Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі

Рэпрэсіі 1934 - 1935гг.

Прыкладна ў 1934 г. з Беларусі быў адкліканы другі сакратар ЦК камуністычнай партыі Васіль Шаранговіч. Пераводу яго з Беларусі, відаць, спрыяў першы сакратар Гікала. Як ужо адзначалася, Шаранговіч на пачатку працы карыстаўся пэўным аўтарытэтам сярод беларускіх камуністаў. Яго лічылі сваім чалавекам, які быў больш блізкі і даступны, чым інгуш Гікала, тым больш што ён не выяўляў той выключнай варожасці да беларускага руху, якую праводзіў Гікала. З мэтай раскалоць адзінства беларускіх камуністычных кіраўнікоў Гікала пастараўся залучыць на свой бок Шаранговіча, што яму амаль што і ўдалося зрабіць праз выпінанне яго партызанскіх заслугаў і ўзнагароджанне ордэнам. Праз пэўны час Шаранговіч быў ужо не патрэбны Гікалу ў Беларусі. Адкліканне Шаранговіча супала з рэарганізацыяй Цэнтральнай партыйнай камісіі і Наркамата рабоча-сялянскай інспекцыі, так званага ЦКК-РКІ. Гэтыя два органы былі раз'яднаныя ў дзве самастойныя ўстановы. Шаранговіч атрымаў прызначэнне ўпаўнаважаным партыйнага кантролю ў Казахстан. Дзейнасць сакратара камуністычнай партыі Беларусі была больш шырокай, больш разнастайнай, штодзённа сакратар партыі сустракаўся з мноствам кіраўнікоў, ад яго чакалі дырэктываў па ўсіх пытаннях партыйнага і савецкага будаўніцтва. Вобласць дзейнасці ўпаўнаважанага партыйнага кантролю была вельмі абмежаваная, насіла характар разбору ўсемагчымых парушэнняў партыйнай этыкі, выключэння з партыі, разгляд разнастайных апеляцый па пытаннях выключэння або ўжывання розных партыйных спагнанняў. Звычайна ў такія кантрольныя органы прызначаліся старыя члены партыі, няздольныя да шырокай практычнай дзейнасці ў разнастайных установах. З аднаго боку, прызначэнне Шаранговіча ў кантрольныя партыйныя органы цешыла яго самалюбства - яму былі давераны Крамлём кантрольныя функцыі партыі Казахстана, але адначасова яго адхілілі ад практычнай дзейнасці, што не адпавядала яго актыўнай натуры.

Другім сакратаром ЦК партыі па рэкамендацыі Шаранговіча быў прызначаны беларус Валковіч. Да гэтага Валковіч быў старшынёй Бабруйскага выканаўчага камітэта і шырокай вядомасцю не карыстаўся. На новай працы ён сябе ніяк не выявіў, шмат хварэў. Калі сакратаром быў Шаранговіч, беларускія работнікі звычайна імкнуліся да яго, каб вырашыць нейкія пытанні, да Валковіча ж мала хто заходзіў, бо ведалі яго слабое арыентаванне ў пытаннях партыйнага і савецкага будаўніцтва. Усе імкнуліся трапіць на прыём да самога Гікалы, які стаў у Беларусі адзіным партыйным валадаром. Праўда, у ЦК партыі былі яшчэ тры сакратары, але яны значнай ролі не выконвалі, бо адказвалі за спецыяльныя галіны працы. Так, напрыклад, быў спецыяльны сакратар па транспарце Іваноў. У агульнае партыйнае кіраўніцтва ён не ўваходзіў. У апазіцыі да Гікалы быў толькі старшыня Саўнаркама БССР Галадзед. Іх узаемаадносіны вельмі абвастрыліся.

