Апазыцыя ў Беларусі (1944—1953)

Моладзевыя антыкамуністычныя арганізацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1944-1953 гг.

Вышэй адзначалася, што асновай для антыкамуністычных арганізацыяў, у тым ліку і ў 1944-1953 гг., была моладзь. Чаму менавіта моладзь ва ўсе часы, ці, прынамсі, у ХХ ст., становіцца актыўным дзейнікам самых розных радыкальных і вызваленчых рухаў?

Маладыя людзі найчасьцей ня маюць сталага месца працы, бо вучацца. Маючы няпэўны сацыяльны статус, яны не прывязаныя да нейкай сацыяльнай структуры. Маладзёны ня зьвязаныя і сямейнымі вузамі, а калі і зьвязаны, то ня маюць дзяцей. Удзельнічаючы ў якім-небудзь радыкальным руху, малады чалавек не рызыкуе паставіць пад удар жонку ці дзяцей. Маладыя людзі менш адрозьніваюцца адзін ад аднаго паводле сваіх інтарэсаў. Роўнасьць адукацыі, наяўнасьць вольнага часу і няпэўнасьць сацыяльнага статусу выдзяляюць моладзь з іншых стратаў грамадзтва і ствараюць асобную "групоўку", якой уласьцівыя спробы зьмяніць сьвет.

Амаль любы грамадзка-палітычны рух можна падвесьці пад такую схему. І моладзевыя рухі 1944-1953 гг. - не выключэньне.

Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП), Глыбокае - Паставы.

Гэта арганізацыя моладзі, якая была створаная паралельна ў Глыбоцкай і Пастаўскай пэдагагічных вучэльнях у 1945-1946 гг. СБП сваёй дзейнасьцю абымала тую частку сёньняшняй Віцебшчыны, якая ўваходзіла ў склад Польскай дзяржавы ў 1921-1939 гг., а падчас нямецкай акупацыі ў склад Глыбоцкай акругі і часткова Вілейскай акругі, рэгіёнах генэральнай акругі Беларутэніі, дзе ішло змаганьне беларускага нацыянальнага руху з польскім. Гэта сёньняшнія: Глыбоцкі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Міёрскі, Докшыцкі раёны Віцебскай вобласьці, якія ўваходзілі ў той час (1944-1953 гг.) у склад Маладзечанскай вобласьці.

Вытокі стварэньня арганізацыяў - у беларускім школьніцтве за часамі нямецкай акупацыі і ўдзеле сяброў падпольля ў Саюзе Беларускай Моладзі. Кіраўнік СБП Васіль Мядзелец успамінаў пра сваё навучаньне ў Язьненскай школе, дырэктарам якой быў дзяяч заходнебеларускага нацыянальнага руху Ігнат Мятла: “У школе панаваў сапраўдны беларускі дух. Вучылі нас любіць Беларусь і служыць ёй. Настаўнікі і вучні гаварылі толькі па-беларуску. На ўроках нам распавядалі пра Гарэцкага, Гаруна і іншых пісьменьнікаў, якія былі рэпрэсаваныя і забароненыя ў БССР. Супроць школы і школьных работнікаў прабальшавіцкія сілы разгарнулі барацьбу яшчэ падчас вайны. Спачатку папярэдзілі нашага дырэктара, каб згортваў работу. А ўжо ад зімы 43-га году ў Язьне школы не было”. А вось што прыгадвала пра свой удзел у Саюзе Беларускай Моладзі Алеся Ўмпіровіч (Фурс): “Было прывабна надзець эсбээмаўскую форму, хоць на прыдзірлівае вока, можа і благую, пашытую з таннай тканіны. Мы з ахвотай маршыравалі па вуліцах Паставаў, сьпяваючы свае родныя песьні. Не прапускалі ніводнага сходу, якой-небудзь імпрэзы, вечарыны, што праводзіліся ў нашай суполцы СБМ. Асабіста я і мае сябры разумелі СБМ толькі як асяродак, дзе гартаваліся патрыятычныя пачуцьці моладзі, любоў да роднага, беларускага. Нічога не прышчаплялася нам нацыянал-фашыстоўскага, ніякай непрыязі да іншых народаў”.

Гэта толькі два сьведчаньні, аднак амаль усе ўдзельнікі моладзевага падпольля, якія былі выхаваныя ў беларускай школе і СБМ, успамінаюць з аднолькавай цеплынёй пра школьны асяродак. Можа паўстаць пытаньне: чаму нямецкая акупацыя не ўспрымалася імі як страшэнная бяда, а нямецкія акупанты як ворагі беларускага народу і гэтых юнакоў і юначак?

Адказ хаваецца ва ўмовах жыцьця заходнебеларускага грамадзяніна. За пэрыяд 1918-1944 гг. улада зьмянілася некалькі разоў (9 разоў!), і, натуральна, сваёй краіны не было (бальшавікі, палякі, немцы, палякі, бальшавікі, немцы, бальшавікі). Сваёй краіны, нават такой, як БССР, жыхар Заходняй Беларусі ня меў, таму і не было нейкіх грамадзянскіх пачуцьцяў і абавязкаў перад неіснуючай дзяржавай альбо той ці іншай уладай: усе ўлады былі для іх па сутнасьці акупацыйнымі.

