Беларускі нацыянальны рэзыстанс у гады Другой сусьветнай вайны

Уступ

Ужо паўстагодзьдзя прайшло пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны, але да гэтага часу не сказана яшчэ ўся праўда пра антынямецкі супраціў на Беларусі. Дзесяткі пасьляваенных гадоў камуністычныя гісторыкі стваралі міт пра выключную ролю бальшавіцкай партыі ў кіраўніцтве антынямецкім падпольлем і партызанскім рухам, не дапускаючы аніякай рэвізіі ў гэтым пытаньні. Толькі беларускія і польскія эміграцыйныя гісторыкі ды непасрэдныя ўдзельнікі ваенных падзей, якія апынуліся на Захадзе, асьмельваліся выступаць са сваёй, не падобнай на афіцыйную, трактоўкай таго зацятага змаганьня, што ішло на абшарах нашай Бацькаўшчыны. Але яны адразу ж шальмаваліся бальшавіцкаю прапагандаю, як нямецкія калябаранты, нацыянал-фашысты, забойцы і... фантазёры. Так, калі не заставалася аргумэнтаў супраць іх канцэпцыяў, у ход ішло абсурднае абвінавачаньне ў фантазіраваньні...

На пачатку 1990-х гг. на Беларусі пачалі многа пісаць пра польскае нацыянальнае падпольле і партызанку 1941-44 гадоў. Пасьля гэтага прыйшла чарга ўкраінскага нацыяналістычнага руху, які ў ваенныя часы базіраваўся на беларускім Палесьсі. Але вось пра беларускі нелегальны рух маўчалі. Юры Туронак прысьвяціў Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП) у сваёй кнізе “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” толькі адну балонку тэксту, ды й яшчэ падтрымоўвае вэрсію аб сувязях партыі з абвэрам.

Найбольш цікавую і кампэтэнтную характарыстыку беларускаму нацыянальнаму падпольлю дала Галіна Кнацько (“Листопадовцы” // Народная газета, 1994, 25 жніўня). Яна пісала: 

“Беларускі нацыянальны рух у цэлым таксама ня быў адзіным. Яшчэ ў 1940 годзе ў ім стварыліся тры плыні. Адна ў барацьбе за незалежнасьць рабіла стаўку на нацыянал-сацыялістычную партыю Нямеччыны; другая, спадзеючыся легальна атрымаць уладу, ішла на саюз з грамадзянскімі акупацыйнымі ўладамі; трэцяя аддавала перавагу нелегальнай дзейнасьці. Беларускае нацыянальнае падпольле знаходзілася ў найбольш уразьлівым стане. Нярэдка ягоныя лідэры легалізаваліся, знаходзячыся на службе акупантаў, выношвалі ідэі барацьбы за незалежнасьць.

Пра ўсе гэтыя рухі і напрамкі было вядома нямецкім спэцслужбам, якія сыстэматычна наносілі ўдары або сваімі рукамі, або рукамі супраціўнікаў, спрытна іграючы на слабасьцях і супярэчнасьцях”.

Беларускіх гісторыкаў на эміграцыі было вельмі мала, а тыя, што працавалі, знаходзіліся ў розных палітычных лягерах. З гэтай прычыны яны ў сваіх дасьледаваньнях адлюстроўвалі, перш за ўсё, інтарэсы той палітычнай групоўкі, да якой належалі. Таму было шмат суб'ектыўнасьці, замоўчваліся адныя эпізоды і празьмерна ўсхваляліся іншыя... 

Сапраўды, нелегальны рух быў неаднародным і гэтая неаднароднасьць (упрост да варожасьці) была перанесеная ў эміграцыю. Яскрава характэрызуе гэта дачыненьні Рады БНР і хмараўскай Грамады. Рада БНР усяляк папулярызавала Беларускую Незалежніцкую Партыю, але ні словам не ўспамінала пра нелегальную Грамаду і Беларускую Народную Партызанку. Хмараўцы ж, наадварот, усяляк расхвальвалі сваё падпольле і партызанку, а БНП абвінавачвалі ў сувязях з абвэрам (атрымоўвалася, што толькі Грамада была паўнавартаснай нелегальнай арганізацыяй). У выніку, за 50 гадоў на эміграцыі так і не было зроблена дасьледаваньня, у якім прысутнічалі б усе дзейнікі нацыянальнага рэзыстансу, а не асобныя партыі і групы. Дарэчы, гэткая ж сытуацыя была і ў украінскай эміграцыі. У выдадзеных у Канадзе двух тамах “Літопису УПА” замоўчваецца дзейнасьць ОУН палк. Мельніка і Палескай Сечы УПА ат. М. Бараўца (Тарас Бульба). З беларускіх эміграцыйных гісторыкаў, у справе вывучэньня нацыянальнага рэзыстансу, найбольш зрабілі Юрка Стасевіч (Грамада) і Вацлаў Пануцэвіч (бээнэравец). Першы друкаваў свае работы ў газэце “Беларускі голас” (Таронта), а другі - у часопісе “Беларуская Царква” (Чыкага). Паміж імі ішла палеміка, да якой падключаліся і камуністы. Менскі “Голас Радзімы” і канадзкія пракамуністычныя (кадэбісцкія) газэты асабліва зацята наскоквалі ў сваіх “разоблачениях” на хмараўцаў, бо тыя падчас нямецкай акупацыі, сапраўды, зрабілі ці не найбольш для незалежнасьці Беларусі, чымсьці іншыя арганізацыі. Адна толькі Беларуская Народная Партызанка не давала спакою і камуністычным ідэолягам, і кагэбісцкім кіраўнікам.

Сёньня мы паспрабуем стварыць агульную карціну дзейнасьці нацыянальных падпольных арганізацыяў і партызанскіх аддзелаў у змаганьні за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку.

Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі - кіраўнік і ідэоляг беларускага вызвольнага руху

У міжваенным часе найбольш пасьлядоўным правадніком незалежніцкіх ідэй у беларускім вызвольным руху быў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Ён ня толькі гуртаваў вакол сябе беларускіх нацыяналістых-незалежнікаў, але і распрацоўваў ідэалёгію руху. Другою асобаю гэткага масштабу і незалежніцкай ідэалёгіі быў былы кіраўнік Беларускай партыі сацыялістых-рэвалюцыянэраў Тамаш Грыб, але ён памёр у 1938 г. у чэскай Празе.

У той час, калі беларускія дзеячы “хісталіся” ад палянафільства да камунізму й нават фашызму, кс. Гадлеўскі праводзіў строга незалежніцкую палітыку. Калі ў 1936 годзе Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя на чале з кс. Адамам Станкевічам пайшла на паваду ў камуністых, далучыўшыся да акцыі антыфашыстоўскага народнага фронту, перайменаваўшы БХД на Беларускае Народнае Аб’яднаньне, кс. В.Гадлеўскі арганізоўвае сваю незалежніцкую групу пад назовам “Беларускі Фронт” і выдае газэту пад гэткаю ж назваю. Сябры ягонае групы (Мікола Шкялёнак, Мікола Шчорс і інш.) у гады другой сусьветнай вайны прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі Беларускага Антыгітлераўскага Рэзыстансу.

Пачатак другой сусьветнай вайны актывізаваў дзейнасьць групы кс. Гадлеўскага. Правадыр беларускіх незалежнікаў разумеў, што гісторыя дае яшчэ адзін шанц для адбудовы незалежнае Беларускае дзяржаўнасьці і яго трэба скарыстаць. Напрыканцы 1939 г. у Вільні была заснаваная кс. Гадлеўскім Беларуская Незалежніцкая Партыя*, у кіраўніцтва якой уваходзілі таксама і Станіслаў Грынкевіч (старэйшы), Часлаў Ханяўка, М. Шкялёнак і інш. У 1940 г. кіраўніцтва партыі перабіраецца ў акупаваную немцамі Польшчу, дзе распачынае актыўную арганізацыйную працу. Ксёндз Гадлеўскі піша праграму БНП, як нелегальнай арганізацыі, якая мусіла змагацца за незалежную Беларускую Дзяржаву. 

