Вызначэнне беларуска-польскай мяжы ў 1939-1948 гг.

Праблема савецка-польскай мяжы пачынаючы з восені 1939 г. істотна ўскладняла знешнепалітычнае становішча СССР. Злучаныя Штаты Амерыкі і Вялікабрытанія, якая дала прытулак польскаму эмігранцкаму ўраду, як вядома, не прызналі новай заходняй мяжы СССР. Урады гэтых краін неаднаразова падкрэслівалі ў сваіх заявах, што ў 1939 г. мела месца інкарпарацыя Усходняй Польшчы ў склад СССР, а таму пасля перамогі над Германіяй Польшча павінна быць адноўлена ў межах, у якіх яна існавала да верасня 1939 г. Такую ж пазіцыю займаў і польскі эмігранцкі ўрад у Лондане, які не прызнаваў за беларусамі і ўкраінцамі права на існаванне ва ўласных нацыянальных рэспубліках і катэгарычна адмаўляўся ад перагляду савецка-польскай мяжы, што склалася ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. [1]

Напад Германіі ў чэрвені 1941 г. прымусіў кіраўніцтва Савецкага Саюза да пошуку кампрамісу з ЗША і Вялікабрытаніяй па спрэчных пытаннях,у тым ліку і па пытанні аб усходняй мяжы Польшчы. Актыўнае абмеркаванне прынцыпаў аднаўлення савецка-польскіх узаемаадносін і вызначэння пасляваеннай савецка-польскай мяжы пачалося ўжо ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны. Нягледзячы на пагрозлівае становішча на фронце,урад СССР з самага пачатку заняў цвёрдую пазіцыю па гэтым пытанні. У канцэнтраваным выглядзе яна была выкладзена ў тэлеграме-інструкцыі паслу СССР у Лондане I. Майскаму ад 3 ліпеня 1941 г.: "Па пытанні аб аднаўленні нацыянальнай дзяржаўнасці Польшчы мы стаім за стварэнне незалежнай польскай дзяржавы ў межах нацыянальнай Польшчы, уключаючы некаторыя пункты і вобласці, якія не так даўно адышлі да СССР, пры гэтым пытанне аб характары дзяржаўнага рэжыму ў Польшчы савецкі ўрад лічыць унутранай справай саміх палякаў" [2].

Палякі такі падыход лічылі для сябе непрымальным. Савецка-польскія перамовы, якія пачаліся 5 ліпеня 1941 г., паказалі, што разыходжанні бакоў па пытанні аб мяжы маюць прынцыповы характар. Прадстаўнік СССР настойваў на тым, што польскі ўрад павінен пагадзіцца з межамі,якія склаліся пасля 17 верасня 1939 г.,польская ждэлегацыя прызнаць змяненні межаў адмовілася. Няўдачай скончыліся і перамовы ў канцы 1941 г. з удзелам кіраўнікоў дзвюх дзяржаў - I. Сталіна і Сікорскага [3].

Вырашэнне праблемы савецка-польскай мяжы ў значнай ступені залежала ад пазіцыі па гэтым пытанні ЗША і Вялікабрытаніі. Разумеючы гэта, кіраўніцтва СССР зрабіла значныя знешнепалітычныя намаганні, каб пераканаць англічан і амерыканцаў у неабходнасці прызнаць СССР у межах 1939 г. Вялікую вастрыню тэрытарыяльнае пытанне набыло на перамовах 16-21 снежня 1941 г. у Маскве з кіраўніком брытанскага знешнепалітычнага міністэрства А. Ідэнам. Ад СССР у перамовах прымалі ўдзел I. Сталін і В. Молатаў. Планавалася, што вынікам перамоваў стане падпісанне шырокамаштабнага двухбаковага дагавора аб узаемадапамозе ў вайне супраць Германіі і пасляваеннай арганізацыі свету. Аднак дагавор не быў падпісаны. Пры гэтым галоўнай прычынай правалу перамоваў стала пытанне аб пасляваеннай савецка-польскай мяжы. Як вынікае з дакладаў А. Ідэна ў Лондан і пратаколаў перамоваў, у якасці галоўнай умовы падпісання савецка-брытанскага дагавора I. Сталін выставіў патрабаванне аб прызнанні заходняй мяжы СССР па лініі 1941 г. Гэтая тэма была ўзнята савецкім бокам 17 снежня 1941 г. Як пазней успамінаў у сваіх мемуарах А. Ідэн, у гэты дзень "характар гутаркі, да гэтага спакойны, неспадзявана змяніўся, і Сталін паказаў свае кіпцюры. Ён пачаў з таго, што запатрабаваў неадкладнага прызнання савецкіх межаў 1939 г., якія будуць адзначаны ў пасляваенным мірным дагаворы". Аднак А. Ідэн адмовіўся даць якія-кольвек гарантыі з боку Вялікабрытаніі адносна савецка-польскай мяжы, спасылаючыся на ўмовы Атлантычнай хартыі, якая не прадугледжвала змянення статуса дзяржаў без згоды на тое іх насельніцтва, а таксама на грамадскую думку ў Англіі і неабходнасць абмеркаваць гэтае пытанне са Злучанымі Штатамі [4].

