Беларуская партызанка

Дадатак

Ліст апошняга партызана

Здароў Браце!

...пісьмо хадзіла больш 2-х месяцаў, але дайшло, хоць я ўжо ў тым банку скрынкі ня маю. Усё-ж такі гэта найпэўнейшы адрас. Пастараюся адказаць на ўсе пытаньні, хоць ужо рука дрыжыць, бо скарэла ад працы і старасьці, што сагнуць не магу. Мне-ж ужо 80 мінула. Вы там спраўце мае каракулі, бо я па нашаму пісаць ня вучыўся і выкіньце тое, што ўважаеце друкаваць непатрэбнае...

Усе амаль нашыя дружбакі ўжо паўміралі. Рэдка хто яшчэ жыве з тых, што тады пераехалі ў Бразылію. Маладзейшыя потым перасяліліся ў Парагвай, дзе мелі добрую працу, некаторыя ў Аргэнтыну, але там было цэлы час неспакойна, бо гэтая бандытня чырвоная кідала бомбы і страляла людзей нават у Буэнас Айрэс, пакуль іх ваенныя ня прысьмірылі. Некаторыя паехалі ў Балівію.

Трымаліся мы разам пакуль жыў Харэўскі, ён добры быў камандзер. Пры ім у Порта Алегра была і нашая вэтэранская арганізацыя. Па сьмерці вёў Перагуд, а па яго сьмерці ўсё замерла. Жонка Перагуда мясцовая і зусім з намі не зналася і не гаварыла. Сягоньня калі яшчэ хто і жыў, дык зарос ў іхнае, і нават калі сустрэнесься з кім, дык ламае язык, больш слоў мясцовых, чым нашых. Сілюк даўно памёр. Памёр і Сілівончык, і Гарывада, і Струк. У Аргэнтыне - Кулак, наш лясьнічы Ігнатаў, Перавалоцкі. Некалькі маладзейшых пажаніліся на нашых баптыстах і жылі ўва Фраме. Карповіч стаў баптыстам і яшчэ жыве. Казаў, што ня можа пераслаць грошы, бо Аргэнтына не пушчае за граніцу. У Парагваю, паколькі ведаю, памёр Курэц, Сувой, Гучок і многія другія. Тамашэвіч быў у Балівіі, меў краму, ажаніўся з кечувай. Як быў уладыка Афанасі, дык як праяждалася туды, ён не адмаўляў начоўкі і прытулішча нашым, хоць ягоныя падручныя ўсе пярэкруты нашага роду. Казалі мне аб сыне таго Баранавіцкага Цяўлоўскага, што палякам служыў. Сын тут круціўся такжа каля палякаў, ходзіць у польскі касьцел і піша ў іхныя газэты. У Берысе яшчэ астаткі перадваенных нашых старых эмігрантаў, а больш іхныя сыны: трымаюцца беларушчыны. Праўда, гавораць напалавіну па-беларуску, а напалавіну па-руску, але ў гэтым сваім клюбе даюць часамі беларускія танцы і песьні, побач рускіх і нават выходзяць на парады ў беларускай вопратцы, аднак усе яны дурныя камуністы, бо кажуць: там (у БССР - С. Ё.) воля для беларусаў. Сустрэўся і з прафэсарам Дакіневічам. Ён тут быў палякам і стаў мастаком...

Ня ведаю хто яшчэ жывы ў Балівіі. Не перапісваемся. Ня ведаю нічога і аб Краю. Як хіба ведаеце ў нас была пастанова не пісаць туды да радакоў, каб не нарабіць ім бяды, ды не навесьці на наш сьлед чакістаў, якія за намі ахвоціліся і ў Германіі, і паза ёй. Некаторыя тут пазьмянялі свае імёны на мясцовыя, дык і не пазнаеш, што пад ім наш. Дзеці звычайна не гавораць па нашаму і нават не разумеюць. Але некаторыя, як у Аргэнтыне, паакончвалі ўнівэрсытэты і маюцца нязгорш. Пару ў Курытыбе ажаніліся з палячкамі і проста спалячыліся. Так што з тае соткі, якія тады выехалі, засталося ў жывых хіба пяцёх, мо пару больш, што я знаю, і ўсе ўжо слабыя старэчы. Перадайце прывет Вірку (Васілю Віру - сябру БНГрамады, які жыў у Канадзе - С. Ё.). Яго радак Царук, той, які быў у Перагудавым атрадзе, памёр у Балівіі, падобна меў жонку індыянку, але больш валачыўся па дзікіх мяйсцох, страляючы зьвера, як ваш Таўпека, аб якім Вы ўспомнілі.

Вось хіба адпісаў вам на ўсё. Дык жывіце здаровы!

Сьцяпан Гукалюк

/Беларускі Голас, № 342, сакавік 1988 г./

Аб беларускай партызанцы ў апошнюю вайну

Вітаючы зьмяшчэньне "Беларускім Голасам" на 25-я ўгодкі артыкулу аб Беларускім збройным антыгітляроўскім рэзыстансе, хацелася-б дадаць некаторыя падрабязнасьці, ды насьвятліць некаторыя няяснасьці (мо дзеля яго кароткасьці) ўспомненага артыкулу.

