Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі

Змагар за волю народа (Юльян Саковіч)

Адным з найбольш выдатных беларускіх нацыянальных дзеячаў падчас Другой сусьветнай вайны быў Юльян Саковіч. Арганізатар беларускіх вайсковых і паліцыйных аддзелаў, падпольных арганізацый, ён бясстрашна бараніў беларускі народ перад нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Ю. Саковіч імкнуўся аб’яднаць увесь беларускі нацыянальны актыў: і сацыялістаў, і нацыяналістаў, ды скіраваць іх агульныя высілкі на барацьбу за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.

Юльян Саковіч нарадзіўся 24 жніўня 1906 году ў фальварку Баўдыры Крэўскае воласьці Ашмянскага павету ў заможнай сялянскай сям’і. Бацька хацеў бачыць сына адукаваным і нацыянальна сьведамым ды накіраваў яго вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію. Тут Юльян знаёміцца з падпольнымі камуністычнымі выданьнямі, уступае ў камсамол. На пачатку сьнежня 1925 г. яго арыштоўвае польская паліцыя й трымае ў турме цэлы месяц. Справа Саковіча была ўзьнята ў польскім Сойме паслом Юрыем Сабалеўскім 24 сакавіка 1926 году. Сабалеўскі прыводзіў у сваім выступленьні паказаньні Саковіча пра зьдзекі над ім польскіх паліцыянтаў: “Пасьля арыштаваньня... хочучы змусіць мяне да фальшывых паказаньняў проці маіх зьверхнікаў, агенты палітычнай паліцыі нялюдзкім спосабам зьдзекаваліся нада мною... Білі мяне па твары, потым зьнялі гамашы і гумовымі прутамі білі ў пяты”.

Скончыўшы гімназію, Саковіч быў ужо сьведамым камуністам. “Старэйшыя таварышы”, насланыя ў Заходнюю Беларусь з БССР, вельмі актыўна працавалі сярод беларускай моладзі. Асабліва вялікую ўвагу яны надавалі беларускаму студэнцтву, як найбольш актыўнай частцы моладзі. У існуючы пры Віленскім унівэрсытэце незалежніцкі Беларускі студэнцкі саюз засылаліся камсамольцы, якія павінны былі або захапіць БСС, або яго ліквідаваць. Уступіў у Саюз і Юльян Саковіч, які вучыўся ва ўнівэрсытэце на агранома, прайшоўшы добрую школу Беларускай сялянска-работніцкай Грамады.

Спачатку камсамольцы вялі ў БСС прапагандысцкую дзейнасьць, якая не дала жаданых вынікаў. Пасьля яны распачалі “падрыўную” дзейнасьць, спрабуючы раскалоць арганізацыю. Але й тут атрымалі паразу: некаторыя студэнты-камсамольцы, у тым ліку і Саковіч, былі выключаны з Беларускага студэнцкага саюзу. У ліпені 1929 году Юльян Саковіч з сябрамі пачынае выдаваць часапіс “беларускага прагрэсіўнага студэнцтва” “Вольная думка”. Аднак аб’яднаць вакол “Вольнай думкі” значнай колькасьці студэнтаў не ўдалося, а сам часапіс спыніў сваё існаваньне на другім нумары, які выйшаў у сьнежні 1929 г. Адной з прычын гэтага стаўся арышт польскай паліцыяй Ю. Саковіча.

Паводле некаторых зьвестак, частыя арышты перашкодзілі Саковічу закончыць унівэрсытэт. Але кар’ера яго ня вельмі хвалявала. Беластоцкая газэта “Новая дарога” пісала ў 1943 годзе: “Сын багатых бацькоў, ён ніколі ня думаў аб тым, каб пайсьці на кампраміс з ненавіснай яму польскай уладай і забясьпечыць сабе спакойнае, добрае жыцьцё. Не, яго лёзунгам было дабро цэлага беларускага народу. Дзеля гэтага дабра ён працаваў, змагаўся. За гэта сядзеў ня раз у польскіх турмах. Але гэта яго не зламала. Якія толькі беларускія арганізацыі ў Вільні існавалі, ён у кожнай быў дзейным сябрам, заўсёды радасны, заўсёды з усьмешкай, поўны запалу. Усе беларусы, працуючыя разам зь ім, шанавалі яго, любілі за самахвярнасьць, за шчырую працу”.