Пытанне аб заходняй мяжы СССР заставалася адным з найбольш актуальных у знешнепа-літычнай дзейнасці Савецкага Саюза і ў наступныя гады вайны. Яно абмяркоўвалася ў час знаходжання В. Молатава ў Лондане (22-27 мая 1942 г.) і Вашынгтоне (29 мая - 5 чэрвеня 1942 г.). Нявырашанасць пытання аб савецка-польскай мяжы з'яўлялася стрымліваючым фактарам у супрацоўніцтве СССР з іншымі членамі антыгітлераўскай кааліцыі. Адначасова яно служыла прычынай пастаянных абвастрэнняў ва ўзаемаадносінах паміж савецкім кіраўніцтвам і польскім урадам у эміграцыі. На працягу 1942 г. савецкі і польскі ўрады абмяняліся серыяй дыпламатычных нотаў, тэмай якіх была дзяржаўная прыналежнасць тых ці іншых тэрыторый. Эфектыўнасць гэтай дыпламатычнай перапіскі была вельмі нязначная.

Паляпшэнне становішча на фронце дазволіла кіраўніцтву СССР заняць больш незалежную пазіцыю па пытанні аб пасляваеннай савецка-польскай мяжы. 25 красавіка 1943 г. адносіны паміж урадам СССР і польскім урадам Сікорскага былі разарваныя. Каментуючы разрыў дыпламатычных адносін, кіраўніцтва СССР сярод іншага тлумачыла свой крок тым, што "лонданскія" палякі спрабуюць "зрабіць націск на савецкі ўрад з мэтай вырваць з яго тэрытарыяльныя саступкі за кошт інтарэсаў савецкай Украіны, савецкай Беларусі і савецкай Літвы".

Спыненне дыпламатычных адносін паміж урадамі СССР і Польшчы паўплывала на становішча ўЗаходняй Беларусі. 22 чэрвеня 1943 г. пленум ЦК КП(б)Б, разгледзеўшы праблемы развіцця партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, прыняў рэзалюцыю, асноўныя палажэнні якой знайшлі адлюстраванне ў лісце падпольным партыйным органам. У дакуменце падкрэслівалася, што тэрыторыя Заходняй Беларусі - неад'емная частка Беларускай рэспублікі. У сувязі з гэтым у Заходняй Беларусі дазвалялася "дзейнасць толькі тых груп, арганізацый і атрадаў, якія кіруюцца інтарэсамі СССР". Існаванне розных арганізацый, якімі кіруюць польскія буржуазна-нацыяналістычныя цэнтры, разглядалася як незаконнае ўмяшальніцтва ў інтарэсы "нашай Айчыны", а таму загадвалася "ўсімі сродкамі весці барацьбу супраць польскіх буржуазна-нацыяналістычных атрадаў і груп" [5].

Разрыў савецка-польскіх адносін выклікаў вялікую трывогу ў кіраўнічых колах Англі і Злучаных Штатаў Амерыкі, якія непакоіліся, што крызіс прывядзе да аслаблення антыгітлераўскай кааліцыі. Паступова Вялікабрытанія і ЗША мянялі свой погляд на савецка-польскую мяжу, усё больш схіляючыся да "лініі Керзана" як да найбольш аптымальнага варыянта пасляваеннай мяжы паміж Польшчай і СССР. Падабенства ў падыходах СССР, Англіі і ЗША па пытанні аб савецка-польскай мяжы было зафіксавана на Тэгеранскай канферэнцыі з удзелам кіраўнікоў усіх трох дзяржаў (23 лістапада - 1 снежня 1943 г.). Па прапанове У. Чэрчыля ўдзельнікі канферэнцыі пагадзіліся з тым, што ў будучым аснова польскай дзяржаўнасці павінна размяшчацца паміж так званай "лініяй Керзана" і лініяй ракі Одэр. Замест страчаных тэрыторый на ўсходзе пасляваенная Польшча павінна была атрымаць у якасці кампенсацыі землі Германіі - Усходнюю Прусію і Опельнскую правінцыю [6].

3 студзеня 1944 г. Чырвоная армія перайшла былую савецка-польскую мяжу, якая існавала да верасня 1939 г. У сувязі з гэтым 11 студзеня 1944 г. урад СССР выступіў з заявай,у якой адзначалася, што Польская дзяржава павінна адрадзіцца не шляхам захопу беларускіх і ўкраінскіх зямель, а ў выніку вяртання ў склад Польшчы спрадвечных польскіх тэрыторый, захопленых немцамі. Разглядаючы "лінію Керзана"ў якасці найбольш прымальнай мяжы паміжСССРі Польшчай, кіраўніцтва Савецкага Саюза разам з тым выказала гатоўнасць унесці змяненні на карысць Польшчы ў тых раёнах, дзе польскае насельніцтва складала большасць [7].

Цяпер, калі саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі прыйшлі да прынцыповай згоды адносна будучай савецка-польскай мяжы, заставалася пераканаць "лонданскіх" палякаў у неабходнасці прызнаць ялцінскія пагадненні. Аднак у гэтай справе афіцыйныя Лондан і Вашынгтон сутыкнуліся з вялікімі цяжкасцямі. Польскі эмігранцкі ўрад С. Мікалайчыка, нягледзячы на ціск з боку англічан і амерыканцаў, прадэманстраваў незалежнасць і адмовіўся прызнаць "лінію Керзана"ў якасці ўсходняй мяжы Польскай дзяржавы.

