Беларускі Супраціў у 1940-х—1950-я гады

Пэрыядызацыя Беларускага пасьляваеннага Супраціву

Прапануецца наступная пэрыядызацыя Беларускага пасьляваеннага Супраціву. За пачатак гэтага руху варта лічыць 1944 год - час выгнаньня зь Беларусі нямецкіх войскаў і зьмены нямецкай акупацыі на савецкую. Ужо ў той час распачынаецца пераважна стыхійная антысавецкая партызанская і падпольная барацьба. Аднак арганізацыйныя рамкі Беларускі Супраціў пачаў набываць у 1945 годзе. Па некаторых зьвестках, менавіта 1945 год лічылі часам заснаваньня антыбальшавіцкай партызанкі ў Беларусі самыя яе ўдзельнікі. Прынамсі, у 1950 годзе беларускімі партызанамі адзначалася пяцігодзьдзе партызанскае дзейнасьці. Заканчэньнем арганізаванага антысавецкага Супраціву ў Беларусі лічыцца 1956 год, год паразы Вугорскага антыкамуністычнага паўстаньня, калі стала зразумела, што Захад не падтрымае антыбальшавіцкія рухі ва Ўсходняй Эўропе. Тым не менш, і пасьля 1956 году яшчэ адбываліся дробныя збройныя акцыі ў розных раёнах Беларусі, якія праводзілі апошнія змагары.

Партызанскі рух і падпольле ў другой палове 1940-х-1950-х гадах

Беларускі ўзброены рух ня быў аднародным і ня меў адзінага кіраўніцтва. Арганізацыйна ён афармляўся ў 1944-1945 гг. У гэты час на нелегальным становішчы знаходзіліся дзесяткі тысяч чалавек, якія імкнуліся пазьбегнуць мабілізацыі ў Чырвоную Армію, а таксама тыя, хто падчас нямецкай акупацыі працаваў у грамадзянскай адміністрацыі або служыў у беларускіх вайсковых фармацыях. У лясох, пераважна на Берасьцейшчыне, знаходзіліся і аддзелы Беларускай Народнай Партызанкі, якія супрацоўнічалі з УПА. Яны да 1948 г. часткова самазьліквідаваліся, часткова перайшлі на Захад. Нацыянальныя партызанскія аддзелы, у тым ліку арганізаваныя й Беларускай Незалежніцкай Партыяй падчас нямецкай акупацыі, дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі. Аднак далёка ня ўсе людзі, якія знаходзіліся на нелегальным становішчы, далучаліся да паўстанцкіх аддзелаў, многія хаваліся каля сваіх вёсак або нават у вёсках і гарадах, у чаканьні савецка-амэрыканскага ваеннага канфлікту.

Партызанскія аддзелы, як правіла, складаліся з людзей, якія пастаянна знаходзіліся ў лесе, і тых, хто легальна жыў у гарадах і вёсках, але спрыяў ці нават і ўдзельнічаў у партызанскіх акцыях. Звычайна партызаны, асабліва пасьля 1947 году, праводзілі дывэрсіі й тэрарыстычныя акты напярэдадні або падчас савецкіх дзяржаўных сьвятаў і палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя ўчасткі, сельсаветы, зьнішчалася дакумэнтацыя, савецкая сымболіка, ужываўся тэрор супраць савецкіх і партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі і дзяржбясьпекі, вайскоўцаў. Зьдзяйсьняліся дывэрсіі на чыгунцы: чыгунку падрывалі, рабіліся напады на таварныя цягнікі з мэтай іх зьнішчэньня або завалоданьня грузамі, падрываліся масты.

Нярэдка ўзброены супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў, якія, як правіла, хутка здушаліся савецкімі ўладамі.

Беларускі партызанскі рух і падпольле дзейнічалі ня толькі на тэрыторыі БССР, але й па-за яе межамі: у Польшчы, Летуве, Латвіі, Украіне, Расеі. Нярэдка яны базаваліся на тэрыторыях, якія лічацца этнаграфічна беларускімі, але ўваходзілі ў склад суседніх краін ці рэспублік СССР, як тое было з Беласточчынай, Смаленшчынай і Віленшчынай. Беларускі ўзброены рух нельга зьвязваць толькі з дзейнасьцю партызанскіх аддзелаў. Многія праціўнікі савецкай улады, аб'яднаныя ў падпольныя арганізацыі й групы, або тыя, хто дзейнічаў самастойна, легальна жылі ў гарадах і вёсках, або хаваліся ў гэтых населеных пунктах, праводзілі дывэрсіі й тэрарыстычныя акцыі.

