Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі

Прадмова

Пра эмігранта Сымона Кандыбовіча, які ў 30-я гады ў Менску быў кіраўніком справаў Савета Народных Камісараў БССР, упершыню пачуў яшчэ напачатку 70-х ад Мікалая Камінскага, легендарнага беларускага архівіста і энцыклапедыста, чые веды і сістэма ўнікальных картатэк і ўласных даведачных матэрыялаў шмат у чым прадвызначылі інфармацыйную напоўненасць першых беларускіх энцыклапедычных выданняў, прынамсі, па гісторыі і культуры Беларусі ХХ ст. Хіба толькі недаглядам цэнзуры можна растлумачыць тое, што ў зборнікі дакументаў "Індустрыялізацыя Беларускай ССР" (Мн., 1975, на расейскай мове, с.227) і "Мастацтва Савецкай Беларусі" (Мн., 1976, с.145-146) трапілі пастановы Саўнаркама за подпісам кіраўніка справаў Сымона Кандыбовіча.

Сёння гэтае імя вяртаецца ў Беларусь. Артыкулы пра Кандыбовіча (Кабыша) надрукаваны ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі і ў 18-томнай Беларускай Энцыклапедыі (на жаль, без подпісу аўтара). З публікацый даведваемся, што беларускі дзяржаўны дзеяч і гісторык Сымон Сцяпанавіч Кандыбовіч нарадзіўся ў 1891 г. у вёсцы Старыца Слуцкага раёна. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932-37 г. быў кіраўніком справаў СНК БССР, потым упаўнаважаным Камітэта нарыхтовак БССР. У 1940 г. арыштаваны. Уваходзіў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады, са студзеня 1944 г. быў кіраўніком яе агульнага аддзела. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэса ў Менску ў чэрвені 1944 г. З лета 1944 г. у Нямеччыне. З 1963 г. супрацоўнік Інстытута па вывучэнні СССР у Мюнхене, з 1954 г. у беларускім аддзеле радыёстанцыі "Свабода". З 1956 г. рэферэнт Сакратарыята Рады Беларускай Народнай Рэспублікі па пытаннях народнай гаспадаркі. У сваіх артыкулах па беларускім нацыянальным пытанні рабіў высновы, што "ні Польшча, ні Савецкая Расея не спрыялі нацыянальнаму развіццю беларускага народа" (ЭГБ. Т.4, с.84).

Гэтая інфармацыя патрабуе ўдакладнення. Памёр С.Кандыбовіч 27 верасня 1972 г. у Мюнхене, а нарадзіўся 21 ліпеня 1891 г. Пра месца нараджэння - асобная гаворка. Энцыклапедысты скарысталі звесткі з кнігі А.Салаўёва "Беларуская Цэнтральная рада" (Мн., 1995), што С.Кандыбовіч нарадзіўся ў вёсцы Старыца Слуцкага раёна. Але ж у "Слоўніку назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці" Яўгена Рапановіча (Мн., 1981) такой вёскі ў Слуцкім раёне няма, затое ёсць у суседнім, Капыльскім. Прычым капыльская Старыца ўвайшла ў летапіс ХХ ст. тым, што ў 1918-20 г. у вёсцы дзейнічаў гурток беларускай моладзі "Зарніца" на чале з А.Калпаком, а сярод яго ўдзельнікаў быў Адам Бабарэка (будучы заснавальнік "Узвышша") з суседняй Слабады - Кучынкі. Вышэйшай адукацыі С.Кандыбовіч не меў. Ён скончыў настаўніцкую семінарыю (верагодна Нясвіжскую). У 1914-17 г. служыў у войску. У 1922 г. працаваў старшынёй валаснога выканкама ў Бабруйскім павеце, быў дэлегатам чацвёртага Ўсебеларускага з'езда Саветаў. У 1926 г. уступіў у Камуністычную партыю. Быў старшынёй райвыканкама, загадчыкам акруговага фінансавага аддзела, акруговым інспектарам народнай асветы ў Гомелі. У сакавіку 1931 - кастрычніку 1933 г. (а не ў 1932-37 г.) быў кіраўніком справаў Саўнаркама. У 1935 г. з'яўляўся начальнікам нарыхтовак Упаўнаважанага Наркамхарчпрама СССР пры СНК БССР.

Тэкст, прапанаваны ўвазе чытачоў, пісаўся ў 50-я гады для радыё "Вызваленне" ("Свабода"). У 1998 г. Вячка Станкевіч перадаў рукапіс Янку Юхнаўцу (зяцю Сымона Кандыбовіча), ад якога працу атрымаў Лявон Юрэвіч. Яе выданне асобнай кнігай ажыццяўляецца паводле супольнага праекту Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку і часопіса Беларускі Гістарычны Агляд.

Праца Сымона Кандыбовіча каштоўная тым, што гэта адна з першых спробаў даследавання гісторыі рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі ў 30-я гады. Асаблівую цікавасць маюць характарыстыкі і замалёўкі, напісаныя аўтарам як відавочцам тых падзей.

Для публікацыі тэкст быў перакладзены з расейскай на беларускую мову (пераклад Ларысы Дарожкі) і забяспечаны анатаваным паказнікам асобаў, падрыхтаваным Наталляй Мазоўкай і Віталём Скалабанам (у пошуку інфармацыі істотна дапамаглі Аляксандра Гесь і Яўгенія Фалей). Рэдакцыя імкнулася максімальна захоўваць аўтарскую адметнасць тэксту. Фактычныя недакладнасці выпраўляюцца ў рэдакцыйных заўвагах і анатаваным паказніку.

Віталь Скалабан