Штурм Рэчыцы войскамі генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў лістападзе 1920 году

Армія генерала Булак-Балаховіча афіцыйна называлася Асобнай саюзнай арміяй. Такая назва дакладна адлюстроў­вала яе сутнасьць, паколькі армія была мілітарным увасаб­леньнем палітычнага саюзу Беларускага і Рускага палітычных камітэтаў.

12 кастрычніка 1920 году камандзiр арміі генерал Булак-Балаховіч прадставіў на нарадзе ў старшыні РПК Барыса Са­вінкава план аперацыі, які прадугледжваў заняць лінію Оўруч-Мазыр-Жлобін, а ў далейшым наступ на поўнач, на Бабруйск і Барысаў, і вызваленьне Беларусі1 . План, безумоўна, улічваў перадумовы распачатай 10 кастрычніка апошняй польскай аперацыі на польска-савецкім фронце. 15 кастрычніка польскія войскі занялі Менск, які паводле рыжскага перамір’я, падпісанага 12 кастрычніка, павінен быў адыйсьці да Савецкай Расіі. Атакуючы з-за сьпіны палякаў і даходзячы да Барысаву, Булак-Балаховіч мог бы перахапіць Менск і ўсталяваць тут свой урад.

У сярэдзіне кастрычніка ў распараджэньні Булак-Балаховіча было каля 5500 афіцэраў і жаўнераў розных часьцяў, у тым ліку двух беларускіх батальёнаў2 . Скарыстаньне гэтых сілаў у перыяд наступу польскіх войскаў на Беларусі і наступу генерала Урангеля на поўдні Расіі давала пэўныя магчымасьці хаця б часовага посьпеху. Булак-Балаховіч усё ж вырашыў пачакаць, пакуль не сканцэнт­руюцца ўсе яго сілы. 2-я Менская і 3-я Волжская пяхотная дывізіі далучыліся да 1-й пяхотнай дывізіі (г. зв. Дывізіі Сьмерці) у Тураве толькі 2 лістапада. На пачатку лістапада ў лагер Булак-Балаховіча прыйшоў таксама беларускі партызанскі атрад капітана Цімафея Хведашчэні, які нічым не адрозьніваўся ад рэгулярных частак (меў нават свой невялічкі аркестр), а крыху пазьней яшчэ два іншыя партызанскія атрады, адзін з-пад Слуцку, другі з-пад Менску3.

Нацыянальны склад арміі генерала Булак-Балаховіча ўстанавіць вельмі цяжка. Роля беларускага элементу ў гэтай арміі адведзеная была перш за ўсё 2-й Менскай дывізіі. Паводле яе камандзіра, палкоўніка Медарда Мікошы, жаўнеры гэтай дывізіі ў большасьці паходзілі з тэрыторыі “Літвы і Беларусі”4 . Зразумела, этнічных літоўцаў сярод іх не было. У склад гэтай дывізіі пачаткова ўваходзілі: Менскі полк, Асобны беларускі батальён (з конным узводам) пад камандаваньнем капітана Хведашчэні і два беларускія партызанскія атрады. Палкам гэтай дывізіі даваліся назвы: Менскі, Смаленскі, Віцебскі, ды яшчэ Магілёўскі5 . У дывізію масава ўключаліся жаўнеры, завербаваныя ў лагерах для савецкіх ваеннапалонных. І іх колькасьць відаць перавышала колькасьць беларускіх дабраахвотнікаў.

Асобны беларускі батальён пад камандаваньнем капітана Міколы Дзямідава ўваходзіў у склад Boстрaўскага палка 1-й дывізіі6 . Жаўнеры гэтага батальёну паходзілі з Беласточчыны7 . У гэтай дывізіі служылі ў бліжэй неакрэсьленай колькасьці старыя балахоўцы беларускага паходжаньня і дабраахвотнікі з Заходняга Палесься, якія сталі далучацца да Булак-Балаховіча пасьля ўзяцьця ім Пінску8 . Але і ў шэрагах гэтай дывізіі пераважалі, відаць, былыя чырвонаармейцы, якіх Булак-Балаховіч масава ўключаў да сваёй групы на шляху з Уладавы да Пінску.

3-я Волжская дывізія пад камандаваньнем генерала Яраслаўцава, апрача афі­цэрскіх кадраў, складалася выключна з завербаваных у лагерах ваеннапалонных. Яе расейскі характар падкрэсьлівалі назвы палкоў: Казанскі, Яраслаўскі, Ніжагародскі і Самарскі.

