Апазыцыя ў Беларусі (1944—1953)

Моладзевыя арганізацыі на тэрыторыі Беларусі (1944-1956 гг.)

Пры разглядзе факту існаваньня апазыцыйных арганізацыяў зьвяртае на сябе ўвагу характэрная акалічнасьць: абсалютная большасьць моладзевых антысавецкіх арганізацыяў дзейнічала на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у той самай частцы краіны, якая ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай (1921-1939). Чаму гэтага не адбылося ва Ўсходняй Беларусі?

БССР, якая фармальна лічылася незалежнай рэспублікай, а пазьней - і суб'ектам міжнароднага права, насамрэч зьяўлялася калёніяй Масквы. Ад першых год савецкай улады Ўсходняя Беларусь была трывалым элемэнтам таталітарнай сыстэмы, яе фарпостам, а таму ня дзіўна, што пабудове “правільнага” грамадзтва ў Беларусі ўдзялялася дастаткова вялікая ўвага Масквы. На кіруючыя пасады прызначаліся Масквой адно правераныя людзі.

Паказальна тое, што большасьць кіраўнікоў савецкай Беларусі былі небеларусамі: А.Мясьнікоў (1918-1920), В.Кнорын (1920-1922), В.Багуцкі (1922-1924), Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.Крыніцкі (1924-1927), В.Кнорын (1927-1928), Я.Гамарнік (1928-1929), К.Гей (1930-1932), М.Гікала (1932-1938), М.Гусараў (1947-1950), М.Патолічаў (1950-1956), К.Мазураў (1956-1965). Да беларуса (па іншых крыніцах, украінца) Кірылы Мазурава быў толькі адзін камуністычны лідэр-беларус - Васіль Шаранговіч (1938-1947). Ды і той быў пры пасадзе нядоўга.

Натуральна, што такія партыйныя лідэры савецкай Беларусі не цікавіліся ні гісторыяй Беларусі, ні ейнай культурай, мовай. Пра якую незалежнасьць мясцовых камуністаў магла ісьці гаворка, калі беларуская камуністычная партыя разглядалася Масквой выключна як абласная арганізацыя. А нацыянальныя асаблівасьці (у кантэксьце камуністычных догмаў зьліцьця нацыяў і інтэрнацыяналізму) разглядаліся як другасныя і непатрэбныя.

Новыя лідэры БССР адмаўлялі ня толькі вартасьць нацыянальнага разьвіцьця краіны, але і яе гісторыю. Вільгельм Кнорын у 1927-1928 гг. на адным з пасяджэньняў казаў: “Мы так раскрытыкуем Смаляцічаў і Тураўскіх, што двух радкоў ім будзе шкада прысьвяціць у нашай гісторыі, бо яны ідуць ад іншай лініі, а не ад лініі працоўных масаў”.

У гэтым рэчышчы “славутая” беларусізацыя - ня болей як часовае зацікаўленьне праблемамі нацыянальных ускраінаў, адмысловы крок назад. Яскравы прыклад: у 1924 г. быў абвешчаны старт беларусізацыі, а ўжо ў наступным годзе першы сакратар А.Крыніцкі заяўляе пра рост нацыянальных настрояў у рэспубліцы. Беларусізацыя Беларусі была народжаная камуністамі, імі ж і была задушаная ўжо ў канцы 1920-х гг.

Кардынальна іншым было становішча ў Заходняй Беларусі. Нягледзячы на тое, што тут у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў існаваў нацыянальны і сацыяльны ціск, Польшча, куды ўваходзілі заходнебеларускія землі, была эўрапейскай дэмакратычнай дзяржавай. У той час любая дзяржава ў Эўропе, тым больш маладая, “грашыла”, праўда, тым, што арыентавалася на тытульную нацыю і кіравалася выключна яе інтарэсамі (напр., Югаславія, Чэхаславаччына, Вугоршчына). Тады гэта было “нармальнай” зьявай, і Польская дзяржава дзейнічала ў адпаведнасьці з тагачаснай сытуацыяй, якая ўскладнялася тым, што на ўсходняй мяжы Польскай Рэспублікі была магутная імпэрыя - Савецкі Саюз, які любымі сродкамі імкнуўся паўплываць на падзеі ў Эўропе і, у прыватнасьці, у Польшчы, скарыстоўваючы, у тым ліку, уплыў на нацыянальныя рухі. Змагаючыся з нацыянальнымі памкненьнямі беларусаў ці ўкраінцаў, Польшча імкнулася ўмацаваць свае дзяржаўныя пазыцыі.

