Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі

Міхась Зуй. Мая аўтабіяграфія

Я, Міхась Зуй, нарадзіўся 23-га кастрычніка 1909 г. у вёсцы Вялікае Сяло Германаўскай воласьці Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. Бацька мой быў сельскі гаспадар. Ён меў каля 8-мі гектараў зямлі, а пасьля адкупіў ад брата яго частку - 8 гектараў. Да гэтага часу я пачаў хадзіць у рускую пачатковую школу ў 1917 годзе.

Праз чатыры месяцы, у сувязі з вайной Расеі зь Нямеччынай, школа перастала працаваць. У 1918-19 годзе зноў пайшоў вучыцца ў рускую школу. Праз пяць месяцаў вучобы, у сувязі з хваробай бацькі, змушаны быў пакінуць школу, ды ва ўзросьце 9-ці гадоў ехаць у поле гараць зямлю і выконваць усе гаспадарчыя работы. Ведаючы, што навука - сьвятло, якое асьвятляе жыцьцё чалавека, стараюся дзе можна здабываць яе. У 1921 годзе пяць месяцаў вучыўся ў польскай школе, чытаю кнігі, хаджу на вячэрнія курсы, што дае магчымасьць закончыць праграму польскай сямігодкі і аднагадовы курс сельскай гаспадаркі.

У 1932-ім годзе арганізуем “Кола Вясковай Моладзі” (Kolo Mlodzezy Wiejskiej). Спаткаўшыся з беларускай літаратурай, пазнаю, што я сын Беларускага Народу з слаўнай мінуўшчынай, які крыўдзіць імпэрыялістычная Масква і Варшава. У мае шаснаццаць год даю сабе слова, што пакуль буду жыць і магчы, буду абараняць свой слаўны гісторыяй, здольны і мірны народ ад усіх крыўдзіцеляў. Заснаваўшы К. В. М., выбіраюць мяне старшынём гэтай арганізацыі, з году ў год, да 1939 году, да “вызваленьня” Заходняй Беларусі ад “гнёту” польскіх паноў.

У барацьбе Кола Вясковай Моладзі пашырае сярод беларускага насельніцтва сьведамасьць аб Беларусі, праз адыграваньне беларускіх п’есак, ды выступы беларускага мяшанага хору з беларускімі песьнямі й дапамагае бараніцца ад палянізацыі беларусаў. Адначасна даем сялянам сельскагаспадарчыя парады. У 1936 годзе еду ў Вільню на шасьцімесячныя курсы “Вясковы Унівэрсытэт Грамадзкі” (Wiejski Uniwersytet Spoleczny). Вярнуўшыся назад, абдымаю функцыю брыгадзіра па садаводзтве ў воласьці, арганізую другое К. В. М. і апякуюся ім.

За пашырэньне беларускай сьведамасьці паміж насельніцтва мае сябры перасьцерагалі мяне, што паліцыя арыштуе, прышые лату камуніста і пашле ў канцлягер “Картуз Бярозу”. Пры прыходзе саветаў у 1939 годзе савецкі пракурор назначае мяне агітатарам - растлумачваць “сталінскую канстытуцыю” і палажэньне аб выбарах у акруговых вёсках. Сумленна выконваю свае абавязкі перад народам. Пасьля такога паясьненьня сяляне разыходзяцца і мацюгом крыюць “свабоду”.

Адначасна працую актывістам, дзесяцідворнікам. У палове 1940 году капітан НКВД вызывае мяне да сябе і прапануе супрацу з НКВД ды даносіць ім думкі насельніцтва. Ад гэтага “ганаровага” і “сумленнага” абавязку адмаўляюся. Наступае ціск на мяне з пісталетам у руках на працягу чатырох з паловай гадзін. Калі яго пагрозы ня змусілі мяне падпісаць дакумант супрацы з імі, тады загаварыў да мяне па-прыяцельску: “Вы, товарищ, молодой человек и неглупый. Мне жаль губить вашу жизнь, но если я не получу от вас подписи, несмотря, что я капитан НКВД, меня начальство не погладит по головке,а моя рубаха ближе моему телу”. Я хвіліну падумаў і гавару: “Я ад малых гадоў стараўся дапамагаць усім, хто патрабаваў дапамогі, і вам таксама дапамагу”. І падпісаў дакумант НКВД.

