Байкі для патрыётаў

Кніга Сяргея Ярша і Сержука Горбіка "Беларускі супраціў" з'яўляецца першай спробай напісаць поўную гісторыю беларускага збройнага супраціву і ўжо таму заслугоўвае на цікавасць. Аўтары акрэсліваюць сваю працу як навуковую і абмяжоўваюць яе рамкі перыядам 1939-1957 гг. Уражвае шырокая геаграфія даследавання - ад Смаленшчыны і Браншчыны да Беласточчыны, ад Віленшчыны да Берасцейшчыны.

Галоўныя тэзы, якія ставіць "Беларускі супраціў", проста фантастычныя і істотна супярэчаць папярэднім гістарычным даследаванням на гэтую тэму. Кніга паслядоўна будуе вобраз наймацнейшага і найлепш арганізаванага беларускага партызанскага руху, які на галаву вышэйшы за ўкраінскае УПА, польскую АК і пост-АКоўскі супраціў, а таксама літоўскую антысавецкую партызанку. Прычым з працы спсп. Ярша і Горбіка вынікае пэўная выключнасць беларускага збройнага супраціву. Так, органы дзяржаўнай бяспекі СССР не здолелі не толькі знішчыць, але нават зламаць гэтага супраціву. Ягонае кіраўніцтва здолела напрыканцы 1950-х гг. бесперашкодна эвакуавацца разам з партызанамі за мяжу.

Такім чынам, паводле аўтараў, камандзіру беларускіх партызанаў "генералу" Міхалу Вітушку ўдалося тое, што не ўдалося ніводнаму з пасляваенных камандзіраў антысавецкай партызанкі Польшчы, Украіны, Літвы і Беларусі: бесперапынна дзейнічаць з 1944 да 1957 гг., захаваць моцную арганізацыю да канца 1950-х, праводзіць у гэты перыяд маштабныя акцыі, як штурм Навагрудка, або спроба забойства першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова ў 1957 г., і напрыканцы ўдала ўцячы за мяжу.

Здавалася б, такое, без перабольшвання гістарычнае, адкрыццё з'яўляецца найвялікшай сенсацыяй у галіне даследавання паваеннага антысавецкага супраціву. Аднак прайшлі два гады ад моманту выдання, а праца Ярша і Горбіка застаецца фактычна незаўважанай. Чаму? Паспрабую адказаць на гэтае пытанне.

Нягледзячы на заяўлены навуковы характар, першае, што ўражвае, - мікраскапічнае карыстанне аўтарамі архіўным матэрыялам. Зразумела, што сёння незалежны даследчык не мае ніякіх шанцаў трапіць у архіў беларускага КДБ альбо МУС, а менавіта там знаходзіцца 90 адсоткаў інфармацыі пра дзейнасць антысавецкага падполля. Аднак аўтары не карыстаюцца іншымі дзяржаўнымі архівамі, дзе таксама знаходзіцца хоць і фрагментарная, але ўсё ж такі даволі істотная інфармацыя пра пасляваенны супраціў. Чаму ігнаруецца магчымасць пацвердзіць свае тэзы, напрыклад, спец-паведамленнямі начальнікаў абласных і раённых аддзелаў і ўпраўленняў МГБ, якія інфармавалі першых сакратароў райкамаў і абкамаў КП(б)Б пра настроі насельніцтва, дыверсійныя і тэрарыстычныя акты? Сёння большасць з гэтых дакументаў адкрыта для даследчыкаў. Факт ігнаравання адкрытых архіўных матэрыялаў a priori пазбаўляе працу пераканаўчасці. Галоўнай крыніцай ведаў пра пасляваенны супраціў аўтары абралі паведамленні эмігранцкага друку і ўспаміны збольшага ананімных удзельнікаў падзеяў. Прычым некаторыя з гэтых сведчанняў проста фантастычныя:

Беларуская Вызвольная Армія пад камандаю ген. Вітушкі правяла на вуліцах Вільні бойку з часткамі МВД, якія транспартавалі арыштаваных партызанаў. Бойка цягнулася 4 гадзіны, і бальшавікам прышлося ўвесці ў дзеянне танкі. Часткі МВД мелі вялікія страты, партызаны мелі 1 палеглага і 3 параненых (с. 209)

Вітушка ёсць усюды і... нідзе. Заўсёды мае тысячы розных намыслаў... штодня праводзіць са сваімі кіраўнікамі аддзелаў сітуацыйныя канферэнцыі (с. 207).

Калі бракуе грошай, аддзелы Вітушкі арганізуюць напады на банкі ў Коўне, Вільні або іншыя. Вельмі часта звязанаму дырэктару банку пакідаюць паквітаванне на забраную гатоўку. Савецкія ўладаўцы мусяць пагадзіцца з фактам і прызнаць гэтыя паквітаванні? на якіх стаіць "службовая пячатка" - гатовы да скоку чорны кот (с. 206).