З ваеннапалонных набраная была таксама Сялянская брыгада атамана “Іскры” (І. Лахвіцкага), якая зьнешне мела украінскі характар. Яе палкі называліся Кіеўскі, Ноўгарадска-Уладзіміра-Валынскі і Пуціўльскі9 . Лахвіцкі выдаў адмысловую адозву да украінцаў10 .

Такім самым чынам стваралася Конная дывізія. Тубыльчы полк пад камандаваньнем палкоўніка Матад’яна гэтай дывізіі намінальна быў асетынскім, але большасьць яго кавалерыстаў складалі дэзерціры з польскай арміі11 .

У 2-й Менскай дывізіі знаходзіўся таксама сфармаваны ў Пінску яўрэйскі атрад лейт. Цэйтліна, які налічваў паводле розных крыніцаў 70-300 жаўнераў12 .

Такім чынам можна сьцьвярджаць, што ў арміі Булак-Балаховіча беларусы па колькасьці значна саступалі расейцам. Ідэйнай працай сярод беларускіх жаўнераў займаўся Беларускі палітычны камітэт, а перш за ўсё яго сябра Антон Лявіцкі, вядомы як пісьменьнік пад літаратурным псеўданімам Ядвігін Ш. Лявіцкі выдаваў у лагеры Булак-Балаховіча беларускую газету “Зьвястун”.

7 лістапада ў Тураве адбылася ўрачыстасьць пераняцьця Беларускім палітычным камітэтам з рук генерала Булак-Балаховіча грамадзянскай улады “над вызваленай зямлёй Беларускай Народнай Рэспублікі”. На тураўскім рынку сталі ў шыхтах беларускія атрады. На ўрачыстасьць прыбылі шмат жыхароў навакольных вёсак і дэлегацыі хрысьціянскага і яўрэйскага насельніцтва. Прысутнічаў таксама Барыс Савінкаў. Пасьля багаслужбы, падчас якой узьнесеныя былі малітвы за Беларускую Народную Рэспубліку і посьпех яе зброі, Булак-Балаховіч падняў беларускі нацыянальны сьцяг і прысягаў, што “не складзе зброі, пакуль ня вызваліць роднага краю ад узурпатараў”. Урачыстасьць закончыў парад беларускіх атрадаў13 .

Раней, 5 лістапада, Булак-Балаховіч выдаў сваім войскам загад наступаць на непрыяцеля. У гэты дзень збройна сутыкнуліся з супраціўнікам высунутыя патрулі. Вымарш асноўных сілаў арміі з Турава пачаўся 6 лістапада14 .

Булак-Балаховіч прыняў наступны план наступленьня:

На правым крыле Сялянская брыгада атамана “Іскры” (І. Лахвіцкага) была накіраваная на Аўруч. З увагі на слабасьць брыгады (усяго 300 штыкоў і 150 шабель)15 , гэты манеўр меў толькі прыкрывальны характар.

Цэнтральная група пад камандаваннем палкоўніка Язэпа Булак-Балаховіча накіравалася на Мазыр і Калінкавічы, рухаючыся ўздоўж правага берагу Прыпяці. У склад групы ўваходзіла 1-я пяхотная дывізія (узмоцненая Віцебскім пяхотным палком з 2-й Менскай дывізіі) пад камандаваньнем палкоўніка Мацьвее­ва і 1-я конная дывізія (без Уланскага палка) пад камандаваньнем палкоўніка Сяргея Паўлоўскага. За гэтымі часьцямі рухалася 3-я Волжская пяхотная дывізія пад камандаваньнем генерала Яраслаўцава. Агулам гэтыя часьці налічвалі 6400 штыкоў, 800 шабель і 6 гарматаў.

На левым крыле арміі дзейнічала 2-я Менская пяхотная дывізія разам з Уланскім палком. Камандзір групы, палкоўнік Медард Мікоша, меў 3000 штыкоў, 150 коней і 8 гарматаў. Яго заданьнем было ўзяць Жлобін.

У другой фазе аперацыі, пасьля ўзяцьця Мазыра і Калінкавічаў, 1-я пяхотная і 1-я конная дывізіі павінны былі накіравацца на Бабруйск і Менск.

Разам усе часьці, якія рушылі ў бой налічвалі каля 11000 афіцэраў і жаўнераў, з чаго да 2000 ў беларускіх батальёнах і атрадах. Колькасьць беларусаў у іншых часьцях немагчыма ўстанавіць.