Пакуль саюзнікі імкнуліся паўплываць на палякаў і схіліць іх на карысць "лініі Керзана", кіраўніцтва СССР вырашыла зрабіць стаўку на левыя прасавецкія сілы польскага нацыянальнага руху, галоўным каардынацыйным органам якіх з'яўлялася Краёвая Рада нарадова (КРН), якая знаходзілася пад савецкім кантролем. 23 студзеня 1944 г. КРН выступіла з падтрымкай заявы СССР ад 11 студзеня, прапанаваўшы вырашаць памежную праблему сродкамі сяброўскага пагаднення паміж Польшчай і СССР. Этнічны прынцып ва ўрэгуляванні савецка-польскай мяжы быў пацверджаны і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ), створаным нз аснове КРН. У маніфесце ПКНВ ад 22 ліпеня 1944 г. гаварылася: "Усходняя мяжа павінна стаць лініяй добрасуседскага сяброўства, а не перашкодай паміж намі і нашымі суседзямі, яна павінна быцьурэгуляванаў адпаведнасці з прынцыпам: польскія землі - Польшчы, украінскія, беларускія і літоўскія землі - Савецкай Украіне, Беларусі і Літве" [8].

Адмовіўшыся ад прэтэнзій на Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, кіраўніцтва КРН усё ж паспрабавала максімальна адсунуць савецка-польскую мяжу на ўсход. Яшчэ 15 ліпеня 1944 г., за два дні да пачатку фарсіравання савецкімі войскамі Буга і ўступлення на польскую зямлю, упаўнаважаны КРН Э. Асубка-Мараўскі і старшыня Галоўнага кіраўніцтва Саюза польскіх патрыётаў В. Васілеўская накіравалі I. Сталіну ліст, уякім паставілі пытанне аб перадачы Польшчы заходняй часткі Беластоцкай вобласці [9].

Меркаванні лідэраў польскага левага руху, выкладзеныя ў звароце да I. Сталіна, атрымалі далейшае развіццё і пазней сталі афіцыйнай пазіцыяй польскай дэлегацыі на перамовах паміж урадам СССР і ПКНВ, якія адбыліся ў Маскве 24-26 ліпеня 1944 г.

Лінія мяжы, прапанаваная польскай дэлегацыяй, базіравалася на этнаграфічным прынцыпе. Савецкі варыянт акрамя этнаграфічнага моманту ўключаў таксама стратэгічныя меркаванні. Пакідаючы за СССР Кёнігсберг, савецкі праект прадугледжваў перадачу Польшчы Беластокскай вобласці і Сувалак. Вялікую складанасць выклікала пытанне аб прыналежнасці Белавежскай пушчы. Паколькі тут не існавала этнічных праблем, польская дэлегацыя настойвала на тым, каб Белавежская пушча засталася на польскім баку. Дыскусія пра прыналежнасць пушчы прыняла настолькі вострыя формы, што для вырашэння гэтага пытання спратрэбіўся ўдзел I. Сталіна. На сустрэчы з кіраўніком СССР палякі абгрунтоўвалі сваю прапанову тым, што лясы Белавежскай пушчы стануць крыніцай драўніны для польскай прамысловасці, а таксама нацыянальным польскім паркам. I. Сталін, як сведчаць мемуары ўдзельнікаў падзей, першапачаткова не хацеў саступаць, настойваючы на стратэгічнай мяжы, папярэдне выпрацаванай савецкім бокам. Аднак пасля настойлівых просьбаў усіх членаў польскай дэлегацыі паабяцаў разважыць і, параіўшыся з беларусамі, прыняць канчатковае рашэнне. Хутчэй за ўсё, нарада з беларускімі ўладамі I. Сталіну не спатрэбілася. Важнае тэрытарыяльнае пытанне было вырашана хутчэй, чым палякі маглі на тое спадзявацца. Не паспелі яны вярнуцца ў гасцініцу, як туды патэлефанаваў В. Молатаў і паведаміў кіраўніку польскай дэлегацыі Э. Асубка-Мараўскаму аб тым, што I. Сталін пагадзіўся пакінуць за Польшчай частку Белавежскай пушчы [10].

27 ліпеня 1944 г. савецка-польскае пагадненне,якое вызначала мяжу паміж дзвюма дзяржавамі, было падпісана. Артыкул 1 дакумента замацоўваў"лінію Керзана" ў якасці асновы пры правядзенні дзяржаўнай мяжы паміж СССР і Польскай Рэспублікай. Пры гэтым урад СССР пагадзіўся на пэўныя выпраўленні гэтай лініі "на карысць Польшчы, саступіўшы Польскай Рэспубліцы:

а) тэрыторыю, размешчаную на ўсход ад лініі Керзана да ракі Заходні Буг і ракі Салокія, на поўдзень ад горада Крылоў;

б) частку тэрыторыі Белавежскай пушчы на участку Няміраў - Ялаўка, размешчаную на ўсход ад лініі Керзана, з пакіданнем Няміраўца, Гайнаўкі, Белавежы і Ялаўкі на баку Польшчы".

Правядзенне на натуры дзяржаўнай мяжы паміж СССР і Польшчай ускладалася на змешаную савецка-польскую памежную камісію [11].

