Першы беларускі штурмовы зьвяз

Да гісторыі стварэньня й дзейнасьці беларускіх камандас у гады Другой сусьветнай вайны

У гісторыі беларускага нацыянальнага супраціву ў гады Другой сусьветнай вайны дагэтуль застаецца шмат пытаньняў, якія патрабуюць глыбокагадасьледаваньня. Акурат да ліку гэткіх праблемаў адносіцца гісторыя стварэньня й дзейнасьці беларускіх дывэрсійных фармаваньняў на баку Нямеччыны. Гаворка ідзе пра малаколькасныя аддзелы камандас, у заданьне якіх уваходзіла, галоўным чынам, выведка і правядзеньне дывэрсіяў у тыле супраціўніка. Недасьледаванасьць дадзенага пытаньня тлумачыцца ня толькі ейнай зачыненасьцю на працягу савецкага пэрыяду, але, таксама, адсутнасьцю непасрэдных архіўных крыніцаў. Дасюль айчынныя дасьледчыкі карысталіся пераважна ўспамінамі сучасьнікаў гэных падзеяў, а таксама публікацыямі беларускіх эмігрантаў. Асноўны матэрыял адносна гэтага пытаньня знаходзіцца ў зборах Абвэру ў нямецкай архіваліі. Аднак у гэтым артыкуле мы намагаемся прасачыць гісторыю 1-га Беларускага штурмовага зьвязу на падставе архіўных матэрыялаў, якія таксама маюць высокую навуковуювартасьць і каштоўнасьць. Гэтыя дакумэнты захоўваюцца ў Польшчы - ў Архіве Польскага чырвонага крыжа і Архіве Цэнтральнага музэю ваеннапалонных у Ламбінавіцах-Апольлі. Акрамя таго, істотнай крыніцай падчас падрыхтоўкі гэтага артыкулу стаў дзёньнік унутраных загадаў камандзіра зьвязу, у якім бадай што падзённа адлюстравана паўсядзённае жыцьцё беларускіх камандас. Ён знаходзіцца ў зборах Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны (Лёндан).

Нацыстоўскае кіраўніцтва Нямеччыны праз сваё агіднае стаўленьне да іншых народаў (асабліва славянскага паходжаньня) цалкам адмаўляла ўзброеную дапамогу з боку прадстаўнікоў гэтых народаў у змаганьні супраць СССР. Разам з тым, кіраўніцтва Абвэра ў гэтым сэнсе было больш прагматычным,чымсьці зацятыя нацыстоўцы сярод кіроўных колаў краіны, і ўлічваючы стракаты нацыянальны склад Савецкага Саюзу, ня грэбавалі паслугамі антысавецкіх эмігрантаў зь ліку беларусаў, украінцаў, эстонцаў, летувісаў і інш.

Першыя згадкі наконт супрацоўніцтва беларусаў з Абвэрам па закідваньню агентаў на варожую тэрыторыю зьвязаныя з нападам 1 верасьня 1939 году Нямеччыны на Польшчу. Дзеля таго, каб даведацца пра антыпольскія альбо антысавецкія настроі на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводзтваў ІІ Рэчы Паспалітай напрыканцы жніўня 1939 году каля Кобрына былі выкінутыя два супрацоўнікі Абвэру, адзін зь іх - Сьцяпан Гугель (перад вайной скончыў Бэрлінскі ўнівэрсытэт). У заданьне гэтых парашутыстаў уваходзіў пошук і наладжаньне сувязі з антыпольскімі партызанамі на Палесьсі, дзеля таго, каб, пры неабходнасьці, дамовіцца зь імі наконт дывэрсіяў у польскім тыле ў часе нападу нямецкіх войскаў на польскую дзяржаву. Праўда, толькі 3 верасьня парашутысты наладзілі кантакт з аддзелам атамана Тарасюка каля Драгічына. Там яны падавалі сябе за дэзэртыраў з Войска Польскага, каб убіцца ўдавер да партызанаў. Штодзённа дывэрсанты па радыёстанцыі інфармавалі Бэрлін аб дзейнасьці палескіх партызанаў.

Аднак сапраўдная зацікаўленасьць беларускай ды ўкраінскай эміграцыяй з боку Абвэра ўзнавілася незадоўга да нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Са жніўня 1940 году аддзел “Іншаземныя арміі Ўсходу” Генэральнага штабуСухаземных войскаў значна павялічыў заданьні Абвэру, якія датычыліся СССР. У гэты час узмацняецца шчыльнае супрацоўніцтва Абвэру з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў (АУН), летувіскімі ды латыскімі “ляснымібратамі”. З мэтай забесьпячэньня ўдалага кіраваньня ўсімі франтавымі ворганамі Абвэру 1 траўня 1941 году быў створаны спэцыяльны выведны штаб “Валі-1” на чале з падпаўкоўнікам Шмаль-Шлегерам [1]. Дадзены штаб разьмяшчаўсяў ваколіцах Варшавы, у Сулэювэку. Пра цікавасьць з боку Абвэра да нацыяналістычнае агентуры яскрава сьведчаць наступныя факты. Увесну 1941 году колькасьць агентуры ў параўнаньні з канцом 1940 г. павялічылася ў 15-20 разоў. Так, на працягу студзеня-чэрвеня 1941 году было зафіксавана 152 парушэньні нямецка-савецкай дзяржаўнай мяжы з удзелам нямецкіх самалётаў, якія, праўдападобна, мелі на мэце закінуць у савецкі тыл паветраным шляхам дывэрсантаў.. [2].