Адначасова кс. В. Гадлеўскі дзейнічае афіцыйна, як кіраўнік нацыяналістычнай арганізацыі “Беларускі Нацыянальны Фронт” (БНФ), праграму якой выдае ў Варшаве і распаўсюджвае сярод беларусаў Нямеччыны, Чэхаславаччыны, Генэральнай губэрні й Францыі. БНФ зьяўляўся легальным прыкрыцьцём падпольных структураў БНП. У гэты час групы партыі дзейнічалі ў Польшчы (М. Шчорс, кс. Пётр Татарыновіч, Вітаўт Тумаш, Ч. Ханяўка, Мікола Ждановіч, Барыс Стрэльчык, Пётр Ластаўка, Баляслаў Манкевіч і інш.), у Нямеччыне (М. Шкялёнак, Мікола Абрамчык, Анатоль Шкутка, Станіслаў Грынкевіч (малодшы) і інш.), у Францыі (Лявон Рыдлеўскі і М. Абрамчык - апошні да выезду ў Бэрлін), у Рыме (Часлаў Сіповіч), у Празе (Васіль Захарка). Беларускія вайскоўцы з польскага войска, вызваленыя немцамі з лягераў для ваеннапалонных, далучаюцца да кансьпірацыйнай БНП (Усевалад Родзька, Рыгор Зыбайла і інш.).

Няпярэдадні нямецка-савецкай вайны, 19 чэрвеня 1941 году ў Бэрліне быў утвораны Беларускі Нацыянальны Цэнтар на чале з Міколам Шчорсам, як правобраз будучага Беларускага Ўраду. Яшчэ заставаліся спадзяваньні, што немцы будуць спрыяць адраджэньню беларускае дзяржаўнасьці. Але гэтыя ілюзіі зьніклі хутка пасьля пачатку вайны.

Арганізацыі Беларускага Рэзыстансу

Падпольная барацьба заўсёды мае шмат заблытаных і цяжка зразумелых балонак. Невялікая колькасьць архіўных дакумэнтаў, якія захаваліся (да якіх і сёньня няма вольнага доступу), і ўспамінаў нямногіх жывых сьведак тых падзеяў не здымаюць усіх пытаньняў. У большай ступені гэта датычыць Беларускага нацыянальнага Рэзыстансу.

Глыбокая каньспірацыя прыводзіла да такіх сытуацый, калі некаторыя сябры падпольля ня ведалі ў якой яны былі арганізацыі. Напрыклад, Іван Касяк ужо на эміграцыі пісаў у адным выпадку, што ён быў сябрам БНП, у другім - сябрам Партыі Беларускіх Нацыяналістых (ПБН). Былі выпадкі, калі некаторыя дзеячы мелі падвойнае сяброўства ў падпольных арганізацыях. Так, кіраўнік нелегальнай Грамады Юльян Саковіч быў сябрам ЦК БНП, а старшыня ЦК ПБН Ян Станкевіч, па некаторых зьвестках, быў і актыўным сябрам БНП. Вацлаў Іваноўскі, адзін з кіраўнікоў ПБН, па зьвестках І. Касяка, у 1942 г. увайшоў у БНП, што выклікала пратэст Саковіча і Касяка (Заўвагі да артыкулу аб Іваноўскім // Беларуская думка (ЗША), 1984, № 29).

Партыя беларускіх нацыяналістых

Дзейнасьць гэтай падпольнай арганізацыі дасканала вывучыў Ю. Туронак. У сваіх дасьледаваньнях (Беларуская праблема ў палітыцы лёнданскага лягеру; Беларусь пад нямецкай акупацыяй; В. Іваноўскі і адраджэньне Беларусі) ён адстойвае думку, што ПБН была адзінай праўдзівай кансьпірацыйнай арганізацыяй.

ПБН была ідэяй Я. Станкевіча і В. Іваноўскага, якія арыентаваліся на заходніх саюзьнікаў і іх вырашальную ролю ў арганізацыі пасьляваеннага ладу ў Эўропе. Арганізацыяй структураў партыі Ян Станкевіч займаўся ў 1940-41 гг. у акупаванай немцамі Варшаве “з апазыцыйна настроеных да палітыкі Шчорса і Гадлеўскага сяброў варшаўскага Беларускага камітэту”. У склад ПБН увайшлі і разьведчыкі польскага падпольля (Дабжыньска, Кастравіцкі, Буткевіч).

Станкевіч спрабаваў выйсьці на заходніх саюзьнікаў праз польскае падпольле, але тое адмаўляліся весьці перамовы з нешматлікай ПБН. Толькі ў лістападзе 1941 года, калі Іваноўскі стаў бурмістрам Менску, палякі ўбачылі, якія магчымасьці для падпольнай дзейнасьці дае супрацоўніцтва з групай Станкевіча. Пачаліся перамовы, якія, аднак, ні да якіх вынікаў не прыводзілі.

Паводле ліпеньскага 1942 г. акоўскага рапарту ў Лёндан, ПБН налічвала 500 чалавек. ЦК партыі складаўся з 12 чалавек (8 заходнікаў і 4 усходніка (нацдэма), і яго ўзначальваў Станкевіч. Партыя будавалася з “пяцёрак”, якія былі ў большасьці раёнаў Генэральнага камісарыяту “Беларусь”.

Грамада

Восеньню 1941 г. з ініцыятывы каманданта беларускай паліцыі Менскай акругі Юльяна Саковіча паўстала нелегальная Грамада. Гэта была падпольная арганізацыя былых сябраў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Сам Саковіч, аграном па адукацыі, у маладосьці сымпатызаваў камунізму, шмат гадоў праседзеў у польскіх турмах за палітычную дзейнасьць. Перад вайной быў арыштаваны НКВД, але выжыў і, разьвітаўшыся з камуністычнымі ілюзіямі, пачаў актыўна дзеіць на пачатку нямецкай акупацыі.

Выкарыстаўшы нібы інструктаж правінцыйных кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомачы, Саковіч склікаў у Менску былых грамадоўцаў для ўзнаўленьня арганізацыі. На нарадзе было 9 чалавек (Саковіч, Сяргей Хмара (Сіняк), Васіль Лукашык, Іван Гелда, Васіль Пінскі (Вір), Юрка Стасевіч і іншыя). Было пастаноўлена дзейнасьць арганізацыі строга закансьпіраваць. Грамада будавалася з “троек” і непасьведчаных ува ўсё прыхільнікаў. Спрэчка ўзьнікла толькі ў пытаньні супрацоўніцтва зь нямецкай грамадзянскай адміністрацыяй. Было вырашана да наступнай канфэрэнцыі (яна адбылася напрыканцы 1942 г.) пакінуць гэтую справу адкрытай на адказнасьць паасобных сябраў.

Грамада мела сваю сувязную сетку па ўсёй Заходняй Беларусі, пачынаючы Менскам, Пінскам, Берасьцем, Беластокам і Вільняю, аднак не налічвала больш 50 дзейных сяброў (па-за партызанскімі аддзеламі). Выканаўчая “пятка” Грамады складалася з Саковіча, Хмары, Віра, атаманаў Якуба Харэўскага і Язэпа Таўпекі.