Каму прысягаць? СССР, які гаспадарыў у 1939-1941 гг. толькі 20 месяцаў, а пасьля 1944 г. вярнуўся з шыбеніцамі і расстрэламі. Таму і на акупацыйную ўладу жыхар Заходняй Беларусі глядзеў даволі проста, праз акуляры сваіх уласных інтарэсаў. Лепшы акупант той, хто ня надта дакучае са сваімі “мерапрыемствамі” і дае пажыць жыхару акупаванай тэрыторыі. Для селяніна важныя не палітычныя заклікі, а свая гаспадарка, надзел зямлі, меншыя падаткі. Для маладога чалавека важнае іншае - школа, адукацыя і г.д.

На стварэньне моладзевага падпольля значна паўплывала і русіфікацыя, якая разгарнулася пасьля прыходу ў 1944 г. у Заходнюю Беларусь савецкай улады. Найперш гэта тычылася навучальнага працэсу. Маладыя людзі, што скончылі беларускія школы і настаўніцкія сэмінарыі за часамі нямецкай акупацыі, не разумелі, чаму беларуская мова выкідаецца з ужытку, выціскаецца з пэдагагічных вучэльняў (Глыбоцкай і Пастаўскай вучэльняў, дзе яны працягнулі навучаньне).

Прысланыя з Усходняй Беларусі ці нават Расеі настаўнікі ўвогуле адмаўлялі беларускай мове ў праве на існаваньне. “З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў вучэльню (Глыбоцкую. - А.Г.), адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасьць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасьля таго, што было ў школе падчас нямецкай акупацыі, такое становішча выклікала ў нас недаўменьне, а пасьля і пратэст” (Антон Фурс). Русіфікацыя навучальнага працэсу выклікала пратэст у найбольш актыўных юнакоў і дзяўчат.

Напачатку гэта былі звычайныя размовы, што характэрна для любой падобнай сытуацыі. У сваіх групках будучыя пэдагогі дзяліліся думкамі, выказвалі занепакоенасьць становішчам. Ускоснымі лідэрамі будучай арганізацыі былі ў той час Васіль Мядзелец, Антон Фурс і вучань Глыбоцкай СШ № 1 Алесь Юршэвіч. У сваіх гутарках яны нарэшце прыйшлі да высновы пра неабходнасьць “гуртаваць аднадумцаў і разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў сярод астатніх”. У маладых людзей не было, аднак, досьведу, яны ня мелі ўяўленьня пра тое, як наладзіць дзейнасьць арганізацыі і якой яна мусіць быць. І ўсё ж напрыканцы 1945 г. было створана ядро СБП. Старшынём быў абраны Васіль Мядзелец, сакратаром - Антон Фурс. Зноў працытуем словы Васіля Мядзельца, які так тлумачыць неабходнасьць стварэньня суполкі: “Нас займала вучоба, але ня толькі яна адна. Неяк разгаварыліся, што робіцца ў нас у пэдвучэльні: амаль выводзіцца з ужытку беларуская мова, усе прадметы толькі па-расейску. Вядзецца русіфікацыя, дэнацыяналізацыя. І вось нашая тройка - я, Фурс і Юршэвіч - прыходзіць да рашэньня гуртаваць аднадумцаў, каб разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў на астатніх. Пачалі закладваць нашу суполку. Натуральна паўстала пытаньне пра важака. Сябры назвалі маю кандыдатуру. Я разумеў гэта як гонар, але і як вялікую адказнасьць - першаму, як кажуць, чарка, але першаму й палка”.

Сябры СБП зьвяртаюць увагу на тое, што іх арганізацыя не была палітычная, ейнай мэтай было: павышэньне ўласнай ды сьвядомасьці людзей, у прыватнасьці, навучэнцаў і школьнікаў (усе сябры арганізацыі былі будучымі настаўнікамі). Статут ня быў распрацаваны. Асноўныя палажэньні праграмы хутчэй адлюстроўвалі максімалісцкія памкненьні маладых людзей і мала стасаваліся з рэальнай палітычнай сытуацыяй:

- сапраўдная, а не дэкляратыўная дзяржаўнасьць, самастойнасьць Беларусі, дзяржаўнасьць беларускай мовы, бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня”;

- патрабаваньне сувэрэнітэту, свабоднага разьвіцьця беларускага народу.

Актывісты СБП, натуральна ж, ня ведалі, як іх рэалізаваць, ды і ня ведалі, як за іх змагацца. Арганізацыя ня мела выразна акрэсьленай структуры, хаця ў ёй і існавалі пасады старшыні, сакратара, і яна мусіла падзяляцца на групы зь пяці чалавек (“пяцёркі”), у якіх кожны ўдзельнік ведаў трох астатніх і старшыню. У “пяцёрках” мусіла весьціся ўся праца, аднак гэтыя патрабаваньні, неабходныя для захаваньня кансьпірацыі, не вытрымліваліся. Новыя сябры прымаліся ў СБП па рэкамэндацыі, і кожны кандыдат даваў прысягу, тэкст якой склаў Алесь Юршэвіч.

