Падзея невыгодная для ўсіх. (Беларуская моладзь у проціпаветранай ахове Нямеччыны)

У ходзе Другой Сусьветнай вайны паступова таялі шэрагі нямецкай арміі, зьмяншаліся і яе рэзэрвы. Ужо ў пачатку 1944 г. вярхоўнае камандаваньне Вэрмахту было вымушана стасаваць розныя надзвычайныя мерапрыемствы, каб хоць часткова рэкампенсаваць людскія страты войск. Адным зь іх быў праект пакліканьня на фронт удзельнікаў проціпаветранай аховы Нямеччыны, функцыі якіх мусілі быць перададзеныя нямецкай моладзі ва ўзросце ад 15 да 20 гадоў, якая пакуль што не паклікалася ў армію.

Аднак і гэтыя захады былі недастатковыя, таму на пачатку сакавіка 1944 г. у кіраўнічых колах Нямеччыны дасьпела ідэя прыцягнупь да дапаможнай службы ў Люфтвафэ таксама моладзь з акупаваных усходніх абшараў - беларускую, латышскую, літоўскую, расейскую, украінскую і эстонскую. У распрацоўцы прынцыпаў арганізацыі і правядзеньня гэтай акцыі бралі ўдзел прадстаўнікі чатырох ведамстваў Нямеччыны - Міністэрства Акупаваных Усходніх Абшараў, камандаваньня Люфтвафэ, бюро папаўненьня Вафэн СС і арганізацыі моладзі Гітлерюгенд. Практычнае правядзеньне акцыі ўскладалася на аддзел моладзі Міністэрства Акупаваных Усходніх Абшараў і яго кіраўніка гаўптбанфюрэра (маёра) Нікеля.

25 сакавіка 1944 г. прадстаўнікі гэтых ведамстваў заключылі адпаведнае пагадненьне. Паводле нямецкага даследчыка гэтага пытаньня Рудольфа Герцага, усе яны лічылі, што вярбоўка моладзі ўсходніх народаў на дапаможную службу ў Люфтвафэ павінна адбывацца на прынцыпах добраахвотнасьці. Пры гэтым не выключалася, што ў Латвіі і Эстоніі, для якіх рыхтаваўся статус аўтаноміі, мясцовыя ўлады змогуць паклікаць моладзь прымусова ў выпадку недастатковай колькасьці добраахвотнікаў. Аднак на практыцы такой неабходнасьці не было.

Арганізатары акцыі імкнуліся элімінаваць нацыянальную дыскрымінацыю паасобных групаў моладзі падчас яе службы ў Нямеччыне і запэўніць ёй аднолькавыя зь нямецкімі памочнікамі Люфтвафэ правы і трактаваньне. Аднак гэтыя імкненьні ня раз выклікалі адмоўнае стаўленьне розных нямецкіх устаноў, схільных трактаваць усходніх добраахвотнікаў як прымусова завербаваных остарбайтэраў. З гэтай прычыны юнакам беларускай, літоўскай, расейскай і украінскай нацыянальнасьці быў прысвоены афіцыйны статус памочнікаў СС, на што наглядна паказвалі адпаведныя нашыўкі на рукавах уніформаў над сваімі нацыянальнымі павязкамі.

Эмблема СС была надзейным шчытом, які забясьпечыў моладзь перад непажаданнымі нападкамі з боку расісцкіх чыноўнікаў. Да таго ж, гэтая эмблема мела сваё абгрунтаваньне: згодна з заключаным 25 сакавіка пагадненьнем 18-20-гадовыя юнакі пасьля 8 месяцаў, а 15-17-гадовыя пасьля 15 месяцаў службы ў Люфтвафэ мусілі перайсьці ў распараджэньне СС для выконваньня паліцэйскай службы ў сваіх краінах.

Такім чынам юнакі, што паступілі на службу, афіцыйна зваліся памочнікамі СС, а неафіцыйна – дружыньнікамі, хоць выконвалі выключна розныя дапаможныя функцыі, зьвязаныя з проціпаветранай аховай. Пазьней, са жніўня 1944 г., на гэтую службу прыцягваліся і дзяўчаты зь яшчэ кантраляваных немцамі тэрыторыяў. Незалежна ад нацыянальнасьці называліся яны памочніцамі Люфтвафэ.