Побач з украінскім, летувіскім ды іншымі вызвольнымі рухамі, у прамежку з кастрычніка 1939 г. па чэрвень 1941 г. спробы правядзеньня перамоваў з Абвэрам рабілі і беларускія эмігранты. Супрацоўнікі Абвэру - маёр Геруліс, былы рэктар Кёнігзбэрскага ўнівэрсытэту, маёр Дэрынг, прафэсар фон Мэндэ і ягоны дарадца фон Энгельгард сустракаліся зь беларускімі прадстаўнікамі. На гэты момант сярод беларускай палітычнай антысавецкай эміграцыіў Нямеччыне і акупаваных ёй краінах існавалі некалькі плыняў. Да кантакту менавіта з вайсковымі коламі, а перадусім - Абвэрам, была схільная група доктара Мікалая Шчорса і кс. Вінцэнта Гадлеўскага, якая імкнулася прыдапамозе немцаў стварыць беларускія ўзброеныя аддзелы, што ў будучыні мелі стаць стрыжнем нацыянальнага войска незалежнай Беларусі. Супрацоўніцтва вышэйзгаданай групы з Абвэрам пачалося яшчэ ў другой палове 1940 г. Яно грунтавалася на вярбоўцы і перакідзе ў савецкую Беларусь агентаў, адмыслова падрыхтаваных у абвэраўскім цэнтры ў г. Сулэювэк пад Варшавай. Дадзеныя мерапрыемствы ажыцьцяўляліся пры падтрымцы адзьдзяленьня Варшаўскага камітэту Беларускага камітэту самападамогі, грамадзкай арганізацыі запачаткаванай увосень 1939 г. на тэрыторыі ІІІ Райху і Генэральнагагубэрнатарства з дазволу нямецкіх уладаў. Тым ня менш, да практычнай дзейнасьці па фармаваньні аддзелаў камандас справа дайшла толькі ў траўні 1941 г. У якасьці першых беларускіх выведна-дывэрсійных адзінак падчас Другой сусьветнай вайны можна ўважаць створаныя напарэдадні нямецка-савецкай вайны - Першы беларускі штурмовы зьвяз. Акурат тады ў складзе Асобнага вучэбнага палка “Брандэнбург-800” быў створаны дадзены падразьдзел. З той нагоды, што ўкраінскі альбо балтыцкі эмігранцкі рух быў значна мацнейшы і актыўнейшы, то зь ліку прадстаўнікоў гэтых народаў былі сфармаваныя аднаведна буйнейшыя тактычныя дывэрсійныя аддзелы. Напрыклад, у гэты час фармуюццца ўкраінскія батальёны - “Нахцігаль” і “Ролянд”, эстонскі батальён “Эрна” і г.д. Галоўнай мэтай усіх гэтых камандас была дывэрсія ў памежнай зоне супраць Чырвонай Арміі напярэдадні і падчас наступу Вэрмахту на савецкую тэрыторыю.

Асноўнай крыніцай рэкрутацыі ў беларускі аддзел дывэрсантаў сталі былыя польскія ваеннапалонныя, якія зь верасьня 1939 г. знаходзіліся на тэрыторыі Нямеччыны. Паводле дадзеных Міністэрства замежных справаў ІІІ Райху на пачатак 1940 г. у нямецкіх лягерох ваеннапалонных (шталагах і афлагах) утрымлівалася да 20 тысяч беларусаў і 30 тысяч украінцаў [3]. Да сярэдзіны 1940 г. ваеннапалонныя-беларусы знаходзіліся ў 38 шталагах і 9 афлагах, разьмешчаных на абшары ўсіх вайсковых акругаў Вермахту, акрамя ХІІ [4]. Згодна з дэкрэтам Гітлера, з красавіка 1940 году пачалося звальненьне польскіх ваеннапалонных з лягераў. Зь імі падпісвалася працоўная дамова, у выніку чаго яны гублялі права апекі з боку Міжнароднага чырвонага крыжа і атрымоўвалі статус цывільных іншаземных працоўных ў ІІІ Райху. Знаходжаньне сярод польскіх ваеннапалонных значнай колькасьці беларусаў прыцягнула да іх ўвагу беларускай палітычнай эміграцыі ў Нямеччыне і акупаваных ёй краінах. 20лютага 1940 г. Прэзыдэнт Рады БНР В.Захаркі накіраваў на імя палітычнага рэферэнта Пратэктарата Чэхіі і Маравіі Коля нататку, ў якой прапаноўваў нямецкім уладам парупіцца пра культурна-асьветную працу сярод ваеннапалонных-беларусаў, правесьці іх рэгістрацыю, дапусьціць у лягеры ваеннапалонных прадстаўнікоў беларускай эміграцыі і арганізаваць распаўсюджваньне беларускага друку [5]. Беларускія эмігранты рабілі спробы аб’яднацьваеннапалонных вакол сваіх арганізацый. Так, намаганьнямі беларускіх эмігрантаў у канцы 1939 г. у Бэрліне ў складзе МУС было створана Беларускае прадстаўніцтва, дзе павінны былі рэгістравацца ваеннапалонныя беларусы.У лістападзе 1939 г. пачаўся выхад газэты “Раніца”, якая з дазволу нямецкіх уладаў распаўсюджвалася ў лягерах ваеннапалонных, дзе ўтрымліваліся беларусы. Пры пасярэдніцтве газэты, ваеннапалонныя з розных лягераў атрымалі магчымасьць наладзіць сувязь паміж сабою, страчаную падчас баявых дзеяньняў. Гэтая газэта выклікала досыць вялікую зацікаўленасьць з бокуваеннапалонных-беларусаў, аб чым сьведчыць масавая карэспандэнцыя ў рэдакцыю [6]. Да канца 1941 г. у Беларускім прадстаўніцтве прайшлі рэгістрацыю да 20 тыс. ваеннапалонных-беларусаў. Са стварэньнем у 1940 г. першай грамадзкай арганізацыі - Беларускага камітэту самадапамогі - ў ейныя шэрагі ўступілі ня менш 8 тысяч былых польскіх ваеннапалонных [7].

Беларускія эмігранты па загаду немцаў павінны былі весьці сярод землякоў агітацыю з заклікам супрацоўнічаць зь нямецкімі уладамі. Заахвочваньне адбывалася шляхам палёгкаў у сацыяльнай галіне - выдачай картакна харчаваньне і адзеньне, магчымасьцю зьняць кватэру. 8 сакавіка 1940 г. беларусы, якія падпісалі кантракт зь нямецкім прадпрыемствам, былі вызваленыя ад абавязковага нашэньня на адзеньні літары “Р”. Са студзеня 1941 г. ваеннапалонныя беларусы таксама вызваляліся ад 15% штомесячнага падатку на адбудову польскіх тэрыторыяў [8]. У сувязі з гэтым здараліся выпадкі, калі падчас рэгістрацыі беларусамі запісваліся палонныя-палякі. Дзеячы Беларускага прадстаўніцтва з дазволу нямецкіх уладаў зьдзяйсьнялі выезды ў лягеры польскіх ваеннапалонных з мэтай пошуку там суайчыньнікаў і спрычыненьня іх да сваёй працы. Непасрэдна за вярбунак дабраахвотнікаў у дывэрсійныя аддзелы Абвэру побач з беларускімі эмігрантамі адказвалі прадстаўнікі гэтай спэцслужбы - маёр Геруліс і капітан Казлоўскі.

Агенты Абвэру супольна з супрацоўнікамі Беларускага прадстаўніцтва,якія наведвалі шталагі з мэтай пошуку кандыдатаў у школы дывэрсантаў, перадусім, зьвярталі ўвагу на нацыянальна сьведамы элемэнт. Варта тут прыгадаць, што сярод польскіх ваеннапалонных апынулася шмат сьвядомых беларусаў і нацыяналістаў: паэт Міхась Васілёк, вядомыя дзеячы беларускага руху - Аляксандар Крыт і Васіль Камароўскі, падхаружы Гэнрык Барановіч,падпаручнік Станіслаў Грынкевіч, Барыс Рагуля [9]. У ліку палонных знаходзіўся й Усевалад Родзька (нар. 21 чэрвеня 1920 г.), які да пачатку Другой сусьветнай вайны зьяўляўся харужым Войска Польскага і быў прыдзелены да 42-га пяхотнага палка (Беласток). 19 верасьня 1939 г. каля мясцовасьці Лэнтаўніца ён патрапіў у нямецкі палон, атрымаў асабовы нумар 22893 і ўтрымліваўся ў шталагу ХХІА (Астшэшаў, каля Пазнані). 20 жніўня 1940 г. Родзька быў вызвалены зь лягеру і накіраваны ў мясцовасьць Бжэска (Словінскага павету), дзе, паводле асабістай карты ваеннапалоннага, ён пражываў да выбуху вайны [10].