“Я (імя, прозьвішча), уступаючы ў Саюз Беларускіх Патрыётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і беларускім народам, што заўсёды буду верны ідэалам свабоды і незалежнасьці Беларусі. Калі ж па слабасьці сваёй або па злому намеру я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, хай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка Радзімы”. Чалавек, прыняўшы прысягу, заносіўся ў агульны сьпіс сяброў СБП.

Адначасова ў Пастаўскай пэдагагічнай вучэльні была заснаваная моладзевая падпольная антыкамуністычная арганізацыя “За Беларусь”. Умовы, пры якіх узьнікла гэтая арганізацыя, былі падобныя тым, што існавалі і ў Глыбокім. Сытуацыя зь беларускай мовай тут была нават горшая. Студэнтам пэдвучэльні нават зьніжалі адзнакі за адказы па-беларуску. Кантраст паміж навучаньнем пад нямецкай акупацыяй (Пастаўская настаўніцкая сэмінарыя была заснаваная Барысам Кітам) і навучаньнем пры савецкай уладзе быў відавочны і спараджаў у вучняў пратэст.

Стваральнікамі падпольнай арганізацыі сталі Мікола Асіненка, Алесь Дзікі, Алесь Адамовіч і Валянцін Лагунёнак. Праўда, дакладна невядома, якую ролю адыграў у яе стварэньні колішні навучэнец Глыбоцкай пэдвучэльні Валянцін Лагунёнак, які перавёўся ў Пастаўскую вучэльню. Ня выключана, што гэтая група ўжо існавала да яго прыезду.

Мэты арганізацыі былі прыкладна такія ж, як і ў Глыбоцкага СБП: “бараніць родную мову, беларускую культуру, нацыянальныя традыцыі, самабытнасьць”. На пачатку 1946 г. арганізацыя мела пэўную структуру: узначаліў яе Мікола Асіненка, сакратаром быў Алесь Адамовіч, а скарбнікам - Ліна Бароўка.

У адрозьненьне ад Глыбоцкай, Пастаўская арганізацыя была лепш кансьпіраванай. Некаторыя яе сябры ўзялі сабе псэўданімы: Мікола Асіненка - Крывіч, Ніна Асіненка - Незабудка, Ліна Бароўка - Таполя, Алена Мацук - Лілія.

Як і СБП у Глыбокім, “За Беларусь” не была палітычнай арганізацыяй. Яе праца была выключна тлумачальная, скіраваная на прапаганду беларускай мовы, культуры, адстойваньне беларускасьці ва ўмовах татальнай русіфікацыі. (Усе навучэнцы меліся стаць настаўнікамі.)

25 сакавіка 1946 г. у вёсцы Рамелькі Пастаўскага раёну ў хаце Міколы Асіненкі сябры суполкі “За Беларусь” прынялі прысягу, якую прымалі перад бел-чырвона-белым сьцягам і выявай “Пагоні”, якую намалявала Алеся Ўмпіровіч (Фурс). Прыняўшы прысягу, сябры арганізацыі склалі сьпіс і расьпісаліся ў ім. У той жа дзень у Глыбоцкай арганізацыі прымалі новых сяброў.

Увесну 1946 г. праз Валянціна Лагунёнка былі наладжаныя кантакты з Глыбоцкай групай СБП. І на сустрэчы з глыбоцкім кіраўніцтвам Мікола Асіненка і Валянцін Лагунёнак дамовіліся пра аб'яднаньне Пастаўскай групы “За Беларусь” і Глыбоцкай арганізацыі СБП. Была зацьверджана і новая назва: Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае - Паставы). Нягледзячы на аб'яднаньне, і Глыбоцкая, і Пастаўская суполкі засталіся цалкам самастойнымі. Агульнага органу, які ўзгадняў бы дзейнасьць абедзьвюх арганізацыяў, не было створана. Разам з тым было вырашана праводзіць пэрыядычныя сустрэчы кіраўніцтва, дзе мелася ўзгадняць дзеяньні суполак.

Увесну 1946 г. адбыўся выпуск трэцяга курса пэдвучэльняў, і некаторыя сябры СБП, разьехаўшыся, атрымалі працу ў школах.

У лютым 1947 г. СБП быў разгромлены органамі МДБ. Як ужо адзначалася вышэй, сябры СБП ня надта клапаціліся пра кансьпірацыю. Сярод іх аказаўся агент МДБ-НКВД, магчыма, іх было і некалькі. Менавіта ён падштурхоўваў да актыўных дзеяньняў. Ня выключана, што і стварэньне самой арганізацыі было ініцыявана адпаведнымі органамі.

У лютым 1947 г., напярэдадні выбараў у ВС БССР, МДБ распачало арышты сяброў СБП. Частка сяброў арганізацыі была арыштаваная ў пэдвучэльні, а тых, хто настаўнічаў, забіралі з кватэраў ці ўрокаў. МДБ нават праводзіла апэрацыі па захопе паасобных сяброў арганізацыі. У турме сяброў СБП, а яны былі перавезеныя ў Менск у славутую “амэрыканку”, жорстка катавалі.