3 пункту глежання міжнароднага права пагадненне паміж Савецкім Саюзам і ПКНВ ад 27.07.1944 г. мела супярэчлівы характар. ПКНВ, паколькі ён не з'яўляўся паўнапраўным прадстаўнічым органам польскага народа, не меў дастатковых паўнамоцтваў для падпісання дакументаў такога чыну. 3 гэтай прычыны дакумент насіў сакрэтны характар і не выносіўся на абмеркаванне міжнароднай грамадскасці [12].

Тым не менш пагадненне паміж урадамі СССР і ПКНВ па савецка-польскай мяжы мела важнае знешнепалітычнае значэнне. Падпісваючы яго, Савецкі Саюз замацоўваў рашэнне Тэгеранскай канферэнцыі і ствараў умовы для пераводу дасягнутых дамоўленасцяў па савецка-польскай мяжы з залы перамоваў у плоскасць практычнай міжнароднай палітыкі. На выпадак, калі польскі эмігранцкі ўрад, а таксама ЗША і Вялікабрытанія, якія падтрымлівалі "лонданскіх палякаў", адмовяцца прызнаць савецка-польскую мяжу па "лініі Керзана", кіраўніцтва СССР рыхтавала глебу, каб вырашыць тэрытарыяльнае пытанне без польскага эмігранцкага ўрада, адначасова абмежаваўшы магчымасць яго ўдзелу ў пасляваенным аднаўленні Польшчы.

Аднак на шляху да правядзення ў жыццё палаженняў дагавора існавалі значныя перашкоды, перш за ўсё, як адзначалася вышэй, звязаныя з прызнаннем дакумента з боку ЗША і Англіі. Як вядома, саюзнікі СССР па вайне з Германіяй выступалі за тое, каб у пасляваеннай Польшчы быў створаны кааліцыйны ўрад з уключэннем у яго склад прадстаўнікоў эмігранцкіх колаў. I толькі дагавор з такім урадам мог быць падтрыманы міжнароднай супольнасцю. Вымушанае лічыцца з пазіцыяй саюзнікаў, кіраўніцтва СССР не спяшалася з паведамленнем пра падпісанае пагадненне, адначасова не адмаўляючыся ад перамоваў з лонданскімі палякамі.

Летам 1944 г. ЗША і Вялікабрытанія прыклалі значныя намаганні, каб аднавіць адносіны паміж кіраўніцтвам СССР і польскімі эмігрантамі ў Лондане. Чарговая спроба знайсці кампраміс паміж бакамі была зроблена на перамоваху Маскве (29 ліпеня - 9 жніўня) з удзелам I. Сталіна і С. Мікалайчыка. Аднак,які падчас папярэдніх сустрэчаў, перамовы паміж кіраўнікамі ўрадаў, гэтаксама як і перамовы С. Мікалайчыка з дэлегацыяй ПКНВ, вынікаў па тэрытарыяльным пытанні не прынеслі. У мемарандуме ад 29 жніўня 1944 г., падрыхтаваным "лонданскімі" палякамі, эмігранцкі ўрад пагаджаўся прызнаць "лінію Керзана" толькі ў якасці дэмаркацыйнай лініі, з тым каб канчатковае вырашэнне праблемы савецка-польскай мяжы адбылося на будучых перамовах пасля заканчэння вайны.

Для кіраўніцтва Савецкага Саюза такая пастаноўка пытання была катэгарычна непрымальнай, паколькі азначала вяртанне ў польскім пытанні да сітуацыі 1941 г. Прызнанне мемарандума перакрэсліла б усе дыпламатычныя дасягненні савецкага кіраўніцтва за гады вайны. Аднак для такой знешнепалітычнай "капітуляцыі" адсутнічалі ўсялякія падставы - у прыватнасці, кіраўнік брытанскага ўрада У. Чэрчыль на савецка-польскіх перамовах цалкам падтрымліваў савецкую пазіцыю, настойліва пераконваючы палякаў прызнаць новую савецка-польскую заходнюю мяжу. Злучаныя Штаты ў савецка-польскай тэрытарыяльнай спрэчцы таксама, па сутнасці, падтрымалі СССР,адмовіўшыся ад удзелу ў абмеркаванні пытання.

Такая сітуацыя прывяла да крызісу ў польскім урадзе ў Лондане, вынікам чаго стала адстаўка С. Мікалайчыка і замена яго сацыялістам Т. Арцішэўскім, які быў настроены яшчэ больш непрымірыма адносна СССР. 29 лістапада 1944 г. ад імя новага складу ўрада Т. Арцішэўскі абвінаваціў Маскву ў чарговым падзеле Польшчы, адначасова ўсклаўшы на англічан і амерыканцаў гістарычную адказнасць за іх адмову падтрымаць польскія тэрытарыяльныя патрабаванні. Рэзкія заявы новага польскага ўрада ў эміграцыі прывялі да таго, што афіцыйныя Лондан і Вашынгтон звялі да мінімуму кантакты з палякамі, тым самым аддаўшы I. Сталіну ініцыятыву ў вызначэнні лёсу пасляваеннай Польшчы [13].