Напружанне ў краіне на той час павялічылася. У Маскве ўзмацнілася праца па разгрому і ліквідацыі апазіцыянераў. Па ўсім Савецкім Саюзе адбылася значная перастаноўка партыйных кіраўнікоў, камандзіраў вайсковых акругаў. Ад усіх патрабавалася абвостраная "пільнасць", заахвочваліся разнастайныя выкрывальніцтвы. Усё было скіравана на выяўленне правых і левых апазіцыянераў, трацкістаў, буржуазных нацыяналістаў і г. д. Вось прыклад з Беларусі. Рэдактарам партыйнага органа "Звязда" быў былы сакратар Троцкага Ленцнер. Гэта быў вельмі спрытны чалавек, сакратар Гікала яму сімпатызаваў. Калі выкрывальніцкая кампанія набрала дастатковы тэмп, Гікала паспяшаўся пераправіць свайго любімца ў Днепрапятроўскую вобласць. Зрабіў ён гэта ціха і без неабходных партыйных афармленняў. Дамовіўшыся з добра вядомым у Савецкім Саюзе партыйным сакратаром Днепрапятроўскай вобласці Хатаевічам, Гікала без пастановы бюро ЦК партыі адправіў Ленцнера да Хатаевіча, дзе той быў прызначаны на пасаду загадчыка абласнога зямельнага аддзела. Гэта выкарыстаў Галадзед, які быў членам бюро ЦК партыі. На пасяджэнні бюро Галадзед запатрабаваў вытлумачыць, на падставе чаго работнік найвышэйшай партыйнай наменклатуры, рэдактар партыйнага органа, прызначаны на гэтую працу пленумам ЦК партыі, без дазволу бюро быў адпушчаны з Беларусі. Гікала быў у вельмі цяжкім становішчы, тым больш, што на Ленцнеры вісеў такі цяжар, як блізкасць да Троцкага. Галадзед запісаў у пратакол пасяджэння бюро ЦК сваю думку пра няслушныя дзеянні сакратара Гікалы наконт пераводу Ленцнера. Гэты выпадак стаў вядомы ў Крамлі, бо ўсе пратаколы дасылаліся ў ЦК партыі бальшавікоў у Маскву.

Здаецца, у першай палове 1936 г. сакратар Гікала з Беларусі быў адкліканы. Яго прызначылі ў Харкаўскую вобласць другім сакратаром партыі. Відавочна, Гікала атрымаў паніжэнне, нягледзячы на яго актыўную і бязлітасную барацьбу ў Беларусі з нацыянальным рухам, умацаванне партыйнага ўплыву на ўсе віды працы ў рэспубліцы. Старшыня Саўнаркама Галадзед стаяў пакуль цвёрда, у Маскве ён быў па-за падазрэннямі. Гікала быў спушчаны з рэспубліканскага партыйнага кіраўніка да другога сакратара вобласці, хоць і буйнамаштабнай.

Пасля адклікання Гікалы Крэмль прыслаў першым сакратаром ЦК партыі В.Шаранговіча, які больш за год быў у Казахстане. Здавалася б, беларускія камуністы дачакаліся выканання свайго жадання, яны атрымалі першым сакратаром беларуса, які трэці раз вяртаўся сюды на працу. Наступны год прынёс мноства сумных зменаў.