Паколькі вярбоўка моладзі адбывалася на прынцыпе добраахвотнасьці, у штабе Нікеля надалі асаблівую ўвагу прапагандысцкай падрыхтоўцы гэтай акцыі. Моладзь мусіла ведаць, што ад яе патрабуецца і што прапануецца. Ва ўлётках, плякатах і іншых вярбовачных матэрыялах найперш падкрэсьлівалася яе раўнапраўе і аднолькавае зь нямецкай моладзьдзю трактаваньне, а таксама падпарадкаваньне сваім нацыянальным кіраўнікам. Акцэнтаваліся патрыятычныя матывы і задачы, змаганьне з бальшавізмам, пэрспэктывы прафэсыйнай адукацыі.

Вярбоўка ў Беларусі пачалася 27 мая 1944 г. Для яе правядзеньня штаб Шкеля камандзіраваў 70-80 чалавек, у тым ліку 12 афіцэраў Люфтвафэ і 5 афіцэраў СС. Пасьля сустрэчы з генэральным камісарам Готбэргам у Менску яны разьехаліся ў акругі цывільнай зоны Беларусі і ў супрацоўніцтве з акруговымі кіраўнікамі Саюзу Беларускай Моладзі пачалі сваю працу. Вярбоўка праводзілася таксама ў Барысаўскай і Бабруйскай акругах ваеннай зоны часткова з удзелам кіраўнікоў Саюзу Расейскай Моладзі.

На тэрыторыі Беларусі былі арганізаваныя чатыры прыёмныя лягеры для добраахвотнікаў: два ў Менску і па адным у Барысаве і Бабруйску. Тут юнакі праходзілі мэдычны агляд, атрымоўвалі абмундзіраваньне і больш дакладную інфармацыю аб будучай службе. Калі ў міжчасе некаторыя зь іх раздумаліся, то яшчэ мелі магчымасьць з прыёмнага лягеру вярнуцца дадому.

Вярбоўка ў Беларусі праводзілася ў спэцыфічных умовах. Фронт ужо стаяў над Дняпром з Прыпяцьцю і многае паказвала на хуткі канец нямецкай акупацыі. Акрамя таго, у шматлікіх раёнах дзейнічалі партызанскія злучэньні, а камуністычнае падпольле імкнулася разьбіваць розныя нямецкія ініцыятывы і мерапрыемствы, у тым ліку і арганізаваную дзейнасьць моладзі. У такім становішчы ў выпадку адсутнасьці жаданьня і націскаў вярбоўшчыкаў маладыя хлопцы мелі надзейную альтэрнатыву - яны маглі схавацца пад апеку партызанаў. З гэтай прычыны нямецкія арганізатары акцыі не чакалі яе вялікага посьпеху ў Беларусі.

Захаваная дакумэнтацыя не дазваляе падрабязна прасачыць ход і вынікі вярбоўкі ў паасобных акругах Беларусі. Як падавалася ў пасьляэвакуацыйных справаздачах акруговых камісараў, у Глыбоцкай акрузе паступіла на службу ў Люфтвафэ 2.000 юнакоў, а ў Баранавіцкай - 500. У іншых акругах вынікі былі сьціплыя. Янка Жамойцін, былы акруговы кіраўнік СБМ у Наваградку, пісаў у сваіх успамінах, што ў яго акрузе вырашыла паступіць на службу ў Люфтвафэ усяго чатыры ці пяць юнакоў, аднак не было яму вядома ці яны выехалі ў Нямеччыну.