Саковіч актыўна працуе ў Таварыстве беларускае школы (ТБШ). На пачатку 1933 году ён і яшчэ некалькі дзеячаў Таварыства былі арыштаваныя “за камуністычную дзейнасьць”. Большасьць арыштаваных была апраўданая, а Саковіч, сябра Нагляднае Рады ТБШ, атрымаў тры гады турмы. Адбыўшы тэрмін зьняволеньня, у 1936 годзе ён зноў арыштоўваўся польскай паліцыяй.

На пачатку 1939 году ў Баранавічах на нелегальную нараду сабраліся былыя актывісты Грамады. Яны прагназавалі хуткі пачатак вайны Нямеччыны з Польшчай, і таму абмяркоўвалі сваю тактыку дзеяньняў у гэтых умовах. Быў прыняты плян антыпольскага паўстаньня на выпадак вайны, з мэтай абвяшчэньня незалежнае Заходнебеларускае рэспублікі. Юльян Саковіч удзельнічаў у гэтай нарадзе, аднак прыняць удзелу ў паўстаньні ня змог, бо быў у чарговы раз арыштаваны польскай паліцыяй.

Пачатак нямецкай агрэсіі звольніў Саковіча з канцлягера ў Бярозе-Картускай. Ён вяртаецца ў родныя мясьціны, дзе ўжо ўсталёўвалася савецкая ўлада. Здавалася, што нарэшце настаў той час, калі спраўдзіцца ўсё тое, за што ён змагаўся ўсе гэтыя гады, але настала вялікае расчараваньне. Ю. Саковіч трапляе ў турму НКВД, дзе ў яго самымі жорсткімі мэтадамі выбіваліся патрэбныя чэкістам паказаньні. Гэта быў крах рэшты ілюзій наконт “беларускага дому” ў БССР. Зьдзекі й катаваньні доўжыліся месяцамі й скончыліся 22 чэрвеня 1941 году.

Саковіч уцякае з турмы й вяртаецца ў бацькаву хату. З прыходам немцаў на яго распачынае паляваньне польская паліцыя, якая была на службе ў акупантаў. Летам 1941 г. палякамі было расстраляна або выдадзена немцам для ліквідацыі толькі ў Заходняй Беларусі да тысячы актывістаў КПЗБ, ТБШ, Грамады. Юльяну Саковічу нейкім цудам удалося вырвацца з рук польскай паліцыі й уцячы ў Менск.

Ю. Саковіч, разьвітаўшыся са сваімі камуністычнымі ілюзіямі, уключаецца ў барацьбу за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Ён і шмат іншых беларускіх патрыётаў, ацалеўшых у турмах НКВД або прыехаўшых з эміграцыі, распачынаюць актыўную дзейнасьць па стварэньні беларускіх вайсковых і паліцыйных аддзелаў, грамадзкіх арганізацый і школьніцтва. Саковіч быў камэндантам паліцыі Менскае акругі, а пасьля гораду Менску. У кастрычніку 1941 году яго прызначаюць начальнікам адміністрацыйнага аддзелу Беларускае народнае самапомачы (БНС). Многія ведалі пра камуністычнае мінулае Саковіча, і ў СД на яго пасыпаліся даносы. Але немцы да былога вязьня бальшавіцкіх турмаў адносіліся з даверам. Пазьней яны ўспомняць пра гэтыя паперы, калі будуць падпісваць Саковічу сьмяротны прысуд...

Ужо ў жніўні 1941 г. Юльян Саковіч праз бурмістра Віцебска Усевалада Родзьку ўваходзіць у беларускую кансьпірацыйную дзейнасьць. У 1942 годзе ён ужо ў кіраўніцтве Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіруе Менскім акруговым камітэтам БНП. На менскай кватэры Саковіча праходзілі канферэнцыі і зьезды БНП. Адначасова Ю. Саковіч зьяўляўся правадыром нелегальнай арганізацыі Беларуская Народная Грамада, у якую ўваходзілі былыя сябры БСРГ 1925-27 гг. Першая нарада адбылася ў Менску ўвосень 1941 г. і на ёй прысутнічалі 9 чалавек. У 1942 годзе на Палесьсі, дзякуючы грамадоўцам, удалося аб’яднаць некалькі дзесяткаў патрыятычных атрадаў і груп у Беларускую народную партызанку, камандзірам якой стаў былы савецкі афіцэр Іван Шанько.