У палове 1936 г. або ў 1937 г., дакладна не памятаю, скончыў жыццё самагубствам старшыня Вярхоўнага Савета БССР і СССР Аляксандар Рыгоравіч Чарвякоў. Беларус, з вёскі Дукорка за 35 км ад Менска, па адукацыі настаўнік, закончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Пад час першай сусветнай вайны быў афіцэрам, лютаўская рэвалюцыя заспела А.Чарвякова ў Петраградзе, дзе ён пазней арганізоўваў беларусаў-вайскоўцаў, якія служылі ў Петраградскім гарнізоне. Пасля захопу ўлады бальшавікамі Чарвякоў уступіў у камуністычную партыю. Калі 27 лютага 1919 г. на тэрыторыі Беларусі і Летувы была створана так званая Летувіска-Беларуская Савецкая Рэспубліка, Чарвякова прызначылі камісарам народнай асветы. З дня абвяшчэння Беларускай ССР Чарвякоў да самай смерці быў нязменным старшынёй Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта, а потым Вярхоўнага Савета БССР. Ён не быў чалавекам рэвалюцыйных дзеянняў. Магчыма, у першыя гады рэвалюцыі яго захапіла ідэя нацыянальнага адраджэння Беларусі, як і ў многіх інтэлігентаў-беларусаў былі надзеі на перараджэнне савецкай улады і стварэнне Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Вядома, што Чарвякоў у перыяд нацыянальнага беларускага руху пад час нэпа належаў да падпольнай арганізацыі беларускіх нацыяналістаў. Ён цудоўна разумеў псіхалогію народных масаў, асабліва сялянства, быў выдатным прамоўцам. У першыя гады савецкай улады, калі былі большыя магчымасці, Чарвякоў зрабіў шмат добрага. Зразумела ж, ён не мог выдаваць свае беларускія законы, але кожны пакрыўджаны, абмежаваны ў сваім праве, асуджаны на доўгі тэрмін, а то і на смерць, сустракаў у асобе Чарвякова верагодную дапамогу, калі гэтую дапамогу можна было падаць у якой-небудзь форме. Асабліва ў яго прыёмную імкнуліся сяляне. Папулярнасць яго была незвычайная. Службовае становішча Чарвякова давала яму магчымасць ездзіць у гарады, мястэчкі Беларусі. У адрозненне ад іншых савецкіх кіраўнікоў ён заўсёды імкнуўся да людзей, хацеў бачыць усё на свае вочы, гаварыць з рабочымі і сялянамі. Ужо пасля трыццатых гадоў ад кожнага савецкага чалавека, тым больш буйнога кіраўніка, патрабаваліся вытрымка, асцярожнасць не толькі ў дзеяннях, але і ў словах, сустрэчах, размовах. Яшчэ ў перыяд нэпа Чарвякоў, прыехаўшы з Масквы, меў неасцярожнасць на адным сходзе ў сваім выступленні паўтарыць бухарынскі лозунг "Узбагачайцеся!". Пазней гэтая недальнабачнасць прынесла Чарвякову шмат непрыемнасцяў. Розныя выскачкі і кар'ерысты пад час калектывізацыі і пасля кожны раз нагадвалі Чарвякову гэты вялікі "грэх". Бухарын быў абвінавачаны ў тым, што сваім лозунгам заклікаў да індывідуальнага, а не да грамадскага ўзбагачэння, якое павінна было прыйсці праз калгас і нацыяналізаваную дзяржаўную прамысловасць. Чарвякову яго нядобразычліўцы імкнуліся "прышыць" правы ўхіл. Аднак усялякія спробы скінуць Чарвякова, асабліва з боку сакратара Гікалы, не мелі поспеху. Крэмль даваў дырэктыву пакінуць яго старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. У жыцці гэты быў вельмі сціплы чалавек, не любіў ніякай шуміхі і бутафорыі. У час партыйнага пленума, які адбываўся ў зале пасяджэнняў Дома Ўраду, Чарвякоў выйшаў, пайшоў у свой кабінет, замкнуўся на ключ і застрэліўся. Калі дзверы адчынілі, ён быў ужо мёртвы. Назаўтра ў менскіх газетах на апошняй старонцы дробным шрыфтам была надрукаваная маленькая нататка: "Учора на глебе сямейных непаразуменняў застрэліўся старшыня Вярхоўнага Савета БССР і СССР А.Чарвякоў". Цела Чарвякова выставілі ў клубе прафесійнага саюза савецкіх і гандлёвых служачых. У дзень пахавання простую драўляную, нават не пафарбаваную, труну паставілі на пляцоўку грузавога аўтамабіля, без вянкоў і звыклых у такіх выпадках жалобных стужак з надпісамі, без жалобнай музыкі, і адвезлі на могілкі. Тым не менш пахаванне Чарвякова вылілася ў магутную, шматлікую, але маўклівую дэманстрацыю жыхароў Менска. Праводзіў труну вялізны натоўп, міліцыянеры пешшу і конна разганялі народ, загадвалі разысціся: "Ну что, не видели похорон? Разойдитесь!". У час пахавальнай працэсіі з-за вялікай колькасці людзей вулічны рух прыпынілі. Пад час самога пахавання не было ніякіх прамоваў. Пахавалі, але не забыліся. Больш за год магіла Чарвякова заўсёды была ўпрыгожаная свежымі жывымі кветкамі, якія прыносілі яго сябры і добразычліўцы. Жонка і дзве прыёмныя дачкі Чарвякова пасля пахавання выехалі з Менска і пазней былі арыштаваныя. Чарвякоў пасля сябе пакінуў у беларусаў самую светлую і добрую памяць.

