Беларуская партызанка

Масква супраць беларускай партызанкі

Праз сваю выведку Масква даведалася пра дзейнасьць беларускае партызанкі й нават пра нелегальную БНГрамаду. П. Панамарэнка, сакратар ЦК КП(б)Б і начальнік Цэнтральнага Штаба Партызанскага Руху, прызнаваў пасьля вайны, што вясною 1942-га Масква ведала пра дзеяньне на Заходняй Беларусі партызанкі, але яшчэ ня мела зьвестак пра яе палітычную накіраванасьць.

Яшчэ ў жніўні 1941 года на Берасьцейшчыну прыбыў з заданьнем ЦК КП(б)Беларусі Язэп Урбановіч ("Юзік", "Максім"), які распачынае арганізацыю савецкага падпольля ў форме "антыфашыстоўскіх камітэтаў". У 1942 годзе, карыстаючыся сваімі старымі сувязямі (ён вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназыі ды ведаў многіх грамадоўцаў), Урбановіч прапануе атаману Язэпу Таўпецы й некаторым іншым утварэньне разам зь ім Антыфашыстоўскага камітэту, а таксама каардынацыю дзейнасьці. Таўпека ўспамінае, што атаманы, "паразумеўшыся міжсобку і з прадстаўнікамі Грамады, пагадзіліся на ўтварэньне такога камітэту, але пад умовай: у ім будуць толькі жыхары Заходняй Беларусі, з парытэтным лікам камуністаў і іхніх партызан і столькі-ж нашых партызанаў і Грамады. Мы катэгарычна патрабавалі выдаленьня з Камітэту НКВДыста Афанасьева, слыннага ката, выдаваўшага лістоўкі з "прыказамі" неадкладна расстрэльваць кожнага самаахоўца і тых, хто праяўляў незадавальненьне савецкай уладай. Пазатым мы патрабавалі, каб Камітэт узяў ў рукі атрады савецкіх партызан і катэгарычна забараніў займацца правакацыямі супраць беларускай вёскі, асуджаючы іх на гібель сваімі неасьцярожнымі нападамі на немцаў у вёсках ці падкладаньне мін пад чыгунку пры самых вёсках, за што гітляроўцы распраўляліся з усім насельніцтвам вёскі (кругавая парука). Урбановіч пагаджаўся з намі, што да апошняга пункту, але скардзіўся, што лейтэнант Журба, вызначаны камандаваць савецкімі атрадамі, ня можа зь імі справіцца й яны яго ня слухаюць, і таму ён зьвярнуўся да свайго цэнтру на "большой зямлі" прыслаць больш аўтарытэтных асоб, дзеля гэтага, а таксама ўпаўнаважненых да сьцісьлейшых перагавораў з незалежнай партызанкай. Прычым ён цьвердзіў, што атрымаў указаньні навязаць з усімі процігітляроўскімі сіламі супрацу, дакляраваць дапамогу зброяй і лекамі..."

Старэйшы лейтэнант Журба напрыканцы жніўня 1941 г. узначаліў савецкую партызанку ў Ружанскай пушчы. У гэты час сюды з Гомеля прыбыў Урбановіч, як упаўнаважаны ЦК КП(б)Б. Ён узначальвае антыфашыстоўскі камітэт на Ружаншчыне й арганізуе падобныя арганізацыі ў іншых раёнах. У жніўні 1942 года ў Берасьці быў створаны Камітэт для барацьбы з нямецкімі акупантамі, пазьней перайменаваны на антыфашыстоўскі камітэт. С. Сікорскі адзначае, што камітэт ня меў сувязі з "большой землёй", бо адсутнічала радыёстанцыя, і яму не ўдалося ахапіць сваім уплывам частку раёнаў вобласьці - поўдзень і паўднёвы-захад, дзе "узьнікшыя партызанскія аддзелы працягвалі заставацца без кіраўніцтва". М. Крыштаповіч піша, што камітэт быў створаны па ініцыятыве Урбановіча ("Максіма"), Жышко (прыбыў з Гомеля разам зь ім) і Афанасьева (той самы энкавэдыст). У склад камітэта увайшлі: Я. Урбановіч - сакратар і кіраўнік камітэту, М. Крыштаповіч ("Кузьма") - другі сакратар і кіраўнік агітацыі і прапаганды, Я. Афанасьеў - начальнік асобага аддзелу, А. Журба - інструктар партызанкі й І. Жышко - інструктар камітэту.

У 1943 годзе з антыфашыстоўскага камітэту выбылі Жышко і Афанасьеў, якіх адклікалі ў Маскву. Але гэта не было выкананьнем патрабаваньняў беларускіх партызанаў, бо паляцелі яны на "большую зямлю" ужо пасьля зьнішчэньня й апанаваньня народнае партызанкі. Вядомы факт, калі асабіст Афанасьеў улетку 1943-га "наводзіў парадак" у абезгалоўленых атрадах народнае партызанкі ў Ружанскай пушчы.

Ці ўваходзіў палкоўнік Шанько або хто іншы з партызанкі ў Антыфашыстоўскі камітэт - няведама. Але ж мы памятаем, што 2-я канферэнцыя Грамады ўпаўнаважыла Шанько на гэтыя перамовы і, магчыма, гэткае ж рашэньне прыняла Лава атаманаў.