Большасьці сяброў СБП пагражалі пакараньні паводле арт.63 ч.1 і арт.76 Крымінальнага кодэксу БССР (здрада Радзіме і ўдзел у антысавецкай арганізацыі). Па справе СБП у 1947 г. адбылося два судовыя разгляды:

- 16-20 чэрвеня ў Менску былі асуджаныя 34 сябры СБП. Васілю Мядзелецу, Антону Фурсу, Міколу Асіненку і Валянціну Лагунёнку быў вынесены сьмяротны прысуд - расстрэл, пазьней заменены на 25 год канцэнтрацыйных лягероў. Іншыя сябры СБП атрымалі ад 3 да 25 год пазбаўленьня волі.

- У Полацку 11-12 лістапада былі асуджаныя Леанід Казак, Пётр Сьпірковіч, Марыя і Іван Бабічы, Алена і Ларыса Барсукі.

А ў 1948 г. ў Полацку былі асуджаныя Мікола Конан, Стась Савік і Алеся Ўмпіровіч.

Пазьбеглі пакараньня Віктар Дылевіч, сябра Глыбоцкай групы СБП, які здолеў зьбегчы ў Польшчу, і Мікола Дзеравянка, віна якога не была даказаная.

Сябры СБП адбывалі свае тэрміны ў канцэнтрацыйных лягерах у розных кутках СССР. У 1955-1956 гг. падчас “хрушчоўскай адлігі” ўсе яны былі вызваленыя. Але па вяртаньні на Беларусь яны доўгі час адчувалі ўціск з боку савецкіх уладаў, жылі з кляймом “неблагонадёжные”, не маглі знайсьці працу па спэцыяльнасьці, з-за чаго многія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Тэрміны зьняволеньня, якія атрымалі сябры СБП:

Глыбоцкая група

Васіль Мядзелец - 25 год; Антон Фурс - 15 год; Алесь Юршэвіч - 25 год; Цярэнці Еўдакімаў - 25 год; Леў Бялевіч - 10 год; Іван Бабіч - 25 год; Марыя Бабіч - 10 год; Людміла Краснадубская - 10 год; Алена Барсук - 10 год; Ларыса Барсук - 10 год; Тамара Лагун (Барсук) - 3 гады; Алег Табола - 10 год; Гардзей Кліманскі - 10 год; Мікола Пачопка - 10 год; Альбэрт Бацяноўскі - 10 год; Пётр Сьпірковіч - 10 год; Мікола Конан - 10 год; Леанід Казак - 10 год; Віктар Бабіч - 10 год; Лідзія Несьцяровіч - 10 год; Юстын Протас - 10 год; Стась Савік - 10 год; Леанід Баговіч (невядома); Міхал Шуман (ніякіх зьвестак); Павал Шуман (ніякіх зьвестак).

Пастаўская група

Мікола Асіненка - 25 год; Алесь Адамовіч - 10 год; Валянцін Лагунёнак - 25 год; Алеся Ўмпіровіч - 25 год; Віктар Стахоўскі - 10 год; Янка Рымдзёнак - 10 год; Уладзімер Лысёнак - 10 год; Ніна Асіненка - 10 год; Алесь Амельяновіч - 10 год; Іван Бароўка - 10 год; Ангеліна Бароўка - 10 год; Аляксандар Дзікі - 10 год; Сямён Касарэўскі - 10 год; Павал Лапушынскі - 10 год; Алена Мацук - 10 год; Яўген Сідаровіч - 10 год; Мікола Церашковіч (?); Міхал Дзеравянка - вызвалены з залі суду.

“Чайка”

Гэта назоў падпольнай антысавецкай арганізацыі сацыял-дэмакратычнага кірунку, якая існавала ў 1946-1947 гг. у Заходняй Беларусі.

Умовы ўзьнікненьня былі аналягічныя, як і ў выпадку з іншымі арганізацыямі:

- русіфікацыя;

- рэпрэсаваньне любых праяваў нацыянальнай сьвядомасьці;

- недавер да насельніцтва з боку савецкіх уладаў ці ўціск.

Такая палітыка Саветаў не магла не спарадзіць супраціву. Васіль Супрун, актыўны ўдзельнік арганізацыі, успамінаў: “Мы, былыя аднакурсьнікі Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі, раскіданыя па розных гарадох і вёсках, часта сустракаліся, згадвалі юнацтва, гаманілі пра нашае шчырае жаданьне прысьвяціць сябе служэньню свайму народу, яго асьвеце і культуры. З болем і жахам мы назіралі, як топчуцца і зьневажаюцца нашыя сьвятыні. Кожная такая сустрэча збліжала нас духоўна, падахвочвала неяк супрацьстаяць гвалту. Было ж нам тады каля дваццаці, наперадзе ўсё жыцьцё зь сьветлымі марамі і жаданьнем пражыць яго дастойна і прыгожа, на карысьць роднай Беларусі. Наўкола ўсё руйнавалася. Чужы брудны бот нахабна таптаўся па нашых сьвятынях. “За што?” - узьнікала пытаньне. Усе мы бачылі, як гэты ж бот прайшоўся па многіх народах Эўропы і ў крыві ўтапіў іх свабоду. Маўчаць было немагчыма. І мы вырашылі, не шкадуючы свайго жыцьця, бараніць гонар, сумленьне і самабытную спадчыну свайго народу. Уступаць у адкрытую барацьбу цяпер было бессэнсоўна, і таму мы сышліся на наступным: праз патрыятычнае падпольле спрыяць нацыянальнаму самаўсьведамленьню моладзі, рыхтуючы тым самым супраціў шквалу чужацкай агрэсіі, што несла з сабой маральнае і духоўнае разлажэньне нашага народу, зьнішчэньне яго гістарычных каштоўнасьцяў”.