<...> Восіп Стакун. Ён з'явіўся ў Беларусі прыблізна ў 1934 або ў 1935 г. Дзе і кім ён працаваў раней - звестак няма. Вядома, што Стакун быў старым членам камуністычнай партыі, у якую ўступіў яшчэ да лютаўскай рэвалюцыі, калі быў майстрам на Пуцілаўскім заводзе ў Петраградзе. Па сваіх манерах і вытрымцы нагадваў старых партыйных інтэлігентаў-ідэалістаў, мала ўвагі звартаў на асабістае жыццё. Далікатны з людзьмі, у працы Стакун не выяўляў рэзкасці. Сам з Віленскай губерні, беларус, але беларускай нацыянальнай працай не цікавіўся, хоць на той час яна была моцна заглушана і заціснута. З прызначэннем Стакуна на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета існавала думка, што ён хоць у нейкай ступені заменіць чулага ды інтэлігентнага А.Чарвякова. Аднак Стакун на пасадзе старшыні прабыў не больш за тры-чатыры месяцы, быў арыштаваны і лёс яго невядомы. Тады старшынёй быў прызначаны нейкі Наталевіч. Яго ніхто не ведаў, хадзілі чуткі, што ён быў капітанам Чырвонай арміі, нават наўрад ці быў членам Вярхоўнага Савета БССР. Пра яго былую дзейнасць ніхто нічога не ведаў. Ён пратрымаўся да вайны, відаць, і ў час вайны лічыўся старшынёй, бо і пасля вайны быў на гэтай пасадзе. Што з ім сталася - невядома, бо цяпер старшыня Вярхоўнага Савета БССР іншы.

Пасля самагубства другой знакамітай ахвярай яжоўшчыны стаў старшыня Саўнаркама БССР Мікалай Галадзед. Галадзед не быў арыштаваны, калі сакратар ЦК партыі абвясціў, што ён з гэтай пасады адклікаецца. На месца Галадзеда быў рэкамендаваны другі сакратар Валковіч. Галадзед быў арыштаваны ў Маскве або па дарозе ў Маскву. Пазней стала вядома, што Галадзед пад час допыту ў НКУС выкінуўся з пятага паверха і разбіўся на смерць. Ёсць меркаванне, што НКУС знарок стварыў умовы для самагубства. Пра дзейнасць Галадзеда згадвалася некалі разоў. Старшынёй Саўнаркама БССР ён прабыў амаль дзесяць гадоў, змяніў ён Язэпа Адамовіча, які быў адкліканы з Беларусі і пад час яжоўшчыны застрэліўся. Галадзед меў цудоўную памяць і здольнасці кіраваць, адміністраваць. Ён ледзьве скончыў тры класы рабочага факультэта пры сельскагаспадарчай акадэміі. Аднак прыродныя здольнасці далі яму магчымасць працаваць на адказнай савецкай пасадзе. На службе ён быў скрытны і самалюбівы, умеў падпарадкоўваць сабе людзей. Блізка ні з кім не сыходзіўся, заўсёды быў пільны. У Маскве ўмела і спрытна праводзіў гаспадарчыя пытанні, што мелі дачыненне да Беларусі. Быў у добрых стасунках з Молатавым, Варашылавым, Мікаянам, Арджанікідзе. Аднак усё гэтае не выратавала Галадзеда ад пагібелі.

