ў фірме па распаўсюджваньню прэсы, С. Хмара атрымаў прапускі на паездкі па Заходняй Беларусі для нелегальнай Грамады. Як успамінаў Хмара, дзякуючы прапускам, ён сустрэўся ў Вільні з Франьцішкам Аляхновічам, у Беластоку з Тамашчыкам і Ільяшэвічам, у Берасьці з партызанскімі сувязнымі, часта бачыўся з Саковічам у Менску. Пазьней удалося атрымаць прапускі ў Пінск, які падлягаў Украінскаму камісарыяту. Кур'еры перавозілі лістоўкі (шыфры) або перадавалі весткі вусна.

Выконваючы рашэньні 2-й канфэрэнцыі, грамадоўцы наладжваюць сувязь з падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыяй. Кантакты падтрымліваліся праз сябра БНП Уладзіслава Рыжага й старшыню ЦК БНП Усевалада Родзьку. Акрамя таго, нельга забываць, што Ю. Саковіч, тайна ад сяброў Грамады, уваходзіў у Цэнтральны Камітэт БНП. Ён мог наладжваць кантакты й каардынаваць дзеяньні.

Для ўстанаўленьня сувязі з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім і ягонай групай (Беларускі Народны (Цэнтральны) Фронт - грамадоўцы ня ведалі яе назову) быў накіраваны Сяргей Хмара. Аднак безпасьпяхова, бо Гадлеўскі "не адазваўся: баяўся, відаць, нас, а мы яго, таму адкрыта гаварыць зь ім не маглі". Відавочна, нацыяналіст Гадлеўскі з падазронасьцю аднёсься да сацыялістаў і былых камуністаў з Грамады. Ён памятаў іх барацьбу супраць яго "Беларускага Фронту" у 1930-я гады.

Актыўны дзеяч БНГ у Менску Я. Галейка ўспамінае, што была гаворка на адной з нарад пра прыцягненьне да супрацоўніцтва Аўгена Калубовіча, які, праўдападобна, належыў да Партыі Беларускіх Нацыяналістаў (ПБН), але гэтаму супрацівіліся ўсе грамадоўцы з правінцыі, якія "страшэнна не давяралі нікому з падсавецкіх беларусаў, як узгадаваных пры камунізме".

З БНГ і яе партызанкай спрабаваў наладзіць сувязь старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык. У 1943 годзе ён прыслаў сувязную з Бэрліна Кацярыну Грынкевіч, але Хмара ад навязаньня сувязяў ўстрымаўся (адбылося гэта ўжо пасьля сьмерці Саковіча). Хмара дапускае, што Абрамчык даведаўся пра Беларускую Народную Грамаду ад Саковіча або яго сяброў у Менску.

Тым часам загінуў Саковіч. Немцы даведаліся пра ягоную падпольную дзейнасьць і накіравалі яго на працу кіраўніка БНС у Лідчыну, будучы ўпэўненымі, што акоўцы яго хутка заб'юць. 13 чэрвеня 1943 года ў Васілішках ён і Леанід Маракоў былі застрэлены польскімі тэрарыстамі. Некалькі дзеячоў БНГ арыштоўваліся нямецкімі акупантамі й былі закатаваныя... Васіль Лукашык, бурмістр Беластоку, яшчэ ў 1942 г. уцёк у Швэцыю, дзе спрабаваў закласьці Цэнтар Беларускага Вызвольнага Руху.

Незалежныя партызанскія аддзелы, якімі кіравалі беларускія дзеячы эсэраўскага кірунку, паўсталі на Смаленшчыне, Браншчыне і Магілёўшчыне. На Браншчыне партызанскі рух меў назоў "Народнай Сацыял-Рэвалюцыйнай Партызанкі". Беларуская Народная Партызанка спрабавала зь імі наладзіць сувязь. У далёкі рэйд на Смаленшчыну быў высланы аддзел атамана Кавалёва (былога капітана савецкага войска), які складаўся амаль выключна з "усходнікаў". Але ён быў зьнішчаны ў Цэнтральнай Беларусі дывэрсыйнымі атрадамі НКВД. Перамовы з эсэрамі ўдалося правесьці ў Віцебску пад "апекай" У. Родзькі, які быў бурмістрам гораду. Была ўзгоднена супраца паміж прадстаўнікамі партызанкі са Смаленшчыны й БНПартызанкай. В. Вір успамінае, што ўсе "усходнікі" гаварылі па-расейску, але лічылі сябе беларусамі й стаялі за незалежнасьць Беларусі. Аднак усталяваньню трывалых сувязей БНП і эсэраў перашкодзілі нямецкія й савецкія сьпецслужбы. Васіль Вір павінен быў выехаць у 1943 г. у Смаленск, як прадстаўнік паліткіраўніцтва партызанкі, але быў схоплены ў Пінску СД (не без дапамогі ўкраінскіх нацыяналістаў, бо Вір перашкаджаў украінізацыі Піншчыны) і быў вывезены ў канцлягер Нямеччыны.

На пазапрыпяцкім Палесьсі, у раёне Высацка, Дубровіцы, Кухоцкае Волі, Камень-Кашырска і Ратна, Беларуская Народная Партызанка супрацоўнічала з ПС УПА ат. Бараўца-Бульбы. Атрады Харэўскага, Перагуда, Патрубейкі й Суворага дапамагалі бульбаўцам у зьнішчэньні польскае прасавецкае партызанкі ў раёне Дубровіцы, Вялікай Глушы, Камень-Кашырска й Любяшова.

Аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі прымалі ўдзел у арганізацыі вясковае самааховы на Палесьсі ў 1942-43 гг. На паўднёвай Піншчыне і Камень-Кашыршчыне да гэтай справы прычыніўся атрад ат. Суворага (Лукашука). У Кобрыншчыне і Ратненшчыне дапамагаў стварэньню самааховы атрад ат. Івана Лясьніка.