Толькі на абшары паміж Коўнай і Берасцем ён дыспануе 45-тысячным войскам дасканала ўзброеным і забяспечаным (с. 202).

Я не буду характарызаваць усю кнігу і абмяжуюся выключна тэрыторыяй Гродзенскай вобласці (працяглы час цікаўлюся пасляваенным пост-АКоўскім супрацівам на гэтай тэрыторыі і з рацыі гэтага знаёміўся з архіўнымі матэрыяламі, якія тычацца яго дзейнасці). Найбольш сенсацыйнай падзеяй, апісанай аўтарамі "Беларускага супраціву", якая тычыцца Гродзеншчыны, з'яўляецца штурм Навагрудка: у сакавіку 1948 года беларускімі партызанамі з групоўкі "Чорны кот" і бульбаўцамі быў захоплены Навагрудак. Нібыта былі вызвалены вязні "турмы МГБ" (відавочна, маецца на ўвазе раённае КПЗ; пра існаванне ў Навагрудку нейкай адмысловай турмы МГБ мне нічога не ведама), а таксама забіта каля 300 бальшавікоў.

Аўтары спасылаюцца на цэлы веер крыніцаў - публікацыя ў эмігранцкай газеце "Беларускае слова" (Зах. Нямеччына) ад 15 верасня 1949 г., артыкул у кнізе "Памяць. Гістор.-дакум. хроніка Навагрудскага раёна", а таксама сведчанні ананімнага ўдзельніка беларускага партызанскага руху. Дзве з гэтых крыніцаў - публікацыі ў эмігранцкіх выданнях і сведчанні ананімных удзельнікаў падзеяў - з'яўляюцца падставай для ўсіх найбольш кантраверсійных тэзаў гэтай кнігі.

Праблема з "штурмам Навагрудка" ў тым, што дадзеных пра падобную акцыю ў даступных архіўных крыніцах проста няма. У крыніцы нумар адзін - спецпаведамленнях начальніка Упраўлення МГБ Гродзенскай вобласці да першага сакратара Гродзенскага абкама - ёсць звесткі пра антысавецкія выказванні жыхароў розных мясцінаў, пра распаўсюд чутак пра хуткую вайну СССР і ЗША, вялікі рапарт пра ліквідацыю пост-АКоўскага атраду Юзафа Міклашэвіча "Фалі", пра актывізацыю атрадаў Анатоля Радзівоніка "Олеха", пра тэрарыстычныя акты і дыверсіі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, але пра штурм Навагрудка ніякіх згадак няма.

Практыка таго часу была такая, што ў выпадку нейкіх асабліва шкодных дыверсій ці тэрарыстычных актаў, акрамя інфармавання кіраўніцтва вобласці і рэспублікі па лініі дзяржбяспекі, падзея яшчэ і абмяркоўвалася на паседжанні адпаведнага райкама ці часам нават напаседжанні раённай партарганізацыі. Напрыклад, 20 верасня 1948 г. Васілішкаўскі райкам правёў адмысловае паседжанне, адзінай тэмай якога было "Дзеянні фашысцка-нацыяналістычных бандаў за апошні час у раёне і меры па іх ліквідацыі" (Гродзенскі архіў грамадскіх аб'яднанняў, ф. 7, воп. 1, справа 70, арк. 74-79). Што здарылася? Атрады "Олеха" захапілі Астрыно (менавіта там месціўся цэнтр Васілішкаўскага раёну)? Аказваецца не. Проста на працягу 20 дзён верасня пост-АКоўскае падполле ўчыніла тры тэракты, у якіх загінула 6 мясцовых чальцоў партыйна-савецкага актыву. Камуністы былі ў істэрыцы і наскоквалі на кіраўнікоў раённых аддзелаў МГБ і МУС, патрабуючы неадкладнай ліквідацыі падполля.

