Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі.

Вырваныя бачыны...

Гісторыя нямецкай акупацыі Беларусі (1941-44) уяўляе з сябе суцэльныя вырваныя бачыны, у тым ліку й дзейнасьць Саюзу Беларускае Моладзі. З гледзішча афіцыйнай ідэалёгіі (як савецкай, гэтак і сучаснай афіцыйнай "эрбэшнай") усе дзеячы СБМ - здраднікі, фашысцкія паслугачы, халуі.

Предатели были во все времена и во всех без исключения народов. В годы испытаний, выпавших на долю той или иной страны, они безоговорочно переходили на службу ее самого заклятого врага, воюя против собственного народа и заслуживая вечное его презрение. Такова гнусная природа предателей - шкурников, трусов, клятвопреступников, ради жалких подачек и сиюминутных интересов изменяющих самому святому - Родине[1].

Гэта афіцыйная дзяржаўная пазыцыя ў дачыненьні спробаў перагледзець стаўленьне да "калябарацыі".

"Беларускае пытаньне" ў міжваеннае дваццацігодзьдзе (1920-30–я гг.) не было вырашанае ні Савецкім Саюзам, ні Польшчаю. З пачаткам Другое Сусьветнае вайны беларускія нацыянальныя дзеячы спадзяваліся вырашыць яго з дапамогаю Нямеччыны. Гэтаму спрыялі даволі розныя чыньнікі: дэкляраваньне Гітлерам ідэі Новай Эўропы, дзе будзе месца для ўсіх "пакрыўджаных" народаў; цікаўнасьць пэўных бэрлінскіх колаў да беларускіх праблемаў, а таксама гістарычныя сувязі (у тым ліку паўставаньне БНР падчас нямецкай акупацыі ў 1918 г.). Афіцыйны Бэрлін ня меў адзінага погляду на пэрспэктывы разьвіцьця ўсходніх акупаваных тэрыторыяў, што й нарадзіла спадзяваньні на супольную будучыню Беларусі й Нямеччыны.

Беларускія дзеячы, якія сталі "супрацоўнічаць" зь немцамі пасьля чэрвеня 1941 г., дзяліліся як найменш на дзьве катэгорыі: адныя (меншыня) шчыра верылі, што немцы паспрыяюць беларусам здабыць незалежнасьць; другія (бальшыня) вельмі хутка пераканаліся ў прапагандысцкім характары нямецкіх дэклярацыяў і таму імкнуліся найбольш эфэктыўна скарыстаць акупацыю дзеля беларускае працы, скіроўваючы намаганьні найперш на разьвіцьцё культурніцкага руху ды школьніцтва, каб закласьці трывалы нацыянальны падмурак на будучыню.

Адным з высокіх нямецкіх урадоўцаў, якія спагадалі беларускаму руху, быў генэральны камісар Генэральнай Акругі Беларусь Вільгельм Кубэ. Ён разумеў, што трываласьць нямецкае прысутнасьці ў Беларусі наўпрост залежыць ад стаўленьня мясцовага насельніцтва да новай улады.

Зь першых месяцаў 1943 г. распачалася падрыхтоўка да стварэньня нацыянальна–патрыятычнай арганізацыі Саюзу Беларускай Моладзі. Навучаньне найвышэйшых кіраўнікоў СБМ адбывалася ў Нямеччыне (Бэрліне й Вустраве), а трэнінгі ніжэйшых кадраў - у Альбэртыне пад Слонімам і ў падменскіх Драздох.

22 чэрвеня 1943 г. Вільгельм Кубэ ўрачыста абвесьціў пра стварэньне СБМ. Галоўнаю структурай арганізацыі быў Кіраўнічы Штаб, на чале якога стаў Міхась Ганько; дзявочыя структуры ачаліла доктар Надзея Абрамава. Кіраўнічаму Штабу былі падпарадкаваныя акруговыя арганізацыі СБМ, тым, у сваю чаргу, былі падначаленыя павятовыя суполкі СБМ, якія кіравалі ячэйкамі ў гарадох, вёсках, школах і г.д.

