Ц. Клыкоўская - Саюз Беларускай Моладзі - вяртаньне з забыцьця

  1. Ад аўтара
  2. Уступ, безь якога немагчыма абыйсьцiся
  3. „...Каб марна не прайшло жыцьцё”
  4. Саюз Беларускай Моладзi
  5. ...Iдуць жаўнеры беларусы!
  6. Апошнiя акорды
  7. Наступствы
  8. Постскрыптум

Ад аўтара

Ціна Клыкоўская, Саюз Беларускай Моладзі - вяртаньне з забыцьця

Сёньняшняя грамадзкасьць, на жаль - i старэйшыя, i мала­дзейшыя людзi - не падрыхтаваная пакуль што да аб’ектыўнага ўспры­няцьця драматычнага шляху, на якi ступiў падчас Другой Сусьветнай вайны шмат хто з сыноў i дачок Беларусi. Людзi, якiя дзеля марнай надзеi на лепшую будучыню сваёй краiны апынулiся „па той бок”, вымушаны былi ахвяраваць спачатку бясьпекай - сваёй i сваякоў, пасьля - жыцьцём альбо воляй. Закляймёныя потым, як здраднiкi Радзiмы (якой Радзiмы? Крэсаў Усходнiх? БССР? „Беларуценii”?), яны ўсё астатняе жыцьцё пiлi з атручанай чашы вымушанага маўчаньня, адчуваючы на сабе нядобры позiрк недаруючай дзяржавы.

„Калябаранты” - адным гэтым словам павянчалi iх усiх, - i школьных настаўнiкаў, i сябраў Саюзу Беларускай Моладзi, i жаўнераў Беларускай Краёвай Абароны, i сапраўдных злачынцаў - тых, хто катаваў нявiнных, на чужой крывi будуючы свой няпэўны дабрабыт. Людзi гэтыя, - а былi iх сотнi, тысячы, - iмёны якiх не парупiлiся прыгадаць шматлiкiя партызанскiя мэмуарысты, у большасьцi сваёй кажуць сёньня, што менавiта ў сталiнскiх лягерах у поўнай меры загартаваўся iхнi нацыянальны дух, якi дагэтуль не пакiдае зьнямоглай у канцы жыцьця плоцi. Дагэтуль дае сiлы жыць адчуваньне сваёй рацыi. Не старэчая немач, не адзiнота ў канцы жыцьця, а афiцыйная „адзнака” i народная „ўдзячнасьць” не даюць сёньня спакою тым нешматлiкiм, хто перажыў i крах сваiх iдэалаў, i шматгадовую помсту „пераможцаў”.

Пераможцы апошняй вайны, пакараўшы пераможаных фiзычна, паклапацiлiся аб тым, каб зьнiшчыць самую памяць пра iх, iхняй жа крывёй змываючы iмёны са скрыжалёў гiсторыi. Калi i гэта не атрымалася, iх - не „пятую калюмну”, але „трэцюю сiлу”, што ў 1942- 1944-м гадах паўстала на Беларусi падчас сьмяротнага двубою двух антычалавечых рэжымаў, - назвалi вылюдкамi, забойцамi, здраднiкамi той бальшавiцкай „радзiмы”, у якой не засталося месца Радзiме сапраўднай.

Другая Сусьветная вайна на тэрыторыi Заходняй Беларусi шмат у чым насiла характар вайны грамадзянскай. Супрацьлегласьцi гэтай крывавай эпохi, сьляды якой працягнулiся на дзесяцiгодзьдзi, адлюстравалiся ў зламаных лёсах дзесяткаў тысяч людзей. Безімянныя магiлы адных зраўнялiся зь зямлёй у вечнай мярзлаце краiны пад назвай ГУЛАГ; месцы адвечнага супакаеньня iншых удзельнiкаў тых падзей раскiданыя па ўсяму свету - ад Канады да Аргентыны, ад Аўстралii да Заходняй Нямеччыны. Калi памiралi iхныя мацi, зганьбаваныя на сваёй Радзiме як мацi пасобнiкаў акупантаў, былыя „калябаранты” альбо гiнулi ў лягерах, альбо спазналi корсткі смак эмiгранцкага хлебу, адстойваючы перад пасьляваенным заходнiм сьветам права на волю назаўсёды страчанай для iх Радзiмы. Радзiмы, за якую яны змагалiся i былi пераможаныя.

