Метады акупацыі ў Беларусі

Стаўка Кубэ на беларускі нацыяналізм

Альфрэд Розенберг (Alfred Rosenberg) Альфрэд Розенберг.
Міністр акупаваных абшараў СССР.

Розенберг іначай ставіўся да Беларусі, чым да Украіны - апошняй ён аддаваў перавагу. Затое падначаленыя Розенберга - камісары Кох і Кубэ - не падзялялі сімпатый свайго шэфа і прытрымліваліся цалкам супрацьлеглых поглядаў. Сітуацыя выглядала парадаксальна. Кох, напрыклад, абмяжоўваўся амаль толькі голай эканамічнай эксплуатацыяй сваёй тэрыторыі і ўпарта адмаўляўся выконваць інструкцыі ОМі ў галіне школьніцтва і культурнага жыцця. Між іншым, ён заваліў праект Розенберга па адкрыцці украінскага універсітэта ў Кіеве. Ён поўнасцю ігнараваў сімпатыі і інтарэсы насельніцтва ў сваіх палітычных захадах. У адказ паўстала ўкраінская нацыянальная апазіцыя, а ўвосень 1942г. з'явілася падпольная Украінская паўстанчая армія. Затое Кубэ дзейнічаў наадварот, ён імкнуўся дабіцца падтрымкі беларусаў і часта браў на сябе адказнасць, парушаючы інструкцыі ОМІ. Гэта прыводзіла да канфліктаў з Розенбергам [1].

На пачатку 1942 г. Кубэ рашуча падтрымаў зямельную рэформу, у адрозненне ад Коха ён палічыў яе за вельмі важны сродак для здабыцця прыхільнасці і гаспадарчай актывізацыі беларускага сялянства. У выніку вясною 1942 г. усе калгасы былі распарцэляваныя, а іх зямля і інвентар перайшлі ў сямейны ўжытак сялянаў у рамках т. зв. зямельных кааператываў [2]. Такім чынам, Кубэ пайшоў далей за інструкцыі Розенберга: паводле міністэрскага дэкрэта, у першай фазе рэформы калгасы павінны былі ператварыцца ў супольныя гаспадаркі, а іх парцэляцыя павінна была пачацца толькі на другім этапе.

Адначасова Кубэ распачаў беларусізацыю царкоўнага жыцця. Ён імкнуўся да стварэння Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Нацыянальнай Царквы, незалежнай ад рускіх уплываў [3]. Вясною 1942 г. ён узаконіў дзейнасць беларускага экзархата ГрэкаКаталіцкай Царквы, які існаваў падпольна з таго моманту, як яго стварыў мітрапаліт Шаптыцкі (кастрычнік 1939 г.) [4]. Падтрымаў Кубэ і пачынальнікаў паступовай беларусізацыі Рыма-Каталіцкай Царквы [5].

Вільгельм Кубэ (Wilhelm Kube) Вільгельм Кубэ.
Генеральны камісар Беларусі.

Гэтым, бадай што, і абмяжоўваліся захады Кубэ, скіраваныя ў першай палове 1942 г. на здабыццё прыхільнасці сярод насельніцтва. Асабліва вялікае супраціўленне Розенберга выклікалі спробы стварэння ў Мінску цэнтральнага органа беларускага самакіравання. Усе адміністрацыйна-гаспадарчыя заданні павінны былі выконваць нямецкія чыноўнікі. Беларускія дзеячы балесна ўспрынялі забарону на стварэнне ўласнага кіраўнічага органа. Яны палічылі гэта за ігнараванне справы беларускай дзяржаўнасці. Кубэ спрабаваў загладзіць гэтае ўражанне з дапамогай уласных ініцыятыў: ён меў паўнамоцтвы на тое, каб прыстасоўваць прысланыя зверху дырэктывы да мясцовых спецыфічных умоваў [6]. На практыцы гэта давала яму немалую свабоду дзеяння. У сваю чаргу гэткія самыя паўнамоцтвы ён перадаў сваім падначаленым - акруговым камісарам. Адной з найважнейшых ініцыятыў Кубэ ў гэтай галіне было стварэнне так званай мяшанай адміністрацыі, што азначала спалучэнне нямецкай кіраўнічай улады і беларускай выканаўчай у акруговых і Генеральным камісарыятах. Такая сістэма давала магчымасць беларускім, а часам і польскім службоўцам прымаць удзел у працы гэтых устаноў. З другога боку, гэта часта ўскладняла дзейнасць органаў мясцовай адміністрацыі.