Да беларускага ўзброенага руху можна аднесьці і дэсантнікаў батальёну “Дальвіц”, якія ў 1944-1945 гадах перапраўляліся зь Нямеччыны ў Беларусь, а таксама сяброў Беларускага Вызвольнага Руху, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Замежнага Сэктару БНП, якія да сярэдзіны 1950-х гадоў дэсантаваліся з Захаду на Бацькаўшчыне. Многія зь іх удзельнічалі ў арганізацыі беларускага партызанскага й падпольнага руху.

Будучы антыбальшавіцкі партызанскі рух пачаў рыхтавацца беларускімі нацыяналістамі яшчэ падчас нямецкай акупацыі. Гэтая падрыхтоўка йшла двума шляхамі: легальным і нелегальным. Яшчэ ў 1943 годзе Ўсевалад Родзька, як кіраўнік беларускай групы пры Абвэры, пачаў рыхтаваць дывэрсійную дзейнасьць супраць бальшавікоў ва Ўсходняй Беларусі. Пра тое, што ён пакідаў сваіх людзей на Віцебшчыне і Магілёўшчыне, сьведчыць Барыс Рагуля.

Нелегальная падрыхтоўка ўключала ў сябе стварэньне структураў Беларускай Незалежніцкай Партыі й нацыянальнай партызанкі. Партызанскія аддзелы, якія стварала БНП, пачынаючы з 1942 году ўваходзілі ў аддзел “Маладая Беларусь” (НАРБ, ф.3500, в.2, спр.51, арк.248, 248 адв). Паводле гісторыка Ўладзімера Гуленкі, найбольш партызанскіх аддзелаў (дванаццаць) БНП стварыла на Палесьсі (Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, Менск, 1993, т.1, б. 393).

Менская легальная прэса вясной 1944 году рэгулярна інфармавала пра антысавецкі партызанскі рух ва Ўсходняй Беларусі. Газэта “Голас вёскі” пісала 14 красавіка 1944-га: “У тыле бальшавікоў увесь час шырыцца рух зялёных… Асабліва моцна шырыцца рух зялёных у тых раёнах, якія пакідаюць немцы. Жыхарства, што засталося, не жадае пападаць у лапы энкавэдыстых, хаваецца ў лесе і пачынае змаганьне супроць бальшавікоў. У раёне Яноўкі, што на захад ад Гомеля, зялёныя напалі на бальшавіцкі аэрадром і захапілі некалькі самалётаў. У некаторых зялёных атрадах ёсьць аўтамашыны і артылерыя…”

Апошні нумар “Бюлетэня БНП” выйшаў у Заходняй Нямеччыне ўвосень 1946 году, і ў ім быў зьмешчаны артыкул “На баявых становішчах”, у якім распавядалася пра беларускі антыбальшавіцкі рух на Бацькаўшчыне. Аднак, як выглядае з гэтай публікацыі, у Замежнага Сэктару Беларускай Незалежніцкай Партыі былі зьвесткі толькі пра тыя партызанскія аддзелы, зь якімі ўдалося ўстанавіць сувязь. А менавіта: аддзел Караля на Браслаўшчыне; безыменны аддзел каля Казлоўшчыны; аддзел Л. (Аляксандра Ленеца або Сьцяпана Лабовіча?) каля Зэльвы; аддзел “сябры Алега” (Алега Лапіцкага?) на Вілейшчыне; аддзел палкоўніка Г. на Меншчыне й Случчыне. Няма тут аддзелу Віктара Сікоры, які дзеяў на Шаркаўшчыне ў 1945 годзе й сувязі з Захадам ня меў. Няма зьвестак пра партызанку ва Ўсходняй Беларусі, агульна гаворыцца пра партызанку Палесься. Адзначалася, што сувязь з палескімі партызанскімі групамі выпадковая і што дзейнічалі тыя сумесна з УПА.

Найбольш актыўнай выглядае дзейнасьць у лютым-траўні 1945-га аддзелу Караля, у якім было да 500 чалавек. Партызаны вынішчалі агентаў НКВД у вёсках. Відаць, дзесьці ў траўні 1945-га гэты аддзел панёс цяжкія страты і быў вымушаны адысьці ў Дзісьненскі раён. Вясной-летам 1946 году партызаны Караля ўзнавілі сваю дзейнасьць. Невядома, хто быў такі Кароль і адкуль ён быў родам, але дакладна, што ён сябра БНП. (Па сьведчаньню Андрэя Вайтовіча, які дэсантаваўся на Беларусі ў верасьні 1944 году, зь ім ляцеў і нейкі Кароль. Караля і радыста скінулі пад Смаргонь, куды пазьней на сувязь зь імі павінен быў паехаць Вайтовіч, але быў арыштаваны. На сьледзтве ў Вайтовіча пра Караля нічога не пыталіся, таму ён лічыць, што яго чэкісты ня ўзялі, прынамсі, жывым. Тут ня трэба блытаць гэтага Караля з Усеваладам Каралём, таксама сябрам БНП, які жыў і дзейнічаў у Баранавічах).