Супрацьстаяла арміі Булак-Балаховіча савецкая 16 (колішняя Беларуска-Літоўская) армія пад камандаваньнем Аляксандра Кука. У першай лініі разьмешчаныя былі 22-я стралковая брыгада з 8-й і 29-я стралковая брыгада і 10-ты конны полк з 10-й дывізіі. Астатнія чатыры брыгады гэтых дывізіяў былі разьмешчаныя наступным чынам: 22-я і 24-я ў раёне Асіповічаў, а 28-я і 30-я ў навакольлі Мазыра і Калінкавічаў. Такім чынам камандзір 16-й арміі распараджаўся ў першыя дні баёў толькі дзьвюма дывізіямі – 8 і 10-ай.

Дзякуючы слабасьці праціўніка атрады Булак-Балаховіча пачаткова хутка рухаліся наперад і 8 лістапада занялі Петрыкаў. Савецкія атрады праявілі больш сур’ёзны супраціў толькі 9 лістапада, але вымушаныя былі адступаць і здаць Скрыгалаву Слабаду. 10 лістапада пасьля поўдня Пскоўскі полк 1-й дывізіі палкоўніка Мацьвеева ўзяў Мазыр, да якога пад вечар прыйшоў са сваёй дывізіяй таксама палкоўнік Паўлоўскі. З ваеннапалонных ён стварыў Мозырскі пяхотны полк (больш за 300 штыкоў).

У гэты ж дзень група палкоўніка Жгуна (Востраўскі полк і Тубыльчы полк) перайшла Прыпяць пад Касьцюковічамі і ўзяла сьпярша горад, а пасьля чыгуначную станцыю Калінкавічы, адрэзваючы паміж ёй і Мазыром савецкі бронецягнік. Тым часам савецкая стралковая брыгада, якая адступала ад Мазыра, сустрэла свае атрады, якія адступалі ад Калінкавічаў. Павярнуўшы, брыгада атакавала Калінкавічы і разьбіла Тубыльчы полк. Адначасова Востраўскі полк быў атакаваны на станцыі Калінкавічы. Акружаны з усіх бакоў савецкімі атрадамі, якім дапамагаў бронецягнік, Востраўскі полк пайшоў уроссып і малымі групкамі прабіўся ў Мазыр.

11 лістапада палкоўнік Жгун сабраў свае разьбітыя атрады і нанава ўзяў Калінкавічы, адкуль ізноў разам быў выцесьнены непрыяцелем. Узмоцнены Вазьнясенскім пяхотным палком, палкоўнік Жгун вечарам гэтага самага дня яшчэ раз узяў Калінкавічы. 12 лістапада, пасьля ўпартых вулічных баёў, палкоўнік Жгун уступіў перад пераважнымі сіламі 19-й стралковай брыгады з 10-й дывізіі, пад­трыманай двума бронецягнікамі. Позьнім вечарам пакінуў Калінкавічы ў руках праціўніка, адступаючы да Мазыра.

12 лістапада ў Мазыр прыбыў Булак-Балаховіч. З гэтай нагоды ва ўсім гора­дзе былі вывешаныя беларускія бел-чырвона-белыя сьцягі. Генерал абвясьціў незалежнасьць Беларусі і прыняў тытул Галоўнакамандуючага. Адначасова загадаў вылучыць са сваёй арміі жаўнераў-беларусаў і пачаць фармаваньне беларускай арміі16 . Яе зачаткам меў быць асобны беларускі батальён, які стаў фармавацца з мясцовых сялянаў ужо 10 лістапада. На працягу трох дзён батальён разросься да 1000 чалавек17 . 16 лістапада Булак-Балаховіч абвясьціў, што не прызнае эміграцыйных урадаў В. Ластоўскага ў Коўні і А. Луцкевіча ў Варшаве18 . Беларускі палітычны камітэт быў пераўтвораны ва ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Прэм’ер-міністрам гэтага ўраду стаў Вячаслаў Адамовіч (старэйшы), намесьнікам прэм’ер-міністра і міністрам замежных справаў Павел Аляксюк. Партфель міністра фінансаў, гандлю і прамысловасьці атрымаў Юры Сянкевіч, асьветы – Радаслаў Астроўскі. Міністрам вайны стаў палкоўнік Беляеў. Урад Адамовіча выдаў маніфест да беларускага народу, у якім акрэсьлена была яго праграма: 1) змаганьне за незалежнасьць Беларусі, 2) скліканьне ў бліжэйшы час Канстытуанты, 3) правядзеньне зямельнай рэформы з экспрапрыяцыяй вялікага землеўладаньня, 4) пабудова беларускай дзяржаўнасьці ў шчыльным саюзе з Поль­шчай, з апорай на дзяржавы Антанты19 . Адначасова Булак-Балаховічу прызначаны быў тытул Начальніка Беларускай Дзяржавы20 .