Вядома, польскія ўлады пачынаючы з 1926 г. зачынялі беларускія гімназіі і школы . Палітычна перасьледавалі беларускіх нацыянальных дзеячоў. Але, параўнальна з тым, што рабілася ва Ўсходняй Беларусі, размах і ціск былі зусім іншыя. Прынамсі, ніхто ня быў расстраляны. У “сумнавядомым” Картуз-Бярозаўскім канцэнтрацыйным лягеры, самым буйным у Заходняй Беларусі, у 1934-1939 гг. адсядзела 5.500 чалавек. Разам з тым, нягледзячы на цэнзуру, выдаваліся беларускія газэты, а згортваньне беларускага руху пачалося толькі з 1938 г.

Улічваючы такую палітыку польскіх уладаў, Саветы выкарыстоўвалі яе ў сваіх мэтах, разгарнуўшы шырокую прапаганду савецкага ладу жыцьця. У Заходняй Беларусі нашыя палітыкі, прынамсі, мелі трыбуну, адкуль маглі гаварыць пра Беларусь і ейныя праблемы ўсяму сьвету. Яны мелі права свабоднага выезду ў Заходнюю Эўропу, дзе маглі бачыць вольнае жыцьцё, маглі параўноўваць. Беларусы-заходнікі адзначалі нацыянальныя сьвяты, прыкладам Дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, шырока выкарыстоўвалі нацыянальную сымболіку. Здавалася б, дробязь, але іхныя суайчыньнікі па другі бок мяжы ня мелі нават і гэтага.

У верасьні 1939 г. на заходнебеларускія землі прыйшла савецкая ўлада, і празь некаторы час тое, што “рабілі” польскія паны, паказалася дзіцячымі гульнямі. Паралельна з разьвіцьцём прамысловасьці, увядзеньнем сацыяльнага забесьпячэньня, адкрыцьцём беларускіх школаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі распачаліся, аднак, масавыя рэпрэсіі: арыштоўваліся ўсе “сацыяльна небясьпечныя элемэнты”: лесьнікі, чыноўнікі, настаўнікі, памешчыкі, афіцэры, асаднікі. Турмы ў Вілейцы, Берасьці, Баранавічах, а потым апошнія прытулкі ў Беразвеччы, Асташкаве, Казельску, Катыні. Па самых мінімальных падліках, за 1939-1941 гг. у Заходняй Беларусі былі рэпрэсаваныя 125 тыс. чалавек.

Адразу ж былі арыштаваныя лідэры Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, іншых палітычных нацыянальных арганізацыяў. Яны былі ці расстраляныя, ці вывезеныя ў Сыбір і Казахстан.

Нямецкая акупацыя Беларусі аказала значны ўплыў на пасьляваенную раскладку сілаў і афармленьне антыкамуністычнага руху.

У 1941-1944 гг. на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі разьвіваўся беларускі нацыянальны рух. Спынімся тут толькі на некаторых момантах яго разьвіцьця.