Два разы пасьля меў у лесе спатканьне з НКВД, што дапамагло ратаваць беларусаў ад ссылкі ў Сібір і катаваньняў, хаця йграў зь небясьпекай самому трапіць туды. У верасьні 1940 г., як сыну кулака, з цяжкасьцю ўдаецца стаць студэнтам “Сельскохозяйственного полеводческого техникума” ў Глыбокім. Перад выбухам Другой сусьветнай вайны, у 12-ць гадзінаў ночы зноў быў пакліканы да начальніка НКВД, але праз два тыдні пачалася вайна. Мяне змабілізавалі ў савецкую армію ахоўваць боепрыпасы ў Крулёўшчыне. І я вызваліўся з кіпцюроў НКВД. У сувязі з наступам немцаў бальшавікі ўзрываюць склады з боепрыпасамі і ўцякаюць на Ўсход. Дэзертую і варочаюся дамоў. Праз тыдзень часу пагражае майму жыцьцю небясьпека ад палякаў, паступіўшых на службу немцам.

Праз тыдзень часу камэндант паліцыі, паляк, пагражае мне расстрэлам за тое, што я сказаў: “Цяпер на Беларусі ёсьць нямецкая ўлада, а не польская. Сьведамыя беларусы расстрэльваюцца нямецкімі рукамі па правакацыі палякаў”. Пляную ўцякаць з дому, аж прыяжджае да мяне з Глыбокага беларус Аўген Аскерка, студэнт Львоўскай палітэхнікі, і прапануе мне далучыцца да тайнай арганізацыі беларускіх патрыётаў на барацьбу з польскімі шавіністамі, а ў патрэбе заняць пост старшыні Германаўскай воласьці. Праз пару тыдняў атрымліваю намінацыю на старшыню Беларускай Народнай Самапомачы (БНС) у Германавічах, а ў лістападзе 1941 году інжынэр Іван Гінько прывёз мне ад Акруговага Камісара другую намінацыю на старшыню воласьці ў Германавічах. Трэба сказаць, што воласьць і пастарунак паліцыі былі абсаджаны польскімі шавіністамі, якія плянавалі праз подлыя даносы аддаць мяне на расстрэл нямецкай жандармэрыі.

Спадар І. Гінько дапамог мне прыняць воласьць і ад’ехаў, а я застаўся адзін сярод ненавісьнікаў. І я ня раз ад 7-ай рана да 8-ай гадзіны вечара сядзеў адзін у бюро і сумленна залагоджваў праблемы жыхароў Германаўскай воласьці, і здабываў пашану ў людзей. У гэты час запазнаўся з нямецкім баронам фон Рэке, доктарам хіміі, які дома меў уласную хімічную лябараторыю і добра валодаў расейскаю моваю. Гэта быў чалавек сумленны і ганаровы. Ён у прыватнай размове крытыкаваў нядобрыя паступкі немцаў і гаварыў: “Господин Зуй, я не могу понять, почему немцы так глупо поступают”. З маіх адказаў быў задаволены. Барона адклікаюць з Германавіч, а я паволі дыпляматычна замяняю працаўнікоў воласьці палякаў - беларусамі.

Той самы камэндант паліцыі, які пару месяцаў таму пагражаў мне расстрэлам, пачаў пісаць у нямецкую жандармэрыю подлыя даносы. Даведаўшыся аб яго подлай дзейнасьці, прыгатаваўся да абароны. У тую яму, якую капаў на мяне, уваліўся ён сам. І, калі б я не ратаваў яго, быў бы, бясспрэчна, расстраляны. Спакойна, плянава замяніў палякаў-валасных працаўнікоў беларусамі, і камэндантам паліцыі паставіў таксама беларуса. Беларускі актыў з Глыбокага прапануе мне заняць пост начальніка Шаркаўскага павету. Паміма маёй нязгоды з гэтай прапановай, сытуацыя змусіла мяне пагадзіцца з актывам, і ў пачатку траўня 1942 году я атрымаў намінацыю на начальніка Шаркаўскага павету і загад безадкладна ехаць у Шаркаўшчыну і арганізаваць павятовую ўправу. Старэйшыя ўрадоўцы Шаркаўскай адміністрацыі без ахвоты дапамагалі мне арганізаваць павет.

У верасьні 1942 году тэлеграмай выклікалі мяне ў Акругу. Сем нямецкіх афіцэраў, у тым ліку СС, разлажыўшы карты Шаркаўскага павету, запыталі ў мяне, у якіх месцах ёсьць партызаны. Паказаў і вярнуўся ў Шаркаўшчыну.

Назаўтра выклікаў мяне да сябе нямецкі гаспадарчы афіцэр - кляйсляндвірт. Там ужо былі: высокай рангі афіцэр СС, камандзір акцыі, барон фон Рэке, які служыў перакладчыкам, старшыня воласьці і кляйсляндвірт. На разложанай карце Шаркаўскага павету чырвоным алоўкам падкрэсьліваюць вёскі, хутары, дзе грасуюць партызаны.

