Савецкія рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі (кастрычнік 1939 — чэрвень 1941 гг.)

Пасля інкарпарацыі Заходняй Беларусі ў склад СССР новыя ўлады на далучаных тэрыторыях распачалі хвалю мерапрыемстваў, накіраваных на грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Ажыццяўляючы нацыяналізацыю і калектывізацыю, савецкія ўлады перайшлі да адкрытых рэпрэсіяў супраць "класавых ворагаў". Адным з першых рэпрэсіўных крокаў на былых польскіх тэрыторыях сталі масавыя арышты "сацыяльна небяспечнага элемента". Рэпрэсіі супраць былых польскіх грамадзянаў адбываліся незалежна ад нацыянальнасці. Згодна з расейскімі крыніцамі, з кастрычніка 1939 па люты 1941 г. было арыштавана ў заходніх абласцях Беларусі і Украіны 95500 чал. Беларусы сярод іх складалі 7549 чал. (8 %), 178 асобаў да арышту пражывалі ў заходніх абласцях УССР. Найбольшая колькасць беларусаў была арыштаваная на працягу 1940 г., агулам дасягнуўшы 4580 (6 %) [1]. Па дадзеных сучасных расейскіх даследчыкаў вынікае, што з верасня 1939 па чэрвень 1941 г. у заходніх абласцях БССР і УССР было арыштавана 107140 чал. Асобы беларускай нацыянальнасці складалі ў гэтай групе 8091 чал. (7,4 %) [2].

Многія з вязняў новай улады трапілі ў спісы тых, каго "прысудзілі" да смяротнага пакарання. Толькі на сакавік 1940 г. у турмах заходніх абласцей БССР і УССР знаходзілася 18632 былых афіцэраў і паліцыянтаў; 10685 вязняў былі пазначаны палякамі, астатнія беларусамі, габрэямі, украінцамі і інш. [3]. 3 снежня 1939 г. ЦК ВКП (б) зацвердзіла прапанову НКУС аб арышце і ўзяцці на ўлік усіх кадравых польскіх афіцэраў [4]. Па прапанове Л. Берыі і згодна з рашэннем Палітбюро ЦК ВКП (б) 11 тыс. чал. з вышэйзгаданай катэгорыі падлягалі расстрэлу. Па савецкіх дадзеных на працягу красавіка-траўня 1940 г. было закатавана 7305 чал. Колькі сярод іх было беларусаў – невядома. Найбольш замардавалі ў Менскай турме (каля 3 тыс. чал.), куды ў сакавіку 1940 г. было транспартавана з Вілейкі 500 асобаў, з Пінску - 500, з Берасця - 1500, з Баранавічаў - 450 [5]. З успамінаў некаторых палякаў - былых вязняў Менскай турмы вынікае, што нацыянальны склад арыштаваных быў стракатым: беларусы - 15%, украінцы - 5 %, палякі - 75 % [6].

Яшчэ адным сродкам рэпрэсіяў у Заходняй Беларусі сталі дэпартацыі насельніцтва ў аддаленыя рэгіёны Савецкага Саюза. Гэтыя дэпартацыі, праведзеныя органамі савецкай дзяржбяспекі ў 1940-1941 гг.,закраналі людзей усіх нацыянальнасцяў, у тым ліку і беларусаў, дакладную колькасць якіх вызначыць немагчыма.

