- І. Лялькоў - Да пытання аб пранямецкіх і антысавецкіх настроях у БССР перад II сусветнай вайной | Найноўшая гісторыя
- С. Ёрш - Забойства Фабіяна Акінчыца | Найноўшая гісторыя
- С. Ёрш - Рыцар Свабоды (Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі) | Асобы
- Ю. Туронак - Фабіян Акінчыц — правадыр беларускіх нацыянал–сацыялістаў | Асобы
У. Сакалоўскі, У. Ляхоўскі - Нямеччына й беларускі нацыянальны рух напярэдадні й у першыя гады Другое Сусьветнае Вайны
- Беларусь у плянах Трэцяга Рэйху
- У зоне палітыкі Трэцяга Рэйху
- Спроба стварэньня адзінага каардынацыйнага цэнтру
Беларусь у плянах Трэцяга Рэйху
Нямецкія нацыянал-сацыялістыя, якія яшчэ ў 1920-я гг. распачалі бескампрамісную барацьбу з камуністамі, як зьлейшымі ідэёвымі ворагамі нацызму, прыйшоўшы ў 1933 г. да ўлады, узьвялі антыкамунізм у ранг уласнае дзяржаўнае палітыкі ды паставілі сабе за мэту зьнішчэньне бальшавіцкае Расеі й захоп яе неабсяжных абшараў для „жыцьцёвай прасторы арыйскае нацыі”.
Рэалізацыя такіх плянаў праводзілася па некалькіх напрамках. Важнейшымі зь іх былі: палітыка-дыпляматычны і ваенны. Хаваючы свае сапраўдныя намеры перад „краінамі заходняе дэмакратыі”, Гітлер прапагандуе свой рэжым „як бастыён супроць камунізму”1, удала выкарыстоўвае тагачасную гэапалітычную сітуацыю (грамадзянская вайна ў Гішпаніі, складанае палітычнае становішча на Далёкім Усходзе, а таксама нетрывалыя абставіны ў заморскіх калёніях Ангельшчыны й Францыі) і без адзінага стрэлу атрымоўвае адну за другой бліскучыя ваенна-дыпляматычныя перамогі: заняцьце Рэйнскай вобласьці, аншлюс Аўстрыі, анэксія Судэтаў і Чэхіі. У 1937 г. Бэрлін разам зь Японіяй і Італіяй заключылі антыкамінтэрнаўскі пакт. Усё гэта садзейнічала рэалізацыі бліжэйшых плянаў Гітлера па стварэньні Вялікае Нямеччыны й набліжэньні да граніцаў з СССР.
Але галоўным напрамкам па ажыцьцяўленьні гэтых мэтаў стала адкрытая эскаляцыя Гітлерам вайны. Пасьля няўдалае спробы ўцягнуць Польшчу ва ўзброеную барацьбу супраць Савецкага Саюза (студзень 1939 г.), гітлераўская Нямеччына, каб пазьбегнуць змаганьня на два франты, заключае мірнае пагадненьне з сталінскім Крамлём (Пакт Рыбэнтропа - Молатава ад 23 жніўня 1939 г.) і распачынае ваенныя дзеяньні з Польшчаю (1 верасьня 1939 г.). Усім было зразумела што „сяброўства” двух дыктатараў працягнецца нядоўга. Абодва яны рыхтаваліся да вайны.
Хаця сам Гітлер у плянах захопу Ўсходу не надаваў асаблівага значэньня адміністрацыйнаму напрамку па разьдзяленьні СССР на шэраг аўтаномных утварэньняў, гэты плян, аднак, увесь час прысутнічаў у намерах ведамства Альфрэда Розэнбэрга, адказнага за праблемы ўсходніх земляў. Рыхтуючыся да нападу на СССР, Розэнбэрг выдатна разумеў, што для кіраўніцтва акупаванымі тэрыторыямі неабходна мець здольны адміністратыўны апарат, чыноўнікі якога добра-б ведалі спэцыфіку таго ці іншага рэгіёну. Гэта азначала тое, што, так ці інакш, патрэбны былі падрыхтаваныя для падобнай працы людзі й шукаць іх трэба сярод прадстаўнікоў тых народаў, зь якімі ўпершыню немцы сутыкнуцца пры захопе Краіны Саветаў: беларусаў, украінцаў, латышоў, літоўцаў, эстонцаў ды іншых.