Пасьля абводзяць вялікі круг чырвоным алоўкам, уключаючы ў яго ўсе падкрэсьленыя вёскі і хутары. Як толькі выйшлі з пакою камандзір акцыі СС, кляйсляндвірт і старшыня воласьці, я пытаю барона: “Што гэта мае значыць - абведзены на карце круг чырвоным алоўкам?” Адказ: “Ваенная тайна. А паколькі я Вас добра ведаю, скажу Вам, што ўсе вёскі і хутары, каторыя знаходзяцца ў абазначаным кругу, будуць зьнішчаныя разам з насельніцтвам агнём і куляй”. Пацямнела ў маіх вачох, захісталася падлога пад маімі нагамі…

Я думаў, што не ўтрымаюся на нагах. Аднак хутка апанаваў сябе і гавару: “Спадар барон, чаму вы, немцы, хочаце зрабіць вялікае злачынства таму народу, які спаткаў вас хлебам-сольлю, сьвятымі абразамі і кветкамі? Чым ён вінаваты, што вы ня можаце абараніць яго ад начных лясных грабежнікаў, якія з аружжам у руках грабяць безабаронны народ, які так радасна прыняў вас і верыць, што яшчэ немцы хутка зьнішчаць лясных бандытаў і забясьпечаць спакойнае жыцьцё. А немцы гэтаму мірнаму працавітаму народу, за яго прыязныя адносіны да іх хочуць адплаціць агнём і куляй. Калі немцы выканаюць, што заплянавалі, яны зробяць найбольшае злачынства беларусам, страцяць давер і пашану ад беларусаў, і на сябе наложаць перад сьветам чорную пляму жудаснага крымінальнага злачынства!” Барон, выслухаўшы мае словы, сказаў: “Вы правы, начальнік. Зачакайце, а я пайду пагавару з камандзірам акцыі”. Праз пяць хвілін зьявіўся з камандзірам, якога таксама папярэдзіў аб наступствах, калі немцы выканаюць намечаны плян. На канец нашай гутаркі камандзір акцыі СС працягвае руку і кажа: “Даю вам, начальнік, слова гонару нямецкага афіцэра, што ані адна вёска, ані адзін чалавек ня будзе забіты, калі наша армія будзе падходзіць да вёскі, а па ёй ня будуць страляць”. Ён у 100 % датрымаў дадзенае мне слова. Няраз прыходзілася заручацца галавой за сялян перад карнымі нямецкімі аддзеламі, што невыкананьне сялянамі нямецкага загаду, ня злая воля сялян, а ўзброеныя партызаны не дазвалялі беларусам выконваць яго.

Мае сябры па працы папярэджвалі мяне, што я замнога рызыкую, крытыкую немцаў, а яны за гэта расстраляюць мяне. Зімою 1943 года па прапанове Уладзіслава Рыжага ўступаю ў БНП і атрымоўваю білет на цягнік другой клясы і без абмежаваньня мог езьдзіць у гарады: Менск, Вільня, Глыбокае. Вялікі недахоп лекаў адчуў шаркаўскі шпіталь. Акруговы аддзел забесьпячэньня бальніц лекамі адмовіўся забясьпечыць нават бальніцу. Еду ў Менск, у Генэральны штаб забесьпячэньня бальніц лекамі. Дастаю 75 скрынак з мэдыкамэнтамі. На станцыі ў Глыбокім нямецкае СД арыштоўвае мяне і садзіць у турму, дзе прасядзеў цэлыя суткі.

Рана вясной 1943 году маёр Радзівонаў* прысылае ў Шаркаўшчыну палкоўніка Лазарава вэрбаваць хлопцаў у сваю армію. Кляйсляндвірт, старшыня воласьці, камэндант паліцыі і мой заступнік маюць нараду з палк. Лазаравым. Адзінагалосна пастанавілі дапамагаць Лазараву вэрбаваць хлопцаў. Пастанову гэтую зрабілі ў часе, калі я адсутнічаў. Па павароце ў павет, даведаўшыся аб шкоднай пастанове дапамагаць Лазараву ў мабілізацыі ў варожую нам армію, абругаў заступніка і сказаў: “Не дазволю, каб нашы хлопцы пралівалі сваю кроў за чужыя справы, за нашых ворагаў!”