Неабходна адзначыць, што савецкія спэцслужбы нейкім чынам выйшлі на Грамаду, але яны памылкова вызначылі кіраўнікоў арганізацыі. А. Салаўёў піша пра “руководителя “Белорусской Громады” Фабиана Акинчица” і “руководителя “белорусской народной громады” Владислава Козловского” (Они действовали под разными псевдонимами. Мн., 1994). Але ні Акінчыц, ні Казлоўскі ня мелі з Грамадою аніякіх кантактаў, бо да іх, як нацыянал-сацыялістых, беларуская кансьпірацыя ня мела даверу.

Беларуская Незалежніцкая Партыя

З пачаткам нямецка-савецкай вайны на Беларусь з Варшавы прыбылі сябры БНП для працы ў грамадзянскай адміністрацыі. Да іх далучыліся жаўнеры Першага Штурмовага Зьвязу - аддзела дэсантнікаў, арганізаванага ў Польшчы з ініцыятывы ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, і скінутага ў БССР перад пачаткам вайны. На Беларусі наладжвалася кансьпірацыйная сетка БНП. У шэрагі партыі ўліліся былыя вязьні савецкіх турмаў (Юльян Саковіч, Барыс Рагуля, Лявон Савёнак, Антон Шукелойць і інш.). 

У жніўні (або верасьні) 1941 г. у Варшаве адбыўся зьезд партыі, на якім кс. В. Гадлеўскі прапанаваў праект праграмы кансьпірацыйнай працы. Праект гэты быў прыняты і былі толькі спрэчкі адносна кандыдата на выезд за мяжу. У Лёндан павінны былі ехаць кс. Гадлеўскі і М. Абрамчык. Але кс. Гадлеўскі палічыў свой выезд перадчасным. У Швэцыю праз Нарвэгію паехаў удзельнік Першага Штурмовага Зьвязу Альбэрт Асоўскі, які зьвязаўся зь беларускай эміграцыяй у ЗША. 

У сярэдзіне верасьня 1941 г. Усевалад Родзька арганізоўвае падпольле БНП у Менску. Былыя вязьні бальшавіцкіх турмаў успрымалі яго, як галоўнага арганізатара партыі. Родзька ж правадырства ў БНП кс. Гадлеўскага не раскрываў.

Існавалі й меншыя арганізацыі і групы, якія гінулі або ўліваліся ў большыя партыі. Газэта “Бацькаўшчына” пісала 18 красавіка 1948 г.: “…за часамі нямецкай акупацыі ў падзямельлі існавалі, дзеялі, змагаліся й несьлі ахвяры і іншыя, таксама незалежніцкія партыйныя арганізацыі, а не адна толькі БНП”. Міхась Зуй успамінаў, што восеньню 1941 г. да яго прыехаў з Глыбокага былы студэнт Львоўскай палітэхнікі Аўген Аскерка і прапанаваў далучыцца да тайнай арганізацыі беларускіх патрыётаў для барацьбы з польскімі шавіністамі. Што гэта была за арганізацыя - невядома.

Беларуская нацыянальная партызанка

Замоўчваючы нацыянальную партызанку, камуністыя баяліся выкрыцьця сваіх злачынстваў. Атрымоўвалася, што спэцгрупы НКВД і бальшавіцкія партызаны ваявалі ў першую чаргу ня супраць нямецкіх акупантаў, а супраць беларускага вызвольнага руху і арганізаваных ім нацыянальных партызанскіх аддзелаў.

У 1993 г. у Маскве ў выдавецтве “Посев” выйшла кніга ўспамінаў дарадчыка ген. Уласава Штрык-Штрыкфэльда, у якой ён піша, што на Беларусі і Смаленшчыне антынямецкі партызанскі рух меў і антыкамуністычны характар. Былыя энкавэдысты адразу ж кінуліся апратэстоўваць гэтую тэзу. В. Шлееў пісаў: “А вось тое, што гэты партызанскі антынямецкі рух у большай ступені быў “антыкамуністычна” накіраваны, адносіцца да чарговых, далёкіх ад ісьціны выдумак. Праўдзівасьць гэтай выдумкі, калі мець на ўвазе Беларусь і Расею, не прыймаючы на увагу Заходнюю Ўкраіну і Прыбалтыку, дзе пасьля далучэньня ў 1939 годзе да Савецкага Саюзу існавалі іншыя ўмовы, нікому не ўдасца даказаць” (Имя им - преступники // Ветеран, 1994, № 4, студзень). Ну што ж, паспрабуем аспрэчыцьтэзу тав. Шлеева і дакажам праўдзівасьць “выдумкі” Штрыкфэльда.

На думку беларускага эміграцыйнага гісторыка Міколы Перасьвета, нацыянальны партызанскі рух узьнік пасьля таго, як беларускія дзеячы расчараваліся ў нямецкай палітыцы ў дачыненьні да Беларусі. Перасьвет піша, што “ужо напрыканцы 1941 году на Беларусі пачаў тварыцца незалежны нацыянальны партызанскі рух. Галоўнай мэтай гэтага новага ўзброенага пратэсту беларускага народу зьяўлялася барацьба за нацыянальнае вызваленьне беларускага народу, барацьба на два фронты: як супраць савецкага партызанскага руху, так і супраць нямецкіх акупацыйных войскаў. Даволі ў хуткім часе ідэалёгія гэтага руху запаланіла розум і сэрцы мільёнаў беларусаў. Рух гэты стаў масавым, што выразна занепакоіла нямецкія акупацыйныя ўлады” (Весткі Інстытута Беларусаведы (Ляймэн, Нямеччына), 1990, № 5). Тэза пра мільёны беларусаў, прыняўшых ідэалёгію руху, падлягае сумніву. Па-першае, фізычна было немагчыма за гэткі кароткі прамежак часу распаўсюдзіць ідэалёгію па ўсёй тэрыторыі Беларусі; па-другое, у народу не было жаданьня масава ісьці ў партызанку ды змагацца зь немцамі, хто б іх да гэтага не заклікаў. Тым ня менш, ужо ў 1941 г. практычна па ўсёй Беларусі паўсталі дзясяткі патрыятычных аддзелаў, якія змагаліся зь немцамі або праводзілі выключна акцыі па самаабароне.

Партызанская акцыя Ўл. Шавеля

Яшчэ на Варшаўскім зьезьдзе БНП кс. В. Гадлеўскі прапанаваў у пэрспэктыве стварэньне нацыянальных партызанскіх аддзелаў. Праўдападобна, першай акцыяй БНП была партызанка юрыста Ўладзімера Шавеля. Супрацоўнік абвэра, камандант беларускай паліцыі Менскай акругі, сябра Галоўнай Рады Беларускае Народнае Самапомачы, ён вельмі пасьпяхова змагаўся супраць бальшавіцкіх дывэрсантаў. Але на пачатку 1942 году сабраў сваіх людзей і пайшоў у бярэзінскія лясы ды пачаў стварэньне нацыянальнае партызанкі на ўсход ад Барысава. Ці была акцыя Шавеля рашэньнем ЦК БНП, ці гэта была ўласная ініцыятыва Ўладзімера - невядома.

Актыўным удзельнікам партызанкі быў былы бурмістар г. Бярэзіна Анатоль Сакалоў. Яны пачалі выдаваць падпольны часопіс на рататары і прыступілі да вярбоўкі дабраахвотнікаў. На дзейнасьць беларускіх партызанаў хутка выйшлі савецкія партызаны і прапанавалі сустрэчу. На спатканьні беларускія камандзіры былі пастраляныя энкавэдзістамі. Уратаваўся толькі адзін Сакалоў, які дабраўся да Вільні. Ёсьць падставы меркаваць, што партызанку Шавеля зьнішчыў палк. Р. Лінькоў (“Льдоў”, “Баця”), які выконваў інструкцыі Масквы.