Ініцыятарамі стварэньня арганізацыі былі Васіль Супрун, Міхась Ракевіч і Міхась Чыгрын. “Устаноўчы сход”, на якім быў абраны старшыня (ім стаў Васіль Супрун), адбыўся ў пачатку траўня 1946 г. за Слонімам. Спэцыяльна было агаворана, што арганізацыя ня будзе займацца тэрорам і падрыўной дзейнасьцю, а праз ідэйна-асьветніцкую ды патрыятычную працу мусіць пашыраць свае шэрагі. Арганізацыя праклямавала змаганьне за нацыянальныя правы і годнасьць беларускага народу, за паважнае стаўленьне да яго культуры і гісторыі. У будучыні прадугледжвалася таксама змаганьне за нацыянальны сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі.

Сябры “Чайкі” імкнуліся пашырыць рух у розных асяродках. Міхась Ракевіч мусіў арганізаваць групу ў Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме, дзе ён вучыўся; Міхась Чыгрын - у Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Васіль Супрун - у Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, а Аляксандар Гардзейка мусіў працаваць сярод моладзі Слоніма.

Летам 1946 г. было прынятае рашэньне аб'яднаць слонімскія, баранавіцкія і берасьцейскія суполкі ў Цэнтар Беларускага Вызвольнага Руху. Кіраўніком Цэнтру стаў Васіль Супрун, ягонымі намесьнікамі: па арганізацыйнай працы - Аляксандар Барэйка, па вайсковай справе - Міхась Ракевіч. У склад кіраўніцтва Цэнтру ўвайшлі таксама Міхась Агейка, Уладзімер Салавей, Мікалай Макарэвіч.

ЦВБР распрацаваў праграму дзеяньняў і прапанаваў “колавую” сыстэму кіраваньня. Ад Цэнтру мусіла адысьці першае кола - абласныя структуры на чале з кіраўнікамі падпольля вобласьці; вакол абласных структураў мусілі функцыянаваць раённыя суполкі - гэта было другое кола. Вакол апошніх мусілі стварацца пэрыфэрыйныя суполкі (трэцяе кола). Распрацоўваліся таксама схемы кансьпірацыі, кансэрвацыі структураў (у выпадку неабходнасьці), шыфры, сыстэма справаздачнасьці.

У пачатку 1947 г. рух распаўсюдзіўся на Ільянскі раён Маладзечанскай вобласьці (праз студэнта Ганцавіцкага пэдвучылішча Антона Кабака). За два гады свайго існаваньня рух ахапіў дастаткова шырокую тэрыторыю (часткі Берасьцейскай, Пінскай, Баранавіцкай, Маладзечанскай вобласьцяў). Беспасьпяховымі, аднак, аказаліся спробы распаўсюдзіць рух на Менск і Гародню.

І ўсё ж, нягледзячы на кансьпірацыю, улетку 1947 г. падпольле было разгромленае. Першы ўдар быў нанесены Цэнтру Беларускага Вызвольнага Руху. Усіх арыштаваных абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі, здрадзе СССР і падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня з мэтай аддзяленьня Беларусі ад СССР. Сяброў “Чайкі” судзілі ваенныя трыбуналы МУС у Баранавічах (16-18 кастрычніка 1947 г.), дзе было асуджана 18 асобаў, і ў Менску (21 лістапада 1947 г.), дзе былі асуджаныя 4 асобы. Усіх абвінавацілі па артыкулах 63-1 і 76 КК БССР. Тэрміны пакараньня вагаліся ад 10 да 25 год.

Асуджаныя былі Агейка Міхась (10 год), Альшэўскі Кастусь (10 год), Барэйка Аляксандар (25 год), Гардзейка Аляксандар (10 год), Грынь Уладзімер (10 год), Ждановіч Мікалай, Жукоўскі Аляксандар (6 год), Кабак Антон (10 год), Кавальчук Леакадзія (10 год), Казак Генадзь, Кернога Мікалай, Краскоўскі Вячаслаў (10 год), Лазіцкі, Лазоўскі Іван (10 год), Лях Лявон (10 год), Макарэвіч Мікалай, Маныла Іван (10 год), Ракевіч Міхась (25 год), Супрун Васіль (25 год), Чыгрын Міхась (10 год), Шапавал Аляксандар, Яноўскі Сяргей (10 год). Пад катаваньнямі Ўладзімер Салавей звар'яцеў у турме і быў зьмешчаны ў псыхіятрычную лякарню.