Дайшла чарга і да сакратара партыі Шаранговіча. Пасля нядоўгага выканання абавязкаў першага сакратара партыі ён быў арыштаваны. Лёс яго стаў вядомы з маскоўскіх газетаў. Шаранговіча судзілі з групай, якую ўзначальваў М.Бухарын. Судовы працэс быў адкрыты, і справаздачы пасяджэнняў змяшчаліся ў друку. Здаецца, усе ўдзельнікі працэсу былі асуджаны на смерць, у тым ліку і Шаранговіч. Шаранговіч рабіў уражанне сардэчнага і шчырага чалавека, як ужо адзначалася, ён заваяваў давер многіх беларускіх камуністаў, асабліва маладых. Аднак яго праца ў Беларусі ў святле наступных падзеяў сведчыць пра скрытнасць і няшчырасць у дачыненні да тых, хто яму давяраў. Ніхто з беларусаў не атрымаў ордэна за партызаншчыну пад час савецка-польскай вайны, а Шаранговіч праз дзесяць гадоў быў узнагароджаны. Ды і пра партызанскія подзвігі Шаранговіча амаль не было чуваць. Вядома, што ў 1919-20-я г. цэнтралізаванага кіравання партызаншчынай не было, а між тым Шаранговіча зрабілі кіраўніком партызанскага руху ўсёй Беларусі, пра што толькі праз дзесяць гадоў даведаліся сапраўдныя ўдзельнікі партызаншчыны. Нядобрае ўражанне засталося ў многіх камуністаў, калі за ордэн ён перакінуўся на бок Гікалы і стаў яго паслухмяным выканаўцам. На час працы Шаранговіча першым сакратаром партыі прыпадае гібель старшыні Вярхоўнага Савета БССР А.Чарвякова і старшыні Саўнаркама БССР М.Галадзеда. Калі Шаранговіч і не быў напрамую вінаваты ў іх пагібелі, бо яны наўрад ці ўтрымаліся б пад час яжоўшчыны, тым не менш ён блізка ў гэтым удзельнічаў. На апошнім этапе свайго жыцця, пад час працэсу ў бухарынскай групе пасля паказанняў Бухарына Шаранговіч кінуў рэпліку такога зместу: "Бухарын, навошта тут, на судзе, ілгаць". Значыць, і на савецкім судзе Шаранговіч хацеў выгадна сябе вылучыць.

Замест Шаранговіча Крэмль прыслаў у Беларусь першым сакратаром нейкага Волкава. Уся яго "дзейнасць" адбывалася ў самы разгар яжоўшчыны. Волкаў не займаўся кіраўніцтвам, а быў памагатым НКУС, і гэты "ганаровы" абавязак выконваў з асаблівай ахвотай і задавальненнем. Пра метады працы НКУС таго часу шмат гаварылася і пісалася.

Новы сакратар ЦК партыі Волкаў быў грубым дэспатам з прыёмамі чэкіста першых гадоў савецкага ладу. Малакультурны і бессаромны ў выразах, ён рабіў адмоўнае ўражанне. Час праводзіў у выступленнях на розных сходах, дзе "граміў" ворагаў народа. Направа і налева прыпісваў абраным ахвярам разнастайныя злачынствы, галоўным чынам шпіянаж і шкодніцтва. Пасля такой характарыстыкі агентам НКУС заставалася толькі падбіраць ахвяры і накіроўваць іх у скляпенні. Давялося чуць аповед аднаго прафесара па скураных захворваннях Пракапчука. На сходзе медыцынскіх работнікаў у сваім выступленні Волкаў абвінаваціў прафесара ў распаўсюджванні сярод пацыентаў венерычных хваробаў з мэтай шкодніцтва. А між тым, з савецкага пункту погляду прафесар Пракапчук менш за ўсё выклікаў сумненняў у палітычнай добранадзейнасці. У мінулым партызан савецка-польскай вайны, пасля заканчэння медыцынскага інстытута як надзейны чалавек і камуніст, як спецыяліст, што падаваў надзеі, ён быў камандзіраваны ў Парыж для ўдасканалення па спецыяльнасці. Пасля абвінавачвання на сходзе Волкаў не дазволіў Пракапчуку выступіць з апраўданнем.

У раёны Волкаў пасылаў супрацоўнікаў ЦК, якія дзейнічалі такімі самымі метадамі. Яны, так званыя інструктары ЦК, прыехаўшы ў раён, склікалі партыйныя сходы і, абвінаваціўшы прызначаную ахвяру ў шкодніцтве і шпіянажы, забіралі партыйныя білеты. Справу заканчваў НКУС. Вядомы асаблівы выпадак такой працы. За 60 км ад Менска ёсць раённы цэнтр г. Чэрвень (раней г. Ігумен). У гэтым раёне сакратаром партыі быў нейкі Плятнёў. Кіраўніком ён быў звычайным, нічым асабліва не вылучаўся. У мінулым - вясковы настаўнік. На партыйным сходзе пасланец Волкава адабраў у яго партыйны білет і абвінаваціў у шпіянажы. Плятнёў, чалавек нервовы і хворы, у прадчуванні далейшых падзеяў, вырашыў скончыць жыццё самагубствам. Выстрал у скроню быў няўдалы. Цяжка параненага Плятнёва НКУС арыштаваў і змясціў у арыштанцкае аддзяленне бальніцы. Жыццё яму захавалі, але выстрал перасек вочныя нервы, і ён застаўся сляпым на два вокі. Доўгі час быў пад арыштам, пасля вызвалены. Яжоўшчына мінула, дзе-нідзе нясмела, без асаблівага абвяшчэння пачалі знаходзіць новых "ворагаў народа", тых, хто арыштоўваў, бесчалавечна праводзіў следства з вытанчанымі формамі здзеку па злачынствах, якіх не існавала. Успомнілі і пра інструктара ЦК, які быў вінаваты ў слепаце Плятнёва. У Менску арганізавалі публічны паказальны працэс. Паводле ходу справы і па велічыні злачынства шмат хто меркаваў, што вінаватаму пагражае смерць, аднак яму прысудзілі толькі пяць гадоў зняволення. Наўрад ці адбываў ён яго ў лагерах.

