Спробы арганізацыі беларускага антысавецкага партызанскага руху на Беласточчыне ў 1944-45 гг.

Імклівы наступ Чырвонай Арміі ў Беларусі напрыканцы чэрвеня 1944 г. прывёў да дэзарганізацыі ня толькі нямецкіх войскаў, але і беларускіх вайсковых фармацыяў. Некаторыя зь іх адыходзілі на захад, іншыя самарапускаліся альбо сыходзілі ў лясы з мэтай вядзеньня антысавецкай партызанскай барацьбы. Арганізацыю супраціву бальшавікам спрабавала ўзяць у свае рукі падпольная Беларускаянезалежніцкая партыя (БНП). На Беласточчыне яе кіраўніком быў Іван Гелда,былы афіцэр войска генэрал-маёра С. Булак-Балаховіча, камандзір Беластоцкага беларускага батальёну.1

Беластоцкі беларускі батальён павінен быў перайсьці ў Белавежскую пушчу амаль поўным складам. Менавіта такі загад яму аддаў былы яго камандзір Іван Гелда, які напрыканцы чэрвеня 1944 г., разам зь іншымі беларускімі вайскоўцамі-сябрамі БНП, выйшаў з турмы гестапа (каля 20 беларускіх вайскоўцаў на чале з Гелдай былі арыштаваныя ў траўні 1944 г. па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да БНП, але ніхто ў сяброўстве ў гэтай партыі не прызнаўся). Аднак яго ня выканаў новы камандзір батальёну Сяргей Матысік,які выступаў супраць партызаншчыны. Аднак ён не перашкаджаў 35% асабовагаскладу аддзелу ісьці ў Белавежскую пушчу.2

Яшчэ каля 15 жаўнераў у ліпені 1944-га былі загітаваныя ў партызанку Алесем Асяцімскім і Міколам Грыцуком у Ломжы, куды Матысік вывеў рэшту батальёну. Яны рашыліся на пераход нямецка-савецкага фронту, каб дабрацца дародных мясьцінаў. Мікола Грыцук “меў намер арганізаваць у Белавежскай пушчы беларускі партызанскі атрад”. Але пра лёс ягонай групы нічога невядома.3

Сам жа Іван Гелда ў жніўні 1944 году стаў камандзірам беларускага спэцыяльнага батальёну “Дальвіц” ва Ўсходняй Прусіі, які, пад кіраўніцтвам абвэра, рыхтаваў для антысавецкай партызанкі камандны склад, падрыўнікоў і радыстаў.

І ўсё ж ёсьць зьвесткі, што былыя беластоцкія “самаахоўцы” арганізаваліпартызанскі атрад, які нейкі час дзейнічаў у Белавежскай пушчы. Эміграцыйны пісьменьнік Юры Жывіца яшчэ напрыканцы 1940-х, на дакумэнтальнай аснове, напісаў аповесьць “Пушча шуміць” (Ляймэн, 1963). У ёй дзейнічаюць рэальныя асобы, частка якіх схаваная пад псеўданімамі. Паводле гэтай кнігі, беларускія самаахоўцы зь Беластоку, сапраўды, пайшлі ў Белавежскую пушчу. Імі былі захопленыя некалькі супрацоўнікаў “СЬМЕРШу”, якіх, пасьля допытаў, яны зьнішчылі.4 Гэты партызанскі аддзел, нібыта, меў добрую сувязь і ведаў, што “робіцца па ўсёй пушчы, па ўсім сьвеце”. 5 Партызаны зьдзейсьнілі тэракт, падарваўшы мінаю савецка-польскую камісію павызначэньні новай мяжы. 6

Верагодна, аддзел меў сваю базу на савецкім баку мяжы (напрыклад, бераставіцкія міліцыянты з 1944 г. вялі зацятую барацьбу з дывэрсантамі і “бандыцкімі групоўкамі”, якія мелі базы ў Белавежскай пушчы: Их профессия- быть на страже // Милицейский вестник (Горадня), 1999, № 12, 26 сакавіка). Паводле Жывіцы, пазьней гэтыя партызаны, з дапамогай беларуса зь мясцовай камуністычнай адміністрацыі, які зрабіў ім новыя дакумэнты, легалізаваліся. Частка зь іх легалізавалася ў БССР, іншыя - на Беласточчыне.7

Паводле яшчэ адной эміграцыйнай крыніцы, гэты партызанскі аддзел знаходзіўся ў беластоцкіх лясах толькі да 20 жніўня 1944 г. Пазьней партызаны жылі ў Беластоку, пакуль у ліпені 1945 году не перайшлі на тэрыторыю БССР, дзе ваявалі да лета 1949 г.8 Дакладна невядома, з чым мог быць зьвязаны гэты пераход. Якраз у пачатку лета 1945-га ў Беластоку зьявіўся старшыня ЦК БНП Усевалад Родзька, які мог адправіць згаданы аддзел на ўсход дзеля наладжваньня сувязяў зь беларускім партызанскім рухам.