Дэпартацыя ў Заходняй Беларусі адбывалася ў чатыры этапы. 23 лютага 1940 г. у аддаленыя рэгіёны СССР былі прымусова вывезеныя 33749 асаднікоў і 17561 службоўцаў лясной варты. Пра прысутнасць беларусаў сярод іх сведчаць польскія крыніцы. Па дадзеных Міністэрства вайсковых спраў за 1938 г. беларусы сярод леснікоў Палескага ваяводства складалі 68,6 %, Віленскага - 41,9 %, Наваградскага - 29,8 %, Беластоцкага - 25,4 %. Такім чынам, агульная колькасць леснікоў-беларусаў складала 1540 чал. (8,1 %). Найбольш іх было ў Палескім ваяводстве - 808 асобаў, найменш - у Беластоцкім - 90 [7]. Каб вылічыць колькасць асаднікаў больш дакладна, варта прыгадаць ускосныя дадзеныя, што на Палессі ў межваенны час пражываў 91 былы вайсковец праваслаўнага веравызнання, які меў надзел ад польскага ўрада.. Звыш 51 % жонак польскіх асаднікаў у паўночна-ўсходніх ваяводствах былі мясцовага паходжання, што дазваляе лічыць іх дзяцей на палову беларусамі [8]. Па дадзеных савецкіх крыніц, сярод цывільных асаднікаў, якія на люты 1940 г пражывалі ў Заходняй Беларусі, беларусы налічвалі 4,9 % [9].

Другая дэпартацыя была выканана 13 красавіка 1940 г, падчас якой з заходніх абласцей БССР было выселена 26777 чал., галоўным чынам - паліцыянтаў, ураднікаў, настаўнікаў, святароў, удзельнікаў антысавецкага руху і сяброў некамуністычных партыяў. Безумоўна, большасць дэпартаваных складалі палякі па нацыянальнасці. Праз адсутнасць адпаведных архіўных крыніц немагчыма акрэсліць дакладнай колькасці беларусаў сярод дэпартаваных у гэты час. Маюцца толькі ўскосныя звесткі. Напрыклад, сярод 3231 удзельнікаў польскага антысавецкага падполля, арыштаваных НКУС з кастрычніка 1939 па ліпень 1940 г, беларусы складалі 184 чал. [10].

29 чэрвеня 1940 г адбылася другая хваля дэпартацыі, якая распаўсюджвалася на ўцекачоў з цэнтральных ваяводстваў Польшчы. Пераважную большасць сярод іх складалі асобы габрэйскага паходжання, аднак трапляліся і беларусы, якія складалі 1703 чал. Як падаюць польскія крыніцы, 1701 (0,24 %) дэпартаваных у чэрвені 1940 г. складалі асобы беларускай нацыянальнасці [11]. Падчас гэтае дэпартацыі ў Сібір было вывезена 22879 асобаў.

У часе чацвёртай дэпартацыі ў чэрвені 1941 г. было вывезена 22353 чал. Вызначаючы колькасць беларусаў сярод дэпартаваных польскіх грамадзянаў, можна звярнуцца да польскіх і савецкіх крыніц. Такім чынам, згодна са звесткамі НКУС на красавік 1941 г., сярод польскіх грамадзянаў, вывезеных у Сібір у выніку лютаўскай і красавіцкай дэпартацыяў і расселеных у 21 заходней вобласці СССР, беларусы складалі 9084 асобы [12]. Маюцца, аднак, звесткі з расейскіх архіваў, якія сведчаць, што дэпартаваных беларусаў сярод двух вышэйзгаданых хваляў было 10802 чал. [13]. Аналіз дадзеных іншых дакументаў НКУС за 1941 г. дазваляе дапусціць, што ў выніку толькі адной лютаўскай дэпартацыі асаднікаў і службоўцаў лясной варты, асобы, пазначаныя ў дакументах беларусамі, складалі звыш 11 тыс. чал. (8,1 %) [14]. Разам з тым, іншыя крыніцы НКУС СССР падаюць, што асобы беларускай нацыянальнасці складалі каля Іб тыс. чал. (13,4 % ад агульнай колькасці дэпартаваных з заходніх абласцей БССР і УССР [15].