Усе ўдзельнікі адбывалі пакараньні ў лягерах на Поўначы, у Сыбіры, Казахстане. А па вяртаньні, як і сябры СБП, усе зьведалі ціск з боку ўладаў.

Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле

- асяродак патрыятычна настроенай моладзі, што існаваў на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1947-1950 гг.

 

Гурток антыкамуністычна настроенай моладзі ў Мядзельскай сярэдняй школе пачаў складвацца ў 1947 г. пасьля зьяўленьня там вучня Расьціслава Лапіцкага (1928 г.н.), які ўжо ў 1944 г. браў удзел у антыкамуністычнай арганізацыі, створанай сярод навучэнцаў Віленскай духоўнай сэмінарыі і Віленскай беларускай гімназіі. Расьціслаў Лапіцкі быў арыштаваны і пэўны час утрымліваўся ў турме, а потым вярнуўся на Мядзельшчыну.

Арганізацыя ў Мядзелі - Смаргоні ня мела аніякай вызначанай структуры, як тое было ў выпадках з Саюзам Беларускіх Патрыётаў ці “Чайкай”. Напачатку аднадумцы сустракаліся на кватэрах ці ў Мядзелі, дзе жыла большасьць вучняў, ці ў Мікасецку, дзе жыў Расьціслаў Лапіцкі. “Падпольшчыкі” зрабілі радыёпрыймач, слухалі заходнія радыёстанцыі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва палітычныя навіны ці іншую інфармацыю.

Актывізацыя руху адбылася ў 1948-1949 гг., што тлумачыцца сытуацыяй, паўсталай вакол Заходняга Бэрліна. Адэкватны адказ заходніх краінаў на блякаду Заходняга Бэрліна даваў пэўную надзею на вырашэньне “камуністычнага пытаньня”, у тым ліку і ў Заходняй Беларусі.

Сябры Мядзельска-Смаргонскага падпольля спадзяваліся на паўстаньне ваеннага канфлікту заходніх дзяржаваў з Савецкім Саюзам. Магчыма, з гэтай прычыны маладыя людзі мелі досыць радыкальныя настроі. Перасьледуючы найперш палітычныя і ваенныя мэты, яны займаліся зьбіраньнем зброі ў лясах, якую ў будучым плянавалі выкарыстаць.

Пасьля таго, як разам зь сям'ёй Расьціслаў Лапіцкі перабраўся ў Смаргонь (адбылося гэта ў 1949 г.), падпольле пачало дзейнічаць і там. Несумненна, хлопец валодаў пэўнымі харызматычнымі здольнасьцямі, бо здолеў і ў Смаргоні стварыць кола школьнікаў, аб'яднаных антыкамуністычнай ідэяй. У Смаргоні да падпольнага руху далучылася каля паўтара дзясятка школьнікаў 7-10 клясаў, што паходзілі з гораду і раёну. Сходкі праходзілі пад выглядам моладзевых вечарынак, на якіх ці па іх сканчэньні моладзь займалася актыўным абмеркаваньнем розных справаў.

Напярэдадні Дня Канстытуцыі, 5 сьнежня 1949 г., маладыя людзі аддрукавалі антыкамуністычныя ўлёткі, якія заклікалі людзей не плаціць падаткі, не ўступаць у калгасы, са зброяй у руках супраціўляцца рэжыму. Кожная ўлётка сканчалася словамі: “Сьмерць Сталіну!”. Улёткі былі раскіданыя па горадзе, расклееныя на грамадзкіх будынках. Для маладзёнаў асобым шыкам было расклеіць крамольныя ўлёткі на адміністрацыйных будынках, у тым ліку райкаме партыі і сядзібе НКВД.

Уладныя органы былі разьюшаныя гэткай “нахабнасьцю”. Па трывозе былі паднятыя ўсе службоўцы гораду. Выявіць “апазыцыянэраў” было не складана. Маладыя людзі часта зусім не хавалі ні сваіх мэтаў, ні існаваньня асяродку. На занятках па рускай літаратуры падчас вывучэньня “Маладой гвардыі” Расьціслаў Лапіцкі ў запале паведаміў настаўніцы, што ў Смаргоні існуе свая нацыянал-патрыятычная “Маладая гвардыя”.

Хутчэй за ўсё НКВД-МГБ некалькі месяцаў да разгрому арганізацыі трымала “апазыцыянэраў” на кручку, спадзеючыся спаймаць буйнейшую “рыбіну”. Аднак, калі тое не адбылося, падставай разгрому асяродку сталі раскіданыя ўлёткі.

Частку ўдзельнікаў арыштавалі ў сьнежні 1949 г., частку - у студзені-лютым 1950 г. 1-2 лютага 1950 г. на кватэры Цыбоўскіх (Леакадзіі і Часлава), адных з найбольш актыўных удзельнікаў падпольля, была наладжаная засада: затрымлівалі ўсіх, хто заходзіў у хату. Былі арыштаваныя і маладыя людзі. Здараліся і трагічныя выпадкі: пры спробе затрыманьня Генадзь Нафрановіч застрэліўся. Быў затрыманы і Расьціслаў Лапіцкі.