Пасьля перамоваў з кіраўніцтвам Беларускае Народнае Партызанкі, Урбановіч паведаміў у Маскву, што беларускія партызаны не даюць савецкім партызанам свабоды дзеяньня на Палесьсі й тыя вымушаныя падпарадкавацца. Масква адрэагавала імгненна. У другой палове 1942 г. у раёне Целяханаў была скінута з самалёта дывэрсыйная чэкістоўская група капітана Топкіна. Яна спрабавала падначаліць сабе ня толькі савецкую партызанку, але й беларускія атрады, што аднак не ўдалося зрабіць. За гэтай групай на Палесьсе "пасыпаліся" і іншыя сьпецатрады НКВД і НКГБ.

У студзені 1943 г. ЦК КП(б)Б накіраваў у Берасьцейскую вобласьць групу кіруючых работнікаў "с целью дальнейшего развёртывания партизанского движения и подпольной работы". У складзе гэтай групы былі члены будучага абкаму камуністычнай партыі: Сікорскі, Баброў, Драздоў, Калібераў, Паплаўскі, Пацеруха, Ромма, Фядосік, а таксама наборшчык Логвінаў і радысты Волкаў і Алераў. У Берасьцейскую вобласьць яны прыбылі напрыканцы красавіка 1943 года.

С. Сікорскі ўспамінае, што "азнаёміўшыся са справамі на месцы, падпольны абкам стварыў штаб партызанскіх атрадаў Берасьцейскай вобласьці". Яго ўзначаліў Сікорскі ("Сяргей"). Намесьнікамі былі: па агульным пытаньням - І. Баброў, па аператыўнай рабоце - палкоўнік дзяржбясьпекі А. Драздоў, па партыйна-масавай рабоце - батальённы камісар С. Ягораў, па камсамолу - Хв. Ромма, начальнікам штабу - П. Пранягін, былы камандзір атрада імя Шчорса, намесьнікам яго па разьведцы - І. Марыняк. Астатніх прыбылых разьмеркавалі па раёнах.

Сікорскі піша, што "абкам партыі паставіў задачу - умацаваць дысцыпліну ў партызанскіх атрадах, узьняць іх боездольнасьць і баявую актыўнасьць, дамагчыся далейшага разьвіцьця партызанскага руху ў вобласьці". Сікорскі запэўнівае ў сваіх успамінах, што да чэрвеня 1943 года абкаму ўдалося зьвязацца з усімі атрадамі ў вобласьці, стварыць новыя камсамольскія й антыфашыстоўскія арганізацыі ды пачаць фарміраваньне партызанскіх брыгад (першая была створана 19 чэрвеня 1943 года).

Сікорскі дзейнічаў па інструкцыях ЦК КП(б)Б, пяты пленум якога прыняў 28 лютага 1943 г. пастанову "Об обстановке и задачах работы партийных органов и партийных организаций в оккупированных районах Белоруссии". У ёй падкрэсьлівалася "важность усиления политической работы в западных областях Белоруссии с целью дальнейшего расширения партизанского движения и вовлечения в него широких слоёв трудящихся западных областей, а также в противовес ведущейся националистической обработке населения со стороны различных польских нелегальных организаций. Поручить Бюро ЦК разработать по этому вопросу тактические указания подпольным партийным органам".

22 чэрвеня 1943 году была прынята пастанова ЦК КП(б)Б "О мероприятиях по дальнейшему развёртыванию партизанского движения в западных областях Белоруссии" і ліст "О военно-политических задачах работы в западных областях БССР". Дакумэнты гэтыя цалкам яшчэ не друкаваліся, і зразумела чаму. У пастанове ёсьць і гэткі пункт: "...3. Поручить секретарям ЦК КП(б)Б тт. Калинину, Малину, Эйдинову, Горбунову и Авхимовичу проследить за быстрейшей реализацией утверждённых ЦК мероприятий по Барановичской, Пинской и Вилейской обл.". Можна толькі здагадвацца, што гэта былі за "мероприятия"...

Больш вядома пра пастанову ЦК КП(б) Украіны ад 15 ліпеня 1943 г. "О состоянии и дальнейшем развитии партизанского движения на Украине". Па ім можна даведацца, што было ў сакрэтных пунктах пастановы й ліста ЦК КП(б)Беларусі. В. Бегма пісаў, што "ЦК КП(б) Украины внёс ясность в отношении тактики партизан и подпольщиков к украинским буржуазным националистам. Это было крайне необходимо, так как некоторые командиры партизанских отрядов допускали ошибки; кое-кто из них вместо решительного разоблачения украинских националистических банд становился на путь переговоров с их главарями и даже заключали с ними договоры о нейтралитете. Другие же командиры партизанских отрядов, наоборот, сосредотачивали силы партизан на боях с украинскими националистическими бандами, отвлекая от основной задачи - борьбы против немецко-фашистских захватчиков.

В радиограмме Ковпаку и Рудневу (в копиях всем партизанским отрядам Украины) ЦК КП(б)У указал на эти серьёзные ошибки. "В нашем отношении к украинским националистическим "партизанским" отрядам, - говорилось в радиограмме, - мы всегда должны помнить и различать: первое - что руководители украинских буржуазных националистов - это немецкие агенты, враги украинского народа; второе - что некоторая часть рядовых участников этих отрядов искренне желает бороться с немецкими оккупантами, но она обманута буржуазными националистами, пролезшими к руководству этими формированиями.

Исходя из этого, ЦК КП(б)У поставил перед партизанскими отрядами Украины следующие задачи:

  • всеми способами разоблачать руководителей националистических формирований - буржуазных националистов как врагов украинского народа, как фашистских агентов;
  • не вступать в контакт с руководителями этих отрядов;
  • не предпринимать вооруженных боевых операций, если эти националистические формирования сами не нападают на советские отряды".