Варта зазначыць, што ў 1944-45 гг. БНП арганізоўвала ў Польшчы сваю падпольную сетку і сувязныя пункты, з дапамогай якіх павінны былі падтрымлівацца кантакты паміж незалежнікамі на Бацькаўшчыне і ў заходняй Нямеччыне ды Бэрліне. У адпаведнасьці з распрацаваным плянам Беларускай незалежніцкай партыі, галоўныя сілы беларускага антысавецкага партызанскага руху павінны былі знаходзіцца ў раёне Налібоцкай і Белавежскай пушчаў.9 17 чэрвеня 1945 г. у Варшаве адбылася кансьпіратыўная нарада дзеячоў БНП Ус. Родзькі, М. Шкялёнка, Ю. і Л. Луцкевічаў, Я. Пабяржына. У адпаведнасьці зь яе рашэньнямі, Шкялёнак быў накіраваны ў Бэрлін, каб “устанавіць сувязь зь беларускімі эмігранцкімі цэнтрамі”. Браты Луцкевічы заставаліся ў Варшаве, як сувязныяі адказныя за кансьпірацыйную кватэру. Родзька з групай з 10 чалавек-дэсантнікаў “Дальвіца” перабраўся ў Беласток, адкуль меркаваў устанавіць сувязь з дэсантнымі групамі, раней закінутымі на тэрыторыю БССР і з падпольлем АК. Пасьля гэтага Родзька спадзяваўся ўшчыльную заняцца арганізацыяй беларускага антысавецкага паўстанцкага руху.10 Аднак, паадных зьвестках, у чэрвені11 , па другіх - у ліпені12 , па трэціх - позьняй восеньню 1945 году13 Родзька і частка ягонай групы былі арыштаваныя савецкай дзяржбясьпекай у Беластоку. У рукі чэкістаў патрапіў і маёр Гелда, які ў 1946 г. быў павешаны ў Беластоку. Такім чынам была разгромленая частка беларускіх падпольных структураў у Польшчы.14 Верагодна, яны былі часткова адноўленыя ў наступныя гады пры ўдзеле былога кіраўніка СБМ Міхася Ганька, які ў другой палове 1945 г. празЧэхаславаччыну і Ўкраіну са сваім аддзелам прыйшоў у Белавежскую пушчу.15

Паводле публікацыяў у таронцкай газэце “Беларускі голас” (напрыклад, артыкул “Крывавыя ўгодкі” // БГ, 1977, № 258, кастрычнік), з канца 1945 г. да 1947 г. на Беласточчыне (у Аўгустоўскіх лясах) знаходзіўся беларускі партызанскі атрад Івана Перагуда, які прыйшоў сюды зь Берасьцейшчыны. Ён, нібыта, наладзіў сувязь з беларусамі ў мясцовых органах улады і міліцыі ды дапамагаў ім змагацца супраць польскай партызанкі. Варта зазначыць, што згаданыя ўспаміны Перагуда былі перадрукаваныя ў беластоцкай “Ніве” (1995, 10 верасьня), але ў рэдакцыйным камэнтары, праўдападобна, гісторык Яўген Мірановіч бярэ пад сумніў іх праўдзівасьць. Паводле яго, “у дакумэнтах няма сьледу, што на Беласточчыне ў 1945-1947 гадах змагаўся з польскім падпольлем нейкі беларускі антыкамуністычны атрад, які прыйшоў сюды з-за керзанскай лініі”. У “Ніве” ад 3 сьнежня 1995 г. Я. Мірановіч сьцьвярджае, што “атамана Перагуда ніколі на Беласточчыне не было”. На гэты раз ён спасылаецца ня толькі на адсутнасьць зьвестак пра яго атрад у дакумэнтах бясьпекі, міліцыі, адміністрацыі і партыйных органаў,але і польскага падпольля. Паводле таго ж “Беларускага голасу”, на Бяляпадляшчыне нейкі час у 1948 г. (па іншых зьвестках - у 1945 г.) знаходзіўся партызанскі атрад Якуба Харэўскага, які таксама прыйшоў зь Берасьцейшчыны ды пасьля перайшоў групамі ў Заходнюю Нямеччыну. А ў Аўгустоўскіх лясах у 1944-45 гг. спыніўся атрад Язэпа Таўпекі, які перайшоў сюды пасьля баёў з савецкімі дэсантнікамі на Палесьсі. Ён таксама здолеў выйсьці ў Заходнюю Нямеччыну.16