Еду да Акруговага Камісара ў Глыбокае прасіць дапамогі зьберагчы жыцьцё беларускіх хлопцаў. Як акруговы камісар, так і камэндант нямецкай жандармэрыі, толькі парадзілі мне варочацца ў павет і глядзець за парадкам. Паколькі БНП забясьпечыла мяне білетам ехаць чыгункай, калі мне патрэбна, саджуся ў цягнік і еду ў Менск да старшыні Самапомачы др. Ермачэнкі**. Ермачэнка дамаўляецца аб спатканьні з Генэральным Камісарам Беларусі Годбэргам***. Прыходзіць аўто - едзем. Генэральны Камісар, выслухаўшы маю просьбу, дае загад Акруговаму Камісару выслаць мне ў павет распараджэньне, што ніхто ня мае права сілай вэрбаваць людзей. Прыязджаю ў мястэчка Шаркаўшчына і бачу ў скверы, разьвязаўшы торбачкі з харчамі, праходзяць каля 120 хлопцаў, якіх пад канвоем вядуць у армію Радзівонава. Даю загад свайму заступніку Лявону Шарабайку аб’явіць хлопцам, што начальнік сказаў: “У армію ніхто ня мае права сілай вэрбаваць людзей, а могуць вэрбаваць толькі дабараахвотнікаў”.

Завэрбаваныя хлопцы, пачуўшы гэтую вестку, закрычалі: “Ура! Хай жыве наш начальнік!” і разышліся па дамах. Праз тыдзень а 7-ай рана прыехалі да мяне ў бюро заступнік Акруговага Камісара, маёр Радзівонаў, два афіцэры нямецкага СД і палкоўнік Лазараў. Па подлых даносах Лазарава, яны прыехалі мяне судзіць. На допыце палкоўнік Лазараў афіцыйна сказаў, што начальнік Шаркаўскага павету спадар Зуй арганізоўвае сваю армію, каб пры першай магчымасьці біць немцаў. На яго крывадушныя абвінавачваньні ў мой адрас я даў цьвёрды і рашучы адказ, што Акруговы Камісар і ўсе нямецкія афіцэры супольна з маёрам Радзівонавым прызналі мне рацыю, а палк. Лазараву далі загад пакінуць павет Шаркаўшчыны.

Вясной 1944 года, адным вечарам прыйшло да мяне на кватэру двое сялян прасіць рады, што яны маюць рабіць у іх безвыходным цяжкім становішчы. У начы рабуюць і зьдзекуюцца над імі партызаны, удзень церпяць паняверку і зьдзек ад немцаў, паліцыі і літоўцаў. Пасадзіў іх за стол, паставіў літру гарэлкі і патлумачыў, чаму так ёсьць, і што мы павінны рабіць, каб змаглі перажыць гэты цяжкі час. Назаўтра рана прыйшоў да мяне селянін і сказаў: “Начальнік, учора вечарам камандзір партызанскага атраду прыслаў да вас двух партызанаў падлажыць міну, але пасьля вашай размовы з імі, яны аддалі бомбу назад камандзіру і сказалі: “Рабіце з намі што хочаце, але мы міну начальніку не падложым, бо ён ня служыць немцам, а бароніць нас ад усіх крыўдзіцеляў”. Каб апісаць усю барацьбу з нашымі ненавісьнікамі, трэба было б напісаць цэлую кнігу.

У красавіку 1944 году І. Гінько прыязджае да мяне і кажа: “ЦК БНП ускладае на вас абавязак падабраць сем дэлегатаў, па аднаму ад кожнай прафэсіі, ехаць у Менск на Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Дэлегаты мусяць быць стопрацэнтныя беларусы. У выпадку канфлікту зь немцамі, каб былі здольныя, у патрэбе, аддаць сваё жыцьцё, чым здрадзіць беларускай справе. Да дня ад’езду на Кангрэс ніхто нічога не павінен ведаць”.

Напярэдадні Кангрэсу, у Менску вечарам, ЦК БНП плянаваў зацьвердзіць плян зрыву Кангрэсу, у сувязі з недаверам Прэзыдэнту Беларускае Цэнтральнае Рады Р. Астроўскаму. На думку БНП, Прэзыдэнт Астроўскі плянуе зацьвердзіць кангрэсам супрацу Беларусі зь немцамі й гэтым самым скампрамэтуе Беларускі Народ у вачох Вольных Народаў Сьвету і, каб не дапусьціць да гэтага ганебнага чыну, БНП плянуе сарваць Кангрэс, як толькі ён распачнецца. Я палічыў, што прапанаваны плян ня мудры, бо робяцца пастановы, палагаючыся на прыпусканьні, і параіў, што зрыў Кангрэсу павінен наступіць з моманту, калі Прэзыдэнт БЦР Р. Астроўскі скажа хаця адно слова, якое будзе кампрамэтаваць Беларускі Народ у вачох Вольнага Сьвету. Мая прапанова адзінагалосна прымаецца. Цяпер Другі Ўсебеларускі Кангрэс сваімі гістарычна-патрыятычнымі пастановамі знайшоў сабе пачэскае месца на бачынах беларускай гісторыі.