Улетку 1942 г. становішча ў Беларусі карэнным чынам змянілася. З аднаго боку, гэта было звязана з актывізацыяй савецкага партызанскага руху, а з другога - Галоўнае ўпраўленне бяспекі Рэйха акурат тады ў надзеі вырашыць польскае пытанне распачало т. зв. "польскую кампанію" [7]. I хаця галоўнай прычынай гэтай акцыі былі антынямецкія ўзброеныя выступленні польскага падполля ў Остландзе і ва Украіне і яго супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі [8], удар быў скіраваны ўвогуле супраць палякаў, і ў першую чаргу - супраць інтэлігенцыі. Арышты, расстрэлы і вываз на працу ў Нямеччыну закранулі таксама і польскае насельніцтва ў Беларусі. Паводле ацэнкі намесніка генеральнага камісара Беларусі, гэтая кампанія набыла "катастрафічнае" развіццё, многіх палякаў яна прымусіла пакінуць ранейшыя месцы працы і шукаць прытулку ў партызанах [9].

Савецкі партызанскі рух набываў пагрозлівыя памеры. Вынішчэнне польскай інтэлігенцыі спустошыла адміністрацыю. На фоне такіх падзей Кубэ вырашыў актывізаваць сілы беларускага нацыяналізму. Яго ранейшая палітыка, хоць і непараўнальна адрознівалася ад украінскай сітуацыі, дзе з мясцовым нацыянальным рухам вялася зацятая барацьба, да гэтага часу ўсё ж не вельмі заахвочвала беларусаў да супрацоўніцтва. Адозва Кубэ "Да жыхароў Беларусі", апублікаваная ў верасні 1941 г., y якой дэкларавалася свабоднае развіццё краю, толькі кампраметавала ў вачах грамадства яе аўтара, бо, нягледзячы на ўплыў часу, рэальныя дзеянні акупацыйных уладаў аніяк не пацвердзілі тых абяцанняў. Пагэтаму Кубэ разумеў, што без дадатковых палітычных уступак ён не зможа дабіцца падтрымкі беларускага нацыяналізму. Аднак дырэктывы берлінскага кіраўніцтва фармальна не давалі на гэта падстаў. Таму ён павёў гульню вельмі асцярожна, верагодна, загадзя паразумеўшыся з Лёзэ.

Галоўная Рада Беларускай Народнай Самапомачы Галоўная Рада БНС, ліпень 1942.
Сядзяць (злева): Іван Касяк, Певел Свірыд, архіепіскап Філафей, Іван Ермачэнка, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскіб Вацлаў Іваноўскі

Арганізацыйнай апорай у ажыццяўленні намераў Кубэ павінна была стаць БНС - зрэшты, адзіная, калі не лічыць рэлігійных суполак, легальная грамадская арганізацыя ў Беларусі. З цягам часу гэтая арганізацыя здолела стварыць свой мясцовы апарат: акруговыя і раённыя аддзяленні і валасныя гурткі. І хаця статутнай мэтай БНС лічылася толькі грамадская апека і ахова здароўя, тым не менш Кубэ пагадзіўся на яе ўдзел у арганізацыі школьніцтва і культурнай дзейнасці, між іншым, на адкрыццё дамоў культуры, чытальняў і бібліятэк, стварэнне аматарскіх драматычных гурткоў, курсаў, лекцый, распаўсюджванне друкаваных выданняў і г. д. Паступова дзейнасць БНС пачала змыкацца з адміністрацыйным апаратам, у выніку ўдзельнікам гэтай арганізацыі сталі даручаць розныя службовыя абавязкі - пачынаючы з валасных упраў аж да Генеральнага камісарыята ўключна. Тэндэнцыі да стварэння Галоўнай Рады БНС, паводле задумы - цэнтральнага кіраўнічага беларускага органа, таксама выявіліся даволі рана. Гэтая рада была абраная 26 студзеня 1942 г., але Кубэ да пары пакінуў яе незацверджанай [10].

Неўзабаве становішча БНС істотна змянілася. 29 чэрвеня Кубэ "дзеля забеспячэння плённага ўдзелу беларусаў у кіраванні краем" надаў Ермачэнку, шэфу БНС, званне дарадчыка і Мужа даверу "беларускага народу, прадстаўніком якога з'яўляецца БНС". Ен абвясціў, што прызаве яшчэ трох Мужоў даверу на службу ў Генеральным камісарыяце і па адным - на кожны акруговы камісарыят. Адначасова Кубэ абвясціў стварэнне т. зв. беларускага Вольнага корпуса Самааховы. Дзеячам БНС даручалася выдаць адозву да беларусаў з заклікам добраахвотна ўлівацца ў яго шэрагі [11]. Праз два-тры тыдні ў Беларусі быў створаны інстытут Мужоў даверу пры органах акупацыйнай улады. У яго склад увайшлі [12]:

Генеральны камісарыят, аддзелы:

  • палітыкі - Іван Ермачэнка;
  • школьніцтва -Яўхім Скурат;
  • культуры - Іван Касяк;
  • прэсы і прапаганды - Антон Адамовіч.