Некалькі цікавых рысак да партрэту Шавеля дадаюць успаміны К. Гержыдовіча, які сустракаўся зь ім у 1941 г. у акупаваным Менску: “[Шавель] уважліва на мяне паглядзеў і адказаў наступнае: “А я перад вайной быў памочнікам пракурора гораду Менску”. І дадаў фразу, у канцы якой асёкся: “Хачу дапамагчы адраджэньню Беларусі. Але мне цяжка зь немцамі, мне зь імі вельмі цяжка…”. Пазьней, знаходзячыся ў партызанскім атрадзе, я чуў, што быццам бы гэты паліцыйны начальнік застрэліў з пісталета немца-афіцэра, што быў ён зьвязаны зь вядомым у Беларусі “агентам усіх імпэрыялістычных разьведак” ксяндзом Гадлеўскім… Мутная гісторыя, і дзе схаваныя яе канцы - невядома” (Народная газета, 1994, 9-11 ліпеня).

Язэп Малецкі ў кнізе “Пад знакам Пагоні” даў Шавелю кароткую характарыстыку: “…шчыры Беларус, маламоўны, але разважны, дзейны чынам у важных сытуацыях”.

Наступныя спробы ствараць партызанскія аддзелы БНП прадпрымала ў 1943-44 гг.

Беларуская Народная Партызанка

На пачатку нямецкай акупацыі грамадзянскую адміністрацыю і паліцыю ў Зах. Беларусі апанавалі палякі, якія распачалі антыбеларускі тэрор. Былыя працаўнікі польскай дэфэнзывы і паліцыі складалі сьпісы ўсіх вядомых ім беларусаў, дзейных у міжваенны час на грамадзкім і культурна-асьветніцкім палетку, ды падавалі іх немцаў як “камуністаў”. Так былі расстраляныя сотні беларускіх патрыётаў. Іншыя ўцякалі ў лясы і стваралі партызанскія групы, у першую чаргу, для самаабароны.

Вясною 1942 г. гэтыя партызанскія групы папоўніліся сотнямі ўцекачоў ад гітлераўскага тэрору. Некаторыя ўцякалі ў лес цэлымі сем’ямі. Зьявіліся камандзіры, нярэдка з афіцэраў Чырвонай Арміі - беларусаў. На тэрыторыі Піншчыны, Целяханшчыны, Ражаншчыны і Слонімшчыны беларускія атрады налічвалі разам з сем’ямі больш 3000 партызанаў. Бальшавіцкіх партызанаў тут было мала і складаліся яны з чужога элемэнту (акружэнцы, наехаўшыя перад вайною камуністыя і энкавэдысты). Хапала і марадзёраў, што рабавалі сялянаў, гвалцілі сялянак, правакавалі немцаў на крывавыя рэпрэсіі над цэлымі вёскамі. Нямала іх зьнішчыла сялянская самаабарона, іншых вылоўлівалі партызаны.

Нелегальная Грамада Саковіча вясною 1942 г. наладзіла сувязь з незалежнымі партызанскімі аддзеламі з мэтаю аб’яднаньня іх пад адзіным кіраўніцтвам. Ужо ў чэрвені 1942 г. каля Івацэвічаў, на хутары адбылася першая канфэрэнцыя камандзіраў патрыятычных лясных аддзелаў. У ёй бралі ўдзел 8 атаманаў (3 - з Ражаншчыны, 1 - з Косаўшчыны, 1 - з Целяханшчыны, 1 - з Ліпічаншчыны і 2 - з Піншчыны) і 2 прадстаўнікі Грамады. На канфэрэнцыі была ўтворана “Лава атаманаў” (камандзіраў), якая каардынавала дзейнасьць партызанскіх аддзелаў. 

Канфэрэнцыя прыняла як сваю палітычную плятформу Акт 25 сакавіка 1918 году - праграму Беларускай Народнай Рэспублікі. Асноўныя напрамкі дзейнасьці партызанкі былі наступныя:

“1. Нашай мэтай ёсьць захаваньне боездольнай збройнай сілы ў якнайбольшай цэласьці да часу, калі пры развале і абезьсіленьні акупанта і ягонага супраціўніка нам прыдзецца бараніць свой народ і ягоную незалежнасьць ад спробаў захопу нашае бацькаўшчыны іншымі акупантамі.

2. Таму берагчы якмага нашых партызанаў ад устраганьня ў непатрэбныя збройныя дзеі з акупантам, што можа давесьці да людзкіх стратаў і зьнішчэньня паасобных нашых збройных групаў.

3. Збройны супраціў праводзіцца толькі тады, калі акупант нападзе на наш аддзел, або суседні наш аддзел, ці на вёску, зьвязаную з нашымі атрадамі.

4. Суадносіны з падпарадкаванымі сав[ецкаму] кіраўніцтву атрадамі: нэйтралітэт. Збройны супраціў, калі яны ўвойдуць, нягледзячы на забарону, у зону аседку нашага аддзелу. Збройная расправа з марадзёрамі, пасьля папярэджаньня, калі яны рабуюць вёскі ці падводзяць іх пад нямецкую расправу сваімі правакацыйнымі дзеяньнямі”.

Пасьля некалькіх папярэджаньняў бальшавіцкім партызанам, з “Лаваю атаманаў” скантактаваўся кіраўнік берасьцейскага камуністычнага антыфашыстоўскага камітэту, былы вучань Віленскай беларускай гімназіі Язэп Урбановіч. Яго добра ведалі і аднесьліся да прапановы аб супольным антыфашыстоўскім фронце з даверам. Урбановіч паабяцаў дапамогу мэдыкамэнтамі і зброяй, а таксама ўстанаўленьне кантроля над савецкімі партызанамі праз парашутыстых з Масквы.

У сувязі са скіданьнем на Палесьсе парашутыстых НКВД і ўзмацненьнем антыпартызанскіх акцыяў нямецкіх карных аддзелаў, была скліканая ў лістападзе 1942 г. 2-я канфэрэнцыя “Лавы атаманаў”. Яна пастанавіла ўтварыць Галоўны Штаб Беларускага Партызанскага Руху (Беларускае Народнае Партызанкі) на чале з маёрам Іванам Шанько, найстарэйшым рангаю камандзірам атраду з Ражаншчыны. “Лава атаманаў” надала Шаньку рангу палкоўніка і прызначыла ягонымі намесьнікамі атаманаў Харэўскага і Лукашука (Суворы).

У 1943 г. пачалася крывавая акцыя зьнішчэньня народнае партызанкі спэцгрупамі НКВД і бальшавіцкімі партызанамі, якой кіраваў палкоўнік Рыгор Лінькоў. У гэты час пад началам палк. Шанько знаходзілася да 5 тысячаў партызанаў. Энкавэдысты пайшлі на хітрасьць і запрасілі на сустрэчу камандзіра беларускіх партызанаў. Шанько прыехаў на перамовы толькі з адным ад’ютантам. Пра тое, што адбылося ў Ражанскай пушчы, успамінае атаман Якуб Харэўскі (Новік): “[Лінькоў] безцэрымонна зажадаў, каб ён [Шанько] падпарадкаваўся яму, як былы савецкі маёр і падпарадкаваў яму атрады. Затое прапанаваў яму месца свайго памочніка ў кіраўніцтве партызанскім рухам Палесься, вызначаючы сябе на кіраўніка гэтага руху. Калі Шанько адказаў яму, што ані ён асабіста, ані Беларускі партызанскі рух яму, як высланьніку СССР, не падпарадкуецца, Ільдоў выхапіў наган і стрэліў у грудзі палкоўніка Шанько…”.