У выніку вярбунку, на курс дывэрсантаў былі набраныя 52 асобы, пераважназь ліку былых польскіх ваеннапалонных [11]. Дабраахвотнікаў накіроўвалі ў мястэчка Лямсдорф (зараз Ламбіновічы ў Апольскім ваяводзтве, Польшча), дзе 5 траўня 1941 г. была створаная дэсантная школа. Нягледзячы на тое, што як прадстаўнікі Абвэру, так і дзеячы Беларускага прадстаўніцтва, сярод польскіх ваеннапалонных праводзілі вярбунак сьвядомых беларусаў, у дывэрсійную школу патрапілі ўдзельнікі польскага падпольля. Так, польскай кансьпірацыі ўдалося правесьці ў склад беларускага аддзела сваіх агентаў,сярод якіх быў Браніслаў Валасэвіч. Большасьць дабраахвотнікаў складалі менавіта былыя польскія ваеннапалонныя, сярод якіх быў адзін паручнік і два падхаружыя былога Войска Польскага. Усе дабраахвотнікі былі залічаныя ў штаты Абвэру ў якасьці агентаў і атрымалі свае парадкавыя нумары.. [12]. Камандзірам зьвязу стаў былы харужы Войска Польскага Ўладзімер Качан.У адпаведнасьці з унутраным загадам №1 ад 16 траўня 1941 г. намесьнікам камандзіра быў вызначаны Кастусь Габінскі, вайсковым інструктарам - Казімер Славэцкі, нацыянальна-выхаваўчым супрацоўнікам - Эдвард Валанцей, хронікарам - Браніслаў Даніловіч, інтэндантам і інструктарам па міннайсправе - Мікалай Быцько [13]. Акрамя таго, у адпаведнасьці з загадам камандзіра за №1 ад 16 траўня 1941 г., на Браніслава Даніловіча ўскладаліся абавязкікультурніцка-асьветнае працы (гісторыя, гэаграфія, літаратура). 12 траўня на сходзе ўдзельнікаў школы было вырашана называць аддзел “Беларускім штурмовым зьвязам” [14].

Курс падрыхтоўкі быў разьлічаны на 2 месяцы і ўключаў у сябе: карыстаньне ўсімі відамі нямецкай і савецкай агнястрэльнай зброі (у тым ліку - з найноўшымі ўзорамі), сапёрная справа, дывэрсія на аўташашы і чыгунцы, вайсковая тапаграфія, шыхтовыя заняткі, мэдычная падрыхтоўка (аказаньне першай дапамогі) і г.д. Значная ўвага надавалася рукаемнаму бою з ужываньнемфінскага нажа. Апрача таго, адбываліся заняткі па плаваньні і нямецкай мове. Неабходна адзначыць, што заняткі па нямецкай мове распачаліся 17 траўня, выкладчыкам якіх стаў сябра зьвязу Баляслаў Тачаноўскі. Камандаваньне зьвязу надавала шмат увагі нацыянальнай працы сярод асабовага складу. Так, напрыклад, у адпаведнасьці з загадам Уладзімера Качана ад 17 траўня 1941 г., распачаліся лекцыі Беларусаведы, якія чытаў адзін з жаўнераў зьвязу- Эдвард Валанцей. 17 траўня камандзір зьвязу выдаў загад, дзе адзначалася наступнае: “У сувязі з сёньняшный гістарычнай хвілінай усе беларусы, якія знаходзяцца тут, мусяць браць удзел ува ўсіх сходах нацыянальнага характару, дзе будзе праяўляцца актыўнае грамадзкае жыцьцё і аблічча нашага зьвязу. Тыя, хто ня будзе прыслухоўвацца да вышэйзгаданага, будуць адказваць перад грамадзкім судом і гісторыяй” [15]. Зьвязовы хронікар Браніслаў Даніловіч напісаў шыхтовую песьню “Гэта йдзе Першы зьвяз наш штурмовы”, які стаў своеасаблівым гімнам аддзелу.

Акрамя патрыятычна-выхаваўчае працы, камандаваньне таксама пільна сачыла за дысцыплінай асабовага складу. Як сьведчаньне гэтаму ёсьць суд гонару, які адбыўся 18 чэрвеня над Янкам Селява, Сьцяпанам Паўлоўскім і Яраславам Станкевічам, якія парушылі ўнутраны расклад зьвязу [16]. Згодна з загадам Уладзімера Качана за №3 ад 18 траўня 1941 г., была ўведзеная пасада службовага падафіцэра, ў абавязкі якога ўваходзіла наступнае: рабіць пакліч а 6 гадзіне штодня (па сьвятах - а 7 гадзіне); склікаць сходы асабовага складу; пільнаваць унутраны парадак; сачыць за сваечасовым сілкаваньнем асабовага складу; сачыць за дысцыплінаю; рабіць а 21 гадзіне перакліч, а таксама абвяшчаць каманду на адбой а 22 гадзіне штодзённа. Акрамя таго, службовы афіцэр атрымліваў ад камандзіра зьвязу спэцыяльныя інструкцыі. 19 траўня быўвыдадзены загад №4, дзе зьвярталася ўвага падафіцэраў зьвязу на тое, каб яны падавалі каманду “зважай” перад кожным зьяўленьнем нямецкага афіцэра альбо падафіцэра [17].

Праз адсутнасьць беларускага вайсковага статуту вайскоўцы зьвязу былі вымушаныя карыстацца нямецкім і польскім статутамі, тэкст якіх перакладаўся на беларускую мову. Аднак 19 траўня быў зацьверджаны тэкст беларускай каманды, які распрацаваў Казімер Славэцкі. Пра цяжкасьці з ужыткамроднае мовы ў камандах сьведчыць загад камандзіра зьвязу за №6 ад 21 траўня, дзе адзначалася: “Прыгадваю сябрам зьвязу, каб у як мага найкарацейшым часе прызвычаіліся да беларускай каманды, а не карысталіся іншымі камандамі без патрэбы” [18].