Невядома, ці меў ягоны аддзел нейкае дачыненьне да штурму Полацка 1 траўня 1945 году і ці ня там ён быў разьбіты? Як сьведчыць былы супрацоўнік пракуратуры Андрэй Кісялёў, узяцьце Полацка рыхтавалі “банды”, у якіх “была ваенная тэхніка, шмат людзей”. І толькі аддзелы “Сьмерша” спынілі партызанаў на падыходах да гораду (Черкасова В. “Расстреливали немного, в год человек пятьдесят…” // Белорусская деловая газета, 1999, 2 ліпеня, № 24).

Што да Алега Лапіцкага, дык яшчэ ў канцы 1944-га яго арыштавалі. Праўда, яго людзі маглі дзейнічаць і пасьля ягонага арышту. Што да “палкоўніка Г.”, дык адзіны на той час падпалкоўнік Г. - Язэп Гуцька (магчыма, афіцэр такога рангу мог быць у Беларускім Краёвым Войску на ўсходзе Беларусі). Гуцька ж быў начальнікам штабу Беларускае Самааховы, яму прапаноўвалі ўзначаліць у 1944 годзе і штаб БКА. Аднак па стане здароўя ды па ўзросце, напэўна, ён ня мог браць удзел у партызанцы. Гуцька памёр у ЗША ў ліпені 1956 году (А.О. Памяці генэральнага штабу палкоўніка Язэпа Гуцька // Бацькаўшчына, 1956, 29 ліпеня, № 31).

Зноў жа з эміграцыйных крыніцаў вядома, што ў 1945 годзе вялікія беларускія партызанскія асяродкі былі створаныя ў Белавежскай пушчы, на Палесьсі і на Браншчыне і Гомельшчыне (Жыган А. Беларускія збройныя адзінкі ў 1941-1945 гг. // Дакуманты і Факты (Таронта-Нью-Ёрк), 1955, студзень-люты, № 5). Ёсьць зьвесткі пра некаторыя акцыі, якія беларускія антыбальшавіцкія партызаны праводзілі ў 1945-1946 гадах. У 1945 годзе беларускія партызаны ўзарвалі савецкі вайсковы цягнік каля Слоніма. Было спалена 20 грузавікоў і зьнішчаная ўся ахова транспарту. Колькасьць і склад удзельнікаў акцыі невядомыя. У тым жа годзе быў зьдзейсьнены напад на савецкі вайсковы цягнік у Крывічах каля Маладзечна. Партызаны захапілі савецкую амуніцыю, але забраць усё не змаглі. Колькасьць і склад удзельнікаў акцыі таксама невядомыя (Беларускі народ церпіць і змагаецца // Бацькаўшчына, 1948, 21 лістапада). У 1945-1946 гадах праходзілі акцыі беларускіх партызанаў на чыгунках Беласток-Баранавічы і Беласток-Берасьце. Чыгунка амаль не функцыянавала, бо кантралявалася партызанамі (Рух, 1946, № 2-3, б. 32, 33).

У 1946 годзе адбылася нарада кіраўніцтва беларускага партызанскага руху. У сувязі зь недахопам амуніцыі, харчоў ды іншага было пастаноўлена партызанскія аддзелы расфарміраваць на невялікія мясцовыя групы ад 3 да 10 чалавек. Пасьля гэтага акцыі праводзіліся толькі падчас савецкіх палітычных кампаніяў і сьвятаў, рабіліся напады на невялікія аддзелы МВД (Беларускі народ церпіць і змагаецца // Бацькаўшчына (Мюнхэн), 1948, 21 лістапада). На наступнай нарадзе, у 1947 годзе, кіраўніцтва беларускага партызанскага руху пастанавіла “ашчаджаць людзей і народнае багацьце, устрымацца ад непатрэбнага дражненьня савецкіх уладаў. Партызаншчынай ня вызваліш народу ані краіны, а трэба чакаць вайны і тады дзеіць…” (Бацькаўшчына, 1948, 21 лістапада).

