Беларуская партызанка

Беларуская Народная Партызанка ў 1944-48 гадах

Па прыходзе бальшавікоў у Заходняй Беларусі яшчэ дзеялі аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі атаманаў: Харэўскага (Новіка, атрад імя ат. Нябабы), Перагуда, Мініча (Хоміча), Бялейкі, Мірона, Таўпекі. Аддзелы Мініча (Кобрыншчына, Берасьцейшчына) і Бялейкі (Століншчына, Дубровіншчына, Давыд-Гарадоччына) самазьліквідаваліся пасьля вайны. Лёс атрада ат. Мірона (Быценшчына, Косаўшчына, Ваўкавышчына) застаецца невядомым. Атрад Я. Таўпекі дзеяў на Аўгустоўшчыне ў 1944-45 гг. ды перайшоў мяжу Цешынскага Шлёнску й Нямеччыны.

"Нябабаўцы" Харэўскага пад час нямецкай акупацыі дзеялі на Піншчыне, Камень-Кашыршчыне і Любяшоўшчыне. Ёсьць зьвесткі, што нібыта атрад Харэўскага вызваліў з Пінскай турмы ангельскага парашутыста, захопленага немцамі, і ўсіх вязьняў турмы. Аднак гэта пакуль не падцьверджана фактамі. Ды й вядома, што гэтую акцыю правялі польскія дэсантнікі з "Вахляжу". Перагудаўцы да 1944 г. дзеялі ў Кобрыншчыне, Берасьцейшчыне й у Белавежскай пушчы. Гэтыя два атрады прыхаваліся ад савецкіх партызанаў і чэкістаў у глыбіні Палесься (паміж Сьвятой Воляй, Ратнам і Любяшовам). З адыходам немцаў аддзелы папоўніліся людзьмі, якія ўцякалі ў лес ад бальшавіцкіх рэпрэсій.

Успамінае атаман Іван Перагуд: "Калі немцы пакідалі Валынь, пераходзячы за Прыпяць на Берасьцейшчыну і Піншчыну, яны, уцякаючы, пакінулі, ня могучы забраць цераз Прыпяць, аргамадныя запасы зброі ў Ратне і Любяшове, што аўтаматычна сталася нашай партызанскай здабычай да прыходу савецкай арміі. Мой атрад і Харэўскага (імя Нябабы), які дыслякаваўся каля Любяшова, абагаціліся першагатунковай зброяй. Усім хапіла па нямецкім аўтамаце, лёгкія кулямёты, маса гранат, мінамёты...

Калі мы перайшлі потым на другі бераг Прыпяці, мы былі ўзброеныя па зубы, хоць цяжэйшую зброю, як мінамёты, кулямёты і шмат амуніцыі мусілі закапаць у схоўках".

"Нябабаўцы" дзеялі на Берасьцейшчыне й Піншчыне, у ваколіцах канала Агінскага, ад Косаўшчыны на поўначы, аж да Высацка ў Століншчыне, Лахвы й Камень-Кашырска. Яны супрацоўнічалі з "бульбаўцамі", якія партызанілі на поўдзень ад Прыпяці. Харэўскі пісаў, што "нашыя аддзелы ад пагоні звычайна хаваліся да "бульбаўцаў", а яны, калі там напіралі, уцякалі і перасіджвалі ў нашых стаянках".

У большасьці эміграцыйных крыніц сьцьвярджаецца, што аддзел Якуба Харэўскага ў 1945 г. перайшоў у Польшчу, а ў 1946 - праз Чэхію - у Нямеччыну. Аднак, ёсьць зьвесткі, што легендарны атрад, пасьля моцных карных апэрацый НКВД, быў атаманам часткова распушчаны, а часткова перакінуты ў Польшчу толькі ў 1948 годзе, а адтуль - на Захад, дзе апынулася 18 "нябабаўцаў". Атаман Перагуд піша, што атрад Харэўскага перайшоў Буг каля Цераспаля ды дзеяў нейкі час на Бялападлясчыне. Сам Харэўскі, праўдападобна, памылкова піша, што "паднішчаны атрад у 50-ых гадах самазьліквідаваўся і сябры ў бальшыні перабраліся ў Польшчу, а адтуль пасьля на Захад". Справа ў тым, што ў 1949 годзе партызаны Харэўскага й Перагуда выехалі з Заходняй Нямеччыны ў Паўднёвую Амерыку. Таму атрад імя Нябабы партызаніў толькі да 1948 г. Магчыма, што тыя партызаны, якія засталіся на Бацькаўшчыне, яшчэ дзейнічалі малымі групамі ці ў адзіночку.

Атрад Перагуда дзейнічаў у Белавежскай пушчы й Аўгустоўшчыне. У Польшчу ён перайшоў напрыканцы 1945 г. й дыслакаваўся каля Райгорада. Да 1947 года "перагудаўцы" змагаліся з польскімі нацыяналістычнымі партызанамі, якія палілі беларускія вёскі, забівалі беларусаў, прымушаючы іх да выезду ў СССР. Беларускія партызаны супрацоўнічалі з беларусамі-працаўнікамі грамадзянскае адміністрацыі й міліцыі, дапамагалі ім ваяваць з польскімі ляснымі атрадамі. Іван Перагуд пісаў: "Калі… насланыя польскія вайсковыя атрады пачалі наступаць нам на пяты, прыйшлося, каб абярэгчыся ад зьнішчэньня, партызаншчыну канчаць, тым больш, што на месцах у бальшыні паўстала мясцовая адміністрацыя з беларусаў, хоць змусу пад камуністычнай вывескай, але зь якімі мы былі саюзьнікамі, а не ворагамі. Нацыяналістычны польскі вораг ужо дабіваўся імі самымі.

Пры адпаведнай скрытнай дапамозе ўдзячных суродзічаў на адпаведных становішчах і па радах, наш атрад перасякнуўся адзінкамі праз нямецкія граніцы".

Партызаны Харэўскага, Перагуда, Таўпекі й іншыя пасяліліся ў Бразыліі, Аргэнтыне, Парагваі, Балівіі, Венесуэле, ЗША і Канадзе. Яны арганізавалі ветэранскі Саюз Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі, рэгулярна на Купальле праводзілі ў Бразыліі сустрэчы ветэранаў Беларускае Народнае Партызанкі. Яшчэ ў Заходняй Нямеччыне на іх палявалі агэнты савецкага выведу, а ў Бразыліі чэкісты забілі ў красавіку 1968 года атамана Харэўскага і яго ад'ютанта Канстана Гука (была інсцыніравана "аўтакатастрофа"). Сёньня, праўдападобна, на эміграцыі ў жывых з былых партызанаў нікога ўжо не засталося... А тыя партызаны БНПартызанкі, што засталіся на Бацькаўшчыне, яшчэ шмат гадоў ваявалі з бальшавіцкім акупантам у складзе аддзелаў "Чорнага Ката" ды ў атрадах УПА...