Польскае пытанне заставалася адным з найбольш актуальных і ў 1945 г. Важныя рашэнні па польскай праблеме былі прынятыя на Крымскай канферэнцыі кіраўнікоў трох саюзных дзяржаў - СССР, Вялікабрытаніі і ЗША (4-11 лютага 1945). Пытанне аб савецка-польскай мяжы абмяркоўвалася на сямі з васьмі пленарных паседжанняў. У выніку Вялікабрытанія і ЗША яшчэ раз пацвердзілі сваю згоду на "лінію Керзана" ў якасці пасляваеннай заходняй мяжы Польшчы. У сваю чаргу Савецкі Саюз пагадзіўся адступіць у некаторых раёнах на 5-8 км ад "лініі Керзана" на карысць палякаў [14].

На Патсдамскай канферэнцыі, якая адбылася ўжо пасля заканчэння вайны з Германіяй (17 ліпеня - 2 жніўня 1945), польская тэма хоць актыўна і абмяркоўвалася, аднак пытанне аб савецка-польскай мяжы больш не ўзнімалася. Удзельнікі перамоваў зыходзілі з таго, што праблему ўсходняй мяжы Польшчы вырашыла Ялцінская канферэнцыя [15]. Савецка-польская мяжа калі і ўзгадвалася, то толькі ў сувязі з пытаннем аб заходняй мяжы Польскай дзяржавы. Дэлегацыя польскага ўрада ў эміграцыі перадала ўдзельнікам канферэнцыі запіску члена прэзідыума КРН прафесара В. Грабскага. Змірыўшыся са стратай тэрыторыі на ўсходзе, В. Грабскі спрабаваў абгрунтаваць неабходнасць максімальнага прырашчэння зямель да Польскай дзяржавы на захадзе. Паводле падлікаў былога прэм'ер-міністра Польшчы (1920, 1923-1925), страты Польшчы на ўсходзе складалі 184 тыс. кв. км. А ўключэнне ў склад Польскай дзяржавы зямель да рэк Одэр і Заходняя Нейса давала прырашчэнне толькі ў 105 тыс. кв. км. Запіска В. Грабскага канстатавала скарачэнне тэрыторыі Польшчы ў выніку Другой сусветнай вайны на 74 тыс. кв. км - на 20% - і ставіла пытанне аб кампенсацыі за страчаныя тэрыторыі. Аднак у Патсдаме саюзнікі не вырашылі пытання аб заходняй мяжы Польшчы, паколькі яно цесна залежала ад таго, які ўрад будзе створаны ў пасляваеннай Польшчы і якой будзе яго знешнепалітычная арыентацыя [16].

Рашэнні Крымскай і Берлінскай канферэнцый краін антыгітлераўскай кааліцыі дазволілі Савецкаму Саюзу распачаць канчатковае, у адпаведнасці з міжнародным правам, замацаванне савецка-польскай мяжы. 3 мэтай заключэння дагавора б жніўня 1945 г. з Варшавы ў Маскву выехала польская ўрадавая дэлегацыя ў складзе прэзідэнта КРН Б. Берута прэм'ер-міністра польскага Часовага ўрада нацыянальнага адзінства Э. Асубкі-Мараўскага, віцэ-прэм'ераў С. Мікалайчыка і Мадэлеўскага, міністра Мінца, а таксама групы экспертаўу колькасці чатырнаццаці чалавек [17].

У выніку савецка-польскіх перамоваў у Маскве (15-16 жніўня 1945 г.) замест пагаднення ад 27 ліпеня 1944 г. быў падрыхтаваны двухбаковы дагавор аб савецка-польскай мяжы. 16 жніўня; выконваючы рашэнні Крымскай і Берлінскай канферэнцый саюзных дзяржаў, дагавор падпісалі наркам замежных спраў СССР В. Молатаў і прэм'ер-міністр Э. Асубка-Мараўскі. У адпаведнасці з артыкулам 1 дакумента дзяржаўная мяжа паміж Савецкім Саюзам і Польскай рэспублікай праходзіла ўздоўж "лініі Керзана" з адступленнем ад яе на карысць Польшчы ў некаторых раёнах ад пяці да васьмі кіламетраў. Акрамя таго, СССР дадаткова саступіў Польшчы тэрыторыю, размешчаную на ўсход ад "лініі Керзана" да ракі Заходні Буг і ракі Салокія, на поўдзень ад горада Крылоў з адхіленнем на карысць Польшчы максімальна на трыццаць кіламетраў, а таксама частку тэрыторыі Белавежскай пушчы, на участку Няміраў- Ялаўка, размсшчаным на ўсход ад "лініі Керзана", уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавеж і Ялаўку, з адхіленнем на карысць Польшчы максімальна на сямнаццаць кіламетраў" [18].

Новая лінія савецка-польскай мяжы была нанесена на карту з маштабам 1:500 000, на аснове якой, пасля ратыфікацыі дагавора, змешаная дэмаркацыйная камісія павінна была правесці мяжу на мясцовасці. 3 перадачай Польшчы амаль усёй Беластокскай вобласці Беларусь страціла Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Бранскі, Граеўскі, Дамброўскі, Едвабнаўскі, Заблудаўскі, Замбраўскі, Кольнаўскі, Крынкаўскі, Лапскі, Ломжынскі, Манькоўскі, Снядаўскі, Сакольскі, Цэхановіцкі і Чыжэўскі раёны. Ад Брэсцкай воблаці адышлі Кляшчавіцкі і Гайнаўскі раёны [19].