Супраць беларускай партызанкі Саветы кідалі вялікія вайсковыя сілы, праводзілі сапраўдныя вайсковыя апэрацыі з выкарыстаньнем танкаў, самалётаў, артылерыі. У 1945 годзе буйнамаштабная антыпартызанская акцыя праводзілася на Гомельшчыне й Браншчыне, у 1945-1946 гадах - на Палесьсі, у 1946-1947 гадах - у Белавежскай пушчы, у 1947 годзе - на Віленшчыне й Браслаўшчыне (Смалькоў В. Беларускія партызаны паводле савецкіх даных // Дакуманты і Факты, 1957, студзень-сакавік, № 11).

У справаздачы аб рабоце ЦК КП(б)Б зь лета 1944 да чэрвеня 1946   году адзначалася, што ў акрэсьлены пэрыяд у БССР было забіта 3035 і арыштавана 17.872 партызаны й удзельнікі падпольных антысавецкіх арганізацыяў. Было выкрыта й арыштавана 5.620 “агентаў замежных разьведвальных і контрразьведвальных органаў”. Савецкія карнікі ліквідавалі 814 падпольныя арганізацыі і партызанскія атрады, зь іх: 667 польскіх, 97 беларускіх, 23 украінскія і 27 іншых “фашысцка-нацыяналістычных арганізацыяў і бандаў”. Савецкія войскі захапілі падчас антыпартызанскіх апэрацыяў і ліквідацыі падпольля 211 мінамётаў, 193 супрацьтанкавыя ружжы, 3.587 кулямётаў, 68.377 аўтаматаў і вінтовак, 2.979 пісталетаў, 36.078 гранатаў і мінаў, 5 тонаў толу, каля 4 мільёнаў патронаў, 40 памнажальных апаратаў, 47 рацыяў.

У справаздачы адзначалася, што на працягу 1944-1946 гадоў савецкія войскі й грамадзянская адміністрацыя згубілі 924 чалавекі: 242 партыйныя работнікі і вясковыя савецкія актывісты, 320 “істрабкоў” і агентаў дзяржбясьпекі, 362 салдаты й афіцэры МВД і МГБ (НАРБ, ф.4, в.29, спр.521, а.28).

Паводле дакладу наркама дзяржбясьпекі БССР Л.Цанавы ЦК КП(б)Б, у 1947 годзе было цалкам ліквідавана 36 партызанскіх атрадаў, а часткова 41 атрад. Было выкрыта 15 падпольных беларускіх, польскіх і ўкраінскіх арганізацыяў у Баранавіцкай, Маладзечанскай, Берасьцейскай, Гарадзенскай і іншых абласьцях (НАРБ, ф.4, в.61, спр.479, а.3-4).

Пра структуру арганізацыі “Чорнага Ката” падрабязна напісаў адзін зь яе ўдзельнікаў: “Вітушка… штодня праводзіць з сваімі кіраўнікамі аддзелаў сытуацыйныя канфэрэнцыі. Ад розных неспадзёвак яго ахоўвае варта - малапрыкметныя хлопцы. Удзень і ўначы заўсёды напагатове, пільнуючы ля радыёвых апаратаў тыпу “Добра” і “Цаэсар”.

Вітушка… заўсёды мае тысячы розных намыслаў. За кароткі, параўнаўча, час здолеў ён згуртаваць блізу 50.000 партызанаў. У недаступных лясох мае свае базы і складзішчы… У цяжкадаступных лясох каля Коўны, Ліды, Маладзечна і Баранавічаў усякія ваенныя акцыі з боку Саветаў ня маюць посьпеху, а выкрыцьцё гэтых бункераў - справа зусім немагчымая.

…Вітушка зьяўляецца правадыром Беларускай Незалежніцкай Партыі. Толькі на абшарах паміж Коўнам і Берасьцем ён дыспануе 45-тысячным войскам, дасканала ўзброеным і забясьпечаным.

Партызанскія аддзелы ўвесь час папаўняюцца навабранцамі, якія ня хочуць служыць у савецкай арміі… Сваю партызанскую дзейнасьць Вітушка ажыцьцяўляе, галоўным чынам, праз напады на савецкія транспарты. Ён мае даволі шырокія міжнародныя сувязі, часьціну найноўшай зброі ён атрымлівае з-за мяжы.

Калі бракуе грошай, аддзелы Вітушкі арганізуюць напады на банкі ў Коўна, Вільні або іншыя. Вельмі часта зьвязанаму дырэктару банку пакідаюць паквітаньне на забраную гатоўку. Савецкія ўрадоўцы мусяць пагадзіцца з фактам і прызнаваць гэтыя паквітаньні, на якіх стаіць “службовая пячатка” - гатовы да скоку чорны кот.