8 чэрвеня 1941 году асабовы склад зьвязу склаў прысягу на адданасьць Беларусі. У гэты ж дзень быў абраны склад новага кіраваньня ў які ўвайшлі: Уладзімер Качан (камандзір), Эдвард Валанцей (сакратар), Мікалай Быцько (скарбнік) і чынныя сябры - Міхась Бярцэвіч, Кастусь Габінскі ды Браніслаў Даніловіч. Згодна з загадам Уладзімера Качана за №27 ад 12 чэрвеня 1941 г., Беларускаму штурмоваму зьвязу была прысвоеная назва 1-га Беларускага штурмовагазьвязу [19]. 13 чэрвеня курс шкаленьня скончыўся, у выніку чаго гэты аддзел быўперакінуты з-пад Лямсдорфу бліжэй да савецкай мяжы і раскватараваны ў мястэчку Прушкаў. На гэты час у асабовым складзе зьвязу знаходзіўся 41 сябра.. [20]. Аднак да канца шкаленьня дайшлі ня ўсе жаўнеры ад першапачатковай колькасьці. Так, напрыклад, яшчэ 25 траўня асабовы склад пакінуў Язэп Зубовіч, а 29 чэрвеня - Янка Явік, Сьцяпан Паўлоўскі, Язэп Пажондны і Яўхім Гапонік. Згодна з унутраным загадам №13 ад 29 траўня 1941 г., вышэйзгаданыя асобы накіроўваліся на Бацькаўшчыну. Праўдападобна, як былыя польскія ваеннапалонныя,яны атрымалі дазвол ад савецкай улады на вяртаньне да хаты.

На жаль, адсутнічае якая-колечы інфармацыя наконт умундзіраваньня альбо адзнакаў беларускіх камандас. Праўдападобна, жаўнеры зьвязу ўжывалі палёвую ўніформу Вэрмахту. Вядома аднак, што падчас закіду са спэцзаданьнем у чэрвені 1941 г. на савецкую тэрыторыю яны былі апранутыя ў мундзіры чырвонаармейцаў.

З пераездам зьвязу ў Прушкаў Абвэр вырашыў ужыць беларускі зьвяз у дывэрсыйнай акцыі на савецкай тэрыторыі. Паводле камандзіра зьвязу, немцы далі беларускім вайскоўцам права адмовіцца ад удзелу ў закідзе на тэрыторыю БССР. У выніку тры сябры зьвязу скарысталіся гэтым і былі адсунутыя ад гэтай акцыі. Напярэдадні перакіду на савецкую тэрыторыю жаўнеры былі падзеленыя на групы па тры асобы ў кожнай. Варта адзначыць, што кожная група мела асобнае заданьне па дывэрсіі на савецкіх камунікацыях. У сувязі з гэтым, перад закідам, вайскоўцы былі ўзброеныя адпаведным чынам. На кожную групу выдаваліся - адзін компас і адзін аўтамат. Акрамя таго, кожны камандас атрымаў па пісталету калібра 7,65 мм., па 4 польскія гранаты, фінскі нож. Прадугледжвалася, што кожная група будзе выконваць заданьне на працягу ня больш трох сутак [21]. Закід у тыл супраціўніка ажыцьцяўляўся паветраным шляхам.

У першую групу ўвайшлі Альбэрт Асоўскі, Станіслаў Акінчыц, Вацлаў Гальчынскі, Станіслаў Валасэвіч, Тадэвуш Гардзіевіч, Яраслаў Станкевіч і Лявон Зялінскі. Гэта група рушыла на заданьне 15 чэрвеня 1941 г. з мэтай выкананьня дывэрсіі на чыгунцы Баранавічы - Стаўпцы. Аднак ажыцьцявіць гэтае заданьне беларускім вайскоўцам не ўдалося. Адразу пасьля закіду камандас былі выкрытыя савецкімі вайскоўцамі. У выніку ўзброенай сутычкі некалькі дывэрсантаў былі захопленыя ў палон і дапытваліся ў НКУС. Так, сярод тых, хто патрапіў ў няволю, апынуліся Браніслаў Валасэвіч, Яраслаў Станкевіч і інш [22]. Наступная група вайскоўцаў у ліку 20 жаўнераў была вырушыла з месца разьмяшчэньня кашараў у Прушкаве на заданьне 19 чэрвеня 1941 г. У гэты ж дзень быў выдадзены апошні ўнутраны загад камандзіра зьвязу за №27. У складгэтае групы ўвайшлі: Уладзімер Качан, Міхась Бярцэвіч, Мікалай Быцько, Кастусь Габінскі, Лявон Храповіч, Рыгор Рапіевіч, Янка Селява, Станіслаў Вайноўскі, Віктар Шакоўскі, Павал Яцэвіч, Эдвард Валанцей, Язэп Панятоўскі,Мікалай Бранішэўскі, Фэлікс Табалевіч, Аляксандар Голас, Казімір Славэцкі, Тодар Сабіла, Павал Вагель, Аляксандар Тур, Гэнрык Гуменік [23]. Напярэдадні перакіду на савецкую тэрыторыю вышэйзгаданая група была падзеленаяна дзьве часткі па 10 асобаў, якія атрымалі самастойныя заданьні. Адна з 10-асабовых падгрупаў, якую ачольваў Уладзімер Качан, пасьпяхова выканала дывэрсію ў савецкім тыле. Уначы з 21 на 22 чэрвеня беларускія камандас былі вынікутыя з парашутамі на захад ад Менску ў радыусе 25-40 км., дзе ўдала зьдзейсьнілі дывэрсію на чыгунцы і адышлі насустрач намецкім войскам. Маюцца зьвесткі, што агулам дзеля выкананьня спэцзаданьняў на савецкую тэрыторыюбылі закінутыя 41 камандас. Аднак адсутнічаюць якія-колечы зьвесткі адносна складу іншых групаў, дакладнага часу перакіду іх праз нямецка-савецкую мяжу, а таксама вынікаў выкананьня заданьняў. Праўдападобна, што на савецкі бок са спэцзаданьнямі былі накіраваныя толькі вышэйзгаданыя 27 сябраў зьвязу, тым часам, як астатнія 14 жаўнераў па нейкіх прычынах не былі заангажаваныя да ўдзелу ў акцыях на тэрыторыі БССР і знаходзіліся ў Прушкаве.

Пасьля нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 г. і імклівага прасоўваньня нямецкіх войскаў на ўсход, баявое выкарыстаньне 1-га Беларускага штурмовага зьвязу, па выкананьні выведна-дывэрсійных заданьняў, стала бязсэнсоўным і немэтазгодным. У сувязі з гэтым, беларускія камандас былізадзейнічаныя дзеля выконваньня вартавых і паліцыйных функцыяў на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. У прыватнасьці, у верасьні 1941 г. асабовы склад штурмовага зьвязу быў уключаны ў склад менскай паліцыі парадку.. Па сутнасьці, з гэтага моманту 1-ы Беларускі штурмовы зьвяз спыніў сваё існаваньне як адзінка спэцыяльнага прызначэньня. Вайсковую вартасьць жаўнераў зьвязу, пасьля ўключэньня ў беларускую паліцыю ў Менску, яскрава характарызуе ў сваіх успамінах Франц Кушаль, які пісаў наступнае: “сярод маладых хлапцоў гэтага зьвязу былі некаторыя вельмі працавітыя, але частка зь іх складалася з п’яніцаў” [24].