Польскі бок перадаааў БССР усяго толькі 15 вёсак, населеных выключна беларусамі. Усяго ж, у выніку карэктавання "лініі Керзана"і саступак І. Сталіна, паводле савецка-польскага дагавора ад 16 жніўня 1945 г. ад Беларусі ў склад Польшчы пераходзіла 14,3 тыс. кв. км з насельніцтвам, згодна з перапісам 1946 г., каля 638 тыс. чалавек. Па тэрыторыі, прылучанай да Польшчы, Беласточчына была роўная палове такіх дзяржаў,як Албанія ці Бельгія. Пазней М. Хрушчоў у сваіх мемуарах прызнаваў, што да Польшы "адышлі і асобныя землі з чыста беларускім і ўкраінскім насельніцтвам". Такі крок I. Сталіна ён тлумачыў жаданнем "задобрыць" палякаў, каб аслабіць негатыўныя эмоцыі,якія заставаліся ў палякаў ад савецка-германскага дагавора ад 23 жніўня 1939 г. [20] Забягаючы трохі наперад адзначым таксама, што гэта была не апошняя саступка палякам, зробленая зыходзячы з падобных меркаванняў.

Кіраўніцтва БССР, нягледзячы на тое, што рашэнне аб пасляваеннай савецка-польскай мяжы непасрэдна датычылася Беларускай рэспублікі, удзелу ў абмеркаванні тэрытарыяльнага пытання не прымала. Яго роля звялася да адабрэння пастаноў вышэйшых партыйных і ўрадавых органаў. Выступаючы на VI сесіі Вярхоўнага Савета БССР (сакавік 1944 г.), старшыня ВС БССР М. Наталевіч падтрымаў "лінію Керзана"ў якасці савецка-польскай мяжы. Толькі адносна некаторых раёнаў Беластокскай вобласці,у прыватнасці Бельскага, старшыня ВС БССР выказаў сумненне ў абгрунтаванасці прэтэнзій на іх польскага эмігранцкага ўрада. У сувязі з гэтым М. Наталевіч прапанаваў Вярхоўнаму Савету БССР "звярнуць на дадзенае пытанне асаблівуюўвагуі прасіць саюзны ўрад улічыць цалкам законнае і справядлівае жаданне беларускага народа ўз'яднаць усе беларускія землі ў адзіную Беларускую Савецкую дзяржаву" [21].

Між тым у кіраўніцтва Беларусі меліся ўсе падставы, каб больш цвёрда і паслядоўна адстойваць беларускія нацыянальныя інтарэсы адносна Беластокскай вобласці. Справаздачы нізавых партыйных арганізацый, калектыўныя звароты ў адрас ЦК КП(б)Б і ўрада БССР сведчаць аб тым, што ў 1944-1945 гг. сярод насельніцтва Беластокскай вобласці моцнымі былі настроі за тое, каб вобласць засталася ў складзе Беларускай рэспублікі. Заявы ў кіраўнічыя органы БССР паступалі сотнямі і нават тысячамі. Так, восенню 1944 г. звыш 6 тыс. жыхароў Белавежа накіравалі ў ЦК КП(б)Б калектыўнае пісьмо,у якім прасілі далучыць горад і Белавежскую пушчу да БССР. Праз год, у кастрычніку 1945 г., у Народны камісарыят замежных спраў БССР паступілі заявы ад амаль тысячы жыхароў беларускіх вёсак Бельскага, Арлянскага і Клюковіцкага паветаў Беластокскай вобласці з просьбай перагледзець савецка-польскую граніцу [22]. Аднак аб'ектыўная сітуацыя была такой, што, нават маючы такія важкія аргументы, як звароты тысяч грамадзян, магчымасці кіраўніцтва БССР паўплываць на вырашэнне пытання аб беларуска-польскай мяжы былі істотна абмежаваны. Партыйныя і савецкія органы БССР маглі толькі фіксаваць падобныя заявы і затым перасылаць іх у саюзныя органы. Такім чынам, канчатковае вырашэнне пытання аб беларуска-польскай мяжы заставалася прэрагатывай саюзных органаўулады, для якіх беларускія нацыянальныя інтарэсы не з'яўляліся прыярытэтнымі, асабліва калі яны ўваходзілі ў супярэчнасць з глабальнымі амбіцыямі Савецкага Саюза. Дагавор аб савецка-польскай мяжы не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах улады БССР, УССР і ЛітССР, чые нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы ён непасрэдна закранаў. У Савецкім Саюзе ў прынцыпе адсутнічаў палітыка-прававы механізм узаемадзеяння і каардынацыі дзеянняў цэнтральныхі рэспубліканскіх органаў улады пры вырашэнні такога складанага і важнага пытання, як змяненне граніц савецкіх рэспублік. Больш за тое, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР, ратыфікуючы савецка-польскі дагавор, не меў нават фармальнай згоды кіраўніцтва БССР на змяненне граніц рэспублікі, што было патрэбна ў адпаведнасці з Канстытуцыямі СССР і БССР [23].