У Гомелі пад час яжоўшчыны быў арганізаваны адкрыты паказальны суд над "шкоднікамі". Судзілі старшыню гомельскага гарадскога савета (прозвішча не запомнілася), загадчыка гарадскога аддзела аховы здароўя Гурло і начальніка машынна-трактарных майстэрняў Валюкевіча. Усе трое - камуністы. Яны абвінавачваліся ў неверагодных злачынствах, у чым прызналіся не толькі ў скляпеннях НКУС, але і на судзе, што зрабіла вялікае ўражанне на прысутных. Між іншым, да рэвалюцыі Гурло быў на вельмі сціплай працы паштара ў мястэчку, з першых дзён савецкай улады далучыўся да бальшавікоў і потым ужо некалькі гадоў быў кіраўніком буйных паштова-тэлеграфных кантораў. Гурло, як і двум астатнім абвінавачаным, не было прычынаў стаць шкоднікамі. А між тым Гурло "прызнаўся", што ён маленькім дзецям яшчэ ў радзільных дамах праз сваю агентуру прышчэпліваў сіфіліс. Усім тром быў прысуджаны расстрэл. Вядома, на той час без суда загінула агентура Гурло. На вачах публікі канваіры НКУС схапілі асуджаных пад рукі і павезлі на "чорным воране". Потым хадзілі чуткі, што ім абяцалі захаваць жыццё і выпусціць на волю за "прызнанне".

Быў і іншы выпадак. У Гомелі арыштавалі жанчыну гадоў сарака па прозвішчы Новікава, члена партыі, малапісьменную, якая арганізоўвала жанчын у калгасах. Яе абвінавацілі ў шпіянажы на карысць немцаў, грунтуючыся на тым, што пад час першай сусветнай вайны тая за хлеб мыла нямецкім салдатам бялізну. Абвінавачванне было абсурдным, і ахвяра не прызналася следчаму. Тады следчы пачаў пераконваць Новікаву, што яе "прызнанне неабходнае і патрэбнае для камуністычнай партыі". Як просты чалавек Новікава сказала, што следчы - таксама член партыі, і калі партыі трэба, то няхай хто-небудзь з членаў партыі возьме на сябе абвінавачванне ў шпіянажы, такая магчымасць ёсць і ў следчага. Новікава змагла выпадкова вызваліцца, ёй дапамагла добрая прыяцелька, што была знаёмая з уплывовым супрацоўнікам НКУС. Новікава расказвала пра гэтае сама.

Арыштавалі аднаго камсамольца. Яму была прызначана роля шпіёна на карысць Італіі. Не маючы за сабой зусім ніякай віны, камсамолец упарта не прызнаваўся. Следчы збіваў яго, садзіў у карцар, пасылаў на канвеер, камсамолец не мог вытрымаць такіх прыёмаў і быў гатовы прызнацца. Суседзі па камеры шкадавалі бязвіннага юнака, але, вядома ж, нічым не маглі яму дапамагчы. Гэты камсамолец быў студэнтам школы малявання. У камеры знайшоўся дасціпны чалавек, які навучыў камсамольца, як "прызнацца". На чарговым допыце камсамолец сказаў, што па шпіянажы ён быў звязаны з італьянцамі Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Рафаэлем і інш. Следчы ўзрадаваўся, што нарэшце дамогся свайго і выканаў заданне "старэйшага" начальніка, накарміў камсамольца, даў махоркі і адправіў у камеру. Прыблізна два тыдні камсамолец сядзеў спакойна ў камеры і дзякаваў свайму настаўніку за ўдалую форму прызнання. Яго выклікалі яшчэ раз на допыт. Старшы следчы насварыўся на яго за здзек з следства, але юнак растлумачыў, што яго настаўнікамі сапраўды былі славутыя італьянцы. Невук следчы і ўяўлення не меў пра сусветна вядомых вялікіх людзей і паверыў, што Рафаэль быў арганізатарам шпіянажу.