Юнакоў і дзяўчат трымалі ў Маладзечанскай і Вілейскай турмах. Маладым людзям ламалі зубы і рэбры, садзілі на ножкі табурэтак, трымалі пад халоднай вадой, заганялі пад пазногці голкі. 17-20 ліпеня 1950 г. у Маладзечне адбыўся суд ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі. Расьціслаў Лапіцкі быў прысуджаны да расстрэлу.

Зянон Ахрамовіч (Смаргонь) атрымаў 25 год, бацькі Зянона былі асуджаныя на 25 год. Часлава Ашукоўская атрымала 8 год, Марыя Барташэвіч - 10 год, Восіп Блізьнюк - 25 год, Канстанцін Іваноўскі - 10 год, Анатоль Карней - 25 год, Юзаф Качэрга - 25 год, Соф'я Лапыцька - 25 год, Факунда Несьцяровіч - 25 год, Эдуард Сташкевіч - 25 год, Тадэвуш Хацілоўскі - 25 год, Леакадзія Цыбоўская - 25 год, Часлаў Цыбоўскі - 25 год, Тамара Юшкевіч - 25 год, Тацяна Юшкевіч - 10 год. Варта адзначыць, што частцы сяброў падпольля ўдалося схавацца, бо сьпісы ўдзельнікаў падпольля не вяліся, і пакараньня пазьбеглі галоўным чынам удзельнікі Мядзельскага асяродку.

Лебедзеўскае моладзевае падпольле (1948-1951 гг.)

- моладзевая арганізацыя, створаная ў мястэчку Лебедзева Маладзечанскага раёну. Галоўная форма дзейнасьці - стварэньне і пашырэньне непадцэнзурных выданьняў.

Ініцыятарам стварэньня асяродку быў Вячаслаў Гамолка, які ў 1948 г. зарганізаваў вакол сябе навучэнцаў старшых клясаў мясцовай школы - Івана Яблонскага, Аркадзя Слуцкага, двух Іванаў Міцько.

Непасрэднай прычынай паўстаньня асяродку было стварэньне ў Лебедзеве камсамолу. Было вырашана прадукаваць напісаныя ад рукі часопісы (“У хвалях маладосьці” і “Бяздонны мяшок”), якія распаўсюджваліся сярод жыхароў мястэчка і моцна крытыкавалі савецкую рэчаіснасьць.

У 1951 г. сярод сяброў лебедзеўскага падпольля зьявіўся правакатар (Міхась Акушка), які паабяцаў наладзіць прадукаваньне нелегальных часопісаў друкарскім спосабам. Маладыя людзі паверылі, і празь некаторы час усе былі арыштаваныя, а крыху пазьней кожны зь іх быў асуджаны на 25 год канцэнтрацыйных лягероў.

Лідзкая моладзевая падпольная арганізацыя

Пра гэту арганізацыю вядома з архіўнай справы партыйнага фонду 4, воп.62. Гэтыя дакумэнты не падаюць, аднак, назву арганізацыі. Кажацца адно пра “лідзкую антысавецкую моладзевую арганізацыю”. Асноўныя яе мэты - зьвяржэньне савецкай улады, усталяваньне шматпартыйнасьці, абвяшчэньне дэмакратычных свабодаў, аднаўленьне прыватнай уласнасьці, роспуск калгасаў, стварэньне фэрмэрскіх гаспадарак, выхад Беларусі са складу СССР.

Асноўная форма дзейнасьці - вусная агітацыя сярод моладзі і кантакты з польскім нацыянальным рухам.

Кіраўніком арганізацыі быў студэнт культурна-асьветніцкай вучэльні ў Гародні Іван Салдаценкаў (1931 г.н.), па мянушцы Пахмуры. Сябрамі арганізацыі былі Віктар Параваеў, токар вагоннага дэпо г. Ліды, Фёдар Казлоў, Аркадзь Каштан, Аляксей Логвін і інш. Арганізацыя, створаная ўлетку 1950 г., праіснавала блізу году і наступным летам была разгромленая савецкімі карнымі органамі.

Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі

Арганізацыя была заснаваная ў 1946 г. зь ініцыятывы камандзіра партызанскага аддзелу Івана Раманчука (мянушка Ястраб). Дзейнічала ў Стаўпецкім, Клецкім і Нясьвіжскім раёнах. Устаноўчы сход адбыўся ў 1946 г. на хутары Саская Ліпа, дзе прысутнічала 6 чалавек (студэнты Гродзенскага пэдінстытуту). Праграма арганізацыі прадугледжвала падрыхтоўку палітычных сілаў, якія ў форс-мажорных абставінах мусілі выступіць за незалежнасьць Беларусі.