Калі Булак-Балаховіч займаўся ў Мазыры палітычнымі справамі, групы палкоўніка Мацьвеева і палкоўніка Паўлоўскага вялі баі пад Мазыром. 13 лістапада палкоўнік Паўлоўскі вырушыў з пяцьцю палкамі (Конным, Партызанскім, Гузарскім, складаным і Мазырскім) з Пеніцы і днём пазьней спыніўся нанач у Гарошкаве, пасылаючы Гузарскі полк у Дубровіцу, дзе ён зьнішчаны быў непрыя­целем. У гэты ж дзень атрады палкоўніка Мацьвеева сканцэнтраваліся ў Гулевічах.

Між тым група палкоўніка Мікошы рушыла 10 лістапада з Петрыкава. Палкоўнік Стрыжэўскі з Менскім і Уланскім палкамі ды 4 гарматамі рухаўся праз станцыю Пціч на Калбасічы, а палкоўнік Таалат-Келпш са Смаленскім і Сьвятаюр’еўсім палкамі ды 4 гарматамі – на Якімавічы. У гэты ж дзень Уланскі полк у поўным складзе перайшоў на бок праціўніка. 14 лістапада сілы палкоўніка Мікошы, узмоцненыя групай палкоўніка Жгуна, ударылі па Калінкавічах (Менскі і Востраўскі палкі) і Якімавічах (Смаленскі і Сьвятаюр’еўскі палкі), выцясьняючы праціўніка з тых мясцовасьцяў.

15 лістапада палкоўнік Мікоша рушыў на Жлобін. Менскі полк заняў Казловічы, а Сьвятаюр’еўскі полк – Даманавічы. Смаленскі полк застаўся ў Якімавічах. Тубыльчы полк патруляваў правае крыло групы, а Востраўскі забясьпечваў Калінкавічы.

15 лістапада Булак-Балаховіч загадаў наступаць на Рэчыцу, адышоўшы такім чынам ад пачатковага плану аперацыі. Да гэтага кроку схіліла яго вестка аб тым, што да Рэчыцы падыходзяць партызанскія атрады, а ў Гомелі знаходзіцца 10 тысячаў мабілізаваных прызыўнікоў. Незважаючы на няяснае становішча на правым крыле сваёй арміі, генерал вырашыў узяць Гомель, уключыць савецкіх прызыўнікоў у свае рады і толькі тады, загнуўшы правы фланг, накіравацца на паўночны захад21 .

Заданьне ўзяць Рэчыцу павінны былі выканаць групы палкоўнікаў Мацьвеева і Паўлоўскага. Іх атрады рухаліся асобна і ані разу ня здолелі навязаць кантакт да дасягненьня гораду.

Атрымаўшы загад наступаць, палкоўнік Паўлоўскі хуткім маршам рушыў на Рэчыцу і 16 лістапада стаў на яе перадпольлі. Рэчыцу абараняла 10-я стралковая дывізія, 36-ы полк з 4-й дывізіі, 55-ы батальён запасу, два асобныя атрады, інжынерны батальён, нейкі атрад Уварава і два бронецягнікі. Палкоўнік Паўлоўскі атакаваў Казазаеўку, адначасова пасылаючы Мазырскі полк на Воўчую Гару. Казазаеўка пераходзіла з рук у рукі, і урэшце засталася, разам з чыгуначным мастом на Дняпры, у руках Партызанскага палка. Полк, які акупіў гэты посьпех стратай больш за трэцюю частку свайго складу і амаль усіх афіцэраў, мог абсадзіць мост толькі самастойнай заставай. Адначасова Мазырскі полк, які атакаваў пазіцыі праціўніка пад Воўчай Гарой, быў амаль цалкам зьнішчаны праціўнікам. Вечарам 16 лістапада савецкія войскі абстрэльвалі вельмі моцным артылерыйскім агнём Казазаеўку і заставу на мосьце. Ратуючы ад вынішчэньня коней, палкоўнік Паўлоўскі адаслаў Конны полк і табары ў Бронна. Ноччу з 16 на 17 лістапада застава на мосьце была разьбітая, а Казазаеўку ўзяла 29-я стралковая брыгада з дапамогай двух бронецягнікоў. Партызанскі полк адышоў да Броннага, а Конны полк і табары – у Заспу. Раніцай 18 лістапада савецкія атрады ўзялі ў вулічным баі Бронна, а атрады 28-й брыгады, якія надыходзілі ад поўдня, атакавалі Заспу і і разьбілі Конны полк, яккі стаяў там без забесьпячэньня. Рэшткі разьбітых палкоў палкоўніка Паўлоўскага сабраліся ў Маладушы.