…Аддзелы Вітушкі пад агульным назовам “Чорны Кот” зматарызаваны, маюць палёвыя тэлефоны і радыёвыя станцыі - прыймовыя і надаўчыя” (Бацькаўшчына, 1949, 30 чэрвеня).

Пакуль невядома, калі зьявіўся варыянт назову беларускай партызанскай арганізацыі - “Чорны Кот”. У розных крыніцах падаюцца адрозныя “расшыфроўкі” “Чорнага Ката”. Гэта й агульны назоў партызанскіх аддзелаў Вітушкі, назоў аднаго з аддзелаў, які пасьля замацаваўся й за іншымі, нават назоў дэсантнага атраду “Дальвіца”, які дэсантаваўся 17 лістапада 1944 году на Беларусі. Юрка Віцьбіч лічыў, што гэта назоў беларускай тэрарыстычнай арганізацыі. Ёсьць зьвесткі, што гэта была кодавая мянушка Вітушкі, і яго на эміграцыі пасьля называлі “Чорным Катом”...

Дарэчы, “чорная кошка” была вельмі папулярная ў першыя пасьляваенныя гады амаль па ўсім Савецкім Саюзе. У некаторых рэгіёнах пад такім назовам дзейнічалі крымінальныя групы. У дакумэнтах жа МГБ крымінальныя й палітычныя структуры заўсёды падзяляліся. Аднак здаралася й адваротнае. На паседжаньні бюро ЦК КП(б)Б 2 сьнежня 1947 году адзначалася, што “падрыўная работа” “грабежніцкіх бандаў і крымінальна-злачынных элемэнтаў” “у шэрагу выпадкаў праводзіцца разам з нацыяналістычнымі элемэнтамі й перарастае ў палітычныя акты” (НАРБ, ф.4, в.61, спр.479, арк.4).

Ёсьць зьвесткі, што ў 1949-1950 гадах кіраўніцтва “Чорнага Ката” зьмяніла тактыку антыбальшавіцкай барацьбы. Гэта было выклікана як міжнароднай сытуацыяй, так і вялікімі стратамі партызанскіх аддзелаў у баях з войскамі МВД. “Чорны Кот” усё больш трансфармаваўся з партызанскай арганізацыі ў тэрарыстычную падпольную арганізацыю. Большасьць партызанаў, якія яшчэ заставаліся ў лесе, легалізаваліся. Па некаторых зьвестках, у сярэдзіне 1949 году адбылася рэарганізацыя партызанкі. Аднак яшчэ ў лістападзе 1949-га аддзелы “Чорнага Ката” вялі цяжкія баі з войскамі МВД. А ў верасьні 1949 году беларускія партызаны напалі на канцлягер каля Менска. Мэтай гэтай акцыі было вызваленьне вязьняў, сярод якіх былі й нямецкія ваеннапалонныя. Паміж партызанамі й аховай канцлягера адбыўся жорсткі бой. Падышоўшыя часьці Чырвонай Арміі або МВД прымусілі партызанаў адыходзіць у лес. У гэтым баі кожны бок страціў каля 50 чалавек забітымі. У нападзе ўдзельнічала некалькі сотняў партызанаў (Партызанскі бой пад Менскам // Бацькаўшчына (Мюнхэн), 1955, 23 кастрычніка, №43). Гэта можа сьведчыць пра тое, што рэарганізацыя адбывалася паступова, рэгіён за рэгіёнам.

Падпольны часапіс “ЗА ВОЛЮ” пісаў (аўтарам тэксту можа быць Міхал Вітушка, рэдактар выданьня):

МЫ ЯШЧЭ ЖЫВЕМ

Трэці раз мы перамаглі бальшавіцка-акупанцкую аблогу і трэці раз засталіся пераможцамі ў няроўным баі, як будзем пераможцамі і ў апошняй бойцы, гонячы маскаля ў Маскву. Вольная беларуская дружына яшчэ дыша і жыве, а вянок геройства вакол галавы беларускіх партызанаў, адзіных вольных людзей на Бацькаўшчыне, ужо цяпер зіхаціць вясёлкаю за гэтыя багатыя геройствам бойкі з акупантам. Крывавячыся ў зацятых баёх, далучаюцца да дарагіх ценяў палёгшых за волю змагароў нашыя слаўныя сябры, але беларускія партызаны вытрымалі і вытрымаюць. Вытрымалі мы і гэты раз, хоць лютасьць ворага і кінутыя ім у бойкі сілы пераходзілі ўсё дагэтуль бачанае. Нас не перамаглі нават кінутыя ворагам у бой танкі і самалёты.