Усё ж з той Наваградзкай акругі захаваліся і іншыя сьведчаньні. Годным увагі зьяўляецца наступны ўспамін Галены Сэлях-Мазуры, апублікаваны ў траўні 2002 года у “Беларускім дайджэсьце”: “Увесну 1944 г. у Любчу прыехаў на нямецкім грузавіку прыгожы юнак у чорнай форме школы лётчыкаў, Лёва Русак зь Вераскава; ягоны бацька Пятро Русак, дарэчы наш сваяк з боку мамы, быў у Самаахове. Хлопец і бацька агітавалі моладзь, каб уступаць у вэрмахтаўскія авіяшколы. Рабілі гэта даволі пераканаўча… Мой 14-гадовы брат з захапленьнем угаварваў маму, каб згадзілася пусьціць яго, і ён хутка прыляціць над нашу хату…Мы стаялі на рынку і з жахам глядзелі на сьлёзы жанчынаў, хлопцы якіх ужо былі на машыне. Я трымала брата, каб ня ўцёк да іх. Трохі раней гаварыў зь ім немец Лінаў. “На лётчыка трэба доўга вучыцца - казаў. - Пакуль вывучышся, вайна кончыцца і ўжо тады на Любчу не прыляціш”. У канцы канцоў пераканала яго мама: “Ты ў нашай хаце адзіны мужчына. На пакідай нас, дзьвюх безабаронных жанчын, на няведамы лёс!” Грузавік рушыў. Раптам з натоўпу вырваўся нейкі хлапец. Яго ўцягнулі на скрыню. Гэта быў 15-гадовы Павел Буйвал. Ягоная маці абамлела і звалілася на брук. Што было далей з гэта хлопцамі, мне невядома” [1].

Паводле справаздачы камандаваньня Вэрмахту ў Беларусі, у чэрвені ў прыёмным лягеры ў Барысаве чакала на выезд у Нямеччыну 150, а ў Бабруйску - 230 юнакоў. Усе яны паходзілі з ваеннай зоны Беларусі.

З мэтай заахвочаньня моладзі вярбоўшчыкі, напэўна, няраз ашукоўвалі яе абяцанкамі, якія ў тагачасных умовах былі нерэальныя. Вось адзін з прыкладаў, які апісаў у газэце “Беларус” (1983, № 303-309) былы вучань Маладэчанскай гандлёва-адміністрацыйнай школы Міхась Лужынскі: “На пачатку траўня 1944 г. (памылка: відаць, пад канец траўня - вярбоўка пачалася толькі 27.05.1944 г. - Ю. Т.) у школу прыехаў кіраўнік СБМ Сьценьнік з лейтэнантам паветраных сілаў Ферманам. Зноў склікалі ўсіх вучняў, гэтым разам хлопцаў, і лейтэнант Ферман сказаў наступнае: “Сёньня разыгрываецца лёс усяе Еўропы, а таксама вашае Бацькаўшчыны. Беларусы ўжо стварылі сваю армію ў форме Беларускае Краёвае Абароны. Аднак мадэрная армія ня можа быць эфэктыўнай без свайго лётніцтва. Я заклікаю вас, юнакі, ісьці ахвотнікамі ў паветраныя збройныя сілы. Некаторыя з вас стануць пілётамі, іншыя - навігатарамі або бортмэханікамі”. І пайшлі - 46 хлапцоў. Па нейкім тыдні рэкруты выехалі ў Менск, дзе іх абмундзіравалі і ў палове чэрвеня 1944 г. вывезьлі ў Нямеччыну” [2].

Нягледзячы на розныя вынікі ў паасобных акругах, што можна лічыць пацьвярджэньнем добраахвотнасьці акцыі, яе агульны вынік перавысіў спадзяваньні нямецкіх арганізатараў. Паводле справаздачы вярхоўнага камандаваньня войск цэнтральнага ўчастка фронту ад 27 жніўня 1944 г., у цывільнай і ваеннай зонах Беларусі на дапаможную службу ў Люфтвафэ паступіла агулам 4.000 юнакоў.