Тым часам палкоўнік Мацьвееў, які вёў Вазьнясенскі і Віцебскі палкі, ды два батальёны Пскоўскага палка (разам 850 штыкоў і 30 шабель), 16 лістапада заняў Бабылева, дзе пераначаваў. Палкоўнік Мацьвееў ня меў ніякіх вестак ні загадаў ад камандаваньня арміі, ні кантакту з палкоўнікам Паўлоўскім. Не было пра­віянту, хлеб набывалі ў мясцовага насельніцтва, мяняючы на соль. Амуніцыі засталося ўсяго 50-60 патронаў на жаўнера. Даведаўшыся ад мясцовага насельніцтва, што палкоўнік Паўлоўскі быццам бы ўзяў Рэчыцу, палкоўнік Мацьвееў вырашыў спалучыць з ім свае сілы і раніцай 17 лістапада рушыў у бок Рэчыцы праз Каравацічы, Вудку, Капораўку і Маўчаны, дзе было ўзята крыху палонных і адбітыя захопленыя раней у савецкі палон жаўнеры Коннага палка і харунжы Лесюкоў, камандзір Мазырскага палка. Затым атрад накіраваўся на Карыстан. Савецкія салдаты абаранялі гэтую вёску даволі ўпарта, а выціснутыя з ёй тройчы контраатакавалі, але безвынікова. Мацьвееў мог спыніцца ў вёсцы на начлег. 18 лістапада, пачуўшы ад мясцовых жыхароў, што Паўлоўскі адступіў ад Рэчыцы, але савецкія войскі таксама эвакуяваліся з гораду і адступілі на Горваль, Мацьвееў рушыў на Рэчыцу. Тым часам непрыяцель ня толькі ня думаў пакідаць Рэчыцу, але наадварот – сканцэнтраваў там, апрача 10-й дывізіі, таксама 29-ю, 30-ю і частку 28-й брыгады, 36-ы полк з 4-й дывізіі, 10-ы інжынерны батальён і афіцэрскую школу. Савецкія войскі, не спадзяючыся ўзнаўленьня наступу з поўдня, перагрупаваліся ў асноўным на захад і поўнач, адкуль паводле меркаваньняў камандаваньня павінен быў падыйсьці праціўнік. Але палкоўнік Мацьвееў атакаваў па амаль гэтым самым шляху, што раней Паўлоўскі, г. зн. праз Гарыводы і Воўчую Гару. Атака Віцебскага і Вазьнясенскага палкоў, з падтрымкай усяго 3 палявых гарматаў, запынілася пад агнём адной цяжкой і дзьвюх палявых батарэяў праціўніка ды двух бронецягнікоў. Мацьвееў, у якога засталося толькі 300 жаўнераў, 3 гарматы і 10 кулямётаў, вымушаны быў адступіць ад Рэчыцы да Маўчанаў.

Назаўтра Паўлоўскі, да якога дайшлі весткі пра атаку Мацьвеева, зноў рушыў на Рэчыцу, але мусіў адступіць з-пад Андрэеўкі перад пераважнымі сіламі праціў­ніка.

Разьбітыя атрады палкоўнікаў Мацьвеева і Паўлоўскага сустрэліся толькі 20 лістапада ў Вялікім Бары. У гэты ж дзень сюды прыбыў Булак-Балаховіч, які прывёў з сабой асабістую сотню і адзін батальён Пскоўскага палка. Агулам у Вялікім Бары сабралася крыху больш за тысячу жаўнераў.