…Побач з намі ў гэтай бойцы стаялі і нашыя ўкраінскія ды нямецкія сябры, і ў найкрытычнейшы мамэнт, калі здавалася, што неба зьмяшалася зь зямлёю, мы перамаглі толькі поўным даверам адзін аднаму. І разам з гордасьцю памяці палёгшых герояў мы атрымліваем гордасьць і за беларускага партызана - народнага ваяку за праўду і волю - агулам.

…Мы ўчора пахавалі сваіх герояў і толькі цяпер выціраем пот з нашых закураных у бойцы твараў, не забываючыся пільна сачыць за ў беспарадку ўцякаючай рэшткай ворага і ўжо рыхтуючыся да пераходу і заняцьця новых становішчаў на новым месцы пастою. Мы ведаем, што хутка зноў пачнецца прасьлед нашае групы… і бойка заўсёды знойдзе нас гатовымі да яе…” (1949, 7 лістапада, №16; падаецца паводле перадруку ў газэце “Вольнае слова” (Заходняя Нямеччына)).

На Ўкраіне сытуацыя была падобная. 3 верасьня 1949 году галоўнакамандуючы УПА генэрал Тарас Чупрынка выдаў загад, у адпаведнасьці зь якім да канца 1949 году часова прыпынялася дзейнасьць “усіх пададдзелаў і штабоў УПА”. Такое рашэньне яшчэ ў жніўні прыняла Ўкраінская Галоўная Вызвольная Рада. Да канца 1949 году апошнія аддзелы і штабы УПА былі расфарміраваны. Такім чынам, у 1950 годзе Ўкраінскай Паўстанчай Арміі ўжо не існавала, засталося толькі збройнае падпольле АУН і незалежная ад УПА партызанка (напрыклад, “бульбаўская” на Палесьсі; гл.: Літопис Украінськоі Повстанськоі Арміі. Т.10. Украінська Головна Визвольна Рада. Документи, офіційні публікаціі, матеріали. Кн.3. 1949-1952. Таронта, 1994, б.11).

Сяргей Хмара, Васіль Вір і Юрка Стасевіч, калі ў таронцкім “Беларускім голасе” пісалі пра пасьляваенную партызанку генэрала (яны заўсёды пісалі “маёра”) Вітушкі, адзначалі, што, у адпаведнасьці з рашэньнем Бэрлінскай канфэрэнцыі БНП, партызанка існавала да 1950 году, калі самазьліквідавалася. Але ліквідацыя партызанкі яшчэ не азначала спыненьня Супраціву. У эміграцыйнай газэце “Вольнае слова” ў верасьні 1950 году было зьмешчана “Прывітаньне”: “Часапіс беларускіх партызанаў “ЗА ВОЛЮ” піша: “Перасылаем вам, братом па волі, свае вітаньні і цьвердзім, што змаганьне ня спыніцца!” І, сапраўды, змаганьне не спынілася. Супраціў набываў іншыя формы, зрабіўшы стаўку на захаваньне сілаў у чаканьні савецка-амэрыканскага ваеннага канфлікту.

Тым ня менш, у 1950 годзе адбылося некалькі гучных дывэрсійна-тэрарыстычных акцыяў “Чорнага Ката”. Пра іх пісала эміграцыйная прэса (Весткі з Бацькаўшчыны // Вольнае слова, 1950, верасень, № 4-5):

“Беларуская Вызвольная Армія пад камандаю ген.Вітушкі правяла на вуліцах Вільні бойку з часткамі МВД, якія транспартавалі арыштаваных партызанаў. Бойка цягнулася 4 гадзіны і бальшавікам прыйшлося ўвясьці ў дзейнасьць танкі. Часткі МВД мелі вялікія страты, партызаны мелі аднаго палёгшага і 3 раненых.

Адзначаючы пяцігодзьдзе існаваньня партызанскае дзейнасьці супраць бальшавікоў у БССР, беларускія партызаны зрабілі напад на самалётны порт у Кёнігзберзе, дзе маецца лётніцкая школа. Пашкоджаныя 7 самалётаў і пад агнём партызанаў порт знаходзіўся некалькі гадзінаў.

Чыгунка Берасьце-Беласток амаль несупынна знаходзіцца пад кантролем беларускіх партызанаў. У чэрвені с.г. партызаны зьнішчылі 5 вайсковых цягнікоў з зброяй і войскам. Ад сярэдзіны чэрвеня на працягу тыдня чыгунка наагул не была дзейнай, дзеля пашкоджаньня некалькіх мастоў”.