Амбасада Польшчы ў СССР у 1942 г. лічыла, што польскія грамадзяне беларускай нацыянальнасці складалі 6 %, а г.зв. "палешукі" - яшчэ 4 %. 3 нататкі Л. Берыі да I. Сталіна ад 15 студзеня 1943 г. вынікае, што ў справе дэпартаваных польскіх грамадзянаў беларусы складалі 27418 чал. (8 %) [16]. Польскі гісторык Д. Бацькоўскі сцвярджае, што колькасны ўдзел беларусаў ва ўсіх дэпартацыях варта ацэньваць у 20-25 тыс. чал. [17]. На нашу думку, менавіта гэтую лічбу варта праняць у якасці найбольш максімальна аб'ектыўнай.

Савецкая ўлада праводзіла высяленні незалежна ад нацыянальнага паходжання. За своеасаблівы крытэрый браліся іншыя прыкметы: стаўленне да савецкай улады і яе дзеянняў. "Ачышчэнне гарадоў і мястэчак ад варожага элемента" адбывалася класічнымі сродкамі Берыі і Цанавы: стаўленне і дзейнасць кожнага асобнага чалавека не бралася пад увагу, арышты і дэпартацыі распаўсюджваліся на ўсіх грамадзян, якія падазраваліся ў нелаяльнасці да савецкай улады [18]. Да варожых элементаў, якія падлягалі рэпрэсіям, часам траплялі грамадзяне, якія не вылучаліся нейкімі антысавецкімі поглядамі і не належалі да актыву антысавецкай дзейнасці. У хуткім часе былі дэпартаваны і звычайныя сяляне, залічаныя да ліку г. зв. кулакоў. Яскравым прыкладам стаў выпадак з Аляксеем Сапегам - селянінам Наваградскага павета. Сваякі Сапегі ўзгадвалі: "Нягледзячы на адно прозвішча з вядомымі магнатамі Вялікага княства, сям'я мела невялікую гаспадарку. Аднак былі дэпартаваныя за супраціў залажэнню калгасаў" [19]. Сям'я Мікалая Дземідовіча з Валожыншчыны ў лютым 1940 г. Не належала да асаднікаў, але мела засцянковую (хутарную) гаспадарку, таму была прымусова дэпартаваная. Падобны лёс напаткаў Хведара Жынгаля з Дзісненшчыны і шмат іншых [20].

Адначасова з дэпартацыямі насельніцтва органы НКУС праводзілі арышты ўсіх палітычна-актыўных людзей любой нацыянальнасці, якія пражывалі на тэрыторыі даваеннай Польшчы, у тым ліку - беларускай [21]. Сярод іх апынуліся вядомыя грамадска-палітычныя і культурныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы: Вячаслаў Багдановіч, Фелікс Галавач, а. Генадзь Шыманоўскі, Аляксей Назарэўскі, Фабіян Ярэміч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Пётр Сыч, Уладзімір Самойла, Віктар Астроўскі, Наталля Арсен'ева і інш. Некаторыя з іх яшчэ ў 20-я гады абіраліся ў Сойм 2-й Рэчы Паспалітай. У савецкіх вязніцах загінулі Антон Луцкевіч і Францішак Умястоўскі.

Польскія крыніцы лічаць, што беларусы і украінцы сярод дэпартаваных і арыштаваных складалі 18-20 % ад агульнай колькасці [22]. Некаторыя мясціны, дзе адбываліся высылкі былых польскіх грамадзянаў, у тым ліку і беларусаў, можна лакалізаваць. Напрыклад, у Акцюбінскай і Кустанайскай вобласці на 1943 г. пражывала звыш 12 тыс. дэпартаваных польскіх грамадзянаў, у тым ліку 10 % беларусаў. У Валагодскай вобласці ў 1943 г. пражывалі 703 дэпартаваныя, пераважна сяляне і леснікі з Наваградчыны. У Молатаўскім раёне было размешчана каля 10 тыс. польскіх грамадзянаў, з якіх нацыянальныя меншасці складалі 20-30 %. Сярод звыш 7 тыс. дэпартаваных у Свярдлоўскую вобласць знаходзілася 15 % непалякаў [23].