Мяркуючы па дадзеных шэфа-правадніка СБМ Міхася Ганько, апублікаваных 28 чэрвеня 1944 г. у апошнім нумары “Беларускай Газэты”, з гэтага ліку каля 3.000 хлопцаў паходзіла з цывільнай зоны Беларусі. Аднак многія зь іх да гэтай пары не былі членамі СБМ і толькі ў прыёмных лягерах залічаліся ў шэрагі арганізацыі і атрымоўвалі СБМаўскія павязкі. На гэта паказвае ў прыватнасьці лік добраахвотнікаў з Глыбоцкай акругі, які ў некалькі разоў перавышаў колькасьць юнакоў, якія вясной 1944 г. былі членамі акруговай арганізацыі СБМ.

Такім чынам, нельга лічыць абгрунтаванымі выказваньні некаторых беларускіх аўтараў, якія імкнуліся вінаваціць СБМ у посьпеху гэтай акцыі. Тое ж тычыцца ролі Саюзу Расейскай Моладзі ў ваеннай зоне Беларусі, які быў створаны толькі на пачатку мая 1944 г. і, на добры лад, ня мог мець істотнага ўплыву на ідэйнае выхаваньне і рашэньні ўсходнебеларускіх хлопцаў.

Аднак ня ўсе юнакі, якія прыбылі ў прыёмныя лягеры маглі быць адпраўленыя ў Нямеччыну. Тыя, якія не дасягнулі 15-гадовага ўзросту ці не прайшлі праз мэдыцынскія камісіі, адсылаліся дадому. Некаторыя, адумаўшыся, вярталіся самі. Акрамя таго, імклівае наступленьне Чырвонай Арміі ў канцы чэрвеня паралізавала транспарт, у выніку чаго некаторая частка юнакоў у Барысаўскім і Бабруйскім лягерах засталася на месцы, або загінула ў ходзе ваенных аперацый.

Большасьць беларускіх юнакоў была адпраўлена ў Нямеччыну трыма транспартамі - 7, 17 і 22 чэрвеня, зь якіх апошні пасьпеў адысьці за дзень перад наступам Чырвонай Арміі. У ліпені і жніўні, ужо пасьля эвакуацыі зь Беларусі, вярбоўка працягвалася ў Нямеччыне і Генэрал-губэрнатарстве (Польшчы) сярод пражываючых там беларускіх хлопцаў і дзяўчат.

Паводле справаздачы штабу гауптбанфюрэра Нікеля, на 20 верасьня 1944 г. у шэрагах проціпаветранай аховы Нямеччыны удзельнічала агулам 18.917 юнакоў з краін Усходняй Эўропы, у тым ліку:

  • 2.356 беларусаў
  • 3.614 латышоў
  • 1.012 літоўцаў
  • 1.363 расейцаў
  • 5.933 украінцаў
  • 3.000 эстонцаў.

Пераважная іх частка (88%) абслугоўвала зэнітную артылерыю, астатнія працавалі ў галіне сыгналізацыі і іншых сфэрах проціпаветранай аховы. У дапаможную службу Люфтвафэ уключылася таксама 250 дзяўчат, у тым ліку каля 200 беларусак. Агульная колькасць юнакоў і юначак з усходнеэўрапейскіх краін, якія ўдзельнічалі ў проціпаветранай ахове Нямеччыны перавысіла 21.000.

Такі колькасны вынік сьведчыў аб несумненным посьпеху арганізатараў і гэта ў час, калі нямецкая армія цярпела паражэньне за паражэньнем і адступала на ўсіх франтах. Найважнейшыя аднак былі адносіны да гэтай акцыі саміх хлопцаў і дзяўчат, а ў значнай ступені і іх бацькоў, якія наўрад ці сумняваліся ў выніку вайны і не маглі спадзявацца на вяртаньне на занятую бальшавікамі радзіму.

Прычыны ўдзелу моладзі ў абароне нямецкага неба напэўна былі розныя. Для адных гэта была бясплатная пуцёўка ў Эўропу, прыгодніцтва, ці шуканьне занятку або лепшай долі пасьля вайны. Аднак большасьць кіравалася пачуцьцём патрыятызму і неўспрыманьнем бальшавізму. Таму нельга лічыць, як абумоўленую патрабаваньнем тагачаснай прапаганды, наступную размову карэспандэнта берлінскай “Раніцы” Я.Ігаровіча зь беларускімі дружыньнікамі, якая адбылася 8 ліпеня 1944 г. у судэцкім горадзе Тропаў падчас іх урачыстай перадачы камандаваньню нямецкага Люфтвафэ:

“У канцы - піша карэспандэнт - кідаю пытаньне: - ці не старалася вас адвесьці ад пастановы пайсьці добраахвотна на ваенную службу варожая прапаганда?