Энкавэдысты, з дапамогаю правакацыяў, хлусьні і тэрору, зьнішчаюць кіраўнікоў беларускіх партызанскіх аддзелаў і падпарадкоўваюць сабе партызанаў. Поўнасьцю былі зьнішчаныя атрады атаманаў Суворага (Лукашука), Лясьніка і інш. Ад тэрору бальшавікоў загінулі: атаман Канстанчук, Уладзімер Альшэўскі, Язэп Урбановіч (у ліпені 1944 г., ён абяцаў Лінькову, што той адкажа за ўсе свае злачынствы) і шмат іншых. Частка беларускіх партызанаў выйшла зь лесу і далучылася да Беларускае Самааховы, а пасьля - Беларускае Краёвае Абароны. Да 10 атрадаў былі падпарадкаваныя савецкаму кіраўніцтву і атрымалі назовы: “імя Сталіна”, “імя Кірава”… Летам 1944 г. яны былі кінутыя на фронт, у штрафбаты, каб “адкупіць віну” і ўжывых засталося ня шмат людзей. Засталіся незалежнымі лічаныя аддзелы, якія ваявалі яшчэ колькі гадоў супраць камуністых. На Захад прабіліся атрады Харэўскага (імя ат. Нябабы), Перагуда і Таўпекі.

Нацыянальная партызанка ва ўсходняй і цэнтральнай Беларусі

Незалежныя партызанскія аддзелы паўсталі пад кіраўніцтвам беларускіх эсэраў на Смаленшчыне і Браншчыне. Ю. Саковіч паведаміў аб гэтым кіраўніцтва Беларускае Народнае Партызанкі. Дзеля наладжаньня сувязяў у далёкі рэйд на Смаленшчыну быў высланы аддзел атамана Кавалёва (былога капітана савецкага войска), які складаўся амаль цалкам з “усходнікаў”. Але ён не дайшоў да месца і быў зьнішчаны спэцгрупамі НКВД у цэнтральнай Беларусі. Прадстаўніком паліткіраўніцтва БНПартызанкі ў Смаленск павінен быў ехаць Васіль Вір (Пінскі), але ён быў арыштаваны немцамі ў Пінску. Выдалі яго, як беларускага патрыёта, што перашкаджаў украінізацыі Піншчыны, украінскія нацыяналістыя. Перамовы з “усходнікамі” удалося правесьці ў Віцебску з дапамогаю старшыні ЦК БНП Родзькі. В. Вір успамінае, што ўсе “усходнікі” гаварылі па-расейску, але лічылі сябе беларусамі і стаялі за незалежнасьць Беларусі. Былі яны са Смаленшчыны і з-пад Нэвелю. 

Немцы ў 1943-44 гг. распачалі энэргічныя спробы наладзіць супрацоўніцтва з незалежным беларускім партызанскім рухам. Вір піша, што “усходнікам” акупанты “часта давалі вольную руку дзеяньня”.

Але жорсткія нямецкія рэпрэсіі “зьменшылі вастрыню антаганізму паміж савецкім і беларускім незалежным партызанскім рухам. Дзе-нідзе дайшло нават да паразуменьняў аб сумеснай барацьбе супраць нямецкіх карных экспэдыцыяў. У большасьці ж выпадкаў дайшло да заключэньня няпісаных паразуменьняў аб узаемным прыхільным нэйтралітэце. Масква ж разглядала гэтыя паразуменьні ў якасьці першага кроку да поўнага падпарадкаваньня беларускага нацыянальнага партызанскага руху сваім вялікадзяржаўным амбіцыям” (Весткі Інстытута беларусаведы, 1990, №5).

Неўзабаве пачалі дзейнічаць вышкаленыя энкавэдыстыя, выконваючы інструкцыі Масквы. Добра ўзброеныя, маючыя падтрымку з-за лініі фронту і мясцовых бальшавіцкіх партызанаў, яны нішчылі аддзелы народнае партызанкі як “ворагаў народу”, “нямецкіх агентаў” і г. д. На жаль, нам вядомы лёс толькі аднаго бранскага атраду пад назовам “Вольнасьць”, які ня здаўся чэкістам і загінуў у баі. 

Калі Смаленшчына і Браншчына былі занятыя савецкім войскам, ацалелыя беларускія партызаны распачалі барацьбу з новым акупантам - бальшавіцкім. На Браншчыне партызанка актыўна дзеяла да 1947 г., а на Смаленшчыне і пазьней. Смаленскія лесавікі выдавалі газэту “Пад абцасам маскалёў”.

У цэнтральнай Беларусі нацыянальная партызанка таксама была зьнішчаная бальшавікамі. Тут дзеяў вопытны дывэрсант Ваўпшасаў, па загаду якога быў расстраляны “за адмову падпарадкавацца” атрад атамана Іванова на Бягомельшчыне. Засталіся ўжывых толькі два маладыя партызаны, якія “раскаяліся”.

Лёс беларускай нацыянальнай партызанкі быў трагічны. Нягледзячы на тое, што беларусы арганізаваліся раней за ўкраінцаў, яны не змаглі абараніцца ад агрэсіўнага савецкага партызанскага руху і дывэрсійных атрадаў НКВД. Але ўявім сабе, што ў лес пайшлі да партызанаў аддзелы самааховы, паліцыі ды і, наогул, беларускія патрыёты, якія працавалі легальна. У гэтым выпадку арганізаваўся б моцны партызанскі рух, які змог бы канкураваць і з савецкімі, і з польскімі партызанамі. Але гісторыю ня зьменіш… Бальшавікі зрабілі яшчэ адно злачынства над Беларускім Народам і безпасьпяхова спрабавалі замясьці крывавыя сьляды…

БНП - авангард беларускай кансьпірацыі

Дзесьці напрыканцы 1941 г. - у пачатку 1942 г. адбылася структурная перабудова падпольля БНП. Ксёндз Гадлеўскі прыступае да арганізацыі ўжо нелегальнага антыфашыстоўскага й антыкамуністычнага “Беларускага Народнага Фронту”. Гэта была вельмі пашыраная арганізацыя, якая “аб’ядноўвала вялікі круг беларускай інтэлігэнцыі і шляхам вуснай прапаганды выясьняла ўсю шкоднасьць нямецкай палітыкі”. Г. Няміга адзначае, што кс. В. Гадлеўскі тварыў БНФ “адначасна з школьнай дзейнасьцю (ён быў генэральным школьным інспэктарам - С. Ё.), а часта і пры ейнай дапамозе”. Я. Каранеўскі (псеўда Станіслава Станкевіча) піша, што БНФ інсьпіраваў “усе выступленьні беларускіх легальных дзейнікаў у абароне беларускага народу. Гэтак, напрыклад, зь яе ініцыятывы на зьезьдзе кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомачы ў Менску 21.3.1943 неспадзявана для немцаў і пастаўленага імі шэфа гэтае арганізацыі было зложана дамаганьне злучэньня ўсіх беларускіх этнаграфічных земляў і прызнаньня дзфяржаўнай незалежнасьці Беларусі” (часопіс “Рух” (Нямеччына), 1946, № 1).

В. Пануцэвіч піша, што Беларуская Незалежніцкая Партыя была часткаю БНФ, у іншым выпадку высоўвае вэрсію пра існаваньне дзьвюх незалежніцкіх партыяў.

Кіраўніком БНП становіцца Родзька. На думку кс. Гадлеўскага, партыя павінна была працаваць сярод моладзі і беларускіх нацыянальных партызанаў, а таксама вайскоўцаў самааховы і паліцыянтаў. 