Таксама зьяўляецца спрэчнаю інфармацыя з кнігі Янкі Запрудніка “Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях” (Менск, 1996), дзе ён піша, што “у першыя некалькі гадоў пасьля адваяваньня Беларусі Савецкай Арміяй нацыяналістычныя сілы вялі тут збройны супраціў, як і ў суседніх Літве і Ўкраіне. У Белавежскай пушчы на Беласточчыне з камуністамі ваявала нацыяналістычная партызанская армія генэрала Кастуся Вітушкі” (бб. 117-118). Відаць, яна можа грунтавацца на эміграцыйных крыніцах. Напрыклад, часопіс “Рух” пісаў: “Лясы Беласточчыны, а перадусім нетры Белавескай пушчы даюць сяньня ахову і прытулак дзесяткам тысяч беларускіх партызанаў, былых жыхароў земляў Беласточчыны, што дзень і ноч непакояць ворага, стрымліваюць усякімі спосабамі прымусовае высяленьне і даюць помач і ахову беларускаму сялянству па той і гэны бок лініі Кэрзона”.17 Лічба ў “дзесяткі тысячаў” партызанаў выглядае фантастычнай. А эміграцыйны дасьледчык М. Залога сьцьвярджае, штоменавіта партызаны “Чорнага Ката” генэрала Вітушкі спынілі перасяленьне беларусаў з Беласточчыны ў БССР.18 У гэтых публікацыяхамаль няўлічваецца дзеяньне на Беласточчыне польскіх партызанскіх аддзелаў. Менавіта супраць іх, а не беларускіх партызанаў, у лістападзе 1944-га ў Беластоцкім ваяводзтве праводзілася буйнамасштабная антыпартызанская акцыя. У склад адмыслова сфармаванай Беластоцкай апэратыўнай групывойскаў НКВД увайшлі некалькі палкоў памежных і ўнутраных войскаў.19

Цікавай крыніцай па дзейнасьці беларускага антысавецкага падпольля на Беласточчыне зьяўляецца інтэрвію камандзіра аднаго з аддзелаў УПА эміграцыйнай газэце “Бацькаўшчына”. Дзесьці ў 1947 г. украінскія паўстанцы зьдзейсьнілі, пад выглядам аддзелу АК, рэйд ва Ўсходнюю Прусію, і шлях іх праходзіў праз Беласточчыну.

“У 1947 г. мы мелі сувязь зь беларускім вызвольным рухам цераз аднаго сьвятара ў усходняй частцы Беласточчыны, - распавядаў ананімны камандзір УПА.. - Нашая разьведка паведаміла нас, што беларускія партызаны ўжо тады перайшлі адсюль у БССР. Мы атрымалі тады некалькі адозваў беларускага вызвольнага руху да насельніцтва, каб яно не пакідала родных земляў, пры гэтым выясьнялася правакацыя бальшавікоў. Іншыя былі зваротам да ахвіцэраўі жаўнераў варожых фармацыяў. Некалькі невялікіх беларускіх партызанскіх групаў яшчэ рэйдавалі ў Белавескай пушчы. Яны рабілі напады на бальшавіцкіх актывістых”.20 

Можна меркаваць, што Беласточчына і ў наступныя гады заставалася рэгіёнам, празь які беларускі антысавецкі партызанскі рух падтрымліваў сувязі з эміграцыйнымі арганізацыямі. Тут, а таксама і ў іншых рэгіёнах ПНР, магла існаваць сетка сувязных пунктаў. Ускосна гэтую тэзу пацьвярджаюць успаміны Міхася Зуя пра сваё жыцьцё на нелегальным становішчы ў Польшчы ў 1945-48 гг.21 ды лёс Язэпа Найдзюка, які пасьпяхова кансьпіраваўся ад дзяржбясьпекі ва Інаўроцлаве да 1963 г.22

Зноў жа з эміграцыйных крыніцаў вядома, што яшчэ ў 1950-х гадах на Беласточчыне маглі дзейнічаць беларускія партызанскія і дывэрсыйныя групы.. Паводле ўспамінаў аднаго з беларускіх партызанаў, у сакавіку 1949 г. аб’яднанымі сіламі беларускіх і ўкраінскіх партызанскіх аддзелаў быў зьдзейсьнены напад на Гайнаўку.23 Пазьней тое ж выданьне паведамляла пра пяць зьнішчаных у чэрвені 1950 г. вайсковых цягнікоў і некалькі пашкоджаных мастоў на чыгунцы Берасьце - Беласток.24 Аднак зьіншых крыніцаў гэтыя факты пакуль не пацьверджаныя.