Яшчэ прыклады. Адным з пытанняў, якое разглядалася на паседжанні Радуньскай раённай партарганізацыі 22-23 снежня 1948 г., была дыверсія - падпал стайні ў калгасе імя Сталіна, - у выніку якой загінулі коні і калгас распаўся (ф. 11, воп. 1, справа 52, картка 8). Жалудоцкі райкам быў паінфармаваны пра падпал магазіна, забойства актывістаў, спробу тэракта (ф. 12, воп. 1, справа 3, картка 10). Падобныя прыклады можна даваць бясконца. Акрамя таго, у выпадку асабліва важных падзеяў першы сакратар райкама інфармаваў абкам, а ў сваю чаргу першы сакратар абкама паведамляў ЦК КП(б)Б? адтуль інфармацыя ішла ў Маскву. Штурм Навагрудка, захоп часткі горада, вызваленне вязняў з "турмы МГБ" і пры гэтым вялікая колькасць ахвяраў, несумненна, былі б падзеяй рэспубліканскага маштабу. Пра гэта ведаў бы не толькі ЦК КП(б)Б, але і сам Сталін. Аднак "штурм Навагрудка" і "вызваленне вязняў турмы МГБ" не абмяркоўваецца нават на паседжанні Навагрудскага райкама! Калі нават такія дробныя ў параўнанні са штурмам Навагрудка рэчы, як падпал канюшні, забойства 6 камуністычных актывістаў, абмяркоўваліся партыйнымі органамі, ці магчыма было б поўнае маўчанне ў справе захопу райцэнтра? Перакананы, што не. Таксама, як і ў іншых выпадках, інфармацыя да партыйнага кіраўніцтва павінна была ісці двума каналамі - па лініі органаў дзяржбяспекі і па лініі партыйных органаў. Тое, што і МГБ, і партыйныя органы нічога пра штурм і каля 300 забітых не паведамілі, можа азначаць толькі адно - падобных падзеяў проста не было. Акрамя таго, 1948 год, ужо амаль 4 гады ўсталявана савецкая ўлада, а тут нечаканы бой у горадзе, вызваленне вязняў і г. д. Ці магчыма, каб жыхары Навагрудка пра падобнае здарэнне не памяталі? I гэта пры тым, што Ерш і Горбік сцвярджаюць, што акцыя павінна была мець і агітацыйны эфект. Дадайце да гэтага 300 забітых... Ну, і апошняе. Існавала практыка, што сем'ям забітых МГБшнікаў і камуністычных актывістаў партыйныя органы выдзялялі матэрыяльную падтрымку ці пенсіі. Рашэнне пра пенсію ці дапамогу для сем'яў забітых павінна было прымацца менавіта Навагрудскім райкамам. У 1948 г. няма інфармацыі пра масавае прызнанне сацыяльнай дапамогі для сем'яў забітых.

На байку пра "штурм Навагрудка" "купілася" кніга "Памяць". Пра якасць гэтых краязнаўчых кніжак варта напісаць асобна, а тут зазначу, што крыніцай для яе была першая публікацыя Сяргея Ярша на гэтую тэму ў газэце "Пагоня" ў 1995 г. У дадзеным выпадку мы можам гаварыць не пра падмацоўванне тэзы, а пра перадрук і пашырэнне хлусні.

Падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, і адсутнасць пацверджання інфармацый эмігранцкай прэсы і ананімных асобаў у Дзяржаўным архіве грамадскіх арганізацый Гродзенскай вобласці (былы архіў абкама) можа значыць толькі адно - ніякага штурму Навагрудка ў сакавіку 1948 г. проста не было. I крыніцы, якім бескрытычна давяраюць Ерш і Горбік, проста хлусяць.

Цікава, што аўтары часам прызнаюць фальсіфікатарства эміграцыйнай прэсы. Так, Ерш і Горбік сцвярджаюць, што
адзіны вядомы здымак беларускага партызанскага атраду 1948 года, які надрукавала эміграцыйнал газета "Бацькаўшчына", ветэранамі "Чорнага ката" прызнаны пастановачным, зробленым на Захадзе падчас ваенізаваных збораў эмігрантаў (с. 356).

Аднак гэта не робіць іх больш крытычнымі ў ацэнцы дадзенай крыніцы. Такая самая сітуацыя і са згаданай атакай беларускіх партызанаў на Гайнаўку (Польшча) увесну 1949 г. (с. 226) з той толькі розніцай, што ў Польшчы адкрыты архівы былога Міністэрства грамадскай бяспекі. Паводле сцверджанняў польскага даследчыка пасляваеннага супраціву гісторыка Інстытута нацыянальнай памяці Казімежа Краеўскага, ніякіх звестак пра існаванне беларускіх партызанскіх груповак, якія былі б у стане здзейсніць падобную аперацыю, няма. Няма звестак і пра саму аперацыю.

Падобнага пункту гледжання прытрымліваецца і беларускі гісторык Юры Грыбоўскі, які сцвярджае, што ў архівах польскай бяспекі няма звестак пра існаванне беларускай партызанкі на Беласточчыне. Ен таксама піша, што дзейнасць беларускіх партызанаў у Польшчы не была заўважана і польскім падполлем, з якім, паводле "Беларускага супраціву", кантактавалі беларускія партызаны.

3 аналізу аператыўных дакументаў МГБ вынікае, што прынамсі да 1952 г. у Польшчы не заўважана праяваў беларускага нацыянальнага супраціву. Мала таго, магчыма натрапіць на інфармацыю, якая сцвярджае цалкам адваротнае. У прыватнасці, у шматлікіх рапартах МГБ сустракаюцца такія звесткі:

У першыя пасляваенныя гады, калі ўкраінскія, літоўскія і польскія нацыяналісты ў вялікім маштабе арганізавалі палітычнае і ўзброенае падполле, то сярод беларусаў не ўзнікла ніводнай арганізацыі падобнага тыпу...