У ліпені 1942 году ў Менску ў доме Ю. Саковіча адбыўся зьезд БНП. Многія лічылі, што гэта ўстаноўчы зьезд і толькі Родзька, Гінько й пару іншых ведалі пра існаваньне партыі з 1939 г. На зьездзе зайшла дыскусія аб назьве арганізацыі. Саковіч прапанаваў назву “Грамада”, але большасьць падтрымала “Беларускую Незалежніцкую Партыю”. Праграма і статут, якія прапанаваў Родзька, не былі цалкам прынятыя і перапрацоўваліся сябрамі ЦК. 

У Цэнтральны Камітэт БНП увайшлі наступныя асобы: У. Родзька - старшыня ЦК, Б. Рагуля - камандзір Наваградзкага беларускага эскадрону, Міхась Рагуля (псеўда “Чорны”) - рэдактар віцебскай газэты “Беларуская старонка”, Янка Гінько - кіраўнік БНС у Глыбокім, Францішак Аляхновіч (савецкая выведка называла яго “правай рукой” ксяндза Гадлеўскага) - рэдактар віленскай газэты “Bielaruski Holas”, Аляксей Сянькевіч - рэдактар газэты “Голас вёскі”, Рыгор Зыбайла - кіраўнік БНС у Слоніме, Ю. Саковіч - кіраўнік Менскага акруговага камітэту БНП. У ЦК ужо тады маглі ўвайсьці Дзьмітры Касмовіч і Міхаіл Вітушка, якія знаходзіліся ў Смаленску, Хведар Ільяшэвіч - рэдактар беластоцкай газэты “Новая дарога”. 

БНП выдае і распаўсюджвае антынямецкія ўлёткі, а са студзеня 1943 году - “Бюлетэнь БНП” (яго рэдагаваў М. Рагуля). Беларускай кансьпірацыяй выкарыстоўвалася й беларуская легальная прэса, з дапамогай якой падтрымліваўся пастаянны кантакт паміж незалежнікамі ў Бэрліне, Варшаве, Менску, Вільні, Празе, Парыжы і Осла. Рабілася гэта праз зашыфраваную перапіску, дзеля чаго выкарыстоўваліся рубрыкі “Шукаюць” і “Наша пошта”, а таксама некаторыя артыкулы. Перапіска гэтая існавала ў тых газэтах, рэдактарамі якіх былі сябры нацыянальнага падпольля (бэрлінская “Раніца” - В. Тумаш, М. Шкялёнак і інш., менскі “Голас вёскі” - А. Сянькевіч, віленскі “Bielaruski Holas” - Ф. Аляхновіч, беластоцкая “Новая дарога” - Хв. Ільяшэвіч і інш.).

БНП праводзіла агітацыю і сярод савецкіх партызанаў. Пісьменьнік У. Калесьнік успамінаў, як трапіў яму ў рукі ў Налібоках “прысланы невядома кім ворган Беларускай Незалежніцкай Партыі “Бюлетэнь”. Выданьня таго я ня мог прачытаць, ляжаў паранены, у зямлянцы было цёмна. Папрасіў у мяне начальнік штаба Чубрык пачытаць і не вярнуў. Хтосьці яго сьцібрыў. Мабыць, трапіў “Бюлетэнь” асобааддзельцам у рукі” (часопіс “Беларусь”, 1994, № 10).

У сьнежні 1942 г. беларуская кансьпірацыя панесла цяжкую страту - нямецкім гестапа быў арыштаваны і расстраляны кс. Гадлеўскі. Парыжская газэта “Беларускія навіны” пісала 25 сьнежня 1945 г.: “[гэстапаўцы] доўга Яго мучылі, дабіваючыся выдачы кіраўнікоў правінцыяльных групаў, якія ўжо актыўна дзеялі супроць акупанта.

Але дарма! Гадлеўскі памёр так, як паміраюць вялікія змагары, як памёр Кастусь Каліноўскі.

Сваім жыцьцём Ён прыкрыў усе сьляды і ніткі кансьпіратыўнай арганізацыі. Кінутая Ім ідэя - заснаваная Ім БНП... - разгортывала сваю працу ад Смаленску аж да Бэрліну, і акупанты ня выкрылі яе кіраўнікоў, аж да свайго собскага скананьня.

Постаць Гадлеўскага застанецца ў Беларускім Вызвольным Руху як адна з бліскучайшых постацяў - нязломнага барацьбіта, Вялікага Патрыёта і Вялікага Мучаніка за Волю свайго Народу, за Волю Беларусі.

Вечная Яму Памяць!”

ЦК БНП прысудзіў да сьмерці беларускага фашыста Фабіяна Акінчыца, па даносу якога быў арыштаваны кс. Вінцэнт Гадлеўскі.** Прысуд выканаў Алесь Матусэвіч у сакавіку 1943 г.

М. Абрамчык спрабуе ачоліць беларускі нацыянальна-вызвольны рух

Шостага сакавіка 1943 году ў Празе адбылася перадача Васілём Захаркам паўнамоцтваў старшыні Рады БНР інж. Міколу Абрамчыку. Паэтка Ларыса Геніюш была прызначаная генэральным сакратаром Рады. Пазьней яна пісала ў сваіх успамінах: “[Захарка] дажываў свой век у вечным страху перрад гестапам, ён вельмі баяўся лягера сьмерці. Нават даючы нам з Міколаю тастамант, ён прасіў нас нічога не прадпрымаць за яго жыцьця. Ён баяўся, каб мы, маючы такія паўнамоцтвы, не паднялі на Беларусі нацыянальнае партызанкі. Мы такі сьпярша аб гэтым падумалі, але ўрэшце дайшлі да высновы, што гэта было б толькі фізычнае нішчаньне нашых людзей. На жэсты мы шкадавалі крыві беларускай…”. 

Дзеля арганізацыі нацыянальнай партызанкі на Беларусі М. Абрамчык вырашае наладзіць сувязі з існаваўшымі там падпольнымі арганізацыямі, бо пасьля гібелі кс. Гадлеўскага сталых кантактаў не было. На Беларусь былі высланыя некалькі пасланцоў з гэтым заданьнем.

Беларускай кансьпірацыі неабходны быў дасьведчаны, аўтарытэтны кіраўнік. Гэта разумеў Усевалад Родзька, якому ў 1943 годзе было толькі 23 гады. Астатнія кіраўнікі БНП таксама былі маладымі людзьмі.

Да гэткіх асобаў, як Ян Станкевіч і Вацлаў Іваноўскі, даверу не было, бо яны вялі перамовы з польскай АК у той час, калі палякі праводзілі ў Заходняй Беларусі шалёны антыбеларускі тэрор. Узначаліць кансьпірацыю маглі Ст. Грынкевіч (старэйшы), Ф. Аляхновіч, а таксама М. Шкялёнак, які вясною 1943 г. пераехаў з Бэрліну ў Менск. Але тастамант Захаркі аддаў перавагу М. Абрамчыку.

У траўні (або ліпені) 1943 г. у Бэрлін, дзе ў гэты час знаходзіўся Абрамчык, прыяжджае дэлегат ад ЦК БНП А. Сянькевіч. Ён перадае старшыні Рады БНР прапазыцыю сваёй партыі і асабістую прозьбу Родзькі прыехаць на Беларусь і абняць палітычнае кіраўніцтва, а таксама выдавецтва нелегальнай прэсы БНП. Абрамчык згаджаецца і пачынае падрыхтоўку “да пераезду ў лясы Беларусі”.