На другі дзень, 28-га чэрвеня 1944 году, а 2-й гадзіне па пол., наладаваўшы вазы рэчамі першай патрэбы, пасадзіўшы наверх свае сем’і, пакідалі свой родны кут, сваю цяжка здабытую маёмасьць, накіроўваліся на Захад, перад наступам Чырвонай Арміі, якая нясла за сабой камуністычны рэжым. Перад Граевам я быў разлучаны са сваёй сям’ёй і абозам.

У Граеве спаткаўся з капітанам Усеваладам Родзькам, і, згодна яго прапановы, вырашыў уступіць у батальён “Дальвіц”.

Капітан Родзька забясьпечыў мяне дакумэнтам, які даваў мне права вэрбаваць беларусаў у батальён. На трэці дзень, з групай 26 беларусаў, выехаў цягніком на Ўсходнія Прусы ў лягер Дальвіц. Мы праходзілі тут падрыхтоўку на партызанскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне. Нас мелі скінуць з самалёту на Беларусь тады, калі нямецкая армія будзе зноў наступаць на Ўсход. У гэтыя мары немцаў мы абсалютна ня верылі, а наш батальён чакаў на нагоду здацца ў рукі Альянтаў, каб зьберагчы сваё жыцьцё ад бальшавікоў.

У верасьні, з мэтай разьведкі сытуацыі на Бацькаўшчыне, была спушчана з самалёта на Беларусь група з 8-мі чалавек. Пазьней, у восень, арганізавалася група больш за 30-ць асоб на чале з генэралам Вітушкам. Да гэтай групы быў уключаны і я. Напярэдадні адлёту, увечары, пасьля размовы з маёрам Родзькам, ён вырашыў пакінуць мяне ў батальёне для вэрбоўкі хлопцаў.

Пераехаўшы ў Чэхаславакію, на “Чэрну Гару” (Шварцбэрг), езьдзіў па лягерах вэрбаваць хлопцаў. У гэты час мы пільна сачылі за вынікамі вайны. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны, вечарам, наш батальён пакінуў Чорную Гару, бяручы напрамак - прабіцца на Захад да Альянтаў. У часе адсутнасьці камандзіра Родзькі, яго заступнік, капітан Гелда, каб не праліваць крыві, даў загад жаўнерам батальёну “Дальвіц” здаць зброю чэхам. Гэта здарылася на вуліцах горада Прагі.**** Калі вярнуўся маёр Родзька ў батальён, са сьлязьмі сказаў: “Здаўшы зброю чэхам, вы зрабілі сябе безабароннай групай. Ваша жыцьцё цяпер залежыць ад волі лёсу. Дарогу на Захад адрэзалі бальшавікі, а хто трапіць ім у рукі, не мінаваць кулі. Разьбівайцеся на групы й прабівайцеся на Захад”. Выдаў нам часовыя посьведкі, што мы палякі.

Нашу групу на чале са старшым лейтэнантам Будахоўскім, у ліку 26 чалавек, затрымаў аддзел савецкага войска. Забралі ад нас гадзіньнікі і ўсе каштоўнейшыя рэчы і пад канвоем адвялі ў лес, абставілі кулямётамі і сказалі: “Сядзець, а хто толькі падымецца, страляем без папярэджаньня”. На мне была ўніформа беларускага лейтэнанта. Нашы канваіры, атрымаўшы загад ад вышэйшага камандаваньня, вывелі нас на дарогу і накіравалі на разьмеркавальны пункт у горад Тускаў.

Пакуль дайшоў да месца прызначэньня, свой мундзір беларускага лейтэнанта замяніў свэтрам і на допыце ў НКВД падаў няправільны адрас, схлусіў, што я быў забраны прымусова з дому на працу ў Нямеччыну. Мяне ўключылі ў “143 гвардзейскі красназнамённы полк”. Прывялі ў прызначаныя баракі. Два месяцы праходзілі тактычныя заняткі. Праз два месяцы злучылі тры палкі разам і пехатой адправілі праз Польшчу ў Берасьце (Брэст-Літоўск), дзе мелі пасадзіць на цягнік і адправіць на Далёкі Усход. Калі прыйшлі ў Польшчу, затрымаліся на тры дні ў 50-ці кіламетрах ад Лодзі. У часе пастою, НКВД узяла мяне на допыт.