Савецкае камандаваньне першапачаткова не ўяўляла памераў небясьпекі, створанай уварваньнем на Усходняе Палесьсе арміі генерала Булак-Балаховіча. Толькі 10 лістапада 16 армія атрымала з адводаў камандзіра Фронта дзьве дывізіі – 48 і 4-ю стралковыя дывізіі, 13 лістапада 17-ю стралковую дывізію, а пазьней яшчэ 33-ю Кубанскую казацкую дывізію з 3-й Арміі.

Зарыентаваўшыся, што галоўныя сілы Булак-Балаховіча наступаюць на Рэчыцу, начальнік штаба Заходняга фронту, Мікалай Салагуб, вырашыў акружыць армію праціўніка ў двух катлах: вакол Мазыра і паміж Мазыром і Рэчыцай.

17-я стралковая дывізія атрымала загад выйсьці з раёну Жлобіна ў тылы арміі Булак-Балаховіча на захад ад Мазыра, а ў далейшым адрэзаць яго атрады, якія ваявалі пад Рэчыцай, праз паварот фронту на ўсход. Сканцэнтраваная ў раёне Бабруйску 48-я стралковая дывізія павінна была разрэзаць групоўку Булак-Балаховіча паміж Мазыром і Рэчыцай шляхам захопу 16 лістапада Калінкавічаў і да 18 лістапада Хойнікаў, увайсьці ў кантакт з атрадамі 17-й дывізіі. Ад паўдзённага ўсходу гэты манеўр прыкрывала 4-я дывізія.

Самае цяжкае заданьне атрымала 17-я дывізія, якая на працягу трох дзён павінна была прайсьці ў баях каля 150 кіламетраў і адрэзаць шлях адступленьня пераважным сілам праціўніка. Такое заданьне было невыканальным. Толькі 16 лістапада атрады 17 і 48-й стралковых дывізіяў стрымалі наступ групы палкоўніка Мікошы пад Даманавічамі. На савецкі бок бяз бою перайшоў адзін з батальёнаў Менскага палка.

Ранкам 17 лістапада атрады 51 і 143-й брыгадаў зноў атакавалі групу палкоўніка Мікошы, прымушаючы яго да адступленьня з-пад Даманавічаў. Адступленьне прыкрывалі Востраўскі і Тубыльчы палкі. У гэты самы дзень група палкоўніка Мікошы апынулася ў Мазыры. Савецкая 49-я брыгада з 10-й дывізіі пачала падрыхтоўку пераправы праз Прыпяць пад Касьцюковічамі, а 51-я брыгада сьпіхнула атрады непрыяцеля з паўночнага берагу Прыпяці і стала насупраць Мазыра.

У горадзе выбухла паніка. Ноччу з 17 на 18 лістапада атрады Мікошы і Яраслаўцава бязладна пакінулі Мазыр, але слабы непрыяцель не рашыўся іх перасьледаваць. 19 лістапада Менская дывізія Мікошы зламіла заслону 49-й брыгады, якая прабавала перарэзаць ёй шлях адступленьня пад Скрыгалавай Слабадой і Прудком. Далейшае адступленьне частак Мікошы прыкрываў Востраўскі полк, пакінуты ў Бабрах як ар’ергард. Выціснуты адсюль бальшавікамі, гэты полк далучыўся да Волжскай дывізіі, якая адступала праз Буйновічы да Сіманавічаў. Тут далучыліся да яе Тульскі Драгунскі полк і Пуціўльскі полк конных стралкоў, выціснутыя непрыяцелем з Міхалкаў і Ельску. Усе часьці арміі Булак-Балахові­ча, якія адступалі ад Мазыра, сканцэнтраваліся 23 лістапада ў нейтральнай зоне ў навакольлі Турава.

Такім чынам 16 aрмія ня здолела выканаць загад і акружыць усю армію Булак-Балаховіча. Тым ня менш надалей магчыма было акружыць і зьнішчыць групу Булак-Балаховіча, якая адступала ад Рэчыцы. Усё-такі, у выні­ку памылкі савецкага камандаваньня, 48-я дывізія, якая павінна была адрэзаць шлях адступленьня, разьдзяліла свае сілы ў двух супрацьлеглых кірунках, на Рэчыцу і на Хойнікі, ствараючы такім чынам больш за 50-кіламетравы пралаз. Праз гэты пралаз выбраўся Булак-Балаховіч, прыбыўшы нанач да Ужына.