Летам 1942 году Ю. Саковіч уваходзіць у штаб па фармаваньні вайсковых частак Беларускае самааховы (БСА), падпісвае адпаведны заклік да беларускага народу (акрамя яго там былі подпісы І. Ермачэнкі, а. В. Гадлеўскага, Арх. Філафея, В. Іваноўскага і Ўл. Казлоўскага).

Нямецкія спэцслужбы мелі інфармацыю пра беларускую кансьпірацыю. Іх агентура не сядзела бяз працы. Бачачы ў Саковічу аднаго з кіраўнікоў Нацыянальнага Супраціву, немцы пачынаюць адсоўваць яго ад уплывовых пасад. Ад жніўня 1942-га да траўня 1943 году ён працаваў кіраўніком Самапомачы Менскае акругі. Саковіч не баяўся нямецкіх рэпрэсій і пратэставаў супраць паленьня эсэсаўцамі беларускіх вёсак і масавых забойстваў мірнага жыхарства, чым моцна настроіў супраць сябе нямецкія эсэсаўскія ўлады. У выніку, яго пазбаўляюць займаных пасад і высылаюць у Ліду на становішча акруговага старшыні БНС. Польскае падпольле апэратыўна даведалася пра прыезд Саковіча й прысудзіла яго да сьмерці.

Лідчына была апанавана польскім падпольлем і партызанкаю, якія вялі бязьлітасную барацьбу зь беларускім нацыянальным актывам. Польскія тэрарысты стралялі беларускіх вайскоўцаў, настаўнікаў і урадоўцаў упрост на вуліцах Ліды. Зброю і амуніцыю акоўцы атрымоўвалі ад нямецкіх уладаў, ды трымалі з апошнімі шчыльны кантакт. Немцы ведалі, што жывым Саковіч адтуль ня вернецца і, такім чынам, чужымі рукамі зьнішчалі аднаго з правадыроў беларускага падпольля.

Юльян Саковіч і Леанід Маракоў, брат загінуўшага ў бальшавіцкіх лягерах пісьменьніка, прыехалі ў Васілішкі, каб правесьці там беларусізацыю мясцовай адміністрацыі. 13 чэрвеня 1943 году яны наведвалі беларусаў у фальварку Гайкаўшчына і вярнуліся ў Васілішкі толькі ў абед. Тут іх ужо чакалі два тэрарысты...

Саковіч і Маракоў былі расстраляны ва ўпор недалёка ад касьцёла. Забойцы пасьпяхова схаваліся, а мясцовая паліцыя, складзеная з палякаў, нават і не зьбіралася іх шукаць. Беларускія сьледчыя выйшлі на сьлед тэрарыстаў, але немцы зрабілі ўсё магчымае, каб тыя пазьбеглі кары й пайшлі ў лес. Ільля Кіслы, у якога былі ўсе дакумэнты па расьсьледаваньні забойства, быў застрэлены на лідзкай вуліцы.

Юльян Саковіч быў пахаваны на праваслаўных могілках у Лідзе ў прысутнасьці шматлікага беларускага грамадзтва. Усе беларускія газэты зьмясьцілі нэкралёгі, прысьвечаныя яго сьветлай памяці.

“Новая дарога” пісала: “Ня стала Яго. Ён адыйшоў ад нас. Памяць аб ім застанецца вечна жыць у нашых сэрцах, у сэрцах беларускага народу. А ворагі нашы, яго забойцы, няхай ведаюць - назаўсёды прайшоў ужо час, калі яны маглі бяскарна нішчыць лепшых яго сыноў. Цяпер караючы меч нашых узброеных аддзелаў цяжка ўпадзе на іх праступніцкія галовы.

Сьпі спакойна, дарагі сябра, дарагі змагар! Мы споўнім твае запаветы! Вольная Беларусь ніколі не забудзе сваіх ахвяраў на шляху змаганьня!”

Сяргей Ёрш
Крыніца: http://autary.iig.pl/jorsz/