3 дапамогай архіўных крыніцаў можна вызначыць месцы высылкі беларускіх леснікоў, дэпартаваных у лютым 1940 г. У прыватнасці, у Архангельскую вобласць было вывезена 4450 леснікоў, якія вызначалі сябе беларусамі, у Іркуцкую - 875, у Омскую - 759, у Алтайскі край - 700, у Валагодскую вобласць - 700, у Новасібірскую - 695, у Свярдлоўскую - 460, у Комі АССР - 443, у Казахстан - 400, у Молатаўскую вобласць - 397, Чэлябінскую - 225, Яраслаўскую - 126, Башкірскую АССР - 117 і г. д. 3 гэтай статыстыкі бачна, што адным з найбольш "беларускіх" абшараў СССР стала Архангельская вобласць, дзе адсотак беларусаў сярод дэпартаваных польскіх грамадзянаў складаў 9,2 % (у тым ліку 12 % з першай дэпартацыі і 0,4 % - з другой). 3 цягам часу (на 1943 г.) гэтая лічба павялічылася да 12,6 % [24].

Па нашых падліках, беларусы з далучаных да БССР абласцей сярод вывезеных савецкімі ўладамі ў глыб СССР складалі не менш 20-25 тыс. Безумоўна, па разнастайных прычынах далёка не ўсім з іх удалося трапіць у польскія вайсковыя фармаванні, якія ствараліся ў 1941-1944 гг. на тэрыторыі СССР. Больш паловы дэпартаваных складалі жанчыны і дзеці, а таксама няздольныя па ўзросце альбо стане здароўя да службы ў войску [25]. Аднак, пэўная частка ўсё ж папоўніла шэрагі польскіх узброеных сілаў.

Каб характарызаваць міжнацыянальныя ўзаемаадносіны ў польскіх "спецпасяленнях", варта звярнуцца да ўспамінаў непасрэдных відавочцаў. Напрыклад, сям'я сына лесніка з Піншчыны Міхася Швэдзюка ў лютым 1940 г. была дэпартаваная ў Комі АССР. Былы вязень сталінскіх спецпасяленняў узгадвае: "У нашым пасёлку (10-ы квартал) былі пераважна беларусы, якія складалі нават да 70 %. У іншым пасёлку магло быць інакш. Леснікі, якія складаліся амаль на 100 % з беларусаў, паходзілі з Палесся - ад Берасця, Антопаля, Кобрына, Драгічына і Пінска ажно да Лунінца. Сярод асаднікаў на100 % былі палякі. На бацькаўшчыне ўсе дэпартаваныя цяжка працавалі, таму хутка прыстасаваліся да працы па высяканні лесу. Паміж беларусамі-леснікамі і палякамі-асаднікамі не было аніякай варожасці, ніякіх антаганізмаў на нацыянальнай глебе, а тым больш на рэлігійнай. У лагерную ўправу ўваходзілі як беларусы, гэтак і палякі. Яна не фаварытазавала беларусаў перад палякамі, і наадварот... " [26]. 3 успамінаў ужо паляка на нацыянальнасці Вольфа Мазца, які знаходзіўся ў працоўным лагеры ў Мурманскай вобласці, вынікае, што ўсе беларусы разам з палякамі былі гатовыя "памерці за белага арла... " [27]. Трэба падкрэсліць, што ва ўспамінах палякаў-вязняў савецкіх спецпасяленняў, польскія грамадзяне беларускай нацыянальнасці характарызуюцца большасцю людзьмі, якія "разам з палякамі не ішлі на супрацоўніцтва з бальшавікамі, шукаючы выключна працы і кавалак хлеба... " [28].