Ужо ў 1933 г. Нямеччына робіць захады да ладжаньня сувязяў зь блізкімі да сацыял-нацыялізму палітыкамі Заходняй Беларусі й Украіны, краінаў Балтыі, каб стварыць пляцдарм для падзелу СССР. Першыя кантакты зь беларускім бокам былі ўсталяваны праз Фабіяна Акінчыца - лідэра групы беларускіх нацыянал-сацыялістаў. Пры непасрэднай падтрымцы ведамствам Розэнбэрга групоўкі Акінчыца ў Вільні зь лістапада 1933 г. пачынаецца выдавацца газэта „Новы Шлях”2.
Адсутнасьць спэцыялістаў у галіне беларусістыкі і неабходнай інфармацыі пра ўсходнія землі, у тым ліку беларускія абшары, штурхала ўлады Трэцяга Рэйху да стварэньня навукова-дасьледчых цэнтраў па вывучэньні Ўсходу. Так, у другой палове 1930-х гг. пры Бэрлінскім Універсітэце ўтвараецца Нямецкі Інстытут Вывучэньня Замежных Праблемаў, пры якім ствараецца беларускі сэктар зь бібліятэкай. Дасьледаваньнем беларускага пытаньня ў гэтай установе кіраваў Гэрхард фон Мэндэ. Яшчэ ў 1938 г. ён наведаў Вільню, дзе меў размовы зь некаторымі вядучымі беларускімі палітыкамі й закупіў для бібліятэкі значную колькасьць беларускіх выданьняў. У другі раз праф. Мэндэ паехаў у Вільню ў ліпені 1939 г. для ўсталяваньня кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх нацыянальных арганізацыяў3. Беларускім пытаньнем у гэты час займаецца й іншая дасьледчая ўстанова - Бэрлінскі Інстытут Вывучэньня Межаў і Замежных Краінаў, які прыцягнуў да супрацоўніцтва вядомага спэцыяліста па беларускім пытаньні Аўгена фон Энгэльгарта, латгальскага немца, які добра ведаў беларускую мову, жыцьцё й побыт беларускага народа, бо правеў сярод беларусаў Латгаліі сваё дзяцінства. Ужо ў 1917 г., падчас Першае Сусьветнае Вайны, ён уступіў у нямецкае войска, а з 1918 г. працаваў ў якасьці экспэрта па беларускіх справах у Палітычным Аддзеле пры штабе галоўнакамандуючага арміяй „Усход” (у Менску й Воршы). З гэтага часу ён распачаў зьбіраньне матэрыялаў для вялікай кнігі пра Беларусь, якая й была выдадзена ў 1943 г. пад назовам Беларусь. Народ і край. Менавіта ў другой палове 1930-х гг., зьяўляючыся супрацоўнікам вышэйузгаданага Інстытута, ён зрабіў некалькі значных публікацыяў пра Беларусь, такіх як нарыс пра спрэчную тэрыторыю Аўгустоўскага раёну, дзе жылі й на які прэтэндавалі чатыры народы (Беларусы й зямля чатырох народаў у раёне Аўгустова-Высціта4). Пазней ён зойме пасаду экспэрта па беларускіх справах у аддзеле Г. фон Мэндэ - дарадцы пры ведамстве А. Розэнбэрга, а з 1944 г. будзе накіраваны ў Райхскамісарыят Беларусь па спэцыяльнасьці - кіраўнік аддзелу лясной гаспадаркі ў Наваградзкім раёне. Яшчэ адным фахавым адмыслоўцам па-беларускіх справах быў Пэтэр Шайбэрт5. Ён супрацоўнічаў у той час з Аддзелам Прэсы Сакрэтнага Архіву ў Далеме й актыўна друкаваўся ў часапісе „Ёмсбург” („Jomsburg”)6.
Такая нязначная колькасьць навуковых спэцыялістаў ды ўстановаў не магла задаволіць патрабаваньні партыйных, дзяржаўных і ваенных колаў Трэцяга Рэйху. Сьведчаньнем гэтаму можа служыць брашура „для службовага карыстаньня”, матэрыялы для якой узяты зь Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі, выдадзенай пад назовам Беларусь і беларусы ў бальшавіцкім асьвятленьні7, якая выйшла ў сэрыі „Службовыя Выданьні” пад кіраўніцтвам дырэктара Сакрэтнага Архіву ў Далеме Ё. Папрыца. З 1932 г. ён становіцца супрацоўнікам Аддзела Публікацыяў, а з 1 верасьня 1938 г. ягоным кіраўніком. Папрыц адыграў пазьней важную ролю ў арганізацыі й падрыхтоўцы беларускіх выданьняў, стварыўшы пры сваім архіве адмысловую беларускую групу. Яго Аддзел Публікацыяў стаў для заснаванай ў 1933 г. Нямецкае Асацыяцыі па Садзейнічаньні Даследаваньням Паўночных ды Ўсходніх Краінаў у якасьці канцылярыі й выдавецтва. Дзякуючы гэтаму ён стаў адным з выдаўцоў сэрыі „Нямеччына і Ўсход”, дзе была пазьней падрыхтавана й надрукавана значнае даследаваньнне В. Концэ пра Беларусь Зямельная рэформа і насельніцтва ў Літве й Беларусі8. Частка першая, у якой было пераканаўча паказана, што ўжо ў ХVІІ ст. на тэрыторыі Беларусі былі праведзены рэформы, якія ў Расеі пачалі рэалізоўвацца Сталыпіным толькі ў пачатку ХХ ст. Аддзел Публікацыяў выдаваў таксама ўжо згаданы часапіс „Ёмсбург”, які прызначаўся для дасьледаваньня ўсходняй і паўночнай Эўропы, дзе пераважна друкаваліся матэрыялы пра Польшчу, краіны Балтыі, Скандынавіі ды іншыя. Зрэдку тут зьмяшчаліся й матэрыялы пра Беларусь9.