Частка беларускіх дзеячоў паверыла нямецкім дэклярацыям, г.зн. у магчымасьць саюзу з гітлераўскай Нямеччынай і адраджэньня незалежнай беларускай дзяржавы ў складзе Трэцяга Райху (Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўскі, Мікола Шчорс, Вінцэнт Гадлеўскі і інш.). Праўда, такія спадзяваньні трывалі толькі ў 1941 г. (самым пачатку нямецкай прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі). Хутка прыйшло разуменьне, што нямецкія абяцанкі ня больш чым пустыя дэклярацыі, якім нельга верыць. Займацца палітыкай у варунках гітлераўскай акупацыі стала небясьпечнай справай. Беларусы апынуліся між двух агнёў (немцы і Саветы). Была і яшчэ адна небясьпека: польскае нацыянальнае падпольле ў Заходняй Беларусі, актывісты якога змагаліся за сваю культурную прастору, у тым ліку і супраць беларускіх дзеячоў, што з розных прычынаў, часта вымушана, супрацоўнічалі зь немцамі.

Немцы ў сфэру культуры ня лезьлі. І таму беларускія палітыкі актыўна пераключыліся на культурніцкае жыцьцё. Гэта была мажлівасьць падрыхтаваць глебу для наступных пакаленьняў (гаворка ідзе пра беларускае школьніцтва і ўплыў на моладзь). Прывядзём тут словы аднаго зь лідэраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Адольфа Клімовіча: “…часовая акупацыя гітлераўскімі ўладамі ў 1941 г. не магла не ўскалыхнуць беларуса і не ў аднаго прабудзіла нейкія надзеі… Я асабіста быў сярод тых, хто хапаўся за магчымасьць нейкай канкрэтнай беларускай працы… Бязьдзейнасьць у такую хвіліну азначала б праступства”.

10 верасьня 1941 г. Генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ выдаў загад, што тычыўся беларускага школьніцтва (кожнае беларускае дзіця ва ўзросьце ад 7 да 14 год мусіла абавязкова наведваць школу). Таксама ў цыркуляры адзначалася, што школы мусілі быць пазбаўлены расейскага ці польскага ўплыву.

Якой жа была беларуская школа ва ўмовах нямецкай акупацыі? У ёй выкладалі гісторыю Беларусі па Ластоўскаму ці Язэпу Найдзюку, беларускую літаратуру, праграма якой улучала творы рэпрэсаваных пісьменьнікаў, выкладалі беларускую мову, напачатку па Граматыцы Браніслава Тарашкевіча, а потым па падручніку Антона Лёсіка. У беларускіх школах вучылі любіць усё беларускае, чаго не было ў польскіх і, тым больш, савецкіх установах. Можна, канечне, запярэчыць: школы былі пад нямецкім наглядам і кантролем. Адкажам так: нямецкая прысутнасьць абмяжоўвалася партрэтам Гітлера ў школе (не павесіць Гітлера-вызваліцеля азначала атрымаць кулю ў лоб), урокам нямецкай мовы раз на тыдзень і палітінфармацыяй, на якой трэба было распавядаць пра посьпехі нямецкай арміі. Ідэалягічны набор савецкай школы быў значна шырэйшы.

Яшчэ большае значэньне ў сэнсе беларускага ўплыву на вучняў мелі разнастайныя гімназіі, прагімназіі, гандлёвыя школы. Характэрная асаблівасьць гэтых навучальных установаў - добры падбор навучэнцаў, прафэсіяналізм настаўнікаў і іх беларускасьць. У якасьці прыкладаў можна назваць Маладзечанскую гандлёвую школу, Менскую прагімназію, Наваградзкую настаўніцкую сэмінарыю, Баранавіцкую мэдычную школу…

Варта адзначыць яшчэ адзін важны фактар, які паўплываў на станаўленьне антысавецкага беларускага моладзевага руху пасьля вайны - гэта стварэньне падчас нямецкай акупацыі Саюзу Беларускай Моладзі.

Вільгельм Кубэ, Генэральны камісар Беларусі, распрацаваў канцэпцыю масавай моладзевай арганізацыі, якая аб'яднала б несавецка арыентаваных юнакоў і дзяўчат. Зь першых месяцаў 1943 г. распачалася падрыхтоўка да стварэньня такой арганізацыі, названай пазьней Саюзам Беларускай Моладзі. Падрыхтоўка найвышэйшых кіраўнікоў СБМ адбывалася ў Нямеччыне (Бэрліне і Вустраве), а кіраўнікоў ніжэйшых рангаў - у Альбэртыне (пад Слонімам) і Драздах (пад Менскам).