- Ясна, не абыйшлося бяз гэтага. Але мы ведалі сваю дарогу і павіннасьці.

- А ці гаварылі вам часам, што Нямеччына зь Беларусі намагаецца зрабіць сваю калёнію?

- На гэта - станоўкі адказ: лепш тады нямецкая калёнія, чымся савецкі рай” [3].

Пасьля вайны саюзьніцкія пракуроры ў Нюрнбэргу вінавацілі арганізатараў дэпартацыі зь Беларусі ў Нямеччыну малалетніх бяздомных дзяцей і прымусовай вярбоўкі моладзі на працу ў нямецкай прамыловасьці. Тады была выяўлена й поўная дакумэнтацыя, якая датычыла вярбоўкі моладзі на службу ў Люфтвафэ, аднак суд ня здолеў даказаць яе прымусовага, а тым самым злачыннага, характару, у сувязі з чым яе арганізатары да адказнасьці не прыцягваліся.

Усё ж эпапея ваенна-дапаможнай службы моладзі стала пасьля вайны сарамлівай тэмай і на Ўсходзе, і на Захадзе. Добраахвотны характар службы ніяк не укладваўся ў абавязковую для беларускіх гісторыкаў і публіцыстаў тэзу аб адзінадушнай барацьбе беларускага народу зь нямецкім фашызмам, аб генацыдзе і падобных жудасьцях. Такое стаўленьне да гісторыі няшмат зьмянілася і ў апошні час і ацэнка ваенна-дапаможнай службы моладзі звычайна кідаецца ў адзін мяшок з злачыннымі дэпартацыямі дзяцей і остарбайтараў.

На Захадзе, дзе пасьля вайны апынулася пераважная частка беларускіх памочнікаў Люфтвафэ, таксама панавала маўчаньне, хоць яго прычыны былі іншыя, чым у Беларусі. Наколькі аўтару вядома, ніводзін з дружыньнікаў не наважыўся надрукаваць свае ўспаміны аб вярбоўцы ў Беларусі, службе ў Нямеччыне й пасьляваенных лёсах юнакоў і юначак. Здаецца, адзіным нясьмелым выняткам быў цытаваны ўспамін Лужынскага аб вярбоўцы ў Маладэчанскай школе і згадка Янкі Запрудніка аб яго паступленьні на ваенна-дапаможную службу [4].

Такая пазыцыя былых дружыньнікаў нібыта зразумелая: у новых умовах пад скіпэтрам пераможных саюзьнікаў ніхто зь іх не хацеў пісаць аб сваім удзеле ў службе Люфтвафэ. Для іх гэтая падзея была невыгоднай, так як і для гісторыкаў на Бацькаўшчыне. І тым, і другім больш адпавядалі прыгожыя міты, чым гістарычная праўда.

Найважнейшая літаратура:

  • Жамойцін Я. Зь перажытага // Лёс аднаго пакаленьня. Беласток, 1996.
  • Зелений З. Українське юнацтво в вирі Другої світової війни. Таронта, 1965.
  • Каваленя А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі 1941-1944. Мінск, 1999.
  • Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993.
  • Herzog R. Besatzungsverwaltung in den besetzten Ostgebieten - Abteilung Jugend. Tubingen, 1966.

Крыніцы:

  • [1] Беларускі Дайджэст. 2002. № 5.
  • [2] Беларус. 1983. № 303-309.
  • [3] Раніца. 1944. 23 ліпеня.
  • [4] Запруднік Я. Дванаццатка. Нью-Ёрк, 2002. С. 20-21

Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. №26, New York - Miensk 2003. 224 с. http://belarus8.tripod.com/ZapisyBINIM/padzeja.htm