Для параўнання варта прыгадаць, што існуе масіў дакументальнае інфармацыі адносна актыўнасці ў пасляваенныя гады ўкраінскага збройнага падполля ў Польшчы [1]. Грыбоўскі абвяргае сцверджанні аўтараў "Беларускага супраціву" і пра дзейнасць атраду пад кіраўніцтвам лейтэнанта Антона Бандыка. Такім чынам, і польскія, і беларускія даследчыкі абвергнулі тэзы "Беларускага супраціву" адносна існавання беларускага партызанскага руху ў Польшчы. Нагадаю яшчэ раз, архівы спецслужбаў там адкрытыя.

Таксама аўтары "Беларускага супраціву" не прывялі ніякіх доказаў існавання моцнай беларускай узброенай падпольнай арганізацыі, якая вяла ўзброеную барацьбу на Гродзеншчыне. Таму я схільны даваць веры даследчыку пасляваеннага супраціву і адначасова супрацоўніку архіва КДБ Ігару Валахановічу, які сцвярджае, што "беларускае антысавецкае падполле на тэрыторыі БССР у другой палове 1940-х - пачатку 1950-х гг. уяўляла з сябе сукупнасць дастаткова падзеленых і розных па мэтах, формах і метадах барацьбы арганізацый" [2], а не сцверджанням Ярша і Горбіка пра існаванне арганізацыі на 20-30 тысячаў чальцоў (с. 178). Такая агромністая арганізацыя проста не магла не быць заўважана органамі НКГБ-МГБ. Іншая справа - асобныя падпольныя арганізацыі, якія ў розны перыяд былі ліквідаваныя НКГБ-МГБ. Дарэчы, прыклады такіх арганізацый і прыводзіць у сваёй працы Валахановіч.

Узровень ведаў не дазваляе мне выходзіць за межы Гродзенскай вобласці. Аднак астатнія кантраверсійныя тэзы кнігі пабудаваныя на тых самых крыніцах - эміграцыйны друк і сведчанні ананімных удзельнікаў падзеяў - і адсутнасці спасылак на архівы, што таксама ставіць іх пад сумнеў.

Не ведаю, якімі матывамі кіраваліся аўтары "Беларускага супраціву"; спадзяюся, што шчырымі і патрыятычнымі. Аднак будаваць нешта трывалае на хлусні, няпраўдзе і паўпраўдзе немагчыма. Такі падыход нічым не лепшы ад ідэалагізаваных працаў савецкіх гісторыкаў. Немагчыма ўсё спісваць на закрытасць архіваў (хоць гэта сапраўды вялікая праблема). Нягледзячы на адкрытасць архіваў польскіх спецслужбаў (у тым ліку і для беларускіх даследчыкаў - звяртайцеся ў Інстытут нацыянальнай памяці!) ці НКГБ-МГБ Літоўскай СССР, апісваючы падзеі, якія нібыта адбываліся на тэрыторыі сучасных Польшчы і Літвы, Ерш і Горбік не карыстаюцца архіўным матэрыялам. Гэта ставіць пытанне, ці сапраўды зацікаўленыя яны ў вывучэнні гісторыі антысавецкай партызанкі. Мне падаецца, што іх мэта - гэта пабудова нейкага міфа пра няўлоўных і нязломных беларускіх партызанаў і супермэна "генерала" Вітушку. Калі гэта так, то сапраўды дзеля гэтага архівы не патрэбныя. Але спробы стварэння міфа не могуць быць сенсацыяй, нават калі яны ўпакаваны ў гістарычныя штаты. Менавіта ў гэтым я бачу галоўную прычыну адсутнасці цікаўнасці з боку гісторыкаў і публіцыстаў да працы "Беларускі супраціў". Байкі пра тысячы "няўлоўных мсціўцаў" добрыя для мастацкай літаратуры і Галівуда, а не для гістарычных даследаванняў і сур'ёзных артыкулаў. Таму, на жаль, на кніжнай паліцы месца "Беларускага супраціву" ў аддзеле "фантастыка", а не "гістарычныя даследаванні".

  • [1] Грыбоўскі, Юры. Службы бяспекі ПНР і "беларускія нацыяналісты ў Полььшчы і іх палітычныя цэнтры на Захадзе" (1945-1974).
  • [2] Валаханович, И. А. Антисоветское подполье на территории Беларуси 1944-1953 гг. Минск: БГУ, 2002. С. 54.

Андрэй Пачобут
Крыніца: ARCHE 5 2008