22 чэрвеня 1943 г. Вільгельм Кубэ ўрачыста абвясьціў пра стварэньне СБМ. Найвышэйшай структурай арганізацыі зьяўляўся Кіраўнічы Штаб, які ўзначаліў Міхась Ганько. Кіраўнічкай дзяўчат была доктар Надзея Абрамава. Кіраўнічаму штабу былі падпарадкаваныя акруговыя арганізацыі СБМ, тым, у сваю чаргу, былі падначаленыя павятовыя суполкі СБМ, якія кіравалі ячэйкамі ў гарадах, вёсках, школах.

Мэтай арганізацыі было “ўзгадаваць маладых, ідэйных, мужных і пасьлядоўных будаўнікоў Новае Беларусі і падрыхтаваць іх да будучых заданьняў у народзе”. Сябрамі арганізацыі былі юнакі і юначкі векам ад 10 да 20 год, якія падзяляліся на тры ўзроставыя групы. Былі прынятыя сымболіка, тэкст забавязваньня (прысягі), было распачата выданьне часопіса “Жыве Беларусь!”.

Безумоўна, нямецкія ўлады разглядалі СБМ як апірышча сваёй палітыкі і як сродак узгадаваньня верных прыхільнікаў гітлераўскай Нямеччыны. Аднак беларускія нацыянальныя дзеячы, а менавіта яны непасрэдна кіравалі арганізацыяй, глядзелі на СБМ з цалкам іншых пазыцыяў. Для іх Саюз быў сродкам выхаваньня беларускай моладзі ў нацыянальным і адраджэнскім духу, сродкам выхаваньня такой моладзі, якая пазьней, пры спрыяльных варунках, прыступіла б да адбудовы новай незалежнай Беларусі.

Вэраніка Катковіч-Клентак, кіраўнічка менскай гарадзкой суполкі, пазьней пісала: “Немцы, вядома, мелі сваю мэту - выкарыстаньне моладзі, а нашае кіраўніцтва імкнулася да процістаўнай мэты. Мы імкнуліся абуджаць нацыянальную сьведамасьць і патрыятычныя пачуцьці адказнасьці за сваю бацькаўшчыну й павіннасьці змаганьня за яе вызваленьне. У сувязі з тым між нашым кіраўніцтвам і прадстаўніцтвам нямецкага боку была паўсюдная супярэчнасьць, якая ўскладняла працу, стварала небясьпечныя сытуацыі, уключна з арыштамі працаўнікоў кіраўнічага штабу й пагрозамі зьняволеньня шэфа-правадніка… Нягледзячы на ўсе цяжкасьці ваенных умоваў і небясьпекі з боку бальшавіцкага падпольля, а таксама й галоўнага ў тым часе акупанта - Немцаў, моладзь неспадзявана энтузіястычна гарнулася да СБМ”.

Шараговыя сябры СБМ разглядалі арганізацыю выключна з патрыятычнага пункту гледжаньня: Саюз для іх стаўся арганізацыяй, дзе іх вучылі любіць Беларусь, ейную культуру, мову. Тут яны маглі правесьці вольны час, атрымаць маральную ды і матэрыяльную дапамогу.

Можна, канечне, сьцьвярджаць, што СБМ ствараўся на прынцыпах нямецкага гітлерюгенду. Але той жа гітлерюгенд - ня больш як калька з савецкай піянерыі. Схіленьне галавы перад Адольфам Гітлерам і дэкляраваньне яму вернасьці былі данінай часу, інакш СБМ проста не існаваў бы.