Падпісанне дагавора аб савецка-польскай мяжы выклікала ў Польшчы неадназначную рэакцыю. Новая палітычная эліта, кіраўніцтва краіны ўсяляк падкрэслівалі справядлівы і карысны для Польшчы характар дагавора. Так, прэм'ер-міністр польскага Часовага ўрада нацыянальнага адзінства Э. Асубка-Мараўскі ў інтэрв'ю прадстаўніку ТАСС з нагоды падпісання савецка-польскага дагавора заявіў: "Толькі што падпісаны дагавор аб устанаўленні польска-савецкай мяжы мае для нашых народаў вялізнае гістарычнае значэнне, паколькі гэтым дагаворам урэгулявана радыкальным чынам не толькі пытанне аб мяжы, якая на працягу сотняў гадоў палала нянавісцю і барацьбой, але і закладзены моцны фундамент сяброўства і братэрскага добрасуседскага суіснавання нашых народаў".

Кіраўнікі Польшчы ў сваіх выступленнях часта падкрэслівалі той факт, што замест страчаных тэрыторый на ўсходзе краіна агрымала значна больш развітыя эканамічна і перспектыўныя для народнай гаспадаркі землі на захадзе. У прыватнасці, прэзідэнт Краёвай Рады нарадовай Б. Берут на прэс-канферэнцыі з нагоды падпісання дагавора адзначаў: "Супастаўленне з эканамічнага пункту гледжання таго, што мы перадаем на ўсходзе, з тым, што мы атрымліваем на захадзе, зусім не суразмерна. На ўсходзе землі балоцістыя, лясістыя, з эканамічнага пункту гледжання бедныя, населеныя ўкраінцамі і беларусамі. Як вядома, гэтыя тэрыторыі былі ачагом вечнага неспакою, ачагом войнаў. Дзякуючы заходнім землям Польшча атрымае магчымасць стаць краінай індустрыяльна-аграрнай, у той час як да сённяшняга часу яны была краінай з нязначным уплывам прамысловасці на эканоміку краіны. Польшча атрымала шырокі доступ да Балтыкі і з гэтай пары будзе прылічана да марскіх дзяржаў" [24].

Польскія ўлады прыкладалі значныя намаганні дзеля таго, каб вышэйпрыведзеная ацэнка савецка-польскага дагавора стала дамінантнай у грамадскай свядомасці. У адпаведным настроі былі вытрыманы і публікацыі ў польскіх афіцыйных сродках масавай інфармацыі. Вядучае польскае выданне "Рэч паспаліта" ў перадавым артыкуле "У інтарэсах Польшчы" адзначала: "Маскоўскі дагавор... рэгулюе ў духу сяброўства і згоды мяжу паміж Польшчай і Савецкім Саюзам". Газета "Глос люду" вызначала маскоўскі дагавор як новую значную перамогу знешняй палітыкі дэмакратычнай Польшчы. Падобныя меркаванні выказвалі і іншыя газеты. Нават амерыканскі польскамоўны друк, як адзначалася ў аглядзе ТАСС ад 23 жніўня 1945 г., станоўча адрэагаваў на падпісанне дагавора аб мяжы паміж СССР і Польшчай [25].

Тым не менш рэакцыя на савецка-польскі дагавор была далёка не такой адназначнай, як гэта можа здацца, калі ўлічваць толькі афіцыйныя публікацыі. Сярод патрыятычна настроенай часткі грамадства існавалі негатыўныя адносіны да дагавора. Прыхільнікі польскага ўрада ў эміграцыі, якіх было нямала ў пасляваеннай Польшчы, разглядалі дагавор як дакумент, які ўзаконіў чарговы тэрытарыяльны падзел Польскай дзяржавы. Імкнучыся хаця б часткова аслабіць негатыўную рэакцыю на савецка-польскі дагавор, юрыдычны аддзел прэзідыума КРН забараніў даваць спасылку на "лінію Керзана"ў друку і ў польскай урадавай дакументацыі нягледзячы на тое, што гэтая дэфініцыя прысутнічала ў дакуменце. Польскія ўлады непакоіліся, што згадванне "лініі Керзана" ўзмоцніць негатыўцы рэзананс, выкліканы дагаворам ад 16 жніўня 1945 г. сярод пэўнай часткі польскага грамадства. I калі спачатку тэрмін "лінія Керзана" яшчэ прысутнічаў у прамовах першых асоб Польскай дзяржавы,то пазней ён перастаў ужывацца.

У савецкага кіраўніцтва таксама ўзніклі пэўныя складанасці з натыфікацыяй дагавора аб савецка-польскай мяжы. Аднак у выпадку з СССР праблема заключалася не ў тым, якой будзе рэакцыя на дагавор насельніцтва краіны (яна была прадказальна станоўчай), а ў тым, якім чынам праінфармаваць міжнародную супольнасць пра савецка-польскі дагавор. Урад СССР непакоіўся, што азнаямленне трэціх дзяржаў з дагаворам можа быць успрынята імі як дапушчэнне Савецкім Саюзам "магчымасці шырокага міжнароднага абмеркавання і адабрэння новай мяжы". У сувязі з гэтым было прынята рашэнне накіраваць адпаведныя ноты толькі пасольствам ЗША і Вялікабрытаніі, што павінна было, з аднаго боку, ліквідаваць магчымасць ігнаравання новай савецка-польскай мяжы, а з другога - нагадаць былым саюзнікам па антыгітлераўскай кааліцыі пра шосты раздзел рашэнняў Берлінскай канферэнцыі. Азнаямленне іншых дзяржаў прадугледжвалася правесці шляхам рэгістрацыі савецка-польскага дагавораў ААН [26].