Мюнхэнская газэта “Бацькаўшчына” 25 сакавіка 1950 году паведамляла цікавыя факты, што да дзейнасьці й тактыкі “Чорнага Ката”: “Прэса Заходняе Эўропы штораз часьцей успамінае аб беларускай партызанцы пад Вільняй, Горадняй, Лідай, Менскам і Баранавічамі, якая вядзе асабліва зацятае змаганьне з НКВД і ягонымі агентамі. Часамі гэтыя дробныя партызанскія аддзелы лучацца ў большыя адзінкі й на цэлыя тыдні займаюць гарады і мястэчкі, затрымліваюць цягнікі, вызваляюць вязьняў і г.д. Мясцовае жыхарства ў большасьці выпадкаў шчыра падтрымлівае іх, дзе толькі мага”.

Як бачым, тэрыторыя дзейнасьці беларускай партызанкі генэрала Вітушкі ў 1950 годзе была даволі шырокай: Усходнія Прусы, Беласточчына, Гарадзеншчына, Берасьцейшчына, Віленшчына, Меншчына, Баранавіччына. Здаецца, гэта быў апошні год, калі на Захад прыходзілі весткі пра партызанскія акцыі на Беларусі.

Пасьля 1950 году беларуская эміграцыйная прэса пісала пра дзейнасьць “Чорнага Ката” вельмі рэдка. Увосень 1951-га сьвет абляцела вестка пра антыбальшавіцкую дэманстрацыю ў Вільні. Эміграцыйны часапіс “Божым шляхам” у №5 за верасень-кастрычнік 1951 году пісаў: “Паводле вестак, якія нядаўна атрыманы з Бэрліну, сёлета Віленшчына перажывала вельмі ўзмоцненую хвалю вывазу ў Сібір і асабліва жорсткае прасьледаваньне каталікоў беларусаў і летувісаў. Аднак увесь бальшавіцкі тэрор ня здолеў зламаць народнага руху супраціву. Калі ў Вільні 8-га верасьня бальшавікі склікалі мітынг, дык партызаны з радоў “Чорнага Ката” выкарысталі яго для супрацьбальшавіцкае дэманстрацыі. Кінуўшы некалькі пэтардаў, яны выклікалі замяшаньне, у часе якога ўзносіліся супрацьбальшавіцкія клічы й дамаганьні асноўных свабодаў, вольнасьці слова і згуртаваньняў. Паліцыя мітынг разагнала, але наступнага дня ў ваколіцы Вільні зьявіліся лятучкі на беларускай, летувіскай і польскай мовах з заклікам гуртаваньня супрацькамуністычных сілаў і да супрацькалгаснае акцыі”.

З даволі рэдкага эміграцыйнага выданьня “Дакуманты і Факты. Архіў Беларускага Нацыянальнага Вызвольнага Руху” нам вядома, што яшчэ ў 1953   годзе на Бацькаўшчыне дзейнічаў “Галоўны Штаб Дзеючых Беларускіх Партызанаў”. У №4 “ДіФ” за лістапад-сьнежань 1954 году былі зьмешчаны “Клічы да 25 Сакавіка” беларускіх партызанаў:

“1. ХАЙ ЖЫВЕ 35-годзьдзе БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ!

2. Брацкае прывітаньне ўсім Беларусам на акупаванай Бацькаўшчыне і на далёкай чужыне, якія змагаюцца за вольную, самабытную і непадзельную Беларускую Народную Рэспубліку!

3. Браты на ўсім вольным сьвеце! Адмаскоўвайце і расчыняйце ганебныя пляны і дзеяньне Масквы на нашай Бацькаўшчыне! Пашырайце і ўмацоўвайце змаганьне ўсіх народаў з маскоўскім ненажэрным імпэрыялізмам, які імкнецца падгарнуць пад сваё дзікае панаваньне ўвесь сьвет.

4. ХАЙ ЖЫВЕ НЕЗЛАВІМЫ, НЕПЕРАМОЖНЫ КАМАНДЗІР ЗМАГАЮЧЫХСЯ БЕЛАРУСКІХ ПАРТЫЗАНАЎ ГЕНЭРАЛ ВІТУШКА!

5. Слава непасрэдным змагарам з маскоўскім акупантам - беларускім непераможным партызанам - лепшым сынам і дачкам паярэмленага сяньня народу!

6. Сяляне, работнікі, інтэлігенцыя і моладзь Беларусі, рабіце ўсё магчымае, каб перашкаджаць калёнізацыі і маскалізацыі нашага Краю!

7. Беларускія эмігранты! Пакіньце сваркі і звадкі за нездабытыя пасады і тытулы. Паглыбляйце веды і практыку па ўсіх галінах жыцьця - аснову хуткай і грунтоўнай адбудовы Краю па вызваленьні, аснову будучага дабрабыту зьнемагаючага ў барацьбе Народу і Радзімы.