Колькі сяброў налічвала арганізацыя? Па розных падліках і ацэнках, ад 8 тыс. чалавек (Аляксандар Каваленя “Прагерманскія саюзы моладзі на тэрыторыі Беларусі”) і да 100 тыс. чалавек (лічба беларускага гісторыка Юры Туронка). Вэраніка Катковіч назвала лічбу ў 45 тыс. чалавек (на канец чэрвеня 1944 г.). Найбольш верагодна, што СБМ налічваў 12.635 чалавек. Такую лічбу агучыў шэф СБМ Міхась Ганько 21 чэрвеня 1944 г.

Як паказваюць пазьнейшыя падзеі, СБМ абудзіў патрыятычны дух беларускай моладзі. Беларускія песьні, маршы, супольнае вывучэньне гісторыі і літаратурных твораў, безумоўна, паўплывалі на маладых людзей. Зарад беларушчыны, які быў прышчэплены за адзін год (СБМ праіснаваў фактычна год), застаўся на ўсё жыцьцё, і сябры і сяброўкі арганізацыі несьлі яго доўгія гады, не забываючыся на беларушчыну ні на эміграцыі, ні ў сталінскіх канцлягерах, куды яны за ўдзел у дзейнасьці арганізацыі траплялі на 25 год.

Улетку 1944 г. адна акупацыя зьмянілася другой - савецкай. Беларусь страціла тады значную частку свайго інтэлектуальнага і патрыятычнага патэнцыялу. Беларуская інтэлігенцыя, якая на працягу 1941-1944 гг. працавала ў адміністрацыі, беларускіх школах, газэтах, апынулася перад дылемай: заставацца ў краіне ці сыходзіць разам зь немцамі на Захад. Усе выдатна разумелі, што савецкая ўлада разьлічыцца зь імі за “супрацоўніцтва” зь немцамі. Для Саветаў усе гэтыя людзі былі фашысцкімі “паслугачамі” і “недабіткамі”. Хто адважыўся, той падаўся на эміграцыю.

Пасьляваенныя гады сталіся працягам татальнай русіфікацыі беларускага грамадзтва і, у прыватнасьці, сыстэмы адукацыі. Адметнай рысай было адмоўнае стаўленьне да ўсяго нацыянальнага.

Чаму так адбылося? Няўклюдную паслугу ў гэтым, безумоўна, аказала шырока наладжанае нацыянальнае жыцьцё падчас нямецкай акупацыі. Нацыянальнае (нават змаганьне за беларускую мову) стала асацыявацца з фашысцкім. Было відавочна, што насельніцтва Заходняй Беларусі было больш нацыянальна арыентаваным, таму тут бальшавікі пачалі прадпрымаць рашучыя крокі, каб зьменшыць нацыянальны ўплыў. Найперш гэта праяўлялася ў кадравай палітыцы. Так, на 1953 г. з 1.175 партыйных работнікаў, што працавалі ў трох заходнебеларускіх вобласьцях (Гродзенскай, Брэсцкай і Маладзечанскай), толькі 121 чалавек быў зь мясцовых. Гэта блізу 10%. А ў апаратах Баранавіцкага абласнога і гарадзкога камітэтаў партыі, Брэсцкага і Гродзенскага гаркамаў, Ваўкавыскага райкама не было ніводнага мясцовага працаўніка. З 256 сакратароў камітэтаў партыі заходніх вобласьцяў рэспублікі беларусаў налічвалася 170, а выхадцаў зь мясцовага насельніцтва - 15. Больш за палову сакратароў калгасных і тэрытарыяльных партарганізацыяў былі прысланыя з Усходняй Беларусі. Тое ж самае тычылася і камсамольцаў (толькі 34% камсамольскіх работнікаў рэпрэзэнтавалі мясцовую моладзь).

Палітыка русіфікацыі была разгорнутая і ў школьных установах. Так, у 1945-1946 навучальным годзе ў Менску працавала 14 беларускіх школаў і столькі ж расейскіх, а праз 7 год засталося толькі 9 беларускіх; колькасьць расейскіх школаў пастаянна расла, і гэта пры тым, што большасьць вучняў была выхадцамі зь беларускіх сем'яў. Прывядзём невялічкі прыклад. Школа № 7 г. Мінска. Вучняў-беларусаў тут было 90%, аднак мова навучаньня была расейская. У Брэсьце з 14 школаў толькі адна была беларуская.