Капітан НКВД, з недахопу патрэбных яму довадаў, адклаў допыт на заўтра. Я гэтай жа ноччу вырашыў уцякаць. Вечарам зарганізаваў на ўцёкі двух сяброў: Жабуртовіча і Кіслага. Мы здэзэртыравалі, а калі б толькі злавілі б нас - на месцы расстралялі б. Ужо былі ў пастцы, але дзякуючы вартавым, якія запальваючы загаварыліся, мы прашмыгнулі ў лес паза іх плячыма. Тут спаткаў мяне няшчасны выпадак: узьлез на высокі дуб і, праз няўважлівасьць, паламаў ногі. Сябры зацягнулі мяне ў малодзенькі густы сасоньнік, а самыя пайшлі арганізоўваць мне дапамогу. Раніцой прыйшоў да мяне паляк Грабоўскі, прынёс скібку хлеба і літар кавы, і на працягу тыдня я атрымоўваў ад яго пасілак.

Ногі пухлі, ляжаў прытаіўшыся, накрыты плышчпалаткай. Зьверху грызьлі камары, зьнізу - мурашкі. Праз тыдзень Грабоўскі кажа мне, што яму небясьпечна прыходзіць да мяне: “Я забяру цябе дадому і палажу ў паветцы”. Узваліў мяне на плечы і каля паўтара кілямэтры валок дадому. Праз тры тыдні я пачаў спрабаваць уставаць і яшчэ праз два з кіем мог зрабіць пару крокаў. Мой апякун забраў мяне пільнаваць свой сад. Праз два месяцы зрабілі мне часовы пашпарт і я, па пратэкцыі, уладкаваўся ў Варшаве сьлесарам. Перад Калядамі з недахопу фінансаў звольнілі 15% рабочых, а сярод іх і мяне. Рана вясной 1946 году дастаю працу гадоўлі фруктовых дрэўцаў у той вёсцы, дзе атрымаў першую дапамогу пасьля дэзэрцірства з савецкай арміі.

Наведваючы Варшаву, спаткаў некаторых маіх сяброў з дому, зь якімі разам працаваў у арганізацыях. Даведаўшыся ад іх адрас маёй сям’і, якая жыла на “Землях адзысканых”, еду і знаходжу матку, дзьвюх сясьцёр, брата, швагра і другіх крэўных, прыяцеляў. Варочаюся назад, разьлічваюся з працадаўцам і ўвечары 4-га сьнежня 1946 г. прыяжджаю да сваёй сям’і. Брат і швагер служылі лясьнікамі, а я дастаў працу ў бюро надлясьніцтва - весьці ўлік высечанага ляснога матэрыялу і продажу.

Роўна праз год, 4-га сьнежня 1947 году, у 12 гадзін ночы НКВД прыехала забраць мяне. Той ноччу я начаваў у швагра. Яны арыштавалі спачатку брата, але праз 20 хвілін агледзеліся, што гэта ня той, хто ім патрэбны. Вярнуліся выправіць сваю памылку, але я ўжо быў у лесе.

Праз тры дні НКВД арганізавала аблаву на мяне, але тут яны ня мелі посьпеху. Дзесяць дзён сыпаў сьнег, а я сядзеў пад елкай і змагаўся за сваё існаваньне. Пасьля дзесяці дзён, з фальшывымі дакумэнтамі, сеў у цягнік і паехаў да майго сябра, які займаў высокі пост у адміністрацыі. Падчас нямецкай акупацыі яго брат быў у партызанах. На адным ложку праспаў зь ім паўтара месяца. За гэты час спаткаў некаторых блізкіх суседзяў, якія, нягледзячы, што належалі да камуністычнай партыі, абяцалі ў патрэбе бараніць мяне перад НКВД.