31 снежня 1945 г. савецка-польскі дагавор аб мяжы быў вынесены на паседжанне сесіі КРН і аднагалосна прыняты без абмеркавання. 13 студзеня 1946 г. закон ратыфікаваў Вярхоўны Савет СССР [27]. 4 лютага ў Варшаве Надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у Польшчы В. Лебедзеў і міністр замежных спраў Польскай рэспублікі В. Жымоўскі абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі дагавора паміж СССР і Польскай рэспублікай аб савецка-польскай мяжы [28]. Такім чынам, усе юрыдычныя фармальнасці былі выкананы, і бакі маглі распачаць працэс дэмаркацыі савецка-польскай мяжы.

  • [1] Снапкоўскі У Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі 1944-1953 гг. Мн., 1997. С. 76.
  • [2] Советско-английские отношения во время Великой Отечественной войны 1941-1945: Док. м материалы. В 2 т. Т. 1, М., 1983. С. 63.
  • [3] Козловський I. Встановлення украінсько-польского кордону 1941-1951 рр. Львів, 1998. С. 36-55.
  • [4] Ржешевский 0. А. Сталин и Черчилль. Встречи. Беседы. Дмскуссии. М., 2004. С. 31-73.
  • [5] Гл.: Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акулацыяй. Мн., 1993. С. 101-102; Крэнь I. П. Аб даследаванні дзейнасці Арміі Краёвай на Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны: зыходныя пазіцыі, падыходы, мэты //Армія Краёва на тэрыторыі Заходняй Беларусі (чэрвень 1941 - ліпень 1944 г.): Тэз. 4-й навук. канф. бел. і поль. гісторыкаў, 6-7 кастрычніка 1994. Гродна, 1994. С. 11-17.
  • [6] Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны 1941-1945 гг.: Сб. док. Т. 2. Тегеранская конференция руководителей трех союзных держав СССР, США и Великобритании (28 ноября - 1 декабря 1943 г). М.. 1978. С. 165-167.
  • [7] Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Янв. 1941 - дек. 1945 г. М., 1974. Т. VIII. С. 21-22.
  • [8] Тамсама. Т. VIII. С. 142-143.
  • [9] Снапкоўскі У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі. У 2 ч. Ч. 2. Ад канца XVIII да пачатку XXI ст. Мн., 2004. С. 145.
  • [10] Снапкоўскі У. Е. Знешнепалітычная дзейнасць... С. 79-80.
  • [11] Пагадненне паміж урадам Саюза ССР і Польскім Камітэтам нацыянальнага вызвалення аб савецка-польскай граніцы //Знешняя палітыка Беларусі. 36. дак. і матэрыялаў (чэрвень 1941 - жнівень 1945 г.). Т 4. Мн., 2001. С. 236-237.
  • [12] Eberhardt P. Polska Granica Wshodnia. 1939-1945. Warszawa, 1993. С. 200-201.
  • [13] Козповський I. Встановлення... С. 133-135.
  • [14] Советский Союз на международных... Т. 4. Крымская конференция руководителей трех союзных держав - СССР, США и Великобритания (4-11 февраля 1945 г.). М., 1984. С. 251.
  • [15] Советский Союз на международных... Т. 6. Берлинская (Потсдамская) конференция руководителей трех союзных держав - СССР, США и Великобритании (17 июля - 2 августа 1945г.).М., 1984. С. 22-167.
  • [16] Архив внешней политики Российской Федерации (далее - АВП РФ), ф. Секретариат В. Молотова, оп. 7, пор. 618 д.40, л. 6.
  • [17] Козповський I. Встановлення... С. 138.
  • [18] Тэкст дагавора гл.: Правда. 1945. 17 августа. Гл. таксама: Знешняя палітыка Беларусі,.. Т. 4. С. 322-323.
  • [19] Рокошевич В. К. Послевоенная демаркация совётско-польской границы и "великое" переселение белорусского и польского населения // Армія Краёва на тэрыторыі Заходняй Беларусі... С. 115.
  • [20] Снапкоўскі У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі... Ч. 2. С. 146-147.
  • [21] Знешняя палітыка Беларусі... Т. 4. С. 195.
  • [22] Вяпікі А. Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.). Мн., 2005. С. 33-35.
  • [23] Снапкоўскі У. Е. Знешнёпалітычная дзейнасць... С. 88. Гл. таксама: Снапкоўскі У Е. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943-1945 гг. //Бел. гіст. часопіс. 1994. № 3. С. 12-13.
  • [24] Знешняя палітыка Беларусі... Т 4. С.324-327.
  • [25] ГАРФ, ф. 4459, оп. 27/1, ч. 1, д. 4382, л. 18-21.
  • [26] АВП РФ, ф. референта по Польше, оп. 27а, пор. 15, д. 207, л. 2.
  • [27] Козповський I. Встановлення... С. 151.
  • [28] АВП РФ, ф. Польша референтура, оп. 88, пор. 29, д. 204, л. 7.

Крыніца: часопіс "Спадчына" №1 2008