Выратаваліся за мяжу па вайне з праведзенай асобнымі дывэрсыйнымі групамі НКВД "асобага назначэньня", масакры, толькі лічаныя адзінкі з нашага збройнага партызанскага руху. Астатнія, калі ня грызуць зямлі, пагібшыя ад здрадзецкай кулі агэнтаў Панамарэнкі, дык знаходзячыся на тэрыторыі СССР ня могуць падаць сваіх успамінаў да абнародаваньня і таму гэты абавязак ляжыць на нас, якія знайшліся ў вольным сьвеце, перадусім у Бразыліі і Аргэнтыне. Гэта важна для гісторыі і для разаблачэньня маны савецкіх гісторыкаў, якія спрабуюць удаць перад сьветам, што Беларуская партызанка - гэта камуністычная партызанка. Тады, як напраўдзі, толькі па крывавай і падступнай барацьбе, савецкія дывэрсанты патрапілі зьнішчыць Беларускае нацыянальнае кіраўніцтва Беларускай партызанкі і паволі падпарадкаваць подступам і тэрорам беларускія партызанскія масы пад свой провад, абязгаловіўшы спачатку атрады з іх камандзераў і дзейнейшых сяброў.

Па-першае: чаму Галоўны Камандзер Беларускага Партызанскага Руху палкоўнік Шанько гэтак неасьцярожна паддаўся на правакацыю "перагавораў" з высланьнікам Маскоўскага Ураду - палкоўнікам Ільдовым? Ато-ж нам было ведама ад "бульбаўцаў", што гэтакія самыя перагаворы ўжо вядзе з украінскімі партызанамі другі падобны высланьнік савецкага ўраду, нейкі палкоўнік Мядзьведзеў, і што яны там дамовіліся да некаторай супрацы. Нашыя атрады спатыкаліся за Прыпяцяй каля Ратна і каля Камень-Кашырска і Любяшова з украінскімі партызанамі, якія ад імя свайго атамана называліся "бульбаўцы". Таму палкоўнік Шанько не лічыў на здрадзецкі напад.

Паводле пазьнейшага разказу прадстаўніка "Антыфашыстоўскага камітэту" ў Берасьці "Юзіка" (Язэпа Урбановіча - С. Ё.), як зьвяраўся пазьней ім Ільдоў, ён меў наказ ад Панамарэнкі, які кіраваў савецкай дывэрсыйнай дзейнасьцю на Беларусі, зьнішчыць любым спосабам Беларускую незалежную партызанку і падпарадкаваць абязгалоўленыя атрады сабе (у сваіх успамінах "Война в тылу врага" Льдоў-Лінькоў піша пра візіт да Панамарэнкі перад вылетам на Беларусь і што ад яго ён атрымаў вельмі важнае заданьне, але не раскрывае якога яно было характару - С. Ё.). Ён, выклікаўшы Шанька на перамовы, безцырамонна зажадаў, каб ён падпарадкаваўся яму, як былы савецкі маёр і падпарадкаваў яму атрады. Затое прапанаваў яму мейсца свайго памоцніка ў кіраўніцтве партызанскім рухам Палесься, вызначаючы сябе на кіраўніка гэтага руху. Калі Шанько адказаў яму, што ані ён асабіста, ані Беларускі партызанскі рух яму, як высланьніку СССР, не падпарадкуецца, Ільдоў выхапіў наган і стрэліў у грудзі палкоўніка Шанька...

Стэрарызаваўшы ягонага ад'ютанта, яны паслалі ў штаб Шанька вестку, быццам палкоўнік Шанько выляцеў самалётам у Маскву на перагаворы, а часова перадае камандаваньне "Баці", якім і зьяўляўся той-жа забойца камандзера Беларускай партызанкі - палкоўнік Ільдоў. Так пачалася правакацыя, а за ёй нішчэньне ў атрадах нашых дзейных адзінак, ачарняючы іх ў "супрацы з немцамі", забіваючы з-за вугла, падсылаючы нават даносы да немцаў, нішчылі іх іхнымі рукамі і г. п.

У 1943 годзе нашая партызанка налічвала на Палесьсі больш 5 тысяч. Яна ня была поўнасьцю зьнішчаная як можна было б памылкова ўняскаваць з скарочанага сказу, у артыкуле "Беларускага Голасу". Адзіночныя нашы атрады праіснавалі ў глыбіні Палесься (між Сьвятой Воляй, Ратнам і Любяшовам) ня толькі да канца панаваньня немцаў, але і па прыходзе савецкіх уладаў і па заканчэньні вайны, папаўняныя новымі ўцякаючымі, ды дзеялі да 1950-х гадоў, калі адбылася астатняя ведамая нам збройная спатычка з савецкімі карнікамі. Гэтыя дробныя нашыя атрады наганялі страху на вясковых прыхвасьняў новых асвабадзіцеляў ад Косава да Берасьця, Камень-Кашырска, Давід-Гарадка і Лахвы. Такія атрады украінскіх "бульбаўцаў" дзеялі па той бок Прыпяці і нашыя аддзелы ад пагоні звычайна хаваліся да "бульбаўцаў", а яны, калі там напіралі, уцякалі і перасіджвалі ў нашых стаянках.

Наш паднішчаны атрад ў 50-ых гадох самазьліквідаваўся і сябры ў бальшыні перабраліся ў Польшчу, а адтуль пасьлей на Захад.

Харэўскі

Беларускі Голас (Таронта), № 156, студзень 1968 г.