За гэты час зрабіў сабе другія дакумэнты, зьмяніў прозьвішча, і пераехаў у Еліна Здруй, каля чэскай мяжы на фэрму да майго сябры Рабізы. Я чакаў тэлеграмы ад прыяцеля са Шчэціна, які абяцаў залагодзіць на “чорна” пераход польска-нямецкай мяжы. У канцы чэрвеня 1948 г. атрымаў тэлеграму: “Прыяжджай”. І 28 чэрвеня позна ўвечары паляк-праваднік, камандзір Арміі Краёвай і я перайшлі мяжу. На трэці дзень, перамагаючы перашкоды, дабраўся да амэрыканскага сэктару ў Бэрліне, дзе прабыў каля двух з паловай месяцаў. Атрымаў ад сяброў БНП Маеўскага і Ул. Сенькі білет на самалёт у лягер Ватэнштэт (ангельская зона), дзе яны жылі. Апякун уцекачоў - паляк, ангельскі падданы - даведаўся, што я праваслаўны беларус і не дазволіў мне жыць у лягеры Ватэнштэт, а скіраваў да нямецкіх уцекачоў з Усходняй Нямеччыны. Нягледзячы на гэта, я жыў разам з сябрамі ў лягеры Ватэнштэт. Тут спаткаў сяброў БНП: Хведара Ільяшэвіча, Уладзімера Сеньку, Міхася Маеўскага і Аўгена Занкавіча. Тут мы рабілі нарады ды прапановы ангельскім уладам адносна барацьбы з камунізмам. За час побыту ў лягеры (сем месяцаў) арганізаваў беларускія пастаноўкі, прымаў актыўны ўдзел у грамадзкай працы.

Пасьля размовы з ангельскім генэралам разьведкі, згодна яго прапановы, 9 кастрычніка 1949 году параплавам прыплыў у Аўстралію. Паколькі маё прозьвішча і другія дадзеныя былі не сапраўднымі ў маіх паперах, пастанавіў жыць у Аўстраліі пад уласным імем. Калі я аб’явіў афіцэру бясьпекі, што маё сапраўднае імя ёсьць іншае, чым пададзена ў дакумэнтах, ён затрымаў мяне ў лягеры Банагіла на шэсьць месяцаў. Палічыўшы, што я - “ваенны злачынец”, пачаў рабіць даведкі аб маім жыцьці й дзейнасьці на Бацькаўшчыне. Пасьля шасьці месяцаў афіцэр бясьпекі паклікаў мяне да сябе й кажа: “Ад дня нараджэньня мы праверылі ўсю вашу дзейнасьць. Падазрэньне было памылковае, на вас ніякіх цёмных плям няма. Можаце ехаць на працу, якая вам падабаецца”. За гэты час навязаў сувязь з беларусамі, раскіданымі па ўсіх краінах сьвету. Першую працу дастаў у горадзе Альбуры на ліманаднай фабрыцы.

25-га сакавіка 1950 году сп. Клуніцкі***** арганізоўвае сьвяткаваньне Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі Актам 25-га Сакавіка 1918 г., і адначасна засноўвае Беларускае аб’яднаньне ў Новай Паўднёвай Валіі. Еду ў г. Сыдней і прымаю ўдзел у сьвяткаваньні. Мяне выбіраюць у сябры Управы БА ў НПВ.

Варочаюся на працу ў Альбуры, а праз пару месяцаў, у сувязі з патрэбай працаваць у Беларускім Аб’яднаньні ў НП Валіі, пераяжджаю ў Сыднэй. У лістападзе 1950 года паўстае непаразуменьне Ул. Клуніцкага з сябрамі Управы БА. Выбіраюць мяне старшынёй Аб’яднаньня й па сёньняшні дзень, бяз зьмены, стаю на гэтым пасту. У 1951 годзе дамаўляюся з сябрамі Беларускага Клубу ў Мэльбурне аб злучэньні нашых арганізацыяў у адну для больш эфектыўнай грамадзкай працы.

Сябры Беларускага Клубу пераймяноўваюць Клуб на Беларускае Аб’яднаньне ў Вікторыі. Робім зьезд Мэльбурн-Сыднэй і абіраем Галоўную Управу Беларускага Аб’яднаньня ў Аўстраліі - БАуА. Лёс судзіў мне быць старшынёй і цягнуць далей цяжкую, няўдзячную працу і па сёньняшні дзень. Ад пачатку заснаваньня Аб’яднаньня была заснаваная і Рэдкалегія, якая на працягу 10-ці год выдавала часопіс “Новае жыцьцё”, навязвала сувязь з Аўстралійскімі ўрадавымі палітыкамі. Лучылася да спаўпрацы з арганізацыямі іншых нацыянальнасьцяў. Супольна арганізоўвалі мітынгі, дэманстрацыйныя паходы па вуліцах Сыднэя і на ўзаем запрашалі да сябе дэлегатаў на нацыянальныя ўрачыстасьці. Беларускае Аб’яднаньне арганізоўвае мешаны хор, які выступаў на нацыянальных сьвяткаваньнях і міжнацыянальных канцэртах, рабілі публічныя беларускія забавы і кожны год нацыянальныя сьвяткаваньні: Абвешчаньне Незалежнасьці Беларусі Актам 25-га Сакавіка 1918 г., Другі Ўсебеларускі Кангрэс, Слуцкае Паўстаньне, таксама сяброўскія вечарыны, прысьвечаныя заслужаным беларускім патрыётам, як Я. Купалу, Я. Коласу, М. Багдановічу і другім. А таксама ставіліся беларускія пастаноўкі на нацыянальных сьвяткаваньнях.