Складана прасачыць пасьляваенны далейшы лёс удзельнікаў 1-га Беларускага штурмовага зьвязу. Аднак у дачыненьні да асобных былых жаўнераў гэтае дывэрсійнае адзінкі зьвесткі захаваліся. Так, напрыклад, Уладзімер Качан у студзені 1945 г. уступіў у 1-ы кадравы батальён Беларускай краёвай абароны ў Бэрліне, потым - у 1-ю грэнадзёрскую штурмовую брыгаду “Беларусь”.. Пасьля вайны ён жыў на эміграцыі й нейкі час падтрымліваў сувязі з беларускім актывам. Па некаторых зьвестках, яшчэ адзін былы вайсковец зьвязуАльбэрт Асоўскі, па заданьні кіраўніцтва беларускага нацыянальнага антынацыскага супраціву, у 1941 г. наведаў Швэдыю з мэтай навязаньня кантактуз прадстаўнікамі заходніх хаўрусьнікаў [25]. Вядома, што пэўная частка былых жаўнераў зьвязу па вайне засталіся на чужыне. Некаторыя бралі ўдзел у беларускай дзейнасьці. Сярод апошніх знаходзіўся і Браніслаў Даніловіч,які падчас службы ў штурмовым зьвязе быў хронікарам [26].

Варта падкрэсьліць, што штурмовы зьвяз быў не адзіным беларускім дывэрсійным аддзелам, які напярэдадні нямецка-савецкай вайны быў створаны спэцслужбамі Нямеччыны. Маюцца зьвесткі, што па лініі прадстаўніцтва Варшаўскага камітэту ў Бела-Падлясцы, шляхам дабраахвотнага вярбунку беларусаў-польскіх ваеннапалонных, быў сфармаваны 32-асабовы аддзел беларускіх парашутыстаў на чале з былым капітанам Войска Польскага Юры Вежанам.Дывэрсійную падрыхтоўку гэты аддзел атрымаў у Сілезіі. У чэрвені 1941 г. камандас Вежана былі дэсантаваныя ў раёне Сувалкаў на тэрыторыю БССР з мэтай правядзеньня дывэрсіяў. Аднак у хуткім часе яны былі затрыманыя савецкімі памежнікамі і апынуліся ў турме ў Ломжы, адтуль іх вызвалілі наступаючыя нямецкія войскі. Аднак гэтыя дадзеныя патрабуюць удакладненьня. 27

Вышэйзгаданыя дывэрсійныя аддзелы ў апэратыўным значэньні былі падпарадкаваныя спэцыяльнаму выведнаму штабу “Валі”, а ў тактычным - камандаваньню Вучэбнага палка асобага прызначэньня “Брандэнбург-800”. У заданьне беларускіх дывэрсантаў уваходзіла галоўным чынам дывэрсія на чыгунцы - падрыў мастоў, рэйкаў на асноўных камунікацыях савецкіх войскаў,парушэньне тэлеграфна-телефоннай сувязі, захоп і зьнішчэньне вайсковых складоў, зьнішчэньне каманднага складу Чырвонай Арміі. Яны мусілі ажыцьцяўляць шпіянаж і выведку на тэрыторыі 50-100 кілямэтраў наперад часьцей Вэрмахту.

Робячы падрахунак дывэрсійнай дзейнасьці вышэйзгаданых аддзелаў, трэба адзначыць, што беларускія камандас мусілі дзейнічаць супраць аднойз найбольш баяздольных фармаваньняў Чырвонай Арміі - Заходняй асобайвайсковай акругі (ЗахАВА), у прыватнасьці ў тыле 3-й, 4-й, 10-й ды 13-й арміяў. Апрача таго, беларускія жаўнеры мелі надта сьціслы час падрыхтоўкі да выведна-дывэрсійнай дзейнасьці - трохі больш месяца. Тым больш, што ў мінулым жаўнерам-беларусам не даводзілася займацца дывэрсійнай дзейнасьцю. Відавочна, гэта стала прычынаю раптоўнага выкрыцьця чырвонаармейцамі некаторых дывэрсійных групаў зьвязу. Акрамя таго, на беларусаў не ўскладаліся гэткія істотныя задачы, як, напрыклад, на жаўнераў палка “Брандэнбург-800”, якія па-сутнасьці да падыходу асноўных сілаў Вэрмахту цалкам захапілі Берасьце, альбо на ўкраінскі батальён “Нахцігаль”, вайскоўцы якого апанавалі Львоў.

Гісторыя дзейнасьці 1-га Беларускага штурмовага зьвязу была кароткай. Але сам факт існаваньня гэтага аддзелу камандас сьведчыць пра тое, што ўгады Другой сусьветнай вайны сярод беларусаў прысутнічалі асобныя прадстаўнікі, якія спрабавалі стварыць выведна-дывэрсійныя аддзелы спэцыяльнага прызначэньня. Выкарыстоўваючы тагачаснае палітычнае і вайсковае становішча, яны намагаліся атрымаць ад немцаў дазвол на фармаваньне падобных аддзелаў, якія б у будучыні мусілі стаць асяродкам і стрыжнем беларускага войска. Асноўным арганізатарам і рухавіком стварэньня беларускіх аддзелаў камандас зь нямецкага боку выступаў Абвэр, кіраўнікі якога, нягледзячы на недалёкабачлівую расавую тэорыю нацыстоўцаў, ня грэбавалі супрацоўніцтвам з вызвольнымі рухамі паняволеных СССР народаў. Разам з тым, нямецкія колы прагнулі выкарыстаць беларускіх дывэрсантаў у сваіх кораткачасовых мэтах у якасьці “гарматнага мяса”, абмінаючы інтарэсы беларусаў у іхным імкненьні да стварэньня сапраўднай беларускай узброенай сілы. Тым ня менш, стварэньне й дзейнасьць 1-га Беларускага штурмовага зьвязу не было зьяваю дарэмнай і нікчэмнай. У рэчаіснасьці штурмовы зьвяз стаўся першым беларускім нацыянальным вайсковым фармаваньнем падчас Другой сусьветнай вайны на нямецкім баку. Ён паклаў пачатак новаму (пасьля пэрыяду БНР) гістарычнаму этапу фармаваньня беларускага войска. Недабразычліўцы нярэдка дакараюць жаўнераў зьвязу, даводзячы, што ўдзел у дывэрсійнай дзейнасьці ў тыле савецкіх войскаў у першыя ж дні вайны - гэта “несумленная гульня” й здрада. Аднак дывэрсія і выведка ў глыбокім тыле - гэта тактыка войскаў спэцыяльнага прызначэньня любой краіны. Варта тут адцеміць, што ні адзін удзельнік 1-га Беларускага штурмовага зьвязу ня меў савецкага грамадзянства, таму зь юрыдычнага гледзішча ўдачыненьні да іх неправамоцна дапасоўваць гэткі панятак, як “здраднік”ці “паслугач”. Апрача таго, гонар робіць той факт, што вышэйзгаданая фармаваньне належыла да элітнага роду зброі любых узброеных сілаў сьвету -г. зв. камандас (войскаў спэцыяльнага прызначэньня). Гэткім чынам, гісторыя 1-га Беларускага штурмовага зьвязу ёсьць асобнай старонкай гісторыі беларускага нацыянальнага войска ў ХХ стагодзьдзі.