Мэтай арганізацыі было:

...Узгадаваць маладых, ідэйных, мужных і пасьлядоўных будаўнікоў Новае Беларусі і падрыхтаваць іх да іхных будучых заданьняў у народзе[2].

Сябрамі арганізацыі былі юнакі й юначкі векам ад 10 да 20 гадоў, якія падзяляліся на тры ўзроставыя групы. Саюз Беларускае Моладзі меў сваю сымболіку, прысягу ("забавязаньне"), уласныя пэрыёдыкі - часапіс "Жыве Беларусь!", а для нутранога карыстаньня - "Дзёньнік загадаў".

Несумненна, нямецкія ўлады разглядалі СБМ як будучы інструмэнт сваёй палітыкі, як сродак узгадаваньня верных прыхільнікаў гітлераўскай Нямеччыны. Аднак беларускія нацыянальныя дзеячы - а менавіта яны беспасярэдне кіравалі арганізацыяй - глядзелі на СБМ цалкам зь іншых пазыцыяў. Саюз Беларускае Моладзі стаў школаю беларускага патрыятызму, актыўным прапагандыстам роднае мовы й культуры, выхавальнікам сьведамае моладзі, якая пазьней, пры спрыяльных умовах, мусіла прыступіцца да адбудовы Новае Беларусі.

Вэраніка Катковіч–Клентак, кіраўнічка менскай гарадзкой суполкі, пазьней пісала:

Немцы, вядома, мелі сваю мэту - выкарыстаньне моладзі, а нашае кіраўніцтва імкнулася да процістаўнай мэты. Мы імкнуліся абуджаць нацыянальную сьведамасьць і патрыятычныя пачуцьці адказнасьці за сваю бацькаўшчыну й павіннасьці змаганьня за яе вызваленьне. У сувязі з тым між нашым кіраўніцтвам і прадстаўніцтвам нямецкага боку была паўсюдная супярэчнасьць, якая ўскладняла працу, стварала небясьпечныя сытуацыі, уключна з арыштамі працаўнікоў кіраўнічага штабу й пагрозамі зьняволеньня шэфа–правадніка... Нягледзячы на ўсе цяжкасьці ваенных умоваў і небясьпекі з боку бальшавіцкага падпольля, а таксама й галоўнага ў тым часе акупанта - Немцаў, моладзь неспадзявана энтузіястычна гарнулася да СБМ[3].

Шараговыя сябры СБМ разглядалі арганізацыю выключна з патрыятычнага пункту гледжаньня: Саюз Моладзі для іх стаўся арганізацыяй, дзе іх вучылі любіць Беларусь, ейную мову, культуру.

Антыпатыкі сьцьвярджаюць, што СБМ быў пабудаваны на прынцыпах гітлер'югенду. Але пры жаданьні можна знайсьці шмат агульных рысаў у Саюзе Беларускае Моладзі з савецкаю піянэрыяй, таксама як і падабенства паміж піянэрскай арганізацыяй і гітлер'югендам. А што да схіленьня галавы перад Адольфам Гітлерам - гэта была галоўная й непазьбежная ўмова існаваньня, як і няўёмная хвала Іосіфу Сталіну ў кожным сьпеве піянэрскага горна.

Небясьпеку стварэньня Саюзу выразна ўсьвядомілі савецкія партызаны, якія бачылі ў арганізацыі канкурэнта ва ўплыве на моладзь. Падчас ўрачыстасьці 22 чэрвеня 1943 г. з нагоды абвяшчэньня арганізацыі ў Менскім Гарадзкім Тэатры ўзарвалася міна, закладзеная партызанамі. У выніку загінулі 13 юнакоў, а некалькі дзясяткаў былі параненыя.

Гісторыя Саюзу Беларускае Моладзі ставіць шмат пытаньняў, адно зь якіх - колькасьць сябраў. Існуюць самыя розныя ацэнкі: ад 10 тысячаў да 100 тысячаў чалавек. Вэраніка Катковіч, намесьніца Надзеі Абрамавай, назвала лічбу 45 тысячаў чалавек на канец чэрвеня 1944 г., - і гэта на 2.900.000 жыхароў Генэральнай Акругі Беларусь.