Акруговыя камісарыяты:

  • Мінск (акруга) - Юліян Саковіч;
  • Баранавічы - Юры Сабалеўскі;
  • Наваградак - Барыс Рагуля;
  • Ліда - Рыгор Зыбайла;
  • Слонім - Аляксандр Сівец;
  • Ганцавічы - Сокал-Кутылоўскі;
  • Вілейка - Аляксандр Калодка;
  • Барысаў - Станіслаў Станкевіч;
  • Глыбокае - ?
  • Слуцк-?
Іван Ермачэнка (Iwan Jermaczenka) Іван Ермачэнка.
Старшыня Беларускай народнай самапомачы (пасляваенны здымак).

У новай сітуацыі Кубэ дазволіў стварыць у ліпені 1942 г. 12-асабовую Галоўную раду БНС на чале з Ермачэнкам [13]. Да таго ж у кожнай акрузе былі створаны 10-асабовыя акруговыя рады БНС. Пры Галоўнай радзе быў арганізаваны шэраг ведамасных аддзелаў: палітычны, вайсковы, школьны, культурны, а таксама прапаганды і аховы здароўя - усе яны мелі адпаведнікі ў акруговых радах. Такім чынам, у Беларусі быў створаны цэлы апарат, які ў адпаведным часе змог бы пераняць з нямецкіх рук кіраўніцтва. А Кубэ рабіў усё новыя і новыя ўступкі. Было арганізаванае Беларускае навуковае таварыства, прафсаюзы, жаночая ліга, беларускі судовы апарат. Выдадзены дазвол на ўжыванне нацыянальных сімвалаў - беларускіх штандараў і герба Пагоні. Арганізаваны Цэнтральны кааперацыйны саюз, які падпарадкоўваўся БНС [14]. У верасні выйшла ў свет распараджэнне Кубэ аб змене адміністрацыйнай тэрміналогіі. У адпаведнасці з ім раёны перайменавалі ў паветы, а бургамістры (раённыя, валасныя) атрымалі тытулы начальнікаў паветаў, валасцей, гарадоў, вёсак і г. д. У жніўні Генеральны камісарыят дазволіў адкрыццё гімназій. Вяліся перагаворы наконт адкрыцця універсітэта ў Мінску [15].

Кубэ надаваў вялікае значэнне прапагандзе прынцыпаў сваёй палітыкі ў беларускім і нямецкім друку. Пагэтаму ён запрашаў з Нямеччыны ў Мінск шматлікіх журналістаў, сачыў, каб адпаведныя карэспандэнцыі і інтэрв'ю своечасова траплялі на старонкі газет [16]. Гэтыя яго прынцыпы можна рэзюмаваць наступна: ва ўмовах, свабодных ад польскай і расійскай палітычнай дамінацыі, якія стварыла нямецкая акупацыя, беларускі народ займеў шанц за кароткі гістарычны перыяд запоўніць прабелы ў развіцці нацыянальнай самасвядомасці. Дзейнасць акупацыйнай адміністрацыі ў галіне палітыкі скіраваная на тое, каб паскорыць гэты працэс, перамагчы чужацкія ідэалагічныя наносы і ўзмацніць уласна-беларускі нацыянальны элемент. Гэтай мэце павінны былі паслужыць развіццё школьніцтва, культуры, праца сярод моладзі. Новы шлях развіцця зможа прывесці Беларусь да еўрапейскай супольнасці дзяржаў і народаў. Генеральная акруга Беларусь, сцвярджаў далей Кубэ, павінна не толькі выконваць адміністрацыйныя заданні, прадыктаваныя ваеннай неабходнасцю, ёй "наканавана стаць Айчынай для беларускага народу". Пагэтаму беларускі народ з'яўляецца "ў пэўнай ступені дзяржаўным народам" [17]. Невыпадкова праз год шэф СД у Мінску Эдуард Штраўх абвінаваціў Кубэ ў тым, што ён свядома падтрымліваў курс на стварэнне беларускай дзяржавы з Ермачэнкам як яе прэм'ерам [18]. У атмасферы эйфарыі, выкліканай уступкамі Кубэ, пад канец ліпеня 1942 г. y Мінску адбыўся чатырохдзённы з'езд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС. На ім адзначалася, што за кароткі час БНС змяніла характар сваёй дзейнасці і з першапачатковай сціплай дабрачыннай арганізацыі ператварылася ў агульнакраёвую ўстанову, якая зграмадзіла ў сваіх руках школьніцтва, культурную дзейнасць, прапаганду, палітыку, справы самааховы і перайшла да кіравання гаспадарчым жыццём, адраджэння краю і т. п. "Як відаць з гэтага, - сцвярджалася ў справаздачы з'езда, - БНС сталасяцэнтрам пачынанняў усяго беларускага жыцця, і яна ж стаецца яго галоўным кіраўнічым штабам". Пагэтаму з'езд патрабаваў змяніць статут БНС і дабіцца фармальнага прызнання яе самаўрадавых паўнамоцтваў. У сваёй заключнай прамове Ермачэнка так акрэсліў матывы ўсіх гэтых пачынанняў:

Карл Цэнэр (Carl Zenner) Карл Цэнэр.
Брыгадэнфюрэр СС

Гэтае натхненне і ўздым сведчаць аб тым, што беларускі народ выяўляе сваю волю да самастойнага жыцця і поўнага адраджэння свайго краю ды пераможа ўсе перашкоды, якія стаяць на дарозе да рэалізацыі гэтае мэты [19].

Найважнейшым, хоць, несумненна, не адзіным матывам у дзейнасці Кубэ было стварэнне беларускіх узброеных сілаў для барацьбы з савецкімі партызанамі. Кубэ апублікаваў гэты праект 29 чэрвеня. Варта разгледзець яго болын падрабязна: па-першае, ён нарадзіўся пасля таго як пацярпелі няўдачу ўсе ранейшыя беларускія і нямецкія спробы па стварэнні вайсковых часцей у Беларусі. А па-другое, гэты праект на два месяцы апярэдзіў дырэктыву Гітлера № 46 ад 18 жніўня 1942 г., якую Кубэ атрымаў у канцы жніўня - яна давала дазвол на разбудову мясцовых антыпартызанскіх фармаванняў [20]. Не менш цікава выглядае і той факт, што ў першай палове чэрвеня Кубэ і SSPF Цэнэр сфармулявалі свае прапановы па барацьбе з партызанамі, пры гэтым ні адзін, ні другі яшчэ не згадвалі пра беларускія фармаванні. Такім чынам, рашэнне аб іх стварэнні нарадзілася толькі ў апошнія дні чэрвеня 1942 г. [21].

Дапушчальна, што Кубэ прыняў рашэнне аб арганізацыі Вольнага корпуса Беларускай самааховы (далей - БСА) без згоды Гімлера ці Розенберга. Гімлер яшчэ ў траўні лічыў, што праект стварэння літоўскіх, латышскіх і эстонскіх часцей СС хоць і вельмі спакуслівы, але небяспечны. Паказальна, што пры гэтым ён не згадваў беларускіх часцей. Нарэшце, у чэрвені Гімлер пагадзіўся з пэўнымі агаворкамі на фармаванне латышскіх і эстонскіх легіёнаў, якія павінны былі падначальвацца HSSPF Остланда - Екельну. Магчыма, улады Остланда палічылі, што гэтай падставы дастаткова, каб стварыць падобныя часці і ў Беларусі. Паводле інфармацыі Кубэ, прызыў беларусаў да зброі адбыўся са згоды Лёзэ [22].

Радаслаў Астроўскі Радаслаў Астроўскі.

Не было яснасці не толькі з фармальным дазволам на стварэнне беларускіх часцей - пад пытальнікам заставаліся іх велічыня і структура. Кубэ абвясціў, што гэта будзе Вольны корпус (Freikorps). Паводле нямецкай традыцыі, гэта былі атрады добраахвотнікаў, без строга акрэсленай колькасці байцоў. Затое ў кіраўніцтве БНС гэта ўспрынялі як намер стварыць армейскі корпус (Armee-Korps) - у многіх краінах гэта была найбуйнейшая вайсковая адзінка, якая звычайна складалася з трох дывізій. Пры агранізацыі БСА гэта выклікала вялікія непаразуменні. Шмат клопату нарабіла і другая праблема: каму павінны падпарадкоўвацца гэтыя часці? 29 чэрвеня Кубэ даручыў іх фармаванне Ермачэнку і адначасова папярэдзіў, што яны будуць падпарадкоўвацца камандзіру СС і паліцыі ў Беларусі [23]. Ніякіх іншых дэталяў ён не зазначыў - іх распрацоўкай павінна было заняцца кіраўніцтва БНС.