Справаздача камандзіра 1-га беларускага штурмовага зьвязу Уладзімера Качана

ДА ШЭФА ГАЛОЎНАГА ВАЙСКОВАГА КІРАЎНІЦТВА БЕЛАРУСКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ генэрала-маёра Кастуся ЕЗАВІТАВА ад 29 студзеня 1945 г.*

Качан Уладзімер Бэрлін, 29.1.45 г.
Б. Камандант Лямздорскае
дэсантнае школы
Спадару Кіраўніку Вайсковага Аддзела Б.Ц.Р.
Бэрлін

Школа дзе я быў камандантам і камандзірам І Штурмовага Беларускага Зьвязу была у Лямздорфе, павет Опэлін, лягер ІІ.

Час трываня курсу быў аблічаны на 2 месяцы пачаўшы ад 1.V.1941 г.

Праграм курсу наступны:

  1. Запазнаньне курсантаў із новаю зброяю як нямецкаго так і савецкаго іабарона проціў савецкай зброі.
    Кажды з курсантаў мусяў дакладна ведаць і умець страляць за усіх відаўкулямётаў як нямецкіх так і савецкіх. Апрача гэтага была вінтоўка і пісталет, а таксама гранаты нямецкія і савецкія. Велізарную увагу зварочвалі на барацьбу на “фінскім нажы”.
  2. Запазнаньне с узрыўчымі матарьяламі: закладанне і здыманьне мін (узрываньне мастоў, чугункі, будынкаў і г. д.).
  3. Умець чытаць карту. Ар’ентацыя у тэрэне карты. Распазнаньне часьцяўсьвета па компасе, гадзінніку, зьвёздах, у лесе і г. д. Адзін с тройкі мусяў умець накідаць дакладны шкіц мясцовасьці.

На гэтыя тры прадметы найбольш клалі увагу.

Апрача гэтага курсанты мелі:

  1. Муштру нямецкую і беларускую. Ня маючы беларускага вайсковага статуту, трэба было сумесна з вызначаным праз мяне рэфарэнтам вайсковым, брацьматарьял с нямецкага і польскага статуту і дабіраць беларускія словы.
  2. Запазнаньне с рангамі нямецкае і савецкае арміяў.
  3. Капаньне правізарычных акопаў.
  4. Аддаваньне гонараў.
  5. Унутранная служба у казармах.
  6. Плывацкія курсы. Спорт і гімнастыка.
  7. Літаратура, гэографія і гісторыя Беларусі (коратка).
  8. Курсы нямецкае мовы.
  9. Першая помач раняным.
  10. Пеяньне песьняў нямецкіх а пераважна беларускіх. Мелі свайго дамарослага паэта Данілевіча, які укладаў змест песьняў вайсковых: падбіраўсяматыў. Две песьні былі умешчаные у “Беларускай Менскае Газэце”.

Курс быў зарваны у дні перад вайною нямецка-бальшавіцкаю. Гэтага дня зборка сябраў курсу, дзе спэцыяльны прадстаўнік Міністэрства у рангі маёра, выявіў мэты курсу і даў адзін дзень да развагі. Кожны с курсантаў мог ісьці або ня ісьці на другую сторану. Я гэта усё праводзіў і для гэтага адабраў прысягу заўчасу. Было толькі 3 чалавекі якія адказаліся. Очы усіх былі скіраваны на мяне. Калі б я адказаўся - адказаліся бы усе. Я тады быў хворы меў тэмпэратуру 38,9 - аднак не зрэзыгнаваў і паішоў.

Групамі якія перакідаліся на другую сторану лічылі па 3 чалавекі. Я вёў 3групы па 3, разам са мной 10 чалавек.

Выпасажэньне людзей было наступнае:

  • 1 машыновы пісталет мадэль 38 – на тры чалавекі
  • компас – на тры чалавекі
  • 4 магазынкі амуніцыі на кожны м. п.

Кожны сябра атрымаў:
пісталет “F.N” кал. 7,65, амуніцыі па 25 штук ад 4 і больш польскіх гранатаў, фінскі нож, на 3 дні прадукты харчаваньня, а таксама кожная група дастала сваёзаданьне.

Уся акта праграмы навучаньня і шкаленьня, кніжка рапартоў падафіцэраслужбовага, кніжка працы засталі на Беларусі схаваныя (закопаныя) праз мяне. Хроніка засталася у хронікара. Я толькі узяў с сабою кніжку загадаў, якую прадставіў Вам да агляду.

Уладзімер Качан

б. кам. школы і І штурмовага беларускага зьвязу.

P. S. На курсе было 52 сябры у гэтым ліку 1 б. польскі паручнік (беларус) і 2-х падхаронжых.

* Дакумэнт падаецца ў мове арыгіналу бяз зьменаў і рэдагаваньня.

Крыніца: Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны (Лёндан)