Пад час яжоўшчыны асабліва ганебную ролю выконваў беларускі камуністычны друк. Так званыя газетныя карэспандэнты ў савецкіх установах шукалі розны абвінаваўчы матэрыял. У гэтай працы асабліва дапамагалі загадчыкі сакрэтных аддзелаў наркаматаў і буйных установаў. Называліся яны "спецаддзеламі" і ў бальшыні выпадкаў іх кіраўнікамі былі сакратары камуністычных ячэек. Назбіраўшы такога-сякога матэрыялу, газета, і асабліва орган камуністычнай партыі "Звязда", рыхтавала абвінаваўчы матэрыял, у якім імкнулася як мага больш ачарніць прызначаную ахвяру. Факты перакручваліся, у бальшыні выпадкаў былі выдуманыя, фальшывыя. Усё станоўчае ў лепшым выпадку замоўчвалася або паказвалася як контррэвалюцыйныя ўчынкі, як інтрыгі ворагаў народа. Звычайна абвінаваўчы матэрыял заканчваўся "абурэннем", што такі закаранелы вораг народа сядзіць, замаскіраваўшыся, у савецкай установе. Пасля такой падрыхтоўкі ў той самы дзень зганьбаваная ахвяра знікала ў скляпеннях НКУС. Турмы не змяшчалі ўсіх арыштаваных. Выкарыстоўваліся скляпы і напаўразбураныя старадаўнія сутарэнні, напрыклад, у Менску прыстасавалі былы манастыр. Арыштоўваў не толькі НКУС, але і органы савецкай міліцыі пад выглядам крымінальных злачынстваў, а потым ужо перадавалі па прызначэнні.

Паводле такога абвінаваўча-ілжывага газетнага артыкула ў газеце "Звязда" быў арыштаваны грамадзянін С. Яго арыштавала міліцыя за крымінальныя дзеянні, якіх не было. Калі ён сядзеў у міліцыі, жонка з вялікімі цяжкасцямі магла бачыць яго пад час прагулкі. Яго ні ў чым не абвінавачвалі і не дапытвалі. Праз тры месяцы забралі ў НКУС. Усялякія спробы жонкі даведацца пра далейшы лёс мужа не мелі поспеху. Прыблізна праз паўгода пасля арышту С. да яе прыйшоў агент НКУС з лістом ад мужа. Ліст ў рукі не даў, дазволіў прачытаць здалёк. Яна сцвярджала, што ліст як быццам бы сапраўды быў напісаны і падпісаны рукой мужа. Той прасіў даслаць яму крыху тлушчаў і цёплую вопратку. Ліст забралі, аднак пасланец "суцешыў" яе звесткамі пра добрыя паводзіны мужа, якога трэба падтрымаць яшчэ месяц, і ён будзе адпушчаны дадому. Бедная жанчына зрабіла ўсё, каб сабраць пасылку і перадаць крыху тлушчаў да сухароў. Пасылку забралі, жонка кожную ноч да раніцы чакала мужа, бо хадзілі чуткі, што вызваленых з турмы адпускаюць толькі апоўначы. Сапраўды, у адну ноч прыйшлі і арыштавалі жонку С., канфіскавалі маёмасць і забралі ў распараджэнне НКУС кватэру. Засталіся двое беспрытульных хлопчыкаў: адзін дванаццаці гадоў, другі - чатырох-пяці.