Паводле даручэння Ермачэнкі праект арганізацыі корпуса БСА апрацаваў маёр Францішак Кушаль, які дагэтуль быў камендантам вучэбных курсаў беларускай паліцыі ў Мінску. У праекце прадугледжвалася стварэнне корпуса ў складзе трох дывізій разам з дапаможнымі службамі. Размясціцца ён павінен быў наступным чынам: у Мінску - штаб корпуса і адна дывізія, яе аперацыйная зона ахоплівала Мінскую і Слуцкую акругі; другую дывізію планавалася раскватараваць у Баранавічах (акругі Баранавіцкая, Наваградская і Слонімская), трэцюю - у Вілейцы (акругі Вілейская, Лідская і Глыбоцкая) [24]. Гэты праект Ермачэнка падаў Цэнэру, які 15 ліпеня выдаў загад на стварэнне корпуса БСА. Галоўным яго камендантам быў прызначаны Ермачэнка, які сіламі БНС павінен быў арганізаваць набор добраахвотнікаў і забяспечыць іх харчам, жыллём і абмундзіраваннем. Для ажыццяўлення гэтых задач Ермачэнка атрымаў права на стварэнне ў рамках БНС вайсковай камісіі (аддзела) і прызначэнне акруговых камендантаў БСА. Загад Цэнэра прадугледжваў стварэнне ў кожным раёне адзінкі БСА сілаю ад роты да батальёна. Нямецкая паліцыя павінна была забяспечыць іх зброяй і кіраваць вучэбнай падрыхтоўкай і аперацыйнай дзейнасцю [25].

Генрых Лёзэ (Hinrich Lohse) Генрых Лёзэ.
Галоўны камісар Райхскамісарыяту "Остланд"

Пасля вайны Кушаль пісаў, што загад гэтпы зрабіў на нас вельмі непрыемнае ўражанне. З яго ясна вынікала, штпо роля д-ра Ермачэнкі і людзей, пакліканых д-рам Ермачэнкам, зводзілася тполькі да таго, каб паклікаць людзей, адзець іх, заквартараваць і накарміць, а рэштпа належала ўжо да немцаў [26].

Аднак Ермачэнка адразу ж узяўся за справу. Неўзабаве пасля атрымання загаду Цэнэра ён распачаў арганізацыю штаба БСА і прызначыў яго шэфам падпалкоўніка Язэпа Гуцьку. У канцы ліпеня ён склікаў з'езд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС, на якім распрацаваў план забеспячэння войска харчам, абмундзіраваннем і жыллём. На пачатку жніўня ў Мінску адкрыліся афіцэрскія курсы, камендантам якіх стаў Кушаль. Да паловы лістапада тут было падрыхтавана каля 260 афіцэраў царскай, польскай і савецкай арміі. Адначасова ў Баранавічах, Наваградку, Вілейцы, Глыбокім, Браславе, Паставах і іншых гарадах адкрыліся падафіцэрскія курсы [27].

Пытаннем спрэчным, але і асабліва цікавым з'яўляецца вярбоўка ў БСА: паводле праекта, яна павінна была весціся згодна з прынцыпам добраахвотнасці. Савецкія крыніцы сцвярджаюць, што добраахвотнікаў увогуле не было, пагэтаму акупанты распачалі прымусовую мабілізацыю, аднак супраціўленне партызанаў і мірнага насельніцтва пазбавіла яе плёну [28]. Але сучасныя крыніцы не пацвярджаюць такіх ацэнак. Як падаваў Кушаль, паведамленне пра стварэнне БСА выклікала ў насельніцтва "надзвычайны энтузіязм" і перакананне, што ёй удасца знішчыць партызаншчыну і стаць зародкам будучага беларускага войска [29]. Паводле Канстанціна Езавітава, наплыў добраахвотнікаў быў такі вялікі, што не ўсе з іх маглі быць прынятыя [30]. Аднак гэтыя выказванні трэба ацэньваць крытычна, улічваючы тэндэнцыйнасць аўтараў і звязаную з гэтым схільнасць да перабольшанняў. Кубэ, у сваю чаргу, у кастрычніку заявіў, што служыць у БСА пажадала каля 15 тысяч беларусаў [31]. Напэўна, частка з іх пайшла на гэта не па сваёй волі, аб чым сведчыць прымусовая мабілізацыя ў Ганцавіцкай акрузе [32]. З паведамленняў прэсы вынікае, што добраахвотнікаў усё ж было нямала, нават у Нямеччыне і Беластоцкай акрузе, дзе БНС не разгортвала сваёй дзейнасці [33].