Сьпіс асабовага складу 1-га беларускага штурмовага зьвязу

  1. Акінчыц Станіслаў, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 15 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
    Па іншых зьвестках - Акінчык (Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Менск, 1993, б. 207). - Заўвага Рэд. “БР”.
  2. Аляхновіч Робэрт, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  3. Асоўскі Альбэрт, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 15 чэрвеня 1941г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. У 1941 г.выехаў у Швэцыю. Далейшы лёс невядомы.
    Паводле беларускага эміграцыйнага дасьледчыка В. Пануцэвіча, Асоўскі быў узнагароджаны жалезным крыжам за ўдзел “у акцыях Першага Штурмовага Зьвязу”. Па адукацыі ён быў архітэктарам. У Швэцыю Асоўскі выехаў праз Нарвэгію. Гл.: Беларуская царква (Чыкага), 1965, № 28, б. 93, 94. - Заўвага Рэд. “БР”.
  4. Бартош Янка. Нарадзіўся ў 1915 г. у в. Нічбадзезье (павет Ваўкавыск). У 1939 г. мабілізаваны ў Польскае войска. Служыў у 42-м пяхотным палку (Беласток). Стралец. У нямецкі палон трапіў 19 верасня 1939 г. каля Чырвонага Бору. Утрымліваўся ўшталагу ХХВ, потым ХХА і ХІА. Парадкавы нумар ваеннапалоннага 31232. Вызвалены 22 жніўня 1940 г. і накіраваны ў Брэйтэнфэльд. У дакумэнтах паходжаньне пазначанае як “pole russe”. У 1941 г. уступіў у Беларускі штурмовы зьвяз. Падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  5. Бранішэўскі Мікалай, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю.. Далейшы лёс невядомы.
  6. Быцько Мікалай, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Інструктар паміннай справе. Інтэндант зьвязу. У 1939 г. служыў у Польскім войску. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  7. Бярцэвіч Міхал, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г.. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  8. Вагель Павал, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  9. Вайноўскі Станіслаў, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  10. Вайноўскі Францішак, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю.. Далейшы лёс невядомы.
  11. Валанцей Эдвард, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Адказны за нацыянальна-выхаваўчую працу. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьнянакіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  12. Валасэвіч Браніслаў. Нарадзіўся ў Польшчы. Удзельнік польскага антынацыскага падпольля. У 1940 г. уступіў у Беларускі камітэт у Варшаве. 10 траўня 1941 г. накіраваны ў Беларускі штурмовы зьвяз. Жаўнер. Падчас дэсантаваньня 15 чэрвеня 1941 г. на савецкую тэрыторыю патрапіў у палон да Чырвонай Арміі. Далейшы лёс невядомы.
  13. Валасэвіч Станіслаў, сын Юзафа. Нарадзіўся 29 траўня 1906 г. у мясцовасьціДырнаў. У 1939 г. мабілізаваны ў Польскае войска. Служыў у 64-м пяхотным палку (Грудзёндз, Польшча). Капрал. У нямецкі палон трапіў 17 верасьня 1939 г. каля Ловіча. Утрымліваўся ў шталагах XІВ. Парадкавы нумар ваеннапалоннага 2070. Вызвалены 21 чэрвеня 1940 г. і накіраваны ў Фрэркінг. У дакумэнтах паходжаньне пазначанае як “паляк”. У 1941 г. уступіў у беларускі штурмовы зьвяз, падафіцэр. 15 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  14. Валанцэвіч Эдвард, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  15. Гадэмайер Мар’ян, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  16. Гальчынскі Вацлаў, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 15 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  17. Гапунік Вацлаў, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  18. Гапунік Яўхім, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 29 траўня 1941 г. выбыў да хаты. Далейшы лёс невядомы.
  19. Гардзіевіч Тадэвуш, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 15 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  20. Голас Аляксандар. Нарадзіўся 1 студзеня 1915 г. у в. Ілья (Вялейскі павет, Віленскае ваяводзтва). У 1939 г. мабілізаваны ў Польскае войска. Служыў у Варшаве. Капрал. Трапіў у нямецкі палон. Утрымліваўся ў шталагу ІВ. Парадкавы нумар ваеннапалоннага 51210. У дакумэнтах паходжаньне пазначанае як “беларус”.. У 1941 г. уступіў у Беларускі штурмовы зьвяз, падафіцэр. 19 чэрвеня 1941 г. дзелявыкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёсневядомы.
  21. Гуменік Гэнрык, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшылёс невядомы.
  22. Даніловіч Браніслаў. Нарадзіўся 20 лістапада 1908 г. на Ашмяншчыне. Напярэдадні пачатку Другой сусьветнай вайны выехаў на працу ў Латвію, дзе наладзіў сувязь з баронам Энгельгартам. Пазьней пераехаў у Нямеччыну, дзе спрычыніўся да беларускай дзейнасьці. У 1941 г. уступіў у Беларускі штурмовы зьвяз. Хронікар зьвязу і адказны за культурніцка-асьветную працу сярод асабовага складу. Аўтар маршавай песьні “Гэта йдзе першы зьвяз наш штурмовы”. У гады нямецкай акупацыі працаваў у цывільнай адміністрацыі на Смаленшчыне. Па вайне жыў у ЗША. Памёр 29 верасьня 2003 г. у Нью-Брансуіку.
  23. Зубовіч Язэп, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 25 траўня 1941 г. выбыўда хаты. Далейшы лёс невядомы.
  24. Зялінскі Лявон, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 15 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшылёс невядомы.
  25. Карпушка Язэп, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёсневядомы.
  26. Качан Уладзімер. У 1939 г. знаходзіўся ў Польскім войску. Падхаружы. У 1941 г. уступіў у беларускі штурмовы зьвяз. Камандзір. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. У 1941 - 1942 г. служыў у паліцыі парадку ў Менску. У студзені 1945 г. дабраахвотнікам уступіў у 1-ю беларускую грэнадзёрскую штурмовую брыгаду “Беларусь”. Па вайне жыў на эміграцыі. Нейкі час падтрымліваў стасункі зь некаторымі сябрамі “Беларускага хаўрусу” у Францыі.
  27. Мацюшонак Станіслаў, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшылёс невядомы.
  28. Пажондны Язэп, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 29 траўня 1941 г. выбыў да хаты. Далейшы лёс невядомы.
  29. Панцялей Юстын, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  30. Панятоўскі Язэп, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  31. Паўлоўскі Сьцяпан, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 29 траўня 1941 г.выбыў да хаты. Далейшы лёс невядомы.
  32. Пацэвіч Браніслаў, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  33. Рапіевіч Віктар, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  34. Рапіевіч Рыгор, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшылёс невядомы.
  35. Сабіла Хведар, сын Васіля. Нарадзіўся 15 сьнежня 1917 г. у в. Сівіца (павет Маладэчна). У 1939 г. знаходзіўся ў Польскім войску. Служыў у 30-м пяхотным палку (Варшава). Трапіў у нямецкі палон. Утрымліваўся ў шталагу ІА. Парадкавы нумарваеннапалоннага 61824. Вызвалены 20 лютага 1941 г. і накіраваны ў Генэральнае Губэрнатарства. У дакумэнтах паходжаньне пазначанае як “беларус”. У 1941 г. уступіў у Беларускі штурмовы зьвяз. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  36. Селява Янка, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г. дзелявыкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёсневядомы.
  37. Славэцкі Казімер, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  38. Станкевіч Яраслаў, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 15 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
    Паводле ўспамінаў польскай разьведчыцы Гражыны Ліпіньскай, Я. Станкевіч (“высокі беларус”) і два ягоныя сябры-дэсантнікі былі ў “калёне сьмерці”, якую НКВД гнала па Магілёўскім тракце зь менскай турмы ў канцы чэрвеня 1941 г. Беларускія дэсантнікі вялі пад рукі змораных польскіх жанчынаў. (Lipin’ska G. Jes’li zapomne o nich... Warszawa, 1990. S. 136, 137). “Немцы перад агрэсіяй на СССР вышкалілі ў Бэрлінеі ў Варшаве вялікую групу беларускіх камандасаў і перакінулі іх праз Буг”, - успамінае Ліпіньска. (Тамсама, S. 148). Пра Я. Станкевіча згадвае таксама жыхарка Гдыні Ёанна Янушак. Яна, удзельніца польскага падпольля ў Лідзе, таксама была ў гэтай “калёне сьмерці”. Пасьля ўцёкаў, Янушак разам са Станкевічам перабіраліся ў бок Ліды. (Невяроўскі А. І праз 55 гадоў боль не сціхае // Наша Слова, 1996, 11 ліпеня, № 28).- Заўвага Рэд. “БР”.
  39. Табалевіч Фэлікс, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г.дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  40. Тачаноўскі Баляслаў, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
    Мог быць у складзе дэсанту на тэрыторыі БССР. Гл.: Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Менск, 1993, б. 207. - Заўвага Рэд. “БР”.
  41. Тур Аляксандар, сын Аляксандра. Нарадзіўся ў 22 лютага 1915 г. у в. Скамарошкі (павет Стаўпцы). У 1939 г. мабілізаваны ў Польскае войска. Служыў у сапёрным аддзеле 64-га пяхотнага палка (Грудзёндз, Польшча). Стралец. У нямецкі палон трапіў 18 верасьня 1939 г. каля Сахачова. Утрымліваўся ў шталагу ІІІВ. Парадкавы нумар ваеннапалоннага 10193. 5 жніўня 1940 г. пераведзены ў шталаг ІА. У дакумэнтах паходжаньне пазначанае як “беларус”. У 1941 г. уступіў у Беларускі штурмовы зьвяз. 19 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  42. Фёдарчук Язэп, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёсневядомы.
    Адзін з варыянтаў прозьвішча - Федарчук. Беларускі нацыяналіст. У гады вайны выехаў у Швэцыю, дзе быў адным з закладчыкаў арганізацыі “Беларуская Грамада ў Швэцыі”. Па вайне жыў у Стакгольме, дзе і памёр. - Заўвага Рэд. “БР”.
  43. Храновіч Лявон, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  44. Цікота Янка, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  45. Чудзяк Міхал. Нарадзіўся 14 верасьня 1917 г. у в. Козель (Казель). У 1939 г. знаходзіўся ў Польскім войску. Служыў у 19-м пяхотным палку (Львоў). Стралец. У нямецкі палон трапіў 18 верасьня 1939 г. каля мясцовасьці Воў. Утрымліваўся ў шталагу ХА, адтуль быў накіраваны ў працоўную каманаду ў Дамэндопрфе. Парадкавы нумар ваеннапалоннага 21181. Вызвалены 3 сакавіка 1941 г. У дакумэнтах паходжаньне пазначанае як “украінец”. У 1941 г. уступіў у Беларускі штурмовы зьвяз. Далейшы лёс невядомы.
  46. Чудук Міхал, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 15 чэрвеня 1941 г. дзеля выкананьня спэцзаданьня накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшылёс невядомы.
  47. Шакоўскі Віктар, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г., з мэтай выкананьня спэцзаданьня, быў накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.
  48. Явік Янка, жаўнер Беларускага штурмовага зьвязу. 29 траўня 1941 г. выбыў дахаты. Далейшы лёс невядомы.
  49. Якімовіч Альбін, сын Станіслава. Нарадзіўся 2 студзеня 1915 г. у в. Рупейкі (Ваўкавыскі павет). У 1939 г. быў мабілізаваны ў Польскае войска. Служыў у 6-м уланскім палку (Станіславаў). Капрал. Інтэрнаваны 21 верасьня 1939 г. на тэрыторыіВугоршчыны. Пазьней апынуўся ў нямецкім палоне. Утрымліваўся ў шталагу ХVIIА. Парадкавы нумар ваеннапалоннага 06825. Вызвалены 9 траўня 1940 г. (па іншых крыніцах - 22 ліпеня 1940 г.) і накіраваны ў Варшаву. У дакумэнтах ён пазначаны як“паляк”. Падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. Далейшы лёс невядомы.
  50. Яцэвіч Павал, падафіцэр Беларускага штурмовага зьвязу. 19 чэрвеня 1941 г., з мэтай выкананьня спэцзаданьня, быў накіраваны на савецкую тэрыторыю. Далейшы лёс невядомы.