21 лістапада Булак-Балаховіч стаў у Пеніцы, а яго патрулі з усіх бакоў прынесьлі весткі аб прысутнасьці савецкіх атрадаў. Стала відавочным, што непрыяцель захапіў Мазыр і горад трэба абыйсьці. Распусьціўшы фальшывыя пагалоскі, што быццам бы мае намер пераправіцца на поўдзень ад Мазыра, Булак-Балаховіч пачаў абыходзіць Мазыр з поўначы. Камандзір 17-й стралковай дывізіі спрабаваў перарэзаць шлях адступленьня праціўніка, але яго дзеяньні былі запозьненыя. Булак-Балаховіч перашмыгнуў паміж Мазыром і Калінкавічамі, хаця страціў пры тым 300 жаўнераў (разам з часткай табару), якія трапілі ў бальшавіцкі палон.

Некалькі наступных дзён Булак-Балаховіч адыходзіў ад праціўнікаў, праводзячы сутычкі і баі з атрадамі 33-й Кубанскай дывізіі, якая падыйшла з поўначы, з раёну Яўтушкевіч, 24-й брыгады, якая спрабавала адрэзаць яму шлях адступленьня і 50-й брыгады, якая дзейнічала з боку Якімавіч.

27 лістапада беларускія батальёны капітана Дзямідава і палкоўніка Таалат-Келпша, якія затрымаліся на дэмаркацыйнай лініі паміж Альшанамі і Малешавам атрымалі вестку, што па супрацьлеглым баку Прыпяці рухаецца група Булак-Балаховіча, якой пагражае акружэньне пад Жыткавічамі. Тады абодва атрады пад агульным камандаваньнем палкоўніка Жгуна пераправіліся на левы бераг Прыпяці паміж вёскамі Сяміхочы і Веча і прыйшлі на дапамогу свайму Галоўнакамандуючаму. Іхняя дапамога выратавала параненага Булак-Балаховіча ад савецкага палону22 .

Пятляючы безупынна паміж савецкімі атрадамі, Булак-Балаховіч здолеў вы­брацца з пасткі ў раёне Сянкевіч 29 лістапада. Атрады праціўніка, якія яго перасьледавалі, не ўвайшлі за ім у нейтральную зону.

Булак-Балаховіч хацеў яшчэ працягваць змаганьне. У нейтральнай зоне за­ставаліся тысячы дзьве з паловаў афіцэраў і жаўнераў, у большасьці з беларускіх часьцей. Галоўнакамандуючы спадзяваўся перакінуць іх на Случчыну, дзе пачаўся Cлуцкі збройны чын. 31 сьнежня Булак-Балаховіч разам з дзеячамі Беларускага палітычнага камітэту паехаў у Варшаву, каб шукаць падтрымкі ў польскіх уладаў23 . Тым часам яго брат, ген. Язэп Булак-Балаховіч, які камандаваў на месцы, вырашыў перайсьці 4 сьнежня на польскі бок мяжы24 .

Наогул з 26 лістапада па 4 сьнежня 1920 г. савецка-польскую мяжу перайшлі 778 афіцэраў і 5650 жаўнераў арміі Булак-Балаховіча. Разам з тымі, якія раней знаходзіліся на польскай тэрыторыі, у Лунінцы было інтэрнаваных 884 афіцэры і 6936 жаўнераў арміі Булак-Балаховіча25 .

Падчас ваенных дзеяньняў у савецкі палон трапілі 120 афіцэраў і 3540 жаўнераў арміі Булак Балаховіча. Страты ў забітых і параненых невядомыя. Чырвоная армія страціла за гэты самы час 99 камандзіраў і 2588 жаўнераў26 . Страты з абодвух бакоў былі параўнальныя, што з увагі на перавагу савецкіх войскаў можна палічыць адносным посьпехам Булак-Балаховіча.

На савецкім баку мяжы засталіся ў раёне Сянкевічы-Жыткавічы-Леніна, на поўнач ад чыгуначнай лініі да Калінкавічаў, беларускія батальёны капітана Дзямі­дава і палкоўніка Таалат-Келпша. Атрад Таалат-Келпша (палкоўнік паходзіў з вядомага роду літоўскіх татараў) налічваў 200 штыкоў з 2 гарматамі і 2 кулямётамі і яшчэ ў сярэдзіне сьнежня апераваў у раёне Сітніцы, на поўнач ад чыгуначнай лініі Лахва-Калінкавічы. На польскі бок мяжы перайшоў у невядомы час.