Тое ж самае тычылася і вышэйшых навучальных установаў, адкуль таксама паціху выціскалася беларуская мова. Так, у Гомельскім пэдагагічным інстытуце ў пачатку 1950-х гг. з 103 выкладчыкаў толькі 26 былі беларусамі. Адпаведна ўсе дысцыпліны, за выняткам беларускай мовы і літаратуры, чыталіся па-расейску. А адзін выкладчык вызначыўся тым, што чытаў лекцыі па беларускай мове і літаратуры па-расейску.

Становішча ў Заходняй Беларусі было яшчэ больш прыкрым. Калі за першымі Саветамі (1939-1941 гг.) адчыняліся (прыкрытыя пазьней палякамі) беларускія школы, то з прыходам другіх Саветаў выявілася тэндэнцыя да русіфікацыі навучальнага працэсу. Нічога дзіўнага тут не было. Тыя настаўнікі-беларусы, якія вучылі дзяцей за першымі Саветамі, працягнулі настаўніцтва пад нямецкай акупацыяй.

У 1944 г. заходнебеларускага настаўніцтва амаль ня стала. Частка яго ці была зьнішчана савецкімі партызанамі ў часе вайны як варожы элемэнт, ці адышла разам зь нямецкай арміяй на Захад. Тыя, хто застаўся, былі рэпрэсаваныя. На іх месца прысылалі настаўнікаў ці з Усходняй Беларусі, ці з Расеі, якім не было ніякай справы да беларушчыны. Натуральна, што школа русіфікавалася надзвычай хуткімі тэмпамі. Сюды ж дадавалася і дыскрымінацыйная палітыка, што мэтанакіравана праводзілася ў адносінах да заходняй часткі Беларусі. На пачатак 1950-х гг. з 27 вышэйшых навучальных установаў, што існавалі ў БССР, у заходніх вобласьцях дзейнічалі 6, а з 118 тэхнікумаў і сярэдніх спэцыяльных установаў - 32. Гэта пры тым, што тэрыторыя і насельніцтва заходняй і ўсходняй частак Беларусі былі прыкладна роўныя. Заходняя Беларусь працягвала заставацца як бы чужой тэрыторыяй. Нават пасьля 1944 г. захоўвалася старая мяжа, якая працягвала дзяліць беларускі народ на дзьве часткі, і каб прыехаць зь Менска ў Маладзечна, трэба было браць пропуск.

Пасьля 1944 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі распачаліся масавыя рэпрэсіі супраць мясцовага насельніцтва. Калі ў 1939-1941 гг. у асноўным арыштоўвалі палякаў, то пасьляваенныя рэпрэсіі ўдарылі па беларусах. Рэпрэсаваліся інтэлігенты, тыя, хто працаваў у беларускай адміністрацыі падчас нямецкай акупацыі, колішнія дзеячы нацыянальнага руху, заможныя і сярэднія сяляне, ды, увогуле, усе “падазроныя” асобы.

  1. Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956. Даведнік. -Мн., 1999.
  2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Глыбокае-Паставы. -Мн., 1997.
  3. Касьцюк М.П. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. -Мн., 2000.
  4. Катковіч Анэля, Катковіч-Клентак Вэраніка. Успаміны. -Беласток, 1999.
  5. Літвін А. Акупацыя Беларусі (1941-1944). Пытанні супраціву і калабарацыі. -Мн., 2000.
  6. Мірановіч Я. Навейшая гісторыя Беларусі. -Беласток, 1999.
  7. Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. -Мн., 1993.
  8. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2. -Мн., 1995.
  9. Супрун В. Жыць для Беларусі. -Менск-Слонім, 1998.
  10. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. -Мн., 1993.
  11. Юрэвіч Л. Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі. -Мн., 2001.