13 сьнежня 1949 году атрымоўваю рангу надлейтэнанта. За грамадзкую працу 1 лютага 1952 году Прэзыдэнт БЦРады Р. Астроўскі надае мне рангу капітана. Начальнік Галоўнага Штабу Беларускага Вызвольнага Руху 2 сьнежня 1952 году прызначае мяне інспэктарам БВРуху ў Аўстраліі. 20 студзеня 1951 году атрымоўваю прызначэньне сябра БЦР, а 10 кастрычніка 1952 году Прэзыдэнт БЦРады прызначае мяне старшынёй Дэлегатуры БЦР у Аўстраліі. На ўрачыстасьці 25 Сакавіка 1962 году беларускае грамадзтва ўручае мне прэзент (падарунак). 13 лістапада 1978 году атрымоўваю ад Прэзыдэнта БЦР рангу Генэрала.

У 1965 годзе арганізоўваю высылку беларускіх дэлегатаў на міжнародныя палітычныя канферэнцыі Сусьветнай Антыкамуністычнай лігі (ВКАЛ) і апелюю да беларусаў сьвету дапамагчы фінансава пакрываць расходы, зьвязаныя з удзелам беларускіх дэлегатаў у рэпрэзентацыі Беларусі на канферэнцыях ВАКЛ.

Дэлегаты высылаліся з Аўстраліі, Нямеччыны, Амэрыкі і Англіі. Абавязак за пакрыцьцё коштаў рэпрэзэнтацыі Беларусі ляжаў на мне. Гэта каштавала мне многа клопатаў і нэрваў, ды ўласных выдаткаў. Не шкадую. Вынік уложанай працы аказаўся задавальняючым. Ужо ў 1971 годзе Беларусь, амаль нязнаную на Захадзе, Свабодалюбівыя Народы Сьвету афіцыйна прызналі за раўнапраўную сабе сяброўку, і прынятай Рэзалюцыяй на 5-ай Канферэнцыі ВАКЛ 24-га ліпеня 1971 года зацьвярджае ёй поўнае права на дзяржаўную незалежнасьць, і адначасова прыраклі ўсебаковую дапамогу Беларускаму Народу ў барацьбе за незалежнасьць…

Але невылечная хвароба палажыла мяне ў шпіталь і спыніла ўсю маю грамадзкую дзейнасьць…

Жыве Беларусь!!!

Аўстралія, Сыднэй. Кастрычнік 1994 год.

* Гіль-Радзівонаў Уладзімер (1906 - 1944), падпалкоўнік Чырвонай Арміі. Паходзіць з Асіповіччыны. Улетку 1941 г. трапіў у нямецкі палон. З 1942-га - камандзір пранямецкай брыгады (“дружыны”) “Русской национальной народной армии”. У жніўні 1943 году перайшоў на бок савецкіх партызанаў. Памёр ад ранаў.
** Ермачэнка Іван (1894 - 1970), беларускі палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў вёсцы Капачоўка Барысаўскага павету ў сялянскай сям’і. У першую сусьветную вайну - афіцэр расейскае арміі. Консул Ураду БНР у Канстанцінопалі на пачатку 20-х гадоў. У 1920-30 гг. жыў у Празе. У кастрычніку 1941 - красавіку 1943-га - старшыня Галоўнай Рады Беларускае Народнае Самапомачы ў Менску. На эміграцыі ўваходзіў у БЦР. Памёр у Флярыдзе (ЗША).
*** Тут М. Зуй памыляецца. У гэты час генэральным камісарам Беларусі быў В. Кубэ.
**** Існуюць і іншыя трактоўкі раззбраеньня “Дальвіца”. Напрыклад, М. Рулінскі цьвердзіць, што адбылося гэта адназначна не ў Празе, а ў іншым горадзе й што загад прыйшлося аддаць не Гелдзе, а Родзьку, бо батальён быў абкружаны чэскімі партызанамі.
***** Клуніцкі Уладзімер - арганізатар першай беларускай арганізацыі ў Аўстраліі. Першы старшыня Беларускага Аб’яднаньня ў Аўстраліі. Сябра Беларускай Народнай Грамады й рэдактар грамадоўскага часопіса “Да Перамогі”. Памёр 27 жніўня 1974 году ў Сыднэі.