Праграма СЗНБ прадугледжвала роспуск калгасаў. СЗНБ складаўся зь пяцёрак, якія былі закансьпіраваныя. Галоўны прынцып працы - чакаць спрыяльных абставінаў (на сяброў СЗНБ вялікі ўплыў аказала прамова Ўінстана Чэрчыля ў Фултане, дзе гаварылася пра жалезную заслону). У 1947-1949 гг. арганізацыя фактычна ня дзейнічала. У траўні 1949 г. быў арыштаваны адзін з кіраўнікоў арганізацыі Міхась Кожыч, які пасьля жудасных катаваньняў выдаў усіх удзельнікаў арганізацыі, схопленых у хуткім часе. Абвінавачаньне было традыцыйным: здрада радзіме, антысавецкая агітацыя, ускосны тэрор (63 і 76 артыкулы КК БССР). Па справе СЗНБ прайшлі 17 сяброў арганізацыі, засуджаных на розныя тэрміны зьняволеньня.

Саюз Вызваленьня Беларусі

Пад такой назвай існавала моладзевая патрыятычная антыкамуністычная арганізацыя ў Наваградку ў 1946-1947 гг. Саюз быў створаны ў лістападзе 1946 г. Галоўнай мэтай СВБ стала аддзяленьне Беларусі ад СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы. Асноўны мэтад: агітацыя з элемэнтамі ўзброенага супраціву. Арганізацыйны аддзел узначаліў Міхась Кожыч, фінансавы - Кастусь Рамановіч.

СВБ быў разьбіты на тройкі, што мусіла закансьпіраваць арганізацыю, аднак правілы кансьпірацыі не выконваліся. Пратаколы арганізацыі патрапілі ў МДБ. У канцы траўня 1947 г. сьледчы аддзел МДБ Баранавіцкай вобласьці выкрыў і арыштаваў 18 сяброў арганізацыі, якія ў хуткім часе былі засуджаныя на 25 год лягероў. Па справе СВБ прайшлі Генадзь Казак, Міхась Кожыч, Міхась Капціловіч, Самсон Пярловіч, Кастусь Рамановіч, Аляксандар Ляпешка, Аляксандар Усюкевіч, Пятро Дземянчук, Іван Макар, Міхась Мазан, Яўген Лішко, Анань Родзевіч, Сафрон Стома, Віталь Губарэвіч, Адам Шабоцька.

Падводзячы вынікі, можна канстатаваць наступнае:

  • усе моладзевыя арганізацыі былі арганізаваныя ў Заходняй Беларусі;
  • арганізацыі былі малалікімі, і іхная дзейнасьць абмяжоўвалася, часьцей за ўсё, вуснай прапагандай і размовамі з пагодкамі;
  • ніводная з арганізацыяў не разглядала збройную барацьбу як сродак змаганьня з камуністычным рэжымам, нягледзячы на тое, што ў некаторых выпадках зьбіралася зброя;
  • у кожнай арганізацыі, хутчэй за ўсё, быў сексот, які і здаваў яе карным органам. Ня выключана, што дзейнасьць некаторых арганізацыяў была інсьпіравана МДБ-КДБ, каб нанесьці ўдар па рэштках нацыянальных асяродкаў;
  • паўставаньне антыкамуністычных моладзевых суполак сьведчыць пра напружанае становішча ў сярэдзіне-канцы 1940-х гг. у Заходняй Беларусі. Значная частка насельніцтва, калі ня большая, не прымала савецкую ўладу. Асабліва гэта тычылася каталіцкага і пратэстанцкага насельніцтва Заходняй Беларусі.
  1. Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956. Даведнік. -Мн., 1999.
  2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Глыбокае-Паставы. -Мн., 1997.
  3. Касьцюк М.П. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. -Мн., 2000.
  4. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2. -Мн., 1995.
  5. Супрун В. Жыць для Беларусі. -Менск-Слонім, 1998.
  6. Валахановіч І. Барацьба вакол ідэі “беларускай незалежнай дзяржавы” // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 1. С. 58-62.
  7. Кісель У. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі // Пагоня. 1998. 17 сакавіка. № 20.
  8. Клыкоўская Ц. Жыцьцё за імгненьні: да 50-годзьдзя Саюзу Вызваленьня Беларусі // Беларуская маладзёжная. 1996. № 2.
  9. Patrioci Bialorusi // Karta. 1999. № 28. S. 115-124.
  10. Рамановіч К. Мы стварылі “Саюз Вызваленьня Беларусі” // Навіны. 1998. 2 кастрычніка. № 105.
  11. Умпіровіч А. Памяць - незагойная рана // Наша слова. 1992. № 16.
  12. Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына. 1997. № 1.
  13. Фурс А. Антон Фурс: Мы заўсёды лічылі сябе беларусамі (успаміны ўдзельнікаў СБП аб гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху) // Пагоня. 1995. №№ 41-44.
  14. Чарняўскі М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падпольля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 27-28 лютага 1998 г.).
  15. Чарняўскі М. Расьціслаў Лапіцкі - з кагорты невядомых герояў // Беларуская маладзёжная. 1997. № 1.
  16. Чарняўскі М. Што такое СБП? Хто такі Расьціслаў Лапіцкі? // Народная Воля. 1997. 5 чэрвеня.