Акрамя таго ў 1938 г. пад Бэрлінам быў створаны Інстытут Ванзэе, які меў аддзел публікацыяў Паведамленьні пра Становішча ў Савецкім Саюзе. Магчыма гэтай прапагандысцкай установай выдавалася ўжо падчас савецка-нямецкае вайны ўлётка „Савецкая Беларусь”, якая па зьнешнему выгляду нагадвала старонку бальшавіцкае газэты „Савецкая Беларусь”, аднак была напоўнена антысавецкімі прапагандысцкімі матэрыяламі. Больш таго, перад самай вайною была створана рэдакцыя прапагандысцкіх перадачаў супраць Савецкага Саюзу „Вінэта”10, у якой меўся і Беларускі Аддзел, дзе працавалі Андрэй Бароўскі, Юліяна Мэнкэ, Шудзейка, Якімовіч, пазьней праф. Мікола Байкоў і некаторы час кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Перад наступам нямецкіх войскаў на тэрыторыю Беларусі беларускі каталіцкі сьвятар выступіў з прамовай да суродзічаў, у якой заклікаў да барацьбы супраць бальшавізму й тварэньня пры дапамозе Нямеччыны беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці.
У 1936 г. актыўны дзеяч Беларускай Нацыянал-Сацыялісцкай Партыі Ўладзіслаў Казлоўскі наладзіў кантакты з украінскімі нацыяналістамі праз прафэсара Ўкраінскага Навуковага Інстытуту ў Бэрліне Івана Мырчыка і інжынера Шэмета ў Варшаве, якія, па асабістай дырэктыве гэтмана Скарападскага, абмеркавалі пытаньне пра стварэньне агульнага беларуска-ўкраінскага фронту для сумеснай барацьбы з камунізмам у СССР і яднаньні Беларусі й Украіны пад пратэктаратам Нямеччыны11.
У час падрыхтоўкі да вайны паміж Польшчай і Нямеччынай на Ф. Акінчыца былі ўскладзены ня толькі ідэалягічныя, але й ваенныя задачы:
1. дывэрсіі ў тыле польскага войска падчас пачатку зь ёю вайны;
2. арганізацыя групаў моладзі для дывэрсійных актаў;
3. пранямецкая агітацыя;
4. агітацыя за масавае дэзерцірства з польскага войска;
5. арганізацыя й перапраўка нацыянал-сацыялісцкай літаратуры12.
Па меры таго як набліжалася нямецка-польская вайна розныя інстанцыі Нямеччыны праяўлялі ўсё большую цікавасьць да беларускага нацыянальнага руху. Паводле „апэратыўных зьвесткаў” НКВД, якія былі выкарастаны шэфам яе менскае філіі Лаўрэнціем Цанавай у сакрэтным лісьце да першага сакратара ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкі паведамлялася, што, ў чэрвені 1939 г., напярэдадні самой вайны, была склікана канфідэнцыяльная канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускіх нацынальных асяродкаў з розных краінаў. Ініцыятыва зыходзіла зь нямецкага боку і канфэрэнцыя праводзілася пад кіраўніцтвам нямецкага чыноўніка па беларускіх справах зь ведамства А. Розэнбэрга - праф. Мэндэ, які прыбыў з Бэрліна. На гэтай канфэрэнцыі, што адбылася ў Гданьску, праф. Мэндэ, як афіцыйны прадстаўнік Нямеччыны, заявіў, што нямецкі ўрад акажа шырокую падтрымку нацыянальнаму руху беларусаў, прычым справа тычылася тут ня толькі акцыяў супраць Польшчы, СССР, але нават і краінаў Балтыі. У прынятай сакрэтнай рэзалюцыі канфэрэнцыі даводзілася:
„Ёсьць толькі адна мажлівасьць атрыманьня незалежнасьці радзімы - абаперціся на вялікі нямецкі народ. Толькі пад сьцягам нацыянал-сацыялізму й дзякуючы бязьлітаснай барацьбе з агрэсіяй дэмакратычных дзяржаваў і іх захопніцкай і прыгнятальніцкай палітыкай у адносінах да Беларусі, якая праводзілася ўрадамі Літвы, Латвіі, Польшчы і СССР, мы можам дабіцца незалежнасьці й шчасьця народу. (...) Маючы афіцыйныя завярэньні кіруючых сфэраў вялікага брацкага нямецкага народу, мы ўпэўнены, што выйграем нашу барацьбу”.