Дэпартаваныя ў глыб СССР знаходзіліся ў складаных і цяжкіх умовах, іх жыццё было пастаўленае на ўзровень барацьбы выжывання. У многіх "спецпаселішчах" паўночных рэгіёнаў СССР з неспрыяльнымі для былых польскіх грамадзянаў кліматам жыллё не было прыстасаванае да зімовага часу, захоўвалася ў антысанітарных умовах. Нярэдка здараліся выпадкі, калі "спецпасяленцы" размяшчаліся ў памяшканнях былых харчовых складоў альбо гаспадарчых пабудоваў, дзе адсутнічалі звычайныя бытавыя прылады, посуд, электрычнасць [29]. Часта ў 40-градусны мароз адсутнічала ацяпленне жылых памяшканняў. Былы вязень Фелікс Гемпель, які адбываў тэрмін зняволення ў Ухце (Комі АССР), узгадваў, што пасля вяртання з цяжкай працы ў капальнях вязні атрымоўвалі толькі па 500 грамаў хлеба [30].

Падчас дэпартацыі асаднікаў і леснікоў кожнай сям’і дазвалялася браць з сабою адзенне, бялізну, бытавыя рэчы і каштоўнасці агульнай вагой не больш 500 кг. У дарозе на чыгунцы спецпасяленцы атрымоўвалі па 800 грам хлеба штодня. Рассяленне ў спецпаселішчах прадугледжвалася ад 100 да 500 сямей у кожным [31].

Згодна з "Палажэннем аб спецпаселішчах і працоўным уладкаванні асаднікаў, выселеных з заходніх абласцей УССР і БССР", дэпартаваныя ў асноўным накіроўваліся на лесапавал у таежныя куты Кіраўскай, Пермскай, Валагодзкай, Архангельскай, Іванаўскай, Новасібірскай і інш. абласцей, Комі АССР, Алтайскі і Краснаярскі краі. За імі быў усталяваны пільны кантроль і жорсткая дысцыпліна. Адміністрацыйнае кіраванне спецпаселішчамі ажыцяўлялася раённымі і пасялковымі камендатурамі НКУС. Найдрабнейшыя агрэхі на працы праследаваліся жорсткім чынам. У прыватнасці, 15-хвіліннае спазненне каралася трыма месяцамі папраўчых працаў. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 чэрвеня 1940 г. Прадугледжваў яшчэ больш жорсткія пакаранні [32].

Такім чынам, пасля інкарпарацыі Заходняй Беларусі ў склад СССР новыя ўлады распачалі рэпрэсіі супраць “сацыяльна небяспечных элементаў”, якія закранулі грамадзянаў усіх нацыянальнасцяў, у тым ліку і беларусаў. На пачатак нямецка-савецкай вайны ў аддаленых рэгіёнах Савецкага Саюза знаходзілася звыш 320 тыс. Былых польскіх грамадзянаў, прымусова дэпартаваных з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Не менш 20-25 тыс. з іх – беларусы.

Сацыяльны склад быў вельмі разнастайны, аднак пераважала сялянства і былыя супрацоўнікі лясной варты. У час сібірскай высылкі паміж дэпартаванымі не было заўважана канфліктаў па нацыянальнай глебе. Савецкі ўрад паставіў “спецпасяленцаў” ва ўмовы выжывання, не забяспечыўшы ім належнай сацыяльнай і прававой аховы. У палітычным і эканамічным алане гэтыя людзі былі прыгнечаныя і пакрыўджаныя. Усё далейшае жыццё гэтыя людзі, перажыўшы фізічныя і маральныя пакуты, лічылі савецкую дзяржаву “нялюдскай зямлёй”. Яны хацелі толькі аднаго: вярнуць польскае падданства.