У ліпені 1944 г. у Беларусь прыйшлі савецкія войскі. Частка сябраў СБМ эвакуавалася на Захад, справядліва баючыся за сваю будучыню. Яны й сталі найбольш актыўнымі беларускімі дзеячамі на эміграцыі. Зусім інакш склаўся лёс тых, хто застаўся ў Беларусі: аднаго толькі факту прыналежасьці да арганізацыі было дастаткова, каб атрымаць некалькі гадоў канцэнтрацыйных лягераў. Тыя, хто пазьбег арышту, сталі ля вытокаў антысавецкіх моладзевых арганізацыяў, якія імкнуліся супрацьстаяць татальнай русіфікацыі й дэнацыяналізацыі паваеннага беларускага грамадзтва. Раскрываючы гэтыя арганізацыі, савецкія рэпрэсіўныя органы высылалі іх удзельнікаў у канцлягеры. Па вызваленьні тыя, хто выжыў, дзесяцігодзьдзямі адчувалі на сабе нямружнае вока адпаведных органаў і "пільных" грамадзянаў. Слова эсбээмавец стала для іх таўром. Затое ў сваім асяродзьдзі скарот СБМ стаў своеасаблівым паролем, бо яго ўдзельнікі былі зьяднаныя марамі й пакутамі й праз усе нягоды пранесьлі любоў да Беларусі.

Кніга Лявона Юрэвіча, беларускага дасьледніка зь Нью Ёрку, - гэта спроба ліквідаваць белыя плямы гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі. Успаміны Міколы Ганька ўтрымліваюць ня толькі апісаньне ягонага ўдзелу ў СБМ і эміграцыйнага жыцьця, але й надзвычай каштоўныя матар'ялы пра брата, Міхася Ганька. Савецкімі й сучаснымі афіцыёзнымі гісторыкамі Міхась Ганько маляваўся й малюецца выключна чорнымі фарбамі: "агент польскай выведкі", "здраднік" (бо трапіў у палон). Успаміны Міколы Ганька прымушаюць па–іншаму зірнуць на дзейнасьць ягонага брата, адначасова пакідаючы нам неразгаданаю таямніцу далейшага лёсу кіраўніка СБМ.

Другая частка кнігі ўяўяляе зь сябе інтэрвію з Валерам Навіцкім, які падчас нямецкай акупацыі кіраваў СБМ у Грэскім раёне (Случчына). Успаміны Валера Навіцкага - гэта й расповед пра розныя бакі жыцьця беларускай правінцыі пад нямецкай акупацыяй.

Вялікую цікавасьць выклікае трэцяя частка кнігі - лісты Надзеі Абрамавай. Ейны сьлед, як і сьлед Міхася Ганька, губляўся ў 1945 г. Чытач даведваецца, што Надзея Абрамава ў 1950-70–х гг. была адным з асноўных супрацоўнікаў мюнхэнскага Інстытуту для Вывучэньня СССР, займалася пытаньнямі перасьледу рэлігіі ў Савецкім Саюзе. Лісты Надзеі Абрамавай глыбока асабістыя, месцамі проста пабытовыя, у іх амаль ня згадваецца СБМ, але яны дапамагаюць адчуць сьвет гэтай незвычайнай жанчыны.

Гэтая кніга не дае адказаў на ўсе пытаньні, што датычаць СБМ, аднак некалькі вырваных бачынаў будуць вернутыя ў Кнігу Гісторыі.

Алег Гардзіенка

  1. В услужении у гитлеровцев // Белорусская нива (Мн.). 1996. 18 сентября. (Тут і далей пры цытаваньні мова й правапіс крыніцы захоўваецца.)
  2. Статут арганізацыі моладзі "Саюз Беларускай Моладзі" (СБМ) // Жыве Беларусь! (Мн.). 1943. №1. С. 6.
  3. Анеля Катковіч, Вэраніка Катковіч–Клентак. Успаміны. Беласток, 1999. С. 83-84.