Курт фон Готберг (Curt von Gottberg) Курт фон Готберг.
Кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі, пасля смерці Кубэ выконваў абавязкі генеральнага камісара Беларусі

Праект стварэння корпуса БСА, нават у такім выглядзе, як гэта прадугледжваў Цэнэр, выклікаў незадавальненне вышэйшых нямецкіх паліцэйскіх уладаў. Праўда, яны разумелі, якую карысць можа прынесці ўзмацненне антыпартызанскіх сілаў у Беларусі, аднак, з другога боку, не жадалі ўмацавання палітычнай пазіцыі Ермачэнкі, якога лічылі за сапраўднага ініцыятара і натхніцеля праекта. У канцы ліпеня шэф СД Остланда паведамляў Лёзэ:

У папярэдніх штодзённых справаздачах ужо гаварылася пра тое, што беларускія нацыянальныя колы інспіруюць стварэнне "беларускага легіёна" з беларускім камандаваннем. Кіраўнік мясцовай самапомачы (БНС), ад якога зыходзіць праект фармавання БСА, развівае ў гэтпай галіне актпыўнасць, характпэрную для планаў, якія беларуская інтэлігенцыя ў Мінску звязвае са (стварэннем) Самааховы. Прымаюцца захады, каб забяспечыць будучыя часці Самааховы адзіным абмундзіраваннем і ўзбраеннем, у тым ліку лёгкай пяхотнай і аўтаматнай зброяй, каб адразу надаць ім рэгулярны вайсковы характар; а пазней, пасля правядзення першых аперацый, мець права выстаўляць свае патрабаванні [34].

Такім чынам, пазіцыя паліцэйскіх уладаў Остланда адлюстроўвала палітычны пункт гледжання, згодны з прынцыпамі Гімлера, які можна трактаваць як неадабрэнне дзеянняў Кубэ не толькі ў справе БСА, але і ўсёй яго беларускай палітыкі. Пагэтаму Цэнэр, які занадта падпарадкоўваўся Кубэ, у канцы ліпеня быў адкліканы з пасады шэфа СС і паліцыі ў Беларусі. Яго пераемнік, Вальтэр Шымана, дзейнічаў, кіруючыся ўказаннямі Екельна, ён адразу ж пачаў выпраўляць "памылкі" свайго папярэдніка: у верасні Ермачэнку пазбавілі тытула галоўнага каменданта БСА, штаб яе быў распушчаны, афіцэрскія чыны скасаваныя. Батальёнам БСА, якія ўжо паспелі сфармавацца, не далі зброі - ім прапанавалі перайсці на статус паліцэйскіх батальёнаў (Schutzmanannschaften) пад камандаю нямецкіх афіцэраў. Аднак кіраўніцтва БНС і камандаванне БСА не пагаджаліся з такімі прапановамі - перш за ўсё яны імкнуліся захаваць сваю адасобленасць [35].

Праблема, па сутнасці, зводзілася да таго, каб захаваць у часцях БСА беларускую мову і камандзірскія кадры (weissrurhenischer Selbstschuts) - г. зн. іх нацыянальны характар. У паліцэйскіх батальёнах (Schutzmannschaften) пад камандаваннем нямецкіх афіцэраў гэта было немагчыма. Такім чынам, канфлікт набываў палітычнае адценне. Кубэ рашуча падтрымаў імкненне лідэраў БНС забяспечыць адасобленасць часцей Самааховы, бо гэта адпавядала яго ўласным нацыянальным канцэпцыям. Ён неаднаразова звяртаўся да Лёзэ з просьбаю забяспечыць беларускія атрады зброяй і хадайнічаць у гэтай справе перад камандаваннем Вермахта, Розенбергам і нават самім Гітлерам. Кубэ даводзіў, што зрабіў усё, каб настроіць беларускае насельніцтва супраць партызанаў, і падкрэсліваў, што "як мага хутчэйшае ўзбраенне беларускіх добраахвотнікаў - першачарговая задача ў барацьбе з бандамі" [36].

Вацлаў Іваноўскі (Wacław Iwanowski) Вацлаў Іваноўскі.
Бургамістар горада Мінска падчас нямецкай акупацыі.

Рэальны рост партызанскай актыўнасці быў самым важкім аргументам у гэтай спрэчцы - праігнараваць довады "беларускага гаўляйтэра" было не так лёгка.

Заступніцтва Кубэ прынесла некаторы, хоць і вельмі сціплы, плён. У лістападзе вышэйшыя паліцэйскія ўлады мусілі, хаця і неахвотна, прызнаць два факты: па-першае, што "ідэя Беларускай самааховы супраць бандытызму на самай справе знайшла даволі шырокі водгук сярод мясцовага насельніцтва" [37], а па-другое, што маладыя беларусы выразна супраціўляліся іх пераводу ў паліцэйскія батальёны. Пра гэта сведчыла іх масавае дэзерцірства з т. зв. батальёна № 49 - першага фармавання такога тыпу на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь, стварэнне якога Шымана распачаў у жніўні 1942 г. [38]. Пагэтаму- насуперак уласнаму нежаданню і агаворкам - давялося пагадзіцца нарэшце на тое, каб захаваць Беларускую самаахову. У рамках БНС пакінулі вайсковы оектар і ў другой палове лістапада прызначылі яго шэфам Кушаля. Ён кіраваў дзейнасцю акруговых і павятовых рэферэнтаў БНС па справах Самааховы. Паводле Кушаля, было сфармавана ўсяго каля дваццаці батальёнаў БСА і некалькі меншых падраздзяленняў [39]. Аднак цяжка акрэсліць іх фармальны статус. На думку Кушаля, яны падначальваліся не толькі мясцовым рэферэнтам БНС, але і акруговым камандзірам нямецкай паліцыі, тым не менш у некаторых акругах часці БСА лічылі сябе за незалежныя ад немцаў беларускія фармаванні [40].

