Беларускія антыкамуністычныя рухі канфесійнай і агульнадэмакратычнай накіраванасці

Што лічылася антыкамуністычным? Стаўленне рэжыму да розных плыняў антыкамунізму

Пасля смерці Сталіна ціск камуністычнага рэжыму на грамадства не знік. Ён адно змяніў свае формы - ад масавых расстрэлаў і доўгатэрміновых зняволенняў (да 25 гадоў) перайшлі да звальненняў з працы, рэпрэсіўнай псіхіятрыі, высылкі за мяжу (у рэдкіх выпадках), зняволенняў тэрмінам да 10 гадоў.

КПСС ставіла за мэту пабудову атэістычнага грамадства расійскамоўных “савецкіх людзей”, якое існавала б ва ўмовах “народнай дэмакратыі”. Па сутнасці гэта былі брутальныя спробы насадзіць замест хрысціянскай рэлігіі камуністычную, русіфікаваць іншамоўныя народы, падначаліць усё грамадства неабмежаванай уладзе партыйнай наменклатуры, што, паводле савецка-камуністычных уяўленняў, і складала сутнасць “народнай дэмакратыі”.

Адпаведна да антыкамуністаў залічаліся вернікі, абаронцы правоў чалавека, нацыянальных моваў і культур, прыхільнікі дэмакратычных каштоўнасцяў. Карацей кажучы, усё, што пярэчыла камуністычнай ідэалогіі і практыцы, лічылася антыкамунізмам і падлягала рэпрэсаванню ці фізічнаму вынішчэнню.

І ўсё ж, што да антыкамунізму ў самой метраполіі і ў яе калоніях, так званых “саюзных рэспубліках”, тут існавалі пэўныя адрозненні. Ад часу вайны рэжым, напрыклад, пачаў даволі цярпіма ставіцца да Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ), бо тая, адпаведна сваім традыцыям, урэшце пагадзілася на супрацоўніцтва з уладамі; а да таго ж аказалася нашпігаваная кагэбістамі. Як і раней, РПЦ заставалася актыўным памагатым у справе русіфікацыі ўскраін, што супадала з задачамі ўмацавання імперыі; гэтым разам, праўда, імперыя была ўжо не расійскай, а камуністычна-расійскай. Выспамі духоўнай незалежнасці ад камунізму заставаліся пераважна неправаслаўныя канфесіі. А сярод “нярускіх” людзей яны ў многіх выпадках з’яўляліся апірышчам нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму пратэстанцкія, каталіцкія, уніяцкія, мусульманскія, будыйскія святары былі пастаянным кантынгентам хрушчоўска-андропаўскага ГУЛАГу.

Зразумела, што вялася барацьба і супраць прыхільнікаў "буржуазнай дэмакратыі". Аднак гэтыя прыхільнікі, а яны выявіліся пераважна ў цэнтрах метраполіі - Маскве і Ленінградзе, па сутнасці, не пагражалі маскоўскай імперыі. Таму найбольш вострыя рэпрэсіі як у сталінскі, так і ў час позняга сталінізму, накіроўваліся супраць нацыянальна-патрыятычных рухаў нярускіх народаў.

Адзін мой знаёмы, колішні шматгадовы вязень савецкіх канцлагераў, а перад гэтым, у час нямецка-фашыстоўскай акупацыі, чалец беларускай школьнай адміністрацыі на Лідчыне, казаў, што выжыў таму, што пераканаў следчых, быццам служыў толькі ў паліцыі. Гэта было меншым грахом перад камуністамі, чым удзел у беларускім нацыянальным руху. Мой стрыечны брат, які адседзеў на шахтах Інты за бацьку, “трацкіста і ворага народа”, і за СБМ, вельмі здзівіўся, што яго сулагернік Васіль Супрун вярнуўся жывы на волю: “Беларускіх патрыётаў, якія і ў канцлагеры не хавалі сваіх перакананняў, камуністы жывымі амаль не пакідалі”.