Чатыры гады iшла праца над зборам матэрыялу да гэтай манаграфii. „Шмат пра вайну напiсана, але поўнай праўды пра яе ўсё яшчэ ня сказана” - колькі гадоў таму трапна зазначыў Васiль Быкаў. У напаўпамерлых беларускiх вёсачках, у „далёкiм” i „блiзкiм” замежжы дагэтуль жывыя i кiраўнiкi тагачаснага беларускага руху, i шэраговыя сябры Саюзу Беларускай Моладзі. Архiвы захоўваюць ад фiльтраваныя рэшткi „спраў” закатаванай у 1944-1950-ых гадах моладзi.

Значная частка картатэкi СБМ, вывезьцi якую за мяжу даручана было акруговаму кiраўнiку СБМ у Слонiме Барысу Сураваму, згубiлася падчас катавасii, якая распачалася ў Бэрлiне напярэдадні прыходу Чырвонай Армii. Архiў жа навагарадзкага Саюзу Беларускай Моладзi апынуўся ў Бэрлiне ў сям’i Гэбэрлiнг, якая вылучалася цiкаўнасьцю да беларушчыны. На жаль, сьляды гэтай сям’i губляюцца недзе ў пасьляваеннай Эўропе, нiчога не засталося i ад колiшняга ейнага дома. Шмат хто з былых СБМ-аўцаў так i не адважыўся парушыць шматгадовае маўчаньне. Таму галоўнай, бадай, мэтай гэтай кнiгi стала толькi спроба наблiзiцца да iсьцiны. „Пасьля заканчэньня вайны СБМ апынуўся ў лiку пераможаных, - пiша сёньня Ян Жамойцiн, адзiн з тагачасных актывiстаў Саюзу Беларускай Моладзi, - якiм адмоўлена было ў станоўчых рысах i самiм сэнсе iснаваньня. Але, як там не было, бясспрэчным зьяўляецца факт, што фэномен гэтага спантанага руху беларускае моладзi ў такiх неспрыяльных вайсковых умовах ня меў i ня мае аналягаў у беларускае гiсторыi...”.

Такiм чынам, гэтая манаграфiя - спроба зразумець. Працуючы над ёй мне давялося сустрэцца далёка не з усiмi з тых людзей, чыя прыналежнасьць да СБМ зьяўляецца наяўным фактам. Гэта зразумела - далёка ня ўсе яны даюць згоду на сустрэчу, шмат хто пагаджаецца распавесьцi пра сваё мiнулае толькi з умовай захаваньня ананімнасьці.

Не магу ня выказаць падзяку калегам: Алесю Мазуру, Паўлу Карназыцкаму, Iрыне Халiп, Тацьцяне Сьнiтко, Сяргею Пульшу за самую дзейсную падтрымку ў напiсаньнi гэтае кнiгi.

Цiна Клыкоўская

Дата публікацыі: 23.11.2007


Каментарыі чытачоў

Плавінскі Аляксандр / 10.01.2008 19:48
Мой тэлефон 8-029-306-15-68


Плавінскі Аляксандр / 10.01.2008 19:44
Мой тэлефон 8-029-306-15-68


Плавінскі Аляксандр / 10.01.2008 19:37
Вывучаю гісторыю рода Плавінскіх, калі есць магчымасць звязацца са сваім аднафамільцам, то быў бы удзячным



Вы можаце пакінуць свой каментарый, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.

Увядзіце код