Найдаўжэй на савецкім баку мяжы заставаўся батальён Дзямідава, які налічваў каля 400 штыкоў (у тым ліку 12 афіцэраў). На ўзбраеньні меў 2 палявыя гарматы і 4 кулямёты. Жаўнеры батальёна паходзілі з Беласточчыны. Камандзір, Мікола Дзямідаў, нарадзіўся ў Гарадку пад Беластокам. На зломе 1918-1919 гг. быў камендантам г. Гародні, пасьля ў Беларускай вайсковай камісіі. 28 лістапада Дзя­мідаў абвясьціў, што “давераны яму батальён на заклік не пакідаць роднай зямлі і абараняць яе да апошняга, не зважаючы на поўны адыход расейскай арміі, з энтузіязмам прывітаў гэтую вестку”27 . Відаць да беластачанаў дайшла вестка аб пачатку Слуцкага збройнага чыну.

29 лістапада батальён правёў пераможны бой з бальшавіцкім 40-ым стралковым палком, страціўшы пры тым 4 забітымі і 10 параненымі. За надзвычайную мужнасьць вылучаныя былі малодшы лейтэнант Уладзіслаў Казлоўскі28 і штабс-капітан Кастыцэвіч29 .

3 сьнежня батальён даў бой пад вёскай Вялікая Малышоўка, адбіваючы атакі бальшавікоў30 .

У студзені 1921 г. жаўнеры Дзямідава ня мелі чаго есьці, скончылася амуніцыя і абмундзіраваньне. Капітан Дзямідаў, ня хочучы рабаваць насельніцтва навакольля Мазыра, паехаў у Варшаву прасіць падтрымкі з боку палякаў. На жаль, палякі інтэрнавалі Дзямідава ў лагер у Радаме. У гэты ж лагер накіраваны быў таксама ўвесь яго батальён31 . То і быў апошні акорд паходу Булак-Балаховіча.

Падсумоўваючы вынікі, можна сьцьвярджаць, што паход Булак-Балаховіча безумоўна быў палітычнай авантурай. З-за запозьненасьці выступленьня магчымасьці посьпеху былі ілюзорныя. Менск вернуты быў палякамі саветам, а наступленьне генерала Урангеля было спыненае Чырвонай арміяй.

Булак-Балаховіч адцягваў свой наступ, чакаючы часьцей сфармаваных Рускім палітычным камітэтам. Гэтыя часьці складаліся з афіцэраў-манархістаў і ваеннапалонных чырвонаармейцаў, якія думалі толькі пра тое, як найхутчэй дэзертыраваць. Пасьля двух тыдняў змаганьня на поалі бою засталіся толькі самыя верныя атрады з уласнай групы Булак-Балаховіча і беларускія атрады. Аказалася, што рускія часьці сталі для арміі непатрэбным баластам.

Параза Булак-Балаховіча прысьпешыла яго рашэньне наступу на Рэчыцу і Гомель. Цяжка растлумачыць, чаму Галоўнакамандуючы ня стаў асабіста на чале наступу і дапусьціў брак супрацоўніцтва між палкоўнікамі Мацьвеевым і Паўлоўскім. У выніку таго страцімская адвага, з якой яны атакавалі Рэчыцу, аказалася дарэмнай.

Такім чынам адказнасьць за дзьве асноўныя памылкі, г. зн. запозьнены выступ і наступ на Рэчыцу цалкам падае на Булак-Балаховіча. Як гэта даказалі дзеяньні польска-савецкай вайны і адступленьне ад Рэчыцы, Булак-Балаховіч быў усяго выдатным (магчыма нават геніяльным) камандзірам партызанскай дывізіі.

Паход генерала Булак-Балаховіча меў таксама станоўчы бок. У Асобным беларускім атрадзе з 1919 г. служылі ўраджэнцы роднай генералу Дзісеншчыны і Дзьвіншчыны. Падчас баёў на Заходнім Палесьсі летам 1920 г. да Беларускай народнай арміі, як тады называлася група генерала Булак-Балаховіча, сталі далучацца палешукі. У час фармаваньня арміі ў Тураў прыйшлі атрады з Беластоку, Слуцку і Менску. У Мазыры далучыліся мясцовыя дабраахвотнікі. Такім чынам армія набыла агульнанацыянальны характар. Дзякуючы гераічным учынкам беларускіх жаўнераў вялікі рэгіён Усходняга Палесься быў далучаны да гісторыі змаганьня за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку.

Алег Латышонак