Ведаючы пра існаваньне на Зах. Беларусі партызанскіх аддзелаў Беларускае Народнае Партызанкі, якая знаходзілася пад палітычным кіраўніцтвам Грамады, Абрамчык высылае на Беларусь сувязную Кацярыну Грынкевіч з заданьнем навязаньня сувязі. Нягледзячы на тое, што сувязная дала зразумець, што Абрамчык у Бэрліне “са сваёй групай вядзе незалежную ад немцаў палітыку на дабро незалежнасьці Беларусі”, кіраўнік Грамады Сяргей Хмара (Саковіч загінуў у чэрвені 1943 г.) ад навязаньня сувязяў устрымаўся.

Але Абрамчык не губляе надзеі. Увосень 1943 г. ён высылае зь Нямеччыны ў Мір “ярого белорусского националиста” Крамко з шэрагам арганізацыйных і палітычных заданьняў. Аднак Крамко трапляе ў рукі бальшавіцкіх партызанаў. Тады, у кастрычніку 1943 г. М. Абрамчык вырашае сам ехаць на Бацькаўшчыну, дзе ён навязвае сувязі з кіраўнікамі нацыянальнага падпольля і прадстаўляе ім свае паўнамоцтвы - тастамант Захаркі.

Здавалася, што справы ідуць як нельга лепш. Абрамчык, як Старшыня Рады БНР, павінен быў сыйсьці ў падпольле і стаць на чале цэнтральнага воргану кіраваньня вызвольным рухам. На Ўкраіне падобны ворган - Украінская Галоўная Вызвольная Рада - паўстала толькі летам 1944 г. Але Мікола Абрамчык не пасьпеў... 10 лістапада 1943 г. ён быў арыштаваны гестапа і дэпартаваны ў Парыж, дзе знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Такім чынам, спроба Старшыні Рады БНР ачоліць беларускі вызвольны рух у 1943 г. была сарваная нямецкімі і, магчыма, савецкімі спэцслужбамі.

Нацыянальны Рэзыстанс у змаганьні за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі (канец 1943 г. - лета 1944 г.)

Правадыр БНП У. Родзька шукае саюзьнікаў у барацьбе з бальшавізмам. На Ўкраіне існавалі некалькі плыняў вызвольнага руху: мельнікаўцы, бандэраўцы й бульбаўцы. Спачатку Родзька супрацоўнічаў з Палескай Сеччу УПА а. Тараса Бульбы. Як вядома, з ПС УПА шчыльна супрацоўнічала Беларуская Народная Партызанка і Грамада. Грмадоўцы былі, у сваёй большасьці, былыя камуністыя, сацыялістыя і таму да іх зь недаверам ставіўся кс. В. Гадлеўскі. У свой час ён не пайшоў на кантакт з С. Хмарам. Ксяндза Гадлеўскага задавальняла ўжо тое, што праз Родзьку, Саковіча і інш. БНП мела інфармацыю пра БНПартызанку і Грамаду, а ісьці на больш цесныя кантакты было небясьпечна для абедзьвюх арганізацыяў. Родзька трымаў сувязь з Грамадою на працягу ўсяго часу нямецкай акупацыі. Ён своечасова вызначыў найбольш пэрспэктыўную плынь украінскага вызвольнага руху - ОУН С. Бандэры і пайшоў на кантакт зь ім. Бандэраўцы, сапраўды, летам 1943 г. падначальваюць сабе ПС УПА, аслабляюць мельнікаўцаў і адраджаюць Украінскую Паўстанцкую Армію пад камандаваньнем генэрала Рамана Шухэвіча. Пасьля зьнішчэньня самастойнасьці ПС УПА, была зьнішчаная бальшавікамі БНПартызанка, і аслабленая Грамада ўжо не магла канкураваць з Беларускай Незалежніцкай Партыяй. Тым больш, што 13 чэрвеня 1943 г. у Васілішках на Лідчыне быў забіты польскімі тэрарыстамі правадыр Грамады Юльян Саковіч (са згоды немцаў, якія выслалі Саковіча зь Менску). Нацыянальны рэзыстанс нёс цяжкія згубы. Ад рук польскіх, нямецкіх і бальшавіцкіх забойцаў загінулі таксама: Пётра Радзевіч, Уладыслаў Контаўт, Адам Дасюкевіч, Францішак Аляхновіч, Леанід Маракоў, Вацлаў Іваноўскі і іншыя. 

У лістападзе 1943 г. у Жытомірскіх лясах бандэраўцы склікалі нелегальную канфэрэнцыю прадстаўнікоў паняволеных бальшавікамі народаў. Беларускі вызвольны рух рэпрэзэнтавалі два сябры БНП, адзін зь якіх, капітан В. Е. (псеўда “Дружны”) падпісаў дэклярацыю канфэрэнцыі аб стварэньні Антыбальшавіцкага Блёку Народаў (АБН).

Другой важнай акцыяй БНП было скліканьне ў Вільні легальнага “Беларускага Зьезду”. Ужо на эміграцыі хмараўцы выкарыстоўвалі гэты зьезд, як галоўны доказ “супрацоўніцтва” БНП з Абвэрам. Але гэта было далёка ад ісьціны. Абвэр, безумоўна, ведаў пра БНП. Родзька яшчэ зь вясны 1941 г. супрацоўнічаў з вайсковаю контрразьведкаю і быў кіраўніком яе беларускай групы (Зыбайла, Вежан, Гугель і інш.). Ён, пры пасярэдніцтве Абвэру, здабываў магчымасьці бесперашкоднага перасоўваньня сваіх людзей па ўсёй Беларусі, а пасьля і па Нямеччыне. Капітан Сакольскі цьвердзіць, што “перад Абвэрам Родзька не выступаў як праваднік БНП, але як камандзір вайсковай спэцыяльнай Беларускай групы, накіраванай на змаганьне з савецкім ворагам” (Беларускі голас, 1966, красавік).

Дык вось, у 1943 г. у Вільні склікаўся запраектаваны БНП зьезд для абмеркаваньня сытуацыі і далейшых напрамкаў дзеяньня. Абвэр ведаў пра гэты зьезд, як пра “Беларускі зьезд у Вільні”, арганізаваны У. Родзькам дзеля нарадаў процібальшавіцкага дзеяньня. На зьезд былі запрошаныя сябры БНП, Грамады і іншых меншых незалежніцкіх групаў. Запрашэньні і вайсковыя прапускі-білеты на цягнік рассылаліся праз нямецкую вайсковую пошту і кур’ераў БНП. У гэтых дакумэнтах адзначалася, што дадзеная асоба едзе ў Вільню па загаду і патрэбах нямецкай арміі. Зьезд у Вільні няўдаўся, бо цывільныя нямецкія ўлады Генэральнага камісарыяту “Беларусь” даведаліся з даносу або выпадкова, аб зьезьдзе беларускага актыву за межамі камісарыяту, у Вільні. У большасьці дэлегатаў былі паадбіраныя прапускі і іх папярэдзілі, што калі нехта ўсё ж паедзе ў Вільню, дык будзе неадкладна арыштаваны. СД вёў допыты аб характары зьезду і яго кіраўніцтве. 

З гэтай прычыны ў Вільні была праведзеная вузкая нарада, на якой абгаворвалася толькі афіцыйная справа: дзеяньні ў тыле савецкіх войскаў на занятай імі частцы Беларусі пры дапамозе дэсантаў і г. д. Ад грамадоўцаў у Вільню павінны былі ехаць: Васіленя, Хмара, Вір, Саковіч, Крыт і інш.

Напярэдадні чарговай бальшавіцкай акупацыі Беларусі БНП арганізоўвае партызанскія аддзелы і падпольныя групы. Сябры БНП дзеялі і на акупаваных ужо ў 1943 г. бальшавікамі Смаленшчыне і Браншчыне. Нельга забываць, што на Смаленшчыне дзейнічалі сябры ЦК БНП Вітушка і Касмовіч, якія спрычыніліся да стварэньня тут моцнага антыбальшавіцкага падпольля. 