Акрамя таго некаторыя ўстановы Трэцяга Рэйху ў 1939 г. напярэдадні польска-нямецкай вайны распачалі арганізацыю т.зв. „сезоннай эміграцыі” беларускіх працаўнікоў у Нямеччыну, для апрацоўкі ў далейшым іх у нацыянал-сацыялісцкім духу й выкарыстаньня для прапаганды ды выведкі ў заходніх вобласьцях Беларусі пасьля разгрому Польшчы, каб затым выкарыстоўваць іх супраць савецкага рэжыму.
У Латвіі (г. Рыга), дзе штогод зьязджаліся з былой Польшчы 10-15 тысяч беларусаў у пошуках сезоннай працы, Міколе Дзямідаву даручалася арганізаваць іх наём у Нямеччыну паводле лісту нейкага Крытса, які прасіў завербаваць яму 1000-1500 беларусаў.
8 ліпеня 1939 г., калі ў Бэрлін прыехаў Дзямідаў, нямецкія ўлады прапанавалі яму неадкладна накіраваць у Рэйх 2000 беларусаў „для збору ўраджаю” й падкрэслілі, што „Нямеччына на гэта не пашкадуе грошай”.
Дзямідаў адну такую групу накіраваў у Нямеччыну пры дапамозе нямецкага консульства ў Латвіі, чыноўніка Латвійскае Паліцыі В. Корці ды спэцыяльных эмісараў Рэйху.
Пра зацікаўленасьць Нямеччыны ў атрыманьні беларусаў сьведчыць і тое, што да Дзямідава спэцыяльна прыязджаў зь Нямеччыны нейкі Шмідт для перамоваў па паскарэньні эміграцыі, а таксама нямецкі эмісар Энгэльгарт, якога латышскія ўлады арыштавалі13.
Пасьля краху Польшчы пэўныя нямецкія арганізацыі ўзмацнілі работу сярод беларусаў і ўкраінцаў, дазволіўшы ім для прыкрыцьця сваёй дзейнасьці супраць СССР арганізаваць лягальныя нацыянальныя асяродкі.
У першыя месяцы пасьля заняцьця немцамі тэрыторыі Польшчы ў Варшаве быў створаны Беларускі Камітэт, які ўзначаліў на пачатку Ф. Акінчыц. Пазьней падобныя камітэты былі арганізаваны й у іншых гарадах Гэнэральнага Губэрнатарства. Гэтыя камітэты праводзілі арганізацыйную працу па павялічэньні свайго колькаснага складу шляхам ладжаньня прапагандысцкіх акцыяў, друкаваньня адозваў, скліканьня сходаў, арганізацыі харавых гурткоў і г.д. Ставіліся мэты па стварэньні масавых арганізацыяў, якія-б былі здольны выступіць пры падтрымцы немцаў супраць Саветаў, за стварэньне самастойнай беларускай рэспублікі пад пратэктаратам Нямеччыны. Дзеля актывізацыі дзейнасьці Варшаўскага Беларускага Камітэту туды быў накіраваны Мікола Шчорс, былы старшыня Беларускага Студэнцкага Саюзу ў г. Вільні.
У Бэрліне на беларускай мове пачынае выдавацца з 1939 г. газэта „Раніца”.
Мікола Шчорс разам з Уладыславам Казлоўскім па прапанове нямецкіх адмысловых структураў пры непасрэднай дапамозе нямецкай памежнай аховы ў ліпені 1940 г. перакінулі ў заходнія вобласьці Беларусі шэраг кур’ераў з заданьнем актывізацыі дзейнасьці групаў беларускіх нацыяналістаў і ўмацаваньня сувязі паміж імі14.
Няма каментарыеў. Ваш каментарый будзе першы.
Вы можаце пакінуць свой каментарый, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.