Цяжкім і жахлівым было становішча сям'і арыштаванага. Часта яна лічылася сям'ёй ворага народа і не мела ніякіх сродкаў на існаванне. Сямейнікаў не бралі на працу, а тых, хто працаваў, звальнялі з любой прычыны або проста выганялі на вуліцу. Дзеці арыштаваных перажывалі страшэнную трагедыю, становішча іх было адчайным. З вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установаў выключалі. У агульнаадукацыйных - выганялі з усіх вучнёўскіх арганізацый. Сям'я ворага народа станавілася за абмежаванай савецкай законнасцю. Суседзі і знаёмыя ў такіх выпадках абміналі сямейнікаў арыштаванага, не пазнавалі іх. Кожны ведаў і разумеў, што дапамагчы чужому гору немагчыма, а наклікаць на сябе падазрэнне ў сувязі з сям'ёй ворага народа можна. Такое нячулае стаўленне да лёсу блізкіх арыштаванага тлумачыцца не абурэннем і варожасцю, а імкненнем застацца ўбаку і пазбегнуць лёсу няшчасных.

Усе беларускія наркамы, іх намеснікі, дырэктары трэстаў, шматлікіх установаў былі арыштаваныя. На іх месца прызначаліся іншыя, якія часта праз вельмі кароткі тэрмін таксама арыштоўваліся. Напрыклад, можна паказаць перамены ў Наркамаце асветы. Пасля адклікання з наркамата Платуна на яго месца быў прызначаны А.Чарнушэвіч. Незадоўга да арышту яго вызвалілі ад пасады па абвінавачванні ў нацыянальным дэмакратызме. Месяцы два ён быў на волі, спрабаваў выехаць з Беларусі ў Растоў-на-Доне. Не атрымалася. Праз месяц яго арыштавалі, а праз нейкі час такі самы лёс спасціг і яго жонку. Пару месяцаў наркамам асветы быў супрацоўнік ЦК партыі Дзьякаў, чалавек малакультурны і малапісьменны, тупы. Дзьякаў таксама быў арыштаваны. Наркамам прызначылі Варончанку. Па спецыяльнасці інжынер, малады і энергічны, камуніст, выйшаў з камсамольцаў. Таксама выконваў абавязкі нядоўга, быў арыштаваны. Утрымалася наркамам асветы Ўралава, якая, відаць, лічылася наркамам у час вайны і яшчэ нядаўна была на гэтай пасадзе. Паводле газетных звестак, Уралава цяпер прызначана намеснікам старшыні Саўнаркама БССР.

Лічу неабходным адзначыць абсурднасць некаторых сцвярджэнняў, нібы НКУС арыштоўваў не ўсіх аднолькава, нібы менш рэпрэсій было ў дачыненні да жыдоў. Гэтыя сцвярджэнні няправільныя і маюць адценне антысемітызму. Калі б даследчык стаў высвятляць праўду, то паводле дакументальных дадзеных вызначыў бы, што ўсіх наркамаў Беларусі, частка якіх была жыдамі, нягледзячы на іх самае пралетарскае паходжанне, арыштавалі. Прыкладам можа быць наркам камунальнай гаспадаркі БССР Васерман. Да прызначэння наркамам ён працаваў маляром. Пад час яжоўшчыны разам з іншымі быў арыштаваны, у турме звар'яцеў, арыштавалі і яго жонку. Ацалеў адзін толькі намеснік наркама харчовай прамысловасці Раксін Яўсей. Гэта выпадковасць. Не ацалелі і высокія партыйныя кіраўнікі - жыды.

Неверагодна жахлівыя справы адбываліся і ў раёнах. Там на хапок былі зроблены самыя прымітыўныя прыстасаванні для ўтрымання тысяч арыштаваных. У Рагачове арыштаваных узімку трымалі ў сутарэннях старадаўняга замка, там не было печаў, дзвярэй, вокнаў. Разваліны абнеслі калючым дротам, стаяла ахова. Людзі гінулі, пачалася эпідэмія сыпнога тыфу, тады НКУС вымушаны быў ліквідаваць гэтую турму. У выключна цяжкіх умовах жыло насельніцтва памежных з Польшчай раёнаў. Там гаспадарыла памежная ахова НКУС. Пустымі заставаліся цэлыя вёскі. Арыштоўвалі ўсіх, каго нават нязначна падазравалі ў нядобранадзейнасці, хто быў незадаволены савецкім рэжымам. Можна без перабольшвання сказаць, што рэпрэсавалі больш за палову мужчынскага насельніцтва. Разлічваліся з арыштаванымі тройкі. Суд іх быў канчатковы і безапеляцыйны. Уначы асуджаных на расстрэл грузавымі машынамі вывозілі ў глухія лясы.