Апошнія партызанскія групы дзейнічалі ва ўсходняй Беласточчыне яшчэ напрыканцы 50-х гг. Паводле няпэўных дадзеных, складаліся яны з дэзэртыраў польскага і савецкага войска, і падтрымліваліся мясцовым насельніцтвам. У жніўні 1959 г. яны, нібыта, забілі польскага генэрала Генрыка Янкоўскага. Пасьля гэтага на ўсходняй Беласточчыне ўнутраныя войскі праводзіліантыпартызанскую акцыю, але беспасьпяховую. А 3 лістапада 1959 г. у баі з партызанамі загінуў маёр польскага войска і 10 жаўнераў.25 

Паводле яшчэ адной эміграцыйнай крыніцы, партызаны зьявіліся на Беласточчыне ў канцы зімы 1957-58 гг., “у выніку аграмаднай “ачышчальнай” апэрацыі, праведзенай савецкімі войскамі ўнутранай бясьпекі на Беларусі”. Беларускія партызанскія групы, нібыта, былі прыціснутыя да мяжы з Польшчайі былі змушаныя яе перайсьці.26

Ян Матыс Крыніца: часопіс "Беларускі Рэзыстанс №1 / 2004 г."

  1. Relacja Aleksandra Hrycuka, kierownika Glownego Inspektoratu Szkolnego w Okregu Bialostockim w latach 1943-1944 // Bialoruskie Zeszyty Historyczne, 1999, № 11; Ёрш С. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. Менск-Слонім, 1998, бб. 54-58.
  2. Ёрш С. Зноў пра маёра Гелду // Ніва (Беласток), 1997, № 2, 12 студзеня; Вяртаньне БНП, б. 57.
  3. Choruzy W. Aleksy Hrycuk (1910-1976) // Bialoruskie Zeszyty Historyczne, 2000, № 13, б. 205.
  4. Пушча шуміць, б. 91.
  5. Тамсама, б. 92.
  6. Тамсама, б. 96.
  7. Тамсама, б. 98.
  8. Весткі з Бацькаўшчыны // Незалежная Беларусь (Лянгэнфэльд), 1953, № 1(7), студзень; перадрук - Была вайна. З гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву. Менск, Беларускі Рэзыстанс, 2003, бб. 35-36.
  9. Хацкевич А. Преступления без срока давности // Фемида (Менск), 1993, 11-17 студзеня, № 2.
  10. Валаханович И. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944-1953 гг. Менск, 2002, б. 33-34.
  11. Нёман, 1993, № 3, б. 161; Хацкевич А. Загадка Константина Езовитова // Семь дней, 1995, № 26.
  12. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944-1953 гг., б. 34.
  13. Акшевский И., Сенюков Г. Откровения бургомистра Витебска // Белорусская нива, 1994, 19 студзеня.
  14. Стасевіч Ю. Палітычныя групоўкі на Беларусі 41-45 гадоў // Беларускі голас (Таронта), 1975, № 237, кастрычнік.
  15. Ёрш С. Пра Міхася Ганька і Ўсевалада Родзьку // Беларус (Нью-Ёрк), 2003, № 485, чэрвень.
  16. Стасевіч Ю. Беларуская Народная Партызанка // Беларускі голас, 1975, № 230, люты.
  17. Рух (Заходняя Нямеччына), 1946, № 2-3, б. 31.
  18. Залога М. Насельніцтва і міграцыя Беларускаганароду // Барацьба (Штутгарт), 1972, №№ 77-78, студзень-ліпень.
  19. Расейскі дзяржаўны вайсковы архіў, ф. 38650, воп.1, спр. 142, арк. 10.
  20. Гутарка з камандзірам УПА // Бацькаўшчына (Мюнхэн), 1949, 9 сакавіка.
  21. Зуй М. На нелегальным становішчы // Ніва (Беласток), 1996, № 39, 29 верасьня; Яго ж. Мая аўтабіяграфія // Пагоня (Горадня), 1995, №№ 46-48, сьнежань; Вяртаньне БНП, бб. 71-82.
  22. Луба В. Любіў Беларусь і Куявы // Ніва (Беласток), 2004, № 7, 15 лютага.
  23. Партызанская барацьба на Беларусі нясупынна трывае // Вольнае слова (Зах. Нямеччына), 1950, № 1 (10), студзень-люты.
  24. Весткі з Бацькаўшчыны // Вольнае слова, 1950, № 4-5 (13-14), верасень.
  25. Партызаны на Беласточчыне // Бацькаўшчына (Мюнхэн), 1960, № 5, 31 студзеня.
  26. Збройныя групы на Беларусі // Беларускіголас (Таронта), 1961, студзень, №65.