    * Сьпіс складзены аўтарам на падставе дадзеных з Архіву Польскага чырвонага крыжа і Архіву Цэнтральнага музэю ваеннапалонных у Ламбінавіцах-Апольлі, а таксама Дзёньніка ўнутраных загадаў 1-га Беларускага штурмовага зьвязу, які цяпер захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане.

    Паводле паказаньняў арыштаванага Б. Валасэвіча, у ягонай групе знаходзіўся таксама дэсантнік Сядынскі (Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Менск, 1993, б. 207), прозьвішча якога, аднак, адсутнічае ў Дзёньніку ўнутраных загадаў. - Заўвага Рэд. “БР”.

Літаратура

  • [1] Мадер Юлиус. Абвер: щит и меч Третьего рейха. Ростов на Дону, 1999, б. 232.
  • [2] Иоффе Эмануил. Диверсанты // Во славу Родины, 1999, 15 траўня.
  • [3] Madajczyk Cz. Dramat katyсski. Warszawa, 1989, s.129.
  • [4] Archiwum Centralnego Muzeum Jeсcow Wojennych w Јambinowicech-Opolu (ACMJW). Sygn.: WASt IB. L. 15.5 НА РБ. ф. 988. в.1. спр. 5. арк. 85.
  • [5] Раніца. Беларуская тыднёвая газэта ў Нямеччыне. 1940, 20 верасьня.
  • [6] Соловьев А. К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995, б. 99, 102.
  • [7] Раніца, 1940, 21 лютага.
  • [8] ACMJW. Sygn.: WASt. Of. ХА. L. 7.
  • [9] CAJW. Sygn.: WASt. St. XXIA. L. 255.
  • [10] Archiwum Polskiego Czerwonego Krzyza. Sygn.: 06826.
  • [11] Першы зьвяз // Беларускі Голас, 1981, №289.
  • [12] Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, Дзёньнік унутраных загадаў 1-га Беларускага штурмовага зьвязу.
  • [13] Тамсама.
  • [14] Тамсама.
  • [15] Тамсама.
  • [16] Тамсама.
  • [17] Тамсама.
  • [18] Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, Справаздача Ул. Качана ад 29 студзеня 1945 г..
  • [19] Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, Дзёньнік унутраных загадаў 1-га Беларускага штурмовага зьвязу.
  • [20] Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, Справаздача Ул. Качана ад 29 студзеня 1945 г..
  • [21] Туронак Юры. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993, б. 207.
  • [22] Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, Справаздача Ул. Качана ад 29 студзеня 1945 г.
  • [23] Кушаль Франц. Спробы стварэньня беларускага войска. Мн., 1999, б. 39.
  • [24] Вежан Ян [Ёрш Сяргей]. Першы штурмовы зьвяз // Пагоня. 1995, 2 сакавіка.
  • [25] Служыў беларускай справе // Беларус, 2003, №489.
  • [26] Найдзюк Язэп, Касяк Іван. Беларусь учора й сяньня. Мн., 1993, б. 255.

Юры Грыбоўскі
Крыніца: Часопіс "Беларускі Рэзыстанс" №1 / 2005 г.