Крыніцы:

  • [1] Гурьянов А.Э. Польские поселенцы в СССР в 1940-1941 гг. // Репрессии против поляков и польских граждан / Сост. А.Э.Гурьянов. М., 1997. С. 88-89.
  • [2] Bockowski D. Czas nadziej. Obywatele Rzeczypospolitej Polskej w ZSRR i opieka nad nimi placowek polskich w latach 1940-1943, Warszawa1999. S. 39.
  • [3] Лебедева Н.С. Четвертый раздел Польши и катынская трагедия. С. 267.
  • [4] Там жа.
  • [5] Там жа. С. 275.
  • [6] IPMS, Relacja Feliksa Gampela, sygn.: kol. 138/2759.
  • [7] CAW, sygn.: I. 303. 3. 451. k.4.
  • [8] Stobniak-Smogorzewska J. Kresowe osadnictwo wojskowe, 1921-1945, Warszawa, 2003. S. 125.
  • [9] Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954 гг.), Гродно, 2004. С.94.
  • [10] Грыбоўскі Ю., Козак К. Забытыя жаўнеры Польскага войска ў часы Другой сусветнай вайны. Мн., 2003. С. 23.
  • [11] Bockowski D. Czas nadziej. S. 83.
  • [12] НАРБ, ф.4п, воп. 21, спр. 2086.
  • [13] Яжборовская Н., Яблокова А., Парсаданова В. Катынский синдром в советско-польских и российско-польских отношениях. М., 2001. С. 119; Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Беларуси в 1939-1941 гг. С. 32.
  • [14] Падлік зроблены на падставе: Gurjanow A. Zydzi jako specpieresielency-biezency w Obwodzie Archangielskim (1940-1941) // Swiat NIEpozegnany. Zydzi na dawnych ziemiach wschdnich Rzeczpospolitej w XVIII-XX wieku / Pod red.: K.Jasiewicza. Warszawa-London, 2004. S. 91.
  • [15] Gurianow A. Zydzi jako specpieresielency-biezency w Obwodzie Archangielskim (1940-1941). S.109.
  • [16] Bockowski D. Czas nadziej. S. 91.
  • [17] Там жа. S. 89-90.
  • [18] Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Беларуси в 1939-1941 гг. С. 31.
  • [19] Dloga droga do domu // Glos Pomorza. 2000. 26 czerwca.
  • [20] Архіў аўтара, Успаміны Хведара Жынгаля.
  • [21] SPP, Deportacja ludnosci ze wschodnich ziem polskich w latach 1939-1941, sygn.: 3-1-1-1-1, k. 237-246.
  • [22] Там жа, k. 245.
  • [23] Bloch Czeslaw, Polacy na Obczyznie. 1939-1945 // Wojskowy Przeglad Historyczny, Nr.2 z 1990 r. S. 79-109.
  • [24] Gurjanow A. Zydzi jako specpieresielency-biezency w Obwodzie Archangielskim (1940-1941). S.110.
  • [25] SPP, Deportacja ludnoscy ze wschodnich ziem polskich w latach 1939-1941, sygn.: 3-1-1-1-1, k. 244.
  • [26] Архіў аўтара, Успаміны Міхася Швэдзюка. С. 26-28.
  • [27] IPMS, relacja Wolfa Mazeca, sygn.: kol. 138/ 288/ 184.
  • [28] Bloch Czeslaw, Polacy na Obczyznie. 1939-1945 // Wojskowy Przeglad Historyczny, Nr. 2 z 1990 r. S.86.
  • [29] Buchalo H. Ukraincy w polskich Silach Zbrojnych w czasie II wojny swiatowej // Polska-Ukraina: trudne pytania. N. 9. Materialy IX i X miedzynarodowego seminarium historycznego "Stosunki polsko-ukrainskie w latach II wojny swiatowej". Warszawa, 2002. S. 137.
  • [30] IPMS, Relacja Feliksa Gampela, sygn.: kol. 138 / 2759.
  • [31] Знешняя палітыка Беларусі. Зборнік дакументаў і м атэрыялаў. Т.3. Мн., 2001. С. 195-197.
  • [32] Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Беларуси в 1939-1941 гг. С.312.

Крыніца: Сборник научных работ "РЕПРЕССИВНАЯ ПОЛИТИКА СОВЕТСКОЙ ВЛАСТИ В БЕЛАРУСИ"
http://www.homoliber.org/ru/rp/indexrp.html