Напрыканцы чэрвеня 1944 г. БНП рыхтавала ў Менску падчас Другога Ўсебеларускага Кангрэсу антынямецкае паўстаньне. Але хуткае набліжэньне фронту й ход кангрэсу зьмянілі пляны незалежнікаў. У. Родзька вырашае накіраваць некалькі соцень сяброў партыі ў спэцшколы Абвэру дзеля вышкаленьня на партызанскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне.

Неабходна сказаць колькі слоў і пра дзейнасьць Партыі Беларускіх Нацыяналістых. Летам 1943 г. было створана Беларускае Нацыянальна-Дэмакратычнае Аб'яднаньне (БНДА), у склад якога ўвайшлі ПБН, Народнае Аб'яднаньне (былая хадэцыя) на чале са Ст. Грынкевічам (старэйшым) і іншыя дробныя групы. БНДА павінна была выглядаць у вачах польскага падпольля больш значнай арганізацыяй, чымся была ПБН. Першыя спробы арганізацыі БНДА Ян Станкевіч рабіў яшчэ напачатку 1942 г. у Менску. Як успамінае генэрал К. Езавітаў, тады ў Станкевіча нічога не атрымалася. Перамовы БНДА з палякамі ў Вільні напрыканцы 1943 г. былі безвыніковыя. У сьнежні 1943 г. быў забіты Іваноўскі. Неўзабаве быў вымушаны выехаць з Менску ў Прагу Ян Станкевіч. Такім чынам, палітыка Станкевіча - Іваноўскага скончылася поўным крахам. Перамовы нічога не змаглі даць, бо за ПБН, а пасьля БНДА, не было рэальнай сілы. Трэба было быць наіўным, каб спадзявацца, што нехта падаруе нам незалежнасьць або нейкую фэдэрацыю. Нельга забываць і той факт, што ў час перамоваў і 1941-га, і 1943-га гадоў ад польскага тэрору гінулі беларускія патрыёты...

Нацыянальны Рэзыстанс у Нямеччыне (1944-45 гг.)

Частка ўдзельнікаў антынямецкага падпольля засталася на Беларусі, каб змагацца з бальшавіцкім акупантам. У 1944-45 гг. некаторыя былі арыштаваныя НКВД (Ст. Грынкевіч (старэйшы), Ф. Грышкевіч, А. Клімовіч і інш.), другія працягвалі змаганьне з бальшавікамі ў партызанцы і падпольлі (генэрал Вітушка, Янка Гінько***, атаман Дуброва, ат. Харэўскі, ат. Перагуд і інш.). 

Шмат сяброў БНП, Беларускай Народнай Грамады, БНДА выехалі ў Нямеччыну. Капітан Родзька арганізоўвае сетку беларускай кансьпірацыі ў Польшчы, Усходняй Прусіі і Нямеччыне. Пры батальёне беларускіх дэсантнікаў “Дальвіц” нелегальна выдаваўся на рататары “Бюлетэнь БНП”, які распаўсюджваўся ў лягерах СБМ, беларускіх вайсковых частках і перапраўляўся на Бацькаўшчыну.

На дзейнасьць БНП выйшла гестапа. Актыўны сябра партыі Ўладзіслаў Рыжы-Рыскі па загаду Родзькі вёў падрыхтоўку антынямецкага паўстаньня ў Беларускай дывізіі Зіглінга, з мэтаю пераходу да саюзьнікаў. Гестапа дабілася ад Вайсковага аддзелу БЦР інфармацыі аб месцы знаходжаньня Рыжага. Толькі дзякуючы капітану Бэнэшу, які своечасова паведаміў кур'ера БНП пра магчымы арышт, Рыжы застаўся жывы. У. Родзька й іншыя зрабілі яму фальшывыя дакумэнты і даручылі новае партыйнае заданьне - навязаньне сувязяў з заходнімі саюзьнікамі. Гэткае ж заданьне атрымалі ў розныя часы Д. Касмовіч, Ст. Грынкевіч (малодшы) й інш.

У Бэрліне рэшткі Грамады арганізавалі падпольную групу “Двупагоня” на чале з С. Хмарам. “Двупагоня” - гэта сымбаль змаганьня Беларускага Народу з ворагамі з Усходу й Захаду. Гэтая група спрабавала апанаваць легальную прэсу, што выдавала БЦР у Нямеччыне. Гэта “Двупагоні”, у некаторай ступені, удалося. Было апанаванае і Беларускае інфармацыйнае бюро. На пачатку 1945 г. “Двупагоня” выступіла ініцыятарам рэфармаваньня Беларускай Цэнтральнай Рады.

БНП на чале з маёрам Родзькам у гэты час працуе дзеля будучай збройнай барацьбы з бальшавікамі. На Беларусь перапраўляюцца дэсантныя групы БНП Вітушкі, Мануйлы, Сікоры і інш.**** У Польшчу дзеля арганізацыі падпольля накіроўваюцца сябры партыі на чале з М. Шкялёнкам. Застаецца падпольле і ў Бэрліне.

На пачатку красавіка 1945 г. у Бэрліне прайшла нелегальная канфэрэнцыя БНП, на якой была ўтворана Беларуская Вайсковая Арганізацыя. У траўні частка батальёна “Дальвіц” на чале з У. Родзькам накіроўваецца на Бацькаўшчыну, каб узначаліць нацыянальны партызанскі рух і падпольле. Аднак і ён, і маёр Іван Гелда былі арыштаваныя і загінулі...*****

Вясною 1945 г. пачынаўся новы этап беларускага вызвольнага руху...

Эпілёг

Нацыянальны рэзыстанс часоў другой сусьветнай вайны стаўся той асноваю, на якой арганізаваўся пасьляваенны супраціў бальшавіцкім акупантам на Беларусі. Таму й сёньня гэтак цяжка ідзе вывучэньне гэтай тэмы. Калі сказаць усю праўду пра ваенны рэзыстанс, дык прыдзецца зрабіць тое ж і з паваенным рухам, і наадварот. Гэта здарыцца яшчэ ня хутка, як ня хутка адкрыюцца сакрэтныя архівы КДБ, бо вельмі ж шмат сэнсацыяў чакаюць там нас. Мы ведаем, хто баіцца ўздыму беларускага нацыянальнага патрыятызму , выкліканага адраджэньнем нядаўняй гераічнай гісторыі нашага народу. Яны яшчэ спрабуюць перашкодзіць натуральнаму ходу гісторыі і не разумеюць, што самі трапяць пад ейныя колы.

Ліпень 1995 г.
Сяргей Ёрш

    ЗАЎВАГІ Сяргея Ярша ад 2004 г.:
  • * Дакладная дата заснаваньня БНП пакуль канчаткова нявызначаная. У данай публікацыі аўтар узяў за аснову вэрсію эміграцыйнага гісторыка Вацлава Пануцэвіча.
  • ** Дачыненьне Ф. Акінчыца да арышту В. Гадлеўскага дакумэнтальна не даказанае. Пакуль да канца ня высьветленыя і абставіны забойства Акінчыца.
  • *** Насамрэч, сябра ЦК БНП і ўдзельнік дэсанту батальёна “Дальвіц” Янка Гінько быў арыштаваны ў канцы 1944 г.
  • **** Мануйла і Сікора былі пакінутыя летам 1944 г. у Беларусі для арганізацыі партызанскага руху.
  • ***** Гелда быў павешаны ў 1946 г. у Беластоку, а Родзька яшчэ ў сярэдзіне 50-х знаходзіўся ў сібірскіх канцлягерах.