8. Калгасьнікі і калгасьніцы, работнікі МТС і спэцыялістыя, сабатуйце, дзе толькі магчыма і як магчыма, вымаганьні накінутае на вас прымусам гаспадарчае сыстэмы - якая вядзе вас да концаў, голаду і сьмерці.

9. Беларускія навукоўцы і пісьменьнікі! Рабіце навуку, тэхніку і красную пісьменнасьць нашай Радзімы багацейшымі досьледамі і вынаходамі нацыянальнымі ў аснове, павышайце ступені свайго майстэрства, удасканальцеся, дайце нашаму змучанаму народу ідэёвыя, высакамастацкія працы і творы. Працуйце для вольнай ад бальшавікоў будучыні, а не для маскоўскага акупанта.

10. Настаўнікі і настаўніцы! Дайце нашым дзецям добрыя веды і гарачае каханьне свае Радзімы. Узгадуйце нашую моладзь беларускімі патрыётамі, актыўнымі змагарамі за волю і лепшую долю свайго Народу!

11. Беларускі! На вас ляжыць адказнасьць за патрыятызм нашых дзяцей. Гадуйце зь ім адданых змагароў супраць маскоўскіх акупантаў!

12. Хай жыве нашая моладзь - авангард змагароў за вольную, незалежную і непадзельную Беларускую Народную Рэспубліку, верны заступнік змагаючыхся беларускіх непераможных партызанаў.

13. Юнакі і юначкі! Няўтомна набывайце веды па ўсіх навуках, культуры і мастацтву і тэхніцы. Будзьце сьмелымі і вытрывалымі ўсіх цяжкасьцяў. Самаахвярна дапамагайце змагарам-партызанам у барацьбе за волю і долю. Гатоўцеся стаць заўсёды ў нашыя шэрагі, а калі трэба і заступіць наш[а]е месца.

14. Партызаны і партызанкі! Будзьце і надалей першымі змагарамі за волю, самабытнасьць і дабрабыт нашага Народу і Радзімы.

15. Хай жыве вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка - аснова і зарука нашага лепшага жыцьця, нашае культуры і дабрабыту жыхароў Беларусі!

Галоўны Штаб

Дзеючых Беларускіх Партызанаў

Апэратыўны Аддзел

Лясьнікі, люты 1953 г.”.

У 1954 годзе “Бацькаўшчына” некалькі разоў узгадвала пра беларускі партызанскі рух. Ніякіх фактаў змаганьня , аднак, не падавалася. Магчыма, іх не было, або пра іх ня ведалі ( што больш верагодна ) на эміграцыі. 31 студзеня 1954 году газэта пісала: “Як ведама, пад назвай “Чорны Кот” выступала вялікая беларуская партызанская група, што яшчэ нядаўна дзеяла ў Заходняй Беларусі й знаходзілася пад камандаваньнем правадыра беларускіх партызанаў генэрала Вітушкі”. 18 ліпеня 1954 году “Бацькаўшчына” зьмясьціла артыкул “Партызаны на Беларусі гатовыя й чакаюць”. Аднак эміграцыйная пэрыёдыка ўжо занадта перабольшвала сілы беларускіх партызанаў. У сярэдзіне 1950-х іх засталося вельмі мала. З камандзіраў, які загінуў адным з апошніх, нам вядомы сябра БНП Аўген Жыхар. Ён загінуў у баі летам 1955 году…

Пасьля паразы Вугорскага вызвольнага паўстаньня 1956 году стала зразумела, што Захад не дапаможа антыкамуністычным падпольным рухам у СССР. Праўдападобна, пасьля гэтага Міхал Вітушка спыняе актыўны збройны супраціў акупантам. Партызанская барацьба перастала быць адзіным сродкам Супраціву.

Яшчэ на пачатку 1960-х на эміграцыі пісалася пра партызанку на Беларусі, але ўжо не як пра “Чорнага Ката”, а як пра нейкія невядомыя “збройныя групы”. Напрыклад, “Беларускі голас” у студзені 1960 году пісаў, што на ўсходзе Беласточчыны дзеялі “банды савецкіх дэзэртыраў”, якія зімой 1958-га “ў выніку аграмаднай “ачышчальнай” апэрацыі, праведзенай савецкімі войскамі ўнутранай бясьпекі на Беларусі, перабраліся туды. Пра гэта ж пісала “Бацькаўшчына” 31 студзеня 1960 году. Лёс гэтых людзей невядомы.