Але гэтая "незалежнасць" стварала немалыя праблемы. Паліцэйскія ўлады, не маючы да іх даверу, адмаўляліся забяспечваць беларускія атрады абмундзіраваннем, пагэтаму салдаты і камандзіры мусілі хадзіць ва ўласнай вопратцы - знешне яны мала чым адрозніваліся ад партызанаў [41]. Счакаўшы некалькі месяцаў, пад канец 1942 г. часцям БСА выдалі невялікую колькасць зброі. Гэта не вырашала пытання з узбраеннем, але і не стварала вялікай праблемы: зброю здабывалі ўласнай рукой, у т. л. куплялі ў нямецкіх салдатаў. Як піша Кушаль, такім чынам узброіўся цэлы батальён у Рудзенску Мінскай акругі [42]. Сяргей Хмара, апавядаючы пра сітуацыю ў Слонімскай акрузе, падае нават цэны, у якіх рабіліся такія здзелкі. Так, кулямёт, які купляўся ў нямецкіх або італьянскіх салдатаў, што вярталіся з фронту, каштаваў дзевяць кілаграмаў саланіны і пяць літраў самагону. Звычайныя аўтаматы куплялі нават... у савецкіх партызанаў - за іх плацілі пару бутэлек гарэлкі. Такім чынам, зазначае далей Хмара, адзін са слонімскіх батальёнаў наўзабаве займеў восем кулямётаў і нават мінамёты [43].

Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй

Крыніцы:

  • [1] Reitlinger G. The house built on sand... P. 157.
  • [2] Reichsminister Rosenberg über die Arbeit in den befreiten Ostgebieten // Völkischer Beobachter. 14.06.1942. № 165; Erfahrungs-, Räumungs- und Abschlussbericht für das Generalkommissanat Weissruthenien, 31.08.1944. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 59/2574952; Факторович А. Крах аграрной политики... C. 69.
  • [3] А[панас] М[артас]. Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнае Беларускае Царквы. Нямеччына, 1948. C. 48 i далей.
  • [4] Раніца. 17 траўня 1942. № 18 (82).
  • [5] Раніца. 11 кастрычніка 1942. № 38 (102).
  • [6] Bengtsson H. Das unbekannteste Volk Europas // Preussische Zeitung. August 1942. № 237.
  • [7] Erfahrungs-, Räumungs- und Abschlussbericht für das Generalkommissanat Weissruthenien, 31.08.1944. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 59/2574951.
  • [8] Teilnahme der polnischen Widerstandsbewegung am Partisanenkampf // Meldungen... № 11. 10.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 235/2724561.
  • [9] Erfahrungs-, Räumungs- und Abschlussbericht für das Generalkommissanat Weissruthenien, 31.08.1944. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 59/2574951.
  • [10] Раніца. 15 сакавіка 1942. № 9 (73). Імя Астроўскага значылася ў спісе Рады (у якасці намесніка аднаго з членаў), але Кубэ і Ермачэнка не маглі з гэтым пагадзіцца. Гэта была не адзіная прычына таго, што Раду не зацвердзілі. Магчыма, у студзені 1942 г. Кубэ лічыў, што для гэтага яшчэ не прыйшла пара.
  • [11] Беларуская газэта. 8 ліпеня 1942. № 48 (68); Раніца. 26 ліпеня 1942. № 28 (92).
  • [12] Беларуская газэта. 12 ліпеня 1942. № 49 (69); Раніца. 18 ліпеня 1942. № 28 (92) і 16 жніўня 1942. № 30 (94); Раманоўскі В. Саўдзельнікі ў злачынствах... С. 88.
  • [13] У склад Галоўнай рады БНС уваходзілі: старшыня - I. Ермачэнка, сябры: А. Адамовіч, кс. В. Гадлеўскі, Грынкевіч, С. Кандыбовіч, У. Казлоўскі, архіепіскап Філафей Нарко, Мікалаевіч, Я. Найдзюк, Ю. Саковіч, А. Сянкевіч, П. Свірыд: Раніца. 6 верасня 1942. № 33 (97).
  • [14] Раніца. 12 ліпеня 1942. № 26 (90); 23 жніўня 1942. № 34 (95); 6 верасня 1942. № 33 (97); Bräutigam О. Überblick über die besetzten Ostgebiete wahrend des 2 Weltkrieges. Tübingen, 1954. S. 64.
  • [15] Беларуская газэта. 13 жніўня 1942. № 58 (78); [Мемарыял д-ра Крафта, кіраўніка Einsatzstab Reichsleiter Rosenberg y Мінску], 12.12.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R.21/1293.
  • [16] Летам і восенню 1942 г. y нямецкім друку было апублікавана багата артыкулаў, прысвечаных Беларусі. Частка з іх была перадрукаваная ў выданым РКО зборніку "Auf Informationsfahrt im Ostland" (Riga, 1944). Гл. таксама: "Berliner Börsenzeitung" (22.07.1942), "Das Reich" (28.06.1942), "Preussische Zeitung" (1942. № 237), "Deutsche Post aus dem Osten" (Juli - August 1942), "Völkischer Beobachter" (19.07.1942), "Deutsche Zeitung im Ostland", "Ostland" (Riga), "Minsker Zeitung", "Nation und Staat" (Oktober 1942) i інш.
  • [17] Bengtsson H. Das unbekannteste Volk Europas // Preussische Zeitung. August 1942. № 237; ube W. Ein Jahr Zivilverwaltung // Deutsche Zeitung im Ostland. 30.08.1942. № 237; Kube W. Aufbau in Weissruthenien // Deutsche Zeitung im Ostland. 31.08.1943. № 238.
  • [18] [Рапарт Штраўха Баху], 25.07.194З. S. 81-82.
  • [19] Раніца. 16 жніўня 1942. № 30 (94).
  • [20] Weisung № 46 des OKW, 18.08.1942 // Müller N. Okkupation-Raub-Vernichtung. Dokumente zur Besatzungspolitik der faschistischen Wehrmacht auf sowjetischem Territorium 1941-1944. Berlin, 1980. S. 131. 23.08.1942 Розенберг пераслаў гэтую дырэктыву Лёзэ і Коху: AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 94/435.
  • [21] [Ліст Кубэ да Лёзэ], 12.06.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 21/609; [Ліст Цэнэра да Екельна], 13.06.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 81/2601816.
  • [22] [Ліст Кубэ да Лезэ], 06.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 39/436.
  • [23] Беларуская газэта. 8 ліпеня 1942. № 48 (68).
  • [24] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска. Менск, 1999. С. 44.
  • [25] Тамсама. С. 44-45.
  • [26] Кушаль Ф. Спробы стварэння беларускага войска... С. 44-45.
  • [27] Тамсама. С. 45-50; Раніца. 23 жніўня 1942. № 31 (95); 30 жніўня 1942. № 32 (96); 27 верасня 1942. № 36 (100); 15 лістапада 1942. № 43 (107).
  • [28] Всенародное партизанское движение... Т.1. С. 675.
  • [29] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска... С. 44.
  • [30] Езавітаў К. Толькі зброяй здабудзем незалежнасьць // Раніца. 29 лістапада 1944. № 50 (212).
  • [31] [Ліст Кубэ да Лёзэ], 06.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-454. R. 39/436.
  • [32] [Справаздача "Евы" аб падарожжы ў Мінск]. AAN. 203/VII-45. К. 23. Паездка адбылася ў ліпені 1942 г.
  • [33] Раніца. 6 верасня 1942. № 33 (97); 4 кастрычніка 1942. № 37 (101).
  • [34] [Ліст камандзіра Sipo i СД Остланда да Лёзэ], 29.07.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 39/301.
  • [35] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска... С. 49-54.
  • [36] [Лісты Кубэ да Лёзэ], 16.09.1942, 18.091942, 06.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 30/797-800 i R. 39/436.
  • [37] "...der Gedanke des "weissruthenischen Selbstschutzes" gegen das Bandenunwesen tatsächlich einen relativ Breiten Resonanzboden bei Teil der einheimischen Bevölkerung gefunden habe": Meldungen... № 29. 13.11.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-175. R. 236/2725126.
  • [38] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска... С. 55-58.
  • [39] Тамсама. С. 52.
  • [40] Цікавую інфармацыю падае на гэты конт Кіслы, слонімскі гарадскі старшыня, у сваім лісце ў акруговы камісарыят ад 12.03.194З г.: "...цяпер Самаахова слонімскай БНС ужо не існуе, але калі яшчэ існавала, яна не падлягала паліцэйскай управе...": AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. T-454. R. 21/EAP/99/45.
  • [41] Акула К. Змагарныя дарогі... С. 30.
  • [42] Кушаль Ф. Спробы стварэньня беларускага войска... С. 53.
  • [43] Хмара С. Пад гітляроўцамі // Беларускі